Ключевые слова



Дата канвертавання13.01.2017
Памер153.32 Kb.
#1415


Лютая, А. Э. Працы айчынных даследчыкаў па гістарыяграфіі сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст. / А. Э. Лютая // Весці БДПУ. Сер. 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2009.  № 2. – С. 4044.
Ключевые слова: гістарыяграфія, гісторыя Беларусі, сацыяльна эканамічнае развіцце


ПРАЦЫ АЙЧЫННЫХ ДАСЛЕДЧЫКАЎ ПА ГІСТАРЫЯГРАФІІ

САЦЫЯЛЬНА- ЭКАНАМІЧНАЙ ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

ДРУГОЙ ПАЛОВЫ XVIIIПЕРШАЙ ПАЛОВЫ XIX ст.
У другой палове XVIII – першай палове XIX ст. у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі зараджаюцца і актывізуюцца працэсы, што абумовілі ў далейшым эвалюцыю новых буржуазных адносін, якія прыйшлі на змену аджыўшых феадальна-прыгонніцкіх. Праблема генезісу капіталізму заўсёды была асабліва важкай у гістарычнай навуцы, і таму даследчыкі, у тым ліку і айчынныя, справядліва заўважаюць, што яе навукова-метадалагічная і тэарэтыка-палітычная актуальнасць набыла пасля Другой сусветнай вайны сапраўды “другое дыханне”. Гэта тлумачыцца крахам сусветнай каланіяльнай сістэмы, надзённымі пытаннямі “выбару шляху” краінамі, якія знаходзіліся ў стадыі зараджэння, трансфармацыі капіталізму і ўзмацненні інтэграцыйных працэсаў у сусветным грамадскім развіцці [1, с. 4].

Айчынныя і замежныя гісторыкі ўжо некалькі дзесяцігоддзяў вядуць дыскусіі па пытаннях пераходу ад феадалізму да капіталізму, аб месцы таварнай вытворчасці і яе ролі пры феадалізме і ў пераходны перыяд, аб характары прычын і сацыяльна-эканамічным змесце “другога выдання прыгонніцтва”, аб сацыяльнай структуры і месцы ў працэсе генезісу капіталізму пасэсійнай і вотчыннай мануфактур, тэндэнцыях развіцця грашовай рэнты ў XVI–XVII стст., формах першапачатковага накаплення і г. д.

Але першая спроба падвесці вынікі гэтых дыскусій была зроблена ў айчыннай гістарыяграфіі толькі ў 1986 г. у выдадзеным вучэбным дапаможніку па спецкурсу “Гістарыяграфія гісторыі БССР”, які чытаўся на гістарычным факультэце БДУ імя У.І. Леніна на 3–5 курсах [2].

У дапаможніку разглядаюцца пытанні метадалогіі і методыкі даследавання як дарэвалюцыйнай, так і савецкай гістарычнай навукі, дадзены гістарыяграфічны аналіз гісторыі сялянства і аграрных адносін, класавай барацьбы, эканамічнага і сацыяльна-палітычнага развіцця феадальных гарадоў, нацыянальна-вызваленчага і грамадска-палітычнага руху ў Беларусі. Аўтары прааналізавалі галоўным чынам манаграфічныя даследаванні айчынных гісторыкаў. Асаблівую ўвагу яны ўдзялілі тэарэтычным пазіцыям аўтараў, на якія гэтыя даследчыкі абапіраліся, выясняючы значэнне кожнай гістарыяграфічнай з’явы для разумення развіцця Беларусі ва ўмовах феадальнага спосабу вытворчасці, ідэалізуецца савецкая гістарыяграфія і марксісцка-ленінская метадалогія.

Аўтары вучэбнага дапаможніка лічылі, што дапамаглі студэнтам выпрацаваць крытычныя адносіны да гістарыяграфічнага наследдзя “... четкому представлению, как развивались, каким идейным, классовым целям служили дворянская, клерикальная, буржуазная историографии, какую социальную функцию они выполняли” [3, с. 4].

Дваранскія і буржуазныя гісторыкі Расіі канца XVIII–XIX ст. сцвярджалі, што беларускія землі заўсёды былі неад’емнай часткай Расійскай імперыі, і таму разглядалі толькі палітычныя пытанні. З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко лічылі, што больш шырокае і мэтанакіраванае даследаванне гісторыі Беларусі зрабіў М.В. Каяловіч у “лекциях по истории Западной России”, надрукаваных у 1864 г. Як у метадалогіі, так і ў методыцы, з пункту гледжання аўтараў, М.В. Каяловіч праявіў тыпічныя рысы абмежаванасці суб’ектыўна-ідэалагічнай дваранскай гістарыяграфіі, у якой пераважалі факты і падзеі з вобласці рэлігійных адносін, палітычных мэтаў і ваенных захопаў [4, с. 23]. На вялікі жаль, З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко не заўважылі даволі аб’ектыўны аналіз, які дае ў сваёй працы М.В. Каяловіч рэформы 1861 г. і паказвае яе значэнне для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну [5, с. 10].

Адзначаючы ролю Ф.У. Кліменкі ў буржуазную гістарыяграфію, аўтары падручніка паказалі, што даследчык гісторыі рамеснай вытворчасці ў Беларусі механічна пераносіў рысы арганізацыі цэхаў XVIII ст. на больш ранні перыяд, а нормы цэхаў горада Вільні распаўсюджыў на цэхі ўсіх гарадоў Беларусі [6, с. 54–55]. Трэба поўнасцю пагадзіцца з гэтай ацэнкай працы Ф.У. Кліменкі “Западнорусские цехи XVI–XVIII вв.”, якая выйшла ў Кіеве ў 1914 г., як у цэлым і манаграфіі У.К. Стукаліча “Белоруссия и Литва. Очерки из истории городов Белоруссии” (Витебск, 1894). Праўда, З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко адзначаюць, што У.К. Стукаліч мала ўвагі ўдзяляў пытанням эканамічнага развіцця гарадоў, і лічаць памылковым вывад буржуазнага даследчыка пра рост прыватнаўласніцкай зямлі ў гарадах, належыўшых феадалам, які вёў да іх эканамічнага і палітычнага ўпадку [7, с. 55]. На наш погляд, У.К. Стукаліч даў правільную характарыстыку сацыяльна-эканамічнага развіцця гарадоў Беларусі перыяду позняга феадалізму.

Другая глава падручніка прысвечана характарыстыцы беларускай савецкай гістарыяграфіі ў даваенны перыяд. Аўтары адзначаюць, што толькі ў канцы 20-х гадоў ХХ ст. з’явіліся першыя даследаванні гісторыі Беларусі другой паловы XVIII – першай паловы XIX ст. У 1928 г. выйшла праца К.І. Кернажыцкага “Гаспадарка старостваў на Беларусі і эканамічны стан іх насельніцтва ў другой палавіне XVIII ст.”, у якой аўтар прыйшоў да высновы, што другая палова XVIII ст. была перыядам пераходу ў напраўленні да грашовай гаспадаркі. Пошукі К.І. Кернажыцкім рыс капіталістычнай вытворчасці ва ўмовах феадалізму (арэндатары корчмаў былі “капіталістамі таго часу”, “накапленне дваравой гаспадаркай грашовага капіталу” і інш. [8, с. 37, 84, 91]) прывялі, як сцвярджаюць З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко, да памылак, якія былі абумоўлены ўплывам тэорыі “гандлёвага капіталу” і недахопам дакументальнага матэрыялу аб феадальнай і сялянскай гаспадарках [9, с. 77]. Тыя ж недахопы характэрны і для другой працы К.І. Кернажыцкага [10].

Уплыву тэорыі “гандлёвага капіталу” М.М. Пакроўскага не пазбегла і трэцяя праца К.І. Кернажыцкага “Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да паловы XIX ст.”. Усе працэсы, як сцвярджаюць З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко, аўтар тлумачыць пашырэннем таварна-грашовых адносін [11, с. 78]. Яны не заўважаюць, што на погляды К.І. Кернажыцкага вялікі ўплыў зрабіў М.М. Пакроўскі. Так, напрыклад, К.І. Кернажыцкі сцвярджае, што аснову эвалюцыі сацыяльнай структуры насельніцтва старостваў фарміруе гандлёвы капітал. Бабруйскае староства, як сцвярджае аўтар, – “тыпічны феадальны дамэн эпохі разлажэння феадалізму і перамогі гандлёвага капіталу” [12, с. 10].

З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко лічаць, што праца Т.І. Забела “Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII сталецця” была вельмі блізкай па методыцы даследавання [13, с. 79]. Яны папракаюць Т.І. Забела ў тым, што ён, аналізуя дадзеныя амаль 100 інвентароў за розныя гады даследуемага перыяду ў Беларусі, Літве і Паляшшы, робіць вывад пра гаспадарчы ўпадак панскага двара, не ацэньвае панскую гаспадарку як гаспадарчы комплекс. Але, на наш погляд, вялікі статыстычны матэрыял, прысвечаны гаспадарчай дзейнасці памесцяў захаду і ўсходу рэгіёну, сведчыць, што доказы і высновы Т.І. Забела абгрунтаваны [14, с. 110–146], а спробы даследчыкаў даказаць зараджэнне капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў другой палове XVIII ст. носяць штучны характар, хаця трэба пагадзіцца з імі, што працы па аграрнай гісторыі Беларусі, надрукаваныя ў 20–30-я гады ХХ ст., даюць новую ў параўнанні з буржуазнымі гісторыкамі, больш глыбокую, навукова абаснаваную характарыстыку феадальнай эканомікі Беларусі. Праўда, шэраг важнейшых пытанняў заставаліся не даследаванымі.

Аўтары вучэбнага дапаможніка прааналізавалі працы айчынных гісторыкаў 20–30-х гадоў ХХ ст. па гарадской тэматыцы перыяду феадалізму, але ўсе працы былі прысвечаны сацыяльна-эканамічнай гісторыі беларускіх гарадоў да XVIII ст. Адзіны артыкул, які тычыўся нашага перыяду, быў надрукаваны ў 1923 г. З.І. Даўгяла па гісторыі Мінска XVI–XVIII стст. [15]. З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко адзначаюць, што аўтар абмежаваўся толькі перасказам фактаў, якія былі ўжо надрукаваны ў зборніках дакументаў і матэрыялаў, і галоўную ўвагу сканцэнтраваў на ролі гандлёвага капіталу ў развіцці горада, але згодны яны ці не ў ацэнцы гэтай ролі нічога не пішуць. На самой справе З.І. Даўгяла, як і іншыя гісторыкі 20–30-х гадоў ХХ ст., быў прывержанцам тэорыі “гандлёвага капіталу”. Між іншым, аўтары вучэбнага дапаможніка па гістарыяграфіі гісторыі Беларусі і самі з’яўляюцца староннікамі тэорыі ранняга этапу зараджэння буржуазных адносін у Беларусі.

У трэцяй главе дапаможніка “Развіццё гістарыяграфіі ў пасляваенныя гады” З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко закранулі праблему аграрных адносін у Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст., а таксама працы па гісторыі гарадоў.

Асаблівую ўвагу яны ўдзялілі працам Дз.Л. Пахілевіча. У манаграфіі “Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI–XVIII вв.”, выдадзенай у Львове ў 1957 г., аўтар разгледзеў пытанне забяспечанасці сялян зямлёй і жывёлай, а таксама характар абшчыны. З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко станоўча ацэньваюць вывад аўтара аб фарміраванні катэгорыі наёмных працаўнікоў і лічаць, што “тенденции в экономической и социальной жизни, характерные для второй половины XVI – первой половины XVII в., не получили своего продолжения в последующее столетие” [16, с. 97]. Але аўтары дапаможніка самі звяртаюць увагу на аб’ектыўныя высновы Дз.Л. Пахілевіча, што “сильнее других держались за барщину мелкие и средние шляхтичи” [17, с. 156], якія складалі большасць пануючага класа, а выкарыстанне наёмнай працы і “факт такого временного применения его даже во многих хозяйствах ... при полном сохранении феодально-крепостнических отношений в целом обществе не является показателем формирования и развития капиталистического уклада в сельском хозяйстве” [18, с. 160], іншымі словамі, сацыяльна-эканамічнае развіццё ў аграрным сектары эканомікі Беларусі і ў другой палове XVIII ст. знаходзілася як і раней у рамках феадальнай фармацыі.

Гэтаму перыяду Дз.Л. Пахілевіч прысвяціў сваё наступнае даследаванне “Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII в.”, выдадзенае ў Вільнюсе ў 1966 г. Аналізуя гэту працу, З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко на першае месца ставяць думку аўтара аб зараджэнні ў эканоміцы Рэчы Паспалітай у другой палове XVIII ст. буржуазных адносін: з’яўленне мануфактурных прадпрыемстваў, наёмнай працы, эканамічнай дыферэнцыацыі сялянства, рост грашовай рэнты [19, с. 98]. Але Дз.Л. Пахілевіч у сваёй працы адзначаў, што “эти явления приобрели устойчивое значение лишь в первой половине XIX в.” [20, с. 5], а “процесс разложения феодализма и формирования капитализма протекал во второй половине XVIII в., пожалуй, наименее заметно” [21, с. 6]. Правілам у Беларусі заставалася памесце, “покоившееся на устарелых феодальных паразитических принципах, связывающих предпринимательские тенденции в области сельского хозяйства, исключавшие его интенсификацию…” [22, с. 142], а ўлада феадала поўнасцю кантралявала і вызначала дзейнасць сялянскай абшчыны, што яшчэ больш павялічвала прыгонную няволю селяніна [23, с. 152].

Праблему позняга феадалізму ў сферы аграрных адносін, адзначаюць аўтары дапаможніка, разглядаў і П.Р. Казлоўскі. Тэрытарыяльныя рамкі даследавання – заходняя і цэнтральная часткі Беларусі. Капыскі З.Ю. і Чапко В.У. пералічваюць пытанні, якія закрануў аўтар у сваёй кнізе, звяртаючы ўвагу на супярэчнасці ў асобных высновах П.Р. Казлоўскага (аб цяглым надзеле, неземляробчых занятках сялян, распаўсюджванні фальварачнай гаспадаркі, палажэнні сялян у магнацкіх гаспадарках, рыначных сувязях сялянскай гаспадаркі) [24, с. 42, 72–74, 83, 131]. Прааналізавана ў дапаможніку і манаграфія П.Р. Казлоўскага “Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в.” (Мн., 1974). Яны адзначаюць, што аўтар разгледзеў шырокае кола пытанняў, аспорыў вывад Т.І. Забелы аб упадку фальварачнай гаспадаркі ў XVIII ст., даказаў рост таварнасці буйных гаспадарак, паказаў новыя формы эксплуатацыі сялянства, не характэрныя для панскай гаспадаркі (свабодны і прымусовы наём) [25, с. 122–123]. Капыскі З.Ю. і Чапко В.У. справядліва пішуць, што “описанная в книге тенденция развития магнатских хозяйств во второй половине XVIII в. не характерна для подавляющего большинства мелких и средних феодальных владений, у которых не было тех возможностей для применения более интенсивных методов ведения хозяйства, какие имели крупные поместья. В этой массе мелких поместий описанные автором формы, не свойственные барщинному хозяйству, почти не наблюдались” [26, с. 108].

Яшчэ адна манаграфія П.Р. Казлоўскага была прысвечана землеўладанню і землекарыстанню ў Беларусі ў XVIII – першай палове XIX ст. [27]. Ён лічыў, што феадальнае землеўладанне ў Расійскай імперыі адрознівалася ад існаваўшага на беларускіх землях больш прыкметным прысутнічаннем дзяржаўнага ладу абсалютысцкай Расійскай імперыі і саслоўна-шляхецкай Рэчы Паспалітай [28, с. 34].

Тыповай рысай сялянскага землекарыстання было распаўсюджванне так званых “прыёмных земляў”. На працягу першай паловы XIX ст. сялянская гаспадарка аказалася пад ударам тэндэнцыі да скарачэння сялянскага ворнага надзелу [29, с. 171–173].

Аўтары падручніка не палемізуюць з П.Р. Казлоўскім, а толькі адзначаюць, што вывад у кнізе аснованы на вельмі абмежаванай колькасці аб’ектаў вывучэння [30, с. 112].

Асаблівасцям развіцця феадальных адносін у сельскай гаспадарцы на ўсходзе Беларусі прысвяціў сваю манаграфію В.І. Мялешка [31]. Ён зрабіў вывад, што на ўсходзе, захадзе і ў цэнтры Беларусі існавала аднатыпная структура феадальнай уласнасці, таму “... повсеместно шляхетская земельная собственность преобладала” [32, с. 60–61]. Даследаванне В.І. Мялешкам прамысловай гаспадаркі буйнога феадальнага памесця, адзначаюць аўтары падручніка, не вырашыла канчаткова пытанне аб спецыфіцы баршчынна-прыгонніцкай гаспадаркі на ўсходзе Беларусі, бо неабходна яшчэ вывучыць і падрабязна разгледзець спецыфіку і характар сярэдніх і мелкіх памесцяў [33, с. 106].

Даследаваннем працэсаў, якія працякалі ў сацыяльна-эканамічным развіцці беларускай вёскі ў перыяд разлажэння і крызісу феадальна-прыгонніцкай сістэмы і фарміравання капіталістычнага ўкладу, займаліся М.М. Улашчык і В.У. Чапко.

У манаграфіі М.М. Улашчыка “Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии” прасочаны дэмаграфічныя працэсы ў вёсцы, разгледжаны формы землеўладання, акрэслены асноўныя галіны сельскай гаспадаркі рэгіёну, даследавана эвалюцыя памешчыцкай гаспадаркі, ўсебакова ахарактарызавана становішча сялянскай гаспадаркі, разгледжаны рыначныя сувязі сельскай гаспадаркі: М.М. Улашчык адзначае павелічэнне амаль у два разы колькасці дзяржаўных сялян за кошт пераводу ў гэтую катэгорыю прыгонных канфіскаваных памесцяў пасля паўстання 1830–1831 гг., а таксама сялян царкоўных уладанняў. Параўнаўшы дадзеныя аб колькасці дваран, аўтар адзначае, што ў цэнтральных губернях Расійскай імперыі працэнт іх быў намнога меншым, чым у Літве і Беларусі, але пры гэтым ён адзначае, што большасць з іх не мела не толькі прыгонных сялян, але і зямлі [34, с. 92–93].

З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко пагаджаюцца з гэтым вывадам М.М. Улашчыка, нават не праверыўшы падлікі аўтара. На наш погляд, дробная шляхта ў Беларусі перад рэформай 1861 г. не магла складаць большасць дваранскага саслоўя. Пра гэта сведчаць і сучасныя даследчыкі. Так, В.С. Макарэвіч адзначае, што ў 30–60-я гг. XIX ст. на тэрыторыі Беларусі пражывала каля 180 тыс. чалавек, якія належылі да саслоўнай групы дробнай шляхты, а ў структуры ўсяго насельніцтва яны складалі толькі 5% [35, с. 11].

Зусім не крытычна аднесліся З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко і да іншых высноў М.М. Улашчыка аб сацыяльна-эканамічным развіцці даследуемага рэгіёну перад рэформай 1861 г.

Аўтары дапаможніка адзначаюць, што даследаванне працэсаў, якія працякалі ў памешчыцкай і сялянскай гаспадарках Беларусі ў першай палове XIX ст., зроблена ў манаграфіі В.У. Чапко [36]. Аўтар правільна лічыць, што панаванне баршчыннай сістэмы (97% сялян-баршчыннікаў) тармазіла развіццё капіталістычных формаў у сялянскай гаспадарцы, у выніку чаго новыя з’явы, выкліканыя развіццём таварна-грашовых адносін, у большай меры адбываліся ў памешчыцкай гаспадарцы. Праўда неабходна адзначыць, што В.У. Чапко перабольшвае не толькі гэты ўплыў, але і ўзровень, глыбіню, маштабы развіцця таварна-грашовых адносін на сацыяльна-эканамічныя працэсы ў Беларусі ў першай палове XIX ст. у цэлым [37, с. 116–117].

Аўтары дапаможніка прааналізавалі і манаграфію М.Ф. Болбаса “Развитие промышленности в Белоруссии (1795–1861 гг.)”, у якой былі даследаваны ўсе тыпы існаваўшых у канцы XVIII – першай палове XIX ст. прадпрыемстваў, устаноўлены этапы развіцця асобных з іх і асноўных галін прамысловасці, прааналізаваны склад і становішча рабочых у дарэформенны перыяд [38].

З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко адзначаюць, што спроба М.Ф. Болбаса даследаваць вялікае кола пытанняў і праблем, слабая крынічная аснова прывялі да таго, што аўтар толькі акрэсліў агульныя палажэнні аб эканамічным развіцці Беларусі, якія паўтараюць “Историю БССР”. Такая методыка прывяла аўтара да недакладных вывадаў: напрыклад, разлажэнне прыгонніцкай сістэмы гаспадарання М.Ф. Болбас зводзіць толькі да павелічэння продажу памешчыкамі зерня і ільну, да масавай вырубкі лесу; факт ад’ёму памешчыкамі Гродзенскай губерні зямлі ў сялян у канцы 50-х гадоў XIX ст. ён бярэ за аснову для вываду аб масавым абеззямельванні прыгонных на працягу ўсяго пераходнага перыяду. Крызіс прыгонніцкай сістэмы гаспадарання ў выніку аднабаковай ацэнкі гэтай з’явы зведзены ў манаграфіі М.Ф. Болбаса да росту запазычанасці памешчыкаў, што, на думку аўтара, было вынікам няўмення большасці дваран прыстасавацца да развіваючыхся таварна-грашовых адносін [39, с. 11, 14–15].

Пры характарыстыцы гандлю ў беларускіх губернях абмежаванасць крыніц, лічаць З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко, прывяла М.Ф. Болбаса таксама да недакладных высноў: аўтар піша, што да сярэдзіны XIX ст. узнікла шмат буйных кірмашоў, а на самой справе ў гэты час назіраецца скарачэнне гандлёвых абаротаў буйных кірмашоў. Аўтар не ўлічвае важнага факта – уключэння Беларусі ў агульнарасійскую гаспадарчую сістэму і пераўтварэння яе гандлю ў арганічную частку расійскага рынку і маўляў робіць памылковы вывад пра слабасць унутранага рынку [40, с. 118].

Але даследчыкі апошніх гадоў на выснове аналізу архіўных крыніц пацвярджаюць высновы М.Ф. Болбаса, а не аўтараў дапаможніка па гістарыяграфіі гісторыі Беларусі [41, с. 45–61].

Праўда, можна пагадзіцца з тым, што аднабаковасць падыходу ў ацэнцы фактаў і слабая крынічная база прывялі М.Ф. Болбаса да іншых памылковых вывадаў. Напрыклад, ён сцвярджае, што павелічэнне штогадовых асігнаванняў на добраўпарадкаванне гарадоў садзейнічала іх росту, развіццю гандлю і гарадской прамысловасці; недакладна вызначыў значэнне гарадоў толькі як адміністрацыйных цэнтраў; не даказаў палажэнне аб росце ўдзельнай вагі, па тэрміналогіі аўтара, “вольных сословий”, да якіх ён адносіў “однодворцев, свободных хлебопашцев, панцирных бояр, татар, цыган, отставных солдат”, што, на яго думку, сведчыла пра хуткі распад прыгоннага права [42, с. 35, 39, 41].

Неправамерна, лічаць З.Ю. Капыскі і В.У. Чапко, аўтар адносіць да капіталістычных фабрык і заводаў некаторыя памешчыцкія прадпрыемствы (цукровыя, жалезаробны завод у Магілёўскай губерні). Падкрэсліваючы хуткія тэмпы развіцця прамысловасці Беларусі ў дарэформенны перыяд, М.Ф. Болбас робіць вывад пра адставанне па ўзроўні прамысловага развіцця Беларусі ад Расіі ў цэлым, але не спасылаецца на параўнальны аналіз колькасці прадпрыемстваў у беларускіх і цэнтральных расійскіх губернях [43, с. 120].

Аб’ём артыкула не дазваляе прааналізаваць іншыя абагульняючыя працы па гістарыяграфіі праблемы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. Таму працы В.А. Белазаровіча, Э.Р. Іофэ, В.Ф. Касовіча, А.М. Лютага, У.М. Міхнюка, П.Ц. Петрыкава будуць прааналізаваны ў іншых публікацыях.

Літаратура

1. Чистозвонов, А.Н. Генезис капитализма: Проблемы методологии / А.Н. Чистозвонов. – М., 1985.

2. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

3. Там жа.

4. Там жа.

5. Коялович, М.О. Лекции по истории Западной России / М.О. Коялович. – М., 1864.

6. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

7. Там жа.

8. Кернажыцкі, К. Гаспадарка старостваў на Беларусі і эканамічны стан іх насельніцтва ў другой палове XVIII ст.: зап. аддз. гуманіт. навук. Працы класа гісторыі / К. Кернажыцкі. – Мінск, 1928. – Т. 2.

9. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

10. Кернажыцкі, К. Брожаскі ключ 1639–1810 гг. (сацыяльна-эканамічны нарыс з гісторыі Бабруйшчыны): зап. аддз. гуманіт. навук. Працы класа гісторыі / К. Кернажыцкі. – Мінск, 1929. – Т. 3, кн. 8.

11. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

12. Кернажыцкі, К. Брожаскі ключ 1639–1810 гг. (сацыяльна-эканамічны нарыс з гісторыі Бабруйшчыны): зап. аддз. гуманіт. навук. Працы класа гісторыі / К. Кернажыцкі. – Мінск, 1929. – Т. 3, кн. 8.

13. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

14. Забела, Т.І. Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII сталецця: зап. аддз. гуманіт. навук. Працы класа гісторыі / Т.І. Забела. – Мінск, 1928. – Т. 2, кн. 3.

15. Даўгяла, З. Стары Мінск / З. Даўгяла // Наш край. – 1923. – № 2, 3.

16. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

17. Похилевич, Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы в XVI–XVIII вв. / Д.Л. Похилевич. – Львов, 1957.

18. Там жа.

19. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

20. Похилевич, Д.Л. Крестьяне Белоруссии и Литвы во второй половине XVIII в. / Д.Л. Похилевич. – Вильнюс, 1966. – 216 с.

21. Там жа.

22. Там жа.

23. Там жа.

24. Козловский, П.Г. Крестьяне Белоруссии во второй половине XVII – XVIII в. / П.Г. Козловский. – Минск, 1969.

25. Козловский, П.Г. Магнатское хозяйство Белоруссии во второй половине XVIII в. / П.Г. Козловский. – Минск, 1974.

26. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

27. Козловский, П.Г. Землевладение и землепользование в Белоруссии в XVIII – первой половине XIX в. / П.Г. Козловский. – Минск, 1982.

28. Там жа.

29. Там жа.

30. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

31. Мелешко, В.И. Очерки аграрной истории Восточной Белоруссии (вторая половина XVII – XVIII в.) / В.И. Мелешко. – Минск, 1975.

32. Там жа.

33. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

34. Улащик, Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н.Н. Улащик. – М., 1965.

35. Макарэвіч, В.С. Дробная шляхта Беларусі ў 30–60-я гг. XIX ст.: склад і эвалюцыя сацыяльна-прававога становішча: аўтарэф. дыс. ... канд. гіст. навук / В.С. Макарэвіч. – Мінск, 2009.

36. Чепко, В.В. Сельское хозяйство Белоруссии в первой половине XIX в. / В.В. Чепко. – Минск, 1966.

37. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

38. Болбас, М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795–1861 гг.) / М.Ф. Болбас. – Минск: Наука и техника, 1966. – 268 с.

39. Там жа.

40. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.

41. Люты, А.М. Роля и месца купецтва Беларусі ў працэсе генезісу капіталізму ў другой палове XVIII – першай палове XIX стагоддзя: дапаможнік / А.М. Люты, С.А. Сямёнава. – Мінск: БДПУ, 2008. – 124 с.

42. Болбас, М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795–1861 гг.) / М.Ф. Болбас. – Минск: Наука и техника, 1966. – 268 с.

43. Копысский, З.Ю. Историография БССР: Эпоха феодализма: учеб. пособие для студентов ист. фак. / З.Ю. Копысский, В.В. Чепко; под ред. Я.Н. Мараш. – Минск: Университетское, 1986. – 175 с.





Каталог: bitstream -> doc
doc -> Альтэрнатыўныя патрабаванні да зместу адукацыйнай работы па павышэнні бяспекі жыццядзейнасці Варывоцкі С. У
doc -> Тугай, У. В. Этнакультурныя і бытавыя асаблівасні жыцця латышоў у Беларусі
doc -> Методыка актывізацыі інтэракцыі на занятках па бяспецы жыццядзейнасці чалавека. Варывоцкі С. У
doc -> Кантэксуальная прастора творцасці паэта-ўрача а. П. Мельнікава
doc -> Transport communications on the territory of belarus before the abolition of serfdom (1795-1861) A. Kanoika бдпу, г. Мінск
doc -> М. М. Забаўскі Урадавыя палітычныя рэформы ў Беларусі ў трэцячэрвеньскі перыяд
doc -> М. М. Забаўскі бдпу, г. Мінск
doc -> Забаўскі М. М. (Мінск, бдпу)
doc -> М. М. Забаўскі Урадавыя палітычныя рэформы ў Беларусі ў трэцячэрвеньскі перыяд
doc -> М. М. Забаўскі Адносіны палітычных партый сацыялістычнага накірунку да “беларускага пытання”


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал