Жытава Кацярына Віктараўна, студ. 311 гр., Бдукм навук кіраўнік: старшы выкладчык




Дата канвертавання24.11.2017
Памер59.6 Kb.
Жытава Кацярына Віктараўна, студ. 311 гр., БДУКМ

Навук. кіраўнік: старшы выкладчык

кафедры этналогіі і фальклору БДУКМ

Гулак А.А.
ІМПЕРАТЫВЫ ТРАДЫЦЫЙНАЙ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ: «ЖАНІЦЦА» І «ІСЦІ ЗАМУЖ»: ПАРАЎНАЛЬНЫ АСПЕКТ
Традыцыйная культура ўяўляе сабой устойлівую, недынамічную сістэму, змены ў якой адбываюцца вельмі марудна і таму фактычна не фіксуюцца ў калектыўнай свядомасці носьбітаў. Самабытная беларуская культура даіндустрыяльнага грамадства не выключэнне. Для яе характэрна арыентацыя на паўтор некалі заведзенага ўкладу жыцця, звычаяў, традыцый і ўзнаўленне старых сацыяльных структур, а таксама прыхільнасць да існуючых узораў паводзін. Выхаванне маладога пакалення, захаванне і перадача вопыту адбываліся ў межах галоўных вызначальных установак гэтай культуры. Крытэрыем маральнасці той ці іншай сацыяльна-культурнай нормы ў сялянскай грамадзе з’яўляліся жывы прыклад і агульная прынятасць пэўнай нормы.

Пад імператывам традыцыйнай культуры ў даследаванні разумеецца прынцып паводзінаў, агульназначнае маральнае прадпісанне, якое ўтрымлівае аб’ектыўны прымус дзейнічаць так, а не іначай.

Аналіз фалькларыстычнага матэрыялу сямейна-бытавой тэматыкі выяўляе імператывы, якія сведчаць пра існаванне гендэрнай няроўнасці ці несбалансаванасці інтарэсаў дзяўчыны і хлопца ў сферы перадшлюбных адносінаў. Найперш гэта выражаецца ў прыярытэтным (суб’ектным) становішчы хлопца і пасіўнай (аб’ектнай) ролі маладой дзяўчыны ў традыцыйным грамадстве. Я за свайго Кузьму любую вазьму, а ты сваю Арынку паводзіш па рынку. Гэткага цвету па ўсяму свету (пра патэнцыйных нявест). У сялянскім асяроддзі ажаніцца было лягчэй, чым выйсці замуж: Лёгка жаніцца, што лысага брыць. Хлопец жэніцца, як хлеб ёсць, а дзеўка выходзіць замуж, як сваты прыдуць. Замуж, калі хочаш, – не скочыш, а ідзі, калі бяруць. З вялікай выбірачкі падсуне чорт гарачку. З каго кпіла-смяялася, таму сама і дасталася.

Патрыярхальныя ўстанаўленні дапускалі няроўнасць правоў хлопца і дзяўчыны ў каханні. Хлопцу дазвалялася кахаць не аднойчы і пакідаць каханую, калі ён гэтага захоча. Рэпутацыя яго ад такога ўчынку нічога не страчвала: Гуляй, Якім, як ёсць з кім. Відна па вочках, хто ходзіць уночках. Нашто мне жаніцца, калі добра па чужых жывіцца. Адказнасць за ўступленне ў інтымныя адносіны да шлюбу ўскладалася традыцыйна толькі на дзяўчыну. На казаку няма знаку, а на дзяўчыне – дзве прычыны.

Ажаніўшыся, хлопец рабіўся гаспадаром, і у сувязі з гэтым, значна павышаўся ягоны статус ў вясковай грамадзе. Малады мужчына атрымоўваў новыя сацыяльныя правы, але разам з тым павялічваліся яго абавязкі і адказнасць за матэрыяльнае становішча сям’і. Цяжкая штодзённая праца селяніна-гаспадара выклікала незадаволенасць маладога мужчыны сваім звязаным становішчам. Хлопец, які жаніўся, звычайна не хадзіў ужо з сябрамі на вячоркі да дзяўчат: жанатым мужчынам не гожа было бавіцца, гуляць з маладымі хлопцамі: Хто ажаніўся, той каіцца, а хто ні жаніўся, той галіцца. Каб ажаніцца, даў бы вала, каб разжаніцца, даў бы два. Нежанаты свішча, скача, а жанаты ў кулак плача.

Змест вядомай мужчынскай любоўнай песні «Ой, у полі тры крынічанькі» адлюстроўвае сапраўднае становішча, што назіралася сярод вясковай моладзі ў мінулым: вельмі часта вяселлі наладжваліся па сватаўству, калі хлопец і дзяўчына раней не бачылі адзін аднаго. Сватаўство адбывалася на эканамічнай аснове, на матэрыяльнай зацікаўленасці бацькоў маладых. Аб узаемных пачуццях маладых людзей нават не пыталі, і часта шлюб адбываўся наперакор пачуццям хлопца ці дзяўчыны, што кахалі іншага ці іншую: Я чарнявую – з душы люблю, // З бяляваю – павянчаюся, // А з трэцяю, прыбагатаю, // Прыйдзе вечар, – развітаюся. // Не ўсе разам ды сады цвітуць, // Не ўсе разам асыпаюцца, // Не ўсе тыя ды да шлюбу йдуць, // Што любяцца ды кахаюцца. Правілы сямейнага побыту сцвярджалі, што такое становішча з’яўлялася натуральным і правільным, і яны прызнаваліся няпісаным законам патрыярхальнага ўкладу жыцця [2, с.287]. Матэрыяльнае становішча цікавіла не толькі бацькоў, прага да ўзбагачэння непакоіла і сыноў: Жаніўся б і на казе, абы з залатымі рагамі. Хоць бы дзеўка не коха, абы грошай панчоха.

Пра бяспраўнае становішча дзяўчыны, з жаданнямі і пачуццямі якой, відавочна, не асабліва лічыліся, пра вяршэнства інтарэсаў мужчыны сведчаць этнаграфічныя звесткі: «Памяняць» нявесту пасля вянца было нельга, а да вянца, нават у час вянчання ў велімі рэдкіх выпадках здаралася, што жаніхі мянялі нявест. І. Карскі, карэспандэнт П.В. Шэйна, паведамляў пра факт відавочцам якога ён быў сам у 1857 г. Селянін з в. Калпакоў і хлопец з в. Капцілоўшчызны прыехалі ў нядзелю вянчацца ў царкву са сваімі нявестамі. Хлопец прапанаваў селяніну памяняцца нявестамі, «бо мая жонка для мяне да малая, а твая росту гэдакога, як ты сам, то покуль нас ксёндз ашчэ не абвянчаў, то ты, братко, колі хочаш, то будземо мяняцца ціпер дзеўкамі». Селянін запрасіў за пераменку дзесяць рублёў. Жаніхі доўга таргаваліся і нарэшце дамовіліся на пяць рублёў і воз жытной саломы. Як ні дзіўна нявесты згадзіліся, калі іх нарэшце спыталі: ім, нібы, усё роўна, мужчынам відней» [2, с.241].

Таксама этнографы зафіксавалі звычай вадзіць маладую дзяўчыну на кірмаш, дзе было значна больш шансаў напаткаць жаніхоў з іншых вёсак. У Гродзенскай губерні дзяўчыну, якой прыйшоў час выходзіць замуж, бацька вазіў па сваёй або суседніх вёсках і голасна крычаў: «Паспялуха! Паспялуха!» [1, с.223]. Штуршком да такіх экстраных мерапрыемстваў было не толькі жаданне бацькоў шчаслівага сямейнага лёсу для сваёй дачкі, але і строгія санкцыі з боку пана. «Калі дзеўцы спаўнялася дваццаць гадоў, то глава сям’і павінен быў аддаць яе замуж, а на пошукі жаніха давалі тэрмін паўгода. Калі ў назначаны тэрмін дзеўка выдана не будзе, то пачыналі браць штраф: з сярэдняга дома – дваццаць пяць рублёў, з багатага – пяцьдзесят рублёў, бедных жа – караць, як палічыць начальства» [1, с.222]. Доля мая чубатая – ніхто мяне ні сватая! Маліна не тое, што дзяўчына: чым болей спее, тым смачней бывае. Як дваццаць тры, дык замуж пры, а як дваццаць пяць, дык дома сядзь. Жні пшанічку прызеляненькую, аддавай дачку маладзенькую.

Вялікім няшчасцем для сям’і было не аддаць дачку замуж. У традыцыйным грамадстве замужжа было адзінай магчымасцю для жанчыны змяніць статус і рэалізаваць свае сацыяльныя функцыі, таму ў народзе былі пашыраны прыказкі кшталту: Хоць за казла, абы замуж пайшла. Хоць за вала, абы дома не была. Хоць за старца, абы не астацца. Выйсці хоць і за лапаць, абы не плакаць. Горка водка, але пьюць, дрэнна замуж, але ідуць.

Сялянскім дзяўчынам быў вядомы вопыт, што калі застацца ў дзеўках – гэта дрэнна, а пайсці замуж – і таго горш. Тлумачыцца гэта крушэннем надзей, якія звязваліся са шлюбам, асабліва ў тым выпадку, калі дзяўчына выходзіла замуж па любові. Адносіны мужа да яе часта былі адкрыта неспагадлівымі і жорсткімі: Бабе там месца, дзе месяць цеста. Гаспадынька, твая рэч – глянь у печ. Бяда ж мая незабытая – пашла жонка упроч не бітая. Людзі гавораць, што пабоі мілага не баляць. Абраўшы шлюб, жанчына-замужніца ператваралася перш за ўсё ў галоўную жаночую працоўную сілу земляробскага двара і земляробскай сям’і. На яе ўскладаліся і штодзённыя хатнія справы, і догляд свойскай жывёлы, і, нарэшце, нараджэнне і гадаванне дзяцей: Пайсці замуж, трэба знаць: позна легчы, рана ўстаць. Дзеўкай была плакала, замуж выйшла – завыла. Замуж ідзе – песні пяе, а выйшла – слёзы л’е. Жыццё жанчыны-сялянкі было падпарадкавана жорсткім патрыярхальна-звычаёвым правілам: замуж трэба было ісці ў мужаву хату з яе ўнутрысямейнымі звычаямі і кансерватыўнымі ўстанаўленнымі, з поглядам на прызначэнне нявесткі ў хаце быць работніцай. Патрабаванні з боку сям’і мужа да маладой жанчыны былі вялікімі, а жаласлівасць і спагада да яе – малымі: Не ў тыя рукі папала, каб лежачы спала, выспішся і бегаючы. Кошку б’юць, а нявестцы намёк падаюць.

Такім чынам, у творах фальклору яскрава ўвасобіліся асобныя маральныя імператывы адносна ўступлення ў шлюб і разумення абавязкаў у шлюбе. У дачыненні да дзяўчыны яны вымагаюць не ігнараваць ніякія прапановы, у маладым узросце пайсці замуж, быць цярплівай, пакорлівай мужу і яго сям’і, усведамляць свае жаночыя абавязкі. У дачыненні да хлопца маральныя прадпісанні менш строгія: “гуляць” / набірацца вопыту да вяселля не забараняецца, матэрыяльны разлік, калі ён прысутнічае ў адносінах, не хаваецца і не лічыцца ганебным для хлопца і яго роду, адказнасць за сям’ю, якая наступае пасля шлюбу, прызнаецца важнай.

У сучасным грамадстве комплекс маральна-этычных установак, звязаных з сям’ёй (выбар пары, уступленне ў шлюб, сямейныя адносіны, выхаванне дзяцей), на наш погляд, захаваўся ў асобных рысах даволі ўстойліва. Яго вывучэнне і правільнае асэнсаванне ў гістарычным кантэксце дазволіць гарманізаваць адносіны сучасных маладых людзей, змяніць іх у бок партнёрства, роўнасці інтарэсаў і павагі да асобы.



ЛІТАРАТУРА:


  1. Беларусы / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. – [Т.] 5: Сям'я / [В. К. Бандарчык і інш.] : Беларуская навука, 2001. – 374, [1] с.

  2. Беларусы / Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. – [Т.] 7: Вусная паэтычная творчасць / НАНБ, Г.А. Барташэвіч і інш. – 2004. – 586 с.

  3. Прыказкі і прымаўкі : у 2 кн. / Акадэмія навук Беларускай ССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; [складанне, сітэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул, с. 5–48, і каментарыі М. Я. Грынблата; рэдкалегія: В. К. Бандарчык і інш.]. – Мінск : Навука і тэхніка, 1976. – (Беларуская народная творчасць : БНТ).



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка