Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры




старонка7/15
Дата канвертавання08.01.2018
Памер3.53 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   15

Артыкул 92. Крытэрыі для надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці надаецца культурным каштоўнасцям, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкiя i (або) дакументальныя вартасці і адпавядаюць аднаму з наступных крытэрыяў:

1.1. з’яўляюцца адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту;

1.2. маюць значнасць з пункту гледжання гісторыі, археалогіі, архітэктуры, горадабудаўніцтва, мастацтва, навукі і тэхнікі, эстэтыкі, этналогіі або антрапалогіі, культуры і аказалі значны ўплыў на развіццё краіны або асобнага яе рэгіёна;

1.3. непасрэдна звязаны з жыццём і дзейнасцю знакамітых асоб, гістарычнымі падзеямі, традыцыямі, вераваннямі або ідэямі і перакананнямі, якія аказалі значны ўплыў на ход гістарычнага, культурнага і (або) духоўнага развіцця беларускага народа;

1.4. з’яўляюцца аўтэнтычнымі з пункту гледжання аўтарскай задумы і яе рэалізацыі, выкарыстаных пры стварэнні матэрыялаў, захаванасці навакольнага асяроддзя або найбольш значных яго элементаў;

1.5. уяўляюць сабой выдатны прыклад фарміравання ландшафту, у якім адлюстроўваюцца традыцыі пэўнага перыяду гісторыі беларускага народа;

1.6. з’яўляюцца выдатным мастацкім узорам (шэдэўрам), створаным або пераўтвораным на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ці створаным беларусамі замежжа.

2. Статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi можа быць нададзены нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці пры ўмове, што яна з’яўляецца аўтэнтычнай або рэстаўрыраванай у адпаведнасцi з навукова-праектнай дакументацыяй на выкананне рамонтна-рэстаўрацыйных работ на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях. Пры гэтым з часу першапачатковага стварэння нерухомай матэрыяльнай культурнай каштоўнасці павiнна прайсцi не менш за сорак гадоў.

3. Статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi можа быць нададзены культурным каштоўнасцям, якія зніклі ці страчаны пры нявысветленых абставінах, але наяўнасць якіх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасцi бясспрэчных дакументальных звестак аб знiшчэннi, страце або знiкненнi гэтых культурных каштоўнасцей.

4. Статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi надаецца археалагічным аб’ектам, у адносінах да якіх маюцца матэрыялы археалагічных даследаванняў, правядзенне якіх прадугледжана артыкулам 126 гэтага Кодэкса, і якія сведчаць аб фарміраванні адпаведных археалагічных культур, развіцці матэрыяльнай культуры на тэрыторыі Беларусі ў пэўны гістарычны перыяд.

Артыкул 93. Наданне культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, наступствы надання (ненадання) культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Наданне культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ажыццяўляецца:

1.1. мясцовым выканаўчым і распарадчым органам абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню – у адносінах да матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якая мае значнасць для асобнага рэгіёна, на тэрыторыі якога яна знаходзіцца;

1.2. Міністэрствам культуры – у адносінах да іншых культурных каштоўнасцей.

2. Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню пасля атрымання прапановы аб наданнi матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, якая адпавядае патрабаванням, прадугледжаным артыкулам 90 гэтага Кодэкса:

2.1. не пазней за чатырнаццаць каляндарных дзён з дня атрымання прапановы пісьмова паведамляе аб гэтым уласнiку (карыстальніку) матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, землекарыстальніку, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная культурная каштоўнасць, а таксама ў мясцовы выканаўчы i распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, на тэрыторыі якога знаходзіцца гэта культурная каштоўнасць (у выпадку ўнясення прапановы іншымі асобамі);

2.2. не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня атрымання прапановы арганiзуе разгляд прапановы абласным (Мінскім гарадскім) саветам па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны.

3. Прапанова аб наданнi матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, якая не адпавядае патрабаванням, прадугледжаным артыкулам 90 гэтага Кодэкса, не разглядаецца мясцовым выканаўчым і распарадчым органам абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню і вяртаецца асобе, якая яе ўнесла.

4. Мясцовы выканаўчы i распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, а таксама ўласнiк (карыстальнік) матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчана нерухомая матэрыяльная культурная каштоўнасць, з дня атрымання пісьмовага паведамлення, прадугледжанага падпунктам 2.1 пункта 2 гэтага артыкула, i да дня прыняцця рашэння аб неабходнасцi (адсутнасцi неабходнасцi) надання матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi прымаюць меры па прыпыненні работ або iншай дзейнасцi, якiя могуць аказаць уздзеянне на матэрыяльную культурную каштоўнасць.

5. Разгляд прапановы аб наданнi матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ажыццяўляецца на пасяджэннi абласнога (Мінскага гарадскога) савета па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня атрымання прапановы мясцовым выканаўчым і распарадчым органам абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню.

6. Па вынiках разгляду абласны (Мінскі гарадскі) савет па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны прымае рашэнне аб тым, што:

6.1. матэрыяльная культурная каштоўнасць мае значнасць для асобнага рэгіёна, на тэрыторыі якога яна знаходзіцца, і ёй неабходна надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

6.2. матэрыяльная культурная каштоўнасць можа мець сусветную, нацыянальную або міжнародную значнасць і неабходна накіраваць прапанову ў Міністэрства культуры аб наданні ёй статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці;

6.3. адсутнічае неабходнасць надання матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

7. На падставе рашэння абласнога (Мінскага гарадскога) савета па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны, прадугледжанага падпунктам 6.1 пункта 6 гэтага артыкула, мясцовы выканаўчы і распарадчы орган абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню не пазней за чатырнаццаць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння абласнога (Мінскага гарадскога) савета па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны прымае рашэнне аб наданнi матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

Копія рашэння мясцовага выканаўчага і распарадчага органа абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню аб наданнi матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi не пазней за сем рабочых дзён з дня прыняцця гэтага рашэння накіроўваецца ў Міністэрства культуры або юрыдычнай асобе, ім упаўнаважанай, для ўключэння звестак аб культурнай каштоўнасці, якой нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, у Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь.

8. Прапановы, па якіх абласнымі (Мінскім гарадскім) саветамі па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны прынята рашэнне, прадугледжанае падпунктам 6.2 пункта 6 гэтага артыкула, не пазней за сем рабочых дзён з дня прыняцця рашэння накіроўваюцца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню ў Міністэрства культуры.

9. Міністэрства культуры не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня атрымання ад мясцовага выканаўчага і распарадчага органа абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, дзяржаўнага музея, дзяржаўнай навуковай арганізацыі, іншай юрыдычнай асобы, грамадзяніна, у тым ліку індывідуальнага прадпрымальніка, прапановы аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці арганізуе яе разгляд Радай.

10. Прапанова аб наданнi культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, якая не адпавядае патрабаванням, прадугледжаным артыкулам 90 гэтага Кодэкса, Міністэрствам культуры не разглядаецца і вяртаецца асобе, якая яе ўнесла.

11. Разгляд прапановы аб наданнi культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ажыццяўляецца на пасяджэннi Рады не пазней за трыццаць каляндарных дзён з дня атрымання прапановы Міністэрствам культуры.

У выпадку неабходнасцi ўдакладнення i (або) атрымання дадатковых звестак аб культурнай каштоўнасці, якая прапанавана для надання ёй статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, тэрмiн разгляду прапановы можа быць працягнуты да двух месяцаў, аб чым Мiнiстэрства культуры пiсьмова паведамляе асобе, якая ўнесла прапанову аб наданнi гэтай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

12. Па выніках разгляду Рада прымае рашэнне аб:

12.1. неабходнасці надання культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці;

12.2. тым, што матэрыяльная культурная каштоўнасць мае значнасць для асобнага рэгіёна, на тэрыторыі якога яна знаходзіцца, і аб рэкамендаванні мясцоваму выканаўчаму і распарадчаму органу абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню надаць ёй статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

12.3. адсутнасці неабходнасці надання культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

13. На падставе рашэння Рады, прадугледжанага падпунктам 12.1 пункта 12 гэтага артыкула, Міністэрства культуры не пазней за чатырнаццаць каляндарных дзён з дня прыняцця гэтага рашэння прымае рашэнне аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Пасля прыняцця Міністэрствам культуры рашэння аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці звесткі аб гэтай культурнай каштоўнасці не пазней за сем каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння ўключаюцца ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь.

14. Копія рашэння Рады, прадугледжанага падпунктам 12.2 пункта 12 гэтага артыкула, не пазней за сем каляндарных дзён з дня прыняцця гэтага рашэння накіроўваецца Міністэрствам культуры ў мясцовы выканаўчы і распарадчы орган абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню.

Мясцовы выканаўчы і распарадчы орган абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню не пазней за чатырнаццаць каляндарных дзён з дня атрымання копіі рашэння Рады прымае рашэнне аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Копія рашэння мясцовага выканаўчага і распарадчага органа абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню аб наданнi матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi не пазней за сем каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння накіроўваецца ў Міністэрства культуры або юрыдычнай асобе, ім упаўнаважанай, для ўключэння звестак аб культурнай каштоўнасці, якой нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, у Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь.

15. Рашэнне аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца ненарматыўным прававым актам і падлягае давядзенню да ведама юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, шляхам яго размяшчэння не пазней за дзесяць рабочых дзён з дня яго прыняцця на афіцыйным сайце Міністэрства культуры ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.

Паведамленне аб прыняцці мясцовым выканаўчым і распарадчым органам абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, Міністэрствам культуры рашэння аб адсутнасці неабходнасці надання культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці накіроўваецца гэтымі дзяржаўнымі органамі асобе, якая ўнесла прапанову аб наданні культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, не пазней за дзесяць рабочых дзён з дня прыняцця такога рашэння.

16. Прафесійна і выпадкова выяўленыя рухомыя матэрыяльныя культурныя каштоўнасці, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама археалагічныя артэфакты, якім не нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, за выключэннем культурных каштоўнасцей, якія выяўлены дзяржаўнымі музеямі і дзяржаўнымі навуковымі арганізацыямі, па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню перадаюцца дзяржаўным музеям.

Прафесійна і выпадкова выяўленыя рухомыя матэрыяльныя культурныя каштоўнасці (за выключэннем археалагічных артэфактаў), якім не нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, вяртаюцца асобам, якія іх выявілі.



Артыкул 94. Пазбаўленне матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi

1. Пазбаўленне матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ажыццяўляецца:

1.1. мясцовым выканаўчым і распарадчым органам абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, які надаў матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

1.2. Міністэрствам культуры – іншых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей.

2. Рашэнне аб пазбаўленні матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi прымаецца на падставе рашэння або заключэння, прадугледжаных адпаведна пунктамі 3 і 4 гэтага артыкула.

3. Матэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць можа быць пазбаўлена статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў выпадку яе фізічнай страты або страты ёю адметных духоўных, мастацкiх і (або) дакументальных вартасцей, якiя абумовiлi наданне ёй статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, у тым ліку ў выніку ўздзеяння фактараў прыроднага або антрапагеннага паходжання, і немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці. Рашэнне аб немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці прымаецца Радай.

4. Помнiкi археалогii пасля iх поўнага вывучэння могуць быць пазбаўлены статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi на падставе заключэння Рады аб поўным вывучэннi гэтых помнiкаў.

5. Рашэнне аб пазбаўленні матэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці з’яўляецца ненарматыўным прававым актам і падлягае давядзенню да ведама юрыдычных асоб, грамадзян, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, шляхам яго размяшчэння не пазней за дзесяць рабочых дзён з дня яго прыняцця на афіцыйным сайце Міністэрства культуры ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт.



Артыкул 95. Выплата ўзнагароджання за выпадкова выяўленую культурную каштоўнасць, якая з’яўляецца скарбам і якой нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці

1. Рашэнне аб выплаце ўзнагароджання ўласніку зямельнага ўчастка або іншай маёмасці, дзе выпадкова выяўлена матэрыяльная культурная каштоўнасць, якая з’яўляецца скарбам і якой нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, а таксама асобе, што выпадкова яе выявіла, прымаецца дзяржаўным органам, які прыняў рашэнне аб наданні гэтай культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, не пазней за дзесяць каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння аб наданні гэтай культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці.

2. Выплата ўзнагароджання ажыццяўляецца за кошт бюджэтаў базавага ўзроўню і бюджэта горада Мінска фінансавым органам па месцы выяўлення матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, якая з’яўляецца скарбам і якой нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, у двухмесячны тэрмін з дня атрымання рашэння аб выплаце ўзнагароджання.

Артыкул 96. Катэгорыі гiсторыка-культурных каштоўнасцей

1. Гiсторыка-культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на катэгорыi ў адпаведнасці з іх адметнымі духоўнымі, мастацкімі і (або) дакументальнымі вартасцямі і ў залежнасці ад іх значнасці (сусветная, міжнародная, нацыянальная, для асобнага рэгіёна Рэспублікі Беларусь).

2. Матэрыяльныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на наступныя катэгорыi:

2.1. катэгорыя «0» – гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя маюць сусветную значнасць і ўключаны або прапанаваны для ўключэння ва ўстаноўленым парадку ў Спiс сусветнай культурнай i прыроднай спадчыны або Спiс сусветнай спадчыны, якая знаходзiцца пад пагрозай;

2.2. катэгорыя «1» – гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя маюць мiжнародную значнасць;

2.3. катэгорыя «2» – гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя маюць нацыянальную значнасць;

2.4. катэгорыя «3» – гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя маюць значнасць для асобнага рэгiёна Рэспублiкi Беларусь;

2.5. без катэгорыі – матэрыяльныя культурныя каштоўнасцi, якія ўваходзяць у склад комплексу, ансамбля, камплекта, калекцыі матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей, але якiм асобна не нададзены статус гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

3. Нематэрыяльныя гiсторыка-культурныя каштоўнасцi падзяляюцца на наступныя катэгорыi:

3.1. катэгорыя «А» – гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, поўная аўтэнтычнасць i дакладнасць якiх безумоўныя i нязменныя;

3.2. катэгорыя «Б» – гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя поўнасцю або часткова адноўлены (зафiксаваны) на другасным матэрыяле ці аб’ектыўна з часам могуць змяняцца.

4. Катэгорыі надаюцца:

4.1. матэрыяльным гiсторыка-культурным каштоўнасцям, якія маюць значнасць для асобных рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь, на тэрыторыі якіх яны знаходзяцца, – мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню, якія надалі ім статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

4.2. іншым гісторыка-культурным каштоўнасцям – Міністэрствам культуры.

5. Наданне катэгорый гісторыка-культурным каштоўнасцям ажыццяўляецца на падставе рашэнняў абласных (Мінскага гарадскога) саветаў па пытаннях гiсторыка-культурнай спадчыны або Рады аб неабходнасцi аднясення гiсторыка-культурных каштоўнасцей да пэўных катэгорый.

Копія рашэння мясцовага выканаўчага і распарадчага органа абласнога тэрытарыяльнага ўзроўню аб наданнi матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі «3» не пазней за сем каляндарных дзён з дня прыняцця рашэння накіроўваецца ў Міністэрства культуры або юрыдычнай асобе, ім упаўнаважанай, для ўключэння звестак аб ёй у Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь.

6. Рашэнне аб змяненні катэгорыі гісторыка-культурнай каштоўнасці прымаецца Міністэрствам культуры на падставе рашэння Рады аб неабходнасцi змянення яе катэгорыi.

Артыкул 97. Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь

1. Культурныя каштоўнасці, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, уключаюцца ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь.

2. Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца асноўным дакументам дзяржаўнага ўлiку гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь і рэгіструецца ў Дзяржаўным рэгістры інфармацыйных рэсурсаў.

3. Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь змяшчае наступныя раздзелы:

3.1. гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя знаходзяцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь;

3.2. гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя на законных падставах знаходзяцца за межамi Рэспублiкi Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткi аб рухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, якiя пры дакументальна пацверджаным беларускiм паходжаннi апынуліся за межамi Рэспублiкi Беларусь у парадку, што адпавядае нормам мiжнароднага права, а таксама звесткi аб нематэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, носьбiтамі якiх з’яўляюцца беларусы замежжа;

3.3. гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя без законных падстаў знаходзяцца за межамi Рэспублiкi Беларусь. У гэты раздзел уносяцца звесткi аб рухомых матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, якiя ў парушэнне норм мiжнароднага права пры дакументальна пацверджаным беларускiм паходжаннi знаходзяцца за межамi Рэспублiкi Беларусь;

3.4. гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя страчаны або знiклi пры нявысветленых абставiнах. У гэты раздзел уносяцца звесткi аб матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцях, наяўнасць якiх дакументальна засведчана, пры ўмове адсутнасцi бясспрэчных дакументальных звестак аб знiшчэннi гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей;

3.5. гiсторыка-культурныя каштоўнасцi, якiя знаходзяцца пад пагрозай знiшчэння, страты або знiкнення. У гэты раздзел уносяцца звесткi аб гiсторыка-культурных каштоўнасцях, якiя знаходзяцца пад пагрозай знiшчэння, страты або знiкнення, з указаннем прычын, што выклiкаюць пагрозу, i мер па захаванні гэтых гiсторыка-культурных каштоўнасцей.

4. Звесткі аб гісторыка-культурных каштоўнасцях размяшчаюцца ў раздзелах Дзяржаўнага спiса гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь па відах гісторыка-культурных каштоўнасцей.

5. Пры ўключэннi комплексу або ансамбля матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей у Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь у гэты спiс уключаецца таксама кожная з матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей, якая ўваходзіць у склад комплексу або ансамбля матэрыяльных гiсторыка-культурных каштоўнасцей.

6. Фарміруе і вядзе Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь Мiнiстэрства культуры або юрыдычная асоба, ім упаўнаважаная.



Артыкул 98. Звесткі Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь

1. Кожны раздзел Дзяржаўнага спiса гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь складаецца са звестак аб уключаных у гэты Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцях, якiя змяшчаюцца ў наступных графах:

1.1. шыфр гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

1.2. назва гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, якая прымаецца Радай або абласным (Мінскім гарадскім) саветам па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны на падставе гiстарычных звестак;

1.3. датаванне матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, якое ўключае звесткi аб датах стварэння i (або) найбольш адметных перапрацовак, якiя вызначаюцца на падставе гiстарычных звестак;

1.4. месца знаходжання матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, якое ўключае адрас, па якiм знаходзіцца нерухомая матэрыяльная гiсторыка-культурная каштоўнасць, месца пастаяннага знаходжання рухомай матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці ў адпаведнасцi з адрасам (месцам знаходжання) уласнiка (карыстальніка) гісторыка-культурнай каштоўнасці або арэал бытавання нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці;

1.5. катэгорыя гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

1.6. дата i нумар рашэння Рады або абласнога (Мінскага гарадскога) савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны аб неабходнасці надання культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi;

1.7. дата i нумар рашэння дзяржаўнага органа аб наданнi культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

2. Шыфр гiсторыка-культурнай каштоўнасцi складаецца з дзесяцi знакаў.

Першы знак – месца знаходжання матэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці або арэала бытавання нематэрыяльнай гiсторыка-культурнай каштоўнасці ў адпаведнасці з наступнай нумарацыяй:

1 – Брэсцкая вобласць;

2 – Вiцебская вобласць;

3 – Гомельская вобласць;

4 – Гродзенская вобласць;

5 – Магiлёўская вобласць;

6 – Мiнская вобласць;

7 – горад Мiнск;

8 – па-за межамi Рэспублiкi Беларусь.

Другi знак – вiд гiсторыка-культурнай каштоўнасцi:

1 – нерухомая матэрыяльная гiсторыка-культурная каштоўнасць;

2 – рухомая матэрыяльная гiсторыка-культурная каштоўнасць;

3 – нематэрыяльная гiсторыка-культурная каштоўнасць.

Трэцi знак – катэгорыя гiсторыка-культурнай каштоўнасцi.

Чацвёрты знак – звесткi аб гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў адпаведнасцi з яе характарыстыкамi:

А – дакументальны помнiк;

Б – запаведная мясцiна;

В – помнiк археалогii;

Г – помнiк архiтэктуры;

Д – помнiк гiсторыi;

Е – помнiк горадабудаўнiцтва;

Ж – помнiк мастацтва;

К – нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць у матэрыяльнай форме існавання (праявы);

Л – нематэрыяльная гісторыка-культурная каштоўнасць у нематэрыяльнай форме існавання (праявы);

М – калекцыя;

Н – камплект.

Шэсць апошнiх знакаў – парадкавы нумар гiсторыка-культурнай каштоўнасцi ў Дзяржаўным спiсе гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь (замест лiчбаў нумара, якiя адсутнiчаюць, прастаўляюцца нулi).

3. У выпадку змянення звестак аб гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, унесеных у Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства культуры або юрыдычная асоба, ім упаўнаважаная, не пазней за тры рабочыя дні з дня атрымання новых звестак уносяць у Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь адпаведныя змяненні.

4. Культурныя каштоўнасці, якія пазбаўлены статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці, выключаюцца з Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   ...   15


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка