Хатынь – святыня нацыянальнай памяці




Дата канвертавання26.05.2018
Памер258.89 Kb.



Хатынь – святыня нацыянальнай памяці
У вераснёўскія дні 1939 года вайна закранула чорным крылом і беларускія землі. Заходняя Беларусь стала арэнай баявых дзеянняў нямецкіх, польскіх і савецкіх войскаў. Таталітарныя рэжымы перакройвалі карту Еўропы.

Першай ахвярай агрэсіі стала Польшча. Далей, на працягу 1939 – 1941 гадоў нямецкія войскі захапілі Данію, Люксембург, Бельгію, Галандыю, Нарвегію, Францыю, Югаславію, Грэцыю.

Аднак Другая сусветная вайна якасна адрознівалася ад папярэдніх. Услед за наступаючымі арміямі Вермахта ішлі войскі СС, асноўнай задачай якіх было задушэнне ўсялякага супраціву акупантам. Ва ўсіх краінах Еўропы захопнікі ўжывалі сістэму закладніцтва. Жорсткасць у адносінах да мірных жыхароў карнікі тлумачылі барацьбой з рухам Супраціву. Але гэта была толькі маска. Жыхары горада Быдгашч зрабіліся ледзь не першымі ахвярамі нямецкага ўварвання ў Польшчу. У якасці закладнікаў там было знішчана 500 мірных жыхароў.

А неўзабаве вайна пасунулася і да межаў Беларусі.

Яшчэ 30 сакавіка на нарадзе вышэйшага каманднага складу Вермахта Гітлер заявіў, што вайна супраць Савецкага Саюза будзе весціся «на знішчэнне», бо «на Усходзе самая жорсткасць – дабро для будучыні». Ужо быў падпісаны план «Барбароса», на чарзе былі план «Ост», «Інструкцыя аб асобых вобласцях да дырэктывы № 21 (план «Барбароса»)», «Аб ваеннай падсуднасці ў раёне «Барбароса» і асобых паўнаважаннях войскаў». Гэтыя і іншыя дакументы пераканаўча сведчаць, што вайна на Усходзе планавалася сапраўды вынішчальнай і надзвычай жорсткай, асабліва ў адносінах да мірнага насельніцтва.

На захопленай тэрыторыі быў ўсталявалі надзвычай жорсткі акупацыйны рэжым. Пачалося абрабаванне народа, вываз матэрыяльных каштоўнасцяў, забойствы мірных жыхароў. Падставай для масавага знішчэння людзей была барацьба з рухам Супраціву, з падполлем і партызанамі. На нарадзе 16 ліпеня 1941 года Гітлер заявіў: «Партызанская вайна дае нам магчымасць вынішчаць усё, што паўстае супраць нас».

Загад начальніка штаба галоўнага камандавання ўзброеных сіл Германіі фельдмаршала Кейтэля ад 16 верасня 1941 года абвяшчаў: «Калі ў гэтай барацьбе з бандамі партызанаў як на Усходзе, так і на Балканах не будуць ужыты самыя найжорсткія меры, тады ў недалёкай будучыні нам не хопіць маючыхся сіл, каб зладзіцца з гэтай чумой. Таму войскі правамоцны і абавязаныбез усялякіх абмежаванняў выкарыстоўваць у гэтай барацьбе любыя сродкі, у тым ліку супраць жанчын і дзяцей, абы гэта вяло да поспеху».

Бязлітаснасць у адносінах да мірнага насельніцтва захопнікі тлумачылі тым, што караюць толькі партызан і іх памагатых. Закладніцтва набыло масавы характар. Забойствы бязвінных людзей адбываліся па ўсёй краіне і ў розных формах – ад растрэлаў у час аблаваў да пагалоўнага вынішчэння населеных пунктаў. Гітлераўцы лічылі, што масавыя пакаранні смерцю, знішчэнне мястэчкаў і вёсак разам з людзьмі павіна было пасеяць жах сярод насельніцтва акупаваных тэрыторый.

Сімвалам лютасці гітлераўскіх акупантаў у адосінах да мірных людзей стала вёска Хатынь.
Трагедыя

Напярэдадні таго жахлівага дня ў вёску Хатынь прыйшлі партызаны атрада «Мсціўца» брыгады «Дзядзькі Васі» (Варанянскага). Яны мелі задачу правесці дыверсію на шашы Лагойск – Плешчаніцы. Адна рота партызан спынілася на начлег у Хатыні, другая – у суседняй вёсцы Мокрадзь. Раніцай 22 сакавіка 1943 года партызаны (каля 150 чалавек) выехалі лесам да шашы. Там яны пашкодзілі сувязь і арганізавалі засаду.

Каля 9.30 гадзін раніцы ў плешчаніцкім гарнізоне стала вядома, што адсутнічае сувязь з Лагойскам. Праверыць і адрамантаваць лінію выехала група нямецкіх сувязістаў пад аховай двух узводаў паліцыі 1-й роты 118-га паліцэйскага ахоўнага батальёна, які дыслакаваўся ў Плешчаніцах.
Машыны рухаліся маруда, відавочна, сувязісты правяралі лінію, шукалі места пашкоджання.

Партызаны знаходзілія ў засадзе ўжо больш за дзве гадзіны. Урэшце, каля 11 гадзін раніцы з боку Плешчаніц з’явілася невялікая калонна машын – два грузавікі і легкавік. Гэта рухаліся сувязісты і паліцэйскія. Нечакана з боку леса раздаліся стрэлы. Паліцэйскія трапілі ў засаду, арганізаваную партызанамі. Пачаўся бой, у час якога былі забіты шэф-камандзір роты гаўптман Ганс Вельке і двое паліцэйскіх. Некаторыя паліцэйскія былі паранены. Партызаны страт не мелі і адыйшлі ў лес.

Паліцэйскія іх не пераследвалі. Адзін узвод паліцэйскіх замацаваўся на месцы бою. Адначасова, па загадзе камандзіра ўзвода В.Мялешкі, былі арыштаваны жыхары вёскі Казыры, якія па загаду акупацыйных уладаў займаліся высечкай лесу непадалёк ад месца засады. Паліцэйскія палічылі, што гэтыя людзі неяк звязаны з партызанскай засадай і павялі іх пад канвоем у Плешчаніцы. Сам Мялешка выехаў у штаб батальёна. У гарнізоне была ўзнята трывога, частка батальёна выехала да месца бою. Убачыўшы машыны з карнікамі, арыштаваныя лесасекі палічылі, што іх зараз расстраляюць і пачалі разбягацца. Паліцэйскія адкрылі агонь па безабаронных людзях. Было забіта 26 чалавек, яшчэ пяць было паранена. Тых, хто застаўся жывы, пад канвоем накіравалі ў Плешчаніцы.

Па адноўленай лініі сувязі для пераследу і знішчэння партызан было выклікана падмацаванне. Паліцэйскія прыбыткі да месца бою недзе каля 13 гадзін дня. Пазней прыбыла з Лагойска рота батальёна СС «Дзірлевангер» і каманда СД .


Каля дзвюх гадзін дня карнікі яшчэ знаходзіліся на шашы, вызначаючы план аперацыі. Сілы карнікаў складаліся з 150-160 паліцэйскіх і каля 100 эсэсаўцаў. Пасля карнікі рушылі па слядах партызан, прачэсваючы лес. Рухаліся па перасечанай мясцовасці павольна, цягнулі на сабе цяжкае ўзбраенне (гарматы, мінамёты, станкавыя кулямёты). Прачэсванне заняло не меней гадзін-паўтара.

Каля 15 гадзін карнікі выйшлі да вёскі Хатынь. Партызаны ў гэты момант яшчэ знаходзіліся ў вёсцы. Іх адпачынак неапраўдана зацягнуўся. Менавіта гэта канстатаваў загад камандзіра партызанскай брыгады В.Т. Варанянскага, які строга забараняў партызанам начлегі і дзённыя прыпынкі ў вёсках, як групам, так і асобным байцам, паколькі вынікам гэтага акупанты знішчаюць мірнае насельніцтва.

Карнікі пачалі акружаць вёску. У абыход пайшлі эсэсаўцы і паліцэйскія 3-й роты. 1-я паліцэйская рота рассыпалася і праз поле рушыла на вёску. Наступ карнікаў прыкрываў агонь з мінамётаў і станковых кулямётаў «Максім». Агонь вёўся па партызанах, якія пакінулі вёску. Падчас абстрэлу 3 партызана было забіта і 5 паранена. Былі забіты і некаторыя жыхары Хатыні.

Данясенне камандзіра 118-го паліцэйскага ахоўнага батальёна маёра Кернэра даводзіць, што паліцэйскія сілы сутыкнуліся ў вёсцы з зацятым супраціўленнем, агонь па карніках вёўся з кожнай хаты і прыйшлося ўжыць цяжкае ўзбраенне. Згодна данясенню падчас бою было забіта 34 «бандыта» і нявызначаная колькасць мірных жыхароў вёскі, частка якіх загінула ў полымі пажару.

Аднак эсэсаўцы батальёна Дзірлевангера, якія занялі вёску першымі, у сваіх сведчаннях, дадзеных следству ў 1961 годзе, сцвярджалі, што партызан у вёсцы было мала, ці не было наогул, паколькі іх асабіста яны не бачылі. Пры гэтым паліцэйскія і эсэсаўцы ўспаміналі ці кароткі бой, ці абстрэл вёскі з гармат, мінамётаў і кулямётаў.

З усяго гэтага вынікае, што данясенне маёра Кернэра хлуслівае. Ніякага бою ў Хатыні не было. Як толькі партызаны заўважылі карнікаў, якія акружалі вёску, то адразу хутка пакінулі яе. Некалькі адзінкавых стрэлаў у разлік можна не прымаць, паколькі былі яны хутчэй сігналамі трывогі, папераджальнымі стрэламі . Карнікі ці не паспелі замкнуць кальцо акружэння, ці пакінулі партызанам выхад, каб не ўцягвацца ў бой непасрэдна ў вёсцы.

Партызаны адыйшлі ў лес. Карнікі іх не пераследвалі. Верагодна, палічылі, што у лесе можна наляцець на яшчэ адну засаду. Яны заняліся больш бяспечнай і жахлівай справай – рабаўніцтвам і знішчэннем безабаронных людзей.

Адно з самых галоўных пытанняў – хто аддаў злачынны загад пра такое нялюдскае пакаранне смерцю мірных жыхароў? У апошні час гэта пытанне набыло палітычнае адценне і асноўным вінаватым называецца Р. Васюра. Ніхто ніколі не здыме віны з гэтага ката, але аддаць такі загад ён не мог, паколькі займаў усяго толькі пасаду начальніка штаба 118-го паліцэйскага ахоўнага батальёна. Разам з ім у знішчэнні людзей удзельнічалі і камандзір батальёна маёр К. Смоўскі, і шэф-камандзір батальёна маёр Э. Кернэр, іншыя камандзіры паліцэйскіх і эсэсаўцаў. Быў яшчэ адзін нямецкі афіцэр СС, якога ніхто з удзельнікаў аперацыі не ведаў. Хто гэта быў? Зусім незадоўга да гэтых жудасных падзей, 2 сакавіка 1943 года загадам начальніка ахоўнай паліцыі і СД Беларусі ў Лагойск быў накіраваны батальён Дзірлевангера і каманда СД пад камандаваннем гауптштурмфюрэра СС А. Вільке.

Паводле загада пра арганізацыю барацьбы з партызанамі ў Генеральным камісарыяце Беларусь ад 18 лістапада 1942 гады толькі начальнік каманды СД меў выключнае права вырашаць – спальваць вёскі ці не, знішчаць ці эвакуяваць іх жыхароў. Такім чынам, загад пра знішчэнне Хатыні, забойстве жанчын і дзяцей аддаў гауптштурмфюрэр СС А. Вильке.

Калі пачалася страляніна, партызаны сталі пакідаць вёску. За імі пабег 12-гадовы Уладзімір Яскевіч. Аднак да лесу ён не ўцёк, а схаваўся непадалёк ад вёскі ў яме, дзе захоўвалі бульбу. Што рабілі карнікі, ён не бачыў, толькі чуў страляніну, бачыў пажары і вялікі дым. Хлопчык так спалохаўся, што не чуў ляманту людзей, яму здавалася, што вакол усё гудзе і шуміць. Чамусці ён спадзяваўся, што жыхары пакінулі вёску, што яго сям’я паспела схавацца ў лесе. Неўзабаве да ямы, дзе хаваўся хлопчык, падыйшлі два немца. Адзін узняў аўтамат і хацеў стрэліць, але не зрабіў гэтага. Паразмаўляўшы паміж сабой немцы пайшлі. Ужо пасля Уладзімір даведаўся, што ўся яго сям’я загінула.

Здолела схаваца і выратавацца сястра Уладзіміра – Соф’я Яскевіч.

Дом Жалабковічаў стаяў на ўскрайку вёсцы. Калі ўсчынілася страляніна, Сцепаніда Аляксееўна, маці 12-гадовага Сашы, загадала сыну ўцякаць з вёсцы. Хлопчык ускочыў на каня і памчаўся з вёскі.

Спыніўшы абстрэл, карнікі акружылі вёску і пачалі выганяць людзей з дамоў. Мужчын, жанчын і дзяцей прывялі ў цэнтр, дзе знаходзілася пуня. Туды заштурхалі сем’і Бараноўскіх і Жалабковічаў, Навіцкіх і Жыдовічаў, Яскевічаў і Іотка, Рудак, Карабан, Клімовічаў, Іосіфа Федаровіча…

Два годзіка было Мішу Навіцкаму, Юзіку Іотка, Леначцы Мірановіч, Мішу Яскевічу, Валодзі Карабан, тры гады выканалася Хрысціне Рудак, Ганначцы Федаровіч, Рае Жалабковіч, Васі Мірановічу. Пяты годзік ішоў Ганне Яскевіч, Антону Навіцкаму, Сцёпе Іотка, Юзе Іотка, Кастусю Карабану.Самы маленькі, сямітыднёвы немаўля Толік апынуўся там разам з сваёй маці девятнаццацігадовай Верай Яскевіч.

149 чалавек былі забіты ці згарэлі жывымі ў агні.

Толькі двое дзяцей выратаваліся з полымя – сямігадовы Віктар Жалабковіч і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі.

Віктар быў побач з маці каля дзвярэй пуні. Ганна Жалабковіч выбегла з вогненнага пекла, моцна трымаючы за руку сына. Куля прабіла левае плячо хлопчыка. Ад наступных куль яго ўратавала мама. Ужо падаючы, яна закрыла сабою параненага сына.

З дзевяці дзяцей Іосіфа і Ганны Бараноўскіх жывым застаўся толькі Антон. Ён паспеў адбегчы ад пуні, калі куля ўдарыла яго ў левую нагу. Сплываючы крывёю, хлопчык чуў, як страшана крычалі людзі, што гарэлі жывымі.

У той жахлівы дзень выратаваліся яшчэ дзве дзяўчынкі – Юля Клімовіч і Марыя Федаровіч. Ім, моцна абпаленым, далі прытулак сяляне хутара Хварасцені. Але на свеце пажылі яны ня доўга. Пад час чарговай карнай аперацыі адна з іх была спалена разам з сям’ей, што прытуліла яе. Другую кáты забілі, а цела кінулі ў студню.

Шчаслівы выпадак выратаваў жыццё двум хатынкам – Таццяне Карабан і Соф’і Клімовіч. У гэты дзень яны былі ў сваякоў у навакольных вёсках.

На трэці дзень пасля трагедыі жыхары навакольных вёсак пахавалі целы забітых і спаленых людзей у трох магілах. Над кожнай быў усталяваны крыж. Пасля вайны на гэтым месцы быў пастаўлены сціплы абеліск з зоркай. У ліпені 1964 года над магілай жыхароў Хатыні быў усталяваны помнік «Смуткуючая маці».
Мемарыял

Спачатку была вёска Велье, што на Віцебшчыне. Там, як і ў сотнях беларускіх вёсках, гітлераўскія каты спалілі жывымі людзей. Разам з дзецьмі. Менавіта на гэтым месцы у 1966 годзе нарадзілася ідэя ўвасобіць у велічным помніку памяць аб пазнішчаных людзях.

На думку тагачаснага першага сакратара ЦК кампартыі Беларусі Пятра Машэрава ажыццявіць праект трэба было бліжэй да сталіцы: Сёмкаў Гарадок, Дальва, Хатынь, іншыя месцы, дзе адбываліся трагедыі. Абрана была Хатынь.

У сакавіку 1966 года Саюз архітэктараў Беларусі аб’явіў конкурс на праект мемарыяла. Удзельнікі конкурса наведалі месца, дзе стаяла Хатынь, каб адчуць трагедыю і сустрэцца з адзіным ацалелым дарослым сведкам – Іосіфам Камінскім. Тады ўпершыню на пустым полі прагучаў апровяд пра той страшэнны дзень. Камінскі паказаў тое месца, дзе гарэлі людзі…

Лепшым быў прызнаны праект групы маладых архітэктараў Юрыя Градава, Валянціна Занковіча і Леаніда Левіна. Стварыць скульптуру запрасілі народнага мастака БССР Сяргея Селіханава.

Працу па стварэнню мемарыяльнага ансамбля ўзяў пад апеку Пётр Машэраў.

Ствараўся помнік паэтапна. Да снежня 1968 года было скончана будаўніцтва першай чаргі. Мемарыяльны ансамбль паўтараў планіроўку загубленай вёскі: постаць «Няскоранага», які першапачаткова нібы выходзіў з палаючай пуні і глядзеў на магілу хатынцаў, на «Вянок памяці», галоўная вуліца вёскі з перакрыжаваннямі дзвух невялікіх, абеліскі ў выглядзе абпаленых комінаў на месцах спаленых хат, мемарыяльныя таблічкі з імёнамі забітых людзей…

У апошнія дні снежня 1968 года ў Беларусі рыхтаваліся адзначыць 50-годдзе з дня стварэння БССР. На ўрачыстасці ў Мінск прыехалі кіраўнікі рэспублік СССР, вышэйшая эліта камуністычнай партыі. Прыбыў і Л.І. Брэжнеў.

Пётр Машэраў павёз высокіх гасцей у Хатынь. Чакалі і прыезду Брэжнева. Але Брэжнеў не прыехаў у Хатынь. Ні ён і ніхто з вышэйшых партыйных кіраўнікоў СССР ні разу не быў у Хатыні. Наведаў Хатынь толькі Міхаіл Гарбачоў.

А ў снежні 1968 года Машэраў асабіста вадзіў гасцей па Хатыні. Шчымлівы настрой ахапіў усіх прысутных. І тады прагучала прапанова Кірыллы Мазурава, аднаго з былых кіраўнікоў БССР – не спыняцца толькі на мемарыяле загінуўшай вёске, данесці праз трагедыю Хатыні трагедыю ўсяго беларускага народа.

У студзені 1969 года было вырашана ўшанаваць памяць вёсак, што падзялілі лёс Хатыні і людзей, што загінулі ад рук гітлераўцаў на тэрыторыі Беларусі.

30 чэрвеня 1969 года адбылася закладка ва ўрны на Хатынскім мемарыяле зямлі ўзятай на месцах 136 вёсак, якія былі цалкам спалены гітлераўцамі і не адрадзіліся пасля вайны. У Хатынь пыбылі дэлегацыі ад сельскіх саветаў, якія прадстаўлялі вёскі, знішчаныя карнікамі. Дэлегацыі неслі ўрны з зямлей у сваім мастацкім аздабленні: шкатулкі, гільзы ад снарадаў, інкруставаныя хаткі, дэкаратыўнае гняздо бусла. Прывезеная зямля назаўсёды змяшалася з зямлёй Хатыні…

Урачыстае адкрыццё мемарыяла адбылося 5 ліпеня 1969 года. Цырымонія пачалася ў Мінску. На плошчы Перамогі ад Вечнага агня была запалена паходня і ўсталявана на бронетранспарцёры. У суправаджэнні ганаровай варты працэсія рушыла ў Хатынь.

У той дзень на ўрачыста-траурны мітынг у Хатынь прыбылі дэлегацыі Мінска і сталічнай вобласці, абласцей, раёнаў і гарадоў Беларусі, дэлегацыі ад ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Вярхоўнага Савета БССР, Мінскага абкама КПБ і аблвыканкама, ваенных Беларускай акругі, беларускіх прафсаюзаў, камсамола рэспублікі… У прысутнасці першых асоб Беларусі быў запалены Вечны агонь.

Аднак і пасля адкрыцця праца не спынялася. Быў усталяваны на павароце з шашы бетонны паказальнік «Хатынь», цэнтральная частка мемарыяла была выбрукавана камянём, павернута да галоўнага ўваходу скульптура, рэканструяваны былыя вясковыя вуліцы.

За кароткі час мемарыяльны комплекс «Хатынь» атрымаў усенароднае прызнанне. У 1970 годзе за стварэнне мемарыяльнага комплекса аўтарскі калектыў быў ганараваны званнем лаўрэатаў Ленінскай прэміі.


Попел Хатыні грукае ў сэрца

«Сімвалічны тын», «Няскораны», «Вянок Памяці»
Мемарыяльны ансамбль пачынаецца ад сімвалічнага тыну. Некалі тынам, не бетонным, драўляным, абгароджваліся хутары і вёскі Беларусі. Некалі тут была мяжа вёскі Хатынь. Тут сустракалі гасцей, развітваліся з сябрамі, тут ладзіліся вясельныя абрады і рэлігійныя рытуалы. Тут 22 сакавіка 1943 года бяда пагрукала ў хатынскую браму… На мемарыяльных плітах застылага ў бетоне тыну лічбы стратаў Беларусі ў гады вайны: 209 разбураных гарадоў і мястэчак, 9200 спаленых вёсак, 2 мільёны 230 тысяч чалавек. Гэтыя лічбы і іншыя, якія ёсць на мемарыяле, адносяцца да часу стварэння помніка. З таго часу мінула ўжо амаль паўстагоддзя. Сталі вядомыя новыя дакументы, архіўныя матэрыяла. І лічбы,нажаль, толькі ўзрастаюць…

Далей брукаваная плітамі дарога вядзе да месца, дзе адбылася трагедыя. Над усім ўзвышаецца бронзавая постаць велічнага ў сваёй жалобе старога з мёртвым хлопчыкам на руках. Вочы старога ўзіраюцца ўдалячынь і ў кожнага, хто падыходзіць да гэтага святога месца. Ён стаіць перад усімі, як вобраз беларуса, які выйшаў з полымя.

«Няскораны» – так завецца гэтая скульптура. Гэта не помнік Іосіфу Камінскаму, як іншы раз памылкова лічаць. Гэта – зборная выява. Выява трагізму, мужнасці, праклёну нацызму, нянавісці і вайне. Гэта помнік усім, хто перажыў крывю і жах вайны, згубіў самае дарагое – сваіх родныхі блізкіх, але вытрываў і не зламаўся, не скарыўся.

На трэці дзень пасля трагедыі жыхары навакольных вёсак пахавалі целы забітых і згарэлых людзей у трох брацкіх магілах. Над кожнай быў усталяваны крыж. Пасля вайны на магіле быў пастаўлены сціплы абеліск.

Калі ствараўся мемарыял на гэтым месцы быў насыпаны невялікі курган і ўсталяваны Вянок Памяці, як сімвалічны зруб новага дома, як сімвал шчасця, якое не адбылося. Словы на Вянку – сімвалічны зварот хатынцаў да ўсіх, хто жыве сёння:
«Людзі добрыя, помніце:

мы любілі жыццё, і Радзіму нашу, і вас, дарагія.

Мы згарэлі жывымі ў агні.

Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца

ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы

мір і спакой на зямлі.

Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не

ўмірала!»


Сёння гэтыя словы, напісаныя Народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам, словы, якія ідуць ад сэрца, такі ж элемент мемарыялу як і званы на абелісках-комінах.

Насупраць магілы жыхароў Хатыні знаходзіцца сімвалічны дах пуні. Дах нібы давіць на зямлю, хаваючы пад сабой попел Хатыні. Сколванні ў цэнтры падкрэсліваюць кульмінацыйны момант трагедыі. Клінападобная светлая дарога сімвалізуе сабою Апошні Шлях забітых і спаленых людзей. Клінападобная, як сімвал узростаў людзей, якія загінулі ў гэты жахлівы дзень, пачынаючы ад маленькіх дзяцей і заканчваючы пажылымі людзьмі.

Плошча побач з помнікамі выбрукавана няроўным каменнем. Гэта зроблена адмыслова, каб людзі праходзячы каля гэтага святога месца, не спяшаліся, мімаволі прыпынялі крок і схілялі галовы.
Мемарыяльны ансамбль паўтарае планіроўку вёскі. Там, дзе стаялі чатыры студні, можна пабачыць шэрыя бетонныя дахі. Дваццаць шэсць хатаў было ў Хатыні. Дваццаць шэсць асмаленых печак засталося пасля сыхода карнікаў. Попелавы колер бетонных плітаў уздоўж вясковых вуліцаў. Расчыненыя каліткі – сімвал адвечнай гасціннасці жыхароў Хатыні, гасціннасці беларускай зямлі. Сімвал таго, што ніхто не ведае, хто ўвойдзе ў тую брамку – сябра ці вораг.

Там, дзе стаялі чатыры студні – шэрыя трохкутныя дахі. І белы мармур – колер вады, чысціні і нявіннасці. Колер надзей, якім, нажаль, не наканавана было спраўдзіцца.

Попелавы колер застылых падмуркаў вясковых хат. Чорная, нібы прысак, зямля. Вертыкальныя абеліскі ўзвышаюцца, нібы коміны печак. Зрэз у падножжа, нібы пасечаныя лёсы тых, хто жыў у гэтым доме. Таблічкі з імёнамі жыхароў. На кожнай – узрост дзяцей. Абеліскі ўвянчаны званамі. Кожныя трыццаць секунд іх сумны гук плыве над Хатынню. Званы нібы аплакаюць памерлых і клічуць жывых. Іншы раз гавораць, што гэта размаўляюць паміж сабою жыхары спаленай вёскі.
«Могільнік вёсак»

30 чэрвеня 1969 года ў Хатыні адбылася ўрачыстая цырымонія закладу ва ўрны зямлі беларускіх вёсак, якія былі знішчаны нацыстамі разам з людзьмі і не адрадзіліся пасля вайны. На могільніку знаходзіцца 185 сімвалічных магілаў. 186-я – Хатынь. Шэрагамі ідуць 5 вёсак Брэсцкай вобласці, 108 – Віцебскай, 5 – Гродненскай, 18 – Гомельскай, 34 – Мінскай, 15 – Магілёўскай.

Попелавы падмурак, чорная, нібы выпаленая зямля, чорная ўрна ўзвышаецца на бетонным полымі, што нагадва і пажарышча вайны, і Вечны агонь. Урны захоўваюць зямлю з месцаў, дзе былі знішчаны вёскі і людзі: Антонаўка, Боркі, Велье, Гані, Дальва…

«Могільнік вёсак» – адзіны на ўсёй Зямлі!


Вёска Драмлёва Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці

Трагедыя пачалася на досвітку 11 верасня 1942 года. Вёска не чакала бяды, калі яе пачалі акружаць карнікі. Яны заходзілі ў хаты, выцягвалі людзей, гналі на вуліцу. Некаторыя вырашылі, што будзе аблава, што будуць забіраць моладзь у Германію, спрабавалі схавацца, але дарма. Мужчын, маладых і старых, хлопчыкаў-падлеткаў загналі ў хлеў. Жанчын і дзяцей у суседнія пабудовы. Хлопчык Мікалай Ермашук бачыў, як каты вырывалі ў яго сястры Марыі з рук яе трохгадовага сына Васю. Дзверы хлява расчыніліся і карнік гучна закрычаў па-руску: «Четыре человека – выходи!». Тых, хто выйшаў, адразу забілі стрэламі ў патыліцу. Пасля каты стралялі па ўсіх, хто знаходзіўся ў хляве. Колю выратавалі бацька і брат, якія мёртвымі ўпалі на яго. Коля бачыў, як штурхаў свайго паміраючага бацьку сямігадовы Міша Данілюк: «Татачка, міленькі, бяжым адсюль!» А навокал ужо шугала полымя – карнікі падпалілі хлеў. Побач гарэлі пабудовы, дзе гітлераўцы зачынілі жанчын і дзяцей. Апошнія крыкі драмлёўцаў было чуваць нават у суседніх вёсках.

Так загінула Драмлёва. 286 бязвінных людзей, з іх – 124 дзяцей. Больш Драмлёва ніколі не адрадзілася. На месцы спаленай вёскі насыпаны курган. Побач з ім – застылыя ў скрухе бронзавыя фігуры трох жанчын.
Некалькі шэрагаў сімвалічных магіл – спаленыя вёскі Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці: Абразеява, Аніськава, Баравок, Бузава, Васілеўшчына, Венкелева, Верхняе Стунжава, Жарнасекі, Калюты, Кулакова, Папартнава, Сакалова... Жалобны мартыролаг вёсак Верхнядзвіншчыны, якія ніколі больш не аднавіліся, можна чытаць доўга. Гэтыя вёскі былі знішчаны нацыстамі падчас карнай аперацыі «Зімовае чараўніцтва». Яна праводзілася ў лютым–сакавіку 1943 года каля паўднёва-усходняй мяжы Латвіі на тэрыторыі Асвейскага, Дрысенскага, Расонскага раёнаў Беларусі і Себежскага раёна Расіі. Па тэрыторыі Віцебскай вобласці ўздоўж латвійскай мяжы павінна была прайсці 30-ці кіламетровая зона «выпаленай зямлі», каб перашкодзіць пранікненню партызан на тэрыторыю Прыбалтыкі. Таму ўдарнай сілай карнікаў падчас аперацыі былі не нямецкія падраздзяленні, а латышскія паліцэйскія батальёны. Усе вёскі павінны былі быць спалены, іх жыхары – вынішчаны або вывезены на прымусовыя работы.

Агульныя страты карнікаў і партызан за час палутарамесячных баёў адносна невялікія. Было забіта і паранена прыблізна 90-100 паліцэйскіх і 200-220 партызан. Страты мірнага насельніцтва непараўнальныя – спалена 439 населеных пунктаў, забіта, спалена, закатавана каля 12 тысяч мірных людзей. Яшчэ больш 7 тысяч людзей было ўгнана на прымусовыя работы, у тым ліку ў канцлагер Саласпілс. Некалькі тысяч з іх неўзававе загінула. У Саласпілсе адбываліся жахлівыя сцэны, калі ў бацькоў адымалі дзяцей, каб пасля размеркаваць частку з іх паміж насельніцтвам Латвіі. Але большасць дзяцей былі ў такім знясіленым стане, што большасць з іх памёрла ад хвароб.

Здзекі нацыстаў над мірнымі людзьмі перавышалі нават злачынныя загады. У вёсцы Бяляны Асвейскага раёна карнікі па-зверску расправіліся з сям’ёй Юхневічаў на вачах у маці зарэзалі яе дзяцей – 8-мі гадовага Віцю і 7-мі гадовую Веру, палутарагадоваму Жэню разбілі галаву. Пасля забілі нажамі і іх маму.
Вёска Росіца Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці

Сімвалам жахаў карнай аперацыі, эпіцэнтрам трагедыі Верхнядзвіншчыны стала мястэчка Росіца. І сёння ўзносіць там свае вежы Траецкі касцёл – маўклівы сведка трагедыі.

16 лютага нацысты пачалі зганяць у касцёл мясцовых людзей. Пасля гналі ўсё новыя і новыя групы мірных жыхароў з навакольных вёсак. Касцёл напоўніўся старымі, дзецьмі і жанчынамі, якія трымалі немаўлят. Сярод натоўпу былі ксяндзы Антоні Ляшчэвіч, Юры Кашыра і сёстры-еўхарысткі. На працягу пяці халодных дзён і начэй слухаў храм енкі і плач людзей. Ксяндзы падтрымлівалі людзей, суцяшалі, спавядалі, хрысцілі тых, хто жадаў прыняць хрышчэнне.

Нямецкі афіцэр даў магчымасць ксяндзам і сёстрам выходзіць і заходзіць у будынак касцёла. Гэтую магчымасць яны выкарыстоўвалі, каб выпякаць хлеб і знаходзіць любую іншую ежу для людзей, якія заставаліся зачыненымі ў храме.

Урэшце, надыйшоў апошні дзень. Карнікі дазволілі ксяндзам і сёстрам пакінуць Росіцу. Па загадзе ксяндзоў сёстры пакінулі мястэчка. Аднак Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра адмовіліся пакінуць людзей, хаця і маглі выратаваць сабе жыццё.

Большасць захопленых мірных жыхароў Росіцы былі спалены жыўцом ў калгасных стайнях. 1528 чалавек. Разам са сваімі прыхаджанамі прынялі страшэнную пакутніцкую смерць і каталіцкія святары.

Ахвяру святароў прызнаў подзвігам увесь каталіцкі свет: у 1999 годзе Расіцкія ксяндзы былі кананізаваныя Папам Рымскім Янам Паўлам II як святыя пакутнікі.
Крывавы след пакінула на зямлі Беларусі карная аперацыя «Котбус», якая праводзілася з 20 траўня па 21 чэрвеня на тэрыторыі Бягомльскага, Барысаўскага, Докшыцкага, Лепельскага і Плешчаніцкага раёнаў. У час яе карнікі знішчылі дзесяткі вёсак, расстралялі, закатавалі і спалілі 9786 чалавек. Угналі на прымусовыя работы ў Германію больш за 6000 чалавек.
Вёска Шунеўка Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці
Раніцай 22 траўня 1943 года карнікі прыйшлі ў вёску Шунеўка Бягомля. Людзей зачынілі ў сараі на ўскрайку вёскі і спалілі. Маленькіх дзяцей каты патапілі ў студні: Кірвель Маша (7 год), Кірвель Ліда (4 гады), Кірвель Міша (2 гады), Васількевіч Саша (6 год), Васількевіч Віця (5 год), Руткоўскі Пеця (5 год), Каляга Вова (4 гады), Ананіч Люся (3 гады), Ананіч Пеця (6 год), Ананіч Фаіна (5 год), Ананіч Вова (2 гады), Ананіч Люся (1 год), Ананіч Толя (6 год), Ананіч Ліда (3 гады).

Толькі траім жыхарам атрымалася выратавацца – Канстанціну Ананічу, які неўзабаве памёр, яго дачцэ Соне Ананіч і яе стрыечнаму брату Уладзіміру Руткоўскаму. 

3 ліпеня 1983 года на месц спаленай вёскі быў адкрыты мемарыял «Праклён фашызму». Архітэктары комплексу, аўтары Хатынскага мемарыялу Юры Градаў і Леанід Левін, і скульптар Анатоль Анікейчык зноў здолелі паказаць боль памяці і жудасць вайны.


Вёска Трысцень Лагойскага раёна Мінскай вобласці

7 траўня 1943 года 15 двароў былі спалены. Жыхароў расстралялі і спалілі. Сярод расстраляных сям’я Шапорава: Вера – 36 год, Мікалай – 9 гадоў, Рыгор – 7 гадоў, Таццяна – 5 гадоў, Ніна – 4 гады, Гануся – 2 гады. Маленькую Любачку, якой было 4 месяцы, спалілі разам з калыскай і пялюшкамі.

У полымі згарэла жывою ўся сям’я Пятровых: Пелагея – 40 гадоў, Марыя – 16 гадоў, Ніна – 15 гадоў, Пеця – 10 гадоў, Рыгорка – 8 гадоў, Барыска – 6 гадоў.
Вёска Ала Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці
Вёска Ала знаходзілася на правым беразе рэчкі Ала, якая ўпадае ў Бярэзіну, сярод велізарнага масіва лясоў. У 1941 году ў вёсцы налічвалася 34 двары, пражывала 168 чалавек. Працавала пачатковая школа, якую ў напярэдадні войны скончылі 35 вучняў.

Савецкія войскі выйшлі на левы бераг Дняпра ўвосень 1943 года. Немцы ў гэты час умацоўвалі свае пазіцыі на правым беразе, зганялі мясцовае насельніцтва рыць траншэі, загадвалі пакідаць вёскі.

У вёску Ала, з усіх бакоў акружаную балотамі ды лясамі, прыйшло, ратуючыся ад пераследу нямецкіх захопнікаў мноства людзей з вёсак Здудзічы, Чыркавічы, Рудня, Іскра, Плесавічы, Кароткавічы, Мормаль – старыя, жанчыны, падлеткі, маленькія дзеці. Туліліся па хатах, адрынах, зямлянках, будавалі сховішчы ў лесе – чакалі прыходу Чырвонай арміі. У вёску, дзе сабраліся сотні людзей, прыбывалі новыя групы бежанцаў.

Каля 7 гадзін раніцы 14 студзеня 1944 года ў вёску ўварваліся немцы і пачалі выганяць усіх з хат. Некаторыя нават не паспелі апрануцца. Усім, быццам бы для рэгістрацыі на эвакуацыю, загадалі ўвайсці ў вялікую адрыну, Тых, хто спрабаваў бегчы за вёску скрозь кальцо акружэння, расстрэльвалі з аўтаматаў. З адрыны пачалі выводзіць людзей асобнымі групамі па 50-70 чалавек. Пры гэтым карнікі казалі, што будуць на аўтамашынах адвозіць у тыл. Людзей заганялі ў хаты і іншыя пабудовы. Карнікі аблівалі пабудовы бензінам і закідвалі гранатамі. Тых, хто выбягаў з полымя, расстрэльвалі з кулямётаў. Старых і дзяцей жывымі кідалі ў агонь. Вёска была знішчана. Нацысты спалілі і забілі 1758 чалавек, у тым ліку 950 дзяцей!


Вёска Шавулічы Ваўкавыскага раёна Гродзенскай вобласці
Разам з буйнымі карнымі аперацыямі нацысты праводзілі лакальныя акцыі, так званыя «акцыі застрашэння», «акцыі адплаты». Мэтай было пакаранне жыхароў за падтрымку партызан, невыкананне распараджэнняў акупацыйных уладаў і проста помста за дзеянні партызан.

У ліпені 1943 года праз вёску Шавулічы праязджаў на аўтамашыне акруговы ўрач. Непадалёк ад вёскі невядомымі аўтамашына была абстраляна, ўрач і яго кіроўца былі забіты. На наступны дзень у вёску з Ваўкавыска прыехала паліцыя. Але паліцэйскіх было мала і ім у дапамогу накіравалі жандармерыю і гестапаўцаў, узброеных аўтаматамі. У 3 гадзіны раніцы, карнікі пачалі акружаць вёску. Паліцэйскія ўтварылі кальцо ачаплення. Жандары і геспатаўцы, прыблізна 40-50 чалавек, увайшлі ў вёску. Жыхароў выганялі з дамоў і сабралі ў адным месцы, падзяліўшы асобна мужчын і жанчын. Неўзабаве прыехаў начальнік раёна. Педантычна па дамавыхт кнігах праверылі ўсіх жыхароў, якія былі ў вёсцы. Пасля людзей загналі ў два сараі, асобна жанчын і мужчын. Пасля карнікі расстралялі ўсіх – мужчын. Жанчын, старых, дзяцей. Усіх – 366 чалавек. Вёска была спалена.


Вёскі Сіні Камень, Шклёнск, Полымя Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці

Усе тры вёскі спалены пад час карнай аперацыі. Лёсы загубленых вёсак, як і лёсы людзей, падобныя. Жыхароў расстралялі, а дамы спалілі. У асноўным у вёсках жылі дзеці. Вёскі не адрадзіліся пасля вайны.

У Шклёнску перад вайною жыло 83 чалавекі. 18 ліпеня 1943 года гітлераўцы спалілі 17 двароў і расстралялі 67 чалавек. З іх 38 – дзеці.

У вёсцы Сіні Камень у той жа дзень карнікі спалілі 17 двароў. Яны забілі 87 жыхароў, у тым ліку 19 дзяцей.

У вёсцы Полымя было забіта і спалена 36 чалавек.
Вёскі Любча і Боркі Вілейскага раёна Мінскай вобласці
Жыхароў вёскі Боркі гітлераўцы спалілі 5 траўня 1943 года. Праз тыдзень пасля Вялікадня, на Радуніцу. У жывых засталася толькі дзяўчынка Фаіна Анасовіч. Ёй тады было 12 гадоў.

Партызаны ў лясную вёску заходзілі часта, нават усталявалі там наглядальны пункт, але стала не атабарваліся. Акупанты з’явіліся першы раз ў Борках ў красавіку 1943 года. Немцы і паліцэйскія наляцелі раптоўна, учыніўшы сапраўдны ператрус. Але шукалі яны не партызан. Цікавілі іх больш сала, яйкі, пітво. Абрабаваўшы вёску, марадзёры скіраваліся назад, але далёка ад’ехаць не паспелі – наляцелі партызаны і пачаўся бой.

Увечары жыхары раіліся, што рабіць. Бо было зразумела, што акупатны не даруюць зні шчэння сваіх салдат. І ніхто не ведаў, што рабіць – у партызаны не пойдзеш, у лесе надоўга не схаваешся. Нехта хаваў добрыя рэчы, спрабавалі хаваць скаціну. Усе жылі ў цяжкім прадчуванні.

У панядзелак 4 траўня ў вёсцы з’явіліся два конныя партызаны, якія казалі, што вёскі Любчу і Боркі акупантынеўзабаве спаляць. Партызаны раілі або хавацца ў лесе, або ісці ў суседнія вёскі да свякоў. На тым дапамога партызан і скончылася.

У аўторак 5 траўня карнікі акружылі вёскі. Яны дзейнічалі спакойна і ўпэўнена –безабаронныя людзі не маглі аказаць ім нічкага супраціўлення. Пад падставай правядзення сходу людзей сабралі ў адным месцы, падзялілі асобна мужчын і жанчын з дзецьмі, загналі ў адрыны і падпалілі. Пачуўся жудасны лямант, але гэта толькі раз’юшыла катаў, якія пачалі кідаць гранаты. Тых, хто спрабаваў вырвацца з вогненнага пекла, забівалі. Толькі некалькі людзей здолелі выратавацца.

З 98 жыхароў вёскі Боркі ў жывых засталася толькі дзяўчынка Фаіна Кучка. Ёй тады было 12 гадоў. Яна пасвіла кароў на полі, калі над вёскай з’явіліся слупы чорнага дыму. Калі яна прыбегла ў вёску, паліцэйскія не кранулі яе – ім не было справы да дзяўчынкі. У хаце не было нікога. Дзяўчынка яшчэ не ведала, што ў агні загінула ўся яе сям’я – маці, старэйшы брат, малодшыя Лёня і Вольга. Возчыкі, якія былі побач з хатай, спалохаліся хаваць дзяўчынку, параілі ёй хавацца самой. Некалькі дзён Фаіна хавалася сярод галля ў садзе. Пасля карнікі падпалілі вёску. Ацалела толькі тры дамы на ўскрайку. Калі ўсё сціхла, дзяўчынка пайшла туды. Зайшла ў дом, гаспадароў якіх яна ведала. Тыя неаднаразова прасілі яе пагуляць з іх маленькім сынам. Іх не было, не было і маленькага Мішы – засталіся толькі яго калыска і цацкі…

Раптам каля хаты загудзела і спанілася машына. Фаіна схавалася за шафай, але салдаты яе заўважылі. «Выходзь!» - і адразу загрукатала аўтаматная чарга. Ад шафы паляцелі кавалкі дрэва. Дзяўчынка нясмела выйшла. Салдаты агледзілі яе, яе рукі, цела – кулі не закранулі дзяўчынку. «Сорак гадоў пражыў, такога цуда не бачыў. Стралялі па дзіцяці, каб забіць, і нават не паранілі. Я больш не падыму на яе аўтамат», – сказаў салдат па-польску свайму напарніку і выйшаў з дому.

У знішчэнні вёсак прыймалі ўдзел не толькі нямецкія падраздзяленні, паліцыя, але і італьянская жандармерыя, літоўскія калабарацыяністы.


Вёска Пераходы Слуцкага раёна Мінскай вобласці

Раніцай 23 лютага 1943 года на досвітку, калі людзі яшчэ спалі, немцы і паліцэйскія акружылі вёску Пераходы. Незадоўга да гэтага партызаны разграмілі нямецкі абоз, які вывозіў прадукты і фураж. Гэта стала падставай для правядзення чарговай «акцыі застрашэння». Азвярэлыя карнікі ўрываліся ў кожную хату, забівалі людзей цэлымі сем’ямі, пасля падпальвалі будынак.

У сям’і Паўла Жураўскага гітлераўцы знішчылі ўсіх дзяцей, а старэйшую дачку жывой кінулі ў агонь.

У Сцепаніды Дардынскай было шасцёра дзяцей. Літасці не было нікому – ўсіх расстралялі. Жанчына трымала на руках самага меньшанькага. Куля забіла дзіцятка і параніла маці – яна страціла прытомнасць. Калі яна ачуняла – вакол гудзеў агонь. Яна адна здолела выратавацца.

У Івана Ліневіча загінула ўся сям’я – бацька, маці і пяцёра малодшых сясцёр. Калі карнікі ішлі па вёсцы, яго бацькі вырашылі, што будзе аблава з мэтай угона моладзі ў Германію. Яны схавалі сына на печы, а на ускрайку селі сястрачкі. Тры карнікі зайшлі ў хату і адразу пачалі страляць з аўтаматаў. Забітая кулямі сястра павалілася на хлопчыка, які быў паранены ў нагу. Калі карнікі сыйшлі, паранены хлопчык агледзіўся. У жывых быў толькі цяжкапаранены бацька. Тата благаславіў сына і загадаў бегчы. Хата ўжо гарэла. Гарэлі і астатнія пабудовы вёскі. У Пераходах гітлераўцы знішчылі 116 чалавек – дзяцей, жанчын, мужчын.

Трагедыя вёскі Пераходы стала асновай для стварэння мастацкага фільма «Ідзі і глядзі».


Вёскі Вязень і Селец Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці

Неверагоднай жорсткасцю і здзекамі над мірнымі людзьмі сярод іншых карных фарміраванняў, паліцэйскіх батальёнаў і каманд СД вылучаўся батальён СС Дзірлевангера. На рахунку нелюдзяў каля 200 спаленых населеных пунктаў. У тым ліку і вёскі Вязень і Сялец.

Вясной 1942 года, пасля таго як партызанскія атрады занялі Клічаў,утварылася вялікая (каля 4 тысяч кв. км) партызанская зона. Дзеянні партызан стваралі істотную перашкоду акупантам не толькі ў тыле, але і на фронце. Таму нямецкае камандванне правяло ў чэрвені – жніўні 1942 года адну за адной дзве карныя аперацыі - «Хрушч-1» і «Арол».

Вёскі Вязень, Сялец і іншыя населеныя пункты былі спалены карнікамі ў траўні 1942 года. Але з насельніцтва вёсак тады ніхто не загінуў, жыхары здолелі схавацца ў лесе. Калі карнікі адступілі, людзт вярнуліся, пабудавалі зямлянкі, але жылі асцярожна, пры любой небяспеке хаваліся ў лесе. Але і гэта не выратавала іх.

З пачаткам баёў становішча ўскладнілася. Гітлераўцы цяснілі партызан ва Усакінскія лясы. Карнікі новую тактыку «маршаў прачэсвання». У пачатку жніўня гітлераўцы выявілі ў лесе людзей і пад пагрозай расстрэла загадалі вярнуцца ў Вязень і Сялец.

На трэці дзень карнікі пачалі зганяць людзей да загадзя выкапанага рова.. Некаторыя людзі ў агульнай мітусні здолелі ўцячы і схавацца. Тыя, хто ацалеў пасля прыгадвалі, што карнікі былі апрануты ў зялёную форму і размаўлялі паміж сабою не толькі на нямецкай, але і на рускай і ўкраінскай мовах. Не ў чым не павінных безабаронных мірных жыхароў, жанчын, старых, малых дзяцей расстрэльвалі групамі. Пад кулямі ў роў падалі і мёртвыя, і цяжка параненыя. Пасля фашысты закідалі ямы, але вознікі казалі, што зямля пасля некаторы час яшчэ ўздымалася. Усяго ад куль забойцаў загінула 140 мірных людзей.


Вёска Сцефанова Бялынічскага раёна Магілёўскай вобласці

23 снежня 1942 года раніцай у вёску Сцефанова прыехаў нямецкі карны атрад у колькасці 75 чалавек. Раптоўнае з’яўленне гітлераўцаў пазбавіла жыхароў магчымасці схавацца. Фашысты пачалі рабаванне вяскоўцаў – збожжа, забітыя жывёлы і куры грузіліся на вазы. Каля 14 гадзін карнікі пачалі забойства людзей – заходзілі ў хаты і расстрэльвалі ўсіх. Пасля падпальвалі дамы. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвала ачапленне. На вачах Рамана Гарбачэўскага забілі ўсю сям’ю яго сваяка Станіслава Грабачэўскага – двух жанчын і дзяцей ва ўзросце 18 – 2 гадоў. Сам Раман Гарбачэўскі быў паранены, але здолеў выратавацца з полымя. Ён застаўся адзіным сведкам гэтай жахлівай трагедыі. Загінулі ўсе аднавяскоўцы – 95 чалавек. Сярод іх і сям’я Рамана Мікалаевіча – жонка і чацвёра дзяцей ва ўзросце ад года да 16 гадоў.


Вёска МакоўеАсіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці

Вёску спалілі ў студзені 1943 года. Сярод 115 загінуўшых жыхароў – 15 мужчынаў, 40 жанчынаў і 60 дзяцей.



Вёска Альцы Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці

19 студзеня 1943 года гітлераўцы акружылі вёску ланцугом. Яны ўрываліся ў хаты і забівалі ўсіх – дарослых і дзяцей. Знішчыўшы ўсіх, нацысты абрабавалі і падпалілі вёску. Даведаўшыся, што 7 чалавек пайшлі ў суседнюю вёску, яны вырашылі забіць апошніх. Забойцы знайшлі людзей, адвезлі ў палаючую вёску і кінулі ў агонь. Ахвярамі катаў былі 72 жыхара вёскі.



Вёска Адраджэнне Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці

23 верасня 1943 года атрад карнікаў захапіў вёску Відзіліна. Пад пагрозай расстрэлу старых і жанчын прымусілі цягнуць бораны у бок вёскі Адраджэнне. Гітлераўцы так правяралі дарогу на наяўнасць мінаў. Калі шлях быў расчышчаны, карнікі ўварваліся ў вёску Адраджэне. Пачаўся рабунак дамоў і забойствы. Усіх жыхароў вёскі загналі ў некалькі хатаў і падпалілі. У полымі і ад куль загінуў 61 жыхар вёскі.


За тры гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі было праведзена 140 буйных карных аперацый. Падчас іх было спалена 5295 вёсак, тысячы людзей былі расстраляны, спалены, кінуты ў канцэнтрацыйныя лагеры і адасланы на прымусовую працу ў Германію. Выканаўцамі масавых забойстваў і знішчэння населеных пунктаў з’яўляліся як войскі СС і каманды СД, паліцэйскія ахоўныя батальёны і зондэркаманды, так і войскі Вермахта.
«Дрэвы жыцця»

«Беларускія Хатыні – гэта нешта настолькі злавеснае, што людзям планеты нялёгка да канца ўсвядоміць і да канца адчуць нават пасля асвенцымаў і бухенвальдаў. Беларускія Хатыні – гэта тая рэальнасць, практыка, якую фашызм рыхтаваў цэлым краінам і кантынентам, але шырока распачаць паспеў толькі тут… Гэта павінны зразумець тыя, хто прыходзіць сюды – у Хатынь…»

Бадай, гэтыя словы Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка пераканаўча гучаць і сёння. Упершыню яны прагучалі ў кнізе «Я з вогненнай вёскі…». Тры беларускія пісьменнікі зрабілі вялікую справу. Яны сабралі ўспаміны тых людзей, хто перажыў кашмар знішчэння іх родных вёсак.

Ня ўсіх жыхароў вёсак і хутароў здолелі знішчыць нацысты. Цудам яны выратаваліся з полымя і з-пад куль каб стаць сведкамі жудасных злачынстваў гітлераўцаў на Беларусі.

Другім цудам было тое, што 433 вёскі, знішчанныя разам з жыхарамі, здолелі адрадзіцца пасля вайны. Іх назвы ушанаваны на сімвалічных «Дрэвах жыцця». Яны нібы прарастаюць з зямлі. Толькі замест галін і лісцеў – назвы вёсак. А за імі –як сімвал вечнага адраджэння жыцця і неўміручасці нашага народа – застылы ў бетоне зруб дома, які пачынае будавацца.
«Вечны агонь»

Вечны агонь як сімвал памяці гарыць ужо сорак гадоў. Яго полымя б’е праз разарваныя краты. Ён нібы саграе тры бярозы, што схіліліся ў журбе.

Бадай, гэтая частка мемарыяла атрымалася ў савецкія часы самай несавецкай. Не звыклая зорка, не мармуровая пліта, не салдат з аўтаматам, не смуткуючая жанчына. Толькі тры дрэўцы, нібы жывыя людзі. І замест чацьвертага – агонь Памяці. Кожны чацьверты…

Калі Пётр Машэраў пабачыў праект, то ўсхваляваны зазначыў, што стваральнікі мемарыяла, маладыя архітэктары знайшлі той вобраз, які зробіцца сімвалам Беларусі. Сімвалам нашых страт і нашага жыцця…

Няма на Беларусі такой сям’і, якую б не закранула вайна. Кожны, хто загінуў некаму быў бацькам або маці, мужам або жонкаю, сынам або дачкою, братам або сястрою.

Самая крывавая вайна ХХ стагоддзя забрала з сабою 2 мільёны 230 тысяч чалавек. Кожны чацьверты жыхар Беларусі. Схілім галовы перад светлай памяццю ахвяр вайны – дарослых і дзяцей.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка