Калі старасць ў радасць клубу «У гасцях у бабуль» Маскоўскага раёна Мінска споўнілася




Дата канвертавання22.02.2017
Памер30.17 Kb.
КАЛІ СТАРАСЦЬ Ў РАДАСЦЬ
Клубу «У гасцях у бабуль» Маскоўскага раёна Мінска споўнілася

10 гадоў
Песні і танцы, вершы і жвавыя гутаркі. Адразу нават і не верыш, што самай маладой з гэтых жанчын 60 гадоў. Нягледзячы на свой узрост, яны збіраюцца разам на кожнае свята, клубам ходзяць у тэатры і наведваюць музеі, арганізоўваюць карнавалы і выставы. «Займаем актыўную жыццёвую пазіцыю», — кажа 87-гадовая Глафіра Самойлаўна.

Першы збор клуба былая старшыня Ніна Аляксееўна Афанасьева памятае вельмі добра:

— Набралася, дзякуй Богу, нас вельмі шмат, настаўнікі 12-й гімназіі, таварыства чернобыльцаў. У нас была мэта — сувязь маладога пакалення са старэйшым, удзельнікамі вайны. Гэта было на 8 Сакавіка. Мы зрабілі сцэнарый. Дзеткі прыйшлі нас павіншаваць, знаходзілі ў бабуль шмат вартасцяў. Што мне запомнілася — тады надарылася вельмі снежная вясна. І мы ішлі праводзіць Лідзію Васільеўну. Па дарозе была кветкавая крама, я ў яе зайшла і расказала пра наша свята, пра тое, хто ў нашым клубе. Уладальніца адгукнулася на просьбу, і далей мы ішлі з букетамі вясновых кветак.

Дзякуй трэба сказаць цэнтру сацыяльнага абслугоўвання, што пра нас не забываюцца. Калі раней мы да іх прыходзілі і штурхалі, то цяпер яны самі праяўляюць увагу да нас.

3 цікавых мерапрыемстваў бабулі ўспамінаюць пра наведванне Нацыянальнай бібліятэкі, краязнаўчага музея, лініі Сталіна і Жыровіцкага манастыра. А таксама выставу «3 бабулінага куфра», дзе можна было ўбачыць вышыванкі, рэчы, фартухі і іншае, зробленае іх рукамі. Раз у месяц-паўтара цэнтр сацыяльнай абароны арганізоўвае для іх лекцыі па псіхалогіі, садоўніцтву і г.д.

Цяпер у клубе 34 жанчыны. У кожнай свой лес і свае перажыванні.

У 87 гадоў былая настаўніца рускай і беларускай мовы Глафіра Самойлаўна Шкуран запісана ва ўсе бібліятэкі горада. Ні дня без прачытанага радка — гэта пра яе. Яна рэгулярна наведвае тэатры. Асабліва даспадобы прыйшлася п'еса Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта», якую яна глядзела ў Ку­палаўскім. Чытае і сучасную літаратуру, з паэзіі падабаецца Віктар Шніп, а з прозы — Уладзімір Ліпскі.

— Лічу, што чалавеку патрэбна быць жыццялюбам, патрэбна верыць у тое, што сёння табе няхай не надта добра, але прыйдзе новы дзень, і ён будзе лепшым. Мы ж старой загартоўкі. Як былі маладымі, дык заўседы казалі: «Жывём мы весела сягоння, а заўтра будзе весялей», і самае галоўнае — ні на кога не мець зла. Чалавекалюбства і незласлівасць, добразычлівасць. Гэта ж добра — вось ужо 87-ы гадочак мне пайшоў!

Ніна Сцяпанаўна Спірыдонава родам з Брэстчыны, інвалід другой групы, ветэран працы — 41 з лішкам гадоў адпрацавала ў школе. Яе сын загінуў. Ён выратаваў двух чалавек на рацэ Кура, калі нечакана адкрылі шлюзы і вада затапіла бераг. А самога знесла хваляй.

— Калі сын загінуў, я смерці хацела, але ягоныя ж дзеткі заста­валіся маленькія. Усё так спяшаўся жыць. У 20 гадоў ажаніўся і казаў: «Мама, я самы шчаслівы чалавек на свеце».

Ён любіў узгадаваць фразу Льва Талстога, які, калі яго прызнавалі геніяльным, звычайна казаў: «Гэта фунт генія і 99 — працы і цярплівасці». Калі сын памёр, у мяне рукі апусціліся, я не ведала, што рабіщь. Але да мяне Бог пастукаўся. І я стала верыць, што Бог забраў яго такой смерцю, якая ўсе грахі сцірае. Бо калі за другога душу аддасі, то Бог прабачае ўсе грахі і так да мяне вершы адмысловыя сталі прыходзіць. Пра Бога, пра жыццё.

Урачы толькі рукамі разводзяць, калі я прыходжу да іх. Яны кажуць: як вы ходзіце? Згодна з рэнтген-здымкамі вы ніяк не можаце хадзіць.

Святлана Цімафееўна Чапурына толькі сядзе пагаварыць са мной, як яе ўжо клічуць спяваць і танцаваць. І нягледзячы на свой 65-гадовы ўзрост, яна бойка выскоквае «цыганачку». Піша вершы, сцэнарыі і даглядае сваю суседку-інваліда з пятага паверха:

Капі я выходжу на сцэну, у мяне праходзяць усе балячкі. Песні — ад мамы, вершы — ад бацькі. Шмат было ў жыцці. Але ўсё, што Бог дае, усё прымаю. Сын адзін загінуў, застаўся другі. Унукаў пакуль што няма. Клуб дорыць радасць зносінаў. Для мяне гэта важ­на. І самае галоўнае — заўважаць толькі добрае ў жыцці, як бы табе дрэнна ні было.

Бабулі зараджаюць сваей энергетыкай, часам працаваць вельмі складана, а яны сваімі добрымі словамі падтрымліваюць. «Наш залаты фонд» называе сваіх улюбёных бабуль Вольга Аляксандраўна Петрашэвіч.

На юбілеі ў кавярні было цесна ад скокаў і цёпла ад усмешак. І зусім нельга было сказаць, што са­май маладой з бабуль — 60 гадоў.


Настасся ЗАНЬКО


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка