Ганна Шваба



Дата канвертавання19.06.2018
Памер59.71 Kb.
#20278
Ганна Шваба ФУНКЦЫЯНАЛЬНАЯ РОЛЯ СВЯТОЧНАЙ РЭЧЫЎНАЙ АТРЫБУТЫКІ Ў ЗАХАДАХ ПА АБАРОНЕ СУПРАЦЬ НЕГАТЫЎНЫХ НАСТУПСТВАЎ НАВАЛЬНІЦЫ, ГРОМУ І МАЛАНКІ
Пасля хрысціянізацыі многія рэлігійныя святы былі прымеркаваны да старажытных народных свят, таму часта яны адзначаюцца ў адзін і той жа дзень. Праваслаўнымі і каталікамі рэлігійныя святы адзначаюцца па розных календарах (адпаведна: па юліянскім і грыгарыянскім), што вызначае розніцу паміж датамі ў 13 дзён. Разгледзім магчымасці выкарыстання адпаведнай рэчыўнай атрыбутыкі (на прыкладзе найбольш значных свят веснавога цыклу (Грамніц, Вербніцы, Вялікадня). У хрысціянскай традыцыі свята Грамніцы (Стрэчанне Гасподне) - сустрэча старца Сімеона з Ісусам Хрыстом, якога на саракавы ад нараджэння дзень прынеслі ў храм Багародзіца і св. Іосіф, сустрэча Старога і Новага Запаветаў (каталікамі адзначаецца 2-га, а праваслаўнымі - 15-га лютага). Асноўным рытуалам на Грамніцы з'яўляецца асвячэнне ў храмах васковых свечак (грамніц), якія, паводле народных уяўленняў, надзяляліся прафілактычна-апатрапеічнай (ахоўнай) сілай, што была здольна супрацьстаяць негатыўным наступствам прыродных стыхій, у прыватнасці, навальніцы, грому і маланкі: напрыклад, падпальвалі пасмачкі валасоў «спераду, ззаду, справа і злева накрэст, шоб грому не баяліся» [3, 79]. Увогуле, «агонь грамнічнай свечкі прыраўноўваўся да жывога агню, атрыманага ад маланкі ці шляхам трэння двух кавалкаў дрэва адзін аб адзін» [1, 358359]. «Звычайна запальваюць асвечаную свечку перад абразом <...> і чытаюць адпаведныя малітвы» [3, 79], прычым, «не з мэтаю непасрэдна адвесці перуна, а супраць д'ябла, які, уцякаючы ад перуновай стралы, можа схавацца ў хаце і падвесці гаспадара і сям'ю да згу бы ў момант расправы Іллі з нячыстай сілай» [3, 79].

Покуць - «найбольш сакралізаваная частка хаты, якая ўвасабляе «сваю», замкнёную прастору і адасабляе яе ад «чужога», знешняга, не засвоенага чалавекам свету» [2, 352]. На высокі семіятычны статус покуці ўказваюць абразы (выявы Хрыста, Багародзіцы, святых (апекуна вёскі ці св. Іллі (з прыняццем хрысціянства ўяўленне аб функцыі і атрыбутах язычніцкага Перуна перайшлі да старажытназапаветнага прарока)), за якімі размяшчаліся грамнічная свечка, асвечаныя вярба, зёлкі i кветкі, хлеб («хлеб святой Агаты бароніць ад пажару» [*1]), таму покуць з'яўляецца «дзейсным каналам камунікацыі паміж людзьмі і сферай сакральнага, «боскага» [2, 352]. Другім сакральным месцам (што суадносілася з паняццем язычніцкага пачатку) была печка, якая ўтварала з покуццю дыяганаль. Печ сімвалізавала непагасны хатні ачаг, з'яўлялася неад'емнай часткай каляндарных і сямейных абрадаў. Праваднікамі паміж асвоенай чалавекам прасторай і светам прыроды лічыліся пячныя комін і ўюшка, праз якія нячыстая сіла, хаваючыся ад пакарання, можа патрапіць у дом, ствараючы патэнцыяльную пагрозу маёмасці і жыццю чалавека. Таму ў народзе бытавала практыка спальвання асвячоных вярбы і траў, напрыклад, «каб Бог адвярнуў удар ад дому ў час навальніцы, трэба пакласці на распаленае вуголле асвячонай <...> травы» [3, 73], «спаліўшы ў печы трохі асвечаных зёлак, закрыць уюшкі» [3, 74] ці «як надыходзіць вялікая хмара, а хто-небудзь адчыніць комін да закурыць на прыпеку свянцонае зелле, то хмара паверне ўбок і дажджу не будзе» [3, 74].

Акно - частка хаты, якая, як покуць і печ, рэалізуецца праз апазіцыі вонкавы - унутраны, бачны - нябачны. Акно - вока дома, як сонца - вока неба: абодва з'яўляюцца носьбітамі святла. «Як сільна грыміць - усе свечанае <...> на акно заткнуць» [3, 75], або «пры падыходзе навальніцы ці набліжэнні небяспечнай хмары вербны пучок ці ставіцца на падаконнік у бок навальніцы і хмары, ці выстаўляецца на знешнім баку акна, каб адагнаць хмару і навальніцу» [3, 75].

Вербніца (Пальмавая нядзеля) - апошняя нядзеля перад Вялікаднем, калі хрысціяне адзначаюць з'яўленне Ісуса Хрыста ў Іерусаліме, якому натоўп слаў пад ногі пальмавыя галінкі. У гэты дзень у храмах асвячаюць вярбу, якая ў нашых кліматычных умовах першай распускаецца з надыходам вясны. Для прафілактыкі боязні навальніц «у час першага веснавога грому з'ядаецца адна пупышка ці кончык вербнага прутка» [3, 75]. Грамнічная свечка таксама магла выстаўляцца на падаконніку (як паведаміла інфарматар С. В. Копач («падчас грому выстаўляюць на вакно грамнічную свечку» [*1])).

Таксама вельмі важным элементам хаты з'яўляюцца дзверы, якія рэгламентуюць уваход-выхад, з'яўляюцца мяжой паміж асвоенай прасторай і наваколлем. Засцерагчы хату ад удару маланкі можна было таксама «выпальваючы посля свята грамнічнай свечкай крыж над уваходам адразу за дзвярыма (галоўнымі ў жылой частцы хаты - аўт.)» [*1]. Вялікдзень (Пасха) - «вялікае старажытнае свята ў гонар сонца, вясны, абуджэння прыроды і надыходу земляробчага сезона» [1, 259]. Самае галоўнае свята хрысціянства, якое не мела б сэнсу без уваскрашэння ўкрыжаванага Хрыста. Атрыбутам Вялікадня з'яўляецца фарбаванае ў чырвоны колер яйка - сімвал крыві Хрыста, пралітай у адкупленне чалавечых грахоў. Але ў разгледжаным намі фактычным матэрыяле не сустракаецца выкарыстанне велікоднага яйка як сродку супраць негатыўных наступстваў навальніцы, грому і маланкі. Мелі месца магічна-рытуальныя дзеянні з абрусам з велікоднага стала, які выкарыстоўвалі наступным чынам: «У вялікую буру і грымоты трэба вынесці на падворак абрус, на каторым ксёндз свенціў на Вялікдзень, і тым абрусам перажагнаць хмару на ўсе чатыры стораны света, то яна на чатыры часці расступіцца» [3, 76], або «трэба курыць купальным зеллем, а яшчэ лепш вывесіць на плоце абрус ад велікоднага стала - ён нібыта ахоўвае ад удару грому» [3, 75-76], таму «абруса велікоднага не мыюць да восені, пакуль грымоты не мінуцца» [3, 76].

Прафілактычнае выкарыстанне святочнай рэчыўнай атрыбутыкі Грамніц, Вербніцы, Вялікадня ў абароне супраць негатыўных наступстваў стыхіі ўключала шэраг магічна-рытуальных захадаў. Прыналежнасць рэчыўнай атрыбутыкі да пэўнага свята ў разглядаемым намі фактычным матэрыяле як удакладняецца, так і не акцэнтуецца. Народнай свядомасці характэрна вера ў набыццё прадметамі магічных уласцівасцей (і захаванне гэтых уласцівасцей на працягу года ад свята да свята, што робіць магчымым іх выкарыстанне пры першай патрэбе ў любы іншы час) у пэўныя пераломныя моманты гадавога каляндарнага цыклу (трэба таксама ўлічваць той факт, што з прыняццем хрысціянства

адбылося напластаванне царкоўных свят на язычніцкія).

Для павелічэння сілы ўздзеяння магічных уласцівасцей святочнай рэчыўнай атрыбутыкі мела месца правядзенне магічна-рытуальных дзеянняў у дачыненні да покуці, печкі, акна - локусаў, якія маркіруюцца як прыналежнасць да чалавечай культуры (гэтыя локусы маглі суадносіцца з паняццем хрысціянскага (покуць) і язычніцкага (печ) пачаткаў). З разгледжанага матэрыялу вынікае, што мела месца як актыўная («захрэшчванне» хмары, запальванне грамнічнай свечкі, прыпальванне валасоў на галаве, спальванне асвячоных траў, з'яданне пупышкі з вербнага прутка), так і пасіўная (вынас на двор велікоднага настольніка, размяшчэнне вярбы на акне) абарона.

ЛІТАРАТУРА:



  1. Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2 т. Т. 1 / рэдкал.: Г. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск : БелЭн, 2006.

  2. Беларускі фальклор: энцыклапедыя: у 2 т. Т. 2 / рэдкал.: Г. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. - Мінск : БелЭн, 2006.

  3. Зямля стаіць пасярод свету... Беларускія народныя прыкметы і павер' і: у 3 кн. / укл. У. Васілевіч. - Мінск : Маст. літ., 1996. - Кн. 1.

  4. Ліс, А. Веснавы перыяд народнага календара / А. Ліс, В. Шарая, У. Сівіцкі // Беларускі фальклор: Жанры, віды, паэтыка: у 6 кн. - Мінск : Беларуская навука, 2001. - Кн. 1: Каляндарна-абрадавая паэзія / А. Ліс [і інш.]; навук. рэд. А. Фядосік.

  5. Лозка, Ю. Беларускі народны каляндар / А. Лозка. - 2-е выд., перапрац. і дап. - Мінск : Полымя, 2002.

  6. Славянская мифология: энциклопед. словарь / редкол.: С. Толстая (отв. ред.) [и др]. - изд. 2-е, исправл. и дополн. - М. : Междунар. отношения, 2002.

  7. Толстые, Н. и С. Заметки по славянскому язычеству. Первый гром в Полесье. Защита от града в Полесье / Н. и С. Толстые // Обряды и обрядовый фольклор / отв. ред. В. Соколова. - М. : Наука, 1982. - С. 4983.

  8. Шамякіна, Т. Язычніцтва і хрысціянства ў каляндарнай абраднасці беларусаў // Міфалогія Беларусі: нарысы / Т. Шамякіна. - Мінск : Маст. літ., 2000. - С. 64-69.

  9. Шамякіна, Т. Міфалагема Дома ў славянскай культуры // Славянская міфалогія: курс лекцый для студэнтаў-філолагаў / Т. Шамякіна. - Мінск : РІВШ, 2005. - С. 139-150.

ІНФАРМАТАРЫ

*1. Запісана ад Копач Стэфаніды Вацлаваўны, 1926 г. н., в. Пагараны Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці.
Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> Салавей Г. С. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, г. Брэст
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал