Кодэкс рэспублікі беларусь аб культуры




старонка1/15
Дата канвертавання18.11.2017
Памер3.39 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15


Праект

КОДЭКС РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

АБ КУЛЬТУРЫ

Гэты Кодэкс накіраваны на рэгуляванне грамадскіх адносін у сферы культуры, а таксама на ўстанаўленне прававых, арганізацыйных, эканамічных і сацыяльных асноў культурнай дзейнасці ў мэтах захавання і развіцця культурных каштоўнасцей.



АГУЛЬНАЯ ЧАСТКА

РАЗДЗЕЛ I
АСНОВЫ ПРАВАВОГА РЭГУЛЯВАННЯ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ


ГЛАВА 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ


  1. Асноўныя тэрміны, якiя прымяняюцца ў гэтым Кодэксе, і іх азначэнні

1. У гэтым Кодэксе прымяняюцца наступныя асноўныя тэрміны i iх азначэннi:

1.1. аб'екты культурнай iнфраструктуры - капітальныя пабудовы (будынкі, збудаванні), памяшканнi i iншая нерухомая маёмасць, якiя прызначаны (выкарыстоўваюцца) для ажыццяўлення i забеспячэння культурнай дзейнасцi;

1.2. арганiзацыя культуры – юрыдычная асоба, якая ажыццяўляе ў якасцi асноўнай дзейнасцi культурную дзейнасць;

1.3. гісторыка-культурныя каштоўнасці - культурныя каштоўнасці, якія маюць адметныя духоўныя, мастацкія і (або) дакументальныя вартасці і якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці;

1.4. дзеячы культуры і мастацтва – работнікі культуры, творчыя работнікі, якія маюць ганаровыя званні ў сферы культуры;

1.5. дзяржаўная палiтыка ў сферы культуры - комплекс мер, якiя прымаюцца дзяржаўнымi органамi Рэспублiкi Беларусь па захаванню, развiццю i распаўсюджванню культуры, арганiзацыйнаму, прававому, фiнансаваму, матэрыяльна-тэхнiчнаму, кадраваму, iнфармацыйнаму i iншаму забеспячэнню культурнай дзейнасцi;

1.6. культура – дзейнасць, накіраваная на задавальненне духоўных патрэбнасцей грамадства, станаўленне і развіццё чалавека, а таксама створаная для гэтых мэт сукупнасць культурных каштоўнасцей;

1.7. культурная дзейнасць – творчая дзейнасць, дзейнасць па стварэнню, аднаўленню (адраджэнню), захаванню, ахове, вывучэнню, выкарыстанню, распаўсюджванню i папулярызацыi культурных каштоўнасцей, прадастаўленню культурных даброт, эстэтычнаму выхаванню, арганiзацыi культурнага адпачынку (вольнага часу) насельнiцтва;

1.8. культурныя каштоўнасцi – створаныя (пераўтвораныя) чалавекам або цесна звязаныя з яго дзейнасцю матэрыяльныя аб’екты i нематэрыяльныя праяўленнi творчасцi чалавека, якiя маюць гiстарычнае, мастацкае, навуковае або iншае значэнне;

1.9. культурныя даброты – тавары і паслугі, якія прадастаўляюцца юрыдычнымі і фізічнымі асобамі, у тым ліку індывідуальнымі прадпрымальнікамі, для станаўлення і развіцця чалавека і задавальнення духоўных патрэбнасцей грамадства;

1.10. культурны праект – сукупнасць дзеянняў, накіраваных на дасягненне вынікаў культурнай дзейнасці, зыходзячы з вызначаных рэсурсаў, тэрмінаў, патрабаванняў да якасці, уліку дапушчальнага ўзроўню рызыкі;

1.11. работнік культуры – фізічная асоба, якая знаходзіцца ў працоўных адносінах з арганізацыяй культуры, іншай арганізацыяй, якая ажыццяўляе культурную дзейнасць, на падставе заключанага працоўнага дагавора (кантракта) і займаецца культурнай дзейнасцю;

1.12. сфера культуры – галіна сацыяльнай сферы, якая ўключае напрамкі грамадскіх адносін, звязаныя з ажыццяўленнем і забеспячэннем культурнай дзейнасці;

1.13. творчая дзейнасць (мастацкая творчасць) – стварэнне твораў мастацкай літаратуры і мастацтва, іх выкананняў і (або) іх выкананне;

1.14. творчы работнік – фізічная асоба, якая займаецца творчай дзейнасцю.

2. Змест асобных тэрмінаў, якiя выкарыстоўваюцца ў гэтым Кодэксе, вызначаецца ў адпаведных артыкулах гэтага Кодэкса.



  1. Асноўныя прынцыпы, на якіх ствараюцца грамадскія адносіны ў сферы культуры

Грамадскія адносіны ў сферы культуры ствараюцца на аснове наступных асноўных прынцыпаў:

прызнанне культуры ў якасцi аднаго з галоўных фактараў самабытнасцi народа Беларусі, нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь, пераемнасцi пакаленняў, а таксама ў якасцi асновы развiцця чалавека;

захаванне, развiццё i распаўсюджванне культуры на карысць iнтарэсаў чалавека i грамадства;

садзейнiчанне адраджэнню i развiццю культурных традыцый;

агульнадаступнасць культурных каштоўнасцей;

ахова, захаванне, рацыянальнае выкарыстанне i памнажэнне гісторыка-культурнай спадчыны;

ахова аўтарскага права і сумежных правоў;

забеспячэнне i абарона канстытуцыйнага права кожнага на ўдзел у культурным жыццi;

свабода творчай дзейнасці;

разнастайнасць напрамкаў, форм, жанраў i стыляў у мастацкай творчасці;

спалучэнне дзяржаўных i грамадскiх iнтарэсаў i правоў грамадзян ў арганiзацыi культурнай дзейнасцi i кiраваннi ёю;

забеспячэнне роўнасцi правоў i магчымасцей грамадзян у стварэнні і выкарыстанні культурных каштоўнасцей, недапушчальнасць ўстанаўлення пераваг i прывiлей у сферы культуры, якiя супярэчаць заканадаўству;

недапушчальнасць манапалiзму ў культуры i манапалiзацыi культурнай дзейнасцi;

фарміраванне і развіццё канкурэнтнага культурнага асяроддзя;

арыентацыя на нацыянальныя i агульначалавечыя каштоўнасцi, культурныя праекты, якiя носяць высокамастацкi i высокамаральны характар, а таксама лепшыя ўзоры беларускай і сусветнай культуры, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне;

прыярытэт развiцця беларускай нацыянальнай культуры і свабоднага развiцця культур усiх нацыянальных супольнасцей, якiя пражываюць у Рэспублiцы Беларусь;

узаемадзеянне беларускай нацыянальнай культуры з культурамi iншых народаў i яе iнтэграцыі ў сусветную культуру, распаўсюджванне гуманiстычных iдэй, навуковых ведаў i дасягненняў сусветнай культуры;

сцвярджэнне гуманiстычных iдэй i высокiх маральных пачаткаў у грамадскiм жыццi, фармiраванне эстэтычнага жыццёвага асяроддзя;

узаемадзеянне арганізацый культуры i ўзаемавыкарыстанне iнфармацыйных рэсурсаў.
Артыкул. Суб’екты культурнай дзейнасці
Суб’ектамі культурнай дзейнасці з’яўляюцца грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства (далей, калі не вызначана іншае, – грамадзяне), у тым ліку работнікі культуры і творчыя работнікі, арганізацыі культуры, калектывы мастацкай творчасці, творчыя саюзы, іншыя грамадскія аб’яднанні ў сферы культуры, установы адукацыі, навуковыя і іншыя арганізацыі і падраздзяленні юрыдычных асоб, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, дзяржаўныя органы, органы мясцовага самакіравання, спонсары і мецэнаты культуры.
ГЛАВА 2
ЗАКАНАДАЎСТВА АБ КУЛЬТУРЫ І ЯГО ДЗЕЯННЕ


  1. Заканадаўства аб культуры

1. Заканадаўства аб культуры – сістэма нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, якiя рэгулююць грамадскiя адносiны ў сферы культуры.

2. Заканадаўства аб культуры грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i складаецца з гэтага Кодэкса, iншых актаў заканадаўства, мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь.

3. Калi мiжнароднымi дагаворамi Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншыя правiлы, чым тыя, якiя прадугледжаны гэтым Кодэксам, то прымяняюцца нормы мiжнароднага дагавора.


  1. Грамадскія адносiны, якiя рэгулююцца заканадаўствам аб культуры

Гэтым Кодэксам і iншымі актамі заканадаўства аб культуры рэгулююцца грамадскія адносiны, якія складаюць сферу культуры, у наступных напрамках:

захаванне і развіццё культурных каштоўнасцей;

гiсторыка-культурная спадчына;

увоз, вываз і вяртанне культурных каштоўнасцей;

археалагічная спадчына;

бiблiятэчная справа;

музейная справа;

народнае мастацтва, народныя мастацкія промыслы (рамёствы);

кiнематаграфiя;

культурныя мерапрыемствы;

дзейнасць прафесійных калектываў мастацкай творчасці;

дзейнасць непрафесійных (аматарскіх) і аўтэнтычных фальклорных калектываў мастацкай творчасці;

арганiзацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельнiцтва;

дзейнасць па эстэтычнаму выхаванню;

заахвочванні ў сферы культуры;

мiжнароднае супрацоўнiцтва ў сферы культуры;

iншыя напрамкi, звязаныя з ажыццяўленнем i забеспячэннем культурнай дзейнасцi, калi iншае не вызначана гэтым Кодэксам.


  1. Дзеянне заканадаўства аб культуры па крузе асоб

Заканадаўства аб культуры, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых міжнароднымі дагаворамі Рэспублікі Беларусь, распаўсюджваецца на грамадзян і арганізацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама на замежных грамадзян, асоб без грамадзянства, якія знаходзяцца або ажыццяўляюць дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь і на арганізацыі замежных дзяржаў, міжнародныя арганізацыі і міждзяржаўныя ўтварэнні, якія знаходзяцца або ажыццяўляюць дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь.

  1. Адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры

Заканадаўствам устанаўлiваецца крымiнальная, адмiнiстрацыйная, дысцыплiнарная, матэрыяльная i iншая адказнасць за парушэнне заканадаўства аб культуры.

ГЛАВА 3
ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА І ДЗЯРЖАЎНАЕ
РЭГУЛЯВАННЕ Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ


  1. Асноўныя напрамкі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры

Асноўнымі напрамкамі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры з’яўляюцца:

захаванне, развiццё i распаўсюджванне беларускай нацыянальнай культуры i мовы;

садзейнічанне ў рэалізацыі правоў грамадзян ў сферы культуры;

ахова гісторыка-культурнай спадчыны;

стварэнне комплексу дзяржаўных арганізацый культуры, якія забяспечваюць задавальненне асноўных духоўных патрэбнасцей грамадства, і садзейнiчанне развiццю іх матэрыяльна-тэхнiчнай базы;

стварэнне ўмоў для ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці;

стварэнне ўмоў для развіцця арганізацый усіх форм уласнасці, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць, аказанне ім падтрымкі ў рэалізацыі культурных праектаў на конкурснай аснове;

стварэнне ўмоў для прыцягнення сродкаў спонсараў і мецэнатаў культуры, іншых юрыдычных і фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, для фінансавання культуры;

распрацоўка і рэалізацыя бюджэтных праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры;

рэалiзацыя дзяржаўных мiнiмальных сацыяльных стандартаў у сферы культуры;

стварэнне спрыяльных умоў для эстэтычнага выхавання насельніцтва;

абарона грамадскай маралi, прадухіленне прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці;

арганізацыя, правядзенне і падтрымка фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак у сферы культуры, аказанне метадычнай дапамогi арганiзацыям культуры і іншым арганізацыям, якія ажыццяўляюць культурную дзейнасць;

забеспячэнне функцыянавання i развiцця культуры ў сельскай мясцовасцi, у тым ліку шляхам рацыянальнага i аптымальнага размяшчэння арганізацый культуры з улiкам развiцця асобных рэгiёнаў i галiн вытворчасцi;

стварэнне аб’ектаў культурнай інфраструктуры;

садзейнічанне інфарматызацыі ў сферы культуры;

падтрымка таленавітай моладзі і стварэнне ўмоў для яе плённай дзейнасці;

заахвочванне работнiкаў культуры, творчых работнікаў, арганізацый культуры, спонсараў і мецэнатаў культуры, іншых юрыдычных i фiзiчных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, якiя ўнеслi значны ўклад у захаванне, развiццё i распаўсюджванне культуры;

сацыяльная абарона работнiкаў культуры i творчых работнiкаў;

садзейнічанне міжнароднаму супрацоўніцтву ў сферы культуры;

забяспячэнне ўключэння ў праектную дакументацыю на ўзвядзенне, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, капітальны рамонт, добраўпарадкаванне аб'екта будаўніцтва рашэнняў па эстэтычным афармленні жылых і грамадскіх комплексаў, будынкаў і збудаванняў, а таксама забеспячэнне спалучэння новых будынкаў і збудаванняў з iснуючай забудовай, помнікамі архітэктуры, горадабудаўніцтва і прыроднага ландшафту, выкарыстання нацыянальных традыцый і прыёмаў забудовы, ландшафтнай архітэктуры з мэтай фарміравання эстэтычнага жыццёвага асяроддзя;

забяспячэнне ў адпаведнасцi з заканадаўствам свабоднага доступу да культурных каштоўнасцей i культурнай дзейнасцi на льготных умовах для iнвалiдаў, ветэранаў Вялiкай Айчыннай вайны, ветэранаў баявых дзеянняў на тэрыторыi iншых дзяржаў, ваеннаслужачых тэрмiновай службы, дзяцей-сiрот, дзяцей, якiя засталiся без апекi бацькоў, асоб, якiя атрымлiваюць дашкольную, агульную сярэднюю, прафесiйна-тэхнiчную, сярэднюю спецыяльную, вышэйшую, спецыяльную адукацыю, а таксама асоб, якiя маюць заслугi перад дзяржавай i народам;

спрыянне стварэнню, распаўсюджванню i папулярызацыi суб'ектамi культурнай дзейнасцi культурных каштоўнасцей, якiя маюць высокамастацкае i высокамаральнае значэнне, у тым лiку шляхам размяшчэння сацыяльна-творчых заказаў i фiнансавання бюджэтных праграм, накіраваных на захаванне i развiццё культуры, культурных мерапрыемстваў i культурных праектаў;

папулярызацыя нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў, а таксама лепшых узораў беларускага і сусветнага кінамастацтва, якія маюць важнае сацыяльна-культурнае значэнне;

дыферэнцыраванне падыходаў да фінансавання вытворчасці фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў у адпаведнасці з заканадаўствам;

забеспячэнне даступнасці паслуг у сферы культуры і павышэнне іх якасці;

стварэнне ўмоў для адраджэння i развiцця гiстарычных традыцый народнай творчасцi, заахвочванне культурнай дзейнасці юрыдычных i фiзiчных асоб ва ўказанай сферы;

садзейнiчанне арганiзацыi i (або) правядзенню культурных мерапрыемстваў, экспертыз, iншых форм аб'ектыўнай i незалежнай ацэнкi вынiкаў творчай дзейнасцi, а таксама развiццю лiтаратурнай i мастацкай крытыкi;

стварэнне дзяржаўных сродкаў масавай iнфармацыi, якiя спецыялiзуюцца на асвятленнi культурнага жыцця ў Рэспублiцы Беларусь i замежных дзяржавах; стымуляванне публiкацый або паведамленняў на тэмы, звязаныя з культурным жыццём, у сродках масавай iнфармацыi;

стымуляванне выдання твораў мастацкай лiтаратуры, якія маюць значэнне для захавання, развiцця i распаўсюджвання культуры (творы лiтаратуры нацыянальнай тэматыкi, для дзяцей i моладзi, класiчныя творы мастацкай лiтаратуры i iнш.);

рэгуляванне перамяшчэння культурных каштоўнасцей праз мяжу Рэспублiкi Беларусь, перашкаджэнне незаконнаму вывазу за межы Рэспублiкi Беларусь культурных каштоўнасцей i незаконнай перадачы права ўласнасцi на iх, прыняцце мер па вяртанню ў Рэспублiку Беларусь культурных каштоўнасцей, незаконна вывезеных з яе тэрыторыi або не вернутых ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку;

падрыхтоўка, павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка работнікаў культуры.




  1. Бюджэтныя праграмы, накіраваныя на захаванне i развiццё культуры

1. У мэтах захавання і развіцця культуры распрацоўваюцца дзяржаўныя, рэгіянальныя і галіновыя праграмы.

2. Фарміраванне, фінансаванне і выкананне бюджэтных праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры, ажыццяўляецца ў парадку, вызначаным заканадаўствам.



  1. Дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы культуры

Дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы культуры ажыццяўляюць Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, Савет Міністраў Рэспублiкi Беларусь, Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы, мясцовыя Саветы дэпутатаў, iншыя дзяржаўныя органы ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй.

  1. Паўнамоцтвы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь у сферы культуры

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь вызначае адзіную дзяржаўную палітыку і ажыццяўляе дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы культуры ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.

  1. Паўнамоцтвы Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь у сферы культуры

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь у сферы культуры:

забяспечвае правядзенне адзінай дзяржаўнай палітыкі;

пры фармiраваннi рэспублiканскага бюджэту на чарговы фiнансавы год прадугледжвае выдзяленне сродкаў на фiнансаванне культуры;

зацвярджае дзяржаўныя мінімальныя сацыяльныя стандарты ў сферы культуры;

забяспечвае развіццё міжнароднага супрацоўніцтва;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, гэтым Кодэксам і іншымі заканадаўчымі актамі.



  1. Паўнамоцтвы Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь у сферы культуры

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у сферы культуры:

праводзіць адзіную дзяржаўную палітыку ў адпаведнасцi з асноўнымi напрамкамі дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры;

ажыццяўляе рэгуляванне i кiраванне ў сферы культуры;

каардынуе дзейнасць iншых рэспублiканскiх органаў дзяржаўнага кiравання;

арганізуе міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы культуры;

стварае дзяржаўныя арганізацыі культуры, садзейнічае развіццю іх матэрыяльна-тэхнічнай базы, забяспечвае аказанне метадычнай дапамогі арганізацыям культуры;

арганізуе і праводзіць культурныя мерапрыемствы;

арганізуе і садзейнічае ажыццяўленню мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны;

размяшчае сацыяльна-творчыя заказы;

забяспечвае падрыхтоўку, перападрыхтоўку i павышэнне квалiфiкацыi работнiкаў культуры;

ажыццяўляе іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.


  1. Паўнамоцтвы мясцовых выканаўчых i распарадчых органаў, мясцовых Саветаў дэпутатаў і iншых дзяржаўных органаў у сферы культуры

1. Мясцовыя выканаўчыя i распарадчыя органы ў сферы культуры:

праводзяць адзіную дзяржаўную палітыку;

пры фармiраваннi мясцовых бюджэтаў на чарговы фiнансавы год прадугледжваюць выдзяленне сродкаў на фiнансаванне культуры;

вырашаюць пытаннi мясцовага значэння;

ствараюць дзяржаўныя арганізацыі культуры, садзейнічаюць развіццю іх матэрыяльна-тэхнічнай базы;

арганізуюць і праводзяць культурныя мерапрыемствы;

арганiзуюць i садзейнiчаюць ажыццяўленню мерапрыемстваў па ахове гiсторыка-культурнай спадчыны;

размяшчаюць сацыяльна-творчыя заказы;

ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.

2. Мясцовыя Саветы дэпутатаў у сферы культуры:

прымаюць удзел у правядзенні адзінай дзяржаўнай палітыкі;

ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы ў адпаведнасці з гэтым Кодэксам і іншымі актамі заканадаўства.

3. Іншыя дзяржаўныя органы праводзяць адзіную дзяржаўную палітыку ў сферы культуры ў адпаведнасцi з iх кампетэнцыяй.


  1. Узаемадзеянне ў сферы культуры дзяржаўных органаў з органамi мясцовага самакiравання, грамадскiмi аб’яднаннямi, іншымі арганізацыямі і грамадзянамі

1. Дзяржаўныя органы ажыццяўляюць рэгуляванне ў сферы культуры ва ўзаемадзеяннi з органамi мясцовага самакiравання, грамадскiмi аб’яднаннямi, іншымі арганізацыямі і грамадзянамі.

2. З мэтай забеспячэння ўдзелу органаў мясцовага самакiравання, грамадскiх аб’яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян у ажыццяўленнi дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры, аб'ектыўнай ацэнкi праблемных пытанняў i распрацоўкi канкрэтных мер па iх вырашэнню пры дзяржаўных органах могуць стварацца грамадскiя саветы (камісіі) i iншыя кансультатыўныя органы (экспертныя фарміраванні) па пытаннях культуры з ліку творчых работнікаў, работнікаў культуры, прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў, іншых арганізацый і грамадзян.

3. Асноўнымi задачамi дзейнасцi грамадскiх саветаў (камісій) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фарміраванняў) па пытаннях культуры з'яўляюцца:

3.1. падрыхтоўка прапаноў па рэалiзацыi дзяржаўнай палiтыкi ў сферы культуры;

3.2. удзел у падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў па пытаннях культуры;

3.3. падрыхтоўка прапаноў рэспублiканскiм органам дзяржаўнага кiравання аб паляпшэннi iх узаемадзеяння з мясцовымi выканаўчымi i распарадчымi органамi ў сферы культуры;

3.4. падрыхтоўка на разгляд дзяржаўных органаў прапаноў па пытаннях культуры, дзейнасці работнiкаў культуры, творчых работнікаў, грамадскіх аб’яднанняў і іншых суб’ектаў культурнай дзейнасці;

3.5. садзейнiчанне ў рэалiзацыi культурных праектаў, бюджэтных праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры, мерапрыемстваў па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, развіцці бібліятэчнай і музейнай справы, кінематаграфіі, дэкаратыўна-прыкладнога, манументальнага, музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, эстраднага, цыркавога і іншых відаў мастацтваў, развіцці і падтрымкі народнай творчасці, народных промыслаў (рамёстваў), адукацыі ў галіне культуры, правядзенні культурных мерапрыемстваў;

3.6. аказанне метадычнай і экспертнай дапамогі па пытаннях культурнай дзейнасці;

3.7. садзейнiчанне ў стварэнні спрыяльных умоў для культурнай дзейнасці, папаўненні бібліятэчных і музейных фондаў;


3.8. садзейнiчанне ў развiцці i ўзмацненні мiжнароднага супрацоўнiцтва ў сферы культуры.

4. Склад грамадскiх саветаў (камісій) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фарміраванняў) па пытаннях культуры зацвярджаецца дзяржаўным органам, пры якім яны ствараюцца.

5. Рашэннi грамадскiх саветаў (камісій) i iншых кансультатыўных органаў (экспертных фарміраванняў) па пытаннях культуры носяць рэкамендацыйны характар.


  1. Узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці

1. З мэтай забеспячэння эфектыўнасці выкарыстання дзяржаўнай уласнасці і бюджэтных сродкаў, а таксама павышэння якасці культурных даброт дзяржаўныя органы ажыццяўляюць ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў сферы культуры з суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці.

2. Асноўнымі напрамкамі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці з’яўляюцца:

2.1. рэалізацыя культурных праектаў, у тым ліку сумесная вытворчасць фільмаў, правядзенне культурных мерапрыемстваў;

2.2. развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы арганізацый культуры;

2.3. сумесная дзейнасць па выкарыстанню, захаванню і ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей.

3. Дзяржаўнымі мерамі па рэалізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў сферы культуры дзяржаўных органаў з суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці могуць быць:

3.1. распрацоўка бюджэтных праграм, накіраваных на захаванне і развіццё культуры, выканаўцамі мерапрыемстваў якіх могуць быць суб’екты прадпрымальніцкай дзейнасці;

3.2. выдзяленне суб’ектам прадпрымальніцкай дзейнасці грантаў на рэалізацыю культурных праектаў;

3.3. прадастаўленне суб’ектам прадпрымальніцкай дзейнасці дзяржаўнай падтрымкі, ільготных крэдытаў, падатковых льгот у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі;

3.4. размяшчэнне сацыяльна-творчых заказаў;

3.5. выкуп вынікаў дзейнасці суб’ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці;

3.6. пакрыццё страт, панесеных суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці у выніку незаконных дзеянняў (бяздзейнасці) службовых асоб дзяржаўных органаў, у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі.




  1. Сацыяльна-творчыя заказы

1. З мэтай стымулявання творчага пошуку суб’ектаў культурнай дзейнасці, падтрымкi творчых работнікаў, рашэння iншых сацыяльна-культурных задач Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы маюць права размяшчаць сацыяльна-творчыя заказы у суб'ектаў культурнай дзейнасцi на стварэнне новых твораў мастацкай лiтаратуры i мастацтва, арганiзацыю i (або) правядзенне культурных мерапрыемстваў, аказанне паслуг у сферы культуры.

2. Размяшчэнне сацыяльна-творчага заказу ажыццяўляецца шляхам заключэння дагавору паміж Мiнiстэрствам культуры Рэспублiкi Беларусь або iншым дзяржаўным органам і суб'ектам культурнай дзейнасцi.

3. Сацыяльна-творчыя заказы могуць размяшчацца па выніках конкурсаў, якія праводзяць Мiнiстэрства культуры Рэспублiкi Беларусь, іншыя дзяржаўныя органы ва ўстаноўленным заканадаўствам парадку.

4. Дзеяннi, заснаваныя на дагаворы з суб'ектам культурнай дзейнасцi аб стварэннi i выкарыстаннi вынiкаў творчай дзейнасцi, не з'яўляюцца ўмяшаннем у творчую дзейнасць.



  1. Дзяржаўная падтрымка таленавітай моладзі

1. З мэтай выяўлення, станаўлення, развіцця, рэалізацыі і захавання інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу моладзі, забеспячэння пераемнасці культурных традыцый Рэспублікі Беларусь дзяржава рэалізуе сістэму мер па падтрымцы таленавітай моладзі і стварэнню ўмоў для яе плённай дзейнасці.

2. У Рэспубліцы Беларусь арганізуюцца мерапрыемствы, у тым ліку алімпіяды і конкурсы, накіраваныя на выяўленне таленавітай моладзі, праводзіцца пастаянны маніторынг работы з такой моладдзю, вядзецца банк даных таленавітай моладзі.

3. Мерамі дзяржаўнай падтрымкі таленавітай моладзі з’яўляюцца прысуджэнне заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рээспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, прадастаўленне грамадзянам, уключаным у банк даных таленавітай моладзі, льгот і гарантый у адпаведнасці з заканадаўствам.

4. Вядзенне банка даных таленавітай моладзі ажыццяўляецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь або упраўнаважанай ім арганізацыяй.

Парадак фарміравання, вядзення і выкарыстання банка даных таленавітай моладзі вызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   15


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка