І не знікаць паэтам вечна літаратурная гасцёўня для вучняў 10-11 класаў




Дата канвертавання15.03.2017
Памер58.5 Kb.
І НЕ ЗНІКАЦЬ ПАЭТАМ ВЕЧНА

ЛІТАРАТУРНАЯ ГАСЦЁЎНЯ ДЛЯ ВУЧНЯЎ 10-11 КЛАСАЎ

Мэта: панаёміць вучняў з жыццёвым і творчым шляхам У.Караткевіча, развіваць навыкі выразнага чытання, выхоўваць любоў да роднага слова і Бацькаўшчыны.

Ход мерапрыемства

Паэт: (чытае за сталом).

“На Беларусі Бог жыве” –

Так кажа мой просты народ.

Тую праўду сцвярджае раса ў траве

І адвечны зор карагод.

На Беларусі Бог жыве.



Вядучая. Сярод шматлікага карагоду зорак на небасхіле айчыннага пісьменства гарыць зорка першай велічыні – зорка Уладзіміра Караткевіча. Далёка не кожнаму дадзена здольнасць узняцца над сваім часам, бачыць будучыню. Іншыя прыніжаюцца да абставін, зручна ўрастаюць у іх. А Караткевіч узняўся. Узняўся і ўзвысіўся.

Вядучы. Нястомны вандроўнік і працаўнік, літаратар, які няспынна працаваў над сабой, чалавек невычарпальнага гумару, які ўмеў смяяцца, як дзіця, усёй душой любіў родных людзей, родную зямлю…

Паэт: Беларусь! Зялёная, залатая!

Край мой светлы, што выпіў мора пакут!

Да апошняй бярозы благаслаўляю

Светлы дзень, калі я нарадзіўся тут.



Вядучая. Нарадзіўся Уладзімір Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў горадзе Орша ў сям’і інтэлігентаў.

Паэт: Тут нарадзіліся думкі,

Воля, імкненні, жаданні,

Тут стаў я сынам краіны,

Абпален яе агнём…

Таму і люблю я Оршу

Першым вялікім каханнем,

Якое не знікне, пэўна,

Нават з маім жыццём.



Вядучы. Уладзімір Караткевіч не раз падкрэсліваў, што яго бацька, Сямён Цімафеевіч, паходзіў са старадаўняга шляхецкага роду, якому належаў засценак Караткевічы. Працаваў ён інспектарам па бюджэце ў Аршанскім раённым фінансавым аддзеле. Маці пасля замужжа стала хатняй гаспадыняй.

Паэт. Зямля гудзе, як цёплы вулей,

Знікаюць крыўды, боль і зло…

Бацькі з магіл цяплом дыхнулі

Каб дзецям жыць лягчэй было.



Вядучая. У сям’і было трое дзяцей: два браты і сястра. Старэйшы брат загінуў на вайне. Моцнае ўздзеянне на хлопчыка зрабіў дзед, матчын бацька Васіль Юллянавіч Грынкевіч, які быў удзельнікам паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Паэта захапляла яго мова – каскад досціпаў, прыказак, старых пахучых анекдотаў, яскравых, як вясёлка, жартаў. Менавіта ад яго і палюбіў хлопчык родную мову, прыроду і гісторыю.

Вядучы. Уладзімір Караткевіч ганарыўся яшчэ адным сваяком з боку маці, які ў паўстанні 1863 года камандаваў атрадам і быў расстраляны па загадзе Мураўёва. Звалі яго Тамаш Грыневіч.

Паэт. Біўся з панамі нямала,

На ўсіх наганяючы жах,

Часамі – і без кінжала,

З адною злосцю ў руках.



Вядучая. Пісьменнік згадваў, што з самага ранняга ўзросту цікавіўся гісторыяй, асабліва гісторыяй Беларусі. Праз усё жыццё ён пранёс таксама шчырую любоў да роднай прыроды. Адна з любімых кніг яго дзяцінства – “Жыццё жывёл” А.Брэма.

Паэт. Закаханы ў жыццё і ў кожную мушку,

Я іду каля хат і росных садоў.

І са мной размаўляюць звяры і птушкі

На дзясятках і тысячах розных моў.



Вядучы. Дзяцінства Уладзіміра Караткевіча было апалена вайной, якая заспела яго ў Маскве. Доўгі час не ведаў, дзе бацькі. Некалькі разоў уцякаў з інтэрната на фронт.

Паэт. Перад тварам бязлітаснай грознай навалы,

Перад тварам смерці на плоскіх штыках

Дзеці ў чэраве маці ад жаху крычалі,

Бо з’явіліся ў край наш вайна і жах.



Вядучая. Хлопчык зведаў голад, холад і ўсе нястачы першых пасляваенных гадоў. Іншы раз было так холадна, што часам хацелася памерці, абы толькі цябе пахавалі ў печцы. Але ўсё гэта не заглушыла ў ягонай душы цягі да вершаў.

Паэт. Павяртайцеся! Вецер мацнее!

Маці кліча , кветка заве!

Для яе я павіне, я мушу

Неўміручыя гукі схапіць.

Ўзяць у рукі “матчыну дцшу”

І на вершы яе пераліць.



Вядучы. Уладзімір Караткевіч, адчуваючы ў сабе незвычайныя творчыя сілы, выношваў задумустварыць цыкл кніг пра жыццё свайго народа на працягу значнага прамежку часу. У сваім хатнім архіве ён занатаваў назвы тых кніг, якія марыў напісаць і якія б маглі скласці 78 тамоў. Пра тое, што пісьменнік натхнёна і сапраўды катаржна працаваў сведчаць яго творы…

Паэт. Добра ўсім. А мая беласнежка

Полем не пройдзе каля лазняка,

Не прабяжыць гэтай цёплаю сцежкай,

Бульбіну не пакачае ў руках.

Позіркам ясным мяне не адорыць,

Поруч з агнём не ляжа ў мурог,

І не папросіць, каб сеў я поруч

І ад бяды невядомай бярог.



Вядучая. Тэма кахання – адна з вядучых тэм у творчасці паэта. Ужо на самым пачатку творчага шляху Караткевіч гаварыў пра ўсёачышчальную сілу інтымнага пачуцця, яго значнасць у жыцці чалавека.

Паэт. Хай зразумее кожны на хвіліну,

Як незлічоны светаў карагод,

Як лёгка размінуцца з той, адзінай,

Якой чакаеш, можа, сотні год!

( На сцэну выходзяць Юнак і Дзяўчына.)

Юнак. Як стажары ў небе заззялі,

І ў сяле падаілі кароў,

І з палёгкай палі ўздыхалі, -

Я пад вокны твае прыйшоў.

Ты з хітрынкай сказала, мілая,

Прыкрываючы шыю касой:



Дзяўчына: Маці спіць. Я таксама стамілася.

Дарагі, прыходзь раніцой.



Юнак. Ты казала так цёпла і ветліва,

Я кахаў цябе так даўно…

Я паверыў і раніцай светлай

Пад тваё прыцягнуўся акно.

Зноў з хітрынкаю ты сказала:

Дзяўчына: Бач, каровы ідуць на лугі.

Бачыш, маці толькі ўстала.

Ўдзень прыходзь да мяне, дарагі.

Юнак. Я чакаў паўдзённай часіны.

З неба сонечны пёк агонь.

Я драмаў у хмызах тры гадзіны

На нагах, як стомлены конь.

Мрэлі ў сонцы паўдзённым шаты.

Калі зноў я прыйшоў да сяла

І…нікога не стрэў каля хаты,

Бо каханая ў полі была.

Ўсе сабакі на вёсцы якхалі

На даўжэзную постаць маю,

Калі вечарам шэрым і мяккім

Я прыйшоў на сядзібу тваю.

Усміхнулася:

Дзяўчына: Нельга вечарам

Нас заўважаць суседзі ў садках.

Любы мой, дарагі, недарэчны,

Ноч наперадзе. Зоры ў вачах.



Юнаак. Уначы я свіснуў ля хаты,

І з’явіўся цень у акне:



Дзяўчына: Я заснула ад стомы праклятай.

Не шкадуеш, будзіш мяне.

Ну і добрым ты будзеш мужам…

Не. На вуліцы травы з расой…

Што ты, што ты! Маці нядужая…

Юнак. Ці доўга ты яшчэ будзеш мяне мучыць, нягодніца?!

Вядучы. Лебядзінай песняй і запаветам стаў апошні зборнік Уладзіміра Караткевіча “Быў. Ёсць. Буду”. Кніга атрымалася цэласнай і гарманічнай. У ёй, як у кроплі вады, выявіўся ўвесь паэт, крыштальна чысты, даверлівы, адкрыты, захоплены жыццём і адначасова мудры, засяроджаны ў сабе, трагічны і гняўлівы, моцна ўлюбёны ў родную зямлю. Так, менавіта следам за паэтам мы з гонарам і з пачуццём уласнай годнасці называем наш дарагі беларускі край “зямлёй пад белымі крыламі”, белымі крыламі буслоў…

Паэт. Буслы, буслы, ляціце дарогай прамою

На зарослыя пальмамі берагі,

Раскажыце, што над вялікай ракою

Ёсць народ, што ніколі не крыўдзіў другіх.



Вядучая. Незадоўга да сваёй смерці (не стала пісьменніка 25 ліпеня 1984 года) ён, нібы развітваючыся, наведаў блізкія і дарагія мясціны. З’ездзіў у Рагачоў, у Кіеў, у Вязынку. 12 ліпеня накіраваўся з сябрамі ў падарожжа па Прыпяці, дзе яму стала дрэнна і адкуль ён вярнуўся 20 ліпеня ў Мінск.

Вядучы. А перад гэтым, у маі, закончыў складанне і вычытку зборніка паэзіі “Быў. Ёсць. Буду”. Як у жыцці, так і ў літаратуры быў рыцарам сумлення і свбоды, высакародным рыцарам духу. Але…чаму быў? Ён ёсць, ён будзе!

Паэт. Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двуногіх…

Вядучая. Хто са смерцю гаворыць з вока на вока,

З яе ўсмешкаю ветлай,

І ўсё ж узводзіць – нясцерпна далёкі –

Храм наш агульны і светлы.



Вядучы. А калі ён горда заззяе ў зеніце –

Непарушны – ўзнясецца ў неба,

Вы з распятага сэрца кроплю вазьміце.

Апошнюю, болей не трэба.



Паэт. Калі пайду з юдолі гора,

Не скончыўшы найлепшы сказ,

То божы свет мяне паўторыць,

Як паўтараў ужо не раз.



Вядучая. Радок бяззбройны і бясспрэчны

Вядучы. Слабым – адзіна верны шчыт.

Юнак. І не знікаць Паэтам вечна,

Дзяўчына. У вечнай Песні жывучы.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка