Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры




старонка2/15
Дата канвертавання08.01.2018
Памер3.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15
ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ


Артыкул 1. Асноўныя тэрміны, якiя прымяняюцца ў гэтым Кодэксе, і іх азначэнні

1. У гэтым Кодэксе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны i iх азначэннi:

1.1. аб’ект культурнай iнфраструктуры – капітальная пабудова (будынак, збудаванне), памяшканне i iншая нерухомая маёмасць, якiя прызначаны (выкарыстоўваюцца) для ажыццяўлення i (або) забеспячэння культурнай дзейнасцi;

1.2. арганiзацыя культуры – юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе ў якасцi асноўнай дзейнасцi культурную дзейнасць;

1.3. гісторыка-культурная каштоўнасць – культурная каштоўнасць, якая мае адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці і якой нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

1.4. дзеяч культуры і мастацтва – работнік культуры і творчы работнік, якія маюць ганаровыя званні Рэспублікі Беларусь у сферы культуры і (або) іншыя дзяржаўныя ўзнагароды Рэспублікі Беларусь за дасягненні ў сферы культуры;

1.5. карыстальнік гісторыка-культурнай каштоўнасці – юрыдычная асоба, за якой гісторыка-культурная каштоўнасць замацавана на праве гаспадарчага распараджэння або аператыўнага кіравання;

1.6. культура – сукупнасць культурных каштоўнасцей і культурная дзейнасць;

1.7. культурная дзейнасць – дзейнасць па стварэнні, аднаўленні (адраджэнні), захаванні, ахове, вывучэнні, выкарыстанні, распаўсюджванні i (або) папулярызацыi культурных каштоўнасцей, прадастаўленні культурных даброт, эстэтычным выхаванні грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства (далей, калі не вызначана іншае, – грамадзяне), арганiзацыi культурнага адпачынку (вольнага часу) насельнiцтва, аказанні метадычнай дапамогі суб’ектам культурнай дзейнасці;

1.8. культурная каштоўнасць – створаныя (пераўтвораныя) чалавекам або цесна звязаныя з яго дзейнасцю матэрыяльны аб’ект i нематэрыяльнае праяўленне творчасцi чалавека, якiя маюць гiстарычнае, мастацкае, навуковае або iншае значэнне;

1.9. культурны праект – сукупнасць дзеянняў, накіраваных на дасягненне вынікаў культурнай дзейнасці;

1.10. культурныя даброты – культурная каштоўнасць, што прадастаўляецца, работа і (або) паслуга, што выконваецца (аказваецца) юрыдычнай асобай, грамадзянінам, у тым ліку індывідуальным прадпрымальнікам, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, для задавальнення духоўных і эстэтычных патрэбнасцей грамадзян, станаўлення і развіцця асобы;

1.11. мастацкая творчасць – стварэнне твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, іх выкананняў і (або) іх выкананне;

1.12. работнік культуры – грамадзянін, які ажыццяўляе культурную дзейнасць на пасадзе, прадугледжанай кваліфікацыйным даведнікам пасад служачых, якія заняты ў культуры, а таксама кіраўнік арганізацыі культуры, падраздзялення арганізацыі культуры, падраздзялення іншай юрыдычнай асобы, якое ажыццяўляе культурную дзейнасць, і яго намеснік (намеснікі), да службовых абавязкаў якога (якіх) адносяцца пытанні ажыццяўлення культурнай дзейнасці;

1.13. сфера культуры – галіна сацыяльнай сферы па ажыццяўленні і забеспячэнні культурнай дзейнасці ў адпаведнасці з напрамкамі, прадугледжанымі гэтым Кодэксам;

1.14. творчая дзейнасць – напрамак культурнай дзейнасцi, якi ўключае мастацкую творчасць i iншую iнтэлектуальную дзейнасць, што завяршаецца з’яўленнем новага, які раней не існаваў, вынiку iнтэлектуальнай дзейнасцi ў сферы культуры;

1.15. творчы работнік – грамадзянін, які ажыццяўляе творчую дзейнасць самастойна або на падставах, прадугледжаных гэтым Кодэксам, і незалежна ад таго, з’яўляецца ён членам творчага саюза ці не;

1.16. уласнік гісторыка-культурнай каштоўнасці – Рэспублiка Беларусь, адмiнiстрацыйна-тэрытарыяльная адзiнка Рэспублiкi Беларусь, юрыдычная асоба, грамадзянін, у тым ліку індывідуальны прадпрымальнік, якім належаць правы валодання, карыстання і распараджэння гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

2. Змест асобных тэрмінаў, якiя выкарыстоўваюцца ў гэтым Кодэксе, вызначаецца ў адпаведных артыкулах гэтага Кодэкса.

Артыкул 2. Прынцыпы, на якіх грунтуюцца грамадскія адносіны ў сферы культуры

Грамадскія адносіны ў сферы культуры грунтуюцца на аснове наступных прынцыпаў:

прызнанне культуры ў якасцi аднаго з галоўных фактараў самабытнасцi беларускага народа, нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, пераемнасцi пакаленняў, а таксама ў якасцi асновы для станаўлення і развiцця асобы;

прыярытэт развiцця беларускай нацыянальнай культуры і прызнанне беларускай мовы адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту;

свабоднае развiццё культур усiх нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь;

захаванне i выкарыстанне культурных каштоўнасцей, іх распаўсюджванне і папулярызацыя на карысць iнтарэсаў асобы i грамадства;

адраджэнне, захаванне i развiццё нацыянальных культурных традыцый;

агульнадаступнасць культурных даброт, забеспячэнне магчымасці для далучэння грамадзян, якія пражываюць у сельскіх населеных пунктах, інвалідаў і іншых фізічна аслабленых асоб да культурных даброт;

зберажэнне i памнажэнне гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;

ахова аўтарскага права і сумежных правоў;

забеспячэнне канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыццi, іншых правоў і законных інтарэсаў грамадзян у сферы культуры;

свабода творчай дзейнасці;

разнастайнасць напрамкаў (школ), форм, відаў і прыёмаў мастацкай творчасці;

спалучэнне дзяржаўных і грамадскiх iнтарэсаў, правоў і свабод грамадзян у сферы культуры;

забеспячэнне роўнасцi правоў i магчымасцей грамадзян у стварэнні і выкарыстанні культурных каштоўнасцей, недапушчальнасць устанаўлення пераваг i прывiлей у сферы культуры, якiя супярэчаць актам заканадаўства;

недапушчальнасць манапалiзму ў культуры i манапалiзацыi культурнай дзейнасцi;

арыентацыя на нацыянальныя i агульначалавечыя каштоўнасцi, лепшыя ўзоры беларускай нацыянальнай і сусветнай культуры, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне, прыярытэт культурных каштоўнасцей, якiя носяць высокамастацкi i высокамаральны характар;

узаемадзеянне беларускай нацыянальнай культуры з культурамi iншых народаў i яе iнтэграцыя ў сусветную культуру;

сцвярджэнне і распаўсюджванне гуманiстычных iдэй, навуковых ведаў і дасягненняў сусветнай культуры, сцвярджэнне высокiх маральных пачаткаў у грамадскiм жыццi, фармiраванне эстэтычнага жыццёвага асяроддзя.

Артыкул 3. Суб’екты культурнай дзейнасці

Суб’ектамі культурнай дзейнасці з’яўляюцца:

грамадзяне, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, работнікі культуры, творчыя работнікі, мецэнаты культуры;

арганізацыі культуры, а таксама ўстановы адукацыі, навуковыя арганізацыі, іншыя юрыдычныя асобы і іх падраздзяленні, якія ажыццяўляюць і (або) забяспечваюць культурную дзейнасць;

калектывы мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры і падраздзяленнямі юрыдычных асоб;

творчыя саюзы, іншыя грамадскія аб’яднанні ў сферы культуры;

дзяржаўныя органы і органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;

міжнародныя арганізацыі і міждзяржаўныя ўтварэнні;

спонсары культуры;

іншыя юрыдычныя асобы, якія садзейнічаюць захаванню, развіццю і распаўсюджванню і (або) папулярызацыі культуры.



ГЛАВА 2
ЗАКАНАДАЎСТВА АБ КУЛЬТУРЫ І ЯГО ДЗЕЯННЕ


Артыкул 4. Заканадаўства аб культуры

1. Заканадаўства аб культуры грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Кодэкса, iншых актаў заканадаўства, міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

2. Калi мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якiя прадугледжаны гэтым Кодэксам, то прымяняюцца правілы мiжнароднага дагавора.

Артыкул 5. Грамадскія адносiны, якiя рэгулююцца заканадаўствам аб культуры

Гэтым Кодэксам і iншымі актамі заканадаўства аб культуры рэгулююцца грамадскія адносiны ў наступных напрамках:

захаванне і выкарыстанне культурных каштоўнасцей;

увоз і (або) вываз, вяртанне культурных каштоўнасцей;

ахова гiсторыка-культурнай спадчыны;

ахова археалагічнай спадчыны;

бiблiятэчная справа;

музейная справа;

народныя мастацкія рамёствы;

кiнематаграфiчная дзейнасць;

арганізацыя і правядзенне культурных мерапрыемстваў;

дзейнасць прафесійных калектываў мастацкай творчасці;

дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) і аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці;

арганiзацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельнiцтва;

дзейнасць па эстэтычным выхаванні грамадзян;

аказанне метадычнай дапамогі суб’ектам культурнай дзейнасці;

заахвочванні ў сферы культуры;

мiжнароднае супрацоўнiцтва ў сферы культуры;

iншыя напрамкi, звязаныя з ажыццяўленнем i забеспячэннем культурнай дзейнасцi, калi iншае не прадугледжана гэтым Кодэксам.

Артыкул 6. Дзеянне заканадаўства аб культуры па коле асоб

Заканадаўства аб культуры, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваецца на грамадзян Рэспублікі Беларусь, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, і на юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь, а таксама на замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, замежныя арганізацыі, якія знаходзяцца або ажыццяўляюць дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь, і на міжнародныя арганізацыі і міждзяржаўныя ўтварэнні, якія ажыццяўляюць дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь.



Артыкул 7. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры

Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры ўстанаўліваецца ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.



ГЛАВА 3
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА І ДЗЯРЖАЎНАЕ КІРАВАННЕ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ


Артыкул 8. Напрамкі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры

Напрамкамі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры з’яўляюцца:

захаванне, развiццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыя беларускай нацыянальнай культуры i мовы;

забеспячэнне правоў і свабод, абарона законных інтарэсаў грамадзян у сферы культуры;

забеспячэнне аховы гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;

стварэнне дзяржаўных арганізацый культуры і садзейнiчанне развiццю іх матэрыяльна-тэхнiчнай базы;

стварэнне ўмоў для супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі;

стварэнне ўмоў для развіцця юрыдычных асоб усіх форм уласнасці, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, аказанне ім падтрымкі ў рэалізацыі культурных праектаў на конкурснай аснове;

стварэнне ўмоў для прыцягнення сродкаў спонсараў і мецэнатаў культуры, іншых юрыдычных асоб і грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, для фінансавання культуры;

распрацоўка і рэалізацыя дзяржаўных і іншых праграм, накіраваных на захаванне, развiццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры;

рэалiзацыя дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у сферы культуры;

стварэнне ўмоў для эстэтычнага выхавання грамадзян;

абарона грамадскай маралi, прадухіленне прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці;

арганізацыя, правядзенне і падтрымка фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак у сферы культуры, аказанне метадычнай дапамогi па ажыццяўленні культурнай дзейнасці арганiзацыям культуры і іншым суб’ектам культурнай дзейнасці;

забеспячэнне развiцця культуры ў сельскай мясцовасцi, у тым ліку шляхам рацыянальнага i аптымальнага размяшчэння арганізацый культуры з улiкам асаблівасцей развiцця асобных рэгiёнаў i галiн вытворчасцi, стварэння арганізацый культуры змешанага тыпу, выкарыстання форм абслугоўвання па-за месцам знаходжання арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, падраздзяленні якіх ажыццяўляюць культурную дзейнасць (далей – нестацыянарныя формы абслугоўвання);

стварэнне аб’ектаў культурнай інфраструктуры;

садзейнічанне інфарматызацыі сферы культуры;

падтрымка таленавітай моладзі і стварэнне ўмоў для яе плённай дзейнасці;

заахвочванне работнiкаў культуры, творчых работнікаў, арганізацый культуры, спонсараў і мецэнатаў культуры, іншых юрыдычных асоб і грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якiя ўнеслi значны ўклад у захаванне, развiццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры;

сацыяльная абарона работнiкаў культуры i творчых работнiкаў;

садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў сферы культуры;

забеспячэнне агульнадаступнасці культурнай дзейнасці і культурных даброт, садзейнічанне павышэнню іх якасці;

забеспячэнне асобным катэгорыям грамадзян у адпаведнасцi з гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі доступу да культурных даброт на льготных умовах, у тым ліку бясплатна;

стварэнне ўмоў інвалідам і іншым фізічна аслабленым асобам для доступу і карыстання паслугамі арганізацый культуры, падраздзяленняў юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, у тым ліку доступу да інфармацыйна-камунікацыйных рэсурсаў;

спрыянне стварэнню, распаўсюджванню i (або) папулярызацыi суб’ектамi культурнай дзейнасцi культурных каштоўнасцей, арганізацыі і правядзенню культурных мерапрыемстваў, рэалізацыі культурных праектаў, у тым лiку шляхам размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў i фiнансавання дзяржаўных і іншых праграм, накіраваных на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры;

стварэнне ўмоў для адраджэння, захавання i развiцця нацыянальных культурных традыцый, у тым ліку традыцый народных мастацкіх рамёстваў, заахвочванне юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, да культурнай дзейнасці;

садзейнiчанне правядзенню экспертыз, iншых форм аб’ектыўнай i незалежнай ацэнкi вынiкаў творчай дзейнасцi, а таксама развiццю лiтаратурнай i мастацкай крытыкi;

фарміраванне і развіццё канкурэнтнага культурнага асяроддзя;

стварэнне дзяржаўных сродкаў масавай iнфармацыi, якiя спецыялiзуюцца на асвятленнi культурнага жыцця ў Рэспублiцы Беларусь i замежных краінах, стымуляванне публiкацый або паведамленняў аб культурным жыцці ў сродках масавай iнфармацыi;

стымуляванне выдання твораў мастацкай лiтаратуры, якія маюць значэнне для захавання, развiцця, распаўсюджвання і (або) папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры і мовы (творы лiтаратуры нацыянальнай тэматыкi, для дзяцей i юнацтва, класiчныя творы мастацкай лiтаратуры i iншыя творы);

рэгуляванне ўвозу і (або) вывазу культурных каштоўнасцей, недапушчэнне без законных падстаў вывазу з Рэспублiкi Беларусь культурных каштоўнасцей i незаконнай перадачы права ўласнасцi на iх, прыняцце мер па вяртанні ў Рэспублiку Беларусь культурных каштоўнасцей, якія без законных падстаў вывезены з яе тэрыторыi або не вернуты ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;

падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры, педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры;

іншыя напрамкі дзяржаўнай палітыкі.

Артыкул 9. Дзяржаўныя і іншыя праграмы, накіраваныя на захаванне, развiццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры

1. У мэтах захавання, развіцця, распаўсюджвання і (або) папулярызацыі культуры распрацоўваюцца дзяржаўныя і іншыя праграмы.

2. Фарміраванне, фінансаванне і выкананне дзяржаўных і іншых праграм, накіраваных на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры, ажыццяўляюцца ў парадку, устаноўленым актамі заканадаўства.

Артыкул 10. Дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры

Дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры ажыццяўляюць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, Савет Міністраў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь (далей, калі не вызначана іншае, – Мiнiстэрства культуры), мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы, iншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй.



Артыкул 11. Паўнамоцтвы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у сферы культуры

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае дзяржаўную палітыку і ажыццяўляе дзяржаўнае кіраванне ў сферы культуры ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.



Артыкул 12. Паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь у сферы культуры

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у сферы культуры:

забяспечвае правядзенне дзяржаўнай палітыкі;

зацвярджае дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты;

зацвярджае парадак стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва;

забяспечвае развіццё міжнароднага супрацоўніцтва;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Артыкул 13. Паўнамоцтвы Мiнiстэрства культуры ў сферы культуры

Міністэрства культуры ў сферы культуры:

праводзіць дзяржаўную палітыку;

каардынуе дзейнасць iншых рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў;

распрацоўвае і рэалізуе дзяржаўныя і іншыя праграмы, накіраваныя на захаванне, развiццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры;

вызначае агульную стратэгію развіцця гэтай сферы;

арганізуе міжнароднае супрацоўніцтва;

стварае дзяржаўныя арганізацыі культуры, садзейнічае развіццю іх матэрыяльна-тэхнічнай базы;

забяспечвае аказанне метадычнай дапамогі суб’ектам культурнай дзейнасці;

арганізуе і праводзіць культурныя мерапрыемствы;

арганізуе і садзейнічае правядзенню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны, вызначае методыку падрыхтоўкі і правядзення эвакуацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей, якім пагражае знішчэнне ў выпадку надзвычайных сітуацый або ўзброенага канфлікту, у тым ліку за межамі Рэспублікі Беларусь;

прымае меры па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, насілля і жорсткасці;

размяшчае сацыяльна-творчыя заказы;

забяспечвае падрыхтоўку, перападрыхтоўку i павышэнне квалiфiкацыi работнiкаў культуры, педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.

Артыкул 14. Паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, iншых дзяржаўных органаў у сферы культуры

1. Мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы ў сферы культуры:

1.1. прымаюць удзел у правядзенні дзяржаўнай палітыкі;

1.2. ажыццяўляюць кіраванне ў сферы культуры на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі;

1.3. распрацоўваюць і рэалізуюць дзяржаўныя і іншыя праграмы, накіраваныя на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры;

1.4. ствараюць дзяржаўныя арганізацыі культуры, садзейнічаюць развіццю іх матэрыяльна-тэхнічнай базы;

1.5. арганізуюць і праводзяць культурныя мерапрыемствы;

1.6. арганiзуюць i садзейнiчаюць правядзенню мерапрыемстваў па ахове гiсторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;

1.7. размяшчаюць сацыяльна-творчыя заказы;

1.8. ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.

2. Іншыя дзяржаўныя органы прымаюць удзел у правядзенні дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй.

Артыкул 15. Узаемадзеянне ў сферы культуры дзяржаўных органаў з органамi тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскiмi аб’яднаннямi і іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі

1. Дзяржаўныя органы ажыццяўляюць кіраванне ў сферы культуры ва ўзаемадзеяннi з органамі тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскiмi аб’яднаннямi і іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

2. У мэтах забеспячэння ўдзелу органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскiх аб’яднанняў і іншых юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, у рэалізацыі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры, аб’ектыўнай ацэнкi праблем у сферы культуры i распрацоўкi мер па iх вырашэнні пры дзяржаўных органах могуць стварацца на грамадскіх пачатках грамадскiя саветы (камісіі) i iншыя кансультатыўныя органы (экспертныя фарміраванні) па пытаннях культуры з ліку творчых работнікаў, работнікаў культуры, іншых грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскіх аб’яднанняў, дзяржаўных органаў, навуковых арганізацый, іншых юрыдычных асоб.

3. Грамадскiя саветы (камісіі) i iншыя кансультатыўныя органы (экспертныя фарміраванні) па пытаннях культуры:

3.1. ажыццяўляюць падрыхтоўку прапаноў па рэалiзацыi дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры, удасканаленні заканадаўства аб культуры, па пытаннях дзейнасці работнiкаў культуры, творчых работнікаў, грамадскіх аб’яднанняў і іншых суб’ектаў культурнай дзейнасці;

3.2. садзейнiчаюць рэалiзацыi культурных праектаў, дзяржаўных і іншых праграм, накіраваных на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры, правядзенню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны, развіццю бібліятэчнай і музейнай справы, кінематаграфіі, дэкаратыўна-прыкладнога, манументальнага, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога і іншых відаў мастацтва, адукацыі ў сферы культуры, арганізацыі і правядзенню культурных мерапрыемстваў, арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва, развіццю і падтрымцы народных мастацкіх рамёстваў;

3.3. аказваюць метадычную і экспертную дапамогу, кансультуюць па пытаннях культуры;

3.4. садзейнiчаюць развіццю мiжнароднага супрацоўнiцтва ў сферы культуры;

3.5. выконваюць iншыя функцыi, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства аб культуры.

4. Склад грамадскiх саветаў (камісій) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фарміраванняў) па пытаннях культуры зацвярджаецца дзяржаўным органам, пры якім яны ствараюцца, калі іншае не прадугледжана гэтым Кодэксам.

Грамадскiя саветы (камісіі) i iншыя кансультатыўныя органы (экспертныя фарміраванні) па пытаннях культуры дзейнічаюць на падставе зацверджаных імі рэгламентаў, калі іншае не прадугледжана гэтым Кодэксам.

5. Рашэннi грамадскiх саветаў (камісій) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фарміраванняў) па пытаннях культуры носяць рэкамендацыйны характар, калі іншае не прадугледжана гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.



Артыкул 16. Супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі

1. У мэтах забеспячэння эфектыўнасці выкарыстання маёмасці, якая знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці, у тым ліку бюджэтных сродкаў, а таксама забеспячэння агульнадаступнасці культурных даброт і павышэння іх якасці дзяржаўныя органы ажыццяўляюць супрацоўніцтва ў сферы культуры з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, у тым ліку ў рамках дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

2. Асноўнымі напрамкамі супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі з’яўляюцца:

2.1. рэалізацыя культурных праектаў, у тым ліку сумесныя вытворчасць фільмаў, арганізацыя і правядзенне культурных мерапрыемстваў;

2.2. праектаванне, узвядзенне і (або) рэканструкцыя, рэстаўрацыя, рамонт, мадэрнізацыя, а таксама тэхнічнае абслугоўванне і (або) эксплуатацыя аб’ектаў культурнай інфраструктуры;

2.3. правядзенне мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны.

3. Формамі супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з камерцыйнымі арганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі з’яўляюцца:

3.1. распрацоўка дзяржаўных і іншых праграм, накіраваных на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры, выканаўцамі мерапрыемстваў якіх могуць быць камерцыйныя арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі;

3.2. заключэнне пагаднення аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве ў парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве;

3.3. заключэнне канцэсійнага, інвестыцыйнага і іншых дагавораў у парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўчымі актамі;

3.4. размяшчэнне сацыяльна-творчых заказаў;

3.5. іншыя формы.



Артыкул 17. Сацыяльна-творчыя заказы

1. У мэтах стымулявання творчага пошуку суб’ектаў культурнай дзейнасці, падтрымкi творчых работнікаў, вырашэння iншых сацыяльна-культурных задач Мiнiстэрства культуры, іншыя дзяржаўныя органы маюць права размяшчаць у суб’ектаў культурнай дзейнасцi сацыяльна-творчыя заказы на стварэнне новых твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва, выкананняў, арганiзацыю i правядзенне культурных мерапрыемстваў, аказанне іншых паслуг і выкананне работ у сферы культуры.

2. Размяшчэнне сацыяльна-творчага заказу ажыццяўляецца шляхам заключэння дагавора паміж Мiнiстэрствам культуры (iншым дзяржаўным органам) і іншым суб’ектам культурнай дзейнасцi.

Артыкул 18. Падтрымка таленавітай моладзі

1. У мэтах выяўлення, станаўлення, развіцця, рэалізацыі і захавання інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу моладзі, забеспячэння пераемнасці культурных традыцый Рэспублікі Беларусь дзяржава рэалізуе сістэму мер па падтрымцы таленавітай моладзі і стварэнні ўмоў для яе плённай дзейнасці.

2. У Рэспубліцы Беларусь арганізуюцца мерапрыемствы, у тым ліку алімпіяды і конкурсы, накіраваныя на выяўленне таленавітай моладзі, праводзіцца пастаянны аналіз работы з такой моладдзю, вядзецца банк даных таленавітай моладзі.

3. Мерамі падтрымкі таленавітай моладзі з’яўляюцца прысуджэнне заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, прадастаўленне грамадзянам, уключаным у банк даных таленавітай моладзі, ільгот і гарантый у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.

4. Фарміруе і вядзе банк даных таленавітай моладзі Міністэрства культуры або юрыдычная асоба, ім упаўнаважаная.

Парадак фарміравання, вядзення і выкарыстання банка даных таленавітай моладзі ўстанаўліваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.



1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка