"кітч смерці" І канцэпцыя героя ў апавяданнях ядвігіна ш. І л. Андрэева




Дата канвертавання08.09.2018
Памер160.44 Kb.
Алена Белая

"КІТЧ СМЕРЦІ" І КАНЦЭПЦЫЯ ГЕРОЯ Ў АПАВЯДАННЯХ ЯДВІГІНА Ш. І Л. АНДРЭЕВА

Уся гісторыя ўзаемаадносін чалавека са смерцю сведчыць пра тое, што неабыякавыя адносіны да яе з'яўляюцца сутнаснай характарыстыкай асобы. Чалавек схільны надаваць смерці нейкі дадатковы светапоглядны сэнс, акрамя таго, што яна мае як біялагічная з'ява. Асоба, з'яўляючыся ў значнай ступені аўтаномнай адзінкай, лягчэй пераносіць уздзеянні звонку, захоўваючы сваю самабытнасць.

Але яна бездапаможная перад праблемамі, у якіх заключаецца сэнс жыцця. І. А. Бунін адзначаў: "Пісаць пра галоўнае: пра жыццё і пра смерць, пра хваробу і рэўнасць, пра юнацтва і старасць — гэта пісаць пра тое, чым жыў і заўжды будзе жыць чалавек, незалежна ад гістарычнага часу і ўмоў яго існавання"[2, с. 65]. Адной з форм увасаблення такога зместу выступае, паводле вызначэння французскага даследчыка С. Фрыдлендэра, "кітч смерці", — спецыфічны феномен, які прыйшоў на змену традыцыі рамантычных адносін да сыходу чалавека ў нябыт. Фрыдлендэр адзначае, што ў звычайным кітчы, які выступае ў выглядзе спрошчанай рамантыкі, адлюстроўваемая рэчаіснасць заўжды паўстае як нейкае падабенства пажаданай рэальнасці. Але калі гаворка ідзе пра кітч смерці, адбываецца змяшэнне двух несумяшчальных элементаў: заклік да гармоніі, да самага непасрэднага эмацыянальнага саўдзелу, з аднаго боку, і адзінота і жах — з другога [7]. Да таго ж, ці можна ўвогуле весці гаворку пра "пажаданую рэальнасць", калі справа датычыць смерці...

"Пра галоўнае" — жыццё і смерць — з самага пачатку сваёй творчасці пісаў і Ядвігін Ш. Герой яго прытчы "Чалавек" (1911) па волі божай "стаў жыць... без Бяды, без Слязы, без Хваробы, а — вольны, шчаслівы і здаровы". Не дзіўна, што цяпер "жаль яму стала жыцця" і ён звярнуўся з наступнай просьбай да Бога — забраць Смерць. Бог выканаў і яе. Аднак "ішлі вякі, ляцеў час", і няўрымслівы чалавек зноў зажадаў смерці, бо яна аказалася той адзінай рэччу, якая яму "нязнаная... асталася <...> І Бог даў чалавеку Смерць" [8, с. 50]. Матыў смерці ляжыць і ў аснове рэалістычнага апавядання Ядвігіна Ш. "З бальнічнага жыцця". Яно напісана раней за прытчу "Чалавек", у 1909 годзе, аднак ствараецца поўная ілюзія таго, што працягвае яе ідэйна-тэматычную лінію, даючы адказ на пытанні, якую ж смерць і завошта Бог даў канкрэтнаму чалавеку, хвораму пад нумарам семнаццаць з "бальнічнай палаты № 2" [8, с. 51]. І калі герою прытчы "жаль. стала жыцця", то ў апавяданні жыццё не мае літасці да "ўміраючага". Выціснуўшы з яго апошнія сілы, высмактаўшы кроў, высушыўшы апошнія мазгі і выцягнуўшы жылы, "бачачы, што з гэтага чалавека няма больш чаго выдушыць, — кінула яго на бальнічнае ложка, мучыла яго доўгія ночы, цэлыя месяцы і <...> накінулася на апошнія мінуты канаючага і здзекавалася... Так жагнала жыццё замучанае ім цела і за пражыты супольны век, жагнаючы, давала награду па-свойму..." [8, с. 52]. Характарыстыка цяжкахворага малаіндывідуалізаваная, але гэта апраўдана, паколькі яна служыць выяўленню філасофскага роздуму пісьменніка. Характарызуючы пафас творчасці Ядвігіна Ш., І. Чыгрын называе пісьменніка "вялікім чалавекалюбам" [8, с. 4] і адзначае яго пільную ўвагу да чалавека працы.

Важна таксама канстатацыя таго, што Ядвігін Ш. больш мысліцель,чым жывапісец.

У жыцці, пісаў З. Бядуля у апавяданні "Без споведзі", ёсць розныя героі. Адны паміраюць з верай у свайго далёкага бога і ў тое, што недзе там, у раі, будуць весяліцца. Другія канчаюць жыццё на вайне, і іх уцеха — высокія помнікі, што ім паставяць, ды бліскучыя медалі і крыжыкі на шырокіх грудзях. Некаторыя фанатычна гінуць за сваю ідэю на шыбеніцы, і моцы ім дадаюць вочы блізкіх таварышаў, якія тлумачаць: "не пужайцеся, вы будзеце жыць у сэрцах нашых, будзеце ахвярамі ідэй нашых... Але самы найтрагічнейшы гераізм — гэта адвечнае цярпенне, калі чалавек у такім запудзе знаходзіцца, што ён — прыгнечаны, пакрыўджаны — пераканаецца, быццам, напэўна, самы горшы ў жыцці... У іх то, напэўна, нямашака ўяўлення свайго я , як у часткі першых герояў. У натуры простага сына пануе толькі адна філасофія: "Гэтак трэба!" [3, с. 22—23]. Герой Ядвігіна Ш. Сымон, "біты з малалецтва сірата, гаротны праз увесь век свой працаўнік", "чорнарабочы 49 лет" N-скай воласці, які "ўвесь свой нядоўгі век быў паслухмяны", і "ў гадзіну канання застаўся паслухмяным... начальству: у дзевяць сканаў", як і вызначыў яму бальнічны надзірацель [8, с. 51— 52]. Адметнасць паводзін героя вынікае найперш з яго грамадскага становішча і абумоўлена той сітуацыяй, у якую ён трапіў, пра што сведчыць назва твора. Пісьменніку ўдаецца зрабіць абгрунтаваным нават такое дзіўнае паслушэнства героя: беларускія "мойры" — Праца, Бяда і Цярпенне — дакладна прадвызначылі яго лёс.

Мэце ўзбуйнення і ўдакладнення вобраза і канцэпцыі героя, "нумара семнаццатага", будзе служыць яго разгляд у святле філасофскай праблематыкі, паколькі ён паказаны аўтарам на мяжы жыцця і смерці. Такім чынам, ёсць падставы вызначыць праблематыку апавядання "З бальнічнага жыцця" як сацыяльна-філасофскую. У гэтых адносінах яно можа быць па пэўных пазіцыях супастаўлена з апавяданнем Л. Андрэева "Жылі-былі" (1901). Улічваючы цікавасць Ядвігіна Ш. да рускай літаратуры, можна меркаваць пра пэўную пераемнасную сувязь, хоць твор рускага пісьменніка, бадай, хутчэй маральна-філасофскі. Нягледзячы на тое, што апавяданне "Жылі-былі" мае разгалінаваны сюжэт і большую колькасць дзеючых асоб, яго яднае з навелай Ядвігіна Ш. ужо адзначанае намі чалавекалюбства. Л. Андрэеў гэтак жа пільна ўглядаецца ў сваіх герояў (тым больш маючы на гэта шырэйшыя кампазіцыйныя магчымасці). Можна сказаць, што паводзіны герояў абодвух твораў абумоўлены падобнымі маральна-этычнымі універсаліямі, архетыпамі як псіхічнымі мадэлямі жыццёвых працэсаў і сітуацый, што захоўваюцца ў сферы падсвядомага і асабліва яскрава праяўляюць сябе ў экстрэмальных сітуацыях. Між тым, у канкрэтных літаратурных творах мы часцей за ўсё сустракаем не "чыстыя архетыпы", а праекцыі адметных асаблівасцей пэўнай культурнай традыцыі. Так, у вобразе Сымона акрэслены канкрэтна нацыянальны абрыс універсальнага "маленькага чалавека", літаратурным прататыпам якога з'яўляецца селянін, што вызнае "жыццёвую філасофію адвечнага цярпення" [4, с. 157] і мог бы сканаць безыменным, каб не ўзнікла неабходнасці запісаць аб яго скананні "ў кніжку". Сродкі стварэння яго вобраза блізкія да фальклорных, аднак аўтарскае майстэрства надае ім арыгінальнасці. Працягваючы тэму універсалій, адзначым стаўленне "маленькіх людзей" да жыцця і смерці, замацаванае ў філасофіі з часоў Сярэднявечча: "Бедныя людзі, што ніколі не ведалі ні Арыстоцеля, ні Катона, ніякіх прыкладаў, ніякіх філасофскіх павучанняў, заўжды схіленыя над сваёй працай", кладуцца ў ложак толькі для таго, каб памерці. Ім не ўласцівы рэфлексіі пра жыццё і смерць. Хвароба для такіх людзей "папраўдзе цяжкая толькі тады, калі праз яе даводзіцца спыняць працу" [6, с. 304]. Асаблівасці формы апавядання "З бальнічнага жыцця" вымагаюць ад Ядвігіна Ш. гранічнай лаканічнасці сродкаў мастацкай выразнасці. Гэта датычыць і спосабаў аўтарскай прэзентацыі галоўнага героя, у тым ліку асаблівасцей яго партрэтнай характарыстыкі, якую можна ўзнавіць толькі па асобных ускосных дэталях. "Схіснулася грамніца на голыя высахшыя грудзі", "здалёку, — амаль не праз усю палатку — чутно было, як быццам пасля доўгага плачу, не саўсім супакоіўшаеся дзіця раз за разам хліпала і хліпала, толькі да гэтага хліпання час ад часу прылучаўся нейкі скрыгат як бы сапсаванай, стрыманай машыны. Так канаў чалавек" [8, с. 52]. Адсутнасць індывідуальных рыс у знешнасці героя Ядвігіна Ш. падкрэслівае яго тыповасць, што ўзмацняецца і імем героя — Сымон (ад старажытнарускага "Сімяон" — пачуты богам у малітве).

Асаблівасці абмалёўкі вобразаў Л. Андрэевым — а яны маюць досыць выразныя рысы не толькі аблічча, а і "ўнутранай асобы" — даюць уяўленне пра яго герояў як пра "тыповыя індывідуальнасці" [5, с. 440]. Так, дыякан Сперанскі з Тамбоўскай губерніі быў невысокі і вельмі худы, "усё яго слабасільнае цельца... было падобна да цела дзесяцігадовага хлопчыка. Валасы ў яго былі густыя, доўгія, шэра-сівыя і на канцах жаўцелі і закручваліся. Як з вялікай, не па малюнку, рамкі, выглядвала з іх маленькае, цёмнае аблічча з правільнымі, але мініяцюрнымі рысамі" [1, с. 33].

Адсутнасць аднапланавасці ў канцэпцыі асобы герояў Л. Андрэева падкрэсліваецца такім арыгінальным мастацкім прыёмам, як выкарыстанне "інструментарыю" навукі фізіягномікі. М. Мантэнь у свой час пісаў: "Знешняе аблічча само па сабе мала што даказвае, хоць некаторае значэнне яму надаваць усё ж можна. І калі б мне давялося кагосьці бічаваць, я б значна мацней хвастаў тых нягоднікаў, якія сваімі паводзінамі парушаюць абяцанні, накрэсленыя, здавалася б, самой прыродай на іх абліччах; я б больш жорстка караў зло, што хаваецца за прывабнай знешнасцю" [1, с. 324]. Асобныя пастулаты гэтай "навукі" Л. Андрэеў пераасэнсоўвае ў мастацкіх мэтах. Фельчар Іван Іванавіч, які "ўжо даўно займаўся фізіягномікай", "па вялікай матавай лысіне" залічыў купца "да аддзелу дабрадушных", але выпадала перамясціць яго ў "аддзел злых": на жарты дактароў Кашавераў не ўсміхнуўся і не сказаў ні слова, яго "глыбока запалыя вочы глядзелі ўніз, і масіўныя скулы, парослыя рэдкай сіваватай барадой, былі сціснуты, як жалезныя" [1, с. 30].

Па падабенстве дыяканавага твару да цёмных і сухіх лікаў старажытных абразоў Іван Іванавіч далучыў Сперанскага да "аддзелу людзей суровых і нецярпімых, але пасля першай жа размовы змяніў сваё меркаванне і нават на некаторы час расчараваўся ў значэнні навукі фізіягномікі" [1, с. 34]. Мастацкая рэальнасць акумулюе жыцейскі вопыт у тым, што не варта па рысах і выразе твару вызначаць унутраную сутнасць чалавека і прадказваць яго лёс: гэтыя рэчы не залежаць непасрэдна ад прыгажосці ці брыдкасці. "Ёсць абліччы, якія выклікаюць давер, і ў пераможным натоўпе ворагаў вы адразу ж выбераце сярод невядомых вам людзей таго, якому здадзіцеся і даверыце сваё жыццё, не кіруючыся пры гэтым думкай аб яго прыгажосці" [6, с. 324]. Такім чалавекам, відаць, мог бы стаць айцец дыякан: ён так ахвотна і шчыра расказваў пра сваю сям'ю, так зацікаўлена і наіўна распытваў пра тое ж іншых, што ніхто на яго не злаваў і ўсе гэтак жа шчыра расказвалі.

Аднак змест вобразаў у абодвух апавяданнях не вычэрпваецца партрэтнай характарыстыкай герояў, нават там, дзе яна досыць выразная. Такім чынам, аўтарская праекцыя знешнасці кожнай з асоб — гэта меркаванне аб яе духоўных патэнцыях, але не догма, не прысуд.

Асновай характарыстыкі купца Кашаверава ў апавяданні "Жылі-былі" аўтар зрабіў анамнез: дактары і студэнты часта "пачыналі распытваць Лаўрэнція Пятровіча аб тым, як ён жыў раней, і ён неахвотна, але пакорна адказваў. Выходзіла на тое. што ён шмат еў, шмат піў, шмат любіў жанчын і шмат працаваў; і з кожным новым "шмат" Лаўрэнцій Пятровіч усё менш пазнаваў сябе ў тым чалавеку, які вымалёўваўся з яго слоў"... Дзіўна было думаць, што гэта ён. рабіў так нядобра і шкодзіў сабе. І ўсе старыя словы: гарэлка, жыццё, здароўе — рабіліся поўныя новага і глыбокага зместу" [1, с. 31]. Гэты вобраз пацвярджае выснову аб тым, што чым большая прага жыцця, тым больш хуткі і непазбежны прыход смерці і разбурэння.

Настрой і паводзіны герояў літаратурнага твора цесна звязаны з тым месцам — адкрытай ці замкнёнай прасторай, — дзе адбываецца дзеянне.

І Л. Андрэеў, і Ядвігін Ш. выкарыстоўваюць прастору як філасофска- эстэтычную катэгорыю. Здольнасць чалавека "выйсці на вуліцу" — факт праяўлення актыўнага ўнутранага жыцця. Лёс падаўляе гэтую актыўнасць, імкнецца паралізаваць жыццёвую волю, стварае для герояў своеасаблівы "прасторавы тупік".

Пераканаўчасць аўтарскаму апавяданню ў абодвух творах надаюць напружана-драматычны пейзаж, лаканічныя, але надзвычай эмацыянальныя лірычныя адступленні, майстэрства партрэтнай дэталі і абмалёўкі абставін дзеяння, якія, з прычыны раўназначнасці жыццёвага кантэксту, супадаюць часам нават у рэалістычных дэталях Сярод бальнічных гукаў у апавяданні "Жылі-былі" вылучаецца, як "...зрэдку, грукаючы нагамі, праходзіў хто-небудзь са служачых, і кожны крок... выдзяляўся выразна і заміраў у строгай паступовасці" [1, с. 32]. У апавяданні "З бальнічнага жыцця" сярод невялікай колькасці безыменных герояў адзін — "паночны служачы", які вымушаны неяк рэагаваць на тое, што "№ 17 канае" і "проці ночы выбраўся" [8, с. 51] у той шлях, з якога няма вяртання.

Устанаўленне тыпалагічных сувязей паміж літаратурнымі з'явамі мае апору не толькі ў аналізе кантактных адносін, але і ў даследаванні адносін па кантрасце. Так, адзначаючы ў абодвух творах аўтарскае майстэрства пейзажных замалёвак, трэба падкрэсліць, што іх мастацкая функцыя адрозная. У апавяданні Ядвігіна Ш. дамінуе матыў змяркання, а персаніфікацыя прыродных з'яў скіравана на тое, каб акцэнтаваць думку, што "на свеце не стала аднаго чалавека" [8, с. 53]. "Візглівы вецер", "мокрая брудная зямля", "крывава-жоўтыя лісты", "памуцеўшыя шыбы бальніцы" — гэта тыя выяўленчыя сродкі, якія аўтар скарыстоўвае па прынцыпе кальцавой кампазіцыі для ўзмацнення пафасу твора і стварае пры іх дапамозе свет за вокнамі бальніцы, такі ж нядобразычлівы, як і ўнутры яе. Ускосна ў гэтым пейзажы праводзіцца думка аб тым, што селяніну, зняможанаму цяжкай працай, не стае часу засяродзіцца на той прыгажосці, якая разліта вакол яго, і няпроста, калі наогул магчыма, без пабочнай дапамогі і нейкіх вонкавых дабратворных стыхій выпрастацца духоўна [4]. Гэта рэзюмуе і З. Бядуля, расказаўшы ў апавяданні "Без споведзі" пра смерць бабулькі, якая не дачакалася адпушчэння грахоў, і пра трагічную гібель у завірусе яе сына, што

паехаў за дзесяць вёрст у мястэчка па папа [3, с. 21] — гэтаксама канчае жыццё сваё дзікая кветка на страшэннай дрыгве, ніколі не ўбачыўшы сонейка" [3, с. 24].

У апавяданні "Жылі-былі" мастацкая прастора мае сваю адметнасць: палата і свет за яе сценамі супрацьпастаўлены выразна, як жыццё і смерць. "Там людзі жылі... тут хворыя людзі ляжалі ў ложках, ледзь маючы сілы павярнуць да святла аслабелую галаву; апранутыя ў шэрыя халаты, млява хадзілі па гладкай падлозе; тут яны хварэлі і паміралі" [1, с. 37]. І своеасаблівы крытэрый гэтага супрацьпастаўлення — сонца. Сонечны прамень — тое, што "з адчуваннем чыстай бялізны і спакою" бачыць купец Кашавераў на адной са сцен палаты перад тым, як пагрузіцца ў "цяжкі і моцны сон", што на пэўны час прынёс яму жаданае забыццё. Увесну "сонца ліло ў палату цэлыя патокі святла..." [1, с. 42]. З сямі гадзін "усё блішчала і зіхацела ў гэтым святле" [1, с. 37]. Ва ўсякі пагодны дзень "сцены і паркетная падлога палаты шчодра заліваліся сонечнымі промнямі, ні з чым не параўнальнымі ў сваёй магутнай сіле і прыгажосці". Тады дыякан спяваў чуллівую песню "Вышэйшую нябёсаў...". Нават паслабеўшы, радзей смеючыся і менш ходзячы па палаце, дыякан, "калі ў палату зазірала сонца... пачынаў балбатаць весела і шчодра, дзякаваў усім — і сонцу, і дактарам — і ўсё часцей успамінаў яблыню "белы наліў" [1, с. 41]. Для яго "белы наліў" — зямное ўвасабленне сонца, якога аднаго роспачна шкада перад смерцю. Калі купец адкрыў яму страшную таямніцу аб немінучай і хуткай смерці, Сперанскі "апусціўся на падушку і старанна, уцякаючы ад святла і ад слоў Лаўрэнція Пятровіча, закруціўся ў коўдру і прыціх" [1, с. 50]. Сонца — тое зыходнае, першапачатковае, што аб'ядноўвае і ўроўнівае ўсё, што жыве ім, у тым ліку і людзей розных рэлігій, нацый і сацыяльных станаў, — прыродная крыніца першароднага брацтва людзей, у тым ліку міжчасавага.

Немалаважную ролю для разумення паводзін і псіхалогіі герояў адыгрываюць дэталі інтэр'еру. У "палаце № 2" над ложкам хворага "вісела чорная бляха з надпісам № 17" [8, с. 52]. У палаце № 8, дзе ляжаць героі апавядання "Жылі-былі", над іх ложкамі таксама прымацаваны дошачкі з надпісамі. "Белыя... літары прыгожа, але змрочна вылучаліся на чорным фоне, і, калі хворы ляжаў дагары, закрыўшы вочы", яны працягвалі нешта гаварыць аб ім і набывалі "падабенства з надмагільнымі абвяшчэннямі, што вось тут. закапаны чалавек" [1, с. 30]. У палатах універсітэцкай клінікі, дзе была высокая столь, сцены без адзінай плямкі і заўжды занадта чыстая і бліскучая падлога, дні былі "доўгія, светлыя і пустыя". Такія ж доўгія, пустыя і ціхія там былі ночы, але, не ў прыклад дням, доўгія пакутліва, а то і "жорсткія і бязлітасныя" [ 1, с. 40].

Л. Андрэеў піша, што на працягу сюжэтнага дзеяння ў апавяданні "Жылі-былі" ў становішчы хворых восьмай палаты "заўважных перамен не адбылося": студэнт Тарбецкі паправіўся, а з купца і дыякана, наадварот, "жыццё і сіла выходзілі з такой злавеснай бясшумнасцю, што яны і самі амаль не здагадваліся аб гэтым" [1, с. 44].

Надзвычай трапна выяўляе пісьменнік сутнасць трансфармацыі каштоўнасцей у такіх умовах: ніхто амаль не зазіраў у газету, і "якая- небудзь няправільнасць у рабоце суседавага страўніка хвалявала і кранала болей, чым вайна і тыя падзеі, што потым атрымліваюць назву сусветных" [1, с. 43].

Сціслая, але выразная ў Л. Андрэева і маўленчая характарыстыка герояў. Так, купец "гаварыў коратка, не гледзячы на таго, да каго былі скіраваны словы". Хворы дыякан Сперанскі "балбатаў гучна і шчодра", з жаданнем "усіх задаволіць і ўсіх ушанаваць" [1, с. 33], а хвалюючыся, рабіў гэта так невыразна, што яго цяжка было зразумець.

Героі абодвух твораў паказаны на мяжы жыцця і смерці. Мяжа як архетып — увогуле самае напружанае, канфліктнае месца сімвалічнай прасторы, дзе чалавека чакае змена лёсу, месца, дзе максімальна паслаблены ахоўныя сілы і пачынаюць дзейнічаць законы "чужой" прасторы. Як бы ні ставіўся да гэтай чужасці чалавек, у такі рашучы час патрэбна ласкавая рука, якая прытарнавалася да яго адчувальнасці, "каб пачухаць менавіта там, дзе яму свярбіць, ці нават зусім яго не кранаць. Калі для таго, каб мы з'явіліся на свет, патрэбна садзеянне павітухі, то для таго, каб яго пакінуць, мы маем патрэбу ў чалавеку яшчэ больш умелым, чым яна" [6, с. 230]. Незайздросны ж лёс героя Ядвігіна Ш. яшчэ раз пацвярджае — і гэтаму служыць аўтарскі аповед, — што чалавек жыве сярод людзей, а памірае заўсёды ў адзіноце. "Служачы, падышоўшы да ложка <...> прысеўшы, пачаў расказваць блізкім хворым, якія былі заўчора хрэсьбіны ў свайго швагра" [8, с. 52]. Матыў адзіноты праходзіць і ў творы Л. Андрэева. Купец Кашавераў ужо ў першым радку апавядання характарызуецца як "багаты і адзінокі", што спачатку трэба разумець як адметнасць яго грамадзянскага стану. Паступова герой узнаўляе ў памяці ўсё сваё жыццё за апошнія гады: "няўмольную хваробу, што дзень за днём з'ядала сілу; адзіноту сярод масы прагных сваякоў, у атмасферы маны, нянавісці і страху..."[1, с. 29]. "Няяснае пачуццё глыбокай адзіноты" не пакідала яго і тады, калі "людзі абмацвалі яго з усіх бакоў, займаліся ім так, як ніхто ў ранейшым жыцці", а цела яго "было раскрыта для ўсіх і ўсім падпарадкоўвалася" [1, с. 32].

Яшчэ адзін матыў, скарыстаны Л. Андрэевым, — гэта матыў падарожжа. "Падобна было да таго, што Лаўрэнцій Пятровіч кудысьці вельмі далёка едзе, і ўсё вакол яго мела характар часовасці, непрыстасаванасці да доўгага жыцця" [1, с. 32]. Дактары і студэнты здаваліся яму служачымі, кандуктарамі на гэтай невядомай дарозе, якія перавезлі ўжо тысячы людзей, а іх размовы і роспыты былі толькі пытаннямі пра білет. "І чым болей займаліся яны целам, тым глыбей і страшней рабілася адзінота душы" [1, с. 32].

Жыццё купца Кашаверава, паводле яго асабістага вызначэння, "было адною горкаю крыўдаю і нянавісцю", а лятучыя агеньчыкі любові хутка патухалі, пакідаючы па сабе на душы "толькі астылы прысак ды попел" [1, с. 40]. Калі ён быў малады, то краў у гаспадара, і яго лавілі і бязлітасна білі. У сярэдніх гадах ён сам душыў сваім капіталам маленькіх людзей, а яны плацілі яму палкай нянавісцю і страхам. Калі прыйшлі старасць і хвароба, сталі абкрадваць яго самога, і ўжо ён лавіў неасцярожных і жорстка біў іх. Не дзіва, што ён не хоча бачыць каля сябе ніякіх наведвальнікаў. Ядвігін Ш. не дэталізуе, якім чынам быў біты жыццём "№ 17 з палаты № 2", а толькі канстатуе гэта, аднак вынік амаль аднолькавы. Свечка "апошні раз прыгрэла тое месца, пад каторым чуць білася ўжо, даўней гарачае, сэрца" Сымона [8, с. 52]. Лаўрэнцій Пятровіч у чаканні смерці, наадварот, "адчуваў штуршкі сэрца так моцна, нібы знутры грудзей нехта біў малатком" [1, с. 53].



Паколькі героі змешчаны ў адметны анталагічны кантэкст, пра дынаміку характараў можна гаварыць толькі ўмоўна. Як ужо адзначалася, Ядвігін Ш. падкрэслівае, наўмысна-іранічна, статычнасць вобраза свайго героя, які быў і да апошняй хвіліны застаўся пакорлівым. Дынаміка характараў у Л. Андрэева — гэта дынаміка іх псіхічнага стану, не апошняе месца ў якім займае жах перад абліччам смерці.

Ключавым словам псіхалагічнай характарыстыкі купца Кашаверава спачатку, як і ў апавяданні Ядвігіна Ш., выступае слова "пакора". Прыняты ва універсітэцкую клініку, ён "пакорна чакаў" пераапранання; "гатовы быў рабіць усё, што загадаюць"; "паслухмяна дазволіў" няньцы апрануць сябе; пасля з "пакорнаю нязграбнасцю" чакаў, пакуль завязвалі матузкі ля каўняра; пайшоў за нянькай у палату, ступаючы "так нерашуча і асцярожна, як робяць гэта дзеці, калі іх невядома куды вядуць старэйшыя" — хіба для пакарання. І гэта прытым, піша Андрэеў, што "дома, у Саратаве, адзін яго суровы позірк прымушаў сутаргава мітусіцца дзесяткі людзей" [1, с. 29]. Аднак пакрысе яго пакідаюць і фізічная сіла, і духоўная моц, бо, як пісаў Мантэнь, прадбачанне смерці патрабуе мужнасці працяглай, а таму надзвычай рэдкай. "Ён то смяяўся над глупствам людскім і ўласным, то сутаргава сціскаў жалезныя сківіцы, заглушаючы доўгі стогн" [1, с. 40]. Магло здацца, што няўхільнасць смерці канчаткова ператварыла героя ў мізантропа: "Кожным словам, якім ён цэліў у дыякана, ён прыносіў сабе ўцеху і палёгку", з "прытворнай лагоднасцю" паўтараючы словы, што жыць таму застаўся ўсяго тыдзень [1, с. 50]. "Жах быў у адным іх гуку; жах быў у грубым і злосным голасе, што адно за другім цадзіў бязглуздыя, жорсткія словы" накшталт "Лепш за цябе людзі жылі, ды і тыя паміралі". І было "нешта агіднае і вартае жалю ў бессаромнай прамалінейннасці яго слоў" [1, с. 49—50]. Аднак уночы (напярэдадні ўласнай смерці), пачуўшы, што Сперанскі плача, купец паклаў руку на "пагорачак на ложку, які, уздрыгваючы, пасунуўся, каб даць яму месца на пасцелі", і адчуў пад рукою "слабае трапятанне худзенькага цельца" [1, с. 53—54]. "Жаль да а. дыякана пачаў праходзіць і змяніўся пакутлівым неўразуменнем" [1, с. 54], калі Кашавераў у адказ на сваё запытанне пачуў, што паміраць дыякан не баіцца і на яго не сярдуе, бо не ён смерць наклікаў — "сама прыходзіць". Купец, аднак, сам тут жа ўзлаваўся на Сперанскага за чарговае дзівацтва: той, выходзіць, плакаў па сонцы... І ўсё ж, успомніўшы "тую плынь гарачага святла", што ўдзень залацілі падлогу, "успомніў, як свяціла сонца ў Саратаўскай губерні на Волгу, на лес, на пыльную сцяжынку ў полі — .. .з хрыплым рыданнем упаў уніз на падушку, побач з галавой дыякана. Так плакалі яны абое. Плакалі па сонцы, якога больш не ўбачаць, па яблыні "белы наліў", што без іх дасць свае плады, па цемры, якая ахопіць іх, па мілым жыцці сваім і жорсткай смерці" [1, с. 54]. Звонкая цішыня падхоплівала іх рыданні і ўздыхі і разносіла па палатах, змешваючы... са здаровым храпеннем сядзелак... са стогнамі і кашлем цяжкіх хворых і лёгкім дыханнем тых, хто пачаў правіцца" [1, с. 54]. Лаўрэнцій Пятровіч памёр на досвітку, у пяць гадзін, калі збіралася ўзыходзіць сонца. Дыякан пачуў, як рыпнуў ложак, але на яго пытанне ніхто не адказаў, і ён зноў заснуў. Перад гэтым дактары запэўнілі яго, што ён будзе жыць, і ён паверыў ім і быў шчаслівы, бо "ад думак пра смерць больш цяжкім робіцца жыццё, а ад думак аб жыцці — смерць" [6, с. 315].

Аб'ектам цікавасці літаратуры з'яўляецца менавіта чалавечая разнастайнасць. Таму ёй неўласцівы татальны, масавы падыход да вырашэння праблем чалавечага існавання. тым больш такіх маштабных, як жыццё і смерць. Аналіз сродкаў эстэтычнага асэнсавання праблемы жыцця і смерці як складніка канцэпцыі асобы ў творах Л. Андрэева "Жылі-былі" і Ядвігіна Ш "З бальнічнага жыцця". дазваляе ўбачыць у іх сэнсава-мастацкія адзнакі "кітчу смерці". Пры гэтым мы не выяўляем адносна іх зніжанай эмацыянальна-эстэтычнай ацэнкі, а, маючы на ўвазе адпаведныя творам такой мастацкай формы вобразы і эмоцыі, канстатуем, што ў абодвух апавяданнях дамінантнай тэмай робіцца смерць героя, пры гэтым галоўны герой — гэта абавязкова той, хто памірае. Выкарыстанне пісьменнікамі мэтазгодных сродкаў абмалёўкі вобразаў герояў з мэтай іх індывідуалізацыі і тыпізацыі, дазваляе адэкватна ўзнавіць прыхаваныя чалавечыя настроі і адчуванні, у якіх можна ўбачыць таксама ўласцівае для "кітчу смерці" змяшэнне двух несумяшчальных элементаў: натуральную патрэбу ў міжасабовым эмацыянальным саўдзеле і гармоніі —і адчуванне адзіноты і жаху перад брамай у нябыт. Яны ў большай меры індывідуалізаваны ва ўнутраным стане і паводзінах герояў Л. Андрэева, а Ядвігіным Ш. акрэслены ў абагульненым плане праз выяўленне філасофіі цярпення як найтрагічнейшага гераізму.



ЛІТАРАТУРА:

  1. Андреев, Л. Н. Рассказы / Л. Н. Андреев. — Волгоград: Ниж.-Волжск. кн. изд-во, 1979. — 368 с.

  2. Бунин, И. А. Собрание сочинений. В 6 т. Т. 5. Жизнь Арсеньева. Тёмные аллеи; Рассказы 1932-1952. / Редкол.: Ю. Бондарев и др.; Подгот. текста и коммент. А Бабореко; статья-послесловие А. Саакянц / И. А. Бунин. — М.: Худож. лит., 1988. - 639 с.

  3. Бядуля, З. Апавяданні / З. Бядуля // Уст. арт.: І. Кудраўцаў. — Мінск:"Нар. асвета", 1973. — 160 с.

  4. Жураўлёў В. П. У пошуку духоўных ідэалаў: На матэрыяле бел. літ. Х1Х

  • пач. ХХ ст. / Нац. акад. навук Беларусі. Ін- т літ. імя Я. Купалы; Пад рэд. У. В. Гніламёдава. — Мінск: Бел. навука, 2000. — 191 с.

    1. Литературный энциклопедический словарь / Под общей ред.

      1. М. Кожевникова, П.А. Николаева. — М.: Сов. Энциклопедия, 1987. —

      2. 440.

    2. Монтень М. Опыты. Избр.произв. в 3 т. Т.3. Пер. с фр. / М. Монтень. — М.: Голос, 1992. — 416 с.

    3. Хен. Ю. В. Биофилия и проблема смерти / Биофилософия // Ю. В. Хен.

  • Москва: ЦОП ИФ РАН, 1997.

    1. Ядвігін Ш. Выбраныя творы / Ядвігін Ш. — Мінск: Маст. літ., 1976. — 410 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка