Кітаістыка на філалагічным факультэце беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта




Дата канвертавання25.01.2018
Памер39.72 Kb.
КІТАІСТЫКА НА ФІЛАЛАГІЧНЫМ ФАКУЛЬТЭЦЕ

БЕЛАРУСКАГА ДЗЯРЖАЎНАГА ЎНІВЕРСІТЭТА

М.М. Хмяльніцкі (Мінск)

На сучасным этапе ў нашай краіне назіраецца актывізацыя міжнароднага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай па ўсіх напрамках: эканамічным, грамадска-культурным, адукацыйным, што абумоўлівае значную патрэбу ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных і кампетэнтных спецыялістаў. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у гэтай справе выконвае пачэсную і адказную місію, рыхтуючы кадры для розных галін вытворчасці, навукі і адукацыі.

Валоданне замежнымі мовамі з улікам спецыфікі дзейнасці выступае ў якасці важнейшага сродку падтрымкі і пашырэння сацыяльных, эканамічных і культурных сувязей з іншымі краінамі, руху дасягненняў беларускай навукі, тэхнікі, вытворчасці на сусветнай арэне. Асаблівую актуальнасць у кантэксце вышэйсказанага набывае навучанне кітайскай мове, літаратуры, культуры, што дазваляе павысіць прафесійную канкурэнтназдольнасць спецыялістаў, выпускнікоў ВНУ, іх адкрытасць у справе наладжвання новых партнёрскіх стасункаў.

На філалагічным факультэце БДУ, пачынаючы з 2001 года, ажыццяўляецца навучанне студэнтаў па спецыяльнасці “Усходняя (кітайская) філалогія”, якія атрымліваюць наступную кваліфікацыю: “Філолаг. Выкладчык кітайскай мовы і літаратуры, англійскай мовы. Перакладчык”. Падрыхтоўка кадраў па дадзенай спецыяльнасці павінна вырашыць шэраг важных задач: па-першае, забяспечыць зменлівы рынак працы высокакваліфікаванымі і функцыянальна граматнымі работнікамі; па-другое, задаволіць запатрабаванасць у перакладчыках і выкладчыках кітайскай мовы, што абумоўлена актыўнымі сувязямі Беларусі і Кітая.

Сучаснае жыццё вылучае свае прыярытэты ў адукацыйнай парадыгме: не простае веданне фактаў, не ўменні і навыкі як такія, а здольнасць выкарыстаць, прымяніць набытае; не аб’ём інфармацыі, а ўменне атрымліваць яе і мадэліраваць; не пасіўнае выкарыстанне, а стварэнне і супрацоўніцтва, улік і развіццё індывідуальнасці. Такія зыходныя прынцыпы ў справе падрыхтоўкі студэнтаў спецыяльнасці “Усходняя (кітайская) філалогія” імкнецца рэалізаваць прафесарска-выкладчыцкі склад філалагічнага факультэта. Першы выпуск студэнтаў-кітаістаў адбыўся ў 2006 годзе, другі – ў 2011г. Пачынаючы з 2006 года БДУ штогод ажыццяўляе набор абітурыентаў па спецыяльнасці “Усходняя (кітайская) філалогія”. Прыемна адзначыць, што нашы выпускнікі вельмі запатрабаваныя і працуюць у гандлёва-прамысловых прадстаўніцтвах, консульствах, установах адукацыі рознага тыпу, дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах.

Пачэсную задачу падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў выконвала агульнаўніверсітэцкая кафедра кітаязнаўства пры Рэспубліканскім інстытуце імя Канфуцыя, якая ў 2011 годзе была рэарганізавана ў кафедру кітайскай філалогіі філалагічнага факультэта. Акрамя беларускіх спецыялістаў, штогод з беларускімі студэнтамі працуюць выкладчыкі з КНР, якія навучаюць усім тонкасцям кітайскай мовы. Прыярытэтныя напрамкі адукацыйнай і навуковай дзейнасці кафедры кітайскай філалогіі наступныя: актуальныя праблемы выкладання кітайскай мовы і літаратуры, пытанні гісторыі і традыцыйнай культуры Кітая, кітайская мова ў сінхраніі і дыяхраніі, кітайска-ўсходнеславянскія моўныя і літаратурныя сувязі.

Акрамя насычаных аўдыторных заняткаў, супрацоўнікі кафедры кітайскай філалогіі наладжваюць культурныя мерапрыемствы, вечарыны, прысвечаныя традыцыям, звычаям, літаратуры і мастацтву Кітая. Падчас вучобы студэнты праходзяць некалькі відаў практык (перакладчыцкая, педагагічная), якія з’яўляюцца інтэгральнай часткай працэса падрыхтоўкі спецыялістаў, працягам навучальнага працэсу ў вытворчых умовах і праводзяцца на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях, якія актыўна супрацоўнічаюць з Кітаем. Сярод іх – Міністэрства замежных спраў, Гандлёва-прамысловая палата, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, Гомсельмаш і інш. Адзначым, што студэнты-кітаісты, якія навучаюцца на філалагічным факультэце, не раз заваёўвалі прызавыя месцы ў разнастайных конкурсах, фестывалях, прысвечаных веданню гісторыі, культуры, мовы, мастацтва Кітая (сярод іх Міжнародны конкурс – “Кітайская мова – Мост”), што, безумоўна, садзейнічае павышэнню аўтарытэту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і кітайскіх спецыялістаў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.

Студэнты аддзялення ўсходняй (кітайскай) філалогіі маюць магчымасць павысіць свой адукацыйны і прафесійны ўзровень дзякуючы эфектыўнай сістэме акадэмічнага абмену з рознымі ўніверсітэтамі КНР (Пекін, Шанхай, Далянь і інш.), а таксама магістарскім праграмам, якія закліканы ўдасканаліць моўную, краязнаўчую і культуралагічную кампетэнцыю навучэнцаў, фарміраваць іх практыка-арыентаваныя ўменні і навыкі.

Навукова-даследчыя намаганіі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў знаходзяць увасабленне ў выпускных кваліфікацыйных работах, тэматыка і метадалогія даследавання якіх адпавядае самым сучасным адукацыйным патрабаванням. Акрамя даследаванняў, прысвечаных праблемам развіцця, функцыянавання і выкладання кітайскай мовы і літаратуры, асаблівая ўвага надаецца вывучэнню ўсходнеславянска-кітайскіх культурных, моўных і літаратурных сувязей, што набывае на сённяшні дзень бясспрэчную прыярытэтнасць.



Належную падтрымку беларускім студэнтам-кітаістам аказваюць Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі, Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя. На філалагічным факультэце для навучання кітайскай мове функцыянуе спецыялізаваны лінгафонны кабінет, які быў абсталяваны сучаснай камп’ютэрнай, аўдыё-і відэатэхнікай за кошт кітайскага боку. Дзякуючы падтрымцы разнастайных устаноў КНР былі набыты слоўнікі, энцыклапедычныя даведнікі, падручнікі, дапаможнікі па кітайскай мове і літаратуры. Думаецца, што ў будучым такое супрацоўніцтва дазволіць максімальна задаволіць патрэбы вучэбнага працэсу.

Такім чынам, можна канстатаваць, што на філалагічным факультэце БДУ кітаістыка прапісалася грунтоўна і назаўсёды. Гэта пазіцыя кіраўніцтва ўніверсітэта, філалагічнага факультэта, якая знаходзіць паразуменне і падтрымку з боку Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаўных структур, якія спрыяюць станаўленню і развіццю кітаістыкі ў нашай краіне.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка