Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры




старонка4/15
Дата канвертавання08.01.2018
Памер3.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15
ГЛАВА 8
КАЛЕКТЫВЫ МАСТАЦКАЙ ТВОРЧАСЦІ


Артыкул 44. Паняцце і віды калектываў мастацкай творчасці

1. Калектывы мастацкай творчасці – аб’яднанні грамадзян, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю.

2. Віды калектываў мастацкай творчасці:

2.1. прафесійныя калектывы мастацкай творчасці;

2.2. непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці;

2.3. аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці.

3. Прафесійным калектывам мастацкай творчасці прызнаецца калектыў, што складаецца з грамадзян, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на прафесійнай аснове.

4. Непрафесійным (аматарскім) калектывам мастацкай творчасці прызнаецца калектыў, што складаецца з грамадзян, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на непрафесійнай аснове, за выключэннем кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які, як правіла, займаецца мастацкай творчасцю на прафесійнай аснове.

5. Аўтэнтычным фальклорным калектывам мастацкай творчасці прызнаецца калектыў, што складаецца з грамадзян, звязаных з натуральным фальклорным асяроддзем пэўнай мясцовасці, якія атрымалі і перадаюць у вуснай традыцыі фальклорныя веды і навыкі, сумесна займаюцца мастацкай творчасцю на непрафесійнай аснове.

Артыкул 45. Жанры і формы калектываў мастацкай творчасці

1. Па жанрах калектывы мастацкай творчасці падзяляюцца на:

1.1. тэатральныя (драматычныя, музычныя, лялечныя, прозы i паэзii, сатыры і гумару, пантамiмы, мiнiяцюр i iншых тэатральных жанраў);

1.2. вакальна-харавыя (з акадэмiчнай, народнай, эстраднай манерай выканання i iншых вакальна-харавых жанраў);

1.3. харэаграфiчныя (народнага, класiчнага, бальнага, эстраднага танцаў i iншых харэаграфічных жанраў);

1.4. музычна-iнструментальныя (народных, ударных, духавых iнструментаў, духавой, старадаўняй, класічнай, камернай, эстраднай музыкi i iншых музычна-інструментальных жанраў);

1.5. фальклорныя (розных вiдаў i жанраў фальклору);

1.6. дэкаратыўна-прыкладныя (лозапляцення, саломапляцення, керамiкi, апрацоўкi дрэва, вышыўкi, ткацтва i iншых дэкаратыўна-прыкладных жанраў);

1.7. выяўленчыя (жывапiсу, графiкi, скульптуры і іншых выяўленчых жанраў);

1.8. цыркавыя;

1.9. дызайнерскія;

1.10. фота-, слайд-, кiнамастацтва;

1.11. калектывы, якiя дзейнiчаюць на спалучэннi розных жанраў (вакальна-iнструментальны, песнi i танца, дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва);

1.12. iншыя жанры.

2. Па формах калектывы мастацкай творчасці падзяляюцца на:

2.1. хор;

2.2. аркестр;

2.3. тэатр;

2.4. ансамбль;

2.5. цырк;

2.6. студыю;

2.7. іншыя формы.



Артыкул 46. Статус калектываў мастацкай творчасці

1. Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці і непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці могуць стварацца ў якасці юрыдычнай асобы і з’яўляцца арганізацыямі культуры або стварацца ў якасці падраздзялення юрыдычнай асобы і не з’яўляцца арганізацыямі культуры. Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці таксама могуць быць клубнымі фарміраваннямі.

2. Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці і непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці, якія ствараюцца ў якасці юрыдычнай асобы, дзейнічаюць на падставе статута і (або) устаноўчага дагавора.

3. Прафесійныя калектывы мастацкай творчасці, якія ствараюцца ў якасці падраздзялення юрыдычнай асобы, і непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці, якія ствараюцца ў якасці падраздзялення юрыдычнай асобы або клубнага фарміравання, дзейнічаюць на падставе палажэння, зацверджанага іх заснавальнікам.

4. Статус непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці пацвярджаецца пашпартам непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які змяшчае асноўныя звесткі аб гэтым калектыве. Пашпарт непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці складаецца заснавальнікам калектыву мастацкай творчасці па форме, устаноўленай Міністэрствам культуры.

У выпадку змянення звестак, унесеных у пашпарт непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, заснавальнік калектыву мастацкай творчасці абавязаны ў двухмесячны тэрмін з дня ўзнiкнення падставы для іх змянення скласці новы пашпарт непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці.

5. Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці могуць быць клубнымі або іншымі фарміраваннямі.

Аўтэнтычныя фальклорныя калектывы мастацкай творчасці, якія з’яўляюцца клубнымі фарміраваннямі, дзейнічаюць на падставе палажэння, зацверджанага іх заснавальнікам.



Артыкул 47. Парадак стварэння і ліквідацыі (спынення дзейнасці) прафесійных калектываў мастацкай творчасці і непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці

1. Парадак стварэння і ліквідацыі прафесійных калектываў мастацкай творчасці і непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці, якія з’яўляюцца арганізацыямі культуры, устанаўліваецца Грамадзянскiм кодэксам Рэспублiкi Беларусь і iншымi заканадаўчымi актамi.

2. Парадак стварэння прафесійных калектываў мастацкай творчасці і непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, устанаўліваецца іх заснавальнікам.

3. Заснавальнікам прафесійнага калектыву мастацкай творчасці, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, выступае юрыдычная асоба, у структуры якой створаны гэты калектыў.

4. Заснавальнікам непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, выступае юрыдычная асоба, у структуры якой створаны або на базе якой дзейнічае гэты калектыў.

Юрыдычная асоба, на базе якой дзейнічае непрафесійны (аматарскі) калектыў мастацкай творчасці, – юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе арганізацыйнае, фінансавае і матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне творчай дзейнасці непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці без стварэння падраздзялення ў структуры гэтай юрыдычнай асобы.

5. Спыненне дзейнасці прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, ажыццяўляецца па рашэнні іх заснавальніка.

Артыкул 48. Падставы для ажыццяўлення дзейнасці ўдзельнікамі прафесійных калектываў мастацкай творчасці, непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці

1. Удзельнікі прафесійнага калектыву мастацкай творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або грамадзянска-прававога дагавора.

2. Удзельнікі непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, за выключэннем кіраўніка непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе ўдзелу (членства) або прыёму (запісу) на аснове добраахвотнага волевыяўлення, у тым ліку па выніках папярэдняга адбору (конкурсу).

Кіраўнік непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які з’яўляецца арганізацыяй культуры, ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або грамадзянска-прававога дагавора, якія заключаюцца з заснавальнікам калектыву, ці на іншых падставах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

Кіраўнік непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, які не з’яўляецца арганізацыяй культуры, ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або грамадзянска-прававога дагавора, якія заключаюцца з заснавальнікам калектыву, ці на падставе ўдзелу (членства) або прыёму (запісу) на аснове добраахвотнага волевыяўлення, у тым ліку па выніках папярэдняга адбору (конкурсу).

3. Удзельнікі аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на падставе ўдзелу (членства).

Кіраўнік аўтэнтычнага фальклорнага калектыву мастацкай творчасці, які з’яўляецца клубным фарміраваннем, можа ажыццяўляць сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта) або грамадзянска-прававога дагавора, якія заключаюцца з заснавальнікам калектыву.

Артыкул 49. Кіраванне ў прафесійным калектыве мастацкай творчасці або непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры

1. Кіраванне ў прафесійным калектыве мастацкай творчасці або непрафесійным (аматарскім) калектыве мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, ажыццяўляецца заснавальнікам калектыву і кіраўніком калектыву ў адпаведнасці з устаноўчым дакументам заснавальніка калектыву і палажэннем, зацверджаным заснавальнікам калектыву.

2. У выпадку, калі кіраўнік прафесійнага калектыву мастацкай творчасці або непрафесійнага (аматарскага) калектыву мастацкай творчасці, якія не з’яўляюцца арганізацыямі культуры, ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе працоўнага дагавора (кантракта), ён назначаецца на пасаду і вызваляецца ад пасады заснавальнікам калектыву і нясе перад ім адказнасць за дзейнасць калектыву.

ГЛАВА 9
АРГАНІЗАЦЫІ КУЛЬТУРЫ І ПАДРАЗДЗЯЛЕННІ ЮРЫДЫЧНЫХ АСОБ


Артыкул 50. Арганізацыі культуры і падраздзяленні юрыдычных асоб

1. Для ажыццяўлення культурнай дзейнасці могуць стварацца арганізацыі культуры і падраздзяленні юрыдычных асоб, у тым ліку адасобленыя.

2. Бібліятэкі, музеі, тэатры, цыркi, фiлармонii, ансамблі, хоры, аркестры, студыі і іншыя калектывы мастацкай творчасці, клубы, палацы (дамы, цэнтры) культуры (мастацтваў), кінатэатры, дамы кіно, кінацэнтры, кінасалоны, цэнтры (дамы) народнай творчасцi (народнага мастацтва, фальклору), цэнтры (дамы) рамёстваў, маладзёжныя культурныя цэнтры, цэнтры нацыянальных культур, карцiнныя, мастацкiя галерэi i галерэi мастацтваў, выставачныя залы, панарамы, паркi культуры i адпачынку, гарадскiя сады, заапаркi, заасады, творчыя майстэрнi, метадычныя цэнтры народнай творчасцi (культурна-асветнай работы) і іншыя могуць быць як арганізацыямі культуры, так і падраздзяленнямі юрыдычных асоб, у тым ліку адасобленымі.

Артыкул 51. Віды і асноўныя тыпы арганiзацый культуры

1. Арганізацыі культуры па форме ўласнасці падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя, па асноўнай мэце дзейнасці – на камерцыйныя і некамерцыйныя.

2. Арганiзацыi культуры могуць быць створаны ў форме наступных камерцыйных арганiзацый:

2.1. гаспадарчых таварыстваў (адкрытага або закрытага акцыянернага таварыства, таварыства з абмежаванай адказнасцю i таварыства з дадатковай адказнасцю), поўнага i камандытнага таварыстваў;

2.2. унітарных прадпрыемстваў.

3. Арганiзацыi культуры могуць быць створаны ў форме наступных некамерцыйных арганiзацый:

3.1. фiнансуемых уласнікам устаноў культуры;

3.2. асацыяцый (саюзаў);

3.3. іншых формах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі.

4. Арганiзацыi культуры ў залежнасці ад напрамкаў культурнай дзейнасці падраздзяляюцца на наступныя асноўныя тыпы:

4.1. бiблiятэкi;

4.2. музеi;

4.3. арганiзацыi народных мастацкіх рамёстваў;

4.4. арганiзацыi кiнематаграфii;

4.5. тэатры;

4.6. цыркi;

4.7. фiлармонii, ансамблі, хоры, аркестры, студыі, канцэртныя залы i iншыя канцэртныя арганiзацыi;

4.8. клубы, палацы (дамы, цэнтры) культуры (мастацтваў), цэнтры (дамы) народнай творчасцi (народнага мастацтва, фальклору), цэнтры (дамы) рамёстваў, маладзёжныя культурныя цэнтры, цэнтры нацыянальных культур i iншыя клубныя арганізацыі;

4.9. карцiнныя, мастацкiя галерэi i галерэi мастацтваў, выставачныя залы, панарамы i iншыя выставачныя арганiзацыi;

4.10. паркi культуры i адпачынку, гарадскiя сады, заапаркi, заасады;

4.11. творчыя майстэрнi;

4.12. метадычныя цэнтры народнай творчасцi (культурна-асветнай работы);

4.13. арганізацыі па правядзенні культурных мерапрыемстваў;

4.14. прадзюсарскія арганізацыі;

4.15. рэстаўрацыйныя арганізацыі;

4.16. іншыя тыпы.

5. Арганiзацыi культуры, якiя забяспечваюць стварэнне выкананняў твораў сцэнічнага мастацтва і іх публічнае выкананне, лiчацца тэатральна-вiдовiшчнымi. Да тэатральна-вiдовiшчных арганiзацый культуры адносяцца тэатры, цыркi, канцэртныя арганiзацыi, iншыя тыпы арганiзацый культуры, якія ажыццяўляюць указаную культурную дзейнасць.

6. Арганiзацыi культуры, якiя забяспечваюць доступ грамадзян да культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца ў фондах гэтых арганiзацый, або ствараюць умовы для занятку народнай i мастацкай творчасцю, самаадукацыяй, а таксама для культурнага развiцця, лiчацца культурна-асветнымі. Да культурна-асветных арганiзацый культуры адносяцца музеi, бiблiятэкi, клубныя арганізацыі, iншыя тыпы арганiзацый культуры, якія ажыццяўляюць указаную культурную дзейнасць.

7. У мэтах забеспячэння ўмоў комплекснага прадастаўлення культурных даброт насельніцтву, а таксама аптымізацыі дзейнасці арганізацый культуры могуць стварацца арганiзацыi культуры змешанага тыпу. Да арганізацый культуры змешанага тыпу адносяцца арганізацыі культуры, у структуру якіх уваходзяць падраздзяленні, у тым ліку адасобленыя, што ажыццяўляюць культурную дзейнасць розных напрамкаў.

8. Асаблiвасцi стварэння, прававога становiшча i парадку дзейнасцi асобных тыпаў арганiзацый культуры вызначаюцца гэтым Кодэксам.



Артыкул 52. Асаблiвасцi ўстаноў культуры як адной з форм некамерцыйных арганiзацый культуры

1. Установа культуры – арганiзацыя культуры, якая ствараецца ўласнiкам для ажыццяўлення кіраўнічых, сацыяльна-культурных i iншых функцый некамерцыйнага характару ў сферы культуры i фiнансуецца ім поўнасцю або часткова.

2. Установы культуры могуць быць дзяржаўнымі (рэспубліканскімі і камунальнымі) і прыватнымі.

3. У якасці заснавальнікаў устаноў культуры могуць выступаць:

3.1. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь;

3.2. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь;

3.3. дзяржаўныя органы, падпарадкаваныя і (або) падсправаздачныя Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Міністэрства культуры і іншыя рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, а таксама дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь;

3.4. мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы;

3.5. грамадзяне Рэспублікі Беларусь і юрыдычныя асобы Рэспублікі Беларусь;

3.6. замежныя краіны, замежныя арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, замежныя грамадзяне, асобы без грамадзянства, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі, міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь.

4. Заснавальнiкi ўстаноў культуры абавязаны забяспечыць установы культуры капітальнымі пабудовамі (будынкамi, збудаваннямі), памяшканнямі, абсталяваннем, тэхнiчнымi i iншымi сродкамi, неабходнымi для ажыццяўлення культурнай дзейнасцi.

5. Перавод дзяржаўных устаноў культуры ў капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), памяшканнi, якiя пагаршаюць умовы iх дзейнасцi, не дапускаецца.



Артыкул 53. Стварэнне, рэарганiзацыя i лiквiдацыя арганiзацый культуры

1. Парадак стварэння, рэарганiзацыi i лiквiдацыi арганiзацый культуры вызначаецца Грамадзянскiм кодэксам Рэспублiкi Беларусь, гэтым Кодэксам i iншымi актамі заканадаўства.

2. Мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы маюць права ствараць дзяржаўныя арганiзацыi культуры любых тыпаў звыш нарматываў, прадугледжаных дзяржаўнымi мiнiмальнымi сацыяльнымi стандартамi ў сферы культуры.

3. Пры планаваннi стварэння дзяржаўных арганiзацый культуры ўлiчваюцца асаблiвасцi развіцця рэгіёна і галін вытворчасці.

4. Лiквiдацыя дзяржаўных устаноў культуры не дапускаецца, калi такая лiквiдацыя пацягне немагчымасць выканання дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у сферы культуры.

5. Рэарганiзацыя i лiквiдацыя дзяржаўных устаноў культуры, маёмасць якіх знаходзіцца ў рэспубліканскай уласнасці, ажыццяўляюцца са згоды Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь у выпадках, калі яны:

5.1. маюць асаблiвае значэнне для захавання, развiцця, распаўсюджвання і (або) папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры. Пералiк такіх устаноў культуры вызначаецца Саветам Міністраў Рэспублiкi Беларусь;

5.2. створаны ва ўстаноўленым парадку пасля 4 жніўня 2004 года.

6. Гэтым Кодэксам і iншымi актамi заканадаўства аб культуры могуць быць прадугледжаны абавязковыя патрабаваннi (умовы), пры выкананнi якiх дапускаецца стварэнне арганiзацый культуры пэўных вiдаў і тыпаў, у тым лiку патрабаваннi да складу фондаў культурных каштоўнасцей, а таксама да маёмасцi, што перадаюцца заснавальнiкам арганiзацыi культуры для ажыццяўлення культурнай дзейнасцi.

7. Пры стварэнні арганізацыі культуры змешанага тыпу, у структуру якой будзе ўваходзіць музей або бібліятэка, павінны выконвацца абавязковыя патрабаванні (умовы) для стварэння музеяў і бібліятэк, прадугледжаныя гэтым Кодэксам.

8. Пры ліквідацыі дзяржаўнай арганізацыі культуры змешанага тыпу, у структуру якой уваходзіць бібліятэка, яе заснавальнік абавязаны забяспечыць захаванасць бібліятэчнага фонду і перадаць яго іншай дзяржаўнай бібліятэцы (бібліятэкам).

Пры ліквідацыі дзяржаўнай арганізацыі культуры змешанага тыпу, у структуру якой уваходзіць музей, яе заснавальнік у парадку, устаноўленым гэтым Кодэксам, абавязаны забяспечыць захаванасць музейнага фонду і перадаць яго іншаму дзяржаўнаму музею (музеям).



Артыкул 54. Папячыцельскія саветы арганізацый культуры

1. Для садзейнічання рэалізацыі статутных мэт у арганізацыях культуры могуць стварацца папячыцельскія саветы.

2. Рашэнне аб стварэнні (спыненні дзейнасці) папячыцельскага савета прымаецца кіраўніком арганізацыі культуры па ўзгадненні з яе заснавальнікам.

3. Рашэнне аб стварэнні (спыненні дзейнасці) папячыцельскага савета дзяржаўных арганізацый культуры можа быць прынята Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама іншым дзяржаўным органам у адносінах да папячыцельскага савета арганізацыі культуры, заснавальнікам якой ён з’яўляецца.

4. Папячыцельскі савет:

4.1. садзейнічае рэалізацыі прынцыпу спалучэння аднаасобнага і калегіяльнага кіравання культурнай дзейнасцю арганізацыі культуры;

4.2. аказвае дапамогу арганізацыі культуры ў пошуку партнёраў для супрацоўніцтва ў рамках культурнай дзейнасці;

4.3. садзейнічае арганізацыі культуры ў ажыццяўленні культурнай дзейнасці, у тым ліку ў стварэнні новых тэатральных пастановак, канцэртных праграм, выставак, папаўненні бібліятэчных, музейных і іншых фондаў, стварэнні і набыцці фільмаў і маёмасных правоў на іх, падтрымцы таленавітай моладзі і іншым;

4.4. ажыццяўляе падрыхтоўку прапаноў па ўдасканаленні дзейнасці арганізацыі культуры;

4.5. аказвае дапамогу ў арганізацыі замежных гастроляў калектываў мастацкай творчасці і асобных выканаўцаў, іншым чынам садзейнічае развіццю міжнароднага супрацоўніцтва;

4.6. аказвае садзейнічанне ўдасканальванню кіравання арганізацыяй культуры, яе фінансавай і гаспадарчай дзейнасці;

4.7. садзейнічае ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацыі культуры;

4.8. садзейнічае прыцягненню пазабюджэтных і іншых дадатковых крыніц фінансавання, не забароненых заканадаўствам, для ажыццяўлення культурнай дзейнасці і развіцця арганізацыі культуры;

4.9. прапаноўвае напрамкі, формы, памеры і парадак выкарыстання фінансавых сродкаў і іншай маёмасці, якія перадаюцца арганізацыі культуры па дагаворах бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі, дагаворах ахвяравання, у рамках мэт, прадугледжаных гэтымі дагаворамі, і ажыццяўляе кантроль за выкарыстаннем (расходаваннем) фінансавых сродкаў і выкарыстаннем іншай маёмасці;

4.10. аказвае садзейнічанне ў падтрымцы работнікаў культуры і творчых работнікаў, а таксама ў паляпшэнні ўмоў працы і медыцынскага абслугоўвання, павышэнні ўзроўню сацыяльнай абароненасці работнікаў культуры і творчых работнікаў;

4.11. разглядае вынікі дзейнасці папячыцельскага савета і пытанні эфектыўнасці выкарыстання (расходавання) фінансавых сродкаў і выкарыстання іншай маёмасці, якія перадаюцца арганізацыі культуры пры садзейнічанні папячыцельскага савета;

4.12. разглядае іншыя пытанні.

5. Склад папячыцельскага савета фарміруецца з юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, з іх згоды або па іх заявах. Юрыдычныя асобы ўдзельнічаюць у дзейнасці папячыцельскага савета праз сваіх прадстаўнікоў.

6. У склад папячыцельскага савета могуць уваходзіць спонсары, мецэнаты культуры, іншыя асобы, якія ажыццяўляюць арганізацыйную і метадычную падтрымку арганізацый культуры, а таксама дзеячы культуры і мастацтва, прадстаўнікі сфер аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнай абароны, навукі, сродкаў масавай інфармацыі, свяшчэннаслужыцелі, іншыя прадстаўнікі грамадскасці і дзяржаўных органаў.

7. Склад папячыцельскага савета зацвярджаецца службовай асобай, дзяржаўным органам, якія прынялі рашэнне аб стварэнні папячыцельскага савета.

Папячыцельскі савет дзейнічае на падставе зацверджанага ім рэгламенту.

8. Выдаткі членаў папячыцельскага савета, якія ўзнікаюць у сувязі з выкананнем імі абавязкаў членаў папячыцельскага савета, не кампенсуюцца.

9. Рашэнні папячыцельскага савета носяць рэкамендацыйны характар.

10. Арганізацыя культуры забяспечвае папячыцельскі савет памяшканнем для правядзення пасяджэнняў, месцам для захоўвання дакументацыі папячыцельскага савета.

11. У выпадку парушэння папячыцельскім саветам патрабаванняў актаў заканадаўства яго дзейнасць падлягае спыненню.

ГЛАВА 10
УСТАНОВЫ АДУКАЦЫI І НАВУКОВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ, МЕТАДЫЧНЫЯ ЦЭНТРЫ НАРОДНАЙ ТВОРЧАСЦІ (КУЛЬТУРНА-АСВЕТНАЙ РАБОТЫ)


Артыкул 55. Установы адукацыi ў сферы культуры

1. Да ўстаноў адукацыi ў сферы культуры адносяцца ўстановы агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыi, а таксама ўстановы дадатковай адукацыi дзяцей i моладзi i дадатковай адукацыi дарослых, якiя падпарадкоўваюцца Мiнiстэрству культуры або структурным падраздзяленням мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў абласнога і базавага тэрытарыяльных узроўняў, якія ажыццяўляюць дзяржаўна-ўладныя паўнамоцтвы ў сферы культуры.

2. Асноўнымі задачамі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры з’яўляюцца:

2.1. прафесійнае навучанне ў сферы культуры;

2.2. эстэтычнае выхаванне грамадзян;

2.3. задавальненне патрэбнасцей грамадзян у культурным, інтэлектуальным і асобасным развіцці;

2.4. забеспячэнне ўмоў для духоўна-маральнага і мастацкага развіцця грамадзян;

2.5. развіццё творчых здольнасцей грамадзян;

2.6. распаўсюджванне і папулярызацыя культурных каштоўнасцей;

2.7. выяўленне таленавітай моладзі;

2.8. стварэнне ўмоў для набыцця грамадзянамі ведаў, уменняў і навыкаў у розных відах мастацтва, вопыту мастацкай творчасці;

2.9. падрыхтоўка, перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў культуры, педагагічных работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры.



Артыкул 56. Навуковыя арганізацыі ў сферы культуры

Навуковыя арганізацыі ў сферы культуры ажыццяўляюць навуковую дзейнасць у адпаведнасці з заканадаўствам аб навуковай дзейнасці.



Артыкул 57. Метадычныя цэнтры народнай творчасцi (культурна-асветнай работы)

1. Метадычным цэнтрам народнай творчасці (культурна-асветнай работы) з’яўляецца арганізацыя культуры або падраздзяленне юрыдычнай асобы, якія аказваюць метадычную дапамогу суб’ектам культурнай дзейнасці і праводзяць аналітычна-даследчую работу ў сферы культуры.

2. Асноўнымі задачамі метадычных цэнтраў народнай творчасці (культурна-асветнай работы) з’яўляюцца:

2.1. павышэнне ўзроўню аказання метадычнай дапамогі суб’ектам культурнай дзейнасці, удзел у распрацоўцы дзяржаўных і іншых праграм, накіраваных на захаванне, развіццё, распаўсюджванне і (або) папулярызацыю культуры;

2.2. удасканаленне зместу і арганізацыі культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва, павышэнне яго сацыяльнай значнасці, пошук і ўкараненне новых, эфектыўных форм і метадаў работы з насельніцтвам;

2.3. даследаванне, вывучэнне і фіксацыя мясцовых узораў традыцыйнага мастацтва і фальклору рэгіёнаў;

2.4. распрацоўка арганізацыйна-метадычных і рэпертуарных матэрыялаў па арганізацыі і правядзенні культурных мерапрыемстваў, арганізацыі дзейнасці клубных фарміраванняў, захаванні, распаўсюджванні і (або) папулярызацыі мясцовых узораў традыцыйнага мастацтва і фальклору рэгіёнаў;

2.5. вывучэнне і аналіз дзейнасці арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, па развіцці новых напрамкаў іх дзейнасці, а таксама народнай творчасці;

2.6. вывучэнне і ўкараненне ў практыку арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, перадавога вопыту работы арганізацый культуры;

2.7. удзел у арганізацыі і правядзенні культурных мерапрыемстваў, садзейнічанне правядзенню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны;

2.8. фарміраванне даведачна-інфармацыйнага фонду метадычных матэрыялаў, сцэнарных распрацовак арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;

2.9. павышэнне прафесійнага ўзроўню работнікаў культуры, творчых работнікаў;

2.10. ажыццяўленне міжнароднага супрацоўніцтва ў мэтах далучэння грамадзян, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, да культурных каштоўнасцей сусветнай культуры і інтэграцыі беларускай нацыянальнай культуры ў сусветную культуру і сусветную інфармацыйную прастору;

2.11. садзейнічанне ўкараненню сучасных інфармацыйных тэхналогій у дзейнасць арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць.

3. Метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветнай работы) маюць права ўносіць на разгляд заснавальнікаў арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, прапановы па ўдасканаленні культурнай дзейнасці гэтых арганізацый культуры, іншых юрыдычных асоб.

4. Метадычныя цэнтры народнай творчасці (культурна-асветнай работы) працуюць ва ўзаемадзеянні з дзяржаўнымі органамі і грамадскімі аб’яднаннямі, установамі адукацыі і іншымі юрыдычнымі асобамі, якія садзейнічаюць ажыццяўленню і (або) забеспячэнню культурнай дзейнасці.



1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка