Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры




старонка3/15
Дата канвертавання08.01.2018
Памер3.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15
ГЛАВА 4
КАНТРОЛЬ, ГРАМАДСКІ КАНТРОЛЬ У СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ


Артыкул 19. Кантроль у сферы культуры

1. Кантроль у сферы культуры ажыццяўляецца ў мэтах забеспячэння выканання заканадаўства аб культуры дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі.

2. Пералік дзяржаўных органаў, упаўнаважаных ажыццяўляць кантроль у сферы культуры, парадак і перыядычнасць ажыццяўлення кантролю ў сферы культуры ўстанаўліваюцца актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і іншымі актамі заканадаўства аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці.

Артыкул 20. Грамадскі кантроль у сферы культуры

1. Грамадскі кантроль у сферы культуры ажыццяўляецца ў мэтах забеспячэння выканання патрабаванняў:

1.1. ахоўных абавязацельстваў;

1.2. рэжымаў утрымання і выкарыстання зон аховы нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.3. аб абмежаванні правоў уласніка (карыстальніка) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць;

1.4. аб усталяванні на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях ахоўных дошак;

1.5. да выканання работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях.

2. Грамадскі кантроль у сферы культуры ажыццяўляецца грамадскімі назіральнымі камісіямі па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якія ствараюцца пры Міністэрстве культуры і мясцовых выканаўчых і распарадчых органах абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў.

3. У склад грамадскіх назіральных камісій па ахове гісторыка-культурнай спадчыны могуць уваходзіць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў у сферы культуры, якія займаюцца пытаннямі гісторыка-культурнай спадчыны, і прадстаўнікі дзяржаўных органаў, пры якіх яны створаны.

4. Члены грамадскіх назіральных камісій па ахове гісторыка-культурнай спадчыны маюць права:

4.1. прымаць удзел у пасяджэннях Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь (далей, калі не вызначана іншае, – Рада) і абласных (Мінскага гарадскога) саветаў па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны з правам дарадчага голасу;

4.2. прымаць удзел у мерапрыемствах па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

4.3. па ўзгадненні з уласнікам (карыстальнікам) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальнікам, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, наведваць гэтыя нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці і праводзіць іх візуальны агляд;

4.4. са згоды ўласніка (карыстальніка) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальніка, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, атрымліваць ад іх інфармацыю і тлумачэнні па пытаннях забеспячэння выканання патрабаванняў, прадугледжаных пунктам 1 гэтага артыкула;

4.5. уносіць уласніку (карыстальніку) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальніку, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, прапановы аб устараненні парушэння патрабаванняў, прадугледжаных пунктам 1 гэтага артыкула;

4.6. інфармаваць дзяржаўныя органы аб парушэнні ўласнікам (карыстальнікам) матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, землекарыстальнікам, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць, патрабаванняў, прадугледжаных пунктам 1 гэтага артыкула;

4.7. выконваць іншыя функцыі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства аб культуры.

ГЛАВА 5
ФІНАНСАВАЕ І МАТЭРЫЯЛЬНА-ТЭХНІЧНАЕ ЗАБЕСПЯЧЭННЕ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ


Артыкул 21. Крыніцы фінансавання ў сферы культуры

1. Фінансаванне ў сферы культуры ажыццяўляецца ў мэтах забеспячэння правоў грамадзян у сферы культуры, агульнадаступнасці культурных даброт і павышэння іх якасці, рэалізацыі напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы культуры.

2. Фінансаванне ў сферы культуры ўключае наступныя крыніцы:

2.1. сродкі рэспублiканскага i (або) мясцовых бюджэтаў;

2.2. сродкі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы культуры i мастацтва;

2.3. сродкі фондаў, якія заснаваны юрыдычнымі асобамі і (або) грамадзянамі ў адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам для фінансавання культурнай дзейнасці;

2.4. сродкі суб’ектаў культурнай дзейнасці, у тым ліку спонсараў і мецэнатаў культуры, заснавальнiкаў арганізацый культуры, уласнікаў (карыстальнікаў) матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, землекарыстальнікаў, на зямельных участках якіх размешчаны нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці, іншых юрыдычных асоб і арганізацый, якія не з’яўляюцца юрыдычнымі асобамі, у тым ліку замежных і міжнародных, i іншых грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, – як уласныя, уключаючы сродкі, атрыманыя ад ажыццяўлення дзейнасці, якая прыносіць даход, так і пазыковыя сродкі;

2.5. iншыя крынiцы, не забароненыя заканадаўствам.



Артыкул 22. Асаблівасці фінансавання дзяржаўных арганізацый культуры

1. Фінансаванне дзяржаўных арганізацый культуры ажыццяўляецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, сродкаў заснавальнікаў, сродкаў, атрыманых ад ажыццяўлення дзейнасці, якая прыносіць даход, бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, ахвяраванняў мецэнатаў культуры і іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.

2. Фінансаванне дзяржаўных арганізацый культуры ажыццяўляецца з улікам дзяржаўных мінімальных сацыяльных стандартаў у сферы культуры, рэалізацыі дзяржаўных і іншых праграм, накіраваных на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры.

Артыкул 23. Фінансаванне ў сферы культуры за кошт сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы культуры i мастацтва

Фінансаванне ў сферы культуры ажыццяўляецца за кошт сродкаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па падтрымцы культуры i мастацтва ў парадку, устаноўленым Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.



Артыкул 24. Дзейнасць устаноў культуры, якая прыносіць даход

1. Установы культуры могуць ажыццяўляць дзейнасць, якая прыносіць даход, у адпаведнасці з актамі заканадаўства.

2. Ажыццяўленне дзяржаўнымі ўстановамі культуры дзейнасці, якая прыносіць даход, не з’яўляецца падставай для зніжэння іх фінансавання за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў.

Артыкул 25. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ў сферы культуры

1. Матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне ў сферы культуры прадугледжвае стварэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы, неабходнай для ажыццяўлення і (або) забеспячэння культурнай дзейнасці арганізацыямі культуры, іншымі юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць.

2. Не дапускаюцца неабгрунтаваныя скарачэнне або пагаршэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры.

3. Матэрыяльна-тэхнічная база арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, фарміруецца зыходзячы з напрамкаў культурнай дзейнасці і ўключае зямельныя ўчасткі, капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), памяшканні, абсталяванне, тэхнічныя і іншыя сродкі, iншую маёмасць, неабходную для ажыццяўлення і (або) забеспячэння культурнай дзейнасці.

4. Дзяржаўныя органы садзейнічаюць развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы дзяржаўных арганізацый культуры.

5. Асаблівасці фарміравання матэрыяльна-тэхнічнай базы некаторых тыпаў арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, вызначаюцца гэтым Кодэксам і могуць прадугледжваць патрабаванні аб забеспячэнні пэўнай маёмасцю, неабходнай для ажыццяўлення і (або) забеспячэння культурнай дзейнасці. У выпадках, прадугледжаных гэтым Кодэксам, матэрыяльна-тэхнічная база пэўных відаў і тыпаў арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дейнасць, павінна ўключаць фонды культурных каштоўнасцей, а таксама забяспечваць стварэнне ўмоў для іх захавання і выкарыстання.



ГЛАВА 6
МІЖНАРОДНАЕ СУПРАЦОЎНІЦТВА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ


Артыкул 26. Задачы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры

Задачамі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры з’яўляюцца:

устанаўленне міжнародных адносін у сферы культуры;

азнаямленне сусветнай грамадскасці з беларускай нацыянальнай культурай і яе папулярызацыя;

узбагачэнне культурнага жыцця, далучэнне грамадзян, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, да культурных каштоўнасцей сусветнай культуры;

умацаванне і развіццё культурных сувязей паміж Рэспублікай Беларусь і беларусамі замежжа;

захаванне нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа;

інтэграцыя беларускай нацыянальнай культуры ў сусветную культуру і сусветную інфармацыйную прастору.



Артыкул 27. Прынцыпы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры

Суб’екты культурнай дзейнасці пры ажыццяўленні міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры кіруюцца наступнымі прынцыпамі:

прызнанне і павага годнасці, каштоўнасці і неабходнасці захавання кожнай культуры, разгляд усіх нацыянальных культур і моў у іх разнастайнасці ў якасці састаўной часткі агульнага здабытку чалавецтва;

роўнасць нацыянальных культур і роўная іх вартасць для сусветнай культуры;

служэнне культуры развіццю мірных і дружалюбных адносін паміж краінамі і народамі;

узаемавыгаднасць культурнага супрацоўніцтва;

абавязковасць аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей як у мірны час, так і ў выпадку ўзброенага канфлікту.

Артыкул 28. Прававыя асновы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры

Прававымі асновамі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры з’яўляюцца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, гэты Кодэкс, міжнародныя дагаворы Рэспублікі Беларусь, дагаворы паміж суб’ектамі культурнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь і замежных краін, міжнародныя, дзяржаўныя і іншыя праграмы, накіраваныя на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры, рашэнні міжнародных арганізацый, удзельніцай якіх з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, і іншыя міжнародна-прававыя акты, якія з’яўляюцца абавязковымі для Рэспублікі Беларусь.



Артыкул 29. Напрамкі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры

Напрамкамі міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы культуры з’яўляюцца:

міжнародны культурны абмен;

удзел у стварэнні і дзейнасці міжнародных органаў і юрыдычных асоб у сферы культуры;

пашырэнне культурнага супрацоўніцтва з беларусамі замежжа і аказанне ім падтрымкі;

ахова гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;

сумесная дзейнасць па стварэнні і выкарыстанні культурных каштоўнасцей, стварэнне копій культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ў музейных, бібліятэчных, архіўных і іншых фондах Рэспублікі Беларусь і замежных краін;

навукова-даследчая дзейнасць;

сумесная рэалізацыя культурных праектаў, у тым ліку вытворчасць фільмаў, арганізацыя і правядзенне культурных мерапрыемстваў;

развіццё і ўдасканаленне дагаворнай базы міжнароднага культурнага супрацоўніцтва.



Артыкул 30. Міжнародны культурны абмен

1. Міжнародны культурны абмен закранае ўсе напрамкі культурнай дзейнасці і ажыццяўляецца паміж Рэспублікай Беларусь і замежнымі краінамі ў наступных формах:

1.1. арганізацыя і правядзенне дзён нацыянальнай культуры, дзён кіно, гастроляў, выставак і іншых культурных мерапрыемстваў;

1.2. стварэнне культурных цэнтраў;

1.3. устанаўленне кантактаў паміж суб’ектамі культурнай дзейнасці;

1.4. накіраванне навучэнцаў і педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры і работнікаў культуры на навучанне (стажыроўку);

1.5. арганізацыя моўных і краязнаўчых курсаў (школ), правядзенне семінараў па пытаннях культуры, мовы, гісторыі, майстар-класаў і іншых мерапрыемстваў у гэтай сферы;

1.6. абмен інфармацыяй аб правядзенні міжнародных культурных мерапрыемстваў, мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны, забеспячэнне ўдзелу прадстаўнікоў замежных краін у такіх мерапрыемствах;

1.7. абмен друкаванымі выданнямі і іншымі матэрыяламі па пытаннях культурнай дзейнасці.

2. Міжнародны культурны абмен можа таксама ажыццяўляцца ў іншых формах, прадугледжаных міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававымі актамі, якія складаюць нарматыўную прававую базу Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы і (або) права Еўразійскага эканамічнага саюза, дагаворамі, якія заключаюцца паміж суб’ектамі культурнай дзейнасці Рэспублікі Беларусь і замежных краін, а таксама міжнароднымі, дзяржаўнымі і іншымі праграмамі, накіраванымі на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры.



Артыкул 31. Падтрымка беларусаў замежжа ў сферы культуры

1. У мэтах падтрымкі беларусаў замежжа ў сферы культуры Рэспубліка Беларусь спрыяе:

1.1. адкрыццю i дзейнасцi культурных цэнтраў Рэспублiкi Беларусь у краiнах пражывання беларусаў замежжа;

1.2. дзейнасці існуючых і стварэнню новых арганізацый культуры;

1.3. культурнаму абмену паміж Рэспублікай Беларусь і грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа;

1.4. выданню работ замежных і айчынных аўтараў па гісторыі і культуры Беларусi i беларусаў замежжа;

1.5. правядзенню ў Рэспубліцы Беларусь культурных мерапрыемстваў з удзелам беларусаў замежжа і ў краінах пражывання беларусаў замежжа – з удзелам беларускіх калектываў мастацкай творчасці, асобных выканаўцаў, іншых творчых работнікаў;

1.6. аказанню практычнай дапамогі беларусам замежжа ў захаванні нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці (забеспячэнне сцэнічнымі касцюмамі і музычнымі інструментамі, дзяржаўнай сімволікай, беларускамоўнымі выданнямі, слоўнікамі, фота-, аўдыя- i вiдэапрадукцыяй, аўдыя- i вiдэатэхнiкай і іншым);

1.7. арганізацыi сумеснай работы дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў Рэспублiкi Беларусь і грамадскіх аб’яднанняў (арганізацый) беларусаў замежжа па вяртанні ў Рэспублiку Беларусь культурных каштоўнасцей беларускага народа;

1.8. азнаямленню беларусаў замежжа з беларускай нацыянальнай культурай, гісторыяй Беларусі і вывучэнню беларусамі замежжа беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі;

1.9. рэалiзацыi iншых мер у адпаведнасцi з заканадаўствам аб беларусах замежжа.

2. Для абмеркавання пытанняў узаемадзеяння з беларусамі замежжа пры Міністэрстве культуры ў адпаведнасці з заканадаўствам аб беларусах замежжа можа стварацца кансультатыўны савет па справах беларусаў замежжа.



РАЗДЗЕЛ II
СУБ’ЕКТЫ КУЛЬТУРНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ


ГЛАВА 7
ГРАМАДЗЯНЕ


Артыкул 32. Правы грамадзян Рэспублікі Беларусь у сферы культуры

Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у сферы культуры маюць права на:

удзел у культурным жыцці;

дастойны ўзровень культурнага жыцця;

эстэтычнае выхаванне;

атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцці;

свабоду творчай дзейнасці;

культурную самабытнасць, адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый;

свабоду аб’яднанняў у сферы культуры;

стварэнне арганізацый культуры;

абскарджанне дзеянняў арганізацый культуры і іх работнікаў, якія парушаюць правы грамадзян у сферы культуры;

ахову аўтарскага права і сумежных правоў;

увоз і (або) вываз культурных каштоўнасцей, у тым ліку вынікаў асабістай творчай дзейнасці, у парадку, прадугледжаным гэтым Кодэксам, іншымі актамі заканадаўства аб культуры, заканадаўствам аб знешнеэканамічнай дзейнасці, заканадаўствам аб мытным рэгуляванні, міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававымі актамі, якія складаюць нарматыўную прававую базу Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы і (або) права Еўразійскага эканамічнага саюза;

іншыя правы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.



Артыкул 33. Абавязкі грамадзян Рэспублікі Беларусь у сферы культуры

1. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь у сферы культуры абавязаны:

1.1. берагчы гісторыка-культурную і археалагічную спадчыну;

1.2. паважаць дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь і нацыянальныя культурныя традыцыі;

1.3. беражліва адносіцца да культурных каштоўнасцей, бібліятэчных і музейных фондаў;

1.4. паважаць і не парушаць правы іншых асоб у сферы культуры, у тым ліку паважаць культурныя традыцыі і мовы нацыянальных супольнасцей;

1.5. выконваць правілы наведвання (правілы карыстання) арганізацый культуры і іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;

1.6. выконваць іншыя абавязкі, прадугледжаныя гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.

2. Бацькі, іншыя законныя прадстаўнікі абавязаны клапаціцца аб эстэтычным выхаванні і культурным развіцці дзяцей, далучэнні іх да культурных даброт і культурнай дзейнасці.

Артыкул 34. Правы і абавязкі замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў сферы культуры

Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь карыстаюцца правамі і выконваюць абавязкі ў сферы культуры нараўне з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі, міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.



Артыкул 35. Права на ўдзел у культурным жыцці

1. Права на ўдзел у культурным жыцці рэалізуецца шляхам ажыццяўлення культурнай дзейнасці, доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей і да карыстання імі.

2. Ажыццяўленне культурнай дзейнасці прадугледжвае:

2.1. свабоду выбару напрамкаў культурнай дзейнасці, напрамкаў (школ), форм, відаў і прыёмаў мастацкай творчасці ў адпаведнасці са сваімі патрэбнасцямі, інтарэсамі і здольнасцямі (магчымасцямі);

2.2. магчымасць самастойна або сумесна з іншымі суб’ектамі культурнай дзейнасці ажыццяўляць культурную дзейнасць.

3. Доступ (далучэнне) да культурных каштоўнасцей і да карыстання імі прадугледжвае:

3.1. свабоду выбару віду культурных каштоўнасцей, а таксама формы далучэння да іх;

3.2. магчымасць наведвання (карыстання паслугамі) арганізацый культуры, аб’ектаў культурнай інфраструктуры ў мэтах азнаямлення з культурнымі каштоўнасцямі, іх вывучэння і засваення, у тым ліку ў выпадках, прадугледжаных гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі, на льготных умовах, у тым ліку бясплатна;

3.3. магчымасць далучэння да культурных каштоўнасцей з дапамогай інфармацыі, якая зафіксавана на матэрыяльных носьбітах або распаўсюджваецца сродкамі масавай інфармацыі;

3.4. магчымасць азнаямлення з культурнымі каштоўнасцямі, іх вывучэння і засваення шляхам непасрэднага ўспрымання;

3.5. магчымасць выкарыстання культурных каштоўнасцей і работы з імі ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства;

3.6. стварэнне ўмоў інвалідам і іншым фізічна аслабленым асобам для забеспячэння доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей і да карыстання імі.

4. Забеспячэнне доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей дзейнічае ў адносінах да:

4.1. матэрыяльных культурных каштоўнасцей, якія належаць дзяржаве і (або) знаходзяцца ў фондах арганізацый культуры, поўнасцю або часткова фінансуемых з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў;

4.2. нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, выключныя правы на выкарыстанне якіх належаць дзяржаве, арганізацыям культуры, поўнасцю або часткова фінансуемым з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, а таксама нематэрыяльных культурных каштоўнасцей, што перайшлі ў грамадскі набытак.

5. Забеспячэнне доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, прадугледжаных пунктам 4 гэтага артыкула, можа быць абмежавана ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам зыходзячы са спецыфікі культурных каштоўнасцей і (або) пры стварэнні пагрозы іх далейшаму існаванню або захаванню.

6. Магчымасць доступу (далучэння) да культурных каштоўнасцей, не прадугледжаных пунктам 4 гэтага артыкула, а таксама ўмовы і парадак такога доступу (далучэння) вызначаюцца ўласнікам або ўладальнікам выключных правоў на культурныя каштоўнасці, калі іншае не ўстаноўлена гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.

Артыкул 36. Права на дастойны ўзровень культурнага жыцця

Грамадзяне маюць права на дастойны ўзровень культурнага жыцця, які забяспечваецца разнастайнасцю напрамкаў культурнай дзейнасці, відаў і тыпаў арганізацый культуры, якія арыентаваны на розныя катэгорыі насельніцтва, разнастайнасцю аб’ектаў культурнай інфраструктуры, якасным узроўнем культурных даброт, а таксама стварэннем эстэтычнага жыццёвага асяроддзя.



Артыкул 37. Права на эстэтычнае выхаванне

1. Грамадзяне без абмежаванняў узросту маюць права на эстэтычнае выхаванне ў адпаведнасцi з актамі заканадаўства аб культуры і аб адукацыі.

2. Эстэтычнае выхаванне грамадзян накіравана на фарміраванне ў іх эстэтычнага густу, развіццё пачуцця прыгожага.

Артыкул 38. Права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцці

Грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб культурным жыцці, у тым ліку аб змесце культурнай дзейнасці, культурных дабротах і аб’ектах культурнай інфраструктуры, за выключэннем інфармацыі, распаўсюджванне і (або) прадастаўленне якой абмежавана ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.



Артыкул 39. Права на культурную самабытнасць, адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый

1. Кожнаму грамадзяніну гарантуецца права на культурную самабытнасць, адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый.

2. Грамадзяне, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь і з’яўляюцца прадстаўнікамі нацыянальных супольнасцей або выхадцамі з іншага культурнага асяроддзя, маюць права захоўваць і развіваць сваю нацыянальную культуру, выхоўваць дзяцей у нацыянальных культурных традыцыях, карыстацца роднай мовай, устанаўліваць культурныя сувязі з прадстаўнікамі адпаведных нацыянальных супольнасцей, якія пражываюць у замежных краінах, калі гэта не супярэчыць актам заканадаўства.

Артыкул 40. Права на свабоду аб’яднанняў у сферы культуры

1. Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ствараць грамадскія аб’яднанні ў сферы культуры, у тым ліку творчыя саюзы, а таксама ўступаць у дзеючыя грамадскія аб’яднанні ў сферы культуры.

2. Замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства могуць уступаць у дзеючыя грамадскія аб’яднанні ў сферы культуры, у тым ліку творчыя саюзы, калі гэта прадугледжана іх статутамі.

3. Замежныя грамадзяне могуць выступаць заснавальнікамі міжнародных грамадскіх аб’яднанняў у сферы культуры, у тым ліку творчых саюзаў, якія ствараюцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

4. Дзейнасць грамадскiх аб’яднанняў у сферы культуры рэгулюецца гэтым Кодэксам і заканадаўствам аб грамадскiх аб’яднаннях.

Артыкул 41. Творчыя работнікі

1. Творчыя работнікі могуць ажыццяўляць творчую дзейнасць:

1.1. самастойна, або на падставе працоўнага дагавора (кантракта) ці грамадзянска-прававога дагавора, або на падставе ўдзелу (членства) ці прыёму (запісу);

1.2. на прафесійнай аснове (як правiла, у якасцi асноўнага занятку, што прыносiць даход) або непрафесійнай (аматарскай) аснове (як правiла, у якасці дадатковага занятку, што можа прыносіць даход);

1.3. у калектыве або індывідуальна.

2. Творчыя работнiкі маюць права на:

2.1. псеўданім;

2.2. выкарыстанне вынікаў сваёй творчай дзейнасці;

2.3. абарону ад скажэння іншымі асобамі вынікаў творчай дзейнасці;

2.4. атрыманне даходу ад сваёй творчай дзейнасці;

2.5. ажыццяўленне творчай дзейнасці сумесна з іншымі грамадзянамі;

2.6. ахову сакрэтаў прафесійнага майстэрства;

2.7. іншыя правы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.

3. У мэтах стымулявання творчых работнікаў, папулярызацыі асабістых вынікаў іх творчай дзейнасці, павышэння прэстыжу творчых прафесiй у грамадстве, а таксама выяўлення і заахвочвання талентаў рэгулярна праводзяцца рэспубліканскія і рэгіянальныя выстаўкі, іншыя культурныя мерапрыемствы.

4. У мэтах рэалізацыі і развіцця творчага патэнцыялу творчых работнікаў, забеспячэння пераемнасці нацыянальных культурных традыцый могуць стварацца дамы творчасцi, дамы лiтаратара (кампазiтара, архiтэктара i iншых творчых работнікаў), палацы i дамы мастацтваў, а таксама творчыя лабараторыi, творчыя майстэрнi, гасцёўнi і іншае.

Артыкул 42. Пацвярджэнне статусу творчага работніка

1. Статус творчага работніка, які з’яўляецца членам творчага саюза, пацвярджаецца творчым саюзам у парадку, устаноўленым статутам творчага саюза.

Статус творчага работніка, які не з’яўляецца членам творчага саюза, пацвярджаецца прафесійным сертыфікатам творчага работніка, які выдаецца экспертнай камісіяй па пацвярджэнні статусу творчага работніка ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

Форма прафесійнага сертыфіката творчага работніка ўстанаўліваецца Міністэрствам культуры.

2. Экспертная камісія па пацвярджэнні статусу творчага работніка ствараецца пры Міністэрстве культуры.

3. Экспертная камісія па пацвярджэнні статусу творчага работніка:

3.1. арганізуе правядзенне экспертызы матэрыялаў, якія пацвярджаюць вынікі творчай дзейнасці;

3.2. прыцягвае да правядзення экспертызы прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, творчых саюзаў, іншых арганізацый, спецыялістаў у сферы культуры, дзеячаў культуры і мастацтва, якія не з’яўляюцца членамі экспертнай камісіі;

3.3. накіроўвае ў дзяржаўныя органы, творчыя саюзы, іншыя арганізацыі запыты для атрымання ад іх дакументаў і (або) звестак, неабходных для пацвярджэння статусу творчага работніка;

3.4. заслухоўвае на сваіх пасяджэннях прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, творчых саюзаў, іншых арганізацый па пытаннях пацвярджэння статусу творчага работніка;

3.5. прымае рашэнні аб выдачы (адмове ў выдачы) прафесійнага сертыфіката творчага работніка, ануляванні прафесійнага сертыфіката творчага работніка;

3.6. ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

4. Для пацвярджэння статусу творчага работніка грамадзянін звяртаецца ў экспертную камісію па пацвярджэнні статусу творчага работніка з заявай па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры, да якой прыкладаюцца матэрыялы, прадугледжаныя заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.

Пры неабходнасці грамадзянін забяспечвае доступ да вынікаў творчай дзейнасці.

5. Для пацвярджэння статусу творчага работніка вынікі творчай дзейнасці:

5.1. павінны:

адносіцца да твораў мастацкай літаратуры або мастацтва;

з’яўляцца новымі, якія не існавалі раней, вынікамі інтэлектуальнай дзейнасці;

быць створаны на высокім мастацкім узроўні;

5.2. публікаваліся, публічна выконваліся, іншым спосабам даводзіліся да ўсеагульнага ведама на працягу апошніх трох гадоў.

6. Падставамі для адмовы ў выдачы прафесійнага сертыфіката творчага работніка з’яўляюцца:

6.1. неадпаведнасць вынікаў творчай дзейнасці патрабаванням, прадугледжаным пунктам 5 гэтага артыкула;

6.2. прадстаўленне дакументаў і (або) звестак, якія не адпавядаюць патрабаванням гэтага Кодэкса, іншых актаў заканадаўства, у тым лiку прадстаўленне падложных, падробленых або несапраўдных дакументаў.

7. Падставай для анулявання прафесійнага сертыфіката творчага работніка з’яўляецца рашэнне суда аб тым, што грамадзянін не з’яўляецца аўтарам (выканаўцам) твораў мастацкай літаратуры або мастацтва.

Копія рашэння аб ануляванні прафесійнага сертыфіката творчага работніка не пазней за пяць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння накіроўваецца грамадзяніну, у адносінах да якога прынята рашэнне аб ануляванні прафесійнага сертыфіката творчага работніка.

Звесткі аб ануляванні прафесійнага сертыфіката творчага работніка з’яўляюцца адкрытымі і размяшчаюцца на афіцыйным сайце Міністэрства культуры ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.

Грамадзянін не пазней за тры каляндарныя дні з дня атрымання копіі рашэння аб ануляванні прафесійнага сертыфіката творчага работніка абавязаны вярнуць у Міністэрства культуры прафесійны сертыфікат творчага работніка.

8. У выпадку страты прафесійнага сертыфіката творчага работніка выдаецца яго дублікат у адпаведнасці з заканадаўствам аб адміністрацыйных працэдурах.



Артыкул 43. Асаблівасці прававога статусу работнікаў культуры

1. Правы і абавязкі работнікаў культуры вызначаюцца ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам, іншымі актамі заканадаўства, лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі, працоўным дагаворам (кантрактам) і залежаць ад напрамку культурнай дзейнасці, што ажыццяўляе работнік культуры.

2. Работнікі культуры, акрамя дзеячаў культуры і мастацтва, падлягаюць атэстацыі не радзей за адзін раз у пяць гадоў, калі заканадаўчымі актамі не ўстаноўлена іншае.

Парадак правядзення атэстацыі работнікаў культуры вызначаецца актамі заканадаўства.

3. Падрыхтоўка, павышэнне квалiфiкацыi i перападрыхтоўка работнiкаў культуры ажыццяўляюцца ва ўстановах адукацыi, iншых арганiзацыях у адпаведнасцi з заканадаўствам аб адукацыі.

Парадак падрыхтоўкi, павышэння квалiфiкацыi i перападрыхтоўкi работнiкаў культуры, прысваення iм квалiфiкацыйных катэгорый вызначаецца ў адпаведнасцi з заканадаўствам аб адукацыі і аб працы.

4. У мэтах павышэння прафесійнай кампетэнтнасці работнікі культуры могуць накіроўвацца на стажыроўку за межы Рэспублікі Беларусь.

Парадак накіравання работнікаў культуры на стажыроўку за межы Рэспублікі Беларусь вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, калі іншае не вызначана Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.



1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка