Легенды аб паходжанні Пружан




Дата канвертавання02.02.2017
Памер34.49 Kb.
Легенды аб паходжанні Пружан

У зліцця рачулак Муха і Вец, якія даюць пачатак Мухаўцу, размясціўся невялікі горад Пружаны. Але гісторыя яго вялікая і цікавая. Колькі легенд і паданняў звязана з ім.


Адна з іх сцвярджае, што назва горада паходзіць ад слова “проса”, якое было даволі папулярнай сельскагаспадарчай культурай у нашай мясцовасці. Сапраўды, ёсць дакументы, дзе гаворыцца аб урадлівасці проса на Пружаншчыне. У “Запісах рассылкі гаспадарскіх лістоў у замкі з двароў, старостваў і цівунстваў” за 1564 г. распавядалася аб тым, што для ўтрымання дзяржаўнага войска з Пружан і іншых мясцін у Бабруйскі замак пасылалася проса.
Другая гаворыць, што назва Пружаны паходзіць ад слова “прудзіць”. У доказ гэтай версіі прыхільнікі прыводзяць наступную легенду. Уладальнік Ружан назваў сваё паселішча ў гонар дачок Ружы і Ганны, а за Ружанамі знаходзіліся вялікія сажалкі (“пруды”), таму паселішча за сажалкамі сталі называць Пружанамі. Але легенда ёсць легенда. Больш рэальнасці у даследчыцкіх высновах мовазнаўцаў У. Юрэвіч і В. Лемцюговай, якія атаясомліваюць назву Пружаны з “запрудай, прудам” – невялікім штучным ці натуральным вадаёмам, каля якога і ўзнікла паселішча.
У адпаведнасці з іншымі дадзенымі пасяленне на месцы цяперашніх Пружан было закладзена заходнеславянскім племем прусаў. Такая гіпотэза мае гістарычную падставу. У 30-я г.г. ХІІІ ст. пад націскам князя Конрада Мазавецкага і яго саюзнікаў рыцараў Тэўтонскага ордэна прусы вымушаны былі перасяляцца, а тыя, што засталіся, былі германізаваны. Вялікі князь літоўскі Трайдзень ( 1270 – 1282) дазволіў у 1276 г. прусам сяліцца па ўсёй тэрыторыі ВКЛ. Магчыма, прадстаўнікі гэтага племені і заснавалі Прусаны (Прушаны, Пружаны).
Некаторыя звязваюць назву горада з выявай на гербе. Праўда, адзінства няма і тут. Выдатны беларускі этнограф М. Федароўскі ў даследаванні “Люд беларускі на Русі Літоўскай” прыводзіць такую мясцовую легенду (запісана ў другой палове ХІХ ст.ад Аляксандра Савіцкага з вёскі Дварчаны): праз Мухавец, які ў старажытныя часы быў паўнаводны і вірлівы, ехала каралева Бона са сваёй дачкой, якая ўпала ў ваду і там яе праглынуў (“пажэр”) змей. Гору маці не было краю і яна пракляла раку, якая перасохла. Менавіта ў тым месцы, дзе загінула дачка Прузена (аднак, такое імя больш нідзе не сустракаецца) і Мухавец стаў дробным, Бона заснавала горад Пружаны. У гэтай легенды ёсць іншыя варыянты. Быццам рачны змей не “пажэр” дзіця, а наадварот, яго нарадзіў ці выратаваў. У выдатным этнаграфічным даследаванні “Живописная Россия” ў трэцім томе (1882 г.), які складаўся пры непасрэдным ўдзеле знакамітага беларусазнаўцы А. Кіркора, гаворыцца, што карміцелька, якая гуляла з маленькім дзіцем уладальніка горада, выпадкова ўпусціла яго ў раку Муху, якая “пажрала” дзіця (сустракаецца аповед аб укусе змяёй дзіцяці). Ад гэтага месца Дабучын (некаторыя даследчыкі ХІХ – ХХ ст.ст. памылкова называюць старажытныя Пружаны Дабучынам) сталі называць Пажарла, а потым – Пружаны.
Цікавую легенду прыводзіць беларускі мовазнаўца А. Ненадавец. Ён апавядае пра падарожжа каралевы Боны з сынам па ўласных уладаннях. Падарожнікі чулі пра страшэннага змея, што жыве ў рацэ, праз якую ім неабходна было пераехаць, аднак толькі смяяліся з гэтых аповядаў. Калі ж каралеўскае войска ўступіла на мост, ён праваліўся, і залатая карэта з сынам каралевы звалілася ў раку. У гэты час водная прастора ўздрыганулася і з яе высунулася агромістая раззяўленая пашча змея. Ахоўнікі кінуліся ў ваду, каб выратаваць каралевіча, аднак усе загінулі. Пасля гэтага жудаснага выпадку да Боны з’явіўся ваяр Янка. Ён абяцаў вызваліць каралевіча, калі той яшчэ жывы, а змея забіць. Дзеля такой справы ён загадаў запрудзіць раку, каб сышла вада. Янку-асілку ўдалося забіць змея і варатаваць маленькага сына Боны. Шчаслівая маці аддала Янку ўсе землі ўздоўж ракі ў вечнае карыстанне. А месца гэта назвалі Пруджана. Каралева Бона нездарма фігуруе ў якасці гераіні легенд. У пачатку XVI ст. менавіта яна ўладарыла горадам Пружаны.
Нездарма ў многіх легендах ідзе размова і пра раку Мухавец. Справа ў тым, што Мухавец з даўніх часоў іграў даволі важную ролю ў гандлі. Ён звязваў не толькі тэрыторыю Сярэдняга Пабужжа, але і землі Старажытнай Русі з Літвой, Польшчай, Германіяй, Чэхіяй. Утвараецца Мухавец ад зліцця дзвюх маленькіх рачулак – Мухі і Вец (у 2003 годзе тут пастаўлены помнік, аўтарам якога з’яўляецца брэсцкі скульптар А. Паўлючук).
Паходжанне назваў гэтых рэк таксама звязана з паданнямі. Мухай раку назвалі таму, што па яе берагах лётала незлічоная колькасць белых мух, якія не давалі спакою падарожнікам, мясцовым жыхарам, скаціне, асабліва ў цёплае надвор’е. Гэтыя мухі былі служкамі вадзянога змея. Яны адцягвалі ўвагу чалавека, які ехаў праз раку, і спрабаваў адмахвацца ад іх. Вось ў такі зручны час змей хапаў і знішчаў бяспечнага падарожніка. Пра раку Вец гавораць наступнае, што ў ёй на высокім востраве, збіраліся нашы продкі на веча – народны сход, каб вырашаць важныя пытанні, судзіць. Востраў нібыта насыпалі самі жыхары горада для гэтых мэт. Таму і назва ў ракі такая.
Рамантычная гісторыя існуе аб назве ракі Баба (прыток Мухаўца). У старыя часы пакахалі адзін аднаго Пятро і Анэя і ажаніліся. Пятро быў багаты, а яго любая – бедная. Неўзлюбіла свякруха нявестку і, калі сын паехаў у Варшаву, выгнала Анэю з хаты, а сыну сказала, што жонка ўцякла з палюбоўнікам. Аднак падман раскрыўся. Кінуўся Пятро за сваёй любай і ўбачыў яе ў пучыне паўнаводнай ракі – Анэя хацела ўтапіцца. Аднак малады паспеў і выратаваў сваю каханую. “Не хацела я быць для цябе абрыдлай бабай, калі ты ў Варшаве бачыў прыгажэйшых і багатых,” – патлумачыла свой учынак Анэя. У той жа дзень закаханыя пакінулі родныя мясціны назаўсёды. Рака ж, у якой маладая жанчына ледзь не знайшла сваю смерць, абмялела. А імя ёй ад тых часоў – Баба.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка