Кім Юрый Прагматемы: статус і функцыянаванне




Дата канвертавання12.03.2017
Памер57.65 Kb.
Кім Юрый

Прагматемы: статус і функцыянаванне

На наш погляд, прагматэму нельга назваць агульна прынятым фактам у беларускім мовазнаўстве, прынамсі ў многіх айчынных падручніках дагэтуль фразеалогія пераважна базуецца на класіфікацыі В.У. Вінаградава, у якой прагматычных фразем проста няма. Тым не менш, улічваючы развіццё лінгвістыкі апошніх дзесяцігоддзяў, нам уяўляецца карысным, калі не неабходным, прыцягненне больш пільнай увагі да пытання прагматэм у айчынным мовазнаўстве. Таму ніжэй мы разгледзім тэорыю прагматэм, створаную І.А. Мельчуком, затым супаставім гэтыя адзінкі з іншымі параўнальнымі адзінкамі фразеалогіі, каб, нарэшце, прывесці распрацаваную намі сітуацыйна-функцыянальную класіфікацыю прагматэм, з дапамогай якой мы працуем над стварэннем інвентара прагматычных фразем беларускай мовы.

У межах тэорыі Сэнс – Тэкст (ТСТ) І.А. Мельчук стварыў у 60-я дзве мадэлі мовы: шырокую і вузкую.

Шырокая мадэль – мадэль Канцэпты – Гучанне (МКГ) – разглядае механізм чалавечых моўных адносін наогул і вылучае ў ім тры асноўныя этапы:



  1. Сфарміраваны ў свядомасці чалавека ментальны адбітак фрагмента пазамоўнай рэчаіснасці – канцэптуальнае прадстаўленне (КанП) – ператвараецца ў семантычнае прадстаўленне (СемП) паводле механізму прагматыкі (у разуменні І.А. Мельчука);

  2. СемП пераходзіць у фанетычнае прадстаўленне (ФанП) праз механізм канкрэтнай мовы (L), паводле мадэлі Сэнс – Тэкст (МСТ, пра яе гл. ніжэй);

  3. ФанП набывае матэрыяльную форму – акустычную (маўленне) ці графічную (пісьмо).

Вузкая мадэль – мадэль Сэнс – Тэкст (МСТ) – уключае такія ўзроўні, як фанетычнае прадстаўленне (ФанП), марфалагічнае прадстаўленне (МарфП), семантычнае прадстаўленне (СемП) і сінтаксічнае прадстаўленне (СінтП).

Звычайна прадстаўленню больш нізкага ўзроўню адпавядае некалькі варыянтаў прадстаўлення на больш высокім узроўні. Сістэму ўзроўняў прадстаўлення, такім чынам, можна ўявіць сабе ў выглядзе піраміды з вяршыняй унізе. Гэта адлюстраванне ўласцівай чалавечай мове з’явы сінаніміі. Абмежаванне жа з’яўляецца вынікам фразеалагізацыі.

Выразы мовы могуць будавацца без абмежаванняў і з абмежаваннямі, а таксама рэгулярна і нерэгулярна. Выраз Е, утвораны на падставе пэўнага мноства правілаў дадзенай мовы RL , пабудаваны без абмежаванняў, калі можна атрымаць эквівалентны яму выраз Е’ паводле іншага мноства правілаў R’L [1, сс. 224 – 227]. Калі ж фармальна мы можам прымяніць мноства правілаў R’L, але атрыманы ў выніку выраз не будзе эквівалентным першапачатковаму, то апошні будзе лічыцца пабудаваным з абмежаваннямі. Выраз пабудаваны рэгулярна, калі яго кампаненты, як на ўзроўні значэння, так і на ўзроўні формы аб’яднаны па агульных камбінаторных правілах той ці іншай мовы. Пры парушэнні камбінаторных правілаў на любым узроўні кажуць пра нерэгулярны выраз, як, напрыклад avoir la langue bien pendue (мець добра падвешаны язык), дзе не выконваюцца сучасныя семантычныя правілы на ўзроўні СемП.

Рэгулярнае ўтварэнне моўных адзінак без абмежаванняў І.А. Мельчук звязвае з аперацыяй моўнага аб’яднання і называе рэгулярнай сумай. Рэгулярная сума дзвюх лексем – гэта свабоднае словазлучэнне.

Калі ж сэнс і (або) форма словазлучэння ўтвараюцца з абмежаваннямі і (або) нерэгулярна, мы маем справу са з’явай фразеалагізацыі.

У выніку абмежаванняў на семантычным узроўні, паводле І.А. Мельчука, утвараюцца наступныя семантычныя фраземы:

1) паўфраземы, або калакацыі: на ўзроўні плана выражэння маем рэгулярную суму АВ, а на ўзроўні значэння – ‘АС’, пры гэтым кампанент В выбіраецца для выражэння значэння С у залежнасці ад А (lancer une attaque);

2) квазіідыёмы, або квазіфраземы: значэнне словазлучэння АВ уключае значэнні А, В, а таксама трэці дадатковы сэнс нейкага С: ‘S’=’А’+’В’+’С’ (Donner le sein на самай справе ўключае такія значэнні як ‘грудзь’ і ‘даваць’, але пры іх злучэнні дадаецца яшчэ ‘карміць’);

3) ідыёмы, або поўныя фраземы (параўнальны з фразеалагічнымі зрашчэннямі): такія словазлучэнні, сэнс якіх не ўключае сэнсы іх кампанентаў (або ўключае перыферыйны кампанент значэння).

Нарэшце, І.А. Мельчук выдзяляе яшчэ такі тып фразеалагічных выразаў, як прагматычныя фраземы – прагматэмы. Іх СемП (ці ФанП) будуецца для пэўнага КанцэптП з абмежаваннямі, якія накладваюцца адпаведнай сітуацыяй маўлення (SIT). Прагматэмы з’яўляюцца, такім чынам, вынікам прагматычнай фразеалагізацыі. Як сведчыць Morgan, прагматычная фразеалагізацыя мае характар канвенцыянальнасці, а ідыяматычная – традыцыйнасці [2, pp. 261-279],. Аб’ява ў грамадскім транспарце “Асцярожна, дзверы зачыняюцца!” падыходзіць пад азначэнне прагматэмы. Аднак, калі мы пабудуем для дадзенага СемП крыху іншае ФанП, то атрымаецца семантычны, але не функцыянальны эквівалент. Элементы прасторавай (транспартны сродак), часавай (момант адбыцця з прыпынку) дэтэрмінацыі ў спалучэнні з фактарам канвенцыянальнасці даюць нам прагматычна фразеалагізаваны выраз – адзіны магчымы ў дадзенай сітуацыі.

Варта адзначыць, што прагматэмы не заўсёды адназначна супрацьпастаўляюцца ідыёмам ці калакацыям. Так, напрыклад, іспанскі выраз Mucha mierda! – выкарыстоўваецца ў канкрэтнай сітуацыі, калі акцёру трэба пазычыць удачы (рускае Ни пуха ни пера!), але разам з тым СемП гэтага выслоўя ўтворана нерэгулярна, бо сапраўднае значэнне цэлага не выводзіцца з рэгулярнай сумы значэнняў кампанентаў. Такім чынам, гэта адначасова і прагматэма, і ідыёма. Выраз Беглы агонь! – і калакацыя, і прагматэма (прыметнік можна замяніць сінонімамі, але, канвенцыя забараняе нам гэта, бо тады выраз не будзе разглядацца як вайсковая каманда).

Ад клішэ і, у прыватнасці, парэміялагічных адзінак, прагматэмы адрознівае тое, што яны адносяцца да больш канкрэтных сітуацый, якія проста бясконца паўтараюцца, у той час як першыя адносяцца да родавых сітуацый [3, p. 207].

Прагматэмы варта адрозніваць і ад прагматычна абумоўленых лексем (Алё!) і сінтаксічных канструкцый (Ouvert du [jour de la semaine] au [jour de la semaine] de [heure] à [heure] et les [jour de semaine] jusqu'à [heure] – ‘працуем з (дзень тыдня) па (дзень тыдня) з (час) да (час)’, франц.).

Як ужо ўзгадвалася, прагматэмы ўтвараюцца для пэўных сітуацый, таму вывучэнне гэтых фразеалагічных адзінак непарыўна звязана з даследаваннем сітуацый маўлення, а класіфікацыя – з класіфікацыяй сітуацый. Калі мы возьмем за крытэр класіфікацыі прагматэм сітуацыю іх рэалізацыі, то зменшым магчымасць перасячэння ўтвораных класаў і, адпаведна, палегчым задачу пошуку новых адзінак.

Намі былі вылучаны наступныя класы прагматэм:


  1. Прывітанні – развітанні (Дзень добры! Шчыра запрашаем! Да хуткага спаткання!);

  2. Формулы ветлівасці (Будзь здаровы! Вялікі дзякуй!);

  3. Формулы віншавання (Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос! З Днём народзінаў!);

  4. Пісьмовыя звароты і развітанні (у зваротах – фіксаваныя тытулаванні: Ваша Вялікасць, Ваша Эксяленцыя; у развітаннях – пратакольныя кампліменты: Запэўніванне ў вельмі высокай павазе);

  5. Тлумачальныя або інфармацыйныя надпісы (вулічныя: Стаянка (паркоўка) забаронена, Машыны не ставіць; у грамадскіх месцах: Не прыхіляцца; на паліграфічнай і іншай прадукцыі: Усе правы абаронены; Курсіў мой);

  6. Вусныя інфармацыйныя паведамленні (Канцавая (канечны прыпынак), Поезд далей не ідзе - Калі ласка, пакіньце вагоны)

  7. Каманды (вайсковыя, калявайсковыя, спартыўныя і інш.: Рукі дагары! Зброю на плячо!).

Прагматэмы – самабытныя адзінкі, утвараюцца ў кожнай мове па асобай логіцы, а таму павінны перакладацца як цэлае, а не як свабодныя спалучэнні слоў.

На падставе вылучаных намі класаў неабходна пабудаваць больш поўны спіс прагматэм. Пры аналізе большай колькасці выразаў павінны ўдасканаліцца тэхніка аналізу і разуменне маўленчай сітуацыі. Збор і апрацоўка беларускіх прагматэм будзе спрыяць развіццю беларускай камп’ютэрнай лексікаграфіі ў цэлым.



Літаратура:

  1. Мельчук И.А. Смысл и сочетаемость в словаре / Л.Н.Иорданская, И.А Мельчук. – Москва: Языки славянской культуры, 2007. – 672 с.

  2. Kleiber G. Nominales : essais de semantique referentielle / G. Kleiber. – Paris: Armand Colin, 1994 . – 248 p.

  3. Morgan J. L. Two Types of Convention in Indirect Speech Acts / J. L. Morgan // Syntax and Semantics vol. 9. – London: Academic Press, 1978. – pp. 261 – 280.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка