Жыхары п. Вялікі Мох адсвяткавалі Дзень вёскі




Дата канвертавання22.10.2017
Памер32.53 Kb.
Жыхары п. Вялікі Мох адсвяткавалі Дзень вёскі
Для многіх жыхароў раёна стала добрай традыцыяй летам адзначаць свята сваёй малой радзімы – Дзень вёскі. Гэта добрая нагода ўшаноўваць лепшых яе жыхароў, самых актыўных і працавітых, парадавацца і ўзнагародзіць сапраўдных гаспадароў роднай зямлі. У мінулыя выхадныя на славу адсвяткавалі Дзень вёскі жыхары п. Вялікі Мох, які, дарэчы, прайшоў тут упершыню.

Свята падарыла магчымасць вяскоўцам сабрацца ўсім разам, аб’яднаўшы самых юных жыхароў пасёлка і прадстаўнікоў старэйшага пакалення. Радасць свята з мясцовымі жыхарамі і гасцямі раздзяліў старшыня Кашалёўскага сельскага Савета дэпутатаў Віктар Шугаў:


– У кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма, месца, дзе ён нарадзіўся і правёў дзяцінства. Гэтае месца, якое яго выгадавала, забыцца немагчыма. Для вас, дарагія вяскоўцы, гэта любімы пасёлак Вялікі Мох, у якім жывуць людзі, слаўныя беражлівым стаўленнем да роднай зямлі, якія ўмеюць працаваць і тварыць, услаўляючы свой край.


Кожная вёска багатая сваёй гісторыяй. Ёсць яна і ў жыхароў Вялікага Моха, які заснаваны ў пачатку 20 стагоддзя перасяленцамі з навакольных вёсак. Але самым вялікім яго багаццем з’яўляюцца жыхары. Адна з іх – Таццяна Атрошанка, якая нарадзілася і вырасла ў пасёлку, ён даў ёй пуцёўку ў прафесійнае і творчае жыццё. Сёння яна вядомая паэтэса, аўтар вершаў і музыкі, выканаўца ўласных песень, кіраўнік паэтычнага аб’яднання «Агмень», член Саюза пісьменнікаў Беларусі і лаўрэат Рэспубліканскай літаратурнай прэміі «Залаты купідон». Творчасць жанчыны мае свой асаблівы стыль, вершы меладычныя і кранальныя, напоўненыя пяшчотай, любоўю і цеплынёй. На свяце сваім аднавяскоўцам Таццяна Атрошанка падарыла выдатныя вершы і песні ва ўласным выкананні.


– Для мяне вялікі гонар і павага прысутнічаць на свяце маіх землякоў. Вельмі прыемна прыехаць у родную вёску, дзе прайшлі самыя запамінальныя і выдатныя юнацкія гады. Я з радасцю сустрэлася і пагутарыла са сваімі сябрамі. Паверце, нішто не можа быць даражэй за тых успамінаў і часу, праведзенага на роднай зямлі. Дзякуй усім за душэўныя і цёплыя хвіліны, падораныя ў гэты дзень, – падзялілася Таццяна Атрошанка.
А які ж Дзень вёскі без ушанавання яго жыхароў, якія сваім жыццём і працай натхняюць і служаць добрым прыкладам для ўсіх. Вера Іванаўна Сіліна – чалавек з вялікай воляй, актыўнай жыццёвай пазіцыяй і невычэрпнай энергіяй, якая ўсёй душой «хварэе» за дабрабыт свайго пасёлка. Таму ўзнагарода з рук кіраўніцтва сельскага Савета для яе цалкам заслужаная.
– У пасёлку жыву з 1973 года, за гэты час ён вырас і стаў добраўпарадкаваным. Прыемна, што ўлада не забывае пра нас, простых жыхароў, клапоціцца аб нашым камфорце і ўтульнасці. Як той казаў: «Жыві ды радуйся». Дзень вёскі для нас – гэта цэлая падзея, да якой мы рыхтаваліся ўсе разам, супольна. Вельмі рады, што такое свята прайшло і на нашай зямлі, і спадзяёмся, што і надалей яно стане добрай традыцыяй, – адзначыла Вера Іванаўна.
Не забыліся на свяце павіншаваць і самую старэйшую жыхарку вёскі Надзею Іванаўну Семчанка, у гэтым годзе ёй споўнілася 95 гадоў, а таксама самага маладога прадстаўніка падрастаючага пакалення – Дар’ю Лявоненка, якая адсвяткавала ў гэтым годзе свой другі дзень нараджэння. Не засталіся абыякавымі жыхары і да сваіх аднавяскоўцаў Уладзіміра Сяргеевіча і Надзеі Мікалаеўны Дзядковых, якія больш за 39 гадоў рука аб руку ідуць па жыцці разам і служаць прыкладам для моладзі, якая ўступае ў шлюб. Без узнагарод і слоў падзякі не засталася і Наталля Аверычава. Яна вырошчвае найпрыгажэйшыя кветкі, у якіх «патанае» ўвесь яе падворак. Буянствам фарбаў яны радуюць не толькі саму гаспадыню, але і ўсіх, хто праходзіць або праязджае міма яе домаўладання. Заслужаную перамогу ў конкурсе на лепшую дваровую тэрыторыю, праведзеным Кашалёўскім сельскім Саветам, атрымаў Сяргей Іванавіч Бажанкоў, які разам са сваёй сям’ёй стварыў сапраўдную прыгажосць, камфорт і ўтульнасць на тэрыторыі свайго домаўладання, тым самым унёсшы пасільны ўклад у агульную справу па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку ў пасёлку.
Нягледзячы на тое што жыццё ў вёсцы заўсёды лічылася цяжкім, бо даводзілася працаваць з раніцы і да позняга вечара, Раіса Фёдараўна Шульчанка знаходзіла час, каб заняцца любімай справай – вышываннем. І выстава яе выдатных работ, размешчаная на свяце, яркае таму пацвярджэнне.
– Занятак вышыўкай для мяне – гэта не проста захапленне, а аддушына ад дзённых клопатаў і добрая магчымасць расслабіцца і адпачыць у вольны час. У мяне ёсць і карціны, і ручнікі, і абрусы, і шмат іншага. Штосьці з гэтага падарыла родным і знаёмым, а астатняе захоўваю для ўнукаў, хай застанецца памяць пасля мяне, – прызнаецца жанчына. – Прыемна, што маю работу могуць убачыць аднавяскоўцы на такім выдатным свяце, якое дало магчымасць сабрацца ўсім разам і паслухаць добрыя песні.
А яны яшчэ доўга гучалі ў выкананні ўдзельнікаў вакальнага калектыва Шарыбаўскага дома культуры «Жывіца», артыстаў і юных спартсменаў, дорачы вяскоўцам зарад добрага настрою і станоўчых эмоцый. Усе аднадушна адзначылі: свята атрымалася, пакінуўшы ў памяці глыбокі след і яркія ўражанні.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка