Жанна Капуста інтэрпрэтацыя паэтычнай традыцыі я. Купалы ў розных эстэтычных кірунках 1920-х гг



Дата канвертавання31.01.2017
Памер93.63 Kb.
#2003
Жанна Капуста

ІНТЭРПРЭТАЦЫЯ ПАЭТЫЧНАЙ ТРАДЫЦЫІ Я.КУПАЛЫ Ў РОЗНЫХ ЭСТЭТЫЧНЫХ КІРУНКАХ 1920-Х ГГ.
Першая трэць ХХ стагоддзя, нягледзечы на дастатковую аддаленасць у часе, па-ранейшаму выклікае вялікую цікавасць даследчыкаў літаратуры. Думаецца, галоўная прычына ў тым, што менавіта ў гэты перыяд былі сфарміраваныя тэндэнцыі развіцця савецкай літаратуры не на адно дзесяцігоддзе наперад. Акрамя гэтага, для беларускіх даследчыкаў выключнае значэнне мае інтэнсіўнасць літаратурна-грамадскага руху, якая ў такой ступені ніколі больш не назіралася.

Вельмі вострае, а часам і адкрыта агрэсіўнае супрацьстаянне дзвюх пісьменніцкіх генерацый стварала парадаксальную літаратурную сітуацыю, калі пераасэнсаванне традыцыі было тоеснае яе катэгарычнаму адмаўленню. Менавіта апрыёрнае непрыманне новым літаратурным пакаленнем ідэйна-мастацкіх традыцый папярэдняга стварала надзвычайную напружанасць літаратурнага руху, што своеасаблівым чынам правакавала і яго інтэнсіўнасць, хаця часта не лепшым чынам адбівалася на якасці і плённасці мастацкіх пошукаў. Складаныя і неадназначныя ўзаемаадносіны паміж старэйшымі і маладзейшымі беларускімі пісьменнікамі ў 20-ыя гг. ХХ стагоддзя выглядаюць тым больш дзіўнымі, што часавая адлегласць паміж пачаткам творчасці адных і другіх вымяраецца ўсяго толькі дзесяццю-пятнаццаццю гадамі. Тлумачэнне гэтай парадаксальнасці ляжыць на паверхні: рэзкія змены ў грамадска-палітычным ладзе краіны, якія адбыліся за адносна невялікі прамежак часу, былі настолькі вызначальнымі, што стваралі ўражанне змены эпохі і паскаралі заканамернае светапогляднае размежаванне пакаленняў, тым самым дэфармуючы натуральнае развіццё літаратурнага працэсу.

Менавіта з гэтай прычыны праблему інтэрпрэтацыі купалаўскай паэтычнай традыцыі ў творчасці паэтаў новага пакалення немагчыма разглядаць безадносна да тых характарыстык, якія стала замацаваліся ў 20-ыя гг. ХХ стагоддзя за перыядам нашаніўства не на адно дзесяцігоддзе наперад.

Адразу трэба агаварыцца, што пад эстэтычнымі кірункамі мы будзем разумець тыя канцэпцыі сутнасці літаратурнай творчасці як такой, якія прапаноўвалі ідэйна-эстэтычныя праграмы літаратурных аб’яднанняў “Узвышша” і “Маладняк”. Такое атаясамленне падаецца заканамерным і справядлівым, бо менавіта творчая дзейнасць маладнякоўцаў і ўзвышаўцаў з’яўлялася вызначальнай у развіцці тагачаснай маладой літаратуры.

“Маладняк” ці “маладнякізм” як рух у некаторых арганізацыйных момантах мае шмат агульнага з нашаніўствам: як першы, так і другі былі формамі арганізацыі грамадска-культурнага жыцця свайго часу. Калі нашаніўскі рух “адносіўся не столькі да літаратуры, колькі да ўсяго духоўнага жыцця беларусаў” [Багдановіч 2001, 74.], то і “Маладняк” быў больш выразнікам “энтузіязму самой эпохі” [Адамовіч 1961, 117], чым сведчаннем шпаркіх літаратурных дасягненняў. Вядома, прынцыповая розніца палягала ў тым, што нашаніўства з’яўлялася арганічным складнікам працэсу фарміравання беларускай культурнай прасторы, заканамерным развіццём закладзеных яшчэ ў ХІХ стагоддзя тэндэнцый, у той час, як арганізацыя “Маладняка”, несумнеўна, была адным з самых зручных спосабаў уплыву і кіравання маладымі не толькі літаратурна, але і грамадска актыўнымі сіламі з боку ўлады. Маладнякоўцы адразу ж адчулі, так бы мовіць, легітымнасць свайго “жыццёвага статуса”, які “даваў ім права не толькі адчуваць сябе гаспадарамі, не толькі звяртаць увагу на новыя тэмы, але спрабаваць рабіць гэта па-гаспадарску і, значыць, куды больш смела, чым было дадзена старым” [Чыгрын 1985, 126]. Сказаць, што ўтварэнне “Маладняка” выключна з літаратурных меркаванняў мела штучны характар, было б не зусім дакладным, таму што ў пачатку 1920-х гг. сапраўды наспела неабходнасць надання натуральнаму шырокаму масаваму руху якіх-небудзь арганізацыйных формаў. Іншая рэч, што перадумовай такой арганізацыі было не аб’яднанне саміх пісьменнікаў на падставе ўсведамлення еднасці творчых ідэй; першай умовай прыняцця ў сябры “Маладняка” была адданасць камуністычнай ідэалогіі. У сувязі з гэтым атрымлівалася, што задачы грамадска-палітычнага жыцця былі першаснымі ў дачыненні да літаратурна-мастацкага і навязвалі яму свае формы існавання.

Гэтым тлумачыцца і тая рэзказць у азначэннях, якую дазвалялі сабе маладнякоўцы ў дачыненні да старэйшых пісьменнікаў, нават такіх, як Я.Купала і Я.Колас, пра якога ў 1925 г. У.Дубоўка напісаў: “Адзін поэта, які прэтэндуе на нейкае незвычайнае значэньне ў Беларусі, напісаўшы тысячы радкоў зьвязаных прымітыўнымі, дзіцячымі дзеяслоўнымі рыфмамі”. [Дубоўка 1925, 15.] (Тут і далей у цытатах захоўваецца правапіс арыгінала).

На самай справе, за бязмежнай самаўпэўненасцю хавалася няведанне ані жыццёвых, ані эстэтычных законаў і адсутнасць дастатковай дасведчанасці ў літаратурных справах, на што маладнякоўцы безапеляцыйна прэтэндавалі.

Тым больш паказальна, што Я.Купалу яны абвясцілі сваім настаўнікам, а сябе — прадаўжальнікамі яго традыцый. Акрамя таго, у 1925 г. было ажыццёўлена выданне “Маладняк Янку Купалу”, прысвечанае 20-цігадоваму юбілею літаратурнай дзейнасці паэта.

Такая расстаноўка сімпатый была наколькі заканамернай, настолькі і супярэчлівай па сваім змесце: маладнякоўцы ўспрынялі паэзію Я.Купалы выключна на знешнім узроўні змагарна-патрыятычнай рыторыкі, але калі б яны здольныя былі разглядзець глыбінны сэнс яго творчасці, то яе ацэнка была б яшчэ больш негатыўнай, чым у дачыненні да Я.Коласа. Маецца на ўвазе прынцыповае несупадзенне ідэалаў будучыні ў разуменні Я.Купалы і маладога пакалення.

Тое, чым адметныя для маладнякоўцаў вершы самага значнага нашаніўскага паэта, яны сфармулявалі ва ўжо згаданай брашуры “Маладняк Янку Купалу”. Па-першае, гэта тое, што “ня рабская прыбітасьць, не пакутныя стогны і енкі, якімі поўнілася паэзія тога часу, а бунтарская працоўна-сялянская воля чулася ў іх” [Дубоўка 1925, 10] Такім чынам, найбольшую пашану атрымлівалі вершы 1906-1908 гг., якія найбольш насычаныя матывамі змагання за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне. З аднаго боку, гэта можа падацца дзіўным, таму што гэтыя праблемы ўяўляліся маладым пісьменнікам адназначна вырашанымі паслярэвалюцыйнай рэчаіснасцю, а значыць, і неактуальнымі, пра што яны неаднаразова пісалі, дакараючы старэйшых творцаў за тое, што яны не здольныя вызваліцца з кола старых, неактуальных тэм. Справа была ў тым, што бадзёрыя купалаўскія заклікі да змагання і барацьбы адпавядалі пафасу пераўтварэння рэчаіснасці, якое бачылася незавершаным, і ваяўнічаму маладнякоўскаму настрою і былі ўзятыя за ўзор маладой паэзіі.

Увогуле ж, маладнякоўскія паэты, якія абвясцілі сябе вынаходнікамі новай паэтычнай мовы, асабліва напачатку творчай дзейнасці, былі далёка не такімі самастойнымі і незалежнымі ад паэтычнай традыцыі, як гэта ім самім уяўлялася. Гэта выглядае абсалютна заканамерным з пункту гледжання літаратурнай эвалюцыі, неперарыўнасць якой адмаўлялі маладыя паэты. Між тым, і на фармальным, і на змястоўным узроўнях яны актыўна запазычвалі сродкі і прыёмы як у беларускіх, так і рускіх творцаў пачатку ХХ стагоддзя

Напрыклад, самым паслядоўным у перайманні купалаўскай тропікі ў адзначаным сэнсе быў А.Дудар. Маюцца на ўвазе такія яго вершы, як “Беларусь”, “Полацак”, “Сьцеражэцеся”, “Прайшлі гады” і інш. Так, нельга не ўзгадаць верша Я.Купалы “Апекунам”, чытаючы наступную страфу:



Мы з году ў год

з убогіх ураджаяў

за сьмерць і за жыцьцё плацілі чынш.

Каму, каму мы ніў сваіх ня жалі?

Апякуноў над намі — хто-б зьлічыў? [Дудар 1928, 14.]

Па-другое, традыцыйныя купалаўскія вобразы “вясны Беларусі”, “сонца” і г.д. звязваліся маладымі паэтамі з надзеямі на поспех Кастрычніцкай рэвалюцыі, які дала ім іх сучаснасць, а Я.Купала ў такім выпадку выглядаў яе прарокам. Гэты тэзіс вельмі добра ілюструецца тымі вершамі, якія змясцілі маладнякоўскія лідэры ў юбілейным выданні, вызначаючы самім прынцыпам адбору свае літаратурныя прыярытэты. Думаецца, што, напрыклад, такія вершы, як “Родныя песні” (1906 г.) і “Думка” (1908 г.) заслужылі пашану менавіта карцінамі будучыні, якія ўжо к 1925 г. здаваліся цалкам увасобленымі ў рэчаіснасць:



Гэй, песьні, гэй, звон Беларусі загнанай!

Заграйце пацехай на родным загоне,

Што ўжо няма болей няволі, кайданаў,

І людзі ня стогнуць, як стогнуць сягоньня! [“Маладняк 1925, 33]

- Ня сумуй, брат! Бліснуць зоры,

Шчасьця ўскрэснуць дні;

Долі, волі ўзойдзе кветка

Са сьлёз і крыві! [“Маладняк 1925, 33]

Напрыклад, нешта купалаўскае ўгадваецца ў радках з паэмы М.Чарота “Беларусь лапцюжная” (1924 г.), нягледзечы на тое, што менавіта ён быў надзвычай паслядоўным у паэтычнай палеміцы з Я.Купалам нават і ў гэтай паэме:



Дык мусіш ты, лапцюжная змагацца,

Законы каб пісаць уласнаю рукой [Чарот 1925, 27].

Невыпадкова і вельмі паказальна тое, якія купалаўскія радкі выклікалі самага заўзятага маладнякоўца “на прыхаваную вобразную палеміку з Я.Купалам” [Багдановіч 2001, 267]. Як слушна адзначыла І.Багдановіч, гэта датычылася акурат ідэалізацыі мінулага як спосабу стварэння ідэалу будучыні ў вершах і паэмах Я.Купалы. Іншымі словамі, прызнаючы каштоўнасць тых твораў, што прысвечаныя рэвалюцыйнаму змаганню, маладнякоўцы прынцыпова адмаўляліся прымаць у творчасці Я.Купалы выяўленне таго, дзеля чаго ён заклікаў да гэтага змагання: “Чарот маніпулюе яго вобразнай палітрай, толькі каб паказаць яе нежыццёвасць у сучаснай яму рэчаіснасці” [Багдановіч 2001, 267-268], што найбольш выразна выявілася ў вершы “Скокі на могілках”.

(Узгадваюцца адразу радкі з верша А.Дудара “Братом на Захадзе”:

За будучыну нашу залатую

ня шкода нам

мінуўшчыну спаліць [Дудар 1928, 19].

Па-трэцяе, даволі распаўсюджаныя ў паэта звароты да моладзі як да надзеі бацькаўшчыны адназначна ўспрымалася маладнякоўцамі на свой адрас, інакш кажучы, атрымлівалася так, што Я.Купала сам усталёўваў з імі кантакт яшчэ да іх з’яўлення ў літаратуры. Нездарма ж адным з першых яны змясцілі ў сваёй брашуры, прысвечанай юбілею літаратурнай дзейнасці паэта, верш “Моладзі” (1914 г.), які заканчваецца радкамі:



Бяры сьветач, ідзі за судзьбінай,

Ідзі з словам сваім: Беларусь! [“Маладняк 1925, 29].

Улічваючы тыя ідэі, якія выказваў Я.Купала ў публіцыстычных творах у час напісання гэтага верша, досыць сумнеўнай выглядае тая думка, што паэт хацеў бачыць беларускую моладзь менавіта такой, якая прадстаўляла “Маладняк”. Між тым, нават твор, якім адкрываўся першы нумар часопіса “Маладняк” выглядае ў пэўным сэнсе як адказ на заклік Я.Купалы:



Перастаў і сумны спеў гусьці,

Дні прышлі — ажно ня верыцца…

Хто-ж адвагі знойдзе, сьмеласьці

З сілай моладзі памерыцца?! [Чарот 1925, 3.].

Такім чынам, паэты “Маладняка” знайшлі ў купалаўскай паэзіі сугучнасць сваім задзірыстым ваяўнічым настроям і, абмежаваўшыся гэтым, не здолелі ўзняцца да сапраўднага разумення яго творчасці. У прыватнасці, тое, што “беларускі народ як цэласнасць становіцца пастаянным героем купалаўскай творчасці, галоўным прадметам ягонага роздуму” [Навуменка 2003, 129], засталося па-за іх увагай. Як, дарэчы і самая актуальная праблема беларускай рэчаіснасці 1920-30-х гг. — праблема захавання нацыянальнай самабытнасці, носьбітам якой з шэрагу культурна-гістарычных абставін была беларуская вёска, — што таксама займала не апошняе месца ў паэзіі Я.Купалы.

Акурат гэта стане цэнтральнай тэмай творчасці пісьменнікаў-узвышаўцаў, хаця гэта не будзе адлюстравана ў праграмных дакументах і, больш за тое, у пэўным сэнсе нават будзе ім супярэчыць. Разуменне таго, што Беларусь як сацыякультурны феномен на той час была адназначна прадстаўлена вёскай, і калі пісьменнік імкнуўся звяртацца да актуальных праблем беларускай рэчаіснасці, ён не мог абмінуць тых зменаў, якія адбываліся ў вясковым ладзе, прыйдзе да ўзвышаўцаў таксама не адразу і больш відавочным будзе ў празаічных творах. У паэзіі гэта адаб’ецца найперш у адмаўленні ад абстрактна-планетарнай вобразнасці, уласцівай, бадай, усім раннім вершам маладнякоўцаў, і набліжэнні да насычанай жыццёвай сілай і яркасцю каларытнасці. У першую чаргу гэта датычыць, вядома, Я.Пушчы, а таксама М.Лужаніна і С.Дарожнага.

Распаўсюджанае ў маладнякоўскіх вершах адмаўленне ад сваёй вясковасці на карысць пралетарскасці не прывяло да чаканых вынікаў: якімі б адданымі “дымным трубам” ні хацелі бачыць сябе аўтары, праўда была ў тым, што ўсе яны былі выхадцамі з вёскі, якая і б магла забяспечыць тую канкрэтную жыццёвую глебу, адсутнасць якой у сваёй творчасці яны і самі неўзабаве адчуюць. Атрымалася так, што той адзіны матэрыял, які быў добра знаёмы ім з асабістага досведу, дзякуючы імкненню адпавядаць “стылю эпохі”, не стаўся асновай іх творчасці.

Насуперак гэтаму, праўдзівасць мастацкага матэрыялу будзе прынцыповым момантам у творчасці ўзвышаўцаў, чым і будзе для іх акрэслівацца сапраўдная грамадзянскасць у супрацьвагу ўяўнай маладнякоўскай. Яны, свядома ці не свядома, звернуцца да пастулату нашаніўскай літаратуры: “Скажаце: сягаць у будучыню. Але народ, каторы не знайшоў яшчэ веры ў сябе, ці ж захоча паверыць у казкі аб будучыні?” [Купала 2002, 28].

Такім чынам, можна зрабіць наступную выснову: маладнякоўцы ўдзячна карысталіся купалаўскай тропікай, лічачы самым важным у яго творчасці рэвалюцыйныя матывы і не надавалі ніякага значэння больш канцэптуальным момантам у той час як у творах узвышаўцаў няма выразнага пераймання на ўзроўні вобразна-метафарычных і метрычных сродкаў, затое знайшло сваё месца ўвасабленне ідэі нацыянальнай самабытнасці і трывогі за яе будучыню, што набліжае іх да купалаўскага ўяўлення аб сапраўднай грамадзянскасці пісьменніка і дазваляе весці гаворку пра наследаванне традыцыі на ўзроўні літаратурнай канцэпцыі радзімы.


Літаратура

  1. Адамовіч А.М. Беларускі раман: Станаўленне жанра / А.М.Адамовіч. – Мн.: Выд-ва АН БССР, 1961. – 294 с.

  2. Багдановіч І.Э. Авангард і традыцыя: Бел. паэзія на хвалі нац. Адраджэння / І.Э.Багдановіч. – Мн.: Беларуская навука, 2001. – 387 с.

  3. Дубоўка У. // “Маладняк Янку Купалу. Да 20-цігадовага юбілею”. – Мн.: Выданьне ЦБ Маладняка, 1925 – 63 с.

  4. Дудар А. Братом на Захадзе // Вежа. Вершы. - Мн.: БДВ, 1928. – 34 с.

  5. Дудар А. Прайшлі гады // Беларусь бунтарская. - Мн.: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1928. – 27 с.

  6. Купала Я. Чаму плача песня наша? (Адказ Юрцы Верашчаку) // Поўны збор твораў. У 9 т. Т. 8. Артыкулы, нататкі, выступленні. Калектыўныя творы / Янка Купала. – Мн.: Мастагоддзя літ, 2002. – С. 26-28.

  7. “Маладняк Янку Купалу. Да 20-цігадовага юбілею”. – Мн.: Выданьне ЦБ Маладняка, 1925 – 63 с.

  8. Навуменка І.Я. Янка Купала // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1. 1901-1920 / Нац. Акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я.Купалы. – 3-е выд. – Мн.: Беларуская навука, 2003. – С. 121-175.

  9. Чарот М. Беларусь лапцюжная // Маладняк. – 1925. - № 6. – С. 18 - 28.

  10. Чыгрын І.П. Проза “Маладняка”: Дарогамі сцвярджэння / І.П.Чыгрын. – Мн.: Навука і тэхніка, 1985. – 144 с.

Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> Салавей Г. С. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, г. Брэст
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал