Ключавыя словы: перасяленне, эвакуацыя, рэпатрыяцыя, дэпартацыя, этнічная чыстка, Еўропа, бсср, Польшча, СССР




Дата канвертавання25.11.2017
Памер179.91 Kb.

powerpluswatermarkobject370232


А. Вялікі

Апублікавана: Stosunki polsko-białoruskie. Historia i współczesność. Pod red. D. Michaluk, Wyd. “Avalon”, Kraków, 2013. – s.213-22.

Ключавыя словы: перасяленне, эвакуацыя, рэпатрыяцыя, дэпартацыя, этнічная чыстка, Еўропа, БССР, Польшча, СССР.

Беларуска-польскія перасяленні 40-х – 50-х гг. XX ст.:

Параўнаўчы аналіз.
Вядомая польская даследчыца К.Керстэн у адным са сваіх артыкулаў адзначыла, што XX стагоддзе для мільёнаў людзей Цэнтральнай і Усходняй Еўропы стала “сталеццем перасяленцаў”1. На самай справе, адным з важнейшых вынікаў двух сусветных войнаў, што адбыліся ў XX ст., стала змяненне дзяржаўных межаў у Еўропе. Аднак дзяржаўныя межы не заўсёды супадалі з этнічнымі, што вымушала мільёны людзей добраахвотна ці прымусова перасяляцца ці быць пераселенымі з адной краіны ў другую. Пасля Другой сусветнай вайны адбыліся масавыя перасяленні немцаў з Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыіі, Румыніі і Югаславіі ў Германію, узаемнае перасяленне насельніцтва адбылося паміж Венгрыяй і Румыніяй, венграў са Славакіі, Югаславіі, Закарпацкай Украіны ў Венгрыю, высяленне італьянцаў з Харватыі ў Італію, балгар з Македоніі і Грэцыі ў Балгарыю, турак з Балгарыі ў Грэцыю2. Беларусь, а дакладней беларуска-польскае памежжа, таксама двойчы, у 1944-1946 гг. і 1956-1959 гг., стала арэнай масавых перасяленняў – палякаў і яўрэяў з заходніх абласцей БССР у Польшчу, а беларусаў, рускіх, украінцаў з Польшчы ў Беларусь.

У сучасны момант значна ўзрасла зацікаўленасць да вывучэння праблем, звязаных з этнічнымі канфліктамі ў пагранічных рэгіёнах і шляхамі іх рашэння. Супадзенне палітычных граніц (Беларусь-Польшча) з этнічнымі (беларускі-польскі этнас) прывялі да таго, што ў сярэдзіне 40-х – другой палове 50-х гг. XX ст. паміж Польшчай і Беларуссю адбываліся маштабныя працэсы перасяленняў насельніцтва на аснове прынцыпаў нацыянальнай і грамадзянскай прыналежнасці. Іх неабходна разглядаць як прыклад рашэння складаных этнічных праблем паміж дзвумя краінамі і народамі шляхам перамяшчэнняў насельніцтва. Аднак сучасная айчынная гістарыяграфія вымагае разглядаць гэтыя працэсы, па-першае, не толькі ў “трохкутніку” – СССР-Польшча-БССР, а значна шырэй і глыбей: у рэчышчы пасляваеннага развіцця Беларусі, якое адбывалася на фоне агульнаеўрапейскіх працэсаў, найперш зменаў межаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе, абумоўленых вынікамі Другой сусветнай вайны. Змены межаў непазбежна выклікалі - і гэта таксама было адным з істотных вынікаў вайны - перасяленні насельніцтва ў пасляваеннай Еўропе. Таму перасяленне, якое наўпрост закранула Беларусь, неабходна разглядаць не толькі як беларускую справу, а агульнаеўрапейскую, да ўзнікнення і рашэння якой спрычыніліся галоўныя ўдзельнікі Другой сусветнай вайны, а на заключным яе этапе – краіны антыгітлераўскай кааліцыі і найперш СССР, ЗША і Англія. Па, другое, з улікам панаваўшай і паспяхова ажыццяўляўшайся ў пасляваеннай Еўропе ідэі будаўніцтва этнічна аднародных дзяржаў, як сродак рашэння праблемы нацыянальных меншасцяў у поліэтнічных дзяржавах. Выразным прыкладам паспяховага ажыццяўлення ідэі аднанацыянальнай дзяржавы стала пасляваенная Польшча. У разглядаемы перыяд польскае кіраўнцтва вызначыла сваё стаўленне да нацыянальных меншасцяў, у тым ліку і да “беларускага элемента”, а кіраўніцтва СССР-БССР – да “польскага элемента” у БССР. Улік гэтых канцэптуальных палажэнняў у вывучэнні перасяленчых працэсаў паміж БССР і Польшчай, таксама абумоўлівае актуальнасць дадзенага даследвання.


Перасяленчыя працэсы, што адбываліся на беларуска-польскім памежжы з’яўляліся інтэгральнай і неад’емнай часткай еўрапейскіх перасяленчых працэсаў і мелі як агульныя рысы з імі, так і асаблівасці ўнутранага характару, параўнаўчаму аналізу якіх прысвечаны артыкул.

Вывучаемая праблема вымагае ўдакладнення тэрмінаў, якія выкарыстоўваюцца ў працы. Сучасная айчынная і замежная гістарыяграфія – польская, ўкраінская, расійская, англійская, нямецкая адносна масавых працэсаў перамяшчэння насельніцтва ў Еўропе пасля Другой сусветнай вайны ўвогуле, і ў прыватнасці ў Беларусі, ужываюць розныя тэрміны: "рэпатрыяцыя", "эвакуацыя", «абмен насельніцтвам», «перасяленне», “дэпартацыя”, “этнічная чыстка”, “высяленне”, “трансфер” (transfer of population), “аптацыя”. Такі шырокі тэрміналагічны “разбег” у вызначэнні абумоўліваецца аб’ектыўнымі прычынамі – недастатковасцю распрацаванасці тэмы, і, ў значнай ступені, суб’ектыўнымі – залежнасцю даследчыка ад пануючых у дзяржаве поглядаў і грамадскай думкі на гэты працэс у цэлым і на яго асобныя элементы. У айчыннай гістарыяграфіі ўжо прадпрынята спроба аналізу гэтых паняццяў3, аднак навейшыя публікацыі замежных і айчынных гісторыкаў вымушаюць яшчэ раз вярнуцца да гэтай праблемы з-за яе прынцыповасці і важнасці не толькі для айчыннай гістарычнай навукі, але і для беларускай грамадска-палітычнай думкі. Актыўна выкарыстоўваюць і падтрымліваюць тэзіс аб тым, што перасяленне насельніцтва, якое адбывалася паміж БССР і Польскай Рэспублікай у сярэдзіне 40-х – 50-х гг. XX ст., гэта “дэпартацыі” і “этнічныя чысткі” тэрыторыі заходнебеларускага рэгіёна ад “польскага элемента”, шэраг нямецкіх і англійскіх гісторыкаў, якія даследуюць гісторыю Беларусі XX ст. Так, вядомы нямецкі гісторык Б. К’яры, адносна перасялення палякаў з БССР у Польшчу адзначае, што “з гэтага пачаўся працэс этнічных чыстак у Беларусі, цягам якіх каля 274 тыс. асобаў былі пераселеныя ў Польшчу”4. Не менш вядомы англійскі даследчык Т.Снайдэр таксама падкрэслівае, што “[…] на тэрыторыях, што да вайны належылі Польшчы, нацыянальныя пытанні вырашаліся пры дапамозе этнічных чыстак. […] У 1944-1946 гг. польскае насельніцтва як такое дэпартавалі (sic!) з заходніх раёнаў СССР у Польшчу”5.

Разам з тым, вядомы амерыканскі даследчык Дж.Шэхтман, спецыяліст у галіне масавых перамяшчэнняў насельніцтва ў пасляваеннай Еўропе ў сваіх двух працах6, якія не страцілі каштоўнасці да цяперашняга часу, аналізуючы працэс абмена насельніцтвам паміж БССР і Польшчай у 1944-1946 гг. нават не падымае гэтую праблему. Сучасны амерыканскі даследчык Н. Неймарк у фундаментальнай працы7 падрабязна разглядаючы праявы этнічных чыстак у Еўропе ў XX ст. нават не ўзгадвае Беларусь сярод тых краін, нацыянальныя меншасці якіх падвергліся “этнічным чысткам” ці “дэпартацыям“ у час масавых пасляваенных перамяшчэняў насельніцтва ў Еўропе. У абагульняючай працы вядомых еўрапейскіх, амерыканскіх вучоных, прысвечанай такому з’яве XX ст. як дэпартацыі і этнічныя чысткі8 Вядомы расійскі даследчык П.Палян таксама не разглядае абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай як “этнічную чыстку” ці “дэпарттацыю”.9 і як адну з форм палітычных рэпрэсій. Аднак, прыкладам дэпартацый стала высяленне немцаў з Польшчы10, пасля другой сусветнай вайны, а таксама правядзенне польскімі ўладамі аперацыі “Вісла”11 (1947 г.) па высяленню ўкраінцаў з іх этнічных тэрыторый.

Свядомае выкарыстанне гісторыкамі тэрмінаў, якія нясуць негатыўнае грамадска-палітычнае гучанне (дэпатрацыя, этнічная чыстка), мае на мэце фарміраванне ў грамадстве думкі аб злачыннасці і неправамернасці гэтай акцыі. Выкарыстанне гэтых тэрмінаў вядзе да фарміравання ў грамадстве думкі аб юрыдычнай, прававой маральнай адказнасці аднаго боку – СССР за правядзенне гэтай акцыі і тых крыўд, які пацярпеў польскі народ у выніку іх ажыццяўлення. Аднак, гэта спалітызаваны падыход, які не мае навуковых доказаў, а базуецца на эмоцыях і не крытычным выкарыстанні тэрміналогіі. Навуковая аб'ектыўнасць не дазваляюць характарызаваць абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай як “этнічную чыстку” ці “дэпартацыі” палякаў. Прынцып добраахвотнасці перасялення, як бы да яго крытычна ні ставіліся даследчыкі гэтай праблемы ж дамінаваў на ўсім яго працягу. Адмовы дзесяткаў тысяч зарэгістраваных палякаў ад перасялення, потым паўторная іх рэгістрацыя, месячны тэрмін для «роздуму» - рэгістравацца ці не - адмаўленне ад рэгістрацыі і выезду і непрыняцце рэпрэсіўных мер у дачыненні да тых, хто гэта зрабіў, магчымасць перавозу маёмасці і грошай права месца выбару жыхарства ў Польшчы і многае іншае не дае асновы сцвярджаць, як гэта робяць замежныя гісторыкі што перасяленне - гэта этнічная «чыстка» палякаў.

На наш погляд, найбольш адэкватным пры характарыстыцы працэса, што адбываўся паміж БССР і Польшчай у 1944-1946 гг. з’яўляецца тэрмін, які шырока ўжываўся ў міжнароднай практыцы дыпламатамі, палітолагамі, сацыёлагамі, юрыстамі, гісторыкамі – трансфер (transfer of population), гэта значыць узаемны абмен насельніцтвам ці перасяленне, якое адбывалася на аснове дух ці шматбаковых пагадненняў. Суб’ектамі пагаднення маглі выступаць краіны, паміж якімі адбываўся абмен, а таксама краіны, якія выступалі яго ініцыятарамі і гарантамі. Узаемны абмен насельніцтвам, і ў гэтым існуе супадзенне поглядаў сярод замежных даследчыкаў, уключае такія важнейшыя ээлементы, як: а) вызначэнне групы людзей, якія падлягаюць арганізаванаму перасяленню з краіны іх пражывання ў іншую краіне на аснове міжнароднага права і міждзяржаўных пагадненняў з мэтай стварэння гамагенна аднародных дзяржаў; б) фінансава-эканамічны – узаемаразлікі дзяржавы з перасяленцамі за нерухомую і рухомую маёмасць, якую яны пакідалі на папярэднім месцы пражывання. Абмен насельніцтвам паміж БССР і Польшчай поўнасцю адпавядае гэтым патрабаванням. Ён ажыццяўляўся на аснове двухбаковага беларуска-польскага пагаднення ад 9 верасня 1944 г. пры гарантыях падтрымкі яго ажыццяўлення з боку СССР, ЗША, Вялікабрытаніі. Пасля правядзення абмена насельніцтвам з боку БССР і Польшчы былі праведзены ўзаемаразлікі абодьзвух краін з насельніцтвам за маёмасць, якую пакінулі на папярэднім месцы пражывання.

Зусім іншая знешне і ўнутрыпалітычная сітуацыі мела месца ў 1955-1959 гг. у час рэпатрыяцыі палякаў з СССР у ПНР. У адпаведнасці з міжнародным і ўнутранным правам СССР гэта была рэпатрыяцыя, ажыццяўляемая на аснове савецка-польскага пагаднення ад 27 красавіка 1957 г.

Такім чынам, аналіз тэрмінаў, якія ўжываюцца пры характарыстыцы перасяленчых працэсаў, адбываўшыхся паміж БССР і Польчшай нам права сцвярджаць, што ў 1944-1946 гг. адбываўся ўзаемны абмен насельніцтвам ці перасяленне польскага насельніцтва з БССР у Польшчу, а беларускага з Польшчы ў БССР, а ў 1955-1959 гг. – рэпатрыяцыя грамадзян польскай нацыянальнасці з БССР у ПНР.

Дастаткова падрабязна і ўсебакова беларускія гісторыкі прааналізавалі і даследавалі прычыны, ход, вынікі перасялення 1944-1946 гг.12. Перасяленню 1951-1959 гг. прысвечана ўсяго некалькі артыкулаў агульнага характару, без глыбокага і ўсебаковага аналізу яго прычын, ажыццяўлення13*. Гэта тлумачыцца тым, што ўвесь комплекс дакументальных матэрыялаў знаходзіцца ў архіве Міністэрства Унутраных Спраў (МУС) Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі і мае абмежаваны доступ для даследчыкаў. Польскія гісторыкі, у адрозненні ад беларускіх, значна раней прыступілі да ўсебаковага вывучэнння вышэйадзначаных праблем і маюць значна большыя напрацоўкі ў гэтым накірунку. Перасяленню 1944-1946 гг. прысвечаны грунтоўныя і фундаментальныя працы Яна Чарнякевіча14, Яўгена Мірановіча15, Кацярыны Керстэн16, Петра Эберхардта17, зборнікі дакументаў18. Перасяленчы працэс 1956-1959 гг. знайшоў адлюстраванне ў працах Малгажаты Рухневіч19, Міхала Латуха20, Юл’яна Сядлецкага21, зборніках дакументаў, выдадзеных польскімі гісторыкамі ў сярэдзіне 90-х г.22. Разам з тым, польская гістарыяграфія разглядае гэтую праблему выключна ў кантэксце савецка-польcкіх адносін і засяроджвае ўвагу на праблеме вяртання палякаў з СССР у Польшчу, не акцэнтуючы і не вылучаючы асобна праблему перасялення палякаў з Беларускай Савецкай Сацыялистычнай Рэспублікі (БССР) у Польскую Народную Рэспубліку (ПНР). Параўнаўчаму аналізу перасяленчых працэсаў 1944-1946 гг. і 1956 – 1959 гг. ні ў беларускай, ні ў польскай гістарыяграфіі не прысвечана ні аднаго артыкула, таму мэта яго напісання – запаўненне маючага прабела па гэтай праблеме.

Міжнародна-прававымі актамі, на аснове якіх ажыццяўляліся еўрапейскія перасяленні ў 1944-1950 гг., з’яўляліся міждзяржаўныя двухбаковыя дагаворы ці пагадненні пры гарантыі з боку “вялікіх” дзяржаў, што яны будуць неўхільна і ў поўным аб’ёме выкананы. Беларуска-польcкае Пагадненне аб узаемнай “эвакуацыі” насельніцтва ад 9 верасня 1944 г. і дадатковы Пратакол да яго ад 25 лістапада 1945 г. поўнасцю адпавядалі гэтым умовам. Рашэнне аб перасяленні палякаў з Савецкага Саюза, а гэта значыла і з заходніх абласцей БССР, было прынята на канферэнцыі “вялікай” тройкі (СССР, ЗША, Вялікабрытаніі) у Тэгеране23. На наступных міжнародных канферэнцыях вялікіх дзяржаў перыяду Другой сусветнай вайны (у Маскве, Ялце і асабліва Патсдаме) гэта пытанне неаднаразова абмяркоўвалася, удакладнялася і ў рэшце-рэшт саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі пагадзіліся аказаць Польшчы дапамогу ў хутчэйшым і безперашкодным вяртанні палякаў з Савецкага Саюза (у тым ліку і з БССР) у Польшчу.

Характэрнай асаблівасцю гэтага перасялення з’яўляецца той факт, што Беларусь выступала на міжнароднай арэне ў якасці раўнапраўнага суб’екта міжнародных адносін. Змены ў Канстытуцыі БССР, стварэнне Наркамата замежных спраў (НКЗС БССР), права ажыццяўленне самастойнай знешнепалітычнай дзейнасці, дазволілі ёй падпісаць 9 верасня 1944 г. Пагадненне, а 25 лістапада 1945 г. дадатковы Пратакол да яго, якія з’яўляліся да 1989 г. адзінымі міжнародна-прававымі актамі, што падпісала БССР з замежнай дзяржавай - Польшчай24. Адзначу, што польскія гісторыкі дастаткова крытычна ставяцца да “самастойнасці” люблінскага ўрада, створанага выключна па ініцыятыве І.Сталіна. Аднак, дэ-факта менавіта “люблінцы” заключылі і ажыццявілі абмен насельніцтвам. Такім чынам, перасяленчая акцыя 1944-1946 гг. ажыццяўлялася на аснове двухбаковага беларуска-польскага Пагаднення і дадатковага Пратакола да яго. Яно выконвалася на аснове рашэнняў міжнародных канферэнцый перыяду Другой сусветнай вайны, гарантамі якіх выступалі перш за ўсё СССР, ЗША і Вялікабрытанія. Такім чынам яно мела геапалітычны характар, бо было звязана з перадачай часткі тэрыторыі Беларусі – амаль усёй Беластоцкай і часткі Брэсцкай абласцей Польшчы. Перадача тэрыторыі непазбежна выклікала неабходнасць перасялення людзей.

Рэпатрыяцыя 1951-1957 гг. ажыццяўлялася ў кардынальна змяніўшыхся геапалітычных і ўнутрыпалітычных умовах і на іншай міжнародна-прававой аснове. Саюзнікі па антыгітлераўскай кааліцыі аказаліся ўцягнутымі ў “халодную вайну”, а Польшча стала бліжэйшым сатэлітам Масквы. Не менш істотныя змены адбыліся ва ўнутрыпалітычным жыцці Савецкага Саюза і Польшчы. Канец “эпохі” І.Сталіна, прыход да ўлады ў СССР Мікіты Хрушчова, а ў Польшчы Уладыслава Гамулкі, XX з’езд УКП(б) і распачаўшаяся “хрушчоўская адліга” стварылі трывалы падмурак і сталі асновай для перамоваў паміж Масквой і Варшавай аб выездзе ў ПНР тых палякаў, якія ў выніку розных абставін не змаглі пераехаць ў Польшчу ў 1944-1946 гг. Распачатыя ў 1956 г. савецка-польскія перамовы завяршыліся падпісаннем 25 сакавіка 1957 г. савецка-польскага Дагавора аб рэпатрыяцыі асоб польскай і яўрэйскай нацыянальнасцей з СССР у Польшчу25.

Рэпатрыяцыя, нягледзячы на міжнародную правасуб’ектнасць БССР, яе членства ў Арганізацыя Аб’яднанных Нацый (ААН) ды іншых міжнародных арганізацыях і ўстановах, ажыццяўлялася на аснове савецка-польскага Дагавора, які быў падпісаны не ад імя БССР, а ад імя СССР і з’яўляўся двухбаковым савецка-польскім Пагадненнем. Беларусь не ўзгадвалася ні ў адным з артыкулаў гэтага Пагаднення. Гэтым самым палітычнае кіраўніцтва Савецкага Саюза поўнасцю праігнаравала кіраўніцтва БССР і нацыянальна-дзяржаўныя інтарэсы рэспублікі, бо на перамовы, якія вяліся з палякамі, прадстаўнікі Беларусі не запрашаліся. Адзінае, на што пагадзілася кіраўніцтва СССР – запрасіла прадстаўнікоў БССР, УССР, ЛітССР на падпісанне савецка-польскага Дагавора ад 25 сакавіка 1957 г.26.

У 1944-1946 гг. перасяленнем займаліся спецыяльна створаныя органы - упаўнаважаныя польскага ўрада і прадстаўнікі СНК БССР, якія мелі свой штат, правы і абавязкі, вызначаныя беларуска-польскім Пагадненнем ад 9 верасня 1944 г. Таму міжнародная практыка і вопыт перасяленчых аперацый, дазваляе характарызаваць яе як перасяленне ці двухбаковы абмен насельніцтвам. У 1956-1959 гг. палякі маглі выехаць ў Польшчу выключна ў індывідуальным парадку, а дакументы афармлялі праз органы ўнутраных спраў БССР - аддзелы віз і рэгістрацыі (АВіР), якія, разглядалі заявы грамадзян аб рэпатрыяцыі і прымалі рашэнне аб дазволе ці забароне рэпатрыявацца ў Польшчу. У сувязі з гэтым, з пункту гледжання ўнутрысаюзнага і міжнароднага права гэта была рэпатрыяцыя ці аптацыя, а не перасяленне ці абмен насельніцтвам.

Перасяленне 1944-1946 гг. ажыццяўлялася ў складаных грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных абставінах, абумоўленых Вялікай Айчыннай і Другой сусветнай войнамі, пасляваенным аднаўленчым перыядам, дзейнасцю ў заходнім рэгіёне Беларусі разгалінаванай сеткі ўзброенага польскага падполля, панаваннем у значнай часткі беларусаў і палякаў антысавецкіх настрояў. Галоўнымі матывамі, якія вымушалі абсалютную большасць палякаў выязджаць з Беларусі, з'яўляліся грамадска-палітычныя і сацыяльна-эканамічныя.

Акцыя 1956-1959 гг. ажыццяўлялася ў мірны час, амаль праз дзесяцігоддзе пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Аднак, як заўважае амерыканскі даследчык гэтай праблемы Д.Кірк, што “найвялікшыя перамяшчэнні насельніцтва выклікае не толькі сама вайна, але перш за ўсе мір і спакой, які наступае пасля яе”27. Вайна даўно скончылася, але яе вынікам стала тое, што сотні тысяч сем’яў засталіся раз’яднанымі.. Многія людзі з заходніх абласцей Беларусі памяталі аб родных, якія выехалі ў Польшчу ў 1944-1946 гг. і наадварот, тыя, хто пераехаў у ПНР ніколі не забывалі сваякоў, што засталіся ў Беларусі. Таму ў 1956-1959 гг. ажыццяўлялася так званае “уз’яднанне сямей”, якое дало магчымасць дзесяткам тысяч раз’яднаных сем’яў уз’яднацца. З боку кіраўніцтва Савецкага Саюза і Польшчы, нягледзячы на ўсе складанасці рэпатрыяцыі і ўсялякія перашкоды, якія чыніліся рэпатрыянтам, гэта быў дэмакратычны, гуманны крок. У 1956 – 1959 гг. абсалютная большасць (звыш 90% палякаў) заяўляла, што яны едуць у Польшчу з мэтай уз’яднання з роднымі. “Аддалёнасць” вайны, пераход рэспублікі да мірнага жыцця, спыненне масавых рэпрэсій, знішчэнне рэшткаў польскага падполля ў заходнебеларускім рэгіёне ўжо не выклікалі такіх эмацыянальных пачуццяў сярод польскага насельніцтва, як гэта было ў 1944-1946 гг. Разам з тым, неабходна бачыць інтэгральную повязь паміж гэтымі двума працэсамі, якія пачаліся ў 1939 г.

Рэпатрыяцыя палякаў і яўрэяў з БССР у Польшчу ў 1956-1959 гг. ажыццяўлялася ў абстаноўцы сакрэтнасці ды інфармацыйнага “вакуўму”. Ні адна рэспубліканская, абласная, раённая газета ў 1956-1959 гг. не надрукавала паведамлення, абвесткі ці іншай інфармацыі аб умовах, тэрмінах, магчымасцях, арганізацыях ды ўстановах, якія займаліся рэпатрыяцыяй. За ўвесь час перасялення толькі “Известия” надрукавалі ў жніўні 1958 г. невялікую абвестку аб тым, што з Савецкага Саюза адбываецца “рэпатрыяцыя” палякаў і яўрэяў у Польшчу28. Разам з тым, інфармацыйная “блакада” створаная кіраўніцтвам Савецкага Саюза, ва ўмовах Беларусі не была эфектыўнай. Памежныя сувязі, наяўнасць родных у Польшчы, магчымасць слухаць у заходнебеларускім рэгіёне польскія радыёперадачы, перапіска, наведванне палякамі сваіх родных і блізкіх у Беларусі – усё гэта давала магчымасць атрымоўваць поўную і даставерную інфармацыю аб умовах рэпатрыяцыі.

У 1944-1946 г. праводзілася дастаткова шырокая інфармацыйна-прапагандысцкая кампанія, якая тлумачыла праз мясцовы і рэспубліканскі друк (газеты, абвесткі, спецыяльныя лістоўкі), мэты, умовы, тэрміны, значэнне перасялення29.

1956-1959 гг. вызначаюцца значна меншымі колькаснымі памерамі. Калі ў 1944-1946 гг. у Польшчу выказала жаданне перасяліцца звыш 550 тыс чалавек, а фактычна выехала звыш 240 тыс.30, то ў другой палове 50-х г. у ПНР змагло выехаць трохі болей за 100 тыс чалавек31. Да таго ж, рэпатрыяцыйная акцыя 1956-1959 гг. мела аднабаковы накірунак, бо паводле Пагаднення ад 25 сакавіка 1957 г. рэпатрыяцыя ажыыцяўлялася толькі з Савецкага Саюза ў Польшчу. У Пагадненні ні ў адным артыкуле не ўзгадвалася аб магчымасці рэпатрыяцыі беларусаў з Польшчы ў СССР.

Рэпатрыяцыйная акцыя 1956-1959 гг. “замкнула”, завяршыла пачатыя Другой сусветнай вайной масавыя перасяленні (перамяшчэнні) насельніцтва ў беларуска-польскім памежжы. Пасля 1959 г. у Беларусі не было і нават патэнцыйна не магло быць такіх масавых рухаў насельніцтва.

Такім чынам, абмен насельніцтвам, які ажыццявіўся ў 1944-1946 гг. і рэпатрыяцыя 1956-1959 гг. мелі як значныя адрозненні так і падабенствы. Нягледзячы на значныя адрозненні, перасяленчыя акцыі 1944 – 1946 гг. і 1956 – 1959 гг. з’яўляюцца звёнамі аднаго ланцуга, лагічным працягам аднаго складанага, супярэчлівага працэса этнапалітычных пераўтварэнняў, якія распачаліся ў заходнім рэгіёне Беларусі ў верасні 1939 г. Для іх было характэрна як падабенства, так і адрозненне, як агульнае, так і адрознае. Рэпатрыяцыя 1956-1959 гг. – лагічны працяг і завершанасць “незавершанага” перасялення, што адбывалася ў 1944-1946 гг. Яднае іх і агульнаеўрапейскі характар, нягледзячы на ўнутраныя асаблівасці развіцця Беларусі ў складзе СССР.


Літаратура.

1. Белазаровіч, В.І. Рэпатрыяцыя на Гродзеншчыне ў 1944-1948 гг. / В.І.Белазаровіч // Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця: матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі: у 4 ч.- Ч.3. – Гродна: ГрДУ, 2003.-С.84-89.

2. Вялікі, А.Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.) / А.Ф. Вялікі, Манагр. / Навук. рэд. В.Дз. Селяменеў. – Мінск: БДПУ, 2005.-319 с.

3. Вялікі, А. Беларусь у еўрапейскіх перасяленчых працэсах 30-х – 50-х гг. XX ст. / Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя. Матэрыялы IV Міжнароднага Кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін” (Мінск, 6-9 чэрвеня 2005 г.) (Адказн. рэд А.Мальдзіс, А.Смалянчук. – Мінск: газ. “Голас Радзімы”, 2006.-с.336-343.

4. Документы и материалы по истории советско-польских отношений В 12 Т. / ред кол. И.А.Хренов, В.Т.Ковальский и др., М.: Наука, 1976. – Т. XI. Январь 1946 – декабрь 1949 г. – С. 101-103.

5. Злотнікаў А. Міграцыйныя працэсы ў Беларусі ў канцы XIX-XX ст. // Беларускі гістарычны часопіс, №11, 2004.-с.25-32.;

6. Национальная политика в странах формирующегося советского блока. 1944-1948 / Отв. ред В.В.Марьина; Институт славяноведения. – Москва: Наука, 2004. – с.498.

7. Снапкоўскі У. Знешнепалітычная дейнасць Беларусі. 1944-1953 гг. / Пад рэд. Ю.П.Броўкі.- Мінск: Беларуская Навука, 1977.

8. Снапкоўскі У.Е. Савецка-польскія пагадненні аб абмене насельніцтвам 1944-1945, 1957 г. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: // Гал. рэд. Г.П.Пашкоў.- Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.-Т.6. Кн.1.-С.197-198.

9. Снапкоўскі У.Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: Вучэб. дапам. для студэнтаў факультэт міжнародных адносін: У 2 ч. Ч.2. Ад канца XVIII да пачатку XX ст. / У. Е. Снапкоўскі. – Мінск: БДУ, 2004.

10. Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі. 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997.

11. Czerniakiewicz J. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR 1944-1948. Warszawa.-Wyd-wo Nauk. PWN, 1987; Яго ж. Przemieszczenia Polaków i Żydów na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej w ZSRR 1939-1959.-Warszawa: Uniwersytet Warszawski, 1991.

12. Kersten K. Repatriacja ludności polskiej po II wojnie światowej (Studium historyczny). Wrocław. 1974.

13. Kersten K. Stulecie przesiedleńców. Przymusowe przemieszczenie ludności – próba typologii // Przeprosić za wypędzenie ? Wypowiedzi oficjalne oraz debata prasowa o wysiedleniu Niemców po II wojnie światowej. Pod red. K. Bachmana i J.Kranca. Kraków, 1997.

14. B. Kacka, S.Stepka, Repatriacja ludności polskiej z ZSRR 1955-1959. Wybór dokumentów, Warszawa 1994.

15. Latuch M. Repatriacja ludności polskiej w latach 1955-1960 na tle zewnętrznych ruchów wędrówkowych. Warszawa 1994.

16. Mironowicz Е. Bialorusiny w Polsce. 1944-1949. Warszawa. Wyd-wo Nauk. PWN.-1993; Яго ж. Polityka narodowościowa PRL.- Białystok. -T-wo Hist., 2000;

17. Przesiedlenie Ludności Polskiej z Kresów Wschodnich do Polski 1944-1947. Wybór, opracowanie i redakcja dokumentów Ciesielski S.- Warszawa: “Neriton”. Instytut Historii PAN, 1999; Białostocczyzna 1944-1945 w dokumentach podziemia i oficjalnych władz. Oprac.J.Kulak.-Warszawa,1998; Sprawy narodowościowe i wyznaniowe na Białostocczyznie (1944-1948). W ocenie władz Rzeczpospolitej Polskiej. Wybór dokumentów: Sytuacyjne sprawozdania wojewody Białostockiego w Białymstoku oraz Powiatowych starostów Białostockiego i Sokolskiego w latach 1944-198 / Zebr. G. Sosna.- Ryboly, 1996; B.Kacka, S.Stepka, Repatriacja ludności polskiej z ZSRR 1955-1959. Wybór dokumentów, Warszawa 1994.

18. Ruchniewich M. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR w latach 1955-1959. Warszawa 2000.



19. Siedlecki J. Losy Polaków w ZSRR w latach 1939-1986. Londyn: Gryf. Publ. 1998.


1 Kersten K. Stulecie przesiedleńców. Przymusowe przemieszczenie ludności – próba typologii // Przeprosić za wypędzenie ? Wypowiedzi oficjalne oraz debata prasowa o wysiedleniu Niemców po II wojnie światowej. Pod red. K. Bachmana i J.Kranca. Kraków, 1997. – s.100.

2 Национальная политика в странах формирующегося советского блока. 1944-1948 / Отв. ред В.В.Марьина; Институт славяноведения. – Москва: Наука, 2004. – с.498.

3 Вялікі, А На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення. (1944-1946 гг.) // На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення. (1944-1946 гг.): Манагр. / Навук. рэд. В. Дз. Селяменеў.-Мн., БДПУ, 2005.- с.49-53; Вялікі, А. Перасяленчыя працэсы паміж БССР і Польшчай у сярэдзіне 40-50-х гг. XX ст. у беларускай гістарыяграфіі // Гістарыяграфія гісторыі новай і навейшай гісторыі краін Еўропы і ЗША: матэрыялы Рэсп. навук.-тэарэт. канф. г. Мінск, 28 сакавіка 2008 г. У 2 ч. Ч.2. Гістарыяграфія новай і навейшай гісторыі краін Еўропы і ЗША: даследванні, праблемы, пошукі / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М.Танка; рэдкал. А.І.Андарала, М.М.Забаўскі, А.П.Жытко [і інш.]; адк. рэд. В.А.Пілецкі. – Мінск, БДПУ, 2008. – с.248-251.

4 К’яры, Бернгард. Штодзённасць за лініяй фронту: Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941-9144.) / Пер. з ням. Л.Баршчэўскага; нав. рэд. Г.Сагановіч. – Мінск, 2005. – с.317.

5 Снайдэр, Т. Спрэчкі за літоўска-беларускую Айчыну / Дзеяслоў, № 13 (лістапад – снежань), 2004. – с.206.

6 Schechtman, Joseph B. European population transfer 1939-1945. New York, Oxford Uniwersity Press. 1946. – 532 s.; Schechtman, Joseph B. Postwar population transfer in Europe 1945 – 1955. Philadelphia, Uniwetsity of Pensilwania Press, 1962. – 417 s.


7 Неймарк, Н.М. Этнические чистки в Европе в ХХ веке / Н.М. Неймарк. – М.—СПб.: АИРО – ХХ, 2005. – 320 с.

8


9 Полян, П. Оптации: с кем и когда в XX в. Россия обмениваласяь населением // Россия и ее регионы в XX в: территория – ресселение – миграции. / Под ред. О.Глезер, М. Поляна. – М.: ОГИ, 2005, с.536-544.

10 Лукашанец, С.А. Палітыка польскай дзяржавы ў адносінах да нямецкага насельніцтва ў перыяд інтэграцыі заходніх земляў (1945-1950). аўтарэф. дыс. канд. гіст. навук: 07.00.03 / С.А. Лукашанец; Белорус. Дзярж. ун-т. - Мінск, 2007. – С.7.

11 Национальная политика в странах …С.315, 319, 323.

12 Белазаровіч, В.І. Рэпатрыяцыя на Гродзеншчыне ў 1944-1948 гг. / В.І.Белазаровіч // Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця: матэрыялы рэспубліканскай навуковай канферэнцыі: у 4 ч.- Ч.3. – Гродна: ГрДУ, 2003.-С.84-89; Вялікі, А.Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.) / А.Ф. Вялікі, Манагр. / Навук. рэд. В.Дз. Селяменеў. – Мінск: БДПУ, 2005.-319 с.; Вялікі, А. Беларусь у еўрапейскіх перасяленчых працэсах 30-х – 50-х гг. XX ст. / Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя. Матэрыялы IV Міжнароднага Кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін” (Мінск, 6-9 чэрвеня 2005 г.) (Адказн. рэд А.Мальдзіс, А.Смалянчук. – Мінск: газ. “Голас Радзімы”, 2006.-с.336-343; Злотнікаў А. Міграцыйныя працэсы ў Беларусі ў канцы XIX-XX ст. // Беларускі гістарычны часопіс, №11, 2004.-с.25-32.;

13 Вялікі, А. Беларусь у еўрапейскіх перасяленчых працэсах 30-х – 50-х гг. XX ст. / Дыяспара. Культуралогія. Гісторыя. Матэрыялы IV Міжнароднага Кангрэса беларусістаў “Беларуская культура ў кантэксце культур еўрапейскіх краін” (Мінск, 6-9 чэрвеня 2005 г.) (Адказн. рэд А.Мальдзіс, А.Смалянчук. – Мінск: газ. “Голас Радзімы”, 2006.-с.336-343; Снапкоўскі У. Знешнепалітычная дейнасць Беларусі. 1944-1953 гг. / Пад рэд. Ю.П.Броўкі.- Мінск: Беларуская Навука, 1977; Снапкоўскі У.Е. Савецка-польскія пагадненні аб абмене насельніцтвам 1944-1945, 1957 г. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: // Гал. рэд. Г.П.Пашкоў.- Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2001.-Т.6. Кн.1.-С.197-198. * У 2007 г. выйшла манаграфія А.Вялікага, прысвечаная рэпатрыяцыі 1955-1959 гг.: Вялікі, А.Ф. Беларусь-Польшча ў XX ст.: Невядомая рэпатрыяцыя. 1955-1959 гг. манаграфія / Навук. рэд. канд. гіст. навук В.Дз Селяменеў. – Мінск, БДПУ, 2007. – 272 с.

14 Czerniakiewicz J. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR 1944-1948. Warszawa.-Wyd-wo Nauk. PWN, 1987; Яго ж. Przemieszczenia Polaków i Żydów na Kresach Wschodnich II Rzeczypospolitej w ZSRR 1939-1959.-Warszawa: Uniwersytet Warszawski, 1991.

15 Mironowicz Е. Bialorusiny w Polsce. 1944-1949. Warszawa. Wyd-wo Nauk. PWN.-1993; Яго ж. Polityka narodowościowa PRL.- Białystok. -T-wo Hist., 2000;

16 Kersten K. Repatriacja ludności polskiej po II wojnie światowej (Studium historyczny). Wrocław. 1974; Kersten K. Stulecie przesiedleńców. Przymusowe przemieszczenie ludności – próba typologii // Przeprosić za wypędzenie ? Wypowiedzi oficjalne oraz debata prasowa o wysiedleniu Niemców po II wojnie światowej. Pod red. K. Bachmana i J.Kranca. Kraków, 1997.

17 Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі. 1897-1989. Менск: Беларускі фонд Сораса, 1997.

18 Przesiedlenie Ludności Polskiej z Kresów Wschodnich do Polski 1944-1947. Wybór, opracowanie i redakcja dokumentów Ciesielski S.- Warszawa: “Neriton”. Instytut Historii PAN, 1999; Białostocczyzna 1944-1945 w dokumentach podziemia i oficjalnych władz. Oprac.J.Kulak.-Warszawa,1998; Sprawy narodowościowe i wyznaniowe na Białostocczyznie (1944-1948). W ocenie władz Rzeczpospolitej Polskiej. Wybór dokumentów: Sytuacyjne sprawozdania wojewody Białostockiego w Białymstoku oraz Powiatowych starostów Białostockiego i Sokolskiego w latach 1944-198 / Zebr. G. Sosna.- Ryboly, 1996; B.Kacka, S.Stepka, Repatriacja ludności polskiej z ZSRR 1955-1959. Wybór dokumentów, Warszawa, 1994.

19 Ruchniewich M. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR w latach 1955-1959. Warszawa, 2000.

20 Latuch M. Repatriacja ludności polskiej w latach 1955-1960 na tle zewnętrznych ruchów wędrówkowych. Warszawa, 1994.

21 Siedlecki J. Losy Polaków w ZSRR w latach 1939-1986. Londyn: Gryf. Publ. 1998.

22 Przesiedlenie Ludności Polskiej z Kresów Wschodnich do Polski 1944-1947. Wybór, opracowanie i redakcja dokumentów Ciesielski S.- Warszawa: “Neriton”. Instytut Historii PAN, 1999; Białostocczyzna 1944-1945 w dokumentach podziemia i oficjalnych władz. Oprac.J.Kulak.-Warszawa,1998; Sprawy narodowościowe i wyznaniowe na Białostocczyznie (1944-1948). W ocenie władz Rzeczpospolitej Polskiej. Wybór dokumentów: Sytuacyjne sprawozdania wojewody Białostockiego w Białymstoku oraz Powiatowych starostów Białostockiego i Sokolskiego w latach 1944-198 / Zebr. G. Sosna.- Ryboly, 1996; B.Kacka, S.Stepka, Repatriacja ludności polskiej z ZSRR 1955-1959. Wybór dokumentów, Warszawa 1994.

23 Вялікі, А.Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.) / А.Ф. Вялікі, Манагр. / Навук. рэд. В.Дз. Селяменеў. – Мінск: БДПУ, 2005.-с.146.

24 Снапкоўскі У.Е. Гісторыя знешняй палітыкі Беларусі: Вучэб. дапам. для студэнтаў факультэт міжнародных адносін: У 2 ч. Ч.2. Ад канца XVIII да пачатку XX ст. / У. Е. Снапкоўскі. – Мінск: БДУ, 2004. – с.163.

25 Документы и материалы по истории советско-польских отношений. В 12 Т. / Ред. кол. И.А.Хренов, В.Т.Ковальский и др. Т. XI. Январь 1956 – декабрь 1960. – М.: Наука, 1983. – 602 с. . – С. 101-103.

26 Ruchniewich M. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR w latach 1955-1959. Warszawa 2000.- s.149.

27 Kersten K. Stulecie przesiedleńców. Przymusowe przemieszczenie ludności – próba typologii // Przeprosić za wypędzenie ? Wypowiedzi oficjalne oraz debata prasowa o wysiedleniu Niemców po II wojnie światowej. Pod red. K. Bachmana i J.Kranca. Kraków, 1997. – s.104.

28 Ruchniewich M. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR w latach 1955-1959. Warszawa 2000.- s.193.

29 Вялікі, А.Ф. На раздарожжы. Беларусы і палякі ў час перасялення (1944-1946 гг.) / А.Ф. Вялікі, Манагр. / Навук. рэд. В.Дз. Селяменеў. – Мінск: БДПУ, 2005.-с.82-83.

30 Там сама, с.221.

31 Ruchniewich M. Repatriacja ludności polskiej z ZSRR w latach 1955-1959. Warszawa 2000.- s.255.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка