Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь




Дата канвертавання05.05.2017
Памер166.7 Kb.
Канстытуцыйны Суд

Рэспублікі Беларусь



Заяўнікі: 
ЗВАРОТ

(у парадку гл. 24 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб канстытуцыйным судаводстве”)


  1. Рэспубліка Беларусь згодна Канстытуцыі абвесціла сябе ўнітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавай; чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы; дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы; дзяржава абавязаная прымаць усе даступныя ёй меры дзеля стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй (ч. 1 арт. 1, ч. 1 арт. 2, ч. 3 арт 21, ч.1 арт. 59).

  2. Сярод артыкулаў, якімі забяспечваюцца асновы канстытуцыйнага ладу, у арт. 17 Канстытуцыі абвешчанае тое, што дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы. Замацоўваючы непахіснасць усталяванага парадку, Канстытуцыя гарантуе грамадзянам забеспячэнне права карыстацца роднай мовай, захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць (арт. 50). Гэта адно з фундаментальных правоў чалавека і грамадзяніна. Яно служыць выхаванню пачуцця нацыянальнай годнасці, гонару, адказнасці і патрыятызму.

Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам (ч. 2 арт. 50 Канстытуцыі)

  1. У развіццё дадзеных канстытуцыйных артыкулаў Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” (далей – Закон аб мовах) абвясціў, што дзяржава, а значыць дзяржаўныя ўстановы, іншыя арганізацыі, службовыя асобы павінныя забяспечыць усебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моваў. Сярод гарантыяў забеспячэння дадзенага абавязацельства служаць і прадпісанні арт. 4 Закона аб мовах, якія патрабуюць, каб кiраўнiкi, iншыя супрацоўнікі дзяржаўных органаў ды iншых арганiзацыяў валодалі беларускай i рускай мовамi ў аб’ёме, які неабходны для выканання iмi сваiх службовых абавязкаў. Усялякія прывілеі ці абмяжаванні правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя» - сцвярджаецца ў ч. 1 арт. 6 гэтага Закона.

Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусь на ўзроўні Канстытуцыі і Закону аб мовах замацаваны роўны юрыдычны статус абедзвюх дзяржаўных моў.

  1. Беларуская мова, якая мае статус дзяржаўнай, з’яўляецца ў Беларусі роднай мовай большасці насельніцтва. Так, паводле апошняга перапісу насельніцтва 2009 года каля 84% грамадзянаў краіны з’яўляюцца па нацыянальнасці беларусамі, то бок Рэспубліка Беларусь ёсць дзяржавай монанацыянальнай. З агульнай колькасці насельніцтва беларуская ў якасці роднай мовы ўспрымаецца 5.058402 чал. альбо 53,2 адсоткамі.

У сувязі з гэтым палітыка дзяржавы мусіць быць накіраваная на выкарыстанне ва ўсіх сферах дзяржаўнага і грамадскага жыцця, перш за ўсё, беларускай мовы, не перашкаджаючы ўжыванню другой дзяржаўнай мовы - рускай. Дарэчы, валоданне беларускай мовай з’яўляецца адным з абавязковых кваліфікацыйных патрабаванняў паступлення на дзяржаўную службу (падпункт 1.3. часткі 1 арт. 26 Закона “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь”).

  1. Разам з тым, пасля ўвядзення двухмоўя (1995 г.) мы фактычна назіраем, што навучанне ў дзіцячых садках, школах, ССНУ, ВНУ; навука, мастацтва; дзяржапарат, армія, справаводства і суд, сістэма праваахоўных органаў; дзяржаўныя СМІ, у тым ліку электронныя; бытавое абслугоўванне грамадзян – паўсюдна беларуская мова выцясняецца рускай.

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы ў лютым 2014 года Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь апублікаваў новыя дадзеныя аб колькасці беларусаў, якія навучаюцца на роднай мове: у дашкольных установах – каля 45 тысяч; у школах вывучаюць прадметы па-беларуску – каля 142 тысяч школьнікаў; у сярэдніх спецыяльных навучальных установах – каля тысячы чалавек; у ВНУ – толькі 600 студэнтаў.

Такім чынам, толькі 9,7% ад агульный колькасці навучэнцаў – грамадзянаў краіны вывучаюць беларускую мову. Жахлівыя дадзеныя! Адзначым, у сучаснай Беларусі няма ніводнай вышэйшай установы, дзе навучанне вядзецца на беларускай мове. Сітуацыя, якая склалася, ўплывае на выбар бацькамі мовы навучання для сваіх дзяцей.



Адсутнасць паўнавартаснай сістэмы беларускамоўнай адукацыі на ўсіх узроўнях, асабліва ў ВНУ, ставіць розныя группы жыхароў краіны у няроўнае становішча ў залежнасці ад мовы зносін.

Такія падыходы парушаюць прынцып роўнасці (арт. 22 Канстытуцыі), прыводзяць да дамінуючага ўжывання рускай мовы за кошт беларускай і могуць быць ацэненыя як дыскрымінацыйныя.

  1. Згодна з нормамі і прынцыпамі міжнароднага права пры рэалізацыі правоў чалавека моўная дыскрымінацыя забароненая. Напрыклад, ратыфікаваны Рэспублікай Беларусь Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (дзейнічае для Беларусі з 1976 года) усталёўвае: “усе людзі роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону закону. У гэтым дачыненні ўсялякага роду дыскрымінацыя павінная быць забаронена законам, і закон павінны гарантаваць усім роўную і эфектыўную абарону супраць дыскрымінацыі па якой бы ні было прыкмеце, ці то расы, колеру скуры, полу, мовы, рэлігіі, палітычных альбо іншых перакананняў, нацыянальнага альбо сацыянальнага паходжання, маёмаснага становішча, нараджэння альбо іншых абставін” (арт.26).

  2. Не закранаючы палітычных аспектаў развіцця двухмоўя, трэба звярнуць увагу на яго прававы бок. Аналіз правапрымянення заканадаўства аб мовах, сведчыць аб тым, што ў ім маюцца прабелы, юрыдычныя калізіі, прававая невызначанасць. Адну з карэнных прычын практыкі, якая складаецца ў выкарыстанні моў, мы бачым у Законе аб мовах, у выкарыстанні ўнутрана супярэчлівага злучніка «або». Так, у Законе, што змяшчае 34 артыкулы, дадзены злучнік у розных інтэрпрэтацыях («на беларускай і (або) рускай мовах», «на беларускай або рускай мовах», «на беларускай ці рускай мовах» і г.д.) сустракаецца 40 разоў!

  3. Пры гэтым варта адзначыць, што Закон, гарантуючы роўнасць моваў, не змяшчае прававых механізмаў, якія забяспечвалі б неабходны баланс у выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моваў, прыярытэтнага вывучэння і выкарыстання нацыянальнай мовы тытульнай нацыі з улікам гістарычных, дэмаграфічных і лінгвістычных асаблівасцяў развіцця Беларусі як незалежнай дзяржавы.

Такі прабел у заканадаўчым рэгуляванні прыводзіць да сітуацыі, калі на практыцы ў шматлікіх сферах дзяржаўнай дзейнасці і грамадскага жыцця, спасылаючыся на злучнік “або”, безальтэрнатыўна выкарыстоўваецца руская мова. Толькі ў вельмі нешматлікіх сферах дамінуе беларуская (напрыклад, на геаграфічных указальніках (гл. Закон ад 16.11.2010 “Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў”).

  1. У пацвярджэнне дадзенай практыкі спашлемся на шэраг прыкладаў.

9.1. Так, здзіўляе, калі над адміністрацыйным будынкам лунае сцяг Рэспублікі Беларусь, на шыльдзе – герб дзяржавы, а назва адміністрацыйна-тэрытарыяльнага органа ўлады напісаная на рускай мове (Адміністрацыі Заводскага, Маскоўскага, Кастрычніцкага, Савецкага, Фрунзенскага раёнаў г. Мінска). У дадзеным выпадку Мінгарвыканкам на скаргу грамадзяніна паведаміў: “Згодна з артыкулам 31 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый даюцца на беларускай і (або) рускай мовах” (вых. № 1-5/596 ад 25.03.2014 г.). Аднак, чаму перавага аддадзена рускай мове – адказу няма. Мяркуем, у найменнях органаў дзяржаўнай улады і кіравання, іх структурных падраздзяленняў і падначаленых ім органаў і арганізацый на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь павінна выкарыстоўвацца перш за ўсё беларуская мова, а пры дастатковасці сродкаў – дублявацца на рускай або іншых мовах.

9.2. Грамадзянін Нагорскі С. І. звярнуўся ў КУП “Жылішчнік Міншчыны” з просьбай заключыць дамову на аказанне жыллёва-камунальных паслуг з выкарыстаннем бланку на беларускай мове. Яму было адмоўлена, і ён звярнуўся ў суд Мінскага раёна аб прымусу заключэння дамовы і недыскрымінацыі па моўнай прыкмеце. Але суды ўсіх узроўняў і органы пракуратуры не прызналі яго патрабаванні абаснаванымі. Так, суд Мінскага раёна ў рашэнні ад 13.06.2013 г. спасылаўся на тое, што “Гражданским кодексом и Законом “Об языках в Республике Беларусь” не предусмотрены требования к языку договора, заключаемому между физическими и юридическими лицами и являются свободным выбором каждой стороны. В обязанность ответчика не входило выполнение требований истца относительно языка изложения договора, выбор языка не является существенным условием такого договора”.

Пагаджаючыся з дадзеным матывам адказу ў вызначэнні Мінаблсуда ад 29.08.2013 па касацыйнай скарзе Нагорскага С. І., калегія дадала: «Потребитель не лишён права на осуществление перевода документа на белорусский язык». Заўважым, з улікам патрабаванняў арт. 3, 5, 12 Закона аб мовах зварот грамадзяніна заключыць з ім дамову на аказанне жыллёва-камунальных паслуг з выкарыстаннем беларускай мовы, па нашаму меркаванню, з’яўляецца абаснаваным, а рашэнні органаў ЖКГ, судоў, пракуратуры – незаконнымі. Суды ў парушэнне арт. 16 ГПК адказалі пазоўніку ў разгледжанні грамадзянскай справы па-беларуску і ўручылі дакументы на рускай мове.

9.3. З іншага боку, адмаўляючы беларускамоўным грамадзянам у магчымасці зносінаў з дзяржавай на беларускай мове, службовыя асобы нярэдка ўказваюць на тое, што “дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь вельмі падобныя, такім чынам, кожны грамадзянін зможа зразумець афіцыйны дзяржаўны дакумент незалежна ад таго, на якой мове ён напісаны” (з адказу першага намесніка дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь Макарэвіча А. Г. гр-ну Сафронаву П.М. - вых. № 01-11/267 ад 04.03.2014г.). Між тым, абмежаванні асобы па моўных прыкметах недапушчальныя (арт. 6 Закона аб мовах) і падлягаюць адказнасці, у прыватнасці, па арт. 9.22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях. Такія падыходы сведчаць аб тым, што пры адсутнасці альбо супярэчлівасці норм чыноўнікі выкарыстоўваюць сваё меркаванне (усмотрение).



  1. Правапрымяняльнікі ніяк не жадаюць зразумець, што Закон аб мовах не абавязвае шэраговага грамадзяніна валодаць дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Дапускаецца валоданне адной з іх. Гэта выцякае з сэнсу Закона аб мовах. Права выбіраць мову зносін мае грамадзянін (арт. 3 Закона аб мовах). Гэта павінна быць дакладна замацаванае ў дзеючым заканадаўстве і не дапускаць падвоеннага тлумачэння.

  2. У сваім штодзённым жыцці многія з нас сутыкаюцца з неабходнасцю прымянення тых ці іншых формаў заканадаўства. Пры зваротах у дзяржаўныя органы, суды, да службовых асоб нам неабходна абгрунтаваць правільнасць (законнасць і абгрунтаванасць) сваіх патрабаванняў альбо, наадварот, аспрэчыць тую ці іншую прававую пазіцыю, якая змяшчаецца ў адказе, прынятым рашэнні. Аднак, будучы па нацыянальнасці беларусамі, якія выкарыстоўваюць ва ўсіх сферах свайго асабістага і грамадскага жыцця беларускую мову, мы вельмі рэдка сустракаем афіцыйна апублікаваныя, а, значыць, даступныя для нас нарматыўныя прававыя акты на роднай беларускай мове.

    1. У эталонным банку прававой інфармацыі каля 200 тысяч такіх актаў і толькі 3,1 % нарматыўнай дакументацыі – на беларускай мове. Яны датычаць актаў аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі і ганаровымі граматамі, па кадравых пытаннях, аб правядзенні перамоваў па праектах міжнародных дамоваў, іх падпісанні і іншага.

Гэтая найважнейшая сфера функцыянавання дзяржавы даказвае парушэнне прынцыпу роўнасці (арт. 22 Канстытуцыі), па сутнасці дыскрымінацыйную палітыку ў адносінах да тытульнай нацыі ў галіне мовы. Яна, у прыватнасці, не забяспечвае роўны доступ беларускамоўным грамадзянам да адміністратыўных і судовых працэдураў.

    1. Нярэдка, апраўдваючы такую практыку, у адказах на звароты грамадзянаў службовыя асобы спасылаюцца на магчымасць выкарыстання інфармацыйна-пошуковай сістэмы “Эталон” (далей – ІПС), якая прадугледжвае функцыю пераклада нарматыўных прававых актаў (адказ Міністэрства юстыцыі на зварот гр. Лойка Г.С. – вых. №04-1-13/Л-290 ад 10.02.2014 і інш).

Аднак, трэба заўважыць, што ёй можна карыстацца толькі маючы доступ да Інтэрнэту. Пры гэтым паслугі ІПС прадстаўляюцца на платнай падставе, а сам пераклад тэксту, як паказвае досвед, здзяйсняецца няякасна. Гэта яскравы прыклад ужывання роднай мовы “за асобную плату”, сведчанне дыскрымінацыйнасці падыхода да функцыянавання беларускай мовы.

Тэкст такога перакладу не можа лічыцца аўтэнтычным і афіцыйным. Такім чынам, выкарыстоўваць яго ў ліставанні для абгрунтавання той ці іншай прававой пазіцыі, а таксама ў судаводстве, пры аказанні адвакатамі юрыдычнай дапамогі насельніцтву, пры навучанне студэнтаў праву і г.д. – немагчыма.



    1. Разам з тым мы нярэдка сустракаем спасылкі на тое, што практыка выбару беларускай ці рускай мовы вызначаецца нормамі Закона аб мовах, што ў адпаведнасці з Законам «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» «нарматыўны прававы акт прымаецца (выдаецца) ўпаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і (або) рускай мовах» (ч. 2 арт. 54). Аналагічныя нормы закладзеныя ў Правілах падрыхтоўкі нарматыўных прававых актаў, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 г. №359. Спасылаюцца на тое, што афіцыйнае апублікаванне нарматыўных прававых актаў ажыццяўляецца на той дзяржаўнай мове, на якой яны прынятыя (выдадзеныя).

Афіцыйнае апублікаванне нарматыўнага прававога акта на іншых мовах дапускаецца толькі пры наяўнасці яго афіцыйнага перакладу на адпаведную мову, зацверджанага адпаведным дзяржаўным органам (службовай асобай) у парадку, устаноўленым для прыняцця (выдання) гэтага акта (часткi 2 i 3 артыкула 62 гэтага Закона).

    1. На практыцы нам, беларусам, якія далі і афіцыйна вызначылі імя дзяржавы, законатворцы, выкарыстоўваючы злучнік «або», фактычна адмаўляюць у праве карыстацца нарматыўнымі актамі на беларускай мове (за невялікім выключэннем), і такім чынам уводзяць не заснаваныя на законе абмежаванні для беларускамоўных грамадзян. Чаму перавага аддадзеная рускай мове, а не мове тытульнай нацыі? Мяркуем, адказ на гэтае пытанне палягае ў недасканаласці закону.

    1. У адпаведнасці з ч. 4 арт. 7 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь нарматыўныя акты дзяржаўных органаў публікуюцца або даводзяцца да ўсеагульнага ведама. Дадзеныя канстытуцыйныя патрабаванні карэспандуюцца з зместам ч. 2 арт. 62 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь”. Таму ўсталяваныя ў арт. 7 Закона аб мовах, у арт. 54, 62 Закона “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь” правілы іх апублікавання, як нам уяўляецца, не адпавядаюць і супярэчаць арт. 17 і 50 Канстытуцыі, якія гарантуюць роўнае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моваў.

З мэтай пераадолення калізіяў прававых нормаў лічым неабходным зрабіць абавязковым прыняццё і апублікаванне нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, на дзвюх дзяржаўных мовах. Дадзены абавязак дзяржавы павінны быць замацаваны ў законе непасрэдна і адназначна.

  1. Патрабуе далейшага паляпшэння працэсуальнае заканадаўства ў частцы выбару мовы судаводства. Напрыклад, экс-старшыня Канстытуцыйнага Суда Васілевіч Г.А. прапаноўваў замацаваць права выбару мовы па грамадзянскай справе за пазоўнікам (Навукова-практычны каментар Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Мінск, ГІУСТ, БДУ, 2005 ст. 86). Ад сябе дадамо, у крымінальным працэсе – за абвінавачаным, у адміністрацыйным – за асобай, прыцягнутай да адказнасці. Для гэтага ў ч. 1 арт. 14 Закона аб мовах трэба дадаць, што “парадак выбару мовы судаводства вызначаецца працэсуальным заканадаўствам”. Адпаведна, неабходна будзе ўнесці змены і дапаўненні ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаводстве і статусе суддзяў, і ў працэсуальныя законы.

  2. Для карэляціі патрабаванняў, выкладзеных у арт. 4 Закона аб мовах у адносінах да кіраўнікоў і іншых работнікаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый (гл. п. 3 звароту), неабходна ўнесці змены і дадаткі ў адпаведнае заканадаўства аб працы, аб дзяржаўнай службе, якія прадугледжваюць абавязак службовых асоб правяраць у спашукальніка ўзровень валодання двума дзяржаўнымі мовамі пры ўладкоўванні на працу (службу) і дакументальнага падцверджанне ведання дзяржаўных моваў (напрыклад, у арт.26 Кодэкса аб працы і іншае заканадаўства).

  3. Найвялікшыя цяжкасці і спрэчкі ўзнікаюць па пытанні пошуку балансу для забеспячэння раўнапраўя ў выкарыстанні дзвюх дзяржаўных моваў. Такі прававы механізм павінны быць знойдзены і замацаваны ў заканадаўстве. Пры гэтым мы зыходзім з таго, што ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права; дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства (ч.1, 2 арт. 7 Канстытуцыі). Толькі такі падыход можа выключыць чыноўніцкае меркаванне па моўных пытаннях.

  4. Такім чынам, дэклараваная ў заканадаўстве роўнасць носьбітаў беларускай і рускай мовы не забяспечваецца ў практычным правапрымяненні не толькі з дапамогай выкарыстання славутага “або”. Прыведзеныя прыклады сведчаць аб відавочных прабелах, калізіях і прававой нявызначанасці ў праве.

  5. Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў у Рэспублікі Беларусь у сваім адказе на зварот гр. Сафронава П. М. (вых. 01-11/374 ад 27.03.2104 г) указвае на тое, што “правілы, выразна вызначаючыя сферу прымянення дзвюх дзяржаўных моў у заканатворчай дзейнасці, адсутнічаюць”.

  6. Істотным недахопам Закона аб мовах з’яўляецца тое, што ў ім устаноўленая альтэрнатыўнасць выкарыстання альбо беларускай, альбо рускай мовы, а не абавязковасць выкарыстання абедзвюх моваў або мовы, абранай грамадзянінам. Такім чынам, у ім адсутнічае самая прававая сутнасць, дух і літара закона аб абароне прыярытэту правоў грамадзяніна на адну з дзяржаўных моваў. І наадварот, у ім закладзеная глеба для няроўнасці і дыскрымінацыйнага падыходу ў пытаннях выкарыстання беларускай мовы.

  7. Усталяваная ў Законе варыятыўнасць выбару той ці іншай дзяржаўнай мовы павінная быць накіраваная ў першую чаргу на выкананне права грамадзян карыстацца роднай мовай. Такім чынам, пры адсутнасці ў Законе механізма пошуку баланса прыярытэт дзяржавы ў зносінах з грамадзянамі павінны быць адданы мове тытульнай нацыі – той большасці, якая лічыць беларускую сваёй роднай мовай (нагадаем – 53,2 адсоткаў насельніцтва Беларусі). Агульнымі дэкларатыўнымі нормамі дадзеную праблему не вырашыць.

Такі падыход вынікае з патрабаванняў, якія выкладзеныя ў пп. 2.2. Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Белаурсь №2 “Аб мерах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарата” ад 27 снежня 2006 г: “Дзяржаўным органам, іх службовам асобам пры прыняцці рашэнняў, якія закранаюць правы і законныя інтарэсы грамадзян, няўхільна выконваць патрабаванні заканадаўства, не дапускаць іх адвольнага тлумачэння і “адсябеціны” пры прымяненні. У выпадку няяснасці або невыразнасці прадпісанняў прававога акта рашэнні павінны прымацца зыходзячы з максімальнага ўліку інтарэсаў грамадзян”. Адсюль бясспрэчна вынікае, што пры выяўленні падобных калізій, прававой невызначанасці неабходна ўносіць змены ў заканадаўства.

  1. Закладзены Законам аднолькавы статус дзяржаўных моваў з’яўляецца, як мы мяркуем, гарантыяй права для грамадзян, а не для дзяржаўных органаў і службовых асоб, якія ажыцяўляюць свае паўнамоцтвы, у тым ліку ў нарматворчай, арганізацыйна-распарадчай, судовай і іншай дзейнасці. Яны абавязаныя “абслугоўваць” грамадзян у мэтах забеспячэння і рэалізацыі іх правоў і свабод, у тым ліку права на мову. Іншы падыход ставіць усё з ног на галаву і апраўдвае беспадстаўна шырокае ўжыванне ў дзейнасці дзяржаўнага апарату рускай мовы, насуперак патрабаванням беларускамоўных грамадзян.

  2. У Рэгламентах двух палат Нацыяйнальнага сходу Рэспублікі Беларусь адсутнічаюць нормы, якія регулююць парадак на якой з дзяржаўных моў будзе праходзіць чарговая сесія, на якой мове варта прыняць закон альбо пастанову. Падобныя недахопы таксама патрабуюць нарматыўнай рэгламентацыі.

  3. Прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады разглядаюць роўнасць у фармальных і юрыдычных дэфініцыях, аперуючы законам. Але пры гэтым ігнаруюць довады аб рэальным уздзеянні і выніках на практыцы, да якіх прывяла палітыка яго прымянення.

21.1. Яшчэ ў 2002 – 2003 гадах, вывучыўшы сітуацыю, група экспертаў ЮНЭСКА распрацавала і прадставіла канцэптуальны дакумент: «Моўная жыццяздольнасць і знаходжанне мовы ў небяспецы», у ім узгадваецца і Беларусь. На сайце ЮНЭСКА ёсць электронны атлас «Мовы свету, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення» (http://www.unesco.org/new/ru/culture/themes/endangered-languages/atlas-of-languages-in-danger/). У цяперашні час стану беларускай мовы ў нашай краіне эксперты паставілі адзнаку «Definitely endangered» - «дакладна знаходзіцца пад пагрозай знікнення».

    1. Сёння для ўсіх відавочна, што і дзеючая рэдакцыя Закона аб мовах, і практыка яго прымянення не забяспечваюць усебаковага развіцця і функцыянавання роднай беларускай мовы. Калі палітыка двухмоўя працягне дрэйфаваць у тым самым накірунку, а выкарыстанне беларускай мовы абмяжуецца вузкабытавымі зносінамі, адпраўленнем рэлігійных культаў, некаторымі сегментамі культуры і мастацтва – роднай мове пагражае рэальная небяспека знікнення. Такога развіцця падзеяў мы не маем права дапусціць. Гэтую думку падкрэсліў кіраўнік дзяржавы ў сваім стратэгічным пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу (22.04.2014г.), які адзначыў: «Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй».

  1. Дзяржава павінная прыняць усе меры для забеспячэння рэальнага права на родную мову. На дзяржаве ляжыць адказнасць ці будзе такая дыскрымінацыйная практыка працягвацца і ўкараняцца, або яна гэты факт прызнае і ўнясе неабходныя змены і дапаўненні, падмацаваўшы іх эфектыўнымі мерамі па пераадоленні няроўнасці, якая склалася.

Мяркуем, што для забеспячэння рэальнай роўнасці моваў неабходнае, у першую чаргу, прыняццё зменаў у заканадаўстве, а таксама пазітыўных мераў, якія б кампенсавалі наяўную няроўнасць, і сярод іх - абавязковую дзяржаўную падтрымку (фінансы, ільготы, рознага кшталту заахвочванні, выхаванне і навучанне кадраў, арганізацыйныя і іншыя меры).

  1. Канстытуцыйнае правасуддзе двойчы звярталася да разгляду пытанняў аб выкарыстанні беларускай і рускай моваў з мэтай вырашэння юрыдычных калізіяў у заканадаўстве аб мовах (рашэнне ад 24 снежня 2003г. №П-91/2003 і ад 28 жніўня 2007 г. №П-218/207). У сваіх рашэннях Канстытуцыйны Суд адзначыў, што грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай, але “пры фармальна-юрыдычным раўнапраўі дзяржаўных моваў на практыцы баланс іх выкарыстання не выконваецца, што вызывае справядлівую заклапочанасць у грамадскіх аб’яднаннях і грамадзян”. Выклаўшы прававую пазіцыю аб неабходнасці дзяржаўнай падтрымкі выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскіх адносін, суд прапанаваў заканадаўцам разгледзець пытанні аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Закон “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь” і іншыя акты заканадаўства, “ здольных забяспечыць роўнасць дзяржаўных моў”. На жаль, дадзеныя прапановы да гэтага часу невыкананыя.

  2. У сваім лісце на зварот гр. Сафрована П. М. старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Пальчык Г. У. (вых. №20-06/84 ад 03.04.2014) адзначыў: “Разглядаючы пастаўленыя Вамі пытанні, дэпутаты Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы разумеюць, што існуюць пад час супрацьлеглыя меркаванні наконт мэтазгоднасці і неабходнасці ўнясення змяненняў у дзеючае заканадаўства аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. Павінна быць працягнута работа ў накірунку пошуку рашэння з улікам інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы. А старшыня камісіі па заканадаўству Міхалькова Л.С. запэўніла, што яны “будуць усебакова разгледжаны і абмеркаваны дэпутатамі ў працэсе заканадаўчай дзейнасці” (ліст ад 05.03.2014 вых. № 04-04/109).

  3. У рашэннях Канстытуцыйнага Суда, у тым ліку і яго пасланнях, неаднаразова адзначалася, што рэалізацыя ў норматворчасці прынцыпу вяршэнства права і заснаванага на ім прынцыпу прававой вызначанасці мае на ўвазе стварэнне прававой сістэмы, у якой нарматыўныя прававыя акты знаходзяцца ва ўзаемасувязі, узгадняюцца паміж сабой, а таксама забяспечваюцца яснасць, дакладнасць, несупярэчлівасць і ўзгодненасць.

Прынцып вяршэнства права азначае ў тым ліку паўнату і дакладнасць норм аб правах і абавязках грамадзян, узгодненасць іх паміж сабой у розных нарматыўных прававых актах. Знаходжанне ў заканадаўстве прабелаў, калізіяў прававых нормаў і прававой нявызначанасці прыводзіць да неадназначнага разумення нарматыўных прававых актаў і звязанай з гэтай супярэчлівай правапрымянальнай практыкай, што аслабляе гарантыі абароны канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян (рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 11 снежня 2013 г. № Р-877/2013 “Аб прававым рэгуляванні парадка вырашэння спрэчак, якія звязаныя з расследваннем няшчасных выпадкаў на вытворчасці”).

Кіруючыся ч. 8 арт. 22 Кодэкса аб судаводстве і статусе суддзяў, арт.158-160 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб канстытуцыйным судаводстве”,


ПРОСІМ:

  1. узбудзіць па дадзеным звароце вытворчасць па справе аб выдаленні ў заканадаўстве аб мовах прабелаў, выключэнні ў ім калізіяў і прававой нявызначанасці;

  2. прыняць рашэнне, у якім сфармуляваць канкрэтным дзяржаўным установам, службовай асобе ў адпаведнасці з іх кампетэнцыяй прапановы аб неабходнасці выдалення ў актах заканадаўства аб мовах прабелаў, выключэння ў іх калізіяў і прававой нявызначанасці.

Дадатак: на ___ ст.
Заяўнікі:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка