Гісторыя вёскі высокая




Дата канвертавання23.01.2017
Памер40.73 Kb.
ГІСТОРЫЯ ВЁСКІ ВЫСОКАЯ
Вёска Высокая размешчана ў 8 км на поўдзень ад Кармы, у 63 км ад чыгуначнай станцыі рагачоў (на лініі Магілёў — Жлобін), у 118 км ад Гомеля. Побач аўтадарога Карма — Чачэрск. Вёска знаходзіцца на рацэ Добрыч (прыток ракі сож); на ўсходзе меліяратыўныя каналы, злучаныя з рэчкай Добрыч.

Асаблівасцю планіроўкі вёскі з’яўляецца тое, што яна складаецца з доўгай мерыдыяльнай вуліцы, паралельна з якой праходзіць меньшая па памерах вуліца, злучаная з галоўнай 2-ма завулкамі. Забудова пераважна драўляная, двухбаковая, прысядзібнага тыпу.

Гісторыя вёскі Высокая бярэ свой пачатак з 1924 г. Яе сучасныя жыхары з'яўляюцца нашчадкамі перасяленцаў з вёскі Вярхі, якая была размешчана на правым беразе Возера, на адлегласці 1,5 км. Ад ракі Сож. У той час гэта была Рассохская воласць Рагачоўскага ўезду Магілёўскай губерні. Вёска Вярхізнаходзілася як бы на паўвостраве, акружаным вадой з трох бакоў. Толькі з захаду быў выхад да карэннага берага, але ён пралягаў ўздоўж гнілога тарфянога балота. Берагі гэтага балота былі пакрыты амаль непралазнымі зараснікамі. Сама назва вёскі, хутчэй за ўсё, паходзіць ад яе размяшчэння на невялікім узвышшы ў пойме ракі.

У тыя часы ўся мясцовасць была густа пакрыта змешаным лесам, дзе вадзілася мноства дзічыны. У хатняй гаспадарцы сяляне традыцыйна трымалі кароў, коней, авечак, коз, качак, гусей, курэй.

Устанавіць дакладна час узнікнення вёскі немагчыма. Але хутчэй за ўсё яна існавала ўжо ў ХVІІІ ст. У 1967 годзе 104-гадовы Жлоба Дзмітрый Трафімавіч успамінаў, што яго прадзед жыў у Вярхах. Відавочна, што жыхары Вярхоў маюць генетычную сувязь з жыхарамі в. Ворнаўка, якая ўпершыню ў летапісных крыніцах успамінаецца пад 1726 годам.

Згодна з рэвізіяй 1859 года Вярхі знаходзіліся ва ўладаннях памешчыцы Ю. З. Казарынавай. У дарэвалюцыйны час у Вярхах налічвалася 75 двароў. У сярэднім на двор прыходзілася 1,5 – 2,5 дзесяціны зямлі. У абшчынным надзеле 66 дзесяцін належала царкве. Жыхары займаліся, у асноўным, земляробствам і жывёлагадоўляй. Апрацоўвалі панскую зямлю (з траццяка), або хадзілі на «заробкі» да памешчыкаў Дзерналовіча, Грамыкі, Бурдакова.

Адным з важнейшых адхожых промыслаў было плытагонства. Спраўлялі лес у Кіеў і Гомель. Жажнае месца займала рыбная лоўля.

Быў у вёсцы ветраны млын, які належаў Паплаўскаму Сцяпану Стэфанавічу. Яго называюць «палякам», але, хутчэй за ўсё, гэта быў беларус каталіцкай веры.

Усе прылады працы і інвентар выраблялі амаль выключна з дрэва. Першы металічны плуг з'явіўся ў 1916 г. Самаробнай была і ўся вопратка – са льну або воўны. Лапці плялі з лута (ліпавай кары) або лазы. Крыху багацейшыя насілі лапці з пянькі.

Падаўляючая большасць вёскі была непісьменная. Некаторыя заможныя сем'і маглі адпраўляць сваіх дзяцей ў царкоўна-прыходскую школу ў в. Ворнаўка.

Медыцынскае абслугоўванне тады цалкам адсутнічала. Затое многа было шаптух і знахараў.

Усе неабходныя тавары набываліся ў карчме, якую трымаў у сябе на даму скупшчык. Там можна было набыць запалкі, соль, пазней – газу. Але дамы асвятляліся лучынай. Не кожны мог набыць газу.

У доўгія зімовыя вечары моладзь збіралася на вячоркі – на «хвацеру». Так называлі хату, якую моладзь наймала для гуляння і для працы. На вячорках, пры лучыне, дзеўкі пралі, вязалі і вышывалі. Хлопцы гулялі ў карты, расказвалі розныя небыліцы.Старажыл з вёскі Вярхі Жлоба Сцяпан Ільіч расказвае: «У бацькі было 13 душ сям'і. На ўсіх 2, 5 дзесяціны зямлі. Яна была раскідана палоскамі ў некалькіх месцах. Жылі бедна. Хлеба не хапала. Бацька ўсё жыццё быў пастухом, а сям'я ўсё роўна галадала. Пра школу не прыходзілася і думаць, нават лапцей з лыка не было. У 19 гадоў пайшоў на свой хлеб, у заработкі».

У 1918 годзе рота чырвонаармейцаў устанавіла ў сяле савецкую ўладу. Землекарыстанне да 1924 г. заставалася ранейшым. У 1924 г. пачалося землеўпарадкаванне. Так заканчваецца гісторыя вёскі Вярхі. Паступова жыхары перасяліліся бліжэй да новых надзелаў зямлі. Утварыліся новыя вёскі – Высокае, Красны, Каўказ, хутар Раманькі.

У пасёлак Высокае перасяліліся 50 сямей, у Красны – 60, гэта ў асноўным жыхары Ворнаўкі і Лядцаў. У пасёлак Каўказ перасяліліся 8 двароў, на хутар Раманькі – 3.

Пасёлак Высокае атрымаў назву ад месцазнаходжання, пасёлак Красны – ад улады Саветаў, пасёлак Каўказ – ад урочышча Каўзелі, ад аднайменнага ўрочышча атрымаў назву пасёлак Раманькі. Да 1929 года ні ў адным пасёлку не было калодзежаў, людзі карысталіся вадой з ракі Добрыч.

У 1929 годзе пачалася калектывізацыя. Першымі калгаснікамі сталі Еўдакімаў Пётр Мітрафанавіч, Паплаўскі Антон Ільіч, Караткевіч Рыгор Цімафеевіч, Несцяровіч Фрол Пятровіч, Жлоба Язэп. Калгас назвалі «Чырвоная зорка», старшынёй стаў выбраны Еўдакімаў Пётр Мітрафанавіч. Ён заставаўся на гэтай пасадзе да 1941 г. Потым ветэран Грамадзянскай вайны змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай вайны.

Калгаснае жыццё наладжвалася з вялікімі цяжкасцямі. Сяляне то ўступалі ў калгас, то выходзілі з яго. Рабілася ўсё тады рукамі. Ураджаі было добрымі (12 ц. з га) па тых часах. Паступова жыццё палепшылася. Перад вайной у калгасе «Чырвоная зорка» было 930 га ворнай зямлі і 90 га сенакосу. Гэтыя плошчы апрацоўвалі тры паляводчыя брыгады. У 1935 г. на малочна-таварнай ферме налічвалася 30 галоў буйной рагатай жывёлы і 80 коней. У 1934 годзе з'явіўся першы трактар. У 1940 г. калгас набыў аўтамашыну, газа-генератарную. Ніякіх спецыялістаў тады не было. Адзін чалавек вёў бухгалтарскі ўлік. У 1935 г. у пасёлку Высокае была пабудавана пачатковая школа, у 1937 г. – калгасная кантора.

У пачатку жніўня 1941 г. наша мясцовасць была акупіравана германскімі войскамі. У хуткім часе на тэрыторыі раёна распаўсюдзіўся партызанскі рух. Многія жыхары з нашых вёсак пайшлі ў партызаны. У іх шэрагу былі: Паплаўскі Яўген Фёдаравіч, Паплаўскі Міхаіл Іванавіч, Жлоба Ігнат Сямёнавіч, Жлба Іван Ягоравіч, Несцяровіч Іван Іванавіч, Пінцэвіч Іван Мікалаевіч і многія іншыя. Хто падлягаў мабілізацыі з першых дзён трапілі на фронт. Многія з іх аддалі сваё жыццё за Радзіму.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскім змаганні загінулі 62 жыхароў, у памяць аб іх у цэнтры вёскі ў 1975 годзе ўсталяваны помнік. У 1962 году да вёскі далучаны пасёлак Чырвоны. Быў цэнтрам калгасу «Рассвет», затым калгас далучаны да гаспадарки «КСУП «Кормянский». У вёсцы ёсць клуб, фельчарска-акушэрскі пункт, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі.



У 1959 г. насельніцтва складала 207 жыхароў (згодна з перапісам), а ўжо ў 2004 г. – 347 жыхароў і 127 гаспадарак.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка