Калтан В. А. і Масейка К. І. Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-сярэдняя школа”



Дата канвертавання24.10.2017
Памер70.66 Kb.
#11060
Калтан В. А. і Масейка К. І.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Навучальна-педагагічны комплекс Варнянскі яслі-сад-сярэдняя школа”
Тэма “Прызванне быць журналістам.”

Колькі славутых людзей, шырока вядомых у свеце, можа нарадзіцца на тэрыторыі аднаго раёна? Зямля Астравеччыны шчодрая на таленты. Тут нарадзіліся браты Канстанцін і Альбін Стаповічы – паэт і музыкант. У Трокеніках вырас вядомы мастак Мар’ян Богуш-Шышка. Вёска Міхалішкі дала свету знакамітага літаратара Менке Каца. Лакцяны – паэта, драматурга і святара Янку Быліну. У Малях правёў апошнія гады свайго жыцця першы расійскі консул у Японіі, выдатны вучоны Іосіф Гашкевіч. Лоша дала спачын беларускаму і польскаму мастаку Льву Дабжынскаму.

Ашчэ адносна нядаўна Астравеччына ганарылася сваім адзіным прафесарам, доктарам філалагічных навук Адамам Мальдзісам. Сёння на небасхіле навукі ўзнікла цэлае сузор’е: доктар эканамічных навук Уладзімір Клюня, доктары філасофіі Ян Ціхановіч і Тадэвуш Адула. Асабліва прыемна, што два апошнія – выпускнікі Варнянскай школы. Музей школы вядзе актыўную работу па пошуку і зборы інфармацыі пра жыццёвы і творчы шлях сваіх выпускнікоў. Пачэснае месца ў музейнай экспазіцыі сёння займаюць матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю выпускніка школы 1961 года Тапуця Леанарда Юльянавіча, адданага патрыёта сваёй маленькай радзімы, сапраўднага сына, цудоўнага сем’яніна, таленавітага і ўдзячнага вучня, адказнага, добрасумленнага чалавека.

Сустрэча з карэспандэнтам газеты “Астравецкая праўда” Ганнай Чакур, якая адбылася ў Варнянскай сельскай бібліятэцы, дала новы накірунак у пошукавай дзейнасці. Адкрылася новае імя – Іван Станіслававіч Граблеўскі, выпускнік нашай школы 1955 года, былы генеральны дырэктар тэлерадыёаб’яднання Гродзеншчыны, журналіст, дэпутат абласнога Савета, намеснік старшыні саюза журналістаў вобласці, старшыня абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду, чалавек актыўнай грамадзянскай пазіцыі, цудоўны фельетаніст, аўтар кніг “Юныя героі Гродзеншчыны”, “Нёман – рака дружбы”, “Гродзенская вобласць”, энцыклапедычнага даведніка “Гродна і ваколіцы”.

Мэта работы: - даследаваць жыццёвы і творчы шлях выпускніка школы Граблеўскага Івана Станіслававіча.

Задачы: - сабраць звесткі аб сям’і, дзіцячых і школьных гадах земляка;



  • паказаць яго уклад у развіццё журналістыкі і тэлебачання нашай краіны;

  • прааналізаваць творчую спадчыну пісьменніка.

Аб’ект даследавання: жыццёвая і творчая дзейнасць нашых землякоў;

Прадмет даследавання: жыццё і творчасць грамадскага дзеяча Граблеўскага І. С.

Простаму сельскаму хлопчыку лёсам было наканавана стаць выдатным журналістам, кіраўніком галоўнага электроннага СМІ Гродзенскай вобласці. Ён нарадзіўся 22 кастрычніка 1936 года ў вёсцы Сакольнікі Гродзенскай вобласці Астравецкага раёна.

“Інфармацыя ў адным з даведнікаў, дзе чорным па беламу было напісана, што мой дзядзька Граблеўскі Іван Станіслававіч нарадзіўся ў вёсцы Сакольнікі Астравецкага раёна, выклікала ў мяне скептычную ўсмешку – якія Сакольнікі, ён нарадзіўся ў Філіпанах, хата Граблеўскіх стаіць там і сёння…

–Усё правільна, – не прыняла маёй іроніі мама. – Да вайны сапраўды існавала такая вёска. Пазней яе “праглынулі” Філіпаны. Ён быў апошнім, шостым дзіцём у сям’і Станіслава і Эвяліны Граблеўскіх. У небагатай – 7 гектараў далёка не самай ўрадлівай зямелькі.

Сям’я Сайкоўскіх, з якой паходзіла Эвяліна, была даволі заможнай, але, састарэўшы, бацька перадаў стырно кіравання старэйшаму сыну Адаму, а той… Да Эвяліны сваты прыходзілі 17 разоў, а сквапны Адам, каб не дзяліць спадчыну, кожны раз адмаўляў. Эвяліна выйшла за Станіслава Граблеўскага ўжо ў трыццацітрохгадовым узросце. І то толькі таму, што Стась на дамовах бразнуў шапку аб дол: падавіся ты сваёй зямлёй – я дзяўчыну ўпадабаў, а не твае грошы!

Адам не даў у пасаг нічога, акрамя натканага самой Эвялінай. Таму маладой сям’і прыйшлося пачынаць з нуля: цётка дала цялушачку, з якой яны выгадавалі сабе кароўку, у зямельным банку ўзялі пазыку і купілі першыя два гектары ўласнай зямлі... Працавалі, як валы. А тут адзін за другім сыпануліся дзеткі…

Янак быў апошнім. І вельмі хваравітым – задыхаўся, моцна кашляў. Таму яго амаль увесь час трымалі не печы – каб адаграваўся. І не заўважылі (за чорнай працай не мелі на гэта часу), калі ён навучыўся чытаць. Сам. І не проста па складах, а па-сапраўднаму. Мала таго – стаў прасіць у бацькі кніжкі. А адкуль іх браць – вайна…

Але бацька прыдумаў – стаў прыносіць сыну літаратуру з бібліятэкі варнянскага ксяндза. Вядома, яе тэматыка была спецыфічнай – галоўным чынам “жыціі святых”. Шасцігадовы Янак, які ад прыроды валодаў цудоўнай памяццю (пазней падчас вучобы ў школе ён не меў патрэбы завучваць вершы – дастаткова было прачытаць іх двойчы), стаў хадзячай энцыклапедыяй па пытаннях рэлігіі. “Вырасту – буду ксяндзом, – казаў хлопчык. – Марыся (руплівая ў малітвах сястра і мая мама) стане манашкай, а Гэнек (брат, які шукаў нагоду, каб прапусціць чарговы ружанец ці літанію) будзе жыдам. (з успамінаў пляменніцы Івана Станіслававіча Чакур Ганны, журналісткі газеты “Астравецкая праўда”)

Вучыцца хлопчык пайшоў у Філіпанскую школу.Там яго адразу прынялі ў другі клас – чытаў і лічыў ён так, што можна было браць адразу ў трэці. Праблемы існавалі з пісьмом – як большасць самавучак, Янак пісаў друкаванымі літарамі. Па першым часе аднакласнікі моцна кпілі з яго сшыткаў, але хлопчык літара за літарай упарта выводзіў непаслухмяныя пропісы – і неўзабаве навучыўся. Хоць прыгожа-каліграфічным яго почырк так ніколі і не стаў.

Сярэднюю адукацыю ён атрымаў у Варнянскай школе. Закончыў яе ў 1955 годзе. І ў поўнай адпаведнасці з існуючай тады модай падаў дакументы ў тэхналагічны – марыў стаць інжынерам. Уступныя экзамены здаў добра, але да прахаднога бала не дацягнуў. Што ж, значыць, трэба аддаваць Радзіме пачэсны доўг.

Пасля арміі юнак зрабіў свой першы крок у будучую прафесію, уладкаваўшыся карэктарам у рэдакцыю газеты “Астравецкая праўда”. Працаваў літаратурным супрацоўнікам выдання, інструктарам Гродзенскага абкама камсамола, загадчыкам аддзела Смаргонскай, намеснікам рэдактара Шчучынскай раённых газет. З гадамі, адточваючы сваё журналісцкае майстэрства, спрабаваў пісаць на розныя тэмы, глыбока ўнікаць у праблемы, шукаць вобразнасць у абыдзеным. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта ўзначаліў рэдакцыю Бераставіцкай раённай газеты, дзе праявіў сябе выдатным публіцыстам і таленавітым кіраўніком, зрабіўшы выданне яркім і цікавым.

У 1970 годзе для Івана Станіслававіча Граблеўскага адкрываецца новы гарызонт: яго прызначаюць галоўным рэдактарам студыі тэлебачання Камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Гродзенскага аблвыканкама. Ён хутка адапціруецца на новай працы, знайшоўшы прымяненне свайму таленту на блакітным экране. Прафесіянальны журналіст, які па-майстэрску валодае сваім словам, Іван Станіслававіч уводзіць на самай маладой у рэспубліцы тэлестудыі жанр вобразнай публіцыстыкі, якая будзе на гады вызначаць твар Гродзенскага тэлебачання і зробіць яго лепшым у рэспубліцы. Усё жыццё вучыцца сам і вучыць другіх. Усіх, хто працавў з ім у тыя гады, уражваў яго энцыклапедычны склад розуму, педантычная граматнасць і адданасць роднай мове, гісторыі і культуры сваёй гродзенскай зямлі. Ён любіў Прынёманне, яго людзей, аб чым пранікнёна расказваў у сваіх тэлематэрыялах. “Гродна і гродзенцы” – цыкл яркіх штотыднёвых праграм, якія вёў сам І. С. Граблеўскі, прыкоўваў увагу ўсёй вобласці, у першую чаргу вобразнасцю і лаканічнай прастатой зносін з самымі рознымі людзьмі, якіх ён адкрываў, ганарыўся імі і адначасова рабіў вядомымі. Школа Граблеўскага зрабіла асобамі многіх тэлевізійных журналістаў.

У 1979 годзе Іван Станіслававіч перайшоў на работу ў абкам партыі, дзе ўзначаліў сектар друку, радыё і тэлебачання, пры гэтым заўсёды дапамагаў свайму калектыву.

Менш як праз тры гады Іван Станіслававіч вяртаецца на тэлебачанне. На гэты раз у якасці старшыні камітэта па телебачанні і радыёвяшчанні вобласці, а потым і генеральнага дырэктара тэлерадыёаб’яднання Гродзеншчыны.

Гэта быў няпросты для тэлебачання час, калі з чорна-белага яно пераходзіла на каляровы варыянт. Ізноў спробы, ізноў пошукі. Новыя цыклы, новыя твары… Калі няма гатовых талентаў, выгадуй іх сам – такім быў нягласны дэвіз Івана Станіслававіча. І ён гадаваў…

А краіну ўжо ліхаманіла – перабудова прынесла на сваёй хвалі шмат пены, змагацца з якой было няпроста. Хіба што асабістым прыкладам? І “ён працягвае актыўна працаваць, ствараючы цыклы новых тэлеперадач, асвойваючы новыя тэмы, выхоўваючы маладых журналістаў і рэжысёраў, адточваючы іх майстэрства. “Перспектывы” – так называўся цыкл тэлеперадач аб раёнах вобласці, які вёў сам дырэктар, нават будучы невылечна хворым у свае ўсяго толькі 58 гадоў”. (А. Ласмінскі)


А яшчэ Іван Станіслававіч быў чалавекам актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Дэпутатам абласнога Савета, намеснік старшыні саюза журналістаў вобласці, старшыня абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду – усё паспяваў рабіць добра гэты чалавек.

Узнагароджаны медалём “За доблесную працу”, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

У 1988 годзе ўбачыла свет кніга Граблеўскага І. С. “Гродзенская вобласць”. У 20-ці раздзелах журналіст і пісьменнік змог вельмі цікава расказаць аб мінулым і сённяшніх днях Прынёманскага краю, яго імклівых працоўных буднях, аб сваіх земляках. Сухі эканамічны аналіз нарысаў журналіст умела ўпрыгожыў рамантычнымі ўкрапленнямі, дзякуючы якім кніга успрымаецца як мастацкі твор. З асаблівай цеплынёй пісаў Граблеўскі пра сваіх землякоў з Астравеччыны. Перад намі паўстаў вобраз рэальнага чалавека, які жыў побач з намі, - Франца Іосіфавіча Паташкевіча, які за самаадданую працу быў узнагароджаны ордэнам Леніна, Граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, Герой Сацыялістычнай Працы.

“Юныя героі Гродзеншчыны” – твор пра гераічныя і трагічныя лёсы дзяцей Вялікай Айчыннай вайны.

“Нёман – рака дружбы” (1982), была нават перавыдадзена на літоўскай мове ў Вільнюсе, а энцыклапедычны даведнік “Гродна і ваколіцы” (1987) да гэтага часу з’яўляецца настольнай кнігай многіх краязнаўцаў.

22 кастрычніка гэтага года Івану Станіслававічу Граблеўскаму споўнілася б 75 гадоў. Колькі б мог ён зрабіць, калі б нябёсы распарадзіліся інакш! Зрэшты, і таго, што зрабіць паспеў, з ліхвой хапіла б на чацвёра звычайных.


Літаратура


  1. Граблевский, Гродненская область / И. С. Граблевский – Минск “Беларусь”,1988

  2. Граблевский, Неман – река дружбы / И. С. Граблевский – Минск “Беларусь”, 1982

  3. Граблевский, Юные герои Гродненщины / И. С. Граблевский – Минск “Юнацтва”, 1981

4. Памяць. Астравецки раён/ Мінск “ Беларуская энцыклапедыя” 2004

  1. Чакур, Г. “Дзядзька Ваня, журналіст з Сакольнікаў”/Г. Чакур//Астравецкая праўда. – 2011. – 19 кастрычніка.


Каталог: upload
upload -> Закон Рэспублікі Беларусь Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі Змест
upload -> Побач са смерцю з ycпaмiнaў У. П. Шчуцкага, былога члена Расонскага падполля
upload -> Жаночыя дробязі касметычка
upload -> Народная медыцына
upload -> Алімпіяда па беларускай мове і літаратурнаму чытанню, 3 клас
upload -> Жабін клунак
upload -> Тэма: Восеньскія плады і насенне, гародніна і садавіна – крыніца вітамінаў. Правілы ўжывання гародніны і садавіны
upload -> Узгоднена. Старшыня прафсаюзнай арганізацыі М. Б. Тарасава


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал