Каб не было непражытых дзён




Дата канвертавання20.03.2019
Памер213.64 Kb.
КАБ НЕ БЫЛО НЕПРАЖЫТЫХ ДЗЁН

Шмат прыкладаў можна прывесці сёння, як у свой час сектар мастацкай літаратуры былога ЦК КПБ умешваўся ў творчыя справы, вырашаючы, што друкаваць, выдаваць, а перад чым запальваць чырвонае святло. Больш таго, пры жаданні можна прыгадаць, як надта смелых аўтараў выклікалі "на дыван", а пасля гэтага яны, зразумела, траплялі ў няміласць партыйнага кіраўніцтва. Што было, тое было. Меў да гэтых разбораў дачыненне і тагачасны загадчык згаданага сектара, вядомы беларускі пісьменнік Алесь Савіцкі. Але калі быць праўдзівым, дык да канца. Падобны нялітасцівы лёс неўзабаве напаткаў і яго самога.

А "пагарэў" аўтар на рамане "Тры непражытыя дні". Не паспеў апублікаваць гэты твор на старонках часопіса "Полымя", як знайшліся "цнатліўцы", якім вельмі не спадабалася, як на той час смела вырашае аўтар тэму кахання. Як на сённяшні дзень, дык у "Трох непражытых днях" нічога крамольнага і не было. Падумаеш, галоўныя героі свабодна выяўляюць свае пачуцці. I зусім не ханжы яны, а звычайныя людзі, якім хочацца чалавечага шчасця, узаемнасці, якіх палохае адзіноцтва.

Тады ж раздаваліся ў кабінеце -- ужо загадчыка аддзела культуры, а то і загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі, а сёй-той і вышэй сягаў, тэлефанаваў сакратару па ідэалогіі -- званкі, паступалі ананімныя лісты. Змест званкоў і пісем быў адзін: як гэта можна, каб героі мастацкага твора мілаваліся не дзе-небудзь, а ля Хатыні. Кашчунства... Ды з боку каго?! Загадчыка сектара мастацкай літаратуры ЦК КПБ! Які можа быць прыклад, асабліва для моладзі. Як пасля ўсяго гэтага выхоўваць яе ў духу патрыятызму, любові да Радзімы?!

"Тры непражытыя дні" пабачылі свет у "Мастацкай літаратуры" толькі ў 1979 годзе. Праўда, раман выйшаў пад новай назвай. "Толькі аднойчы". Наўрад ці была патрэба знімаць у ім асобныя эпізоды, але што сталася, тое сталася, і наўрад ці ёсць неабходнасць вяртацца да першапачатковага варыянта. Тым болей што ў гэтым варыянце твор чытаецца з захапленнем, а вобразы галоўных герояў -- рабочага-экскаватаршчыка, ён жа -- "капітан спартыўнай каманды, трэнер... I якой каманды! Зайздросцяць любыя прафесіяналы!" -- Дзяніса Сушко і маладой жанчыны Гіты Найдзёнак прывабліваюць псіхалагічнай заглыбленасцю ў раскрыцці іх пачуццяў.

Пісьменнік ідзе ад самога жыцця, праўдзіва паказваючы, як мімалётная сустрэча шмат можа перайначыць у лёсе чалавека. Менавіта так і сталася з Сушко. Убачыў у вестыбюлі гасцініцы незнаёмую жанчыну і адразу адчуў, што павінен з ёй пазнаёміцца. Не, Дзяніс зусім не з тых, хто ласы на заляцанні. Проста дае аб сабе знаць доўгая адзінота, калі няма поруч таго, хто падзяліў бы твае думкі, з кім можна было б параіцца.

"Сошлись два одиночества..." Здаецца, так сказаў М. Луконін у адным з вершаў. Калі Гіта яшчэ неяк стрымлівае ўласныя пачуцці, трымае іх нечым у сабе -- відаць, таму, што мае мужа і сына, дык Сушко не пазнаць. Яму хочацца раз і назаўсёды пакончыць з адзінотай. Toe, што было раней, для Дзяніса не так і важна. Галоўнае ў дні сённяшнім, а ён такі радасны, сонечны, шчаслівы: "Ён зусім не думаў пра мінулае Гіты, не думаў, хто яна і як склалася яе жыццё да сустрэчы з ім, да гэтага дня; ён марыў пра будучае, пра тое, як ім, яму і Гіце, цяпер будзе добра, як зусім інакш павернецца яго лёс, і павернецца дужа шчасліва, дужа добра -- ён будзе цяпер жыць дзеля сумеснай, агульнай радасці, каб яна, Гіта, была гэтак жа шчаслівая, каб яна паверыла ў тое, што ўсё ранейшае жыццё -- і яго і яе -- было толькі падрыхтоўка да гэтага дня, да гэтай іх сустрэчы тут, на беразе Мінскага мора, сустрэчы зусім неспадзяванай і нечаканай і разам з тым вельмі ж абавязковай і патрэбнай, як паветра, ім абоім..."

Чым больш дае Сушко волю пачуццям, тым больш пераконваецца, што з моманту гэтай самай сустрэчы павялічваюцца абавязкі. Бо ўжо не толькі сам па сабе жыве ён на зямлі. I не дзеля адной каханай жанчыны жыве: "Ён, Сушко, нясе цяпер усю адказнасць за лёс Гіты, значыцца, за лёс яе сына, маленькага хлопчыка, якога ён ніколі не бачыў, але які таксама дарагі, як і Гіта".

Можна і трэба зразумець галоўнага героя ў гэты момант найвышэйшага для яго душэўнага азарэння. Зразумець не толькі як закаханага, a і як чалавека, шчырага, шчодрага, надзіва адкрытага і ў той жа час вельмі і вельмі даверлівага. Аднак менавіта гэтая празмерная даверлівасць і не на карысць яму. Уся бяда ў тым, што Сушко няздольны адчуць тую мяжу, якая аддзяляе захапленне ад кахання, не можа і ў думках прадугадаць, што наперадзе давядзецца яшчэ сутыкнуцца і са складанасцямі будняў.

Гіта як жанчына (да ўсяго замужняя) у гэтым сэнсе куды больш асцярожная. Вядома, яна паступова дае волю пачуццям, тым больш, як хутка высвятляецца, мужа не кахае, выйшла за яго, як кажуць, "назло" свайму ранейшаму каханку, які жаніўся з другой. Аднак яна ж, Гіта, як ніхто іншы, разумее, што не так і проста адважыцца на нейкі катэгарычны крок, каб разысціся з мужам і пачаць жыццё нанова. Ведае, сямейны вузел не так і проста разблытаць. I тут яна, у адрозненне ад Дзяніса, куды больш абачлівая: ў чым ён, гэты вузел? Ты кахаеш Гіту. Яна кахае цябе. I ты перакананы: там, адкуль Гіта прыехала, яна не была шчаслівая, шчаслівая яна была толькі з табою, і толькі з табою будзе шчаслівая! Перакананы? Так, перакананы! Значыцца, няма, не існуе аніякага вузла! Чаму няма? Толькі таму, што ты гэтак катэгарычна адказаў сам сабе? Але ж ці зможаш ты адказаць з гэткай жа катэгарычнасцю кожнаму, хто раптам нешта папытае ў цябе? Кожнаму? А кожнаму ён і не абавязаны адказваць. Ён абавязаны адказваць толькі тым людзям, да якіх Гіта едзе заўтра..."

Абачлівасць, аказваецца, вельмі і вельмі неабходная. I ў гэтым Дзяніс Сушко пераканаўся, калі нечакана наведаўся да Гіты, прыехаў у яе горад. Ехаў з цвёрдым намерам -- цяпер іхнія шляхі назаўсёды сыдуцца. Яго, Гіты і яе сына. А што Гіта адкажа ўзаемнасцю, ніколькі ўжо не сумняваецца. Пакінула ж яна пасля ад'езду магнітафонную стужку, а там запісаны яе роздум, развагі. Пра каханне, што прыходзіць толькі аднойчы...

Прыходзіць, але ж гэтак лёгка можа і знікнуць... Ці растварыцца ў тых самых буднях ці перад імі "спыніцца"... У дачыненні да Гіты акурат адбываецца апошняе. Пры сустрэчы яна "не кінулася насустрач, і Сушко збянтэжыўся. Перад ім стаяла Гіта, якую ён не пазнаваў, яна была зусім не падобная на тую жанчыну, якая паехала тады з Мінскага мора..." Гіта шмат перадумала пасля вяртання дамоў. Перадумала і пераканалася ў тым, што жыццё нельга абдурваць.

Няхай і рэзка гучыць, і грубавата, ды нічога ўжо не зробіш. За гэтай грубаватасцю і рэзкасцю мудрасць Жанчыны, здатнай на ахвяраванне ўласным каханнем дзеля будучыні сына. Як прысуд гучыць: "Ты можаш быць добрым... айчымам. Ніякім не бацькам. Бо бацька -- гэта зусім іншае. Я вырасла без бацькі. I я ведаю гэтую горыч. Павер мне, ведаю!"

Мае на ўвазе ўласнага сына, маленькага Юраську... А памылкі ў каханні? Ды найперш уласныя і тая з іх, што была звязана з трыма непражытымі днямі. Непражытымі ёю, Гітай Найдзёнак, і ім, Дзянісам Сушко.

Раман "Толькі аднойчы" з'явіўся ў Алеся Савіцкага не на голым месцы. 3 усёй вастрынёй праблемы маральнай адказнасці кожнага за ўласныя ўчынкі былі раскрыты і ў аповесці "І нічога ўзамен", напісанай у 1971 годзе. Гераіня гэтага твора, нядаўняя выпускніца медыцынскага інстытута, пакахала жанатага чалавека. Таксама, як бачым, раскрываецца традыцыйны любоўны трохкутнік. 3 той толькі розніцай, што Валера не ў ладах з жонкай, не знаходзіць з ёй паразумення. Ён, як і Дзяніс Сушко, гатовы паставіць кропку над сваім мінулым, тым самым пачаць жыццё нанова. Яго цяперашняя каханая Галіна, ад імя якой і вядзецца ў творы апавяданне, таксама як быццам прытрымліваецца падобнай думкі. Аднак цвяроза ўзважыўшы ўсё, неўзабаве прыходзіць да высновы, што не мае аніякага права разбураць чужую сям'ю.

Здавалася б, у гэтым рашэнні няма ніякай лагічнай матывіроўкі. Валерава ж сям'я ўсё адно толькі фармальна існуе. Ён і Рыта -- даўно чужыя людзі. Пра такіх кажуць, што сустрэліся выпадкова. Аднак думаецца, гаворачы любаму: "Бывай!", Галіна кіруецца зусім не меркаваннем "сцерпіцца-злюбіцца". Проста яна не хоча будаваць сваё шчасце на чужым няшчасці. І ў гэты момант свайго роду любоўнага аскетызму раскрываецца сваімі лепшымі якасцямі. Найперш тым, што праяўляецца яе высакародства. хачу цябе кахаць, я кахаю! -- прызнаецца яна Валеру. -- Павер мне, што гэта сапраўды так!" I тут жа дадае: "Але цяпер я ведаю, што ў каханні ёсць свае законы, свае правы, свае межы..."

Гераіня аповесці "I нічога ўзамен", як і Гіта Найдзёнак з рамана "Толькі аднойчы", таксама дзейнічае рашуча. "Спальвае" за сабой усе масты, "адкінуўшы свой эгаізм, не патрабуючы ўзамен нічога". "I нічога ўзамен"? А чаму б і не паступіць так, калі іншага выйсця няма і неабходна як мага хутчэй прыняць канчатковае рашэнне, расставіўшы ўсе кропкі пад сумненнямі.

Падводзячы сваіх персанажаў менавіта да гэтага выбару, Алесь Савіцкі дакладна ўзважвае ўсе "за" і "супраць", псіхалагічна вывяраючы кожны іх крок. Часта выкарыстоўвае ўнутраныя маналогі, лірычныя адступленні, каб дабіцца яшчэ большай праўдзівасці і пераканаўчасці. Каб і на самай справе ўсё было, як у жыцці. I ў той жа час каб адчувалася, што ўсё гэта не лёгкае чытво, не штосьці саладжава-сентыментальнае (чаго-чаго, а сёння падобных твораў з'яўляецца нямала, але, на шчасце, пакуль толькі на рускай мове), а проза, напоўненая глыбокімі чалавечымі пачуццямі.

Поспех, якога дасягнуў пісьменнік у згаданых творах, невыпадковы. Гэта -- сведчанне ўзросшага майстэрства Алеся Савіцкага, набытага на працягу многіх гадоў удумлівай і карпатлівай мастакоўскай працы. Першае апавяданне "Рыбацкае шчасце" ён апублікаваў яшчэ ў снежні 1948 года ў тагачаснай полацкай газеце "Бальшавіцкі сцяг". Пачынаў жа, як і многія, з паэзіі. Прытым у суровых ваенных абставінах (нарадзіўся Алесь Савіцкі 8 студзеня 1924 года ў Полацку). Пра гэта згадвае Савіцкі ў аўтабіяграфіі "Сінія хвалі Дзвіны", пазначанай 8 кастрычніка 1964 года: "Першае, сваё, напісаў у партызанскім атрадзе".

А было гэта зімой 1942 года. Алесь Савіцкі быў цяжка паранены: "Разам з Сяргеем Зімніцкім мы мініравалі чыгунку ў сасновым бары паміж Полацкам і Фарынава. Міну -- амаль дваццаць кілаграмаў толу, выплаўленага з артылерыйскіх снарадаў, -- паставілі, але адбегчыся далёка не паспелі: цяжка было адольваць завалы з таўшчэзных соснаў, аплеценых дротам і закіданых снегам. Выбуху не чуў; памятаю вялізнае, на ўсё неба, малінава-белае сонца і ціхі, вельмі ціхі і прыгожы гул, як бомканне маленькіх званоў..."

Выратаваў Алеся Савіцкага той самы Сяргей Зімніцкі, які першым прыйшоў у сябе, пасля яны "дапаўзлі да лесу і там знайшлі сваіх хлопцаў з групы -- яны шукалі нас". А ў партызанскім шпіталі давялося праляжаць каля месяца. Неяк захацелася напісаць ліст маці, супакоіць, каб не хвалявалася, а ў выніку нарадзіўся верш. Як прызнаецца аўтар, "маленькі, наіўны. Я нават не ведаў, не думаў, што напішу яго". "Другі верш, -- працягвае ён у аўтабіяграфіі, -- напісаў праз год, ужо далёка ад Завалынкі, на другі бок чыгункі, у вёсцы Бабынічы, дзе дыслацыраваўся новы партызанскі атрад "Бальшавік". Я быў ужо камандзірам спецыяльнай падрыўной групы, меў на сваім рахунку болей дзясятка падарваных эшалонаў, шмат спаленых і ўзарваных мастоў".

Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Алесь Савіцкі ваяваў у дзеючай арміі, вайну закончыў у Берліне і дэмабілізаваўся толькі ў канцы 1945 года. Трэба было дапамагаць сям'і. Бацька загінуў на фронце, "брат і сястра вучыліся ў школе. Здароўе маці было кепскае". А спецыяльнасці ніякай не меў ды і школу, як вядома, закончыць не паспеў. Партызанскі сябра Зімніцкі, які ўжо працаваў тэхнікам на тэлеграфе, абяцаў дапамагчы, "зрабіць з мяне добрага тэлеграфіста".

Магчыма б, і стаў Алесь Савіцкі тэлеграфістам, але выпадак перайначыў усё яго далейшае жыццё. Сяргеева сястра працавала ў рэдакцыі газеты. Якраз прыйшла з работы і паскардзілася, што не ведае, як і выканаць загад рэдактара, напісаць матэрыял у навагодні нумар. Алесь Савіцкі вырашыў дапамагчы ёй: "Давай, Сяргей, напішам пра партызанскі Новы год". А паколькі прапанова ад яго сыходзіла, дык... "Да світання ў нас на кухні гарэла газоўка, -- сведчыць пісьменнік у аўтабіяграфіі. -- Я пісаў першы ў жыцці нарыс. Не ведаў нават, што гэта нарыс, што ён будзе даспадобы не толькі рэдактару, але і ўсім у газеце, не думаў, што мяне тэрмінова паклічуць у рэдакцыю. Я пісаў пра адну навагоднюю ноч -- мы кінулі тады пад адхон варожы эшалон. Пісаў хутка, зноў перажываючы нядаўняе, страшнае..."

3 1946 года пачаў працаваць Алесь Савіцкі ў рэдакцыі мясцовай газеты, а калі ў Полацку стварылі літаратурнае аб'яднанне, яго выбралі старшынёй: "Так мінула, пранеслася незаўважна сем гадоў. I ўсе гэтыя гады я марыў пра сапраўдную вучобу". Мара ажыццявілася, калі даведаўся -- было гэта вясной 1953 года, што можна паехаць у Маскву, вучыцца ў Літаратурным інстытуце імя А. М. Горкага. Насустрач Алесю Савіцкаму пайшлі ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі.

Паступіць дык паступіў, але "без інтэрната, без стыпендыі, з абавязковым прадстаўленнем атэстата сталасці да першага студзеня". Давялося экзамены за школу здаваць экстэрнам. Асіліў іх, а інстытут закончыў у 1958 годзе і адразу паступіў у аспірантуру пры ім.

Вучоба вучобай, але сур'ёзна заняўся і творчай працай. Паездка на будаўніцтва Брацкай ГЭС падказала тэму аповесці "Кедры глядзяць на мора", якая выйшла асобнай кнігай у 1960 годзе. У 1962 годзе пабачыла свет другая аповесць "Пасля паводкі".

Ужо споўніўся год, як пасля заканчэння аспірантуры Алесь Савіцкі вярнуўся на Беларусь. Загадваў рэдакцыяй у выдавецтве "Ураджай", з 1962 па 1969 год -- вучоны сакратар Літаратурнага музея Якуба Коласа. Пры першай жа магчымасці шмат ездзіў па рэспубліцы. Ды і наведванне роднага Полацка давала нямала жыццёвага матэрыялу. Прынамсі, раман "Жанчына" (1963) прысвечаны будаўнікам Полацкага завода шкловалакна. У рамане ж "Палын -- зелле горкае" (1967) праўдзіва адлюстравана жыццё пасляваеннай вёскі.

Здавалася б, самы час узяцца за асэнсаванне ваенных падзей, актыўным удзельнікам якіх быў. Ды матэрыял "супраціўляўся", не клаўся на паперу. Вельмі ж балючымі былі пакуль што ўспаміны. Красамоўнае наконт гэтага сведчанне Алеся Савіцкага ў аўтабіяграфіі: "Пісаць, седзячы далёка ад тых месц, дзе ляжаць партызанскія сцежкі, цяжка. Але, убачыўшы іх, зірнуўшы на тыя лясы, на тую зямлю, дзе кожная выспачка паліта партызанскай крывёю, дзе ў кожным бары вечным сном спяць народныя мсціўцы, я не магу быць спакойны, вочы засцілае смуга, і даўняя туга цісне сэрца. Спрабаваў сесці і пісаць. Мроіліся, стаялі перад вачыма, як жывыя, і тыя людзі, і тыя турботныя дні, і стукала ў скронях кроў, нібы зноў лез з аўтаматам па лясных завалах да чыгункі..."

Першым сур'ёзным подступам да асэнсавання вайны стаў раман "Верай і праўдай" (1976). Калі былі напісаны наступныя раманы "Літасці не чакай" (1982) і "Памерці заўсёды паспееш" (1983), яны склалі аднайменную трылогію. Атрымалася шырокамаштабнае, панарамнае мастацкае палатно, у якім узноўлена барацьба з фашызмам на беларускай зямлі ад першых дзён вайны да вызвалення.

Працуючы над трылогіяй, пісьменнік адначасова ў 1980 годзе выдаў раман "Зямля не раскажа". На гэты раз аўтарская ўвага скіравана на канкрэтны лёс. Гэта, можна сказаць, твор аднаго героя. На прыкладзе простай беларускай жанчыны Алесь Савіцкі прасачыў, як нараджалася народная нянавісць да чужынцаў, як людзі ахвяравалі сабой у імя свабоды і незалежнасці Бацькаўшчыны.

Увогуле Алесю Савіцкаму вельмі ўдаюцца жаночыя вобразы. У гэтым лёгка пераканацца, пазнаёміўшыся з раманам "Верасы" (1987). У адрозненне ад рамана "Зямля не раскажа" гэты твор густа населены. Эпіцэнтрам з'яўляецца вобраз студэнткі медыцынскага інстытута Насты. Так ужо сталася, што яна апынулася разам з байцамі, якія ў першыя дні вайны вымушаны былі адступаць. Магчыма, Наста і сама шукала б выйсця са складанага становішча. Невыпадкова на прапанову лейтэнанта Грача: "Ты ўжо цяпер не кідайся абы-куды. Трымайся нашай калоны. 3 намі пойдзеш..." яна адказвае: "Вы людзі вайсковыя. А я што?" Ды лейтэнант паглядзеў на дзяўчыну з асуджэннем: "Вайна ідзе. Мы цяпер усе -- вайсковыя людзі. Лічы сябе мабілізаванай па законах ваеннага часу".

Не трэба спяшацца асуджаць аўтара за падобны рытарызм, калі глядзець з вышыні сённяшняга дня. Не будзем жа забываць, калі гэта адбывалася.

Наста была адной з многіх. Расказваючы пра лёс гэтай дзяўчыны, Савіцкі піша пра яе з цеплынёй і непрыхаваным захапленнем. Асабліва гэта тычыцца тых старонак, дзе расказваецца пра каханне Насты да лейтэнанта Грача, што, падобна кволаму цяпельцу, узнікла пад час ліхалецця. Ды і сама назва твора з'явілася з гэтага адчування і разумення: якія б віхуры ні праносіліся над зямлёй, чалавечнасць, спагада заўсёды застануцца, а з іх народзіцца і каханне: "А ўчора як цёпла было ў той зялёнай пячорцы пад хвояй і якое мяккае выдавала шыгалле. І верасы ля дарогі былі мяккія, цёплыя, угрэтыя ўдзень сонцам. Ажно храбусцелі яны пад рукой Грача, на якую лягла тады яе галава". Апошняе, што ўбачыла Наста, скошаная варожай куляй, таксама былі верасы. Верасы і Грач, які "бяжыць па верасах і раптам падскоквае, плыве над макавінамі соснаў, што стаяць на балаціне густа, быццам сцяна".

Прываблівае і вобраз юнага разведчыка Алега Сверына з аповесці "Узаранае поле" (1977), што загінуў не ў баі, а працуючы на полі, бо вёску фашысты спалілі, а нехта ж мусіць рупіцца пра ўраджай. У характары гэтага юнака, у якім лёгка можна пазнаць тагачасных равеснікаў аўтара, спалучаюцца мужнасць, рамантыка і тая дзіцячая наіўнасць, што яшчэ характэрна для гэтага ўзросту. Памірае Алег, і адчуванне такое, што паменела на зямлі дабрыні...

Што тычыцца аповесці "Скажы мне праўду", дык яна пра сённяшніх старшакласнікаў, пра іх вучобу. Але і пра іх праблемы, бо гэты ўзрост няпросты, да ўсяго хочацца дайсці самому, на ўсё мець уласную пазіцыю. Адсюль і пастаянныя канфлікты з дарослымі. У каторы раз Алесь Савіцкі вядзе апавяданне ад імя гераіні, і гэта дае добры плён. Па сутнасці не сам пісьменнік нешта расказвае, а спавядаецца дзяўчынка-дзевяцікласніца... Дзяўчынка? Ды, як відаць з твора, гэта ўжо дарослы чалавек, які не прымае маны, фальшу і не церпіць празмернай апекі.

Згаданымі творамі мастакоўскі шлях Алеся Савіцкага не вычэрпваецца. Працуе ён шмат. Апошнім часам пачаў пісаць і для дзяцей малодшага ўзросту. У аповесцях-казках "Радасці і нягоды залацістага карасіка Бубліка" і "Прыгоды Муркі, рудаватай коткі з белым колцам на чорна-бурым хвасце" шмат досціпу, гумару, займальнасці.

Алесь МАРЦІНОВІЧ,

прадмова да выбраных твораў у двух тамах, 1995 г.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка