Гэты няпросты просты сказ




Дата канвертавання08.09.2018
Памер37.44 Kb.
Факультатыўныя заняткі ў 8 класе “Гэты няпросты просты сказ”
Мова як сродак зносін паміж людзьмі ў грамадстве знаходзіць сваё матэрыяльнае выражэнне ў сказах. Толькі ў сказах дзякуючы камунікатыўнай мэце актуалізуюцца, набываюць сэнсавую дакладнасць і выразнасць словы і формы. Таму сказу як мінімальнай функцыянальнай адзінцы надаецца выключнае значэнне ў школьным курсе беларускай мовы.

Мова захоўваецца ў памяці чалавека не ў выглядзе сказаў, якія кожны раз фарміруюцца ў канкрэтнай маўленчай сітуацыі, а ў выглядзе мадэлей, схем, элементаў, якія ў працэсе напаўнення лексікай, інтанацыяй і жывой экспрэсіяй граматычна аб’ядноўваюцца і ўтвараюць сказы рознай будовы. Такім чынам, з дапамогай сказаў думкі не толькі выражаюцца, але і фарміруюцца.

Сказ фарміруецца згодна з законамі граматыкі беларускай мовы. У сучасным мовазнаўстве ён разглядаецца як структурная і функцыянальна-камунікатыўная адзінка. Гэта самастойны сродак паведамлення, які адначасова можа выконваць пэўную ролю ў разгортванні цэласнай адзінкі маўленчых зносін – тэксту.

У гэтым заключаецца актуальнасць факультатыўных заняткаў, на якіх разглядаецца будова сказа праз прызму маўленчай творчасці, асэнсоўваюцца яго ўнутраныя і знешнія рэсурсы, выяўляюцца механізмы, якія дазваляюць перадаць інфармацыю аптымальным спосабам.

На факультатыўных занятках трэба дапамагчы вучням асэнсаваць функцыянальныя рэзервы простага сказа. Веды аб простым сказе павінны стаць не самамэтай, а сродкам, інструментам свядомага авалодання мовай. Вывучэнне сінтаксісу ў 8 класе арганізоўваецца на аснове структурна-семантычнага падыходу, адметнай асаблівасцю якога з’яўляецца тое, што пры аналізе моўных з’яў прымаецца пад увагу не адзін які-небудзь аспект, а некалькі. Найважнейшыя з іх – будова, значэнне і функцыя. Такая арганізацыя навучання мове дазваляе школьнікам успрымаць не асобныя моўныя з’явы, а ўсю сістэму ва ўзаемадзеянні яе элементаў, асэнсоўваючы пры гэтым адпаведныя сінтаксічныя паняцці і іх істотныя прыметы.

Мэтай факультатыўных заняткаў з’яўляецца фарміраванне ў вучняў сістэмы сінтаксічных паняццяў, уменняў і навыкаў, звязаных з сутнасцю простага сказа як спецыфічнай моўнай і маўленчай адзінкі.

Задачы:

стварыць умовы для больш трывалага засваення вучнямі тэарэтычных звестак пра структурна-семантычныя асаблівасці сінтаксісу простага сказа;

• садзейнічаць развіццю лінгвістычнага мыслення вучняў, фарміраванню ўмення самастойна назапашваць веды ў працэсе навучальнай дзейнасці;

• выпрацоўваць уменні:

будаваць словазлучэнні ў адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай мовы; выкарыстоўваць словазлучэнні для пабудовы сказаў у адпаведнасці з камунікатыўнай мэтазгоднасцю і сітуацыяй зносін;

распазнаваць простыя сказы і іх тыпы, складаць сказы ў адпаведнасці з нормамі сучаснай беларускай мовы;

аналізаваць сэнс выказвання ў цэлым, сэнсавыя адносіны паміж яго часткамі;

карыстацца ў маўленні сінтаксічнымі сінонімамі (замяняць аднасастаўныя сказы двухсастаўнымі і наадварот, складаныя сказы простымі ўскладненымі і наадварот);

правільна ўжываць простыя сказы розных відаў і тыпаў у адпаведнасці з камунікатыўнай мэтазгоднасцю;

абгрунтоўваць выбар знакаў прыпынку і расстаўляць іх у адпаведнасці з вывучанымі правіламі.

На факультатыўных занятках настаўнік беларускай мовы і літаратуры Іваненка Н.У. карыстаецца вучэбна-метадычным комплексам І.М.Саматыя і В.С.Палтаржыцкая “Гэты няпросты просты сказ”.

Вывучэнне сінтаксічных тэм наладжвае на аснове такіх спосабаў дзейнасці, як аналіз і сінтэз.

У якасці самастойных і праверачных работ прадугледжвае наступныя віды дзейнасці вучняў: канспектаванне тэарэтычных крыніц, падрыхтоўка дакладаў, паведамленняў, выкананне пісьмовых заданняў, назіранне за тэкстам, аналіз тэксту, выкананне тэставых заданняў, складанне ўласных тэкстаў з уключэннем пэўных сінтаксічных адзінак і пунктаграм, складанне віктарын і конкурсных заданняў, падрыхтоўка прэзентацый ці электроннага тэкставага дакумента. Вучням дае магчымасць выбіраць віды вучэбнай дзейнасці: выкананне пісьмовай працы, складанне тэста, стварэнне віктарыны, конкурсных заданняў, напісанне рэферата, падрыхтоўка даклада, удзел у турніры знаўцаў беларускай мовы.

Прыёмы і сродкі, якія яна выкарыстоўвае пры вывучэнні асаблівасцей простага сказа: арганізаваныя (шляхам пастаноўкі пытанняў і пазнавальных задач) назіранні за моўным матэрыялам; лінгвістычны эксперымент, што ў сваю чаргу абапіраецца на такія прыёмы, як супастаўленне, суадносны аналіз; сінтаксічны разбор, які ажыццяўляецца з рознымі мэтамі і ў рознай форме (поўны, частковы; вусны, пісьмовы; слоўна выражаны ці прадстаўлены графічна); наглядныя дапаможнікі (схемы, табліцы, карціны), мультымедыйныя сродкі навучання.

На факультатыўных занятках настаўнік выкарыстоўвае наступныя практыкаванні: а) практыкаванні на распазнаванне моўнай з’явы сярод іншых; б) практыкаванні, якія актывізуюць уменне аналізаваць сінтаксічныя асаблівасці простых сказаў і іх састаўных частак; в) практыкаванні, звязаныя з удасканаленнем маўленчай дзейнасці васьмікласнікаў.



З мэтай актывізацыі мысліцельнай і маўленчай дзейнасці, фарміравання і развіцця агульнавучэбных уменняў (слухаць і “чуць”, адэкватна ўзнаўляць успрынятую інфармацыю, крытычна да яе ставіцца, даваць ёй ацэнку; выказваць сваю думку, пацвярджаць яе канкрэтнымі прыкладамі) выкарыстоўвае гульнявыя формы навучання. Гульні садзейнічаюць абуджэнню цікавасці да роднай мовы, развіццю маўленчай вынаходлівасці і ўмення нестандартна мысліць, а таксама фарміраванню практычных агульнавучэбных і спецыяльных навыкаў.




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка