Л р. Ішкініна (Мінск) "Вечныя" праблемы




Дата канвертавання05.03.2017
Памер62.75 Kb.
Л Р. Ішкініна (Мінск)
"Вечныя" праблемы

ў беларускай драматургіі канца хх стагоддзя
Тэатр мае за плячыма тысячагадовую гісторыю, але нягледзячы на сцэнічныя навацыі драматургаў, грандыёзныя сучасныя пастаноўкі, аснова драматычнага дзеяння і сродкі выражэння самі па сабе амаль не змяніліся. Усе істотныя элементы сучаснай сцэны можна сустрэць яшчэ ў антычным тэатры. Ёсць "вечныя" праблемы, якія ніколі не зменяцца: яны хвалявалі людзей і тысячу гадоў таму, яны зразумелыя гледачам сёння і, бясспрэчна, праз сотні гадоў застануцца актуальнымі. Гэта праблемы кахання і нянавісці, сяброўства і вернасці, бацькоў і дзяцей. Адна тэма, якая можа аб'яднаць усе пытанні разам, - гэта тэма лёсу чалавека.

Драматургія спрабуе вырашаць складаныя праблемы быцця. Яшчэ ў антычнасці глыбока даследавалася пытанне "чалавек і лёс". Напрыклад, Сафокл у сваіх трагедыях ставіць герояў у сітуацыю выбару, яны спрабуюць кінуць выклік лёсу. Сафокл падымае пытанні пра справядлівасць, пра шляхі і меру пакарання чалавека за яго віну. Драматургі асэнсоўвалі універсальныя праблемы; тэму чалавечага выбару ў безвыходных умовах.

Вопыт антычных драматургаў засведчыў, што паказ рэчаіснасці, надзённых палітычных і сацыяльных рэалій не перашкаджае вырашаць значныя праблемы. Драматургія закранае станоўчыя і адмоўныя бакі розных палітычных рэжымаў, паказвае сацыяльныя канфлікты грамадства. I ў той жа час драматургі праслаўляюць чалавека як індывіда, яго лепшыя рысы характару (высакароднасць, каханне, самаахвярнасць) і выкрываюць на адмоўныя (каварства, здрада).

Адметнасць драматургіі абумоўлена натуральнымі, набліжанымі да чалавечага жыцця, законамі яе існавання. Феномен драматургіі — стварэнне тэатральнай ілюзіі, падчас такой выразнай і пераканаўчай, што яна можа падацца болын рэальнай, чым само жыццё. Стварэнне п'есы — гэта майстэрства, для авалодання якім патрэбны не толькі значны жыццёвы досвед, але і адчуванне "чытача", адчуванне таго, што хвалюе сучасніка.

Напрыканцы XX стагоддзя з'явіліся драматургічныя творы Алега Ждана "Сям'я для старога сабакі", Зінаіды Дудзюк "Заложнікі шчасця", Міхася Стрыжова "Могілкі... ноч месяцовая...", Алены Паповай "Улюбёнцы лёсу", Міколы Арахоўскага "Лабірынт", якія былі ўключаны ў сёмы выпуск зборніка "Беларуская драматургія". На яго старонках друкаваліся лепшыя ўзоры беларускай драматургіі, а таксама творы маладых беларускіх драматургаў.

У п’есе "Заложнікі шчасця" З. Дудзюк ставяцца даволі вострыя праблемы нашага нялёгкага, супярэчлівага, а ў нечым і проста парадаксальнага жыцця. Тут разглядаецца “вечная праблема” бацькоў і дзяцей. Фінал п’есы ўражвае: робіцца страшна, калі бацькі хаваюць дзяцей, але яшчэ жудасней ад думкі, што па віне бацькоў гінуць дзеці. Тэма нажывы і жарсць да "лёгкіх" грошай праходзіць скразной лініяй праз твор.

У п’есе "Могілкі... ноч месяцовая..." М. Стрыжоў выкарыстоўвае "Апавяданне пра мерцвяка" латышскага класіка Андрэя Упіта, яго літаратурны ход думкі і форму твора, але Стрыжоў здолеў напоўніць драматычны твор рэальным жыццём сённяшняга дня з яго праблемамі. Напачатку п'еса вельмі нагадвае драму жахаў, у яе рэальны і ірэальны свет уваходзіць чытач не без цяжкасцей. Дзеянне адбываецца ў адным месцы - на могілках. Асноўныя дзеючыя асобы -душы нябожчыкаў. На могілкі наведваюцца і жывыя людзі, аднак гэта не адбіваецца на змрочнай атмасферы п'есы, наадварот — узмацняе яе. Перад намі паўстаюць дакладна акрэсленыя і эмацыянальна афарбаваныя выявы, калі не трэба нешта дадумваць. Робіцца страшна за будучае пакаленне, якое можа не толькі зняць апошнюю вопратку з нябожчыка, але і забіць кагосці толькі дзеля таго, каб не быць злоўленым. Герою, якія зваліўся ў выкапаную яму, ніхто на працягу твора не дапаможа. Драматург паказвае чалавечую чэрстваць, грубасць, пошласць, агідныя адносіны аднаго чалавека да другога і, самае галоўнае, абыякавасць. Усюдыіснае раўнадушша да свайго жыцця, да жыцця іншага чалавека, усепранікальная абыякавасць...

Можна ўбачыць гэтую рысу амаль ва ўсіх творах. Няўжо зараз надышоў той момант, калі вядомая фраза "homo homini lupus est" ("чалавек чалавеку воўк") стала ключавой у падсвядомасці кожнага індывіда?

Калі разглядаць п'есу А. Паповай "Улюбёнцы лёсу", то мы бачым прадстаўнікоў адразу трох пакаленняў: Старога, Ірыну і Славу (былых жонку і мужа, якія жывуць разам у адной кватэры Старога) і іх дачку Насту. Старога амаль што ніхто не заўважае. Ён, душэўна хворы, застаўся ў "мінулым" стагоддзі, заўсёды збіраецца ў Маскву на парад. Стары не можа прымірыцца з той думкай, што ён болын не магутны начальнік. I ў гэтым яго вялікая бяда: складана мець усё і ў адзін час усё гэта страціць. У Ірыны (родная дачка Старога) жыццё яшчэ не прайшло, але чытач бачыць у ёй толькі разведзеную жанчыну, якая не можа прыстасавацца да адзіноты. Няўпэўненая ў сабе, яна шукае чагосьці чыстага і светлага. Спачатку нам здаецца, што вось яна знайшла новае каханне, але ў жыцці не заўсёды адбываюцца "хэппі-энды" — яна застаецца адна... Праблема гэтай сям'і ў тым, што яны не заўважаюць адзін аднаго: дачка Наста ні ў якім разе не жадае жыць разам з бацькамі, Слава без ніякага сумлення прыводзіць у кватэру сваю каханку, а тая пачынае ўсталёўваць свае правы на маёмасць, якая наогул да якой наогул не мае дачынення. Галоўная праблема п'есы — людзі ставяць матэрыяльныя каштоўнасці вышэй за духоўныя. Герояў хвалюе толькі пытанне, каму дастанецца кватэра, а не пытанне ўсталявання добрых узаемаадносін у сям'і.

Сямейная трагікамедыя А. Ждана "Сям'я для старога сабакі" працягвае думку аб сэнсе існавання чалавечага жыцця без падтрымкі блізкіх людзей. Блізкія людзі закрыты для нармальных, чалавечых стасункаў. Андрэй Ільіч Верас, галоўны герой, пакутуе ад адзіноты. На дзень нараджэння да яго наведваюцца сваякі. На працягу п'есы мы не адчуваем ўвагі да яго персоны. Дзеці абмяркоўваюць толькі свае праблемы. Андрэй Ільіч вырашае прадаць усе рэчы з кватэры і з'ехаць. Яго хвалюе, каб яго сабаку забрала добрая сям’я. Адчуваецца, што ён не давярае сваім блізкім: нават сабаку не жадае пакідаць дзецям, бо ведае, што ім не будзе ніякай справы да яго.

М. Арахоўскі як драматург здолеў выказацца пра ўсе выпрабаванні, якія выпала перажыць чалавеку, які жыў і пры савецкім рэжыме, і ў час станаўлення незалежнасці беларускай краіны.

"Ку-ку" — цікавая і двухсэнсоўная назва. Раней ў драматургіі ніхто не адважваўся браць у якасці назвы твора выклічнік, які ў сучаснага чалавека асацыюецца з нечым дурным, вар'яцкім. Першапачаткова "ку-ку" — гэта спеў зязюлі. У англійскай мове слова гэтае мае іншае значэнне, якое дастаткова вядома нам дзякуючы папулярнаму раману-бестселеру англійскага празаіка Кена Кізі пад назвай "Палёт над гняздом зязюлі" і аднайменаму фільму Мілаша Формана. Гнязда ў зязюлі няма і быць не можа: так закладзена яе біялагічная сістэма. "Гняздо зязюлі" — хлусня, вар'ятня [1, с. 139]. Сэнс назвы становіцца выразным пры разгортванні дзеяння п'есы.

Дастаткова ўдумліва прачытаць эпіграф да п'есы "Ку-ку", каб зразумець, што мы будзем мець справу з творам, які не так ужо і проста можна зразумець:

Адзін сказаў: "Быццё ёсць свядомасць". Другі сказаў: "Свядомасць ёсць быццё". Трэці сказаў: "Яны -адно".

Аўтара няма, ёсць толькі гульня слоў. Драматург прынцыпова не раск-рывае прозвішча і імя таго, хто калісьці вымавіў гэтую фразу: мы не павінны, ды і не можам спрачацца з гэтым чалавекам, нам даецца толькі адно — лічыцца з тым, што сказана. Чытач чытае, пісьменнік піша — і ўсё. Мадэрнісція творы не тры-ваюць умешвання ў свой тэкст, драматургі гэтага напрамку як бы не заўва-жаюць жаданняў чытачоў. Можа і заўважаюць, але не надаюць значэнні інтарэсам іншых. Калі чытачу сапраўды цікава акунуцца з галавой ў свет, дзе пануе іррацыянальнасць, алагізм, тады ён здолее распачаць чытанне п'есы.

3 першых сцэн чытачам становіцца зразумела, што аповед пойдзе пра ўзаемаадносіны мужчын і жанчын, прычым ніякага "чыстага, светлага" кахання не чакаецца. Ды і якое можа быць сапраўднае пачуццё, калі мы бачым здраду мужу. "Ку-ку" - драма ў дзвюх дзеях, на працягу якіх мы бачым Вадзіма, Алену, Ларысу, Косцю і Яўгена. Пяць чалавек. Іншых прадстаўнікоў чалавечага роду на старонках п'есы мы болып не сустрэнем. Побач з імі існуюць незвычайныя персанажы, названыя самім аўтарам "істоты": Падушкападобны, Супермэн, Клеапатра, Камандзір і іншыя. Па меркаванні аўтара, "людзі" павінны быць падкрэслена загрыміраванымі.

П'еса "Ку-ку" арыгінальная па форме і кампазіцыйнай будове. У аснове яе ляжыць "разбурэнне, дэфармацыя першаснага вобраза рэальнасці".

Тэма кахання і нянавісці прысутнічае ў творы. Муж з жонкай сварацца, прызнаюцца адзін аднаму ў здрадах, клянуцца ў вечным каханні. Але мы не адчуваем шчырасці ў гэтых словах. Не хапае "шэкспіраўскіх" страсцей, але гэта таксама можна зразумець. У беларускага чытача зусім іншы менталітэт: беларусы — сціплая нацыя, якая не выносіць на суд свае эмоцыі. Эмацыянальная п'еса і відовішчны тэатр — з’явы культуры іншых народаў, з вельмі адрозным ад нашага менталітэтам. На беларускіх падмостках яны да цяперашняга часу выглядаюць вопраткай з чужога пляча замежнага пакрою [2, с. 102].

Але адно застаецца нязменным і робіць блізкімі ўсе нацыі - вечныя праблемы, якія павінна закранаць літаратура. Цікавасць да адвечных маральных, духоўных каштоўнасцей можна лічыць недастаткова праяўленай, але выразнай тэндэнцыяй, якая абумовіць далейшае развіццё беларускай драматургіі.



________________________

1. Бельскі, А. І. Беларуская літаратура XX стагоддзя: гісторыя і сучас-насць / А. І. Бельскі. – Мінск, 2005.



2. Кісліцына, Г. М. Новая літаратурная сітуацыя: змена культурнай парадыгмы. / Г. М. Кісліцына. — Мінск, 2006.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка