Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны



Дата канвертавання30.04.2017
Памер72.43 Kb.
#8446
Воінава Алена Мікалаеўна, Палуян Алена Мікалаеўна

УА “Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны”, Гомель



ЭТНАКУЛЬТУРНЫ АСПЕКТ ВЫКЛАДАННЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ НА НЕФІЛАЛАГІЧНЫХ ФАКУЛЬТЭТАХ
На думку Якуба Коласа, “навучальны працэс не можа абмяжоўвацца выключна адукацыйнымі мэтамі і задачамі, ён павінен быць цесна звязаны з выхаваннем асобы” [1, с. 321]. Мова як сацыякультурнае асяроддзе прадвызначае характар светаўспрымання і светаадчування, адметнасць менталітэту беларуса, з’яўляецца сродкам захавання этнічнай памяці і гуманных нацыянальных традыцый, пад уздзеяннем якіх вякамі фарміравалася і фарміруецца духоўнасць людзей. На жаль, на сённяшні дзень для прадстаўнікоў маладога пакалення роля беларускай культуры і мовы як фактараў самаідэнтыфікацыі не з’яўляецца вызначальнай. Менавіта таму, як слушна сцвярджае В.А. Ляшчынская, “беларускую мову патрэбна вывучаць з мэтай пазнаць сам народ у яго тэрытарыяльнай, гістарычнай і сацыяльнай акрэсленасці”, а “ўключэнне этнакультуралагічнага кампанента ва ўсе курсы беларускай мовы… спрыяе паспяховаму засваенню моўнага матэрыялу і фарміраванню нацыянальнай свядомасці асобы” [2, с. 3]. Ва ўмовах гуманізацыі адукацыі беларуская мова з прадмета навучання ператвараецца ў сродак фарміравання асобы, якая вызначаецца высокім інтэлектам, творчым патэнцыялам, духоўна арыентаваным мысленнем і нацыянальнай свядомасцю, імкненнем да самапазнання і самаразвіцця.

Курс “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”, які выкладаецца для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў усіх спецыяльнасцей, спрыяе фарміраванню камунікатыўна развітай асобы, здольнай наладжваць зносіны на роднай мове ў прафесійнай сферы, і адначасова дапамагае студэнтам далучыцца да багаццяў нацыянальнай культуры. У адпаведнасці з гэтым змест дыдактычных матэрыялаў, якія выкарыстоўваюцца на занятках, павінен спрыяць выхаванню павагі да нацыянальных святынь, раскрываць сутнасць беларускага ладу жыцця, багаты свет традыцый нашага народа, вучыць выпрацоўваць грамадзянскую пазіцыю, выхоўваць патрыятычныя пачуцці, любоў да вялікай і малой радзімы, пашыраць кругагляд студэнтаў, дапамагаць усвядоміць нормы і ўзоры паводзін у калектыве, і пры гэтым адпавядаць высокай мастацкасці.

Праца над словам і тэкстам у лінгвакультуралагічным аспекце прадугледжвае выкарыстанне на занятках разнастайных метадаў і прыёмаў, сярод якіх можна вылучыць наступныя: 1) экстралінгвістычны каментарый, які ўключае інфармацыю пра паходжанне, значэнне слова (спалучэння слоў, выказвання), функцыю прадмета традыцыйнай культуры; 2) аналіз нацыянальна маркіраваных моўных адзінак рознага ўзроўню, які можа ўключаць выяўленне нацыянальна-культурнага кампанента значэння слоў (спалучэнняў слоў, выказванняў), іх лексічнага фону; высвятленне этымалогіі і ўнутранай формы слова; выяўленне канататыўных і сімвалічных значэнняў моўных адзінак; складанне асацыятыўных палёў са словам; параўнанне фразеалагізмаў беларускай і іншых моў; 3) праца з энцыклапедычнымі і лінгвістычнымі слоўнікамі; 4) складанне слоўнікавых артыкулаў этнакультуралагічнага характару, у якіх адлюстроўваецца намінатыўная функцыя моўных адзінак і экстралінгвістычная інфармацыя, “закадзіраваная” ў іх; 5) вусныя і пісьмовыя выказванні студэнтаў на этнакультуралагічныя тэмы; 6) наведванне краязнаўчых, этнаграфічных, мастацкіх музеяў з наступным напісаннем водгукаў і інш.

Праз выкарыстанне на занятках нацыянальна афарбаваных рэсурсаў беларускай мовы, у якіх знайшлі адбітак рэаліі традыцыйнай культуры, адбываецца этнакультуралагічнае развіццё асобы студэнта. Задача выкладчыка -- узбагаціць веды студэнтаў пра традыцыйную матэрыяльную і духоўную культуру беларускага народа; выпрацаваць уменне выяўляць этнакультурны фон, які стаіць за моўнымі адзінкамі – назвамі рэалій традыцыйнай культуры; сфарміраваць навыкі лінгвакультуралагічнага аналізу навуковых, публіцыстычных, мастацкіх тэкстаў культуразнаўчага зместу; удасканаліць уменне правільна ўжываць у маўленні нацыянальна маркіраваную лексіку; выхаваць пачуццё павагі да культурных каштоўнасцей беларускага і іншых народаў.

Пры вывучэнні тых ці іншых тэм, прадугледжаных праграмай курса “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”, мы пастаянна звяртаемся да этнакультурнага матэрыялу. Напрыклад, пры разглядзе пытання “Нацыянальная мова як крыніца духоўнай і інтэлектуальнай культуры народа” студэнтам біялагічнага факультэта прапануецца растлумачыць значэнне і гісторыю ўзнікнення фразеалагізмаў, прыказак, прымавак, у якіх адлюстраваны народныя ўяўленні пра жывёл і птушак: воўк не пастух, а свіння не агародніца; воўк дарогу перабег; ліса семярых ваўкоў ашукае; лісу злавіў; зайцаў хлеб; закідаць (заганяць) зайца; зайца драць; з зайцам у галаве; злавіць зайца; сабакам падшыты; сабак ганяць; у сабакі вачэй пазычыць; як сабака на сене; з роту сабакі скачуць; ушыцца ў сабачую шкуру; сабаку з’есці; добры сабака на вецер не брэша; добры сабака лепш за ліхога чалавека; хто бяду перабудзе – той за сабаку будзе; быў на кані і пад канём; казу пасвіць; меў чорт нарадзіцца, ды певень запеў; певень яму заспяваў на дарогу; падпусціць вераб’я; вераб’іная ноч; дзе бусел вядзецца, там шчаслівае месца; блёкату аб’еўся; выскачыў, як піліп з канапель; лоўма ты з канапель; прыбралася – хоць у каноплі стаў; калаціць зялёны мак; макам сесці; рэдзьку сеяць; надакучыў як горкая рэдзька; даць гарбуза і інш. Для пошуку неабходнай інфармацыі прапануецца звярнуцца да “Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў” І.Я. Лепешава і кнігі У.І. Коваля “Чым адгукаецца слова”.

У якасці дыдактычнага матэрыялу, які развівае моўную здагадку, актуалізуе ў свядомасці студэнта інтралінгвістычную і экстралінгвістычную інфармацыю, выкарыстоўваюцца загадкі: прыйдзе восень – заб’ю лася, галаву з’ем, шкуру злуплю, а мяса за плот выкіну (лён, каноплі); зверху гола, знізу калмата, цяплом багата (кажух); ты ідзі туды, а я сюды і сыдземся на пуповай гары (рэмень, пояс); сам у ботах, а хаджу на галаве (цвік у боце); у жываце – лазня, у носе – рэшата, на галаве – пупок, адна рука – і тая на спіне (чайнік); сядзіць пані ў жупане, хто жупан здзірае, той слёзы пралівае (цыбуля); лата на лаце і шва не знаці (капуста); стаіць дуб повен круп, а наверсе струп (мак); усе паны паскідалі жупаны, а трое паноў не скінулі жупаноў (сасна, елка і ядловец зімой); стаяць стаючкі, а на іх калючкі (хваёвыя дрэвы); зялёная, а не луг, белая, а не снег, кучаравая, а без валасоў (бяроза); стаіць у бары, маршчынкі на кары, галінкі густыя, лісты разразныя. Хто ён? (клён); баран стаіць, а воўна дрыжыць (асіна); паверх лесу агонь гарыць (рабіна); вісіць – зялёны, ляціць – жоўты, ляжыць – чорны (ліст); роўны з дрэвам, а неба і сонца не бачыць (асяродак дрэва); не сучок, не лісток, не кветка, а на дрэве расце (кара); малы малышак упаў з вышак, не так забіўся, як шапкі забыўся (жолуд); у гаршчочку маленькім каша смачненька (арэх); хоць у капелюшы, але галавы не мае (грыб); адна матка дванаццаць сыноў мае і на ўсіх націскае (граблі); не араты, не каваль, не плотнік, а першы на вёсцы работнік (конь); на полі і ў лузе ходзіць у кажусе (авечка); з барадою, а не дзед, з рагамі, а не бык, дояць, а не карова, лыкі дзярэ, а лапці не пляце (каза); з людзьмі сябруе, хату вартуе, жыве пад ганкам, хвост абаранкам (сабака); выйшла панна з трасок, на ёй сорак сарачок, а як вецер павее, гола цела віднее (курыца); ходзіць цар па градзе, носіць блін на барадзе (певень); без абручоў, без дна поўна бочачка віна (яйцо); што ў вадзе родзіцца і ў вадзе расходзіцца (соль); белы, як снег, салодкі, як мёд (цукар); вісіць вісёнца, сядзіць сядзёнца, каб ты не вісеў, я б не сядзеў (каўбаса і кот); прыйшоў хтось, узяў штось, пайшоў бы шукаць, ды следу не знаць (чалавек і лодка).

Для выпрацоўкі і замацавання арфаграфічных і пунктуацыйных навыкаў і ўменняў студэнтам прапаноўваюцца этнакультуралагічныя тэксты з максімальнай колькасцю прапушчаных арфаграм і пунктаграм. Для гэтага мы выкарыстоўваем вучэбны дапаможнік “Беларуская мова. Арфаграфія і пунктуацыя”, падрыхтаваны М.У. Бураковай, В.А. Ляшчынскай і З.У. Шведавай (Гомель, 2007 г.), дзе тэксты згрупаваны па тэматычных раздзелах (гісторыя Беларусі, нацыянальны характар, звычаі, традыцыі, асаблівасці матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў, прыродныя ўмовы, раслінны і жывёльны свет і інш.).

Вучэбныя тэксты этнакультуралагічнага зместу з’яўляюцца сродкам стварэння навучальнага, развіццёвага і выхаваўчага асяроддзя, спрыяюць фарміраванню камунікатыўна развітай асобы. Студэнты павінны не толькі ўставіць прапушчаныя арфаграму і пунктаграмы, але і падрыхтавацца да адказаў на пытанні паводле прапанаваных тэкстаў. У прыватнасці, пададзены тэксты Т. Кухаронак і У. Коваля, у якіх распавядаецца пра звычаі, прыкметы і абрадавыя дзеянні, звязаныя з будаўніцтвам жылля, засяленнем у новы дом, роляй тых ці іншых прадметаў побыту. Адпаведна выкладчык рыхтуе пытанні, на якія студэнтам неабходна знайсці адказ: Якую ролю адыгрывалі звычаі і абрады ў жыцці беларуса? Назавіце спосабы і магічныя прыёму выбару месца пад будаўніцтва дома?Чым кіраваліся пры выбары матэрыялу для будаўніцтва жылля? Што трэба было ведаць гаспадару і цеслярам пры будаўніцтве дома? З чаго пачыналася засяленне новага дома? На які час месяца прымяркоўваліся ўваходзіны і чаму? Хто звычайна заносіў першыя рэчы ў хату? У чым Вы бачыце мудрасць народнай педагогікі? Якія моманты ўваходзінаў сведчаць пра шчодрасць беларусаў? Як святкуюцца ўваходзіны ў вашай мясцовасці? Чаму парог лічыцца незвычайным месцам у хаце? З якімі вераваннямі звязаны звычай ‘прысесці на дарожку’? Чаму не вітаюцца праз парог? Як выкарыстоўваецца парог у народнай медыцыне? Чаму ў час вяселля малады пераносіў жонку ў хату на руках? Калі да “парогавай магіі” звярталіся дзяўчаты? Якія яшчэ прыкметы, звязаныя з парогам, Вы ведаеце?Чаму дзяжу лічылі жывой істотай? Як выбіралі дзяжу? З чаго пачыналася выкарыстанне новай дзяжы? Як абыходзіліся гаспадыні з дзяжой, калі хлеб не ўдаваўся? Як выкарыстоўваецца дзяжа ў народнай медыцыне? Як выкарыстоўвалася дзяжа ў шлюбнай магіі і вясельнай абраднасці?

Не меншую цікавасць у студэнтаў выклікаюць тэксты, прысвечаныя нацыянальнай кухні, абрадавым стравам. А паколькі ў нашай навучальнай установе ёсць студэнты з Украіны, Туркменіі, Кітая, то на занятках мы не толькі дзелімся рэцэптамі, але наладжваем і дэгустацыю прыгатаваных страў, якая прымяркоўваецца да Калядаў, Новага года па кітайскім календары, Масленіцы, Гукання вясны, Вялікадня.

Такім чынам, праз этнакультуралагічны падыход да вывучэння беларускай мовы студэнты набываюць уменні выяўляць у фальклорных творах, тэкстах мастацкай літаратуры, публіцыстыкі нацыянальна афарбаваныя адзінкі мовы – найменні рэалій традыцыйнай культуры беларусаў; раскрываць унутраную форму слоў, якія абазначаюць з’явы матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа; тлумачыць (самастойна або з дапамогай лінгвістычных і энцыклапедычных слоўнікаў) культурную семантыку слоў, якія называюць факты традыцыйнай беларускай культуры; раскрываць сэнс сімвалаў нацыянальнай культуры; вызначаць функцыю нацыянальна маркіраваных адзінак мовы ў культуразнаўчых тэкстах; правільна ўжываць у маўленчай дзейнасці нацыянальна афарбаваную лексіку; выкарыстоўваць факты беларускай і іншых моў для ацэнкі з’яў традыцыйнай культуры.



Відавочна, што выкарыстанне этнакультурнага матэрыялу на занятках па беларускай мове спрыяе эфектыўнасці навучання і выхавання, накіравана не толькі на падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў, але і прадстаўнікоў соцыуму, якія валодаюць высокімі маральнымі і грамадзянскімі якасцямі, ведаюць і цэняць культурную спадчыну свайго народа.
Літаратура


  1. Колас, Я. Методыка роднай мовы: зб. твораў/ Я. Колас. – Т. 12. – С. 321.

  2. Буракова М. У. Беларуская мова. Арфаграфія і пунктуацыя / М.У. Буракова, В. А. Ляшчынская, З. У. Шведава, пад. рэд. В.А. Ляшчынскай; М-ва адукац. РБ, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2007. – 237 с.

Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> Салавей Г. С. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, г. Брэст
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал