Конкурс сачыненняў на тэму: " За што я люблю сваю вёску" " Карцэвічы, або сем запаведзяў маіх аднавяскоўцаў"



Дата канвертавання05.03.2017
Памер61.18 Kb.
#4832
ТыпКонкурс
Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Карцэвіцкая сярэдняя школа”

Конкурс сачыненняў на тэму:

За што я люблю сваю вёску”

Карцэвічы, або сем запаведзяў маіх аднавяскоўцаў”

Выканала: Гегеня Дзіяна Васільеўна,

вучаніца 8 класа ДУА “Карцэвіцкая СШ”

Кіраўнік: Плакса Наталля Васільеўна,

настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Адрас установы адукацыі:

222631 Мінская вобл., Нясвіжскі р-н,

аг. Карцэвічы, вул. Піянерская, 5,

тэл:.(01770)38602

2014 г.

Карцэвічы,



або

сем запаведзяў маіх аднавяскоўцаў
Хто з маіх сямейнікаў не пісаў пра нашу вёску. І старэйшая сястра, калі вучылася яшчэ ў сёмым класе, і брат, як паступіў на настаўніка фізкультуры ў Нясвіжскі педкаледж, мама і тата ў школьныя гады. Нават дзед, калі здаваў выпускныя экзамены ў даўнейшай Карцэвіцкай сямігодцы. Прыйшла чарга і мне запісаць свае радкі на старонку славы родных Карцэвіч.

Пачну прыкладна так, як пачыналі і мае папярэднікі: Карцэвічы- звычайная беларуская вёска, адна з многіх на нашай зямлі. Не самая вялікая, але і не з малых, блізкая да Нясвіжа. Хочаш патрапіць сюды - выязджай на паўднёвы бок горада, праедзь па знакамітым Радзівілаўскім парку Альба, пасля кіламетры чатыры палявой дарогай - і Карцэвічы перад табою як на далоні.

З правага боку вывіваецца Уша, атуленая вербалозам і старасвецкім алешнікам, з левага – шырокай цёмна-зялёнай стужкай цягнецца лес. Сярод гэтых прывычных і такіх улюбёных беларусамі стыхій – лясной і рачной – заснавалі некалі паселішча мае прашчуры.

Не прэтэндуючы на арыгінальнасць думкі, скажу, што пісаць пра родную вёску – гэта найперш распавесці пра яе жыхароў. Падаецца мне , што жывуць яны па Божых ды яшчэ па адных, нідзе не запісаных запаведзях, што складаліся вякамі, складаюцца і сёння.



Запаведзь першая: жыць з нялёгкай працы на зямлі.

Яе ўведалі яшчэ першапасяленцы. А было так. Гадоў чатырыста, а то і болей таму прыйшлі сюды аднекуль людзі. Мясцінка ім спадабалася: ціхая рачулка багатая на рыбу, лес поўны дзічыны, а высокая гара захінае ад халодных паўночных вятроў. Вось і вырашылі заснаваць тут сабе жытло. Былі яны дужыя, настойлівыя і працавітыя, таму адважыліся на самую цяжкую сялянскую працу “лес на пахань зрабіць”. І зрабілі! Праўда, доўгі час на тым полі было шмат карчоў. Поле сталі называць Карчовым полем, а паселішча – Карчэвічы, пасля Карцэвічы.

І цяпер , прамаўляючы найменне сваёй вёскі, думаю аб працавітасці як асноўнай рысе сваіх аднавяскоўцаў, здатных з дапамогай канаплянай вяроўкі, дубовага дручка і несамавітага коніка адолець нават корч стогадовага дрэва.

Запаведзь другая: любіць і бараніць сваё.

Мой прадзед у 1944 далучыўся да дзеючай арміі і пайшоў на захад, каб гнаць фашысцкіх захопнікаў у іх звярынае логава. Дома пакінуў жонку і маленькага сынка, што толькі-толькі вучыў хадзіць. У той апошні год вайны варожае супраціўленне ад прадчування немінучай пагібелі было асабліва лютае. Вайну закончыў на поўдні Германіі, майскім днём 1945, як прыгадваў неаднойчы, памыў ногі ў Шпрэе. Хоць меў цяжкія раны, усё ж вярнуўся да родных палеткаў. 27 яго сяброў-аднавяскоўцаў не зведалі гэтага шчасця. Іх магілы дзесьці там, у Еўропе, пад Варшавай, Люблінам, Шчэцінам, Будапештам, Венай, Берлінам.



Запаведзь трэцяя: помніць.

Гэтая запаведзь павечная не толькі для маіх аднавяскоўцаў – для кожнага беларуса. Таму і высяцца скрозь па нашай зямлі-пакутніцы стэлы, абеліскі, мемарыяльныя комплексы. У маіх Карцэвічах у самым цэнтры, як сэрца вёскі, - сквер Памяці, закладзены ва ўшанаванне воінаў-землякоў, што баранілі родны край 70 гадоў таму. Сцяжынка, абсаджаная кветкамі, вядзе да памятнай пліты, ля якой заўсёды палымнеюць гваздзікі, астры ці гладыёлусы. А навокал дрэвы: бярозы, рабіны, клёны. Колькі загінуўшых, столькі і дрэўцаў, нібы праз іх працягваецца жыццё герояў.



Запаведзь чацвёртая: жыць і працаваць з песняй.

А сягоння дзень у нас субота,

А заўтра нядзеля,

Чаму ў цябе, у цябе, мой міленькі,

Сарочка не бела?

Гэтую песню, што дайшла да нас з пракаветнай мінуўшчыны, спяваю ў школе на канцэртах нават і я са сваімі аднакласнікамі. Ды як не спяваць, калі яна такая гарэзлівая і задзірыстая, такая напеўная і меладычная!

Старэйшыя з вяскоўцаў даводзяць, што ні дня не жылі без песні, як мы цяпер без інтэрнэта. Жаць збажыну, рваць лён, палоць буракі, стагаваць салому- і на працу з песняй, і дамоў з песняй. “Як спяваеш,- з жартаўлівай усмешкай гаворыць наша суседка, бабуля Надзея, - дык і ногі менш гудуць, і рукі не ныюць, і ў вушах не звініць”. Заўважаю, што і ў мяне мацнее прывычка, прыбіраючы ў хаце ці на падворку, усё нешта падспеўваць. Ці не ад бабулі Надзі гэта?

Запаведзь пятая: берагчы прыроду і верыць яе магутнай сіле.

На ўзлеску ля Карцэвіч жыў некалі селянін Давыд. Як у той казцы, жыў-пажываў на ўлонні прыроды ды гора не знаў. Але здарылася бяда: захварэў Давыд, моцна захварэў. Паехаў да гарадскіх дактароў здароўя шукаць. Але ніхто не мог прапанаваць яму дзейсных лекаў. Адправілі, як кажуць у народзе, дадому паміраць. Ды хтось нараіў бедаку лячыцца ляснымі травамі. Моцна ўвераваў у гэта хворы, хадзіў у лес, рваў іх усе як ёсць, што трапляліся пад руку, сушыў, здрабняў на сячкарні, штодня заварваў, настойваў ды піў. І здарыўся цуд! Акрыяў Давыд на дзіва ўсім, жыў доўга і памёр глыбокім старцам. Як жа пасля гэтага не верыць карцоўцам у цудадзейную сілу палявых ды лясных зёлак, не берагчы і не шанаваць родныя ваколіцы.



Запаведзь шостая: тварыць прыгажосць.

Куды ні гляну, бачу: да той красы, што дорыць прырода, далучаецца рукатворная краса: дагледжаныя дворыкі, аздобленыя дамкі, расфарбаваныя плоцікі, густоўныя кветнікі.

А колькі хараства ў хатах! Пакоі бабулі Лілі, маці маёй першай настаўніцы, нібы залы музея вышыўкі. Тут і паўліны з квяцістымі хвастамі, і ружы, і рамонкі, і мак, і танюткія бярозкі, і алені, і лебедзі…

А якія тканыя сурвэткі і ручнікі складзены ў шуфлядах цеткі Марыі, бабулі маёй аднакласніцы! Сённяшняму чалавеку і не даўмецца, як гэта на самаробным варштаце выткаць і дубовыя галінкі, і жалуды, і шэрых галубкоў аднаго насупраць другога. Праўда, абяцалі майстрыхі ўсё паказаць і ўсяму навучыць, калі так моцна хочацца.



Запаведзь сёмая: шанаваць матчыну мову.

Дзякуй Богу, у маёй вёсцы яшчэ чую яе паўсюль: дома, у школе, на вуліцы, у краме, на стадыёне. Дзіўлюся даўнейшым слоўцам: барчык, капыл, аброць, сукала, бёрда, супоня, трапло. Збіраю іх, нібы залатыя пясчынкі, каб не забыліся, каб не згубіліся сярод драйвераў, пазлаў, чыпаў, спамаў.

І так прыемна пачуць уранні:”Абуджайся, дачушка, сняданак стыне, у школу пара”. Будзе жыць мова - будзе жыць і сапраўдная беларуская вёска.

Напісала сваю старонку. Ды напісаць лёгка. Больш складана і адказна кожнаму з нас годна пражыць сваю старонку жыцця, кіруючыся няпісанымі запаведзямі маіх аднавяскоўцаў, памнажаючы створанае іх працай, талентам, верай і любоўю.


Запаведзь восьмая: гадаваць у ласцы дзяцей. Любіць і песціць іх.

Так, як робіцца ў нашай сям’і. Мая сям’я мнагадзетная, мы удзельнічаем ў розных міжсямейных конкурсах (і атрымлівалі ў іх перамогі - былі сям’ёй года), мы вельмі любім даражым і паважаем адзін аднаго, дапамагаем адзін аднаму …

Тата ў нас майстар на ўсе рукі і свае навыкі ён перадае майму брату Ягору, якому 8 гадоў. Калі Ягор трошкі падрасце, ён зможа выкарыстаць тое чаму навучыўся ў таты па хаце. І будзе ў нас ўжо два майстра на ўсе рукі!

Мама ў нас вельмі прыгожая і таксама можа навучыць мяне і маю сястрычку Алінку, якой 5 гадоў шмат чаму напрыклад: смачна гатаваць, маляваць, прыгожа і правільна фатаграфаць …

На мой погляд наша сям’я добрая, крэпкая і шчаслівая.

Па суседстве са мною жыве яшчэ адна добрая і спартыўная сям’я. З сусудзямі я знаёма з 5 гадоў. Яны таксама ўдзельнічаюць у сямейных конкурсах, але больш спартыўных. Вініцкія - адныя з самых спартыўных сямей, яны зімой ў розных мясцінах катаюцца на санках, лыжах, каньках, ныраюць ў палонку на Вадакрышча, ходзяць ў лазню. Кожны з іх таксама любіць і паважае адзін аднаго.

Алеся мая лепшая сяброўка,а яе старэйшы брат Жэня мой аднакласнік. Тата і маці ў таксама вельмі добрыя. Вось як добра, што побач са мной жыве такая сям’я!

Я проста на 100% упэўнена, што ў нашай вёсцы вельмі, вельмі шмат такіх сямей і кожная любіць сваіх бліжніх моцна-моцна.

Калі будуць усе такія шчаслівыя сем’і, то будзе шчаслівай наша Беларусь!


Каталог: DswMedia
DswMedia -> Тэма: Памяць пра сябра, пранесеная праз гады (на прыкладзе галоўных герояў апавядання Генрыха Далідовіча «Страта»). Мэта
DswMedia -> Развіццё нацыянальнай самасвядомасці
DswMedia -> Развіцце навыкаў канспектыравання
DswMedia -> Бел мова, 9 кл. Тэма: Маналог. Дыялог, яго афармленне на пісьме
DswMedia -> Гімназія №7 г. Маладзечна” Падрыхтоўка да алімпіяды як адна з форм працы з адоранымі вучнямі
DswMedia -> 120 гадоў таму ў Мінску нарадзіўся Максім Багдановіч (1891-1917). За кароткае жыццё паэт нямала павандраваў, паўсюды пакідаючы сапраўдныя гронкі сваіх цудоўных вершаў
DswMedia -> Усходнія славяне мелі шырокія кантакты з варагамі “з-за мора” і нельга не ўлічваць рэальны ўдзел варагаў у гісторыі ўсходніх славян
DswMedia -> Гістарычна ўзнікшая форма арганізацыі грамадства на пэўным узроўні ягонага развіцця; гістарычна ўзнікшая форма арганізацыі грамадства на пэўным узроўні ягонага развіцця
DswMedia -> Развіццё аналітычных здольнасцей, умення вылучаць галоўнае, рабіць вывады
DswMedia -> Кнігі на беларускай мове


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал