Конкурс сачыненняў " Мова… Родная мова ў марах, у песнях, у снах…"




Дата канвертавання23.01.2018
Памер42.04 Kb.
Аддзел адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Нясвіжская гімназія”

Раённы конкурс сачыненняў

Мова… Родная мова ў марах, у песнях, у снах…”

Аўтар: Макараў Нікіта Аляксандравіч,

навучэнец 10 класа

Кіраўнік: Шкрабіна Валянціна Анатольеўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі

Нясвіж

2015


Мова… Родная мова ў марах, у песнях, у снах
Ад прадзедаў спакон вякоў

Мне засталася спадчына.

Паміж сваіх і чужакоў

Яна мне ласкай матчынай.


Аб ёй мне баюць казкі-сны

Вясеннія праталіны,

І лесу шэлест верасны,

І ў полі дуб апалены.

Я. Купала
Менавіта з гэтых радкоў верша ў маю душу ўвайшла родная мова. Я пачуў іх упершыню як песню. Іх любіць ціхенька напяваць мая бабуля. Я заўважыў, што робіць гэта яна ў нейкія асаблівыя моманты свайго жыцця. І часцей за ўсё гэта адбываецца тады, калі яна ўспамінае далёкую малую радзіму і сваіх бацькоў…

Так, вельмі прыгожая песня. Пазней я даведаўся, што словы да гэтай, мною ўжо любімай песні напісаў Янка Купала, а выконваюць яе нашы легендарныя “Песняры”. Якім жа было маё здзіўленне, калі я дазнаўся, што кіраўнік гэтага славутага ансамбля Уладзімір Мулявін не беларус, а што ён проста служыў тут, на нашай зямлі, у арміі, тут палюбіў нашу зямлю, яе народ, яе мову і тут застаўся назаўсёды…

З гэтага моманту я пачаў неяк асабліва прыслухоўвацца да беларускіх песень. Палюбіў многае з рэпертуару “Песняроў”, “Сяброў”… Менавіта з песень пачалося маё адкрыццё Беларусі. Белавежская пушча, Палессе і прыгажуня Алеся – гаспадыня гэтых мясцін… Калі я чуў гэтыя песні, то ўяўляў сабе незвычайна прыгожую дзяўчыну ў доўгім белым адзенні, з доўгімі распушчанымі валасамі і вялікімі блакітнымі вачамі. Я даволі часта слухаў гэтыя песні і таму, што яны падабаліся майму дзядулю і ён часта ставіў касету з гэтымі песнямі ў магнітафон, калі мы ездзілі з ім на машыне. Паступова вобраз чараўніцы Алесі стаў асацыіравацца ў мяне з вобразам Беларусі. Такой бы я яе намаляваў, калі б умеў гэта рабіць.

Мае школьныя падарожжы з сябрамі ў Белавежскую пушчу, на Нёманшчыну, паездкі да родных на Віцебшчыну, на Магілёўшчыну пашырылі маё ўяўленне пра Беларусь.

Віцебшчына і Магілёўшчына, як вядома, партызанскі край. Тут, у горадзе Касцюковічы Магілёўскай вобласці, пахаваны мой прадзед Вайтэнка Лазар Пятровіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Ён прайшоў яе з самага першага дня да апошняга. Я ніколі не бачыў свайго прадзеда, ён памёр задоўга да майго нараджэння, але я часта чуў расказы бабулі пра тыя цяжкія для нашай Радзімы гады, пра франтавыя дарогі майго прадзеда. Я трымаў у руках яго ўзнагароды, і гонар перапаўняў маё сэрца.

На Віцебшчыне, у невялікім мястэчку Езярышча, ёсць брацкая магіла. Там пахаваны другі мой прадзед – Макараў Дзям’ян Іванавіч. Ен быў партызанам, загінуў у 1942 годзе, калі яго атрад прарываўся з блакады. Цела майго прадзеда было перазахавана на брацкіх могілках ужо пасля вайны, ажно ў 1964 годзе.

Я часта думаю, якімі яны былі, мае продкі, што адчувалі, калі ішлі ў атаку, у што верылі…

Ваенная гісторыя маёй сям’і абудзіла цікавасць да ваеннай гісторыі маёй краіны. Канстанцін Заслонаў, Кірыл Арлоўскі, бацька Мінай, Алена Мазанік… Партызаны, падпольшчыкі… Колькі іх было на нашай зямлі. Ніводная іншая зямля не можа назваць такой колькасці герояў. Я люблю чытаць пра вайну, люблю глядзець фільмы. Сярод іх ёсць такія, якія асабліва кранаюць сэрца. Адзін з іх – “Часы остановились в полночь”. А песня, якая гучыць у гэтым фільме, на маю думку, не можа нікога пакінуць раўнадушным.

Не магу я знайсці тое слова,

Каб красу расказала тваю.

Не магу я знайсці тое слова,

Каб любоў расказала маю…

На першы погляд, гэта песня – пра каханне. Але ў выкананні галоўнай гераіні Марыны, якая выконвае заданне ў логаве страшнага і жорсткага ворага, яна гучыць як малітва, як заклік да барацьбы.

Толькі з песняй цябе параўнаю,

Што ў сэрцы сваім берагу.

Тую песню я вечна спяваю,

Без той песні я жыць не магу…

“Без той песні я жыць не магу”… Так, немагчыма жыць без песні, немагчыма жыць без мовы, на якой пішуцца такія песні, як немагчыма жыць без Радзімы. Пра Радзіму, пра яе шчаслівую долю марылі тыя, хто абараняў яе са зброяй у руках…

Я жыву ў мірнай краіне. Вучуся ў школе. Пераходжу з класа ў клас. Мару пра шчасце. Чытаю кнігі. Набіраюся розуму. Разумею, што асабістае шчасце немагчыма без шчасця агульнага. Хачу расказаць пра гэта сябрам. Але сам не магу гэтага зрабіць. Не хапае таленту. Таму чытаю кнігі і

Адкрываю, як свет, нанова

Беларускае роднае слова,

Пералівістае – як каменьчык,

Вясёлкавае – як ручай,

Цёплае – як агеньчык добрых тваіх вачэй,

Светлае – як маланка,

Гнеўнае – як пярун,

Ціхае – як калыханка,

Вечнае – як Беларусь!



Анатоль Канапелька


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка