ЖОЎтая кніга”: унікальная з’ява кітайскай перакладной літаратуры 50-70-х гг. ХХ ст




Дата канвертавання10.04.2017
Памер55.33 Kb.
ЖОЎТАЯ КНІГА”: УНІКАЛЬНАЯ З’ЯВА

КІТАЙСКАЙ ПЕРАКЛАДНОЙ ЛІТАРАТУРЫ

50-70-х гг. ХХ СТ.

В.А. Карлюкевіч (Мінск)

“Жоўтая кніга” (黄皮书) - спецыфічны тэрмін, прыняты ў Кітаі для абазначэння выданняў для “ўнутранага карыстання”. Такія кнігі сталі выпускаць яшчэ ў 50-я гг. ХХ ст., але пік “жоўтых кніг” прыходзіцца на 60-70 гг. Сваю назву гэтая з’ява атрымала за светла-жоўты колер вокладак. Кітайскія літаратуразнаўцы, гісторыкі пачалі звяртацца да вывучэння гэтай тэмы толькі ў 2000-я гг., у постсавецкім кітаязнаўстве да праблематыкі “жоўтых кніг” увогуле не звярталіся.

Акрамя светла-жоўтага колеру адметнай вокладку рабіў надпіс “Для ўнутранага карыстання”. У некаторых выпадках у кнізе можна было таксама знайсці ўкладку памерам тры з паловай сантыметры ў даўжыню і сем сантыметраў у шырыню з наступным тэкстам: “Гэта выданне для ўнутранага карыстання, прызначана для азнаямлення дзеячаў літаратуры і мастацтва. Калі ласка, карыстайцеся кнігай акуратна, забараняецца перадаваць староннім людзям.” [1]

Перадумовай з’яўлення “жоўтых кніг” стала пагаршэнне савецка-кітайскіх зносін у канцы 50-х гг. ХХ ст. Крытыка І. Сталіна ў дакладзе М. Хрушчова ў канцы XX з'езда КПСС, новы савецкі курс на эканамічнае развіццё пры палітыцы “мірнага суіснавання” з капіталістычнымі краінамі выклікалі незадаволенасць Мао Цзэдуна. Палітыка М. Хрушчова, па азначэнні афіцыйнага Пекіна, супярэчыла камуністычным ідэям і была названа рэвізіянісцкай. Нядзіўна, што ў гэтых абставінах Аддзел прапаганды ЦК КПК выступіў з заклікам да выдавецкіх устаноў Кітая далучыцца да барацьбы супраць савецкага рэвізіянізму. Па сведчанні Чжан Фушэна, які ў сваю чаргу, цытуе тагачаснага намесніка галоўнага рэдактара часопіса «Сусветная літаратура» спадара Чэнь Бін’і, у снежні 1959 года – студзені 1960 года ў пекінскім атэлі «Сінь цяо» адбыўся сход працаўнікоў культуры, дзе Чжоу Ян, намеснік кіраўніка Аддзела прапаганды ЦК КПК, агучыў пазіцыю першых асоб краіны пра неабходнасць выдання твораў замежнай літаратуры ў якасці адваротнага прыкладу. Чэнь Бін’і называе яшчэ адну ўскосную прычыну з’яўлення “жоўтых кніг”. Аднак ніякіх афіцыйных дакументаў па гэтым пытанні прадстаўлена не было. У маі 1959 года кітайская дэлегацыя на чале з вядомым кітайскім літаратарам Мао Дунем прымала ўдзел у ІІІ З’ездзе савецкіх пісьменнікаў. Падчас работы з’езда ўзнікла шмат дыскусій наконт шляхоў развіцця савецкай літаратуры, але прадстаўнікі кітайскай дэлегацыі ў большасці выпадкаў не чыталі і нават не ведалі твораў, якія абмяркоўваліся на з’ездзе. Падкрэслім, што афіцыйных дадзеных пра вытокі з’явы пад назвай “жоўтая кніга” няма, адзіная крыніца, на якую, у асноўным, і спасылаюцца – сведчанні непасрэдных удзельнікаў гэтага працэсу. Словы Чэнь Бін’і пацвярджаюць перакладчыкі старога пакалення – Гао Ман і Лі Шугуан. Так, Лі Шугуан успамінае: “Пасля сходу ў снежні 1959 года ў атэлі «Сінь цяо» Чжоу Ян пакінуў некалькі спецыялістаў для абмеркавання пытанняў гуманістычнага складніка і тэорыі чалавечай сутнасці ў творах літаратуры і мастацтва буржуазнага свету, а таксама барацьбы супраць антырэвізіянізму. На сходзе прысутнічалі Чэнь Бін’і, Цзян Чуньфан і Фэн Чжы. Неабходна павысіць намаганні па даследванні развіцця замежнай літаратуры і выданні матэрыялаў для азнаямлення кіраўнікоў краіны з негатыўнымі прыкладамі.” [1] Акрамя гэтага, Аддзел прапаганды ЦК КПК стварыў спецыяльную Групу антырэвізіянісцкай барацьбы ў сферы літаратуры і мастацтва. Падрыхтоўчая работа па стварэнні групы вялася Чжоу Янам і Лінь Моханем, кіраўніком групы стаў Лінь Мохань. Асноўнымі накірункамі дзейнасці групы былі напісанне артыкулаў антырэвізіянісцкага зместу і выданне “жоўтых кніг”. Па ўспамінах іншага сведкі – перакладчыка Цінь Шуньсіня, ці Чжоу Ян, ці Цянь Цзюньжуй сказаў такія словы: “Узровень нашых ведаў пра літаратуру Заходняй Еўропы і Амерыкі можна параўнаць з непрагляднай цемрай, а ў адносінах літаратуры Савецкага Саюза і Усходняй Еўропы мы дэманструем павярхоўнасць і дылетанства.” [1]

Выданне “жоўтых кніг” можна ўмоўна падзяліць на два этапы. Першы этап – першая палова 60-х гг. ХХ ст. (да пачатку Культурнай рэвалюцыі 1966 – 1976 гг.). Пік актыўнага выдання “жоўтых кніг” у гэты час назіраецца з 1962 па 1965 гады. У 1962 годзе выйшла ў свет анталогія «Горкі плён», менавіта яе большасць даследчыкаў і лічаць першай “жоўтай кнігай”. Анталогія была складзена з 25 твораў (апавяданні, вершы, артыкулы) пісьменнікаў з Савецкага Саюза, Польшы, Венгрыі, Чэхаславакіі і інш. Да Культурнай рэвалюцыі ў межах праекта “жоўтая кніга” было выдадзена больш за пяцьдзесят твораў перакладной мастацкай літаратуры, а таксама шэраг зборнікаў з літаратурна-крытычнымі артыкуламі. На кітайскай мове з’явіліся «Людзі, гады, жыццё» І. Эрэнбурга, «Адзін дзень Івана Дзянісавіча» А. Салжаніцына, «Жывыя і мёртвыя» К.Сіманава, «Зорны білет» В.Аксёнава, «Бабін Яр» Я.Еўтушэнка і інш. У асноўным перакладалі творы сучаснай савецкай літаратуры. Пазней пачалі звяртацца да еўрапейскіх і амерыканскай літаратур: «У дарозе» Дж. Кэруака, «Лавец у жыце» Дж. Сэлінджэра, «У чаканні Гадо» С. Бекета і інш. Другі этап выдання “жоўтых кніг” храналагічна звязаны з сярэдзінай і канцом Культурнай рэвалюцыі, асноўны ўздым назіраўся з 1971 па 1978 гады. “Жоўтыя кнігі” у гэты перыяд далёка не заўсёды адпавядалі сваёй назве: прызначаныя для ўнутранага карыстання пераклады з замежных літаратур пачалі выходзіць у белых і светла-шэрых вокладках.

Чжан Фушэн, які доўгі час даследаваў “жоўтыя кнігі”, так расказвае пра працэс выбару твораў для перакладу і публікацыі: “Спадар Сунь Шэн’у [Сунь Шэн’у, кітайскі перакладчык Янкі Купалы, у 60-я гг. працаваў намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва “Жэньмінь вэньсэю чубаньшэ”- В.К.] нёс поўную адказнасць за гэту катэгорыю кніг. Ён уважліва праглядаў кожны выпуск “Каталога замежнай кніжнай прадукцыі”, затым заказваў тыя з кніг, якія больш за ўсё ўхвалялі ці, наадварот, крытыкавалі. У той час рэдакцыя таксама выпісвала шмат савецкіх літаратурных часопісаў і газет: “Литературная газета”, “Знамя”, “Звезда”, “Октябрь”, “Новый мир”, “Наш современник” і інш.Часопісы і газеты раздавалі супрацоўнікам, якія выступалі з прапановамі, канчатковае рашэнне прымаў Сунь Шэн’у.” Цікавая і сістэма распаўсюджвання “кніг для ўнутранага карыстання”. “У пачатку 60-х гг. кожную кнігу выдавалі тыражом недзе ў 900 асобнікаў. Да чытачоў былі самыя высокія патрабаванні: чыноўнікі міністэрскага ўзроўню і вядомыя пісьменнікі. Гэта надавала пэўную “таемнасць”. Па словах Цінь Шуньсіня, які займаўся рэдагаваннем “жоўтых кніг”, у галоўнай рэдакцыі ён аднойчы ўбачыў маленькі сшытак. Пасля выхаду кнігі ў свет, апавяшчалі ўсіх з гэтага спісу пра магчымасць набыць дадзенае выданне”.[1]

У гэты час з пазнакай “толькі для унутранага карыстання” выходзяць дзве “жоўтыя кнігі” беларускага паходжання: “Трэцяя ракета” Васіля Быкава (выд. “Цзоцзя чубаньшэ”, 1965) і “Снежныя зімы” Івана Шамякіна (выд. “Шанхай жэньмінь чубаньшэ”, 1972-1973).[2, с.179] Абедзве кнігі апублікаваны ў перакладзе Лі Лянміня, аўтара кітайскай версіі аповесці Якуба Коласа “Дрыгва”.

Нягледзячы на тое, што Лі Лянмінь пачынаў з перакладаў дзіцячай літаратуры, у памяці чытачоў ён застаўся “рэвалюцыйным” перакладчыкам. З 1952 г., калі ён зрабіў пераклад рамана Э. Л. Войніч “Авадзень”, Лі Лянмінь выбірае творы пра гераічныя постаці ў сусветнай гісторыі: “Спартак” Джаваньолі, “Белы раб” Хільдрэта, “Качубей” А. Первянцава, а таксама аповесць Якуба Коласа пра подзвігі дзеда Талаша “Дрыгва”. Сам Лі Лянмінь так тлумачыць свой выбар: “Галоўныя героі гэтых твораў – мучанікі, гераічныя асобы, якія сфарміраваліся ва ўмовах Вялікай Айчыннай вайны, народна-вызваленчай і класавай барацьбы. Таму выбіраючы тэматыку для маіх мастацкіх перакладаў, я кіраваўся прынцыпам “жыццяпіс гераічнай постаці”.[3, c. 8]



Добра арганізаваная сістэма па перакладзе і выданню твораў замежнай, у першую чаргу – савецкай, літаратуры ў Кітаі у 50-70-я гг. ХХ ст. сведчыць пра сталае разуменне кітайскіх кіраўнікоў адносна істотнай ролі дзяржавы ў развіцці культурных працэсаў, а таксама іх уплыў на фарміраванне ў краіне дамінуючай ідэалогіі. У пэўнай ступені, гэты падыход захаваўся і ўва сучаснай дзяржаўнай палітыцы Кітая ў дачыненні да формаў успрымання перакладной замежнай літаратуры.

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. 中苏文学交流史上一段特殊岁月:“黄皮书”出版始末// 中华读书报[电子资源] = Унікальны час у гісторыі літаратурнага абмену паміж Кітаем і Савецкім Саюзаі: выданне “жоўтых кніг”. – 2009. – http://book.ifeng.com/special/neibushu/list/200905/0526_6795_1176372.shtml – Дата доступу: 24.08.2011.

  2. 曾,思艺。俄苏文学及翻译研究/ 曾思艺。– 北京:中国社会科学出版社 = Цзэн, Сыі. Даследванні рускай літаратуры і перакладу/ Цзэн Сыі. – Пекін: Чжунго шэхуэй кэсюэ чубаньшэ. – 2011. – 313с.

  3. 李,俍民。探寻英雄人物的足迹——谈谈我的文学翻译选题/ 李俍民// 中国翻译 = Лі, Лянмінь. У пошуку слядоў гераічных постацяў – размова пра мой выбар тэмы для літаратурных перакладаў/ Лі Лянмінь// Чжунго фаньі. – 1984. – №4. – С. 8-11.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка