“лісты не спазняюцца ніколі”У. Караткевіча




Дата канвертавання28.04.2017
Памер60.18 Kb.
В. Ф. Падстаўленка (Віцебск)
НЕАРАМАНТЫЧНЫЯ ЭЛЕМЕНТЫ Ў АПАВЯДАННІ

ЛІСТЫ НЕ СПАЗНЯЮЦЦА НІКОЛІ”У. КАРАТКЕВІЧА

Зварот да класікі — гэта своеасаблівы амбівалентны працэс, у якім суіснуюць адчуванне эстэтычнай асалоды (з пункту гледжання рэцыпіента) і стан надзвычайнай усхваляванасці (з пазіцыі даследчыка). Апошняе тлумачыцца найперш жаданнем прадставіць аб’ектыўную інтэрпрэтацыю аўтарскага твора. Тым больш, калі гэта класічны прыклад, дзе “вечная” праблематыка раскрываецца праз сістэму па-філасофску глыбокіх сюжэтных калізій з жыцця тыпізаваных персанажаў, а пісьменніцкія светапоглядныя арыенціры завуаляваны ў падтэксце твора.

Для “літаратурных смакуноў” (паводле трапнага азначэння М. Гарэцкага) і прыхільнікаў мастацкай герменеўтыкі творчая спадчына У. Караткевіча заўсёды будзе жаданым і перманентным аб’ектам. Пазачасавасць кніг вялікага беларускага аўтара ў многім дэтэрмінавана і па-майстэрску змадэляваным універсальным мастацкім светам, у якім узбуйнена і вычарпальна даследуюцца канцэптуальныя пытанні чалавечага быцця. Да таго ж героі беларускага творцы нагадваюць носьбітаў лепшых ідэй і высакародных учынкаў у свядомасці кожнага рэцыпіента, што таксама надае ім звышпапулярнасць. У сваіх кнігах У. Караткевіч аддаваў прыярытэт як пошукам уласначалавечага пачатку ў персанажы, так і доследу маральна-этычнага боку грамадскай філасофіі пэўнай эпохі. Пры гэтым беларускім майстрам шматаспектна раскрываўся вечны антаганізм паміж дадатным і адмоўным складнікамі ў характары героя, або дэманстравалася барацьба паміж апалагетамі гуманістычных і чалавеканенавісніцкіх дактрын.

Зазначаны праблематычны базіс, рамантычны па сваёй прыродзе, істотна скарэктаваў аўтарскі дыскурс. Мастацкі стыль У. Караткевіча, па словах А. Русецкага, уяўляе сабой адмысловы сінтэз рэалістычнага рамантызму [1, с. 45]. Такія дыскурсныя адметнасці, думаецца, маглі ўзнікнуць на падставе ўплыву на мастацкі свет аўтара неараматычных тэндэнцый. Зробім спробу абгрунтаваць слушнасць дадзенай гіпотэзы на прыкладзе малавядомага апавядання “Лісты не спазняюцца ніколі”.

Асобнай гаворкі вымагаюць асаблівасці праяўлення хранатопу і яго атрыбутыўнасць у названым апавяданні. Як вядома, персанажы неарамантычных твораў дзейнічаюць у рэалістычных абставінах, кажучы па-іншаму, хранатоп у іх пазбаўлены фантастычнасці, звышумоўнасці, абстрактнасці. Так, спачатку ў караткевічаўскім апавяданні падзеі адбываюцца ў першыя дні Вялікай Айчыннай. Беларускі творца ў лепшых традыцыях сусветнай літаратуры асэнсоўвае вайну як жахлівую катастрафічную з’яву, як час, калі істотна трансфармуецца чалавечая свядомасць. У дадзенай памежнай сітуацыі кожны прагне вырашыць двухадзіную задачу: па-першае, выжыць, нават апелюючы пры гэтым да сферы падсвядомых жывёльных інстынктаў, а па-другое, захаваць уласначалавечую сутнасць. Для У. Караткевіча вайна — гэта і час выбару паміж жыццём і смерцю, і час падсумоўвання на парозе Вечнасці ранейшага існавання, і час Боскага адкрыцця, і, як вынік усяго, час памнажэння дабра, шчырасці і спагады.

Цэнтральнымі героямі першай часткі апавядання “Лісты не спазняюцца ніколі” з’яўляюцца два розныя (па светапоглядзе, досведзе і г. д.) чалавекі. Нагадаем, што ўжыванне ў творах персанажаў-антыподаў таксама выступае адзнакай рамантычнага дыскурсу. За такім выбарам герояў бачыцца аўтарскае жаданне сцвердзіць думку, што вайна — гэта і нечаканасць, выпадак, бо невядома, хто стане тваім сябрам у апошнюю хвіліну.

Варта зазначыць, што і ў наступных дзвюх частках апавядання дзейнічаюць героі — носьбіты антаганістычных пазіцый: улюбёны ў жыццё, уважлівы да свету прыроды, альтруіст з паэтычнай душою Пятро і жорсткі цынік, бяздумны выканаўца бязглуздых загадаў Прахор; наіўны рамантык, летуценнік студэнт-паштальён і душэўна траўмаваныя, са знішчанай верай у бацькоўскую дабрыню, дзеці Мікалая.

На спецыфіку хранатопу ў апавяданні канструктыўна паўплывалі і кампазіцыйныя адметнасці. Архітэктоніка твора трымаецца на прынцыпе мантажнай кампазіцыі. Так, драматычныя перыпетыі першай часткі, звязаныя са спробамі двух шарагоўцаў прабіцца праз фашысцкую аблогу, градацыйна ўзрастаюць, дасягаюць кульмінацыйнай моцы і раптоўна абрываюцца, захоўваючы мастацкую інтрыговасць. У наступных частках адзначаная кампазіцыйная схема дублюецца, але самі падзеі пераносяцца ў мірны час канца 50-х. На падставе гэтага ствараецца мастацкі эфект руху часу, які надае аповеду дадатковую эпічнасць, храналагічны маштаб, захапляючую дынамічнасць.

Варта таксама дадаць, што для рамантызаванага мастацкага свету апавядання “Лісты не спазняюцца ніколі” характэрна метафарычнасць. Агульнавядома, што метафарычнасць пісьменніцкага дыскурсу прыводзіць да культывавання ў творы экспрэсіўнасці, інварыянтнасці аўтарскага ідэйна-эмацыйнага стаўлення да падзей. Рамантычная метафарызацыя, экспрэсіўнасць хранатопу ў “Лістах...” асабліва праяўляецца пры апеляцыі У. Караткевіча да пейзажных апісанняў. У кантэксце апавядання яны выконваюць звышролю, таму мэтазгодна больш падрабязна спыніцца на дадзеным мастацкім сегменце.

Уласна пейзажных замалёвак у творы няшмат, але на падставе іх іманентнай поліфункцыянальнасці важкасць гэтых эпізодаў сюжэтна прагрэсіруе. Пейзаж у апавяданні ў асноўным монаканцэнтрычны, з відавочнай дамінантай — апісаннямі дуба. Раскрываючы выключную сюжэтную значнасць названага вобраза, У. Караткевіч фактычна абапіраецца на міфалагічна-біблейскую інтэрпрэтацыю дуба як “фіксатара сакральных мясцін і важнейшых падзей” [2, с. 94].

Пры гэтым інтрыга апавядання завязваецца ў адпаведнасці з пашыранай міфалагічнай фабульнай схемай: пад святым дрэвам героі знаходзяць скарб (матэрыяльны ці духоўны), альбо тут на іх сыходзіць Боскае адкрыццё. У выніку вобраз дуба ў апавяданні “Лісты не спазняюцца ніколі” ўяўляе сабой аўтарскую мадыфікацыю архетыповай вобразнай парадыгмы: Дрэва жыцця, Дрэва жадання, Дрэва міласэрнасці, Дрэва пазнання, Дрэва Сусвету...

Менавіта тут, пад дубам, брыдкаслоў і зневажальнік стары шараговец Мікалай вырашыў канчаткова паспавядацца ў лісце да родных. І менавіта адчуванне святасці і загадкавасці дрэва зрабіла “прасветленым” (якая выключная полісемантычнасць аўтарскага эпітэта!) позірк Пятра і ўзмацніла яго гуманістычную пазіцыю.

Заканамерна, што ўжыванне ў творы пейзажных замалёвак грунтуецца на адмысловым варыянце стылёвага прыёму рэтардацыі: аўтар часткова запавольвае асноўныя сюжэтныя хады, але надае ім іманентную дынаміку. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе наступнага ўрыўка: “Дуб злёгку шавяліў лісцямі, быццам пацягваўся, стрэсваючы з іх расу. <…> І дуб увесь салодка страпянуўся: на самую верхнюю, малюсенькую яго галінку ўпаў аранжавы адбітак сонца.

Яно ўзыходзіла, яшчэ не калматае, як удзень, а проста белае. Праменні яго беглі па галлі ўніз, але збоку здавалася, што гэта сам дуб у нецярплівым чаканні пяшчоты цягнецца ўгору, імкліва вырастае, падстаўляючы пад праменні ўсё новыя і новыя галіны.

І ён увесь зазіхацеў аранжавымі, зялёнымі, светла-малінавымі іскрамі-агеньчыкамі. <...> А іскры беглі па галінах, ахапляючы ўсё магутнае дрэва суцэльным карагодам ззяння. І гэта ззянне пералівалася ўсё ніжэй і ніжэй, не згасаючы. Быццам самое жыццё іскрамі свайго полымя абмывала дрэва, абяцаючы яму жыццё бясконцае” [3, с. 138 — 139].

Такім чынам, па сэнсава-эмацыйным напаўненні святочны, святы, жыццядайны пейзаж у аналізуемым творы кантрастуе з цэнтральнай падзейнай канвой. Больш таго, караткевічаўскі пейзаж стварае індывідуальнае семантычнае поле сімвалічна-знакавага характару, асацыятыўна падкрэсліваючы ідэі повязі часоў і пакаленняў, вечнасці жыцця. Пейзажныя апісанні ў “Лістах...” таксама з’яўляюцца элементам апасродкаванай ацэнкі персанажаў. Бо праз характар стаўлення герояў да прыроды выражаецца ступень іх маральнасці, дабрачыннасці, дадатнасці, і, што цікава, прагі да жыцця. У гэтым аўтарская канцэпцыя вобразабудовы тыпалагічна збліжаецца з аналагічнымі прыкладамі са спадчыны іншых неарамантыкаў, напрыклад, з творамі Дж. Лондана.

Дзякуючы па-майстэрску распрацаваным пейзажным замалёўкам У. Караткевіч робіць празрыстай філасофскую аснову праблематыкі апавядання, у склад якой увайшлі такія аспекты, як дэтэрмінізм рэальнага існавання асобы і памяці аб ёй, суладдзе чалавечага свету і свету прыроды, апалагетыка жыцця.

Прадстаўленая ў “Лістах...” жанравая форма сацыяльна-псіхалагічнай навелы сярод іншых вартасцей вызначаецца і трапнасцю ўжывання пуанта — структурнага элемента, заснаванага на фінальнай трансфармацыі пачатковага ўражання ад сутнасці пэўных персанажаў і сітуацый, што можа быць дэтэрмінавана новай нечаканай падзеяй у творы. У ідэйна-сэнсавых адносінах пуант непасрэдна звязаны з назвай апавядання “Лісты не спазняюцца ніколі” і з дамінантным матывам твора — матывам памяці, што гарманізуе (ці руйнуе) стасункі паміж людзьмі, рознымі генерацыямі і гістарычнымі эпохамі.

Прааналізаваныя складнікі мастацкага свету апавядання У. Караткевіча дазваляюць адчуць уплывовасць неарамантычных тэндэнцый на аўтарскі дыскурс і даюць права далучыць дадзены твор да лепшых мастацка-крэатыўных узораў беларускага Майстра.

____________________________



  1. Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць: Нататкі літ. Творчасці / А. Русецкі. – Мн.: Маст. літ., 2000.

  2. Морозов И. Основы культурологии. Архетипы культуры / И. Морозов. — Мн.: “ТетраСистемс”, 2001.

  3. Караткевіч У. Лісты не спазняюцца ніколі / У. Караткевіч. // Полымя. — 1991. — № 3.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка