Галіна (сцэнічны псеўданім: дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна




Дата канвертавання12.01.2017
Памер70.53 Kb.
Галіна (сцэнічны псеўданім: дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна
Творчасць Вольгі Уладзіміраўны Галіны – адна з яркіх самабытных беларускага тэатральнага мастацтва.

Галіна – гэта сцэнінічны псеўданім вядомай актрысы, яе дзявочае прозвшча Грудзінская, па мужу Александроўская.

Нарадзілася Вольга Грудзінская 24 сакавіка 1899 г. у маляўнічым мястэчку Жалудок Лідскага павета Віленскай губерні (зараз Шчучынскі раён Гродзенскай вобласці) у сям’і настаўніка. У 1906 годзе, калі бацька Уладзімір Іосіфавіч уладкоўваецца на работу ў губернскае праўленне, сям’я Грудзінскіх пераязджае ў Вільню. У 1909 годзе Вольга паспяхова вытрымлівае ўступныя экзамены і становіцца вучаніцай жаночай гімназіі. Пачынаецца яе першае сапраўднае знаёмства з культурай і мастацтвам. Раз на тыдзень гімназісты звычайна хадзілі ў тэатр на ранішнія спектаклі. Акрамя драматычнага тэатра дзяўчынка разам з бацькамі наведвала канцэрты сімфанічнага аркестра, слухала славутых оперных спевакоў, у Вільні дзяўчынка пазнаёмілася з Якубам Коласам, сустрэча з якім у дальнейшым прадвызначыла яе будучыню. Тут Грудзінскія пражылі да 1914г.

З пачаткам першай імперыялістычнай вайны сям’я эвакуіравалас ў Тулу, дзе Вольга паступіла ў мясцовую гімнаўію і скончыла яе з залатым медалём. Цяжкія ўмовы, голад прымушаюць сям’ю Грудзінскіх пераехаць на Украіну. 18-гадовая Вольга застаецца ў Туле, каб хоць так аблегчыць жыццё бацькоў. Апынуўшыся адна, дзяўчынка робіць свій першы самастойны крок – употайкі ад цёткі, у якой жыла, падае заяву ў тэатральную студыю і паспяхова вытрымлівае экзамены. Так яна назаўсёды вызначае свой жыццёвы шлях.

Пачалася вучоба. У гэты ж час Вольга разам з іншымі навучэнцамі прымае ўдзел у спектаклях самадзейнага калектыву Дома Чырвонай Apмii пры збройным заводзе i ў аматарскім тэатры Пралеткульта. Адной з першых роляў, якую Вольга сыграла на сцэне аматарскага тэатра, была роля Веры ў п'есе "Свавольнік" I. Крылова.

Нечакана з Украіны прыходзіць вестка пра смерць бацькі. I Вольга назаўсёды пакідае Тулу. Матэрыяльныя цяжкасці сям’і прымушаюць яе тэрмінова шукаць работу. У Ахтырцы Харкаўскай губерні, дзе цяпер жылі Грудзінскія, існаваў Народны дом з прафесійнай акцёрскай трупай. Вольга Уладзіміраўна паступае ў трупу i адначасова становіцца членам Саюза працаўнікоў мастацтва. 3 гэтага часу яна — прафесійная актрыса. Маладая выканаўца актыўна ўваходзіць у рэпертуар. Яе героіні гэтага перыяду — прывабныя, наіўныя, мілыя i вельмі добрыя дзяўчынкі. Адной з найбольш цікавых работ такога плану была роля Boлі ў п'есе Л. Андрэева "Дні нашага жыцця".

У 1921 годзе Вольга Уладзіміраўна паступае ў ваеную трупу палітаддзела 45-й дывізіі, якая абслугоўвала часці Чырвонай Apмii ў Харкаўскай i Kieўскай абласцях, а таксама мясцовае насельніцтва. У 1922 годзе трупа была расфарміравана, i Грудзінскія пераязджаюць у сяло Ладзікава на Віцебшчыне, дзе Вольга ўладкоўваецца настаўніцай у школу. Трапіўшы ў 1923 годзе па школьных справах у Miнск, Грудзінская сустракаецца з жонкай Якуба Коласа Марыяй Дзімітраўнай, а пасля i з самім вядомым пісьменнікам. Яны параілі дзяўчыне ўладкавацца на работу ў беларускі тэатр. Праз некалькі дзён Грудзінская вытрымала экзамен у самога Miровіча i была залічана ў трупу Першага Беларускага дзяржаўнага тэатра. Якуб Колас падабраў ёй i псеўданім: "Галінка"..., "Галіна"...

Дэбютам В. Галіны на сцэне БДТ-1 стала роля Ганны ў спектаклі "Машэка" Е. Mipовічa. У рабоце над роллю з'явіліся складанасці, бо В. Галіна не мела нi спецыяльнай адукацыі, нi значнага практычнага вопыту. Роля ж патрабавала ад яе вялікага напружання, майстэрства пераўвасаблення, умення валодаць голасам. Вялікую дапамогу ў працы аказаў Е. Mipовіч. Гэта роля стала сапраўднай творчай перамогай актрысы.

У 1923—1928 гадах В. Галіна стварае шэраг цікавых вобразаў у спектаклях "Кастусь Kaліноўскі" i "Запяюць верацёны" Е. Mipoвіча, "Мешчанін у шляхецтве" i "Жорж Дандэн" Ж. - Б. Мальера. Сцэнічныя гераіні В. Галіны, вельмі розныя па сваёй чалавечай i сацыяльнай сутнасці, мелі шмат агульных рысаў, уласцівых творчай індывідуальнасці выканаўцы. Аднак не прынесла творчага задавальнення работа ў спектаклі "Эльга" Г. Гаўптмана, дзе ў пастаноўцы М. Папова (Масква) тэма развалу буржуазнай сям’і гублялася, а змест твора быў зведзены да банальнай гісторыі аб помсце мужа здрадлівай жонцы.

3 першага дня паступлення ў тэатр В. Галіне даводзілася іграць вялікія, часта галоўныя ролі. Не было часу чакаць, пакуль прыйдзе вопыт, творчая сталасць. Трэба было працаваць упарта, сістэматычна, каб набыць неабходныя акцёрскія навыкі. 3 кожным новым спектаклем удасканальваецца акцёрскае майстэрста В. Галіны. Пастаноўка рэжысёрам Е. Міровічам у 1926 годзе п'есы "Bip" Я. Рамановіча выявіла новыя грані яе таленту. Гэты спектакль у рамантычным плане апавядаў пра гістарычныя падзеі XIII ст. i быў насычаны народнай музыкай, песнямі, танцамі. В. Галіна выконвала ролю Альдоны, дачкі жраца. Яе Альдона — дзіця прыроды, лясная дзяўчына, натура экспрэсіўная.

У канцы 20-х гадоў на сцэне тэатра ўсё больш зацвярджаюцца п'есы на сучасную тэматыку, якія расказваюць пра жыццё народа, барацьбу за лепшую будучыню, працоўныя будні. Спектаклі "Над Нёманам" М. Грамыкі, "Мост" Я. Рамановіча, "Міжбур'е" Д. Курдзіна, пастаўленыя рэжысёрам Е. Mipовічам, па сваёй тэматыцы былі непасрэдна звернуты да праблем сучаснасці. Перад В. Галінай адкрыліся шырокія магчымасці ў стварэнні разнапланавых роляў. На шляху асваення сучаснай драматургіі артыстку чакалі пэўныя цяжкасці, але таксама здабыткі i поспехі.

Знаёмства беларускіх тэатраў з рускай класікай пачалося з драматургіі А. Астроўскага. Спектакль "Ваўкі i авечкі" у перакладзе К. Крапівы, ажыццёўлены рэжысёрам Л. Рахленка ў 1936 годзе, стаў значным мастацкім дасягненнем тэатра. Еўлампі Купавіну іграла В. Галіна. Поспех актрысы ў гэтым спектаклі быў вызначаны не толькі тонкім i глыбокім спасціжэннем унутранага свету гераіні А. Астроўскага, але i тым, што яе Купавіна несла на сабе адбітак мастацкай індывідуальнасці менавіта В. Галіны.

Наступная сустрэча выканаўцы з рускай класічнай драматургіяй адбылася ў 1937 годзе, калі рэжысёр М. Зораў паставіў на сцэне БДТ-1 спектакль "Aпошнія" М. Горкага. Роля Соф'і Каламійцавай прынесла актрысе яшчэ большае прызнанне і творчую радасць. Драма Каламійцавай у выкананні В. Галіны набывала сапраўды трагедыйнае гучанне. Характар горкаўскай гераіні ў спектаклі БДТ-1 атрымаўся складаным,, супярэчлівым, псіхалагічна глыбоокім. Маскоўская і беларуская крытыка неаднаразова адзначала бліскучы акцёрскі ансамбль i сярод ix адну з самых яркіх, значных работ — Соф'ю ў выкананні В. Галіны.

У час Вялікай Айчыннай вайны тэатр iмя Янкі Купалы быў эвакуіраваны ў Томск. Паўстала вострая неабходнасць сродкамі тэатральнага мастацтва паказаць гераізм савецкіх людзей. Таму ў бягучым рэпертуары адбіраюцца творы, найбольш блізкія ваеннаму часу. Спектакль "Неспакойная старасць" Л . Рахманава, пастаўлены яшчэ ў 1938 годзе, расказваў аб Кастрычніцкай рэвалюцыі i тэматычна пераклікаўся з падзеямі першых дзён вайны. Ролю Марыі Паляжаевай даручылі В. Галіне. У яе выкананні Марыя Львоўна — разумны, адукаваны чалавек, які мае цвёрдыя перакананні. Захоўваецца ў рэпертуары тэатра i спектакль "Партызаны" К. Kpaпівы, дзе Вольга Уладзіміраўна іграе пані Яндрыхоўскую.

П'есы беларускага драматурга Я. Рамановіча "Таварыш Андрэй" i "Палешукі", пастаўленыя ў 1944 г., прысвечаны жыццю людзей на акупіраванай фашыстамі зямлі, партызанскаму руху на Беларусі. Вобразамі з гэтых п'ес Ганны Андрэеўны i Hіны Пятроўны В. Галіна сцвярджала думку аб непахіснасці савецкага чалавека. Своеасаблівым працягам папярэдніх характараў стаў вобраз маці Алега Кашавога ў спектаклі "Маладая гвардыя". Жанчына-патрыётка, яна не аддзяляе свае асабістыя інтарэсы ад інтарэсаў Радзімы.

У 1950 годзе тэатр прыняў да пастаноўкі драму I. Папова "Сям'я" — пра сям'ю Ульянавых, людзей інтэлігентных, здольных па-грамадзянску мысліць аб yciм, што адбываецца навокал. В. Галіна стварыла вобраз Марыі Аляксандраўны Ульянавай — маці Леніна, высакароднай рускай жанчыны. На працягу ўсяго спектакля В. Галіна захоўвала высакародную інтэлігентнасць, стрыманасць пачуццяў i разам з тым глыбокую ўнутраную эмацыянальнасць. Яна ўспрымалася як ідэал жанчыны-маці.

У 1951 годзе адбылася першая сустрэча купалаўцаў з А. Чэхавым, калі рэжысёр М. Міцкевіч паставіў "Вішнёвы сад", дзе В. Галіна сыграла Ранеўскую. Актрыса тонка спасцігла раздвоеную душу чэхаўскай гераіні i стварыла характар неадназначны, супярэчлівы, чымсьці непрыемны i адначасова прывабны. Крытычна ставячыся да спектакля ў цэлым, рэцэнзенты высока ацанілі работу актрысы.

Другая сустрэча з Чэхавым адбылася ў В. Галіны ў 1954 г., калі рэжысёр Л. Мазалеўская паставіла на купалаўскай сцэне "Чайку". У спекталі Аркадзіна ў выкананні В. Галіны — эгаістычная, сябелюбівая, скупая i адначасова тонкая і ўважлівая, пяшчотная і абаяльная. Актрыса здолела знайсці тую раўнавагу, якая арганічна спалучала ў адным характары дабро i зло.

Прыйшла заслужаная слава. Творчыя поспехі актрысы былі высока ацэнены савецкім урадам. У 1946 годзе В. У. Галіне было нададзена ганаровае званне народнай артысткі БССР. Яна была ўзнагароджана ордэнам "Знак Пашаны" (1940) i двойчы ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1948, 1955).

Апошняя роля В. Галіны на сцэне купалаўскага тэатра— Карэніна ў спектаклі "Жывы труп" Л. Талстога — прагучала моцным i гучным фінальным акордам. Вольга Уладзіміраўна яшчэ раз прадэманстравала сваё майстэрства, пакарыла гледача тонкасцю i велічнасцю свайго таленту.

Душэўная шчодрасць Вольгі Уладзіміраўны як чалавека i мастака асабліва выявілася ў яе педагагічнай дзейнасці. Kaлі ў 1934 годзе пры тэатры адкрываецца Першая студыя, В. Галіна выкладае ў ёй майстэрства акцёра i разам з рэжысёрам Л. Літвінавым ставіць студыйны спектакль "Слуга двух паноў" К. Гальдоні. Яна застаецца педагогам i ў Другой студыі, створанай пасля вайны. 3 1946 года В. Галіна на працягу доўгага часу, з некаторымі перапынкамі, працуе ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, дзе выкладае майстэрства акцёра.

Вольга Уладзіміраўна ў свой час актыўна падтрымала новую форму шэфскай дапамогі — удзел прафесійных майстроў у спектаклях аматараў, таму з радасцю прымае прапанову выступіць у poлі Соф'і ў спектаклі Слонімскага народнага тэатра "Апошнія". В. Галіна тройчы сыграла ў спектаклі самадзейнага калектыву — у Слоніме, Гродна, Мінску.

Асобную старонку яе дзейнасці складаюць шматлікія выступленні ў друку па самых розных пытаннях тэатральнага мастацтва. Пакінуўшы сцэну, В. Галіна да апошняга сачыла за творчасцю Беларускага акадэмічнага тэатра iмя Я. Купалы, які заставаўся яе родным домам.

Памерла актрыса Вольга Галіна 4 снежня 1980 года.



Сцэнічная біяграфія актрысы, яе жыццёвы шлях падрабязна даследаваны мастацтвазнаўцай Тамарай Гаробчанка i апісаны ў кнізе "Вольга Галіна. Крытыка-біяграфічны нарыс".

Публікуецца адпаведна артыкула: М.А. Загідуліна. Народная артыстка Вольга Уладзіміраўна Александроўская (Галіна)., у кн.: Шчучыншчына: мінулае і сучаснасць: Матэрыялы навукова-практычнай краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай знакамітым людзям, помнікам гісторыі і культуры, гістарычным падзеям і мясцінам Шчучынсшчыны. – Ліда: Лідская друкарня, 1997.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка