Лужанін Максім Добры хлопец Дзік што ж за ён быў, той хлопец?




старонка2/6
Дата канвертавання02.04.2017
Памер1.02 Mb.
1   2   3   4   5   6

КАЛІ ГЭТА УСЁ АДБЫВАЛАСЯ

Цёплы і сонечны, сунічны і канюшынны ходзіць па лясах і сенажацях чэрвень.

Асаджваю тужэй пілотку на галаве, каб часам не здзьмула за борт з грузавіка, машыны-паўтарачкі.

Няўжо, думаецца, мы цэлыя тры гады не бачыліся са сваёю зямлёю! За адзін момант я ўявіў сваё нядоўгае жыццё на вайне. Пажары, што гасіў у Маскве пасля першых бамбёжак. Выбліскі ад залпаў “кацюш” пад Катлубанню, ад якіх па стэпе беглі шасціпалыя кіпцюры агню, падпальваючы небакрай і ўсю прастору за небакраем. Непрытомнасць пасля мінамётнага налёту, калі, засыпаны зямлёю, не мог паварушыцца, шпіталь у Іванаве.

Нарэшце такі самая страшная на чалавечай памяці вайна выкінута з нашай зямлі, дабіваецца на той, дзе пачыналася.

Бяжыць па гравійцы грузавічок, і ў ім – дзесятак паспешна адкліканых з фронту камандзіраў. Не, ужо не камандзіраў! Заўтра мы станем на сваю абвыклую работу, што рабілі да вайны: у даследчых установах, ліцэйных цэхах і канструктарскіх бюро.

Бяжыць грузавічок, пасажыры прыстылі вачыма да шчодрых чэрвеньскіх краявідаў.

Дарога загінаецца ў лес, і на завароце – некалькі аўтаматных чэргаў: спачатку насустрач, а затым у след... Грузавічок ірвануў наперад, матор загуў, сапучы і чхаючы...

Праскочылі...

Тут быў “кацёл”, так у вайну называлі тугое і надзейнае акружэнне варожных часцей, адкуль адна дарога – у палон. А не хочуць, няхай наракаюць на сябе.

Відаць, нейкая жменя варожых салдатаў выслізнула з абцугоў і не кідае зброі – мерыцца пралезці за лінію фронту.

Грузавічок – не прымаць жа бою, – немаведама, якая сіла з тага боку, – стараецца на ўсе лапаткі. Нарэшце стаў – хуткасць перавісіла яго ветэранскія магчымасці.

Былыя камандзіры саскокваюць цераз борт. Перакур. Шафёр, як звычайна, калупаецца ў маторы. Няшмат нам паказала дарога, але і тое цікава.

Не паспеў асесці парахавы дым, а на недатлелыя галавешкі родных сяліб збягаюцца, сыходяцца, з' язджаюцца людзі, колішнія жыхары. Хапаюцца за працу, не абтросшы пылу горкай і гарачай дарогі бежанства і партызанства.

Перш за ўсё агорваюць жытло, хоць якое, з жэрдак і аполкаў, абы не мачыў дождж і не завявала снегам, раздабываюць ежу, прысяваюць, колькі стае насення, кавалкі зямлі позняю ярынаю, хоць курам пасыпаць.

Твары ў пасажыраў грузавічка святлеюць: праз кроў, праз бяду, попел, друз прабіваюцца сцяблінкі жыцця.

Успешна і смутна – магло ж гэта няшчасця і не быць! Дый наперадзе не аладкі з мёдам чакаюць. Нялёгка будзе, можа, яшчэ цяжэй, як на фронце.

З нізіны патыхае смурод, робіцца млосна, і кружыцца галава: не ўсіх забітых паспелі пахаваць, наступленне разгортвалася шпарка. Не было часу і зброю сабраць: расхінеш куст – карабін ці аўтамат з патронамі.

Непадалёку ад дарогі брызентавыя палаткі, у іх пакіданы шынялі, бялізна, мундзіры. Доле – аж бела ад газет, адозваў, складзеных у гармонік паскудных плакацікаў. Па усім відаць – вытворчасць уласаўскай прапаганды.

Ледзь не поруч рыпнулі калёсы. Азіраемся на лесавую дарогу. Канячка, лядашчая, нявылінялая, угінаючыся, цягне воз. Адзін возчык вядзе каня за аброць, другі робіць выгляд, што папіхае.

Драбіны накрыты салдацкай коўдрай, узятай, відаць, у тым пакінутым лагеры.

Нехта з нас асцярожна адхінуў беражок коўдры: вінтоўкі! Навалены па самыя аглабіцы, нашы і трафейныя.

— А гэта нашто?

— Можа, спатрэбяцца калі,— адказвае маладзейшы возчык, бялявы, з не вельмі пэўнымі вачыма.

— Хто вы?

— Мы з...— называецца вёска,— вёрст пяць адсюль. Толькі што з партызанаў сыскаліся, адваявалі.

— I зноў за зброю? — гаворку вядзе капітан, старшы нашай групы.

— Не надта трэба, але няхай будзе.

— Лепш бы адзежу бралі. Бачылі, колькі яе. Вам жа перазімаваць у нечым давядзецца.

— Гнюсная там адзежа, гідка ў рукі ўзяць.

— А вінтоўкі не гнюсныя?

— Так-то яно так. Але ж вінтоўку агледзь ды страляй у варожыя галовы.

— Дык жа вайна пад канец коціцца.

— Так-то яно так! — зноў абзываецца белабрысы.— Але вайна ёсць вайна... Няхай будзе поблізу тое, чым стрэліць.

На гэтым і развітваемся. Казаць, каб скінулі з воза зброю — сэнсу няма: скінуць, а мы ад'едземся, зноў набяруць.

Сядаем на адпачыўшы грузавічок. Ва ўсіх, відаць, падобныя думкі. Столькі адваяваў, перацерпеў народ і зараз не хоча выпускаць з рук зброі: ану, не дай божа, зноў давядзецца брацца за яе.

Наша машына адважна пераадольвае ручаіны — масты разбураны, выбіраецца з пяску, натужыцца, узлазячы на пагоркі.

I яшчэ раз спыняецца. Вылазім і, скінуўшы шапкі, моўчкі глядзім. Родны з маленства брук сталіцы, яе водар, яе сціплы выгляд. Няўжо ж нічога не змянілася?

Лепшая і прыгажэйшая частка горада, што называецца цэнтр, здаецца, стаіць, як і даўней. Але ж гэта адны сцены! Узвышаюцца над патрушчаным шклом і патоўчанай цэглаю руін. Нахаладаліся ад сіверу, наслязіліся ад пранізлівай слаты і вось пазіраюць пустымі аконнымі проймамі на ўсе бакі свету! Дахі, падлогі, рамы паглынула полымя: адна бамбёжка даганяла другую.

Хачу ўцерці запылены твар і намацваю пальцам мокрую палоску на шчацэ. Гляджу на сваіх таварышаў: і ў іх на тварах гэткія самыя рагі. Апошнія, будзем спадзявацца, мужчынскія слёзы. А можа, і першыя: раней на іх не было ні часу, ні права.

Зараз жа — перад зіркам знішчаны горад, той, што падняў нас на ногі, стаў вялікім бацькоўскім домам. Праз сухія вочы глядзець на яго, такі, нельга...

Усе мы кіруемся ў адзін дом. Праз нейкую гадзіну кожнага накіроўваюць на работу, на нікім не ўгрэтае яшчэ месца. Часцей за ўсё не ў дамы, на пляцоўкі, дзе павінны вырасці дамы.



УСКРАІНА МАЛАДОСЦІ

Я падаўся шукаць начлегу на ўскраіну свае маладосці. Некалі шчыльна пазабудоўваныя вуліцы паказвалі воку шэрыя лапіны прыску, а зверху — абгарэлае галлё ігруш і яблынь. Ацалелыя драўляныя хаціны напакоўваліся прыезджымі ад падлогі да столі, на душу прыпадала метр ці паўтара.

Праз нейкі час з'явілася кватэра — частка наспех збудаванай хаціны. Пасяліліся там я з жонкай, яе сястра Наташа з дачкою-школьніцай. Не жылі, а мерзлі.

Дом будавалі палонныя, пагаднення аб звароце іх яшчэ не было. Дык не карміць жа дармова, да таго ж па рабочай норме, плойму здараўцоў! Хай хоць што робяць, напэўна, не адзін з іх прыкладаў руку да спалення нашых дамоў.

Палонныя расчышчалі руіны, разбівалі на кавалкі бетанаваныя падмуркі і сутарэнні, разбіралі на цэглу сцены. А там-сям аднаўлялі больш-менш прыдатныя для жытла мураванкі. Будаваць драўляныя дамы не ўмелі, рабілі абы-як, дый, мусіць, нагляду належнага не было.

Жыхарам, што засялялі пастаўленыя гэтымі рукамі дамы, прыйшлося нясоладка. Паміж кепска падагнанымі бярвеннямі лёгка ўваходзіў палец, сцен не імшылі, дзе-нідзе ўткнулі ў шпары пакулле, дый тое, разгледзеўшыся, парасцягвалі вераб'і і болыпыя птушкі на ацяпленне сваіх сядзіб.

За недаробкі мы ўзяліся самі. Пазатыкалі большыя шчыліны чым маглі — кудзеляю, анучамі, ватаю, а ўсярэдзіне абабілі сцены нейкай чорнай, тоўстай, пад кардон, паперай.

Усё роўна, на дварэ было цяплей. Дома мы не спускалі з ног валёнак, а перад выхадам на вуліцу абувалі чаравікі.

Прымаўку «па хаце вецер ходзіць» склалі няйначай маючы на ўвазе нашу кватэру — тут вецер распяразваўся як хацеў. Фіранкі на вокнах безупынку калываліся, у пакінутых на стале кнігах самі гарталіся старонкі, а ў шчылінах між рамаю і шыбамі тоненька пасвіствала, асабліва ў вецер з поўначы, якраз туды і глядзела наша жытло.

ЗДАРЭННЕ Ў ЗАВУЛКУ

Жылося, што казаць, нялёгка, затое кожны дзень абдорваў навіною. Раслі зрубы і новыя падмуркі. Везлі свежыя караваі з толькі-толькі пушчанага хлебазавода, падымаў над дзвярыма шыльду новы магазін, праціраў шкляныя вочы кіёск — усяму было рада сэрца. Апрача таго, мы ведалі, за нейкія паўгадзіны ходу ад цэнтра ўзнікла радзіма не бачаных дасюль асілкаў: трактарнага і аўтамабільнага.

Адно што настрой часам псавалі кепскія людзі, высеўкі нядаўняй акупацыі. Не-не дый пачуеш: там крадзеж, там рабунак, недастойныя чалавечай годнасці ўчынкі, інакш кажучы, злачынствы.

Раніцай, зусім не падобнай на снежаньскую — снег падаў і раставаў пад нагамі,— яшчэ на прыцемку я выбраўся прайсці, падыхаць паветрам. Ніяк не канчалася тэрміновая работа, трэба было прасвяжыць галаву.

Ставарышаваць мне адразу падручыўся Дзік, ён яшчэ не дацягваў да года, але выглядаў на дарослага пса.

Я адамкнуў варотцы і спыніўся, нічога не бачачы. Ліхтароў не было, вочы не прывыкшыя да перадзолкавай імжы, не свяцілі. Трымаючыся агароджы, намацаў нагамі тратуарчык і завярнуў за вугал. Дзік падбег да мяне ўсутыч і мнагазначна цяўкнуў. Ён хацеў некуды адбегчыся і прасіў прабачэння: пахадзі, маўляў, трохі адзін, мне тут трэба зазірнуць у адзін адрас, з знаёмымі панюхацца.

Дзік падставіў галаву мне пад руку: гладзь і май пэўнасць, я цябе хутка даганю. I растаў у тумановай вільгаці.

У баку хлебазавода пасігналіла машына, няйначай, прасілася ў двор на загрузку. Значыць, хутка будзе выходзіць начная змена. I я пакіраваўся пад хлебазавод. На скрыжаванні мяне схапілі ззаду за каўнер.

— Палітончык! — закамандаваў рыплівы голас.— Скідай і — носам да плота. Каб ні руху, ні гуку.

Тут не паспрачаешся! У яго ж, напэўна, ёсць зброя, дый напарнік, відаць, непадалёку. Але -паліто! Няхай старое, але перспектыў на новае не прадчуваецца.

Як не сваімі рукамі, павольна расшпіляў я гузікі. Думалася даволі рызыкоўна: пачну скідаць з рукавоў і накіну гэтаму д'яблу на галаву, ану і забрытаю.

Раптам мой каўнер адпусцілі, той самы голас, але значна памякчэлы, папрасіў:

— Паклічце, калі ласка, свайго сабачку... Я азірнуўся. Дзік, наш рахманы і вясёлы шчанюк, прыціснуў да плота прысадзістага чалавека, паклаўшы яму лапы на плечы, рычаў і дабіраўся да гарлянкі.

Вельмі хацелася блаславіць між вачэй прыпёртага, але нешта стрымала.

— Дзік, сюды!

Калоцячыся, напружаны да апошняй жылкі, сабака паслухаў. Чалавек не паспеў зрабіць кроку, як завыў немым голасам: Дзік ірвануў яго за сцягняк.

— Каму сказана: сюды? А ты — давай адгэтуль... I дарогу забудзь.

Чалавек пабег у завулак. Мне каштавала нямала высілкаў утрымаць сабаку за нашыйнік.



  • Ціха, дурань! А то бяды набярэшся.

Сапраўды, з завулка пачуўся стрэл, бліснуў імгненны вышуг агню. Поўсць на маім сабаку нашылілася, ён падскочыў, каб бегчы наўздагон.
— Нікуды не пойдзеш, супакойся,— я пачухаў шэрую галаву за вушамі.— Ты хоць і не Рычард, але маеш львінае сэрца. I гэта будзе адзначана ў летапісе нашага дому.

Калаціла нас абодвух больш ад узрушэння і неспадзяванасці, хоць і страху хапіла, не ўтаю.

Праходка была сапсавана, хочаш не хочаш — вяртайся дамоў. Так мы і зрабілі. Прыйшлі і расказалі пра здарэнне: не так для выхваляння, як для навукі — вельмі рана і вельмі позна хадзіць аднаму не выпадае.

Сабака атрымаў дадатковы паёк з цялячых храшчыкаў, еў і час ад часу падымаў на мяне галаву. Нібыта запэўніваў: нічога не здарылася і не здарыцца, давай толькі гуляць усюды разам.



ДЗІК ТРАПЛЯЁ Ў БЯДУ

Пагранічнае начальства запрасіла мяне зірнуць, на якія замкі замыкаецца наша мяжа. А з'явіцца жаданне, можна і даўжэй набыць на заставах, пазнаёміцца з абаронцамі запаветнай рысы.

Гэта было ў навіну, і я даў згоду. Але напярэдадні знік наш сабака. Уночы папрасіўся на двор, як заўсёды, далікатна; у такіх выпадках ён сядзеў насупраць Гаспадынінага ложка і глядзеў ёй у твар, чакаў, пакуль адчуе позірк і абудзіцца.

Дзіка выпусцілі перад ранічкай. Было ўжо з паўдня, а ён не з'яўляўся, хоць больш за дзве гадзіны ў самастойных праходках ніколі не бавіўся і снедаць прыбягаў акуратна.

Адсутнасць спрабавалі растлумачыць проста: спаткаў дзе-небудзь вясельную кампанію хвастатых сваякоў, на правах дужэйшага ўзначаліў яе, узгуляліся і павяліся за горад. Але тым часам мінавала пара абеду, а яго не было і не было.

— Трэба шукаць!

Шукалі па ўсім горадзе. Я пайшоў за велазавод, на адлоўны пункт. Туды звозілі ў будках сабак-бесхацінцаў, а то і хатніх, калі былі без нашыйнікаў. Хапалі ўсіх, што трапляліся на вока і не паспявалі ўцячы. Звычайна псы ўнюхвалі набліжэнне будкі здалёк і прыпускаліся прэч, колькі ставала сілы. На маіх вачах пярэстарак-дварняк з суседняга двара, які з людское ласкі дажываў веку і не кусаўся, бо мог разжаваць хіба што бульбіну, зачуўшы нсбяспеку, даваў ходу на ўзроўні алімпійскага рэкорду і сігануў цераз плот, даступны не менш чым чэмпіёну свету па падскоках угару.

Было малаверагодна, каб наш лёгкі на лапу сабака трапіў у пастку. Сапраўды, на адлоўным пункце, апытаўшы, як выглядае прапажа, цвёрда адказалі:

— Няма і не было.

— А можа б, я паглядзеў?

Даўно няголенаму, з тварам у чорным прудкім воласе, вартаўніку не хацелася адыходзіцца ад пячуркі.

— На ключы, глядзі. Толькі не павыпускай.

Пяць ці шэсць зняможаных, запалоханых сабачых душ тулілася ў даўгаватай халоднай адрынцы. Яны не толькі не памкнуліся ўцякаць, а яшчэ шчыльней збіліся ў кучу каля задняй сцяны. Не, мой псіна даўно б пазнаў мяне па кроку і падаў голас. Другое адрынкі я не адчыняў, пад дзвярыма свіснуў, гукнуў па імені. Цішыня, няма і тут.

— Праўду казаў,— падзякаваў я няголенаму.

— А падзяка? — мыркнуў ён.

— За што?

— За тое, што няма. А калі прыбудзе, я яго прытрымаю. Заходзь.

Доказ быў варты некалькіх рублёў.

Агледзіны інстытутаў, дзе ў даследчых мэтах прымалі валачашчых сабак, таксама не далі вынікаў.

У клопаце, амаль у жалобе, мінуў дзень, а за ім другі. Шукаць ужо не было дзе, чакаць — не ставала сілы. I я сабраўся ехаць да пагранічнікаў.

Міналася яшчэ адна бяссонная ноч. Недзе блізка поўначы каля акна пачулася хрыплае «цяў!».

Адчыняць беглі ўсёю сям'ёю. Дзік ляжаў на снезе каля ганка, быў памкнуўся ўстаць — не змог, толькі крыху пасунуўся на чэраве, падпіраючыся лапамі.

Я ўнёс яго ў дом. На шыі сабакі замест фасоністага нашыйніка з мядзянай насечкаю быў туга закручаны драцяны абруч. Другі абруч з яшчэ таўсцейшага дроту апяразваў тулава пад пярэднімі лапамі.

Да яго нельга было дакрануцца: скура на спіне і сцегняках уся ў пісагах і ўзялася гноем, сімпатычнай морды не пазнаць, распухла, адно вока зусім заплыло, другое — штохвіліны плюшчылася.

У якое пекла трапіў, што вытваралі з ім? I, галоўнае, як вызваліўся адтуль? Няйначай, недзе злавілі і мерыліся ўзяць на прывязь. Сабака не даваўся, напэўна, пусціў у ход зубы, тады яго білі, пакуль не знясілеў. Потым, не спадзяваўшыся на звычайны ланцуг, абматалі ў некалькі столак дротам.

Якія яшчэ пакуты выцерпеў небарака, мы толькі здагадваліся. Зразумела было адно, сабака не здаваўся, стаяў за сябе, таму і быў гэтак скатаваны. Але ўсё ж вырваўся, выграбся, выплішчыўся неяк са зняволення, прыпоўз у свой дом.

3 дапамогай абцугоў я перакусваў смяротныя драты, сабака ўздрыгваў ад болю, не вішчаў, не меў сілы, толькі час ад часу мордаю адпіхаў руку, быццам прасіў: пакінь, не чапай, няўжо ты не адчуваеш, як мне баліць.

Не чакаючы ветэрынара, калі яго яшчэ ўдасца выклікаць, пачалі даваць рады самі, найбольш Гаспадыня і Наташа. Іна калацілася ў начной кашульцы, стоячы на парозе ў кухню, і паўтарала праз слёзы: «Ой-ой! Яму ж балюча!»

А мы пераводзілі бінты, абціраючы бруд і гной, абмывалі марганцоўкаю адкрытыя раны і прысыпалі крыху стрэнтацыдам.

— Ну, Дзічок,— падахвоціў я,— патупаем на месца...

Зачуўшы знаёмую каманду «на месца», Дзік паспрабаваў падняцца, але адразу ж абсунуўся на падлогу. Давялося зноў браць на рукі і несці. Падсцілка была даўно падбіта і пераслана чыстым, я асцярожна паклаў яго, усе паселі наўкруга, хто дзе прыткнуўся, гаварыць не маглося. Да адчынення лячэбніцы заставалася амаль уся ноч, а што можам зрабіць мы болей? Чым дапамагчы?

— Дадзім яму чаго-небудзь смачнага! — дадумалася Іна і прынесла прыхаваную для школы цукерку.

Сабака ляжаў мордаю на хату і не зрабіў ніводнага руху да запрапанаванай спакусы. Не ўзяў есці, хоць каля самага носа паравала міска з улюбёнай поліўкаю. Толькі калі падсунулі грэтага малака, хлебтануў цераз сілу і заплюшчыў незапухшае вока.

Разгульваўся маразок за акном. Ноч знікала, мне было пара на цягнік. На развітанне нагнуўся над Дзікам, пагладзіў каля вушэй:

— Праўся!

Вока расплюшчылася, хвост слаба варухнуўся: «Выбачай, маўляў, нават за парог правесці не магу».



САБАКІ МАЙГО МАЛЕНСТВА

Ноч у вагоне перабывалася з дакорамі самому сабе. Дома — бяда, а ты едзеш некуды. Аднак паездкі нельга было адкладаць, усё дамоўлена загадзя, людзі чакаюць.

Сну — ані блізка! Шчымела трывога, здавалася, я перажываў ужо нешта падобнае і менавіта звязанае з сабакам. Нарэшце, успомніў — Урсон! — гэта быў мой першы гадаванец. Разам з ім прыгадаліся і ўсе іншыя сабакі майго маленства.

У бліжнім панскім двары была цэлая гайня, дзесяцера, калі не больш сабак. Праход і праезд каля двара быў наглуха перакрыты. У выпадку парушэння забароненай зоны высыпалі ўсе, лупілі з людзей порткі, даставалі за морду каня, ледзь не ўскоквалі ў драбіны. А не дай божа перацягнуць каторага пужкаю: брэх ператвараўся ў енк і гвалт.

Трымалі ж іх гаспадары, каб пільнавалі саду ад начлежнікаў, сад быў вялікі і кепска дагледжаны, аднак багаты на славутыя слуцкія бэры і антонаўкі.

Пасля рэвалюцыі мае сяльчане, прусцы, падзялілі маёнтак, размеркавалі зямлю на душы. Саду і саміх паноў не зачапілі, яны з'ехалі, здаецца, у Польшчу. Асірацелыя сабакі пагаўкалі-пагаўкалі дый папрыставалі жыць да хутаранцаў — вартаўнікамі.

Прыбілася і да маіх бацькоў сучка. Калматая, хвалістага чорнага воласу, з рудымі лапамі — курта, хвост ёй упалавінілі няйначай за недастойныя паводзіны: шастала, дзе не дазволена, таму і зарабіла імя — Шаста. Яна-то і была старэйшая над сабачай дворняй, завадатарка, першая ўздымала галас, кідалася рваць кожнага, у каго была патрэба прачыніць брамку на панскую сядзібу, і даўжэй за ўсіх аббрэхвала сялянскія вазы з сенам і дрыўмі.

Шаста з'явілася ў нас недзе пад вечар. Сядзела пры ганку, рахманая, былой ваяўнічасці і следу не значна: махала, як магла ўпрошвальна, укарочаным хвастом, падымала смутныя вочы на майго бацьку. Поблізу стаялі, нібыта падтрымлівалі нямую просьбу, два нашых сабакі, Саід з Ігманам.

Бацька вагаўся: пакідаць ці не? I сваіх жа вартаўнікоў хапае, паранай бульбы з'ядаюць цэбар, за дзве свінні. Аднак, што рабіць — стварэнне жывое, прытулку няма, а чым яно вінавата? Бацька вынес з хаты скарынку, кінуў Шасце і сказаў: «Жыві!»

I Шаста засталася. Жыла ў нас доўга, ні звяглівасці, ні злосці не выказвала, за возам бегчы не ўвязвалася, адно што прыводзіла шмат шчанюкоў.

Аднаго з яе сыноў, чорнага таўсмаціка, я адстаяў —не аддалі ў чужыя рукі. I выгадаваў, падняў на ногі слаўнага прыгажуна з гладкай бліскучай поўсцю. Гэта быў «мой» сабака ў поўным сэнсе слова: не слухаў нікога іншага, не адступаў ад мяне і на хвіліну, за тое і меў смачнейшыя кавалкі. Мне — апошняму ў сям'і — пападала больш смачкаў, я сумленна дзяліўся імі з сабакам. Я ж яго і ахрысціў: Урсон, запазычыўшы імя з нейкай дзіцячай кніжкі.

Маці збіралася ў Капыль, брала і мяне з сабою, Урсон затрывожыўся і не даўся ўзяць на ланцуг, тады яго прымкнулі ў свіронак. Ад'ехаліся мы вёсак за дзве, не болей, і раптам перад канём забег, невядома як вырваўшыся, сабака, махнуў хвастом мне і пафураваў паперадзе. Не варочацца ж назад праз дурня, хай бяжыць.

Аднак лепш бы вярнуліся. На выездзе з даўжэзнай вёскі Ванелевічы, дзе мы спыніліся нечага купіць у сельпо, агледзеліся, што сабакі пры возе няма. Рушылі далей, думалася, дагоніць. Кіламетраў праз тры ўсё ж вярнуліся, маці ехала павольнай ступою, а я ішоў па вуліцы, гукаў, свістаў, нават забягаў у двары. Так і не дазваўся. Відаць, нехта моцна навязаў у такім глухім спраце, што і голасу нельга падаць, дый ніхто не пачуе.

Гасцяванне ў капыльскае цёткі Галавачыхі было няўсмак, хоць яна гасцінна і ласкава хацела як найлепш прыняць і дагадзіць. Не цярплівілася, калі ўжо скажуць запрагаць каня, каб трапіць назад у тыя самыя Ванелевічы, дзе згубіўся сабака. Без карысці... Хоць сунуліся праз вёску таксама павольна, і я зноў бясконца клікаў і вы-свістваў свайго друга.

Пабыўшы з тыдзень дома, я ўпрасіў бацьку яшчэ раз праехаць таею ж дарогаю, а можа, думаючы, што прывык, сабаку спусцілі з прывязі. Бацька не адмовіў, а з'ездзілі зноў жа без карысці. Вяртаючыся з нішчымнымі рукамі дамоў, ён растлумачыў, як трэба гаварыць:

— Евангелевічы на Ванелевічы перайначылі мясцовыя сяляне, каб лягчэй вымаўлялася...

Цяжка гаравалася мне тады. Вярнуўся да сяброўства са старымі нашымі сябрамі Ігманам і Саідам. Паходжанне іхніх мянушак не ведаю, хрысцілі старэйшыя браты.

Гэта была разумная пара. Каля насыпное дарогі з Вызны на Пагост пры землеўпарадкаванні бацьку прырэзалі кавалак зямлі. Там радзіла бульба, саджалі яе цераз год, і ў ёй тады нашы сабакі наладжвалі паляванне на зайцоў. Адзін клаўся ў канцы палосы ад саду, а другі забягаў з процілеглага боку і яхкаў, падскокваючы ў баразне, пакуль не выпуджваў зайца проста на свайго напарніка. Як яны потым дзялілі здабычу без грызні і крывепускання, не здагадаешся.

Само тое паляванне асачыў мой бацька. Ранні і руплівы чалавек, ён заўсёды ўставаў нацямку, а тады якраз і ўзганялі зайцаў з роснага бульбяніку хвастатыя паляўнічыя. Яны зарошваліся, аж капала, і прыбягалі сушыцца і драмаць на зя-лёным грудку каля акон нашай хаты.

Маці стукала ў шыбу:

— Ці ўлавілі што? Абрасіліся-то добра, а што б у хату свежанінкі прынесці.

Саід дажыў да прыходу «першых немцаў» на Случчыну. Як з'явіліся, адразу загадалі наслаць тратуары па абодва бакі неймаверна гразкіх селавых вуліц і прыкуць да калодзежных вочапаў вёдры, каб бабы не лазілі ў студню кожная са сваім. Апошняе ў загадзе — узяць на ланцуг усіх сабак.

Рэзонныя гэтыя захады заваёўнікі рабілі, не пра нас, вядома, дбаючы. Баяліся тыфусу і гішпанкі, што валілі тады людзей — на хатах, куды ўпадала хвароба, крэйдай пісалі назву яе, быў такі надпіс і ў нас на сцяне: доўга не ачуньваў старэйшы брат. Не менш палохала немцаў і магчымасць усшалець: хопіць за лытку кручаны сабака, і гатова.

Гразнуць па калені на вясковых вуліцах ім таксама не выпадала, а хадзіць трэба было, перапісвалі і таўравалі на канфіскацыю сялянскіх коней і кароў.

Ці мы не паспелі выканаць загад пра навязванне сабак, ці Саід злузаўся з прывязі, адным словам, ён здуру гыркнуў на немца.

Салдат злажыўся і стрэліў. Сабака ўпаў, але неяк адпоўз ад варот, зашыўся ў куток пад паветкай і з тыдзень не еў і не піў, мы не ведалі, ці застанецца жыць. Яму пашанцавала: куля засела ў левай лапатцы, глыбей не пайшла. Потым, калі рана загаілася, мы намацвалі тую кулю пад скурай, сабака злаваў і гыркаў нават на сваіх.

Пад старасць Саід рэдка вылазіў са свайго сховішча, нават калі немцы адступілі. Амаль не брахаў, калі ж падаваў голас, дык не на чужога, а на сваіх, відаць, лаяўся, што малая пенсія.

Гулялі вяселле мае старэйшай сястры. Не забылі і сабаку, занеслі нечага з абруса, і хлопцы, падпіўшы, улілі яму ў горла шклянку самагону.

Саід сп'янеў і ўспомніў свае абавязкі: падаў голас і гаўкаў усю ноч.

Урсон, Шаста, Саід... Усяго наўспамінаў. А Дзік?



НА ЗАСТАВЕ

У Гродна я прыехаў з растрывожаным сэрцам. 3 вакзала пазваніў дадому. Адказ не суцешыў, ветэрынар глядзеў, прыйдзе і заўтра, але надзея малая.

Заставалася чакаць. Пачаў рыхтавацца да сустрэч з пагранічнікамі — клопат заўжды адганяе трывогі і непатрэбныя думкі.

Пайшлі да арганізатараў паездкі. Гаворка не вельмі доўгая, але грунтоўная. Мы так і папрасілі: расказвайце ўсё, што можаце, і падрабязна, быццам мы вось-вось нарадзіліся на свет. Устанавілі маршруты, час наведвання застаў і — дзень пры канцы.

За адной размовай — другая. Паклікаў у абком С. Прытыцкі, тагачасны першы сакратар у Гродне. Яму быў прыхоплены падарунак: паштоўка-здымак — буйны твар юнака і надпіс папольску: «Свабоду Сяргею Прытыцкаму!» Так камсамол Заходняй Беларусі адваёўваў некалі жыццё свайго таварыша, над чыёй галавой вісела пакаранне смерцю.

Сяргей Восіпавіч пакруціў адозву, чамусьці патрымаў супраць святла:

— А я ўжо і забыўся пра гэта! — I нечакана разгаварыўся.

Успомніў бясконца даўгі дзень і яшчэ даўжэйшую ноч, праведзеныя без даху над галавою. Валячыся з ног ад зморы, галодны, пільнаваўся, каб не трапіць на паліцэйскае вока, блукаў па Вільні ў пошуках неправаленай яўкі. Так і не знайшоў. На цемнаватай вулачцы — кінулася ў вочы шыльда фатаграфіі. «Можа, і ўсяе па мне памяці будзе»,— абудзілася думка. Зайшоў, зняўся, а ўжо з турмы пераслаў сябрам квіт на атрыманне фота. Тыя адразу ж сабралі скупыя капейкі і надрукавалі паштоўку-адозву з патрабаваннем вызваліць паплечніка.

Упершыню мы выслухалі гэтую гісторыю, што вышэй за чалавечыя магчымасці, і, галоўнае,— з вуснаў яго самога, таго — ён як бы ажыў перад намі — адважнага хлопца.

У белы дзень мінуў дзесяткі пастоў, сотні шпікоў і паліцаяў і трапіў у святое святых, белапанскі суд. Там мела адбыцца застрашвальная працэдура працэсу над семнаццаццю рэвалюцыянерамі.

Апрануты ў афіцэрскі мундзір, лёгка, нібыта і не праседзеў ноч на лаўцы ў скверы, наблізіўся пад самы бар'ер, за якім круцілася гадавай душы істота, прадаючы і заблытваючы камуністаў, да каго ён ушыўся ў сяброўства, уцёрся ў давер, стаўшы правакатарам.

Прытыцкі падышоў амаль усутыч. Стрэліў раз і адразу ж другі. Павярнуўся і таксама павольна — выканаў даручэнне, пакіраваўся да дзвярэй.

Абудзіўся ўкамянелы суд, спахапілася варта. Пачалі страляць, але ўбезладзь, звалілі не адразу.

— Упаўшы,— Прытыцкі пасміхаецца,— яшчэ нешта кеміў. Дай паспрабую дрыгну нагою, падумаюць: «Гатоў» — і не стрэляць у галаву.

Перажываючы тую страшную хвіліну, мы слухалі не зварухнуўшыся. За вокнамі стала шарэць, з касцельных вежаў заблямкалі званы на імшу.

Каля гасцініцы чакала машына, рушым у госці да пагранічнікаў.

Праскочылі гарадскую ўскраіну і вось — на многія дзесяткі кіламетраў некранутыя бары. Выносістыя сосны, як ні задзірай галаву ўгару, верхавіны іх хутчэй угадваюцца, чым бачацца, пашумліваюць, амаль не парушаючы цішыні. Не варушацца і лапіны маладзейшага лесу, асабліва ціха стаяць маладыя хваінкі, вельмі мілыя пад нячэпаным снегам, акурат школьніцы ў белых пуховых хусцінках.

Машына бяжыць па ледзь прыкметнай няслізкай дарозе, працёртай як быццам аднымі саньмі.

Зусім неспадзявана ў апалай шэрані паказваецца будынак, за ім другі, ніжэйшы: застава.

У баку ад дома размецены невялічкі пляц, на ім помнік.

Тут на пачатку вайны жменька пагранічнікаў стрымлівала батальён, калі не больш, варожай пяхоты. Цяперашні начальнік заставы, хоць і малады яшчэ афіцэр, меў што расказаць пра клапатныя дні сваіх папярэднікаў. Дый зараз заслона цішыні і непарушнасці гэтых мясцін — уяўная, за ёю прыхована нядрэмнае жыццё і служба.

— Парушэнні межаў? — начальнік заставы перапытвае: — Ёсць, як ім не быць. Часта перасякаем у намерах. Сочым, каб не прарваўся ніхто.

Начальнік выпраўляе нарады байцоў на службу. Кароткая, вельмі сур'ёзная цырымонія: даклад пра зрыхтаванасць і маршруты. Міжволі адчуваеш і сам ускладзеную адказнасць.

Просяць у сталовую. Пакаштуем салдацкага прыварку, даўно не даводзілася. Благога не скажаш — смачна! Але зрабіць, каб посуд заблішчэў — не на нашу сілу. Суседзі па сталу, чырванашчокія малайцы, пасмейваючыся, упраўляюцца з сваімі порцыямі. Большую частку сутак яны ў хадзе, на ветры і марозе.

Пакрысе, завязваецца размова: колькі хто служыць, што пішуць з дому.

Пераходзім у другі пакой, тут байцоў болын. Трапляем пад абстрэл роспытаў.

— А Шолахава ведаеце? Бачылі толькі? А Фадзеева?

— Разам песні спявалі, быў у нас у гасцях...

— Праўда? Дык, можа, з намі папяём? Спяваць пакуль не час. Пераходзім на вершы: чытаем і слухаем, на заставе — два сваіх паэты.

Але служба ёсць служба. Начальнік заставы прапануе стаць на лыжы. Рыхтуецца на адыход чарговы нарад.

Каля аднаго з пагранічнікаў вялікі, амаль у пояс яму, сабака — увесь увага і пільнасць. Да гэтага абавязвае сур'ёзнасць моманту і сабранасць ягонага гаспадара — і пёс напагатове.

Думкі цьмяніць невыразная трывога: «А як там мой Дзік? Ці жывы хаця?»

Падзеі разгортваюцца далей. Журботныя развагі крыху адступаюцца. Праз нейкія паўгадзіны чуем: на блізкай палянцы валтузня. Дужы псіна валіць у снег чалавека і шматае на ім адзенне.

Нам паказваюць інсцэніраванае затрыманне парушальніка. Павадыр сабакі і сам чатырохлапы выканаўца атрымліваюць падзяку за спрыт і адвагу. Добра было б і сабе пагладзіць таго сабачку, аднак нельга, не паложана.

Пазней, перад адбоем, урачыстасць, якою канчаецца кожны дзень, вячэрняя паверка.

Застава выстраена на тым самым пляцы каля помніка. Першым называецца імя былога начальніка, Героя Савецкага Саюза. Пакуль страляла рука, пакуль дыхалі грудзі, баранілі байцы родную зямлю. I ўсе чыста палеглі — ад першага да апошняга...

Назаўтра не заўважылі, калі і як, час гасцін мінуўся. Прыбыло ўражанняў, знаёмстваў, нават такія-сякія радкі зараіліся.

На расстапне поціскі рук — ад душы, пальцы млеюць — ну і, вядома, узаемныя пажаданні поспехаў.

Учарашняя бліскучая дарожка прыцярушана снегам, едзем даўжэй. А мне ўсё нецярплівіцца: калі ўжо тое Гродна! Двое сутак няма вестак, як там дома, што з хворым.

На жаль, тэлефонная размова не дала палёгкі. Голас у Гаспадыні быў засмучаны: дома не палепшала, Дзік не ўстае і ежы не прымае... Ветэрынар заходзіць штодня, стараецца дапамагчы. А больш паціскае плячыма: «Дзіва, як з яго духі не выбілі. Скура ж — рана на ране, струп на струпе».

I мне адразу ўявілася Дзікава кватэра — куток паміж буфетам і дзвярыма на тэрасу. I там дажывае, можа, апошнія хвіліны сябар.

Нямы і нерухомы.

Чуе знаёмыя крокі, а самому не ўстаць, не падбегчы насустрач — не служаць, не хочуць слухацца лапы. Адчувае, Гаспадыня лёгка датыкаецца рукою, гладзіць, а яму ні зірнуць — не расплюшчваюцца вочы, ні палашчыцца, вільнуць хвастом — не можа варухнуцца хвост. I стук у дзверы яму чуцён — чужы ці свой? — а не ўскочыць і не загаўкае — немаведама дзе падзеліся голас і сіла.

У нумар гасцініцы зайшоў харыст Шырмавага хору, напамянуў, што Рыгор Раманавіч чакае на рэпетыцыю. Гэта было сапраўднае свята — нам паказалі амаль увесь рэпуртуар, а ён быў і класічны, і фальклорны, і, галоўнае, у бездакорным выкананні.

Наперадзе чакала яшчэ адна сустрэча.

1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка