Канструіраванне вобраза аўтара ў сучасных пасмяротных лірычных кнігах



Дата канвертавання23.01.2017
Памер72.37 Kb.
#1862
Жыбуль В.Ю. (Мінск)

КАНСТРУІРАВАННЕ ВОБРАЗА АЎТАРА Ў СУЧАСНЫХ ПАСМЯРОТНЫХ ЛІРЫЧНЫХ КНІГАХ

(ДЗ. ХВАСТОЎСКІ, А. БЕЛАВОКІ)1

Жыццёвыя і творчыя абставіны Дзяніса Хвастоўскага і Андруся Белавокага маюць шэраг супадзенняў. Блізкі ўзрост, у якім загінулі абодва пісьменнікі (Дз. Хвастоўскаму было 25 гадоў, А. Белавокаму – 24), з розніцай у год выйшлі іх пасмяротныя кнігі (адпаведна 2006 і 2007), у адным выдавецтве (“Логвинов”) і ў адной літаратурнай сэрыі (“Другі фронт мастацтваў”). Адзначаецца і агульнасць некаторых асабістых рысаў (асацыяцыя абодвух аўтараў з феноменам дзяцінства, грамадскія і культурніцкія погляды). Абодва аўтары не мелі выдадзеных пры жыцці кніг. Дз. Хвастоўскі паспеў скласці невялікую кнігу для выдання, аднак у пасмяротны збор яна ўвайшла толькі як адна з частак. Для А. Белавокага ідэя ўласнай кнігі таксама была важнай, што зафіксавана і ім самім, і тымі, каму выпала складаць яго пасмяротны зборнік. П. Васючэнка ў прадмове да кнігі А. Белавокага адзначае: “…ён паспеў стварыць уласны міф пра сябе. Гэта міф пра ўдала складзены тэстамент – запавет сябрам напісаць за яго ягоную кнігу” [1, с. 4].

У абодвух выпадках у стварэнні аўтарскай фігуры ўдзельнічае сам пісьменнік, перадаючы пэўную аўтарскую пазіцыю ў тэкстах, – і складальнікі, для якіх істотна ўзнавіць цэласнае ўяўленне пра творцу, што заўчасна пакінуў жыццё і літаратуру, стварыўшы адносна няшмат і не меўшы значнай колькасці жыццёвых і літаратурных кантактаў. Складальнікі кніг – у абодвух выпадках блізкія знаёмыя аўтараў – выступаюць як сведкі, якія мусяць распавесці пра тое, якім быў аўтар. Пры гэтым яны, магчыма, міжволі, дадаюць да ягонага вобліку нешта з уласных, суб’ектыўных уяўленняў пра яго, а таксама аналітычныя выкладкі з мэтай змясціць аўтара ў пэўны культурны кантэкст. Такім чынам ствараецца вобраз аўтара як вынік супольнай творчасці.

У загалоўку кнігі Дз. Хвастоўскага, гэтак жа як і ўступнага артыкула да яе, на першым месцы кельцкая тэматыка, такім чынам, фігура аўтара рэпрэзентуецца праз значную частку аўтарскага міфа. Лугназад – гэта “ірляндзкае свята, прысьвечанае богу Лугу, які лічыўся майстрам усіх мастацтваў. Лугназад азначаў пачатак жніва і выпяканне першага каравая хлеба зь зерня новага ўраджаю” [2, с. 58]. Назва прадмовы – “Ен зваў сябе шатляндцам…”. Абедзве назвы вылучаюць гульнёва-міфатворчы бок дзейнасці аўтара, звязаны з яго самаўсведамленнем.

У прадмове паведамляецца, што кельцкі элемент сапраўды меў немалое значэнне для Дз. Хвастоўскага. Яшчэ са школьных гадоў Дзяніс цікавіўся фальклорам, і ня толькі беларускім, але і кельцкім” [2, с. 4]. Дакладную прычыну гэтай цікаўнасці цяпер высветліць немагчыма, але відавочны глыбінна этнічны складнік, якога шукаў Дз. Хвастоўскі ў сваіх “шатляндзкіх” каранях (“ён нават выдумаў сабе фантастычны радавод” і “спадчыннае” імя Тэд Макена (Ted McKenna), якое на некаторы час стала для паэта і псеўданімам, і імем рамантычнага героя ягоных вершаў” [2, с. 4-5]), і ў звароце да ірландскай календарнай абраднасці. Поруч з гэтым ідзе нацыянальнае самавызначэнне паэта, таксама глыбока самастойнае, часам максімалістычнае: “Сачыненьні па мове і літаратуры Дзяніс пісаў на “тарашкевіцы”, як настаўніца ні ўгаворвала яго падпарадкавацца нормам школьнай праграмы” [2, с. 4].

Кампазіцыйная будова кнігі паказвае імкненне складальніка ўлічыць аўтарскую волю паўсюль, дзе яна была выказана. Першы раздзел – гэта складзеная самім Дз. Хвастоўскім кніга; у астатніх раздзелах задзейнічаны храналагічны (унутры раздзелаў) і жанравы (пры вылучэнні частак) прынцыпы. Такое ўкладанне даволі традыцыйнае, і яно не не прызванае паказаць якія б то ні было асаблівыя рысы аўтарскай індывідуальнасці. Складальнік арыентуецца на прынцып “выбранага”, “найлепшага”, пераследуе мэту пазнаёміць чытача з асноўным у творчай спадчыне аутара. Свядома не ўключаныя ў кнігу “альбомная лірыка паэта, адрасаваная вузкаму колу родных і блізкіх, чарнавыя накіды, пераклады, навуковыя працы, дзённікавыя занатоўкі” [2, с. 16]. Асобу аўтара прэзентуюць самі яго творы.

Аўтарскае самавыяўленне адбываецца праз зварот да шырокага ранжыру фальклорных жанраў, што яднае культурныя складнікі беларускія і сусветныя, архаічныя і сучасныя – і ўсё як жывое, актуальнае, сваё: гераічны эпас, народныя лірычныя песні, прыпеўкі, садысцкія вершыкі (пастаянныя героі – Кася і Ясь, але ёсць і “усярэднена-савецкі” “хлопчык маленькі”, які, насуперак фальклорнаму стандарту, не проста глупа гіне, а паўстае перад экзістэнцыйным выбарам).

Яўная самарэпрэзентацыя прадстаўленая ў нешматлікіх тэкстах, яна датычыць вызначэння аўтарам свайго месца ў паэзіі і стаўлення да грамадскіх працэсаў. Абодва сэнсы рэалізаваныя праз адмоўная канструкцыі: у паэзіі – адмова ад супольнасці “заўзатых літаратараў” дзеля жывой паэзіі (“Ты – не араты. / Ты – аратар. / Але паэт – ня ты, а я” [2, с. 96]), у грамадстве – адмова ад палітыкі на карысць Гісторыі як жывога працэсу (“Палітыкі, ня лезьце да Гісторыі. / Бо вы Яе ня варты” [2, с. 74]). Аўтахарактарыстычны і адзін з апошніх вершаў, што захаваўся ў запісах Дз. Хвастоўскага (ён завяршае другую частку кнігі): “Вокны завешаны. / Я завершаны” [2, с. 106]. У выпадку з кнігай Дзяніса Хвастоўскага мы маем пераважна паэтычныя аўтахарактарыстыкі, бо ў яе не ўвайшлі іншыя формы самарэпрэзентацыі (аўтабіяграфічныя тэксты, дзённікавыя запісы і г.д.).

У загалоўку кнігі Андруся Белавокага зафіксавана характарыстыка творчага лёсу паэта, таксама ўзятая з яго тэкстаў. “Лесьвіца ў нябёсы з адной прыступкі” [1, с. 42] тут увасабляе і кароткае жыццё аўтара, і яго блізкасць да іншасвету, якую сябры адзначалі нават пры жыцці (гл: [1, с. 179]).

Для А. Белавокага ідэя ўласнай кнігі была важнай, але яе давялося цалкам складаць тым, хто стаў яго творчымі спадчыннікамі: “Андрусь … задумаў Кнігу, у якой будзе ўсё – і Сусвет, і Беларусь, і каханне, а Кніга не ўдалася, ён яе не агораў і пакінуў свій праект сябрам, каб дарабілі”, у выніку чаго “некалькі чалавек сталіся нявольнікамі літаратурнага праекту” [1, с. 7].

Тут постмадэрнісцкі канструкт “смерць аўтара” увасобіўся літаральна (хоць “смерці аўтара” у яе звыклым сэнсе ў кнізе якраз няма). Мала таго, уступіў у дзеянне новы канструкт, пазначаны В. Акудовічам: “смерць-суаўтар” [3]. Аўтары паслямовы – А. Бізяева і Т. Заміроўская – задзейнічаюць канцэпцыі стварэння і функцыянавання кнігі, што спараджаюцца постмадэрнісцкай парадыгмай. Па-першае, гэта вызначэнне як “кнігі” любой ментальнай спадчыны, незалежна ад таго, ці зафіксаваная яна на нейкіх матэрыяльных носьбітах (“некаторыя тэорыі сцвярджаюць, што кніга адбылася ўжо ў той момант, калі яна ўзнікла як ідэя” [1, с. 177]). З гэтага вынікае адкрытая, разамкненая структура кнігі, у якой прысутнічае патэнцыйная магчымасць далейшага разгортвання. Па-другое, гэта ідэя агульнай інфармацыйнай прасторы, што дэактуалізуе асабовы пачатак: “ідэі і думкі лунаюць дзесьці ў прасторы касьмічнага этэру, і калі раптам сыходзіць іх стваральнік, могуць увасобіцца іншымі і зусім па-іншаму” [1, с. 177].

Нягледзячы на гэта, складальнікаў кнігі хвалявала пытанне аўтарскай волі, што зрабіла асабліва важнай для кнігі ідэю сувязі: “самы навязьлівы сон таго часу – мы ня ведаем, як рабіць гэтую кнігу, і тут хтосьці вырашае патэлефанаваць Андрусю. Набіраем нумар, чакаем. “Хэй, Андруша, навошта ты кінуў нам усё гэта?” [1, с. 178]. П. Васючэнка, кажучы пра сітуацыю з вучнем, што перажыў настаўніка, таксама фармулюе думку пра пэўную пасмяротную зваротную сувязь і пра містычны “дыялог з чытачом” [1, с. 8].

Ідэя сувязі паўплывала і на выключна ўважлівае стаўленне складальнікаў да захавання характарыстык асобы аўтара. Выпрацоўваючы канцэпцыю кнігі і шукаючы кропкі апоры ў ягоных творах, складальнікі прыходзяць да тэматычнага прынцыпу кампазіцыйнай будовы – індывідуалізаванага, з унікальным для дадзенай асобы падборам тэм. У ім перададзены аўтарскі “рэестр каштоўнасцяў – Каханьне, Музыка, Радзіма, Сябры, Жыцьцё” [1, с. 179].

Аўтарская самарэпрэзентацыя ў кнізе адбываецца праз тэксты, але яна пастаянна патрабуе дапаўненняў, каментароў. Напрыклад, толькі з каментароў мы можам даведацца пра наяўнасць аўтарэпрэзентацыйнага характару (а не, напрыклад, героя-“маскі”) у вершах “Монах” і “Монах-2” (“…у школе некаторыя аднаклясьнікі лічылі Андруся інтэлектуалам-летуценьнікам і далі яму мянушку “манах”, якой ён, дарэчы, ганарыўся” [1, с. 121]). Сярод разнародных тэкстаў кнігі ёсць яўна аўтарэпрэзентацыйныя, напрыклад, “Спроба аўтахарактарыстыкі” для юбілейнага артыкулу “Хто ёсць хто”, прысьвечанага аўтарам газеты “Молодежный проспект”, 21 ліпеня 2000 г.” [1, с. 54]. У тэкстах для газеты “Навінкі” А. Белавокі выкарыстоўвае маскі (“просты нефармал”, “спажывец чарніла”, “пацан з раёна”), але праз сцёб даволі выразна бачныя яго ўласныя меркаванні. У падобнай сцёбнай манеры сфрамуляваны і грамадскія погляды А. Белавокага (тэкст “Беларусь праз 100 гадоў”). Цікавы ў плане самарэпрэзентацыі тэкст – інтэрвью з гуртом «Безь білета», якое апублікавана разам з ліставаннем з Андрэем Дынько – адказамі на яго заўвагі. Тут А. Белавокі цалкам сур’ёзна выказвае свае думкі і поглады, выступаючы за “натуральную беларускасць” [1, с. 63].

“Замест літаратуры як сродку распаўсюджвання сваёй харызмы ён выбраў жыццё і камунікацыю” [1, с. 179]. Дарэчы, можа, менавіта таму настолькі важнымі ў кантэксце кнігі аказваюцца сведчанні ўдзельнікаў гэтай камунікацыі – бо іншых, у тым ліку матэрыяльных – слядоў яе не захавалася.

Усе, хто працаваў над кнігай Андруся Белавокага і пакінуў свой плён у выглядзе тэкстаў, абіраюць стратэгію, якую можна назваць “мемуарнай”, – суб’ектыўны выклад жыццёвай інфармацыі з імкненнем узнавіць жывыя карціны: “Нам хацелася б, каб тое, што атрымалася, было падобна не на сьмерць, а на жыцьцё” [1, с. 179].

Адначасова заўважнае імкненне ўключыць постаць А. Белавокага ў культурны кантэкст праз паралелі з беларускімі і замежнымі пісьменнікамі (П. Васючэнка згадвае ў гэтай сувязі С. Палуяна, М. Багдановіча, Ф. Кафку і персанажа ўласнага твора – юнака Андруся), праз пералік прэцэдэнтных тэкстаў (далёка не поўны спіс з паслямовы: Кен Кізі, Тувэ Янсан, экзістэнцыялісты, Васіль Быкаў, Мэрылін Мэнсан, Рычард Бах, Эмір Кустурыца і інш.).

Так з фрагментарных артэфактаў, як мазаіка, складваецца карціна асобы з пэўным светапоглядам і з пэўным колам пастаянных тэмаў. Пры гэтым агульнае цэлае мае менавіта літаратурны характар: у кнізе прысутнічае адзіная сістэма вобразных каардынат, логіка развіцця пэўнага надтэкставага “сюжэта”, якую можна апісаць як рух ад агульнага да прыватнага: ад традыцыйных мастацкіх тэм, значных для аўтара (каханне, музыка, Радзіма) – у глыбіню асабістага, прыватнага досведу (дзяцінства, сяброўскае кола, самаўсведамленне). Цэлае выбудоўваецца па прынцыпе не лагічнай паслядоўнасці, а, па сутнасці, лірычных матываў.

Пры вонкавым падабенстве абставін з’яўлення і саміх выданняў, кнігі Дз. Хвастоўскага і А. Белавокага вельмі розныя. “Лугназад” складзены акадэмічна, мае мэту падаць творчасць аўтара як завершаную цэласнасць, складальнік пазіцыянуе сябе не як сябра, а як навуковец. Выбудоўванне кнігі А. Белавокага і яе рамкавыя тэксты, насупраць, падкрэслена суб’ектыўныя, паводле стылю выкладання яны набліжаюцца да мемуарыстыкі, будова падкрэслена фрагментарная, адкрытая.

Аднак абедзьве кнігі маюць безумоўныя вартасці і пры розных падыходах складальнікаў да іх стварэння даюць яскравыя ўзоры ўважлівага, клапатлівага стаўлення да творчай спадчыны сяброў-творцаў, якія заўчасна пайшлі з жыцця.


Літаратура

1. Белавокі А. Лесьвіца ў нябёсы з адной прыступкі. Мінск, 2007.

2. Хвастоўскі Дз. Лугназад. Мінск, 2006.

3. Акудовіч В. Сьмерць – геніяльны суаўтар / В. Акудовіч: [Электронны рэсурс]. Рэжым доступу: http://arche.bymedia.net/2007-07/akudovic707.htm; дата доступу: 31.03.2014.



1 Даклад падрыхтаваны пры падтрымцы БРФФД, Г13Р-002.

Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> Салавей Г. С. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, г. Брэст
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал