Клундук С. С. Інтэртэкст на газетнай паласе




Дата канвертавання22.02.2017
Памер78.87 Kb.
Клундук С.С.

ІНТЭРТЭКСТ НА ГАЗЕТНАЙ ПАЛАСЕ
Інтэртэкстуальнасць як тэндэнцыя сучаснага публіцыстычнага дыскурса аднымі даследчыкамі ўсведамляецца як сродак стварэння вобразнай мовы і адпаведна як дадатак да асноўнага зместу, як прыём зацікаўлення і як складнік аптымальнага ўспрымання інфармацыі. Іншыя даволі крытычна ставяцца да мадыфікацый вядомых тэкстаў, да інтэртэкcтуальных украпленняў (цытат, афарызмаў, прыказак, прымавак, фразеалагізмаў, назваў твораў і г.д.). І гэта зразумела, паколькі ўспрыняцце тэксту з такім прыёмам вымагае ад чытача не проста пэўнай адукацыі, а якаснай адукацыі, высокага інтэлектуальнага ўзроўню. Несумненна, што інтэртэкстуальнасць “сведчыць пра кампетэнтнасць носьбіта мовы, пра энцыклапедычнасць пазнання навакольнага свету” [3, c. 116]. Аднак, як паказваюць прыклады, не заўсёды гэтая кампетэнтнасць, энцыклапедычнасць да месца, г.зн. не заўсёды аўтар (журналіст) умела выкарыстоўвае інтэртэкст і з дапамогай яго не заўсёды ўдала раскрывае сутнасць вызначанай праблемы. Не кожнаму чытачу даступна журналісцкая экстравагантнасць. У выніку ўзнікае непаразуменне паміж аўтарам выказвання і ўспрымальнікам інфармацыі (рэцыпіентам), ствараецца так званая “негатыўная інтэртэкстуальнасць” [3, c. 117].

На жаль, “негатыўная інтэртэкстуальнасць” – нярэдкая, нават частая, з’ява ў мове сучасных друкаваных СМІ. Яна распаўсюджана ў розных жанрах журналісцкага тэксту і ў большасці выпадкаў мае іранічнае, саркастычнае гучанне. А апошняе – якраз агульная тэндэнцыя пры стварэнні тэкстаў сучасных сродкаў масавай інфармацыі.

Як правіла, інтэртэкст, асабліва загаловачны, яскрава перадае пазіцыю аўтара, яго “я”, а г.зн. станоўча ці адмоўна ўздзейнічае на чытача. І нельга не пагадзіцца з В.І. Іўчанкавым, што абсалютная большасць інтэртэкстуальных мадыфікацый мае іранічнае, саркастычнае, ёрніцкае адценне. А гэта, як бы там ні было, адлюстроўваецца на характары рэцыпіента, яго стаўленні да навакольнага і ўрэшце фарміруе асаблівасці ўзаемінаў. Толькі ў некаторых выпадках выкарыстанне цытат у публіцыстычным тэксце, асабліва цытат з твораў мастацкай літаратуры, па словах А. Цікоцкага, не мае іранічнага характару [1, c. 259]. Паспрабуем разгледзець гэта на канкрэтных прыкладах. Так, прагляд газеты “СБ. Беларусь сегодня” за 15 верасня 2010 года, паказаў, што:


  1. інтэртэкст – актыўны прыём у публіцыстычным тэксце названага выдання (загалоўкі матэрыялаў: “Язык до Киева доведёт” (абсалютная неадпаведнасць, несумяшчальнасць інтэртэксту пададзенай у артыкуле інфармацыі), “Ушли в себя”, “Стадное чувство”, “Не суди, да не судим будешь”, “Зов предков” (удалае, на нашу думку, праяўленне інтэртэкстуальнай мадыфікацыі), “Назад в СССР”, “Битвы полов”, “Буря в стакане чая”, “Профиль в профиль и анфас”, “Чёрным по белому”, “Наши “пальчики” устали”, “На глазок”, “Всё в твоих руках” і іншыя).

  2. большасць прыведзеных інтэртэкстуальных адзінак мае адмоўную канатацыю (уявіце: каля чатырохсот тысячаў чытачоў падпадае пад негатыў, сарказм, ёрніцтва!).

Безумоўна, выяўленне пэўных тэндэнцый у выкарыстанні інтэртэкстуальных канструкцый вымагае скрупулёзнага аналізу далёка не аднаго накладу перыядычнага выдання, а пра ўдаласць/няўдаласць, станоўчасць/адмоўнасць інтэртэксту можна гаварыць толькі глыбока прааналізаваўшы кожны артыкул. І тут немагчыма абмінуць невялікі па аб’ёме матэрыял, змешчаны зноў жа ў газеце “СБ” за 14-га верасня 2010 года, пад назваю “Перекати-поле” (аўтар – Д. Умпіровіч) [7, с. 1]. Ужо сам загаловак успрымаецца, асацыюецца ў чытача з нечым адмоўным (нават звычайны абывацель ведае як прамое, так і пераноснае значэнне прыведзенай лексічнай адзінкі). Так, паводле ТСБЛМ, “Перакаці-поле – назва некаторых травяністых раслін стэпаў і пустынь, якія пасля выспявання адрываюцца ад кораня і, сплёўшыся ў клубкі, перакочваюцца з аднаго месца ў другое, раскідваючы насенне” [6, с. 465]. На аснове прамога значэння развілося метафарычнае з неадабральнай канатацыяй: “Перакаці-поле – той, хто доўга не жыве на адным месцы, не мае пастаяннага прыстанішча” [5, с. 177]. Да таго ж слова (фразеалагізм) перакаці-поле ў апошнім значэнні лічыцца размоўным.

Дык каго/што называюць у артыкуле “перакаці-полем”? Камбайн ці няшчасную жанчыну, якая трапіла пад жатку камбайна і ў лепшым выпадку засталася інвалідам, ці...? Відаць, жанчыну. І для журналіста, як паказаў кантэкст, яна не няшчасная жанчына, а ўсяго толькі перакаці-поле. Як бачым, сама назва матэрыялу раскрывае суб’ектыўнасць аўтарскай пазіцыі, прычым негатыўнай пазіцыі, паказвае на стаўленне аўтара да падзеі і асабліва да “гераіні”, з’яўляецца выразным сродкам персаналізацыі журналіста. У самім жа тэксце аўтарскае “я” пацвярджаецца ўсяго толькі некалькімі моўнымі сродкамі, але “моцнымі” і выразнымі. Напрыклад: “Под жатку комбайна угодила 54-летняя жительница деревни Чепели...”. Размоўнае угодить (“трапіць куды-небудзь, наткнуўшыся на што-небудзь”) больш прымальнае ў дачыненні да жывёлы. Да таго ж: “Чтобы её освободить, спасателям при помощи гидравлического оборудования пришлось разжимать цепи жатки...”. Чытаем далей: “Скорее всего, на это поле пришла поживиться початками…”. Зноў жа стылёва размоўнае поживиться з дэфініцыяй “попользоваться, за чужой счёт получить что-нибудь для себя” і да таго ж удакладненне поживиться початками яшчэ больш узмацняе аўтарскую пазіцыю: жанчына з асацыяльным вобразам жыцця – гэта жывёла. І перакаці-поле? Аднак асацыяльнасць паводзінаў героя не дае права журналісту называць першага перакаці-полем. Як бачым, губляецца сувязь паміж інтэртэкстуальнай адзінкай і кантэкстам. Вынікам з’яўляецца адарванасць, несуадноснасць загаловачнага зместу і асноўнай інфармацыі. Да таго ж навідавоку чалавечая агрэсія, якая праяўляецца праз формы маўленчай агрэсіі і спараджае яшчэ большую агрэсію, і навідавоку журналісцкая бестактоўнасць (“уборку кукурузы... омрачило ЧП; ампутированы обе ноги до колена”). І ці можна ў такім выпадку гаварыць пра прафесійную этыку? І ці можна гаварыць пра станоўчы ўплыў журналісцкага прадукту на аўдыторыю. Узнікае яшчэ некалькі заканамерных пытанняў: а як жа статус калектыўнага аўтарства? Чаму “СБ” прапускае такога кшталту матэрыялы і чаму на першай, самай галоўнай, паласе масавага выдання размяшчаюцца не самыя важныя навіны, прычым негатыўнага характару (няшчасныя выпадкі, здарэнні, забойствы і г.д.)? Між тым, узнятыя пытанні закранаюць іншы ўзровень журналісцкай дзейнасці.

Такім чынам, праведзены кароткі аналіз невялікага па змесце артыкула паказвае, што інтэртэкстуальнасць не заўсёды распазнавальная, дакладная і трапная і што на самай справе інтэртэкстуальны тэкст з’яўляецца маўленчым сродкам персаналізацыі журналіста, можа перадаваць аўтарскую пазіцыю, аўтарскае стаўленне да аб’екта адлюстравання.

Удаласць інтэртэкстуальнага выкарыстання, на нашу думку, можна паказаць на прыкладзе артыкула пад назвай “Люблю театр – весны творенье” Ігара Кольчанкі (“СБ”, 10 сакавіка 2009 года) [4, с. 2]. Загаловак поўнасцю трансфарміраваны, аднак сувязь з прататэкстам відавочная (рытм, рыфма, пазней – змест матэрыялу), і ўстанавіць яе не складае асаблівых намаганняў. Чытачом адразу ўзгадваюцца словы з верша Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна “Я помню чудное мгновенье”. З самага пачатку журналіст настройвае рэцыпіента на станоўчае ўспрыманне інфармацыі (люблю – помню, весны творенье – чудное мгновенье) і адпаведна на такую ж адваротную сувязь у выглядзе цытацыі ўзнёслага прататэксту, насычанага пазітывам (“Театр должен быть уютным и современным домом для его обитателей, таким, как предстал после реконструкции Большой театр оперы и балета” – “Передо мной явилась ты, Как мимолётное виденье, Как гений чистой красоты”).

Чытаеш артыкул і адчуваеш непарыўную сувязь журналіста і аўтара вядомых радкоў, і сам уступаеш у кантакт, пачынаеш асацыяваць і ствараць свае вобразы: Тэатр – гэта Жанчына (“В 1933-м, в тот самый год, когда в Минске был создан Государственный театр оперы и балета БССР…” – “В томленьях грусти безнадёжной, В тревогах шумной суеты, Звучал мне долго голос нежной И снились милые мечты”). Далей доўгі час забыцця, пра што журналіст адкрыта не ўзгадвае: “Шли годы. Бурь порыв мятежный Рассеял прежние мечты, И я забыл твой голос нежный, Твои небесные черты”, “В глуши, во мраке заточенья Тянулись тихо дни мои Без божества, без вдохновенья, Без слёз, без жизни, без любви”. І вось рэканструкцыя. Забытае аднаўлялі па фотаздымках: “Судя по фотографиям, строители попытались придать Большому театру первозданный вид – каким его задумал архитектор Иосиф Лангбард” – “Душе настало пробужденье. И вот опять явилась ты”. І нарэшце з улікам духу гісторыі і сучаснасці тэатр адноўлены. Ён, як і жанчына, геній прыгажосці (“В зрительном зале нельзя не обратить внимание на нежную альфрейскую роспись потолка, воссозданную по эскизам Лангбарда. В обновленном здании, как мне показалось, в нужных пропорциях сочетаются традиции и современность” – “И вот опять явилась ты, Как мимолётное виденье, Как гений чистой красоты”). Думаем, нездарма апошнім акордам артыкула і адпаведна падзеі было ўшанаванне жанчыны, беларускай жанчыны, а каралеўскім падарункам з нагоды Міжнароднага жаночага дня якраз і стала адкрыццё тэатра (“В зрительном зале в бархатных креслах цвета королевской мантии восседали виновницы торжества” – “И сердце бьётся в уповенье, И для него воскресли вновь И божество, и вдохновенье, И жизнь, и слёзы, и любовь”). Тэатр ажыў і ажыла жанчына, а г.зн. ажылі любоў і каханне.

Здзіўляе, як удала аўтар вытрымаў кампазіцыйную зададзенасць асноўнага тэксту і прататэксту. Рэальны тэкст успрымаецца як цэласны твор. І гэтаму дапамагае знешне не зусім выразная суб’ектыўнасць, аўтарская пазіцыя. Журналіст дае ацэнку падзеі, хоць ні разу не прадстаўляе сваё “я”. Калі ў Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна дамінуе часам схаванае “я”, то ў Ігара Кольчанкі мадальнасць перадаецца у асноўным праз сінтаксіс, напрыклад, праз зрэдчас ужытыя пабочныя і ўстаўныя канструкцыі (разумеется, впрочем, как мне показалось, конечно же; или традиции советских сборников”). Выяўленню аўтарскай пазіцыі садзейнічае і выкарыстанне пэўна-асабовага сказа (люблю театр...), рытарычнага пытання, шматкроп’я, семантычнага двукосся (по “желанию”, “едут”, советских “сборников”) (гэта яшчэ і своеасаблівыя элементы дыялогу з чытачом) і іншых адзінак арганізацыі тэксту.



Такім чынам, аўтар, на нашу думку, удала змадэляваў рэальны і ірэальны планы выказвання. Журналісту ўдалося выканаць асноўнае патрабаванне да выкарыстання інтэртэкстуальных канструкцый – дасягненне зместавай і фармальнай адпаведнасці асноўнага тэксту і прататэксту.

Літаратура


  1. Журналістыка-2007 : стан, праблемы і перспектывы : матэрыялы 9-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечана 63-годдзю факультэта журналістыкі БДУ / рэдкал. С.В. Дубовік і інш. – Вып. 9. – Мінск : БДУ, 2007. – 423 с.

  2. Журналістыка-2008 : стан, праблемы і перспектывы : матэрыялы 10-й Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечана 64-годдзю факультэта журналістыкі БДУ / рэдкал. С.В. Дубовік і інш. – Вып. 10. – Мінск : БДУ, 2008. – 571 с.

  3. Іўчанкаў, В.І. Медыярыторыка : рытарычныя асновы журналістыкі, лінгвістыка публіцыстычнага тэксту, дыскурсны аналіз сродкаў масавай інфармацыі : курс лекцый / В.І. Іўчанкаў. – Мінск : Адукацыя і выхаванне, 2009. – 280 с.

  4. Кольчанка, І. Люблю театр – весны творенье / СБ. Беларусь сегодня. – 10-га сакавіка 2009 года. – С. 2.

  5. Лепешаў, І.Я. Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы / І.Я. Лепешаў. – У 2 т. Т. 2. – Мінск : БелЭН, 1993. – 607 с.

  6. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы / Пад рэд. М.Р. Судніка. – Мінск : БелЭН, 1996. – 784 с.

  7. Умпіровіч, Д. Перекати-поле / СБ. Беларусь сегодня. – 14-га верасня 2010 года. – С. 1.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка