Гістарыяграфія гісторыі прамысловасці беларусі ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст




Дата канвертавання08.03.2017
Памер161.84 Kb.


ГІСТАРЫЯГРАФІЯ ГІСТОРЫІ ПРАМЫСЛОВАСЦІ БЕЛАРУСІ

Ў КАНЦЫ XVIII – ПАЧАТКУ ХХ СТ.

Лютая, А. Э. Гістарыяграфія гісторыі прамысловасці Беларусі ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст. / А. Э. Лютая // Весці БДПУ. Сер. 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2011.  № 4. – С. 913.



Ключевые слова: прамысловасць, капіталізм, генезіс, прыгонніцтва, мануфактура, фабрыкі.

К. Маркс і Ф. Энгельс звязвалі праблему зараджэння капіталізму ў Расіі з адменай прыгоннага права, хаця і не адмаўлялі, што капіталістычныя адносіны ў Расіі існавалі ў зародкавых формах яшчэ ў эпоху панавання феадалізму.

У манаграфічным даследаванні “Развіццё капіталізму ў Расіі” У.І. Ленін даў характарыстыку трох асноўных стадый развіцця капіталізму ў рускай прамысловасці: простай капіталістычнай кааперацыі, капіталістычнай мануфактуры і фабрыкі, але разгляд гісторыі прамысловасці ён пачынае з простай таварнай вытворчасці, асноўная тэндэнцыя якой схіляецца да капіталізму. “Распаўсюджванне дробных прадпрыемстваў… пашырае таварную гаспадарку, падрыхтоўвае глебу капіталізму (тым самым стварае дробных гаспадарчыкаў і наёмных рабочых), а паглынанне дробных прадпрыемстваў мануфактурай і фабрыкай ёсць утылізацыя буйным капіталам гэтай падрыхтаванай глебай” [1, с. 344–345].

Для беларускай гістарыяграфіі 20–30-х гг. характэрна большая цікавасць для аграрнай гісторыі.

Для гісторыкаў, якія займаліся пытаннямі, звязанымі з генезісам капіталізму ў нацыянальных раёнах Расіі, быў характэрны перанос агульнарасійскіх характарыстык, сацыяльна-эканамічных працэсаў на нацыянальную глебу, імкненне даказаць з дапамогай мясцовага матэрыялу агульныя заканамернасці пераходу ад феадалізму да капіталізму. У характарыстыцы, напрыклад, сельскай гаспадаркі першай паловы XIX ст. пераважалі пытанні, звязаныя з развалам м крызісам прыгонніцтва і затушоўваліся працэсы, якія сведчылі аб развіцці феадальнага спосабу вытворчасці, таму аналіз сацыяльна-эканамічнага развіцця дарэформеннай вёскі ў асобных рэгіёнах Расіі заставаўся няпоўным, схематычным і аднабаковым. Вывады нічым не адрозніваліся ад агульнарасійскіх, хаця ў такіх рэгіёнах, як Сярэдняя Азія і Закаўказзе ішлі працэсы, якія карэнным чынам адрозніваліся, напрыклад, ад працэсаў у Беларусі і Літве, а на Украіне былі свае асаблівасці, што адрозніваліся ад асаблівасцей цэнтральных губерняў Расіі. Паняцце “развал феадальна-прыгонніцкіх адносін” змешвалі з паняццем “генезіс капіталізму”, атаясамліваючы асобныя бакі гэтых розных па сваёй сутнасці працэсаў.

У 1963 г. выйшаў зборнік, прысвечаны генезісу капіталізму ў прамысловасці. Тут былі змешчаны артыкулы не толькі па гісторыі Расіі, але і матэрыялы па праблеме генезісу капіталізму ў краінах Еўропы і Паўднёва-Усходняй Азіі [2]. Ключавым у праблеме генезісу капіталізму, на думку аўтараў, было пытанне аб пераўтварэнні эканомікі і змяненні сацыяльна-эканамічных адносін феадалізму ў выніку развіцця прадукцыйных сіл. Гэту задачу можна было рашыць пры ўмове дэтальнага даследавання наступных праблем:

1) развіццё таварна-грашовых адносін пры феадалізме;

2) канцэнтрацыя вытворчасці (мануфактура і фабрыка) – ад дробнай індывідуальнай вытворчасці да грамадска-канцэнтраванай буйной вытворчасці;

3) месца купецка-ліхвярскага капіталу ў працэсе капіталізму ў прамысловай і аграрнай сферах;

4) развіццё прадукцыйных сіл, тэхнікі;

5) месца абмену і фінансаў у агульным працэсе генезісу капіталізму;

6) шляхі эвалюцыі разнастайных форм пазямельнай рэнты ў капіталістычную;

7) шляхі фарміравання нацыянальных рынкаў;

8) характар эканамічных узаемаадносін паміж горадам і вёскай у перыяд першапачатковага накаплення і генезісу капіталізму;

9) разлажэнне класаў і саслоўяў феадальнага грамадства – буржуазіі і пралетарыяту [2, с. 6–7]. Гэтым праблемам і былі прысвечаны артыкулы зборніка даследчыкаў генезісу капіталізму ў Расіі [3, с. 119–132] у нацыянальных яго рэгіёнах [4].

Для беларускай гістарыяграфіі ў 60–90-х гг. ХХ ст. характэрна асаблівая цікавасць да аграрнай праблематыкі, пры тым што змяніўся падыход у ацэнцы многіх з’яў у гісторыі Беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст.

Даследаванні пытанняў мануфактурнай вытворчасці ў Беларусі, заняткаў промысламі, росту гарадоў і гандлю А.П. Грыцкевіча, А.Л. Ігнаценкі, В.І. Мялешкі, М.Ц. Раманоўскага паказалі развіццё ў XVIII ст. таварна-грашовых адносін і ажыццяўленне сувязей паміж горадам і вёскай [5]. У працах В.І. Мялешкі і М.Ц. Раманоўскага назіраецца тое ж імкненне даказаць не толькі ранні пачатак генезісу буржуазных адносін, але і перабольшыць ступень развіцця капіталістычнай прамысловасці ў рэгіёне.

У шэрагу манаграфій па гісторыі асобных гарадоў маюцца главы, якія прысвечаны праблеме эвалюцыі феадальнага горада ў капіталістычны [6]. У іх даецца характарыстыка многіх з’яў, у тым ліку і развіццё прамысловасці, выкліканых зараджэннем капіталізму, раскрываецца ўплыў буржуазных адносін на змяненне сацыяльнага складу насельніцтва гарадоў. Эканамічнае развіццё Віцебска ў XVIII – першай палове XIX ст. адлюстравана ў працы Ф.І. Адашчыка [7].

Манаграфія А.П. Ігнаценкі “Рамесная вытворчасць у гарадах Беларусі XVII – XVIII стст.” змяшчае грунтоўную характарыстыку гарадскіх рамёстваў, але спроба аўтара паказаць эвалюцыю рамяства, заснаванага на феадальных адносінах, да капіталістычных рамесных майстэрняў, на наш погляд, выглядае непераканаўча. Так, аўтар робіць вывад, што разам з дробнымі рамеснымі майстэрнямі, у якіх працавалі цэхавыя рамеснікі, у другой палове XVIII ст. у гарадах Беларусі ў асобных галінах рамеснай вытворчасці сталі зараджацца формы капіталістычнай мануфактуры [8]. У доказ вываду А.П. Ігнаценка прыводзіць прыклады заснавання Міхаілам Радзівілам у Слуцку ў 1758 г. фабрыкі паясоў, у Брэсце – суконнай мануфактуры, жалезаапрацоўчага і цагельнага “заводаў” і гродзенскіх мануфактур, заснаваных Антоніем Тызенгаўзам, якія былі аддадзены ў арэнду мясцовым мяшчанам і купцам [8, с. 20]. Аднак, не ўсе названыя прадпрыемствы былі мануфактурнага тыпу; па-другое, не ўсе яны, у тым ліку мануфактуры, былі капіталістычнымі, таму сцвярджэнне аб тым, што з’яўленне буйных майстэрняў і выкарыстанне наёмнай працы не сведчыла аб зараджэнні ў рамеснай вытворчасці XVIII ст. элементаў капіталізму. Рамяство ў гарадах Беларусі нават у першай палове XIX ст. захоўвала феадальны характар,а разхлажэнне цэхавай сістэмы найбольш ярка выявілася толькі ў другой палове XIX ст.

Здзіўляе сцвярджэнне З.Ю. Капыскага, які бачыць наяўнасць пракапіталістычных з’яў у гарадскім рамястве яшчэ ў XVII ст. Ён лічыць, што з’яўленне скупшчыкаў рамесных вырабаў, ліхвярства і крэдыту, прымяненне наёмнай працы выступаюць доказам і пацвярджэннем буржуазных адносін [9, с. 119].

Вывучэнне гісторыі асобных гарадоў Беларусі, назапашванне фактычнага матэрыялу дазволіла В.У. Чапко ў першым томе пяцітомнай “Гісторыі Беларускай ССР” даць характарыстыку сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадоў Беларусі ў першай палове XIX ст. У главе “Эканоміка ў першай палове XIX ст.” аўтар разглядае новыя з’явы ў эканамічным і сацыяльным жыцці гарадоў – рост колькасці і змяненне сацыяльнага складу гарадскога насельніцтва, арганізацыю рамеснай вытворчасці, знешняга і ўнутранага гандлю [10, с. 479–506].

Гэтыя пытанні асветлены і ў манаграфіі В.У. Чапко [11], дзе асаблівая ўвага надаецца перыяду крызісу феадалізму (30–50-х гг. XIX ст.). Аўтар разгледзела прычыны росту колькасці рамеснікаў і іх размеркаванне па спецыяльнасцях, таварнасць рамеснай вытворчасці і яе ўздзеянне на цэхавую арганізацыю, працэс перарастання рамяства ў прадпрыемствы капіталістычнага тыпу, змяненне колькасці і саставу купецтва, накіраванасць унутранага і знешняга гандлю, заняткі гараджан сельскай гаспадаркай і адыходнымі промысламі.

А.Ф. Вішнеўскі даследаваў асобныя бакі сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх гарадоў у перыяд абвастрэння крызісу феадальна-прыгонных і зараджэння капіталістычных адносін [12]. Сацыяльна-эканамічнаму развіццю гарадоў Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст. прысвечана манаграфія А.М. Лютага [13].

Абагульняючай працай па развіцці прамысловасці ў Беларусі ў пераходны перыяд ад феадалізму да капіталізму была кніга М.Ф. Болбаса “Развіццё прамысловасці ў Беларусі (1795–1863 гг.)” [14], у якой аўтар зхрабіў спробу вызначыць умовы развіцця прамысловай вытворчасці, даў класіфікацыю ўсіх прадпрыемстваў, ахарактарызаваў тры этапы развіцця капіталізму ў прамысловасці Беларусі, высветліў паходжанне і склад працуючых на прамысловых прадпрыемствах.

Аўтары вучэбнага дапаможніка “Гістарыяграфія БССР (эпоха феадалізму)” З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко слушна адзначаюць, што спроба М.Ф. Болбаса разгледзець шмат пытанняў, звязаных з умовамі эканамічнага развіцця Беларусі (значэнне аб’яднання з Расіяй, крызіс прыгоннай сістэмы, паляпшэнне шляхоў зносін, развіццё гандлю, стан гарадоў і мястэчак, змяненне сацыяльнага складу і шчыльнасці насельніцтва), у межах адной главы прывяла да таго, што аўтар толькі выкладае агульныя палажэнні аб эканамічным развіцці Беларусі, якія паўтараюць вывады, змешчаныя ў “Гісторыі БССР” [15, с. 118]. Такі падыход прыводзіць аўтара да спрошчанага разумення працэсу разлажэння і крызісу прыгоннай сістэмы, да няправільных палажэнняў і вывадаў [14, с. 34–35, 39, 41].

Характарызуючы развіццё гандлю ў Беларусі, аўтар робіць вывад, што да сярэдзіны XIX ст. узнікла шмат новых буйных кірмашоў [14, с. 34]. Аднак факты сведчаць аб тым, што адбылося не толькі скарачэнне колькасці кірмашоў, але і аб’ёму гандлёвых абаротаў [13, с. 104–106]. Патрабуюць доказу і шматлікія сцвярджэнні аўтара па змяненні сацыяльнай структуры насельніцтва Беларусі [14, с. 39–41]. Адсутнічае аналіз характару дробнай прамысловасці ў Беларусі. Тэрмін “дробная таварная вытворчасць” да канца не тлумачыць характар працэсу генезісу капіталізму ў прамысловасці, патрабуе ўдакладнення і характарыстыка мануфактурнай вытворчасці [14, с. 77–79]. Цяжка пагадзіцца з аўтарам і ў тым, што факты найму майстроў і вопытных рабочых (часцей усяго з-за мяжы) памешчыкамі на вотчынныя мануфактуры сведчылі аб эвалюцыі гэтых прадпрыемстваў да капіталістычнай вытворчасці [14, с. 82], як і аднясенне да капіталістычных фабрык, памешчыцкіх цукровых і жалезавыпрацоўчых “заводаў” [14, с. 95–99].

Зрабіўшы дастаткова правільны вывад аб тым, што “прамысловасць Беларусі і ў 1860 г. не дасягнула агульнарасійскага ўзроўню” [14, с. 204], у наступнай сваёй манаграфіі М.Ф. Болбас адракаецца ад свайго вываду, а ў доказ новага сцвярджэння па незразумелых крытэрыях і без абгрунтаванага тлумачэння прыводзіць іншыя даныя аб стане прамысловасці ў Беларусі, чым у папярэдняй манаграфіі: па колькасці рабочых “новыя” даныя большыя ў 4–5 разоў, а па суме вытворчасці – у 2,2 разы [16, с. 93]. Аўтар “лёгка і свабодна” аперыруе лічбамі і данымі. Табліцы М.Ф. Болбаса складзены без спасылак на крыніцы [14, с. 240–255], таму ніхто не гарантуе іх дакладнасць, у тым ліку і сам аўтар.

Шырокае кола пытанняў, якое даследуе аўтар, не дазволіла яму дэталёва распрацаваць праблему ролі дробнатаварнай вытворчасці ў зараджэнні і развіцці капіталістычных адносін. Такія важныя пытанні, як сувязь дробнатаварнай вытворчасці з сельскай гаспадаркай, уплыў дробнатаварнай вытворчасці на фарміраванне ўнутранага рынку, сацыяльная база дробнатаварнай вытворчасці засталіся недаследаванымі, паколькі рост дробнатаварнай вытворчасці абазначае і рост грамадскага раздзялення працы, г. зн. Ствараецца база для развіцця мануфактурнай і фабрычна-заводскай вытворчасці. Неабходна заўважыць, што развіццё апошніх не абавязкова азначае ўпадак першага, бо сацыяльная база для развіцця промыслаў і рамяства была шырэй не толькі ў дарэформенны перыяд, але і ў другой палове XIX ст.

Развіццю прамысловасці Магілёўскай губерні ў перыяд крызісу прыгонніцтва прысвечаны артыкул М.Р. Лысенкі [17, с. 3–21].

Асаблівую цікавасць выклікае даследаванне В.В. Шведа, прысвечанае развіццю гандлю ў перыяд крызісу феадалізму. У складанай узаемасувязі працэсаў разлажэння старога феадальнага ладу і зараджэння новых, капіталістычных адносін, аўтар змог выдзеліць і даказаць галоўнае – паступовае зараджэнне і развіццё капіталістычнага ўкладу, які выразіўся ў эвалюцыі кірмашоў у стацыянарныя формы гандлю, у росце гарадоў і колькасці гарадскога насельніцтва, развіцці капіталістычных форм прамысловасці, узмацненні таварнай сельскай гаспадаркі і г. д. [18].

Аднак цяжка пагадзіцца з вывадамі В.В. Шведа, што рамяство вырасла з адыходных промыслаў і што большасць рамеснікаў Беларусі працавала на рынак і паступова пераўтваралася ў наёмных рабочых. Нельга не пярэчыць аўтару і тады, калі ён сцвярджае, што адной з асноўных крыніц росту гарадскога насельніцтва беларускіх губерняў быў працэс дыферэнцыяцыі сялянства ва ўмовах крызісу феадалізму [18, с. 9–14]. Панская сістэма вядзення сельскай гаспадаркі ў Беларусі перашкаджала перамяшчэнню сялян у горад для заняткаў промысламі, рамяством ці гандлем. У перыяд з 1830 па 1839 г. зафіксавана толькі каля 30 выпадкаў пераходу сялян у мяшчанскае ці купецкае саслоўі. Адной з асноўных крыніц папаўнення гарадскога насельніцтва ў беларускіх губернях, якія ўваходзілі ў межы “яўрэйскай аседласці”, было гвалтоўнае перасяленне царскім урадам яўрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі [19]. Таму, як сцвярджае аўтар, тэмпы росту колькасці гараджан у Беларусі ў дарэформенны перыяд былі даволі нізкімі і не адлюстроўвалі сапраўднага ўзроўню развіцця эканомікі рэгіёну.

Манаграфічнае даследаванне асобных бакоў праблемы генезісу капіталізму ў Беларусі вызначыла агульную характарыстыку гэтага працэсу ў абагульняючых выданнях, бо іх аўтарамі былі вышэйназваныя гісторыкі [10, с. 353–386, 444–449, 472–499; 20].

Цікавы падыход да агульнай характарыстыкі працэсу генезісу капіталізму ў аўтараў першага тома “Гісторыя рабочага класа Беларускай ССР”, прысвечанага фарміраванню пралетарыяту рэспублікі ў перыяд капіталізму.

Зараджэнне рабочага класа яны звязваюць з пачаткам разлажэння феадальна-прыгонніцкіх і ўзнікненнем капіталістычных вытворчых адносін [20, с. 11]. У першай главе “Рабочыя Беларусі да рэформы 1861 г.” адзначаецца, што “на працягу XVI – першай паловы XVII ст. феадальны спосаб вытворчасці ў Беларусі эвалюцыяніраваў ад вытворчасці пераважна спажывецкага кошту да вытворчасці тавараў менавога кошту” [20, с. 24], гэта сведчыла аб пачатку “руху грамадства да рубяжоў наступнай за феадалізмам гістарычнай эпохі” [20, с. 24–25]. Далей аўтары робяць вывад аб тым, што развіццё гэтага працэсу затармазілася ў выніку паражэння антыфеадальнай барацьбы народных мас у 1648–1654 гг. і ваенных разбурэнняў другой паловы XVII – першай паловы XVIII ст. [20, с. 24].

Нам здаецца недастаткова пераканаўчым тлумачэнне сацыяльна-эканамічных працэсаў, якія адбываліся ў XVII – першай палове XVIII ст. у Беларусі, вынікаў антыфеадальнай барацьбы і ваенных падзей.

Нельга не пагадзіцца з аўтарамі першай главы, якія адзначалі, што другая палова XVII ст. стала “часам развіцця новых з’яў у эканоміцы феадальнага маёнтка, сялянскай гаспадаркі і гарадоў Беларусі” [20, с. 25]. Але калі гутарка ідзе аб развіцці капіталістычных адносін, то прасочваецца яўная тэндэнцыя да перабольшвання тэмпаў гэтага працэсу. Напрыклад, у даследаванні гаворыцца, што ў другой палове XVIII ст. мястэчкі становяцца цэнтрамі вотчыннай прамысловасці з выкарыстаннем наёмнай працы [20, с. 26]. Намі ж падлічана, што ў канцы XVIII ст. з 2284 працуючых на прамысловых прадпрыемствах у мястэчках толькі 620 чалавек былі вольнанаёмныя і гэта складала 27% ад агульнай колькасці рабочых [19, с. 149–156].

У цяперашні час большасць вучоных бачаць праяўленне буржуазных адносін у паглыбленні грамадскага падзелу працы, пераўтварэнні рамяства ў дробную таварную вытворчасць, з’яўленні простай капіталістычнай кааперацыі і мануфактурнай вытворчасці з выкарыстаннем наёмнай працы. Сцвярджэнне аўтараў аб тым, што капіталістычныя мануфактуры ў канцы XVIII ст. толькі нараджаліся [20, с. 28], яшчэ раз пацвярджае той факт, што пачатак генезісу капіталізму ў Беларусі адносіцца да канца XVIII – пачатку XIX ст., а не да больш ранняга перыяду, як гэта імкнуліся даказаць аўтары абагульняючай працы.

Тэарэтычнае азначэнне дробнага капіталістычнага прадпрыемства таксама не адрозніваецца вычарпальнай паўнатой. Аўтары сцвярджаюць, што да дробных капіталістычных прадпрыемстваў адносяцца немеханізаваныя прадпрыемствы з колькасцю рабочых да 16 чалавек [20, с. 27], на якіх не было падзелу працы на аперацыі. Кіруючыся на такую тэарэтычную пасылку, да дробных капіталістычных прадпрыемстваў можна аднесці ўсе рамесныя майстэрні. Але К. Маркс адзначаў, што “ва ўмовах цэхавага ладу сама прылада яшчэ настолькі зраслася з самой жывой працай, настолькі яшчэ ўяўляецца зонай яе панавання, што па-сапраўднаму яна яшчэ не ўцягнута ў карыстанне. Калі пэўныя перадумовы мануфактуры ствараюцца ў нетрах цэха “ўнутры” яго, то сама яна развіваецца толькі і выключна “ў барацьбе з ім” [21, с. 496].

Рамяство і капіталістычная вытворчасць – гэта вытворчыя арганізмы-антаганісты: там, дзе расцвітае адно, не можа развівацца другое.

Што тычыцца пытання аб фарміраванні буржуазіі, уключанага ў главу “Колькасць, склад і становішча рабочых” [20, с. 71–72], то, на наш погляд, гэта тэма спецыяльнага даследавання і некалькі агульных фраз наўрад ці змогуць адказаць на цэлы комплекс складанейшых праблем, звязаных з фарміраваннем беларускай нацыянальнай буржуазіі.

Неабходна закрануць і абагульняючыя гістарыяграфічныя працы па сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі, якія выйшлі ў апошнія гады. Іх з’яўленне сведчыць аб імкненні гісторыкаў падвесці вынікі і акрэсліць новыя задачы вывучэння гісторыі рэспублікі [15; 22], аднак большасць з іх носяць або ілюстрацыйны, а дакладней – бібліяграфічны характар, або даюць аналіз прыватных пытанняў, не кранаючы буйных тэарэтычных праблем, пакуль яшчэ далёкіх ад канчатковага рашэння.

Абагульняючы характар носіць праца В.Ф. Касовіча і А.М. Лютага, у якой аналізуюцца гістарыяграфія і крыніцы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. [23].

У апошнія гады з’явіўся цэлы шэраг публікацый Л.Э. Пракаповіч і А.А. Башмакова. Л.Э. Пракаповіч у сваёй навуковай працы робіць разгорнуты аналіз фабрычна-заводскай прамысловасці Беларусі ў XIX ст.[24]. У даследаванні даецца грунтоўны агляд умоў развіцця і ролі фабрычнай вытворчасці. Знойдзеныя па выніках даследавання фабрычна-заводскія прадпрыемствы змешчаны ў абагульняючай табліцы.

Аўтар групуе прадпрыемствы ў алфавітным парадку згодна назвы населенага пункта і павета. Тым не менш, Л.Э. Пракаповіч, як і М.Ф. Болбас, робіць выключэнне для чыгуначных станцый, дзе замест назваў паветаў указваюцца назвы чыгунак, што, зразумела, праходзілі праз некалькі губерняў і безліч паветаў [16, с. 219–308; 24, с. 109–141].

У працы даследчыца падзяляе XIX ст. на два перыяды, што дае магчымасць параўноўваць месца і ролю прадпрыемстваў у дарэформеннай і парэформеннай Беларусі [24, с. 50–51, 70–71].

Так, Л.Э. Пракаповіч, аналізуючы развіццё прамысловасці дарэформеннага 1961 г., выдзяляе два перыяды, за якія падлічвае колькасць прадпрыемстваў, тое ж самае яна робіць і для парэформеннага прамежку XIX ст. [24, с. 50–51, 70–71]. У зводнай табліцы, што складзена за ўвесь даследуемы перыяд, даследчыца спасылаецца на адзін год існавання прадпрыемства, па якім і прыводзіць даныя [24, с. 109–141].

Там жа аўтар, вызначаючы “галіну” прадпрыемстваў, знаходзіць, акрамя дрэваапрацоўчай, мэблевай, фанернай, яшчэ і вытворчасць шпал [24, с. 109–141]. Цікава зразумець розніцу паміж такімі “галінамі” вытворчасці, як чыгуначнае дэпо, чыгуначныя майстэрні, уласна майстэрні, што належалі чыгунцы, і чыгуначнымі рамонтнымі майстэрнямі [24, с. 109–141].

Відавочна, што даследчыца, характарызуючы асобнае прадпрыемства, вызначала не галіну прамысловасці, а хутчэй яго ўласную назву ці назву асноўнага вырабу, працэсу. Таму зразумела, што калонка табліцы “Галіна, колькасць прадпрыемства” не магла эфектыўна выконваць сваю ролю як аснова для групоўкі прадпрыемстваў па галіновай прыкмеце.

Тым не менш, Л.Э. Пракаповіч у навуковым даследаванні здолела засяродзіць увагу на ключавых аспектах развіцця фабрычна-заводскай вытворчасці, а прааналізаваныя архіўныя матэрыялы і манаграфічная літаратура дазволілі ўзважана і аб’ектыўна ацаніць месца і ролю прамысловасці ў жыцці Беларусі XIX ст., што, згодна падлікаў даследчыцы, была далёка не выключнай.

Мануфактурнай вытворчасці ў Беларусі ў 1861–1914 гг. прысвечана кандыдацкая дысертацыя А.А. Башмакова [25].

Такім чынам, можна адзначыць, што гісторыкі ўдзялялі дастаткова ўвагі праблеме развіцця прамысловасці ў цэлым, але амаль што не звярталі ўвагі на вызначэнне як ролі мануфактурнай вытворчасці, так і яе крытэрыяў. Канчаткова не вырашана і пытанне размяшчэння мануфактурных прадпрыемстваў і прамысловай спецыялізацыі асобных рэгіёнаў Беларусі.

Літаратура і крыніцы

1. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 2: 1895–1897. – 677 с.

2. Генезис капитализма в промышленности: сб. ст. / подг. науч. советом по проблеме “Генезис капитализма”; редкол.: С.Д. Сказкин (отв. ред.) [и др.]. – М.: Изд-во Акад. наук СССР, 1963. – 430 с.

3. Яцунский, В.К. Капиталы и доходы предприятий черной металлургии в России в 50-х годах XIX в. / В.К. Яцунский // Генезис капитализма в промышленности: сб ст. / подг. науч. советом по проблеме “Генезис капитализма”; редкол.: С.Д. Сказкин (отв. ред.) [и др.]. – М., 1963. – С. 119–132.

4. Корма, О.О. Очерк развития мануфактурной стадии промышленности в Эстонии / О.О. Корма // Генезис капитализма в промышленности: сб ст. / подг. науч. советом по проблеме “Генезис капитализма”; редкол.: С.Д. Сказкин (отв. ред.) [и др.]. – М., 1963. – С. 150–186; Енш, Г.А. Развитие промышленности в Латвии в первой половине XIX в. / Г.А. Енш // Генезис капитализма в промышленности: сб ст. / подг. науч. советом по проблеме “Генезис капитализма”; редкол.: С.Д. Сказкин (отв. ред.) [и др.]. – М., 1963. – С. 187–223.

5. Грицкевич, А.П. Слуцк. Ист.-экон. очерк / А.П. Грицкевич. – Минск: Беларусь, 1970. – 112 с.; Грицкевич, А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI–XVIII вв. / А.П. Грицкевич. – Минск: Наука и техника, 1975. – 248 с.; Игнатенко, А.П. Ремесленное производство в городах Белоруссии в XVII–XVIII вв. / А.П. Игнатенко. – Минск: Изд-во м-ва высш., сред. спец. и проф. образования БССР, 1963. – 87 с.; Мялешка, В.І. Да пытання аб зараджэнні капіталістычных адносін у гарадской дробнай прамысловасці Беларусі першай паловы XVIII ст. (На матэрыялах г. Магілёва) / В.І. Мялешка // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. – 1959. – № 2. – С. 90–91; Романовский, Н.Т. Развитие мануфактурной промышленности в Белоруссии (вторая половина XVIII – первая половина XIX в.) / Н.Т. Романовский. – Минск, 1966. – 427 с.

6. История Минска. – Минск, 1957; Полоцк: исторический очерк. – Минск, 1962; Гродно: исторический очерк. – Минск, 1964; Могилев: исторический очерк. – Минск, 1959.

7. Адащик, Ф.И. Экономическое развитие белорусского города в XVII – первой половине XIX в. (На материалах г. Витебска) / Ф.И. Адащик. – Минск, 1969.

8. Игнатенко, А.П. Ремесленное производство в городах Белоруссии в XVII–XVIII вв. / А.П. Игнатенко. – Минск: Изд-во м-ва высш., сред. спец. и проф. образования БССР, 1963. – 87 с.

9. Копысский, З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI – первой половине XVII в. / З.Ю. Копысский. – Минск: Наука и техника, 1966. – 228 с.

10. Гісторыя Беларускай ССР: у 5 т. / рэдкал.: І.М. Ігнаценка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Навука і тэхніка, 1972–1975. – Т. 1: Першабытны лад на тэрыторыі Беларусі. Эпоха феадалізму / К.І. Шабуня [і інш.]. – 1972. – 632 с.

11. Чепко, В.В. Города Белоруссии в первой половине XIX века: Экономическое развитие / В.В. Чепко. – Минск: Изд-во БГУ, 1981. – 144 с.

12. Вишневский, А.Ф. Сельскохозяйственные занятия и отхожие промыслы горожан Белоруссии в 30–50-е гг. XIX ст. / А.Ф. Вишневский // Сб. науч. тр. аспирантов / МГПИ им. А.М. Горького. – Минск, 1972. – С. 55–76; Вишневский, А.Ф. Внутренняя торговля городов Белоруссии в 30–50-е гг. XIX в. / А.Ф. Вишневский // Вопросы истории. – 1972. – С. 6–8; Вишневский, А.Ф. Ремесленное производство городов Белоруссии в первой половине XIX в. / А.Ф. Вишневский // Материалы науч. конф. аспирантов. – Баку, 1973. – С. 87–93; Вишневский, А.Ф. Ярморочная торговля городов Белоруссии в период кризиса феодализма (30–50-е гг. XIX в.) / А.Ф. Вишневский // Вопросы истории. – 1974. –Вып. 1. – С. 27–37; Вишневский, А.Ф. Мануфактурное производство городов Белоруссии в 30–50-е гг. XIX в. / А.Ф. Вишневский // Вопросы истории. – 1975. – Вып. 2. – С. 3–14.

13. Лютый, А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII – первой половине XIX века / А.М. Лютый; под ред. В.В. Чепко. – Минск: Наука и техника, 1987. – 179 с.

14. Болбас, М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795–1861 гг.) / М.Ф. Болбас. – Минск: Наука и техника, 1966. – 268 с.

15. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

16. Болбас, М.Ф. Промышленность Белоруссии. 1860–1900 / М.Ф. Болбас. – Минск: Изд-во БГУ, 1978. – 312 с.

17. Лысенко, М.Г. Промышленность Могилевской губернии в период разложения и кризиса крепостничества (30–50-е гг. XIX в.) / М.Г. Лысенко // Учетные записи / Полоцкий пед. ин-т – Вып. 1.

18. Швед, В.В. Торговля Белоруссии в период кризиса феодально-крепостнических отношений (30-50-е гг. XIX в.): автореф. дис. … канд. ист. наук / В.В. Швед. – Минск, 1984.

19. Лютый, А.М. Источники пополнения и роста городского населения Белоруссии в конце XVIII – 30-е годы XIX в. / А.М. Лютый // Вопросы истории. – 1981. – С. 48–58.

20. История рабочего класса Белорусской ССР: в 4 т. / редкол: П.Т. Петриков (пред.) [и др.]. – Минск: Наука и техника, 1984. – Т. 1: Рабочий класс в России в период капитализма / К.И. Шабуня [и др.]. – 1984. – 400 с.

21. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1961. – Т. 46. – Ч. 1.

22. Михнюк, В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919–1941гг.) / В.Н. Михнюк; под ред. П.Т. Петрикова. – Минск: Наука и техника, 1985. – 284 с.; Иоффе, Э.Г. Учебно-методическое пособие к курсу «Историография истории СССР» / Э.Г. Иоффе; Мин. гос. пед. ин-т им. А.М. Горького. – Минск, 1986. – 106 с.; Михнюк, В.Н. Историческая наука Белорусской ССР в 80-е годы / В.Н. Михнюк, П.Т. Петриков. – Минск: Наука и техника, 1987. – 120 с.

23. Касовіч, В.Ф. Гістарыяграфія і крыніцы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. / В.Ф Касовіч, А.М Люты. – Мінск: БДПУ, 1996.

24. Пракапович, Л.Э. Становление и развитие фабрично-заводской промышленности в Беларуси в XIX в.: монография / Л.Э. Пракапович. – Минск: БГПУ, 2010. – 156 с.

25. Башмакоў, А.А. Мануфактурная вытворчасць і яе роля ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі. 1861–1914 гг.: дыс. … канд. гіст. навук: 07.00.02 / А.А. Башмакоў. – Мінск, 2009. – 214 с.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка