Лужанін Максім Добры хлопец Дзік што ж за ён быў, той хлопец?




старонка3/6
Дата канвертавання02.04.2017
Памер1.02 Mb.
1   2   3   4   5   6

ЗНАЕМСТВА 3 КАРАЦУПАМ

Размаўляем, больш слухаем, не менш за гадзіну. I што далей, то цікавей. Мікіта Фёдаравіч Карацупа ўзначальвае службу расшукных сабак на мяжы. Не дужа гаваркі, прыветлівы. Як быццам адчувае, пра што будзеш пытацца, пачынае сам, нібыта і яго гэта вельмі цікаваць. Так узнікаюць давяральныя, можна сказаць, сяброўскія адносіны.

Знаёмлюся з ягоным Інгусам. Не з тым, самым першым, якога ён выгадаваў з выпадкова падабранага шчанюка. Тады стаяла пагроза адкамандзіравання з пагранічнай школы: у яго не было сабакі. А што ж ты за пагранічнік без разумнага хваста?

Карацупа пасміхаецца:

— Разумны хвост — гэта наш жаргон. Я паўгода цукру не каштаваў, усё — яму. Знайшоў, сляпога, пад мостам. Рос туга, худы, нягеглы. Колькі кпін давялося перацерпець. Дзякуй начальству — паверыла, не адкамандзіравала.

Калі памочнік вырас, на рызыкоўныя, амаль неверагодныя затрыманні хадзіў з ім Мікіта Фёдаравіч. Шкада, рана загінуў, падстрэлілі пры сутычцы. Мала паслужыў і яго наступнік, новы Інгус. 3 морды і паставы акурат такі самы, як і той, таму і быў ахрышчаны традыцыйна.

Прысутнічае пры нашай размове на кватэры ў Карацупы чарговы службіст. Далікатна трымаецца каля гаспадаровай нагі: не відзён і не чуцён. А бразнуць дзверы ў пад'ездзе або госць ледзь-ледзь павысіць голас і — падымаецца галава, вушы насцярожваюцца.

З'явіўся ён на нашу размову адменным чынам. Мікіта Фёдаравіч пазваніў у гадавальнік, дзяжурнаму:

— Пакліч мне Інгуса.

Неўзабаве з другога боку провада даляцела прывітальнае павіскванне.

— Інгус! — загадаў Карацупа.— Бяжы зараз да мяне і вазьмі павадок. Павадок, чуеш? Але не кароткі, а доўгі. Чуеш? Годзе, годзе, дома абдымемся.

Я не мог схаваць засмучэння, і ў мяне ж быў звычай: вярнуўшыся дамоў, абдымацца з Дзікам. I хоць размова тачылася далей, Карацупа, чалавек назіральны, раптам спытаў: — У вас непрыемнасці? — Выслухаў маю бяду і дадаў: — Разумею, разумею. Я пазнаў у вас сабачніка.

Памаўчалі.

— Так, хлопец вам трапіўся з галавою. Нечым нагадвае майго першага Інгуса. Магу вам даць аднаго сабачку, добры. Праўда, зласнаваты крыху. Пойдзем, паглядзіце.


Я вяртаўся ў гасцініцу зачараваны: такі просты, абыходлівы. А ў яго на рахунку было тады больш за паўтысячы затрыманняў, кожнае з рызыкай для жыцця. У лясных нетрах, на горных схілах, у хвалях быстрых і халодных рэк даганяў, абяззбройваў лазутчыкаў.

3 часам гэтаму, сапраўды заслужанаму чалавеку змянілі пагоны на генеральскія, ён стаў Героем Савецкага Саюза.

Тады ж у Гродне ён сказаў, развітваючыся:


  • Падумайце, як быць. I я падумаю, можа, яшчэ што набяжыць...

Спакуса атрымаць выхаванца самога Карацупы была вялікая. Дый пёс у гадавальніку спадабаўся: чорны са спіны, рудыя падпаліны на грудзях і не лапы, а лапішчы, тоўстыя, спружыністыя. А ў вачах чыталася: перад табою непадкупная сабачая душа.

А як жа хатні? Ён жа свой, можна сказаць, сямейнік, ласкавы і ў той самы час гатовы рынуцца, не даць цябе ў крыўду.

Праўду казаў Карацупа: ёсць пра што падумаць. Не, гэта нікуды не варта! Як можна думаць пра нейкую замену!


Ранішнія перамовы з Мінскам адагналі ўсе сумняванні. Я пазваніў Карацупу: хворы павесялеў, пад'еў гарачага, спрабуе хадзіць, нават просіцца на двор.

— I дзякуй богу! — пачулася з тэлефоннай трубкі.— А той, што я нагледзеў вам,— у-у, сур'ёзны пёс! Трэніраваны на аднаго гаспадара, ніхто іншы не падыходзь. Калі б я вам перадаў ягоны павадок, значыць, права на загад, ён бы рваў мяне. Дарма, што я карміў, лашчыў, навучаў... Загад ёсць загад.

.

СВАРКА 3 РУДЫМ САБАЧКАМ

Мы з Дзікам ішлі па вуліцы і спявалі. Да гэтага хіліў падтуманены маёвы ранак, неабуджаная цішыня ў горадзе.

Дакладней кажучы, спяваў адзін я, Дзік ступаў поруч, задзіраў галаву і... усміхаўся. Праўда, праўда, усміхаўся! Падціскаў ніжнюю губу і крыху надымаў верхнюю: выскальваліся два рады іклаў, але не папярэджвальна і пагрозліва, а вельмі прыязна, акурат — усмешка.

Зараз гэтае пасміханне выяўляла высокую ступень задаволенасці самою праходкай, вясновай раніцай: цёпла, сонечна, чаму ж бы не заспяваць і сабаку!

За плоцікамі дамовых агародж ускраіны сінеў пахучы бэз, стаялі, як пад вянец убраныя, ігрушкі і слівы. Хораша ўсім!

Апрача ўсяго іншага, у Дзікавым запабяганні і падлешчванні чулася просьба: «Можа, я пабягу наперад? Дазволіш, а?»

Сабака ўвесь час прыбаўляў кроку і падскокваў, мерачыся зазірнуць у вочы. Я рабіў выгляд, нібыта не заўважаю гэтых хітрыкаў. На вуліцы Дзік мусіў хадзіць пры назе, каб не нагнаць страху каму сустрэчнаму. Перасцярога амаль залішняя: ён быў не здольны зрабіць нічога некарэктнага. На жаль, гэтага не ведалі пешаходы: палохаліся, кідаліся ўбок, а жанчыны падымалі крык.

Чаму ён прасіўся, было таксама зразумела. Парк, куды мы кіраваліся, абяцаў многа рознай уцехі: бегай — колькі ўлезе, скачы—куды хочаш, качайся па траве.

Выйшаўшы на бакавую алею, я даў дазвол:

— Добра, паганяй!

Сабака цяўкнуў, лізнуў мне шчаку і знік.

Калі казаць праўду, Дзік умеў спяваць і, сцвярджалі суседзі, не так і блага, можа, на саліста і не выцягваў, але подгалас даваў прыстойны.

Здаралася, усе дарослыя з нашай кватэры сыходзілі па справах ці ў госці або ў тэатр. За вартаўнікоў заставаліся Іна і Дзік.

Скончыўшы рыхтаваць хатнія заданні, дзяўчынка спакоўвала ў партфель патрэбныя на заўтра сшыткі і падручнікі. Заняткаў іншых не знаходзілася, кніжак новых не было, рабілася нудна. Апрача таго, сабака-то сабака, а ўсё роўна страшнавата перабываць адной цэлы асенні вечар, а час жа валачэцца надзвычай марудна. Праб'е хіба гадзіннік на сцяне, ды чакай таго бою зноў паўгадзіны. А ў цябе за худымі плечкамі ўсяго нейкіх дзесяць гадоў.

I дзяўчынка бралася спяваць усё, што ўспамінала. Украінскія, чутыя ад бабкі спевы, беларускія — народныя і партызанскія, нават рамансы, падхопленыя з рэпрадуктара.

Сабака сядаў насупраць канапкі, куды яна ўмошчвалася з нагамі, і пачынаў дапамагаць. Падвываў спярша паціху дый забіраў на поўны голас, мудрэй за спявачку.

Жыхары суседняй кватэры і нават бліжэйшага дома ведалі, што гэта за нагода: пяюць, значыць, у хаце дарослых няма. Нам самім доўга слухаць дуэт не ўдавалася. Сабака адразу ж пазнаваў крокі на ганку. Якія там спевы — вярнуліся! I кідаўся сустракаць, намагаўся зняць дзверы з кручка, цягнуў пальто з рукавоў.
Парк, у маладым, не густым яшчэ лісці, праглядваўся наскрозь. Я ішоў нібыта праз заслону тугога прахалоднага паветра ад рэчкі, куды падала неба, злівалася з празрыстай парай над нягучнымі хвалямі. У вершалінах дрэваў свіціўся кволы блакіт, востра па'тыхала сырою карой, слаўся водар зямлі і паадрослай за ноч травы.

Клікаць свайго спадарожніка не хацелася, навошта,— ён недзе недалёка, асочыць мяне сам. Каб і хацеў, не ўцячэш.

Пясчаная сцяжына падняла мяне на пагорак. 3 правай рукі, дзе да вайны стаяў дом Якуба Коласа, зарастала крапівою і палыном выгаралая сядзіба. Лявей тулілася некалькі драўляных дамочкаў, добры клопат і ўтулак так і павяваў ад іхніх белых аканіц, чысценькіх ганачкаў і аплеценых хмелем агародчыкаў.

Каля аднаго з такіх дамочкаў, умасціўшыся на вышараваных да васковага бляску маснічынах ганку, ляжаў сабачка, зусім малы, на якіх пагардліва кажуць — псючок. Таксама чысценькі, мыты няйначай як увечары, ён быў пад колер падлозе і лаўкам ганку. Таму я адразу і не заўважыў яго. Не ўстрывожыла і псючка маё з'яўленне, ён пазяхнуў, паказаўшы ружовы язычок, і ўтуліў галаву ў лапкі.

Як на тое, сюды прыскочыў задыханы Дзік. Ён, відаць, ужо дасхочу налётаўся, нахлябтаўся вады з рэчкі — морда і лапы былі добра мокрыя — і прыбег далажыцца: я тут. Сабака клаўся доле, усхватваўся, зноў клаўся, словам, выказваў самую непадробную радасць з нагоды нашай сустрэчы.

Але тут разлёгся востры, пранізлівы брэх. Рудзенькі псючок стаў на крывыя лапкі, распрастаў грудзіну, гатовы легчы касцямі, а не пусціць небяспеку да свайго дома і сваіх гаспадароў. Напэўна, палічыў нашу прысутнасць за грабежніцкае ўварванне на падапечную яму прастору з нядобрымі мэтамі. Ды, мусіць, і Дзік здаўся яму нейкім страшыдлам, а быў ён сапраўды прыстойнага росту, многа вышэй, як у калена.

Хоць мы і не выказвалі ніякіх агрэсіўных намераў, пільны вартаўнік брахаў і брахаў. I, па ўсім відаць, брыдка лаяўся на нас па-сабачы.

Дзік відавочна разумеў гэтае абзыванне, ён натапырыў поўсць на хібе і няголасна гыркнуў праз сашчэпленыя пашчэнкі адменных белых зубоў.

Каб не паджыўляць наспяваўшага канфлікту, я крыху адышоўся. Дзік забег наперад і стаў наўпоперак дарогі ў запытальнай паставе: «Ну, што, так і пойдзем?»

Стала зразумела: зрабі я любы крок, скажы хоць якое слова, і з рудзенькага паляціць у паветра чыста вымытая і вычасаная шэрстка, а на жаласнае вішчанне абавязкова выбегуць гаспадары.

Таму я цвёрда забараніў:

— I не думай! — I пачаў сарамаціць: — Па-першае, ён малы, а значыць, яшчэ дурань, па-другое: калі ён звычайны звяга, усё роўна тут яго права, ён на сваёй тэрыторыі. А што зрабіў бы ты, каб па нашым панадворку швэндаўся незнаёмы з сабакам?

Я сеў на лаўку непадалёку і заняўся купленай па дарозе газетай. Туды ж прысунуўся, як не сваімі нагамі, Дзік. Лёг, уткнуўшыся носам у чаравік, і ўздыхнуў.

Звычайна ён уздыхаў над міскай гарачай поліўкі — марудна астывае, ліха на яе! Цяжэйшыя ўздыхі пачыналіся пасля вымовы за чарговую правінку, скажам, за разлупленую панчоху лістаношы, не па злосці, праўда, яна прыносіла пах газетнай фарбы, якога сабака страшэнна не любіў. Уздыхалася яму і ад смутку: хацелася пабегчы за кім-небудзь з нас у магазін, а тут не ўзялі. А як возьмеш, калі там ён кладзецца на парог і спыняе гандаль, не пускае пакупнікоў.

Зараз Дзікава ўздыханне азначала штосьці іншае. Магчыма, разгубленасць,— што ж рабіць, той жа не ўпыняецца, брэша, а за што тут лаяцца, ніхто нічога дрэннага яму не ўчыніў. А можа, у сабакі было крыху крыўды і на мяне, на забарону заклікаць да парадку нахабніка.

Псючок, напэўна, разумеў усе перавагі свайго становішча: ён на сваім ганку, а ў сваім двары і трэска памагае. Няйначай нешта падобнае спакмячаў і Дзік: хто ж рызыкне рабіць напад на вартаўніка ў часе службы!

Тым часам мой сабака ўсё ўздыхаў і паглядаў то на мяне, то ў бок неўтаймоўнага брахуна.

Каб спыніць узаемнае псаванне сабачых нерваў, я ўстаў, хацеў перайсці на далейшую лаўку. Падхваціўся і Дзік, вільнуў мне хвастом і, угнуўшы галаву, на ўсю сілу прыпусціўся да звяглівага сабачкі.

— Будзе бяды! — мільгнула думка, аднак адклікаць, спыніць сабаку я не паспеў, ён падбег пад самы ганак.

Брэх жоўценькага дасягнуў найвышэйшых нот трывожнага вакалу, Дзік пад носам у яго завярнуўся, уціснуў хвост і на такой жа хуткасці начаў уцякаць.

Тут выказалася неадольная ўласцівасць сабачай натуры: глядзець на таго, хто ўцякае, і не кінуцца наўздагон — звыш сабачых сіл.

Жоўты сабачка кумільгом скаціўся з прыступак і ўлёг за ўцекачом. Калі ён адбегся крокаў на дзесяць ад дома і, поўны ваяўнічага запалу, ледзь не хапаў Дзіка за ногі, той раптоўна стаў і спружыніў на лапах. Разявіў сваю велізарную пашчу — ад здзіўлення я не мог падаць голасу і заплюшчыў вочы,— але вельмі далікатна ўзяў малога за каршэнь, патрос у паветры і, не зрабіўшы ніякай шкоды, паклаў на траву. Той віскнуў і застаўся ляжаць на спіне з падагнутымі лапамі, што азначала поўную капітуляцыю.

Дзік і не падумаў гнюсіцца аб малога, крыху вінавата палашчыўся. Гэта магло быць перапрошванне: не ўшчувай вельмі, іначай не мог.

Магло быць і выхвалянне: бачыш, як ёмка я правучыў гэтага драбняка...

Рудзенькі рызыкант, каб не нарвацца на горшае, падаўся, пабрэхваючы, пад ахову родных дзвярэй, а я паспяшаўся пайсці. Не столькі ўнікаў сутычкі з гаспадарамі пакрыуджанага, як не мог дайсці да ладу, што ж адбылося.

На звароце алеі — сабака не адбягўі не аставаўся ад мяне - я ўспомніў пра неаднойчы ужываны сродак, які, аднак, дзейнічаў мацней за любое пакаранне.

— Абух! Апошні лопух! - пачаў я ўшчуванне.- Глядзець на цябе не хачу. Не трэба мне такого сабакі.

Дзік на вачах набываў надзвычай пануры і прыгнечаны выгляд, яго прабіралі такім чынам за неэтычныя адносіны да гасцей або да суседзяў і за ўсялякія іншыя правіны. Сабака тады страшэнна засмучаўся, стараўся стаць непрыкметным, зашываўся на сваё месца за шафай, там клаў галаву на лапы і ўздыхаў таксама, як і тут, у парку.

Але цяпер ніякай правіны за сваёй сабачай душою ён не адчуваў, не адчуваў нічога такога і я, калі не лічыць здзіўлення ад вынаходлівасці правучыць нахабніка і забіяку.

Як відаць, сабака ўлавіў у маім голасе не грозьбу, не сур'ёзнае папярэджанне, а прытоены смех. Так яно і было. Перад вачыма стаяў пацешны малюнак няўдалай сабачай пагоні і расправы: жоўтыя лапкі недарэчна трапяталіся ў амаль паглынуўшай усё тулава жоўценькага пашчы і тыя ўцёкі сабачкі дамоў, азіраючыся, з брэхам і павіскваннем.

— I ўсё ж такі ты не дурань, Дзік! — я не датрымаў сур'ёзнасці. Сабака падскочыў, учуўшы іншы тон звароту, лізнуў мяне ў бараду і не даў дагаварыць, што ён самы прыемны і кемлівы з усіх знаёмых мне прадстаўнікоў ягонага роду.

Да Дзіка дайшло — яму нічога не пагражае. Сабака зноў зрабіў вясёлы падскок, прыгнуўся перада мною на выпрастаных лапах і выставіў наперад галаву, як робяць сабакі, запрашаючы адзін аднаго на гульню: пабегаць і падурэць. Калі ён выпадкам выказваў такое жаданне, я звычайна пляскаў у ладкі і тупаў нагою, робячы выгляд нібыта запрашэнне прымаецца. Тады сабака зрываўся з месца, абабягаў мяне па коле і спыняўся ў той самай паставе. На такія забавы ён не ведаў ні ўпынку, ні ўтомы.

Зараз было не да гэтага. Калі хто-небудзь з гаспадароў рудзенькага сабачкі бачыў развязку ягонай прыгоды, нас чакалі непрыемнасці і лішнія размовы. I мы падаліся дадому.

Лятучая нарада: слухаецца паведамленне Гаспадара пра паводзіны Дзіка. Удзельнічалі ўсе сямейнікі, толькі кот Хама спаў на канапцы, яму нядаўна не пашанцавала, але пагаварыць пра гэта будзе час.

Неяк само сабой атрымалася, што віноўнік размовы апынуўся ў цэнтры пакоя, людзі сядзелі наўкруга яго пры вокнах і стале. Калі завіталі Алік з Лёнем і занялі столік каля дзвярэй, кола амаль замкнулася, усе, з усіх бакоў утаропіліся на сабаку. Дзік адчуваў гэта,— ніякавата ад такой пільнай увагі стала, ён устаў і паспрабаваў схавацца ад позіркаў за крэслам Гаспадыні.

— Сядзі як сядзеў. I матай на вус! Слухацца неахвота, але Дзік вяртаецца на

ранейшае месца.

Напачатку, як некалі на ваенных саветах, пытаюцца погляду ў малодшых.



  • Што вы пра гэта думаеце, хлопцы?

Лявон зноў жа пераступіў права на слова меншаму — брату. Алік вытлумачыў здарэнне даволі арыгінальна, але крыху просталінейна, як дазваляў яму ўзрост.

— Дзік спачатку забаяўся,— сказаў хлопчык,— пасля яму стала брыдка перад вамі, і ён даў пытлю таму злосніку.

Лявон паправіў акуляры і, не абвяргаючы браціка, бо паважаў не толькі свае погляды, пачаў разважаць:

— Дзік зрабіў выгляд, што спалохаўся, вось і падашукаў сабачку, спакусіў даганяць.

Нейкім чынам гэта пасавала да маіх назіранняў і да вычытанага з кніжак пра паводзіны сабак у розных абставінах.

— Дык ты думаеш, што Дзік умее разважаць? — спытала Ініна маці Наташа, па прафесіі настаўніца.— Выходзіць, ён склаў план аперацыі?

— Падобна,— крыху збянтэжыўся Лявон. Аднак жывёліны не надзелены здольнасцю мысліць. Вам ужо гаварылі ў школе пра ўмоўныя рэфлексы?

— Не, я сам чытаў крыху.

— I што ж?

Хлопец падняў на мяне акуляры:

— Ваш Дзік пярэчыць тэорыі ўмоўных рэфлексаў. I шмат у чым.

Гэта была праўда: сабака лавіў загады і просьбы, не толькі зачуўшы слова, а з аднаго руху ці позірку, і не меў школы, не прайшоў ніякай дрэсіроўкі.

Мы гаварылі далей.

— Па-твойму, Лявон, акадэмік Паўлаў памыліўся? А яго доследы на сабаках пацвярджаюць гэту тэорыю...

— Так. Але, можа, тэорыя не распрацавана да канца...

Нешта падобнае здавалася часамі і мне. Аднак нейкі загадкавы момант у паводзінах аднаго сабакі не даваў ніякіх падстаў сумнявацца ў шматгадовай рабоце вялікіх. Дый яшчэ быўшы амаль невукам у гэтай справе.

I ўсе ж, што адбылося ў парку? Як растлумачыць? Па Лявонавым: зрабіў выгляд, што баіцца. Што шкуматаць меншага і слабейшага ды яшчэ на яго ўласным парозе не дазваляе ніякая этыка? Нават сабачая.

Наконт сабачай этыкі з хлопцам можна было згадзіцца, адносна чалавечай — наўрад. Стала амаль абвыклым: штурхнуць локцем слабейшага па службе і заняць ягоную пасаду, спыніць на вуліцы старога або інваліда, адабраць у яго апошнія капейкі, набіць так, каб не здыхаўся, або ўсадзіць між лапатак нож.

Што тычыцца этыкі дзяржаўнай, дык ці мала на нашай толькі памяці выпадкаў, калі вялізныя дзяржавы пад трохкаляровымі сцягамі ці паласатымі штандарамі з зорамі на простакутніку ўверсе падгібалі пад сябе меншыя прасцягам і сілаю народы? Выграбалі багацці, вынішчалі нацыі фізічна, рабавалі іх духоўна, тапталіся на годнасці і свабодзе? I знаходзілі сабе апраўданне ў вачах свету, маўляў, дапамагаем, баронім ад хцівых суседзяў...
Паколькі тое смешнае і нясмешнае здарэнне адбывалася ў парку амаль усутыч з колішняй сядзібай Якуба Коласа, было вырашана расказаць усё яму.

Што ён скажа?

Канстанцін Міхайлавіч слухаў усмешліва, хоць я і пабойваўся, што магу расхваляваць яго прыгадкаю пра мясціну, дзе некалі стаяў ягоны дом, пад дахам якога жыла ўся цалкам, не кранутая вайною і часам, сям'я. I, дарэчы, былі вартаў-нікі, вельмі сімпатычныя сабакі.

На шчасце, сумныя прыгадкі абмінулі яго, а пасур'ёзнець Канстанцін Міхайлавіч пасур'ёзнеў:

— Можна сказаць, сабачая правакацыя. А можа, нават стратэгія: задуманы і складзены план аперацыі, як сарваць ворага з ягонай тэрыторыі і пакараць. I бліскучае выкананне...

Надышло маўчанне...

—Трэба думаць,— зноў пачаў Канстанцін Міхайлавіч,— розум жывёл і не такая ўжо няпэўная катэгорыя, як мне здавалася. Толькі ў жывёл сыплюць трохі болыш цукру, чым трэба. Скажам, пра дэльфінаў шмат наманена.

Як ні дзіўна, развагі школьніка Лявона перагукваліся са словамі акадэміка Коласа.


ДЗІК ВАЮЕ СА ШКОДНІКАМІ. МЫ ТАНЦУЕМ ВАЛЬС

Наш халодны і малапрытульны дамок стаяў на ўскраіне горада і, як іншыя суседнія дамкі, быў абкружаны кустамі парэчкі і вішняком, а вокны пазіралі на грады з буракамі і капустаю.

Не дзіва, што вялося тут вялікае мноства розных паўзуноў і летуноў. Хай бы сабе вяліся, але нам ад гэтага было не салодка. Усе яны — мурашкі, мухі, камары і нават чмялі — не мелі ніякага жадання абсталёўваць сабе ўласнае жытло, а так і цэлілі трапіць у кватэру. Наляталі праз дзверы і форткі, напаўзалі праз непрыкметныя воку шчыліны ў сенцах і ў вокнах.

Як ні пільнаваліся мы шчыльней зачыняцца, зацягваць марляю і сеткаю вокны, нічога не дапамагала. Звечара самым старанным чынам аглядалі ўсе куткі і выганялі, нават выкурвалі дымам бярозавай губы ўсіх, хто меўся застацца з намі начаваць, здавалася б, дачыста. А толькі пагасіш святло і ледзь-ледзь змружыш вочы, над вухам звон — камар! Паспрабуй згледзь ды злаві яго! Як быццам дасі сяк-так рады, а ўжо ў суседнім пакоі нехта абудзіўся і ляпае далоньмі, каб залавіць парушальніка спакою.

Ішла трывалая, хоць і неабвешчаная ў друку вайна. I ў ёй актыўна ўдзельнічаў наш сабака.

Асабліва надакучалі мухі. Іх даводзілася выганяць па некалькі разоў на дзень. Цэлымі раямі ляцелі яны з бліжэйшых памыйніц і сметнікаў і трымаліся вельмі нахабна, поўзалі па сценах і па сталах, замахваліся сесці на хлеб ці ўваліцца ў талерку.

Дзік даволі ўдала абараняўся лапамі: адгрэбаўся ад мурашак і душыў на мордзе камароў. А вось мух гідзіўся страшэнна, асабліва гудух, тоўстых, чорных з зеленаватымі галоўкамі. Варта было такому стварэнню, абварыўшыся ў пары, упасці ў ягоную міску з гарачай поліўкай, як сабака адыходзіўся і не паддаваўся на ніякія ўгаворы: хоць бы пакаштаваць ежы, хоць муха была даўно выкінута.

— Дзік! — злавалася ў такіх выпадках Гаспадыня.— Ідзі сюды. Глянь на Хаму.

Кот ужо вымываў языком свой сподачак, не зважаючы, што збоку ляжыць муха.

— А чаго ты перабіраеш? Што ты з панскага заводу, ці што?

На вачах у сабакі страву вылівалі вон, вымывалі посуд і налівалі свежую, толькі што з пліты. Толькі тады ён падыходзіў бліжэй, усё разглядаўся і прынюхваўся, зрэшты рабіў ласку хлебтануць, і то, каб не ўкрыўдзіць Гаспадыню.
Аднойчы раніцою ўсе пасыходзілі з дому. Засталіся толькі Дзік і я. Мне трэба было скончыць тэрміновую работу, а сабака выконваў абавязкі вартаўніка дома.

Амаль адразу, як я сеў за стол, з'явіліся няпрошаныя госці: якім чынам яны злаўчыліся трапіць у мой пакой і што ім тут падабалася? Каб хто ведаў! Да столі слупом стаяў сіні папяросны дым, невялічкая фортка не ўпраўлялася выцягваць яго. I чалавеку не ўтрываць, але ў тыя мае гады здароўя было не пазычаць, а госці — усяго толькі слабыя стварэнні з кволымі лапкамі і крыльцамі.

Першы з'явіўся чмель. Я выпасажыў яго параўнаўча лёгка. Не дужа паваротлівы ў сваім аксамітным паўкажушку чмель пагуў, зрабіўшы некалькі кругоў каля сцен, і запоўз у куток рамы. Там я і накрыў яго ручніком. Чмялёў голас змяніўся: замест пагражальнага барытона бзынкаў тоненькі і жаласны фальцэт. Аднак вытрасены з ручніка на вуліцу ён бадзёра паляцеў, адвітаўшыся са мною зноў жа барытонам.

Дзік наглядаў за гэтай валаводай і ўсім сваім зніякавелым выглядам нібыта прасіў прабачэння: «I рад бы, але не магу дапамагчы».

Тым часам у пакоі аказалася пчала, многа спрытнейшая. Упраўляцца з ёю давялося тым самым манерам, пры дапамозе ручніка, але значна даўжэй.

Нарэшце можна было сядаць за работу. Тут клопату задала муха. Яна трымалася не менш ваяўніча, чым абрыдзелы за вайну нямецкі самалёт «месершміт». Лётала з кута ў кут, ад сцяны да сцяны і нахабна, густа гула, галоўнае, не рабіла спробы дзе-небудзь прысесці.

Я ўжо быў гатовы пагадзіцца: гудзі, ліха з табою, буду працаваць. Але муха перайшла да дзеянняў, іначай як агрэсіўныя іх не назавеш: снавала сюд-туд над галавою і цэліла сесці акурат на нос.

Мы з Дзікам парасчынялі ўсе вокны і дзверы, я зноў узброіўся ручніком. Адзін захад наўздагон за няўлоўнай надаядай, другі, і ў пакоі як быццам не засталося нікога, апрача сабакі: ён не адступаўся і часта дыхаў, выставіўшы язык.

Мы напіліся вады, крыху адпачылі, але не паспеў я ўзяцца за аловак, як над вухам пачулася агорклае «бз-з-зз!».

Усё пачалося спачатку. Ратуючыся ад ручніка, муха ўмела хавалася, зашывалася за шафу, у цёмны куток і некаторы час сядзела ціха. А як толькі канчалася аблава, зноў звінела над галавою.

Час ішоў, а раніца – самы лепшы час для работы — была зглумлена. Агледжаны ўсе магчымыя спраты, вымаханы ручніком пакоі і тэраса, і я ўзяўся за работу.

Можа, адчапілася хітрая назола, а як — не, перацярплю.

Муха нібы таго і чакала: вылецела аднекуль і на гэты раз змяніла тактыку, пачала кружыцца вакол стала нізка, на ўзроўні крэсла. Але тут шчоўкнула сабачая пашча і стала ціха.

— Дзік! Дзякуй табе, дарагі мой!

Сабака пераступаў з лапы на лапу, вельмі грэбліва крывячы морду. Нарэшце расшчапіў зубы і выплюнуў чорную муху-гудуху, яшчэ жывую. Яна страпянула крыльцамі і папаўзла па падлозе.

Сабака хутка ўдарыў лапаю і адступіўся.

На здарэнне прыбег Алік з двара. Дазнаўшыся, што адбылося, ён запляскаў у далонькі:

— Дайце яму хутчэй малака! Хай апаласне рот.— I павучальна дадаў: — Чаго толькі не зробіць верны сабака для гаспадара.

Алік ведаў дакладна, што найболып падабаецца Дзіку і чым ён грэбуе. У доме хлопчык быў часты госць, часамі загульваўся, хацеў есці і сядаў у нас за стол. Любіў так званы мінскі хлеб, нават выказаў жаданне атрымаць кавалачак.

Дазнаўшыся пра гэта дома, яму забаранілі прасіць чаго-небудзь самому. Мама дазволіла толькі часам прыняць прапанову і сказаць «калі ласка». Для хлопчыка такая працэдура была складанай, мамін загад перайначыўся, і, падгаладаўшы, ён казаў пошапкі Гаспадыні: «Хачу, калі ласка, мінскага хлеба».

Вядома, вабілі яго ў наш дом жывёлы, асабліва хораша дружылася ў іх з Дзікам. Таму ён так захоплена сустрэў сягонняшні сабакаў учынак.

Тым часам Дзік выеў малако, морда ў яго набыла выраз абвыклай прыязнасці, а ў вачах чыталася надзея: «Ці прайшліся б мы куды?»



  • Не, Дзічок,— сказаў я,— не пара.

Гуляць аднаго яго выпускалі на світанні або калі аціхаў рух на вуліцах. Зараз жа толькі бралася з поўдня дый на стале чакала недакончаная работа.

Я пачухаў яго за вушамі, сабака ад задавальнення выцягваў шыю і плюшчыў вочы.



  • Калі хочаш, прашу на тур вальса.

Прапанова была сустрэта прыхільна, і лапы ўмомант апьнуліся ў мяне на плячах. Без музыкі мы абкружыліся вакол стала, прарабляючы нагамі нешта вельмі мала падобнае да плаўных рухаў цудоўнага танца.

Гэтая забава надзвычайна падабалася яму: колькі б разоў на дзень я ні выходзіў з дому, усё роўна па звароце мусіў адбываць прызвычаеную цырымонію.

Звычайна, сустрэўшы ў дзвярах, сабака праводзіў мяне да вешалкі і цярпліва чакаў, пакуль здыму паліто і пераапрануся ў хатнюю адзежу. Тады, бачачы, што сабачая цярплівасць пераходзіць межы магчымага, я запрашаў: «Давай абдымемся!» I мы сапраўды абдымаліся, ён даставаў мяне лапамі каля шыі, я абшчэпліваў яго за тулава і крыху прыўздымаў над падлогай.

Аднойчы, зусім выпадкова, я закружыўся, ашчаперыўшы сабаку, па пакоі. Адтуль і павялося — заканчваць сустрэчу вальсам — ён запомніў гэтае слова і ўспрымаў яго як прыемную каманду.

Часамі, знерваваны ці заклапочаны, я забываўся прарабіць сустрэчу з усімі падрабязнасцямі. Сабака крыўдзіўся, клаўся на месца і з дакорам пазіраў адтуль, пакуль не звернешся з нейкім прыветлівым словам.

Здараліся часамі выпадкі, спачатку зусім не зразумелыя: Дзік адмаўляўся ад танца. Мала таго, не хацеў падтрымліваць са мною хоць якія адносіны. Сустракаў каля ўвахода, пачынаў быў лашчыцца, але, пацягнуўшы ў сябе паветра, адварочваўся і смутна кіраваўся ў свой куток.

Растлумачылася гэта не дужа хутка, але зусім проста: сабака не любіў паху віна, чуў яго здалёк. Хай сабе ў роце ў чалавека пабыла адна кропля віна, самага лёгкага і добрага, з грузінскага вінаграду.

Такі перапынак у нашых дачыненнях адразу ж выкрываў Гаспадара перад хатнімі: ага, спазніўся на вячэру, значыць, быў недзе на бяседзе з сябрамі.

Аднак у сабакі не заўважалася асаблівай непрыхільнасці да пахаў, што звычайна суправаджаюць вячэру з гасцямі. Ён проста сядзеў пры стале каля правай нагі ў Гаспадара і сачыў за прысутнымі. Калі тосты іх рабіліся занадта гучнымі, а рухі звыш рэзкімі і вольнымі, ён запытальна паглядаў на Гаспадара — што рабіць, а здаралася, сам заклікаў да парадку парушальніка спакою, без папытання.

Мы наогул ведалі, што жывёлы не толькі не схільны ўжываць розныя наліўкі і настойкі, але ўнікаюць іх водару. Пакрысе здагадкі пра адносіны да падобнага роду трункаў развіліся з клубка ў нітачку, яна і вывела на пэўны след.

Аднойчы да нас завітаў мілы госць, добры чалавек. Малады яшчэ здаравец, ён быў у вясёлым настроі. Дзік падаў яму лапу, гэта здаралася не дужа часта і выяўляла бясспрэчную сімпатыю да ўдастоенага такой сабачай ласкі, не меншай як прыпаданне да пантоплі ў рымскага папы.

Госць усё ж не здаволіўся і запрапанаваў сабаку падужацца. Прызнацца, я збаяўся: баруканне можа скончыцца сумна для гасцёвых портак. Але не паспеў Дзік адскочыцца, як быў схоплены ў жалезныя абдымкі і сціснуты так, што, здавалася, затрашчалі рэбры. Сабака ўпёрся госцю лапамі ў грудзі, сіліўся дастаць твар зубамі. Нарэшце, неяк вылузаўся і ледзь дацягнуўся да падсцілкі. На адвітанне не ўстаў, ад працягнутай рукі адсунуўся і хуценька падабраў лапы пад сябе.

Магутны госць не мінаў нашай хаціны. Дзік не брахаў на яго, не дазваляў сабе ніякіх іншых прыкмет варожасці, аднак бянтэжыўся і вянуў увачавідкі. Зірнуўшы на мяне, як бы папярэджваючы — глядзі, будзь асцярожны з ім,— сабака выходзіў у другі пакой і на вочы наведвальніку не паказваўся.

Відаць, гэта быў у яго жыцці першы выпадак, калі не капітуляцыі, дык прызнання сябе слабейшым.


1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка