Лужанін Максім Добры хлопец Дзік што ж за ён быў, той хлопец?




старонка4/6
Дата канвертавання02.04.2017
Памер1.02 Mb.
1   2   3   4   5   6

«СЭМ СЭР»

Гэтыя два словы: клічнае — Сэм! — і адказнае — Сэр? — сталі на нейкі час у нашым доме нечым накшталт хатняй прымаўкі. А запазычаны былі са спектакля «Запіскі Піквікскага клуба» ў славутым на ўсю краіну тэатры.

На покліч містэра Піквіка: «Сэм!» ягоны слуга, Сэмюэль, адразу ж абзываўся напаўзапытальным: «Сэр?» У гэта адным-адненькае, да таго ж аднаскладовае слова незраўнаны артыст укладаў мноства разнастайных адценняў: «слухаю», «я — тут», «я напагатове», «што загадаеце?», «бягу да вас». I яшчэ безліч доказаў зрых-таванасці тае ж хвіліны выканаць патрэбную паслугу.

Гэта было майстэрства напаўняць слова жывым, кожны раз іншым, у залежнасці ад надвор'я, падзеі, настрою, зместам. Карацей, майстэрства не іграць ролю — выконваць ролі ўмеюць шмат якія акцёры,— а ператварацца ў іншага, не па-добнага да сябе чалавека, як бы рабіцца тым чалавекам.

Адным словам, інтанацыі выдатнага артыста запомніліся і паслужылі штуршком да аднае з Дзікавых прыгод.

Як і раней, мы часта гулялі з ім у парку. Сам не ведаючы чаму, аднойчы я выпрастаў паднятую руку і сказаў: «Сэм!» Сабака, відаць, палічыў гэта за пачатак гульні і падскочыў амаль да ўзроўню пляча.

Мы пайшлі далей. Уздоўж алеі, на якой мы зрабілі практыкаванне ў падскоках, узвышаліся бетанаваныя пастаменты вышынёй у палавіну чалавечага росту. На іх панастаўлялі безліч няўклюдных, таксама бетонных, пасудзін, і блізка непадобных да старажытных амфор, пра цудоўную форму якіх павінны былі здагадацца навед-вальнікі. Такім высакародным памкненнем, трэба думаць, і кіраваліся расстаўляльшчыкі гэтай бязгусціцы ў людных месцах.

Алею з другога боку загрувашчвалі абы-як злепленыя і неахайна сфармаваныя постаці хлопчыкаў і дзяўчатак. Паміж іх, крыху адступіўшы на пагорак, невядома за якія заслугі быў узнесены на пастамент сабака.

Мы спыніліся, Дзік не прызнаў гэта пудзіла за сваяка, дый, праўду сказаць, яно вельмі мала нагадвала высакародных аўчарак ці ганчакоў. Аднак нейкія сабачыя рысы ўсё ж былі схоплены даволі жыва, і мой пёс дзеля знаёмства махнуў хвастом.

Не думаючы падахвочваць яго на падскок, я чамусьці падняў руку і вымавіў: «Сэм!» На пастаменце імгненна з'явіліся два сабакі, жывы, з радаснай мордай — выканаў каманду! — і другі, цэментовы, увесь у дажджавых пацёках. Я збянтэжыўся: выпадковая непавага да паркавых акрас і аздабленняў у вачах тутэйшых вартаўнікоў і ахоўнікаў парадку магла вырасці ў наўмысную знявагу і скончыцца непрыемнасцямі.

Дзякуй богу, нікога блізка не было. Надумаўся праверыць: што гэта — выпадак ці Дзік лёгка запамінае каманды і яшчэ паддаецца дрэсіроўцы. На хаду я падымаў руку і казаў: «Сэм!», сабака з відавочнай ахвотай адказваў высокім падскокам. Так забаўляючыся, абышлі ўвесь парк з прыпынкамі каля постацей на пастаментах, каб ушанаваць іх толькі што засвоеным гімнастычным практыкаваннем, якое наўрад каб удалося радавому гімнасту.

На мастку, пачуўшы запаветнае слоўка «Сэм», сабака без вагання адужаў даволі высокія парэнчы, але доўга не ўстояў: біла было вузкаватае, а ўнізе шумела рака. Дзік зірнуў і паспяшаўся саскочыць долу.

Тут нас усё ж дагнала вымова.

— Спрытны сабака! — поруч спыніўся пажылы чалавек у капелюшы, з цёплым шалікам пад макінтошам.— Дрэсіруеце? — Ён, відаць, палічыў мяне за аднаго з артыстаў недалёкага цырку, якія выгульвалі ў парку сваіх выхаванцаў.

Я сіліўся выціснуць з вуснаў хоць які адказ, але, уласна кажучы, апраўдання не было, не было і патрэбы ў ім.

Чалавек у макінтошы асуджальна дадаў:

— Дрэсіроўка — справа патрэбная, але не ў такіх месцах. Сабака скача на статую! Разумець трэба!

Мае растлумачэнні, маўляў, ніякіх зламысных замахаў на грамадскую ўласнасць няма, гучалі непераканаўча. Чалавек у макінтошы слухаў і не слухаў. Добра, што нахапіўся знаёмы мастак і стаў на маю абарону.

— Ні на што іншае гэтыя аздабленні непрыдатны,— ён задзёр угару клінаватую бародку.— Вырабляць і выстаўляць такія, з вашага дазволу, творы мастацтва могуць хіба што грабежнікі з вялікай дарогі. Халтура! — зняважліва кінуў ён.— На гэткія рэчы чалавек, калі ён сябе хоць крыху паважае, і глядзець не захоча... Хіба толькі сабака нагу падыме.

Узгаралася даволі гарачая спрэчка, чалавек у макінтошы быў не надта памяркоўны і дазволіў сабе празрысты, але выразны намёк, што, выказваючы такія погляды, недалёка дайсці і да фігур на плошчах.

— На плошчах і мая работа ёсць,— ускіпеў мастак,— так што! Чаго вы стаіце?.. Ідзіце, далажыце дзе належыць!

Чалавек у макінтошы палічыў за лепшае пайсці. Я і вінаватая ва ўсей гэтай уструшні сабачая душа моўчкі слухалі. Праўда, Дзік быў гатовы не даць мяне ў крыўду, як і заўсёды ў хвіліны гарачых гаворак.

— Ну, твой сабака — рашуча — маладзец! — Мастак пачаў астываць пакрысе.— Ён не дрэсіраваны? Аддай яго ў школу, няхай памуштруюць. А не прымуць у сабачую, можна ў мастацкую,— у яго ёсць густ дый, мусіць, і розум. Глядзіш, выб'ецца, пачне пісаць рэцэнзіі на выстаўкі.

Задаволены сваёй дасціпнасцю, мастак запрасіў у майстэрню паглядзець новую работу.



  • Заходзь, толькі без яго,— палец упёрся ў Дзіка.— I мяне ж ахоўвае адзін такі маладзец. Дык каб не ўзнікла канфрантацыі, а чаго добрага, і крыві...

Як ні дэманстравалі мы ўсё, што мог прарабляць Дзік, у навуку яго не ўзялі. Сабачая прафесура не прызнала чыстай пароду. А так сказалі: «Самавук здольны».

Гэтым былі задаволены ўсе: Дзік, праўда, не здагадваўся, якая яму рыхтавалася доля, а хатнія, у тым ліку і я, радаваліся,— з другам расставацца не трэба.

Сабака сапраўды быў здольны, хоць і адольваў навучанне саматугам. За нейкі тыдзень ён асвойтаўся з усімі адценнямі каманды «Сэм». Трэба было толькі выставіць палец на рэч, якую належала падаць, ці паказаць, куды трэба ўскочыць, і вымавіць запаветнае слоўка. Браў якія хочаш бар'еры, пераскокваў цераз падняты да твару кіёк, сядаў на крэслы і канапы, нават злаўчыўся ўмайстроўвацца на падаконні, не трушчачы шыбы.

Невялічкая затрымка выйшла аднаго разу. Каля чыгункі знайшоўся парканчык, высакаваты, чалавеку па бараду.

Высока, нічога не скажаш! I сабака рабіў усё новыя і новыя спробы апынуцца наверсе. Разганяўся, даставаў лапамі апошняе бервяно, вось-вось, здаецца, утрымаецца, але — не хапала сілы — абсоўваўся ўніз. Тады ён клаўся, спачываў хвілінку і зноў разганяўся, ляцеў, гаўкаючы, нібыта хацеў застрашыць непадатлівую перашкоду.

Падчас чарговага штурму паркана я хацеў дапамагчы, паспрабаваў падперці сабаку заднія лапы,— яму ніяк не ўдавалася зачапіцца кіпцямі за бярвенца. Дзік пакрыўдзіўся і адышоў.

— «Сэм!» — знарок голасна выгукнуў я.— I табе не брыдка?

Адкуль тая сіла ўзялася! Сабака рынуўся кумільгом, скочыў, але зноў павіс з боку парканчыка, на гэты раз, аднак, прыняў дапамогу, успёрся на падстаўленую руку і праз момант асядлаў перашкоду. Зверху на мяне пазіралі сапраўды разумныя вочы.

Пэўна, меў рацыю той мастак, успамянуўшы пра сабачы густ і розум.

Да слова трэба сказаць: недарэчныя постаці падлеткаў і брыдотны посуд, з якіх Дзік пачынаў сваё трукацтва, праз некалькі гадоў знялі. Праўда, і лепшых не паставілі.

На запрашэнне мастака ў майстэрню давялося адгукнуцца. Пайшоў. На стук у дзверы абазваўся густы брэх: «Баў! Баў!»

— Ну і бас жа ў твайго цюцькі! — пахваліў я, распранаючыся.

— Ты ўгадаў,— мастак паціснуў мне руку,— па голасе яму імя і дадзена — Бас.

Тым часам сабака з усіх бакоў аглядаў і абнюхваў мяне, калі мы паселі, пашворыўся ў кутку і прынёс сухую, даўно абсмоктаную костачку. Паклаў перада мною і стаяў, нібыта пытаючы: чаму ты не бярэшся за такі гасцінец? Калі ласка!

Мастак спляснуў рукамі:

— Ведаеш, такога яшчэ не здаралася. Каб ад першай сустрэчы так даць веры. Нават не пашкадаваў самага ўлюбёнага. Значыць, вельмі ўпадабаў. I мне дае зразумець: з гэтым чалавекам можна не асцерагацца...

Мастак пачаў паказваць новыя работы, мы гаварылі пра навіны. I раптоўна высветлілі прычыну Басавай гасціннасці: упускаючы мяне ў майстэрню, ён унюхаў: прыйшлі з дому, дзе жыве сабака.

— Цікава, а што зрабіў бы твой Дзік, каб я зайшоў? — задумаўся мастак.— Зрэшты, мы можам зайсці з ім. Хочаш, Бас? Толькі дай слова не грызціся.

ДЗІК ВАРТАЎНІК. ЗНАЁМСТВА 3 ПЕТРЫКАМ

— Дзік, паглядзі ў акно!

Сабака ахвотна прымаў даручэнне, бег да крайняга ад дзвярэй акна, адкуль быў відзён ганак, і клаў лапы на падаконне: а што ж там робіцца на дварэ? Калі ўсё было ціха, ніхто не стукаўся да нас, не хадзілі незнаёмыя, гракі не збіралі чарвей каля плота, сабака адварочваў морду да таго, хто падаваў голас: «Чаго трывожыцца, маўляў, ніякіх падстаў клікаць мяне на дапамогу няма, тым больш перабіваць сон. Калі шурхне што, я пачую раней».

Так яно заўсёды і бывала. Дзік імгненна абуджаўся нават ад шолаху, без загаду бег да акна, і не дай божа, калі прыкмячаў чужога ці, яшчэ горай, сабаку. Ён з размаху расчыняў дзверы грудзьмі, разводзячы лапамі паслухмяныя палавінкі. А ў сенечках падымаў брэх, адсунуць зашчапку самому не ўдавалася.

Шпаркая бяга, нашыленая поўсць, гучнае гаўканне былі не больш як шумавы эфект, сабака адпуджваў прышлага, нікога з людзей ён не парваў, хоць і мог скубянуць за порткі, калі хто хапаўся за кій. Не кусаў і сабак, налятаў віхурай, збіваў з ног і прыціскаў пераможанага да зямлі. Таму не заставалася нічога іншага, як падціснуць хвост і падавацца прэч.

Чуткі пра Дзікаву лютасць хадзілі вельмі перабольшаныя. Паверыў у гэта і адзін ленінградскі паэт. Выбіраючыся адведаць нас, загадзя склаў вершаваны надпіс на сваёй кнізе.

Вершык быў адразу ж перакладзены і прачытаны ў прысутнасці Дзіка і відавочна ўпадабаны ім:

Хай Вашым сабакам уджгнуты без жалю

У рове прыезджы паэт,

Ды Вам персанальна, таварыш Лужанін,

Ён шле свой гарачы прывет.

Тут жа Вадзіму, так звалі паэта, былі прадэманстраваны некаторыя нумары накшталт падскокаў па камандзе «Сэм!» — «Сэр?» і «Паглядзі ў акно». Апошні загад даваўся даволі часта.

Звычайна, агледзеўшы праз акно двор, сабака заставаўся абыякавы, калі там хадзілі жыхары суседняга дома: свае людзі, бачыш іх кожны дзень. Твары і постаці абвыклыя, як дваровыя дрэўцы і дрывяныя хлеўчукі ўздоўж агароджы.

Хіба для Лявона і Аліка можна было зрабіць выключэнне: махнуць хвастом і ўсміхнуцца, а то і добразычліва паказаць зубы, што выклікала ў іх вялікае захапленне.

Добрым вокам пазіраў Дзік і на іншых хлапчукоў, якія высыпалі гуляць з двухпавярховых драўляных баракаў, што належалі недалёкаму заводу. Малыя плацілі яму сімпатыяй за сімпатыю і спрабавалі ўчаставаць кавалкам абаранка ці аладкі. Дзік ад чужых ежы не прымаў, але ў такіх выпадках, каб не ўкрыўдзіць чалавека, браў пачастунак, адносіў пад плот і заграбаў пяском.

Дзеці рагаталі і дзівіліся.

Алік растлумачыў:

— Сабака не грэбуе, але зараз паснедаў, не галодны,— потым знойдзе і з'есць.

Петрыкаў бацька, заводскі інжынер, чарнявы мужчына высокага росту, непрыязна глядзеў, як Дзік закопваў ладнаваты кавалак белага сыру, урачыста паднесены яму Петрыкам.

— Ты што, збіраешся тут буфет адчыняць? -інжынер пхнуў сабаку нагой.— Гэтаму і людзі жадны.

Той адскочыў, прыняў ваяўнічую паставу, але стрымаўся і не брахнуў нават.

Петрык кінуўся, прытуліўся шчакою да натапыранай поўсці сабакі.

Тады перапала і яму:

— А ты — дадому! I больш не ацірайся каля брудных псоў.

Петрык, размазваючы па тварыку слёзы, пайшоў за бацькам.

Ні я, ні Дзік не маглі тады суцешыць яго — сварыўся не хто-небудзь, а родны бацька.

Зрэшты, ягонае абурэнне можна было зразумець: і людзі, і горад толькі-толькі станавіліся на ногі пасля вайны — збыткавацца не было чым. Да таго ж Мільчанка, так звалі інжынера, шчадзіў кожную капейчыну, ён збіраў грошы на матацыкл.

Такіх машын у горадзе было шмат. У пераважнай большасці падабраныя на месцы баёў і «катлоў» ці прывезеныя з-за мяжы дэмабілізаванымі, каштавалі яны не так і дорага.

Мільчанка здзейсніў мару, купіў-такі не першай маладосці двухколку з маторам. Ахвотнік хутка ездзіць, ён часта вяртаўся з-за горада з пабітымі каленьмі і локцямі, а то і з пісягамі на твары.

Усе навіны мы ведалі ад Петрыка.

Аднаго разу аварыя з матацыклам здарылася на выездзе з двара, на вачах у дзяцей.

Петрык адразу ж прыбег падзяліцца ўражаннямі.

— Цёця Жэня! — тут хлопчык згледзеў каля Гаспадыні і сабаку: — Дзядзя Дзік! Наш тата: пі-пі, дуду-дуду, ба-бах!

Мы не маглі не засмяяцца, так смешна малы імітаваў гукавыя сігналы і ад наплыву ўражанняў звярнуўся да Дзіка, як да чалавека.

Наогул жа Петрык меў схільнасць да імправізацыі. Больш за свой двор любіў наш: прасторна, лётай колькі хочаш па сцежцы паміж градамі, спявай, а можа,і Дзік спакусіцца пагуляць.

Петрык бегаў і махаў сагнутымі ў локцях рукамі, удаваў з сябе курыцу, якая знеслася і сакоча, паведамляе пра здарэнне на ўвесь свет. Дзік станавіўся наперадзе ў малога, поўз да яго на чэраве, адскокваў назад, зноў поўз, нібы ўзбрэхваў, як дурлівы шчанюк.

Тады Петрык пакідаў сакатаць па-курынаму і заводзіў:

Бі-бі я ячменьку з'еў, Бі-бі я яечка знёс.

«Бі-бі» азначала і «каб жа», і «тады б». Аднойчы Лявон устыдзіў хлопца:

— Даволі хваліцца, вось узяў бы ды знёс. Петрык не маргнуў і адказаў:

— Бі-бі, я — пеўнік, бі-бі, я кукірэкаць магу.

ДЗІКАВА ПАМЯЦЬ

Дружба з Петрыкам, на жаль, не паляпшала адносін з ягоным бацькам. Інжынер Мільчанка не цураўся нашага двара. Прыходзіў рабіць фізкультурную размінку, часамі загаворваў з суседзямі. Дзік не мог пагадзіцца з гэтымі наведваннямі ці не запомніў даўні штуршок у бок за закопаны сыр, брахаў, быў гатовы да больш сур'ёзных дзеянняў, даводзілася адклікаць яго і замыкаць у доме. Там, аднак, ён не супакойваўся: без каманды ўскладаў лапы на падаконне і сачыў, калі гэта непажаданая асоба пакіне назаляць вачам.

Калі ў гэты час каму-небудзь здаралася папытаць: «Ну, хто там? Мільчанка?», як чулася зласнаватае «гаў» два, а то і тры разы.

Наогул гэта прозвішча лепш было не вымаўляць,— сабака абзываўся ўзбрэхваннем і бег да акна аглядаць панадворак.

Гэта быў другі пасля «дужання» з магутным нашым госцем выпадак, які хваляваў Дзіка.

У кутку нашага двара стаяў складзік, дзе перахоўваліся торф і вугаль. Поблізу тулілася збітая з аполкаў будачка пад занадта гучнай для свайго непагляднага выгляду назвай — туалет.

Як разгортваліся далейшыя падзеі, бачыў на свае вочы добры Дзікаў прыяцель Лявон, ён як-раз ішоў у школу.

Зрабіўшы гімнастыку, Мільчанка схаваўся ў будачцы, сабака стаў каля дзвярэй, а потым лёг проста на снег.

Чакаць яму давялося нядоўга,— паднавагодні мароз перабіраўся за дваццатую рыску ніжэй нуля. Мільчанка прачыніў дзверцы ў будачцы, сабака загарадзіў дарогу і паказаў іклы. Давялося ляпнуць і зачыняцца. Чалавек з-за дзвярэй начаў лаяць сабаку, тупаў нагамі і высоўваў руку з папружкай. Гэта было не ў страх,— Дзік гыркаў і не рушыўся з месца. Хочаш не хочаш, чакай выручкі.

Лявон пабачыў, справа паварочваецца не ў лепшым кірунку. Зняць варту каля дзвярэй будачкі самому не ўдалося, Дзік не паслухаў. Хлопец пастукаў нам:

— Дзік хутка чалавека замарозіць.

Гэта было недалёка ад праўды: Мільчанка выскачыў рабіць зарадку ў маечцы і пінжаку наапашкі. За гэты час, відаць, добра-такі змёрз, бо крычаў на ўвесь двор.

Перапрасіўшы ўгневанага суседа, я ўзяўся прабіраць сабаку:

— Што ж ты нарабіў? Хто вінаваты, а каго лаюць. Думаеш, мне прыемна слухаць?

Дзік ляжаў на падлозе, але не ўздыхаў і не плюшчыў вачэй, як рабіў пад час ушчування за напалоханых курэй ці здратаваную граду ў агародзе. Не выключана, што ён лавіў у голасе ўшчувальніка ўсмешку з усяе гэтай прыгоды. Тон вымовы давялося замяніць на больш крыўдны:

— I навошта нам такі сабака, што людзей трымае на марозе? Не трэба нам такога сабакі. Аддамо яго цыгану.

Учуўшы апошняе слова, сабака ўстаў і паклаў галаву Гаспадыні на калені: «Скажы хоць ты яму,— Дзік выглядаў вельмі няшчасным і нібыта прасіў: — Ну, чаму ён гаворыць абы-што? »

Я зразумеў гэту бязгучную просьбу і тым не менш працягваў. Не для сабакі, а больш для прысутных дзяцей — Іны і Лявона:

— Забяру ў цыгана жарабя. Хай тут пасвіцца, будзе ржаць хорашанька. I не будзе гаўкаць без толку.

Тут усе заўсміхаліся, толькі Дзік не падбадзёрыўся. У мой бок не глядзеў. Ад Гаспадыні не адыходзіў, нібыта ўсё звяртаўся з той самай нямою просьбай: «Няўжо вы ўсе нічога не разумееце? Я ні ў чым не вінаваты, за што на мяне сварацца? На добры лад, таму нахабніку трэба было і калошы пашматаць».

Потым мы здаўмеліся, чаму сабака засмуціўся: у сваім ушчуванні я ўжыў адно слова. Вельмі непрыемнае яму.

ДЗІК I ЦЫГАНСКАЕ ЖАРАБЯ

Гэта была чыстая праўда: аднойчы над сабакам навісла пагроза быць аддадзеным за жарабя.

Нагуляўшыся за горадам, мы прыселі на беразе рэчкі. Дзік прарабляў улюбёныя нумары: даставаў з вады пакалкі, ускокваў на штабель прасмоленых шпалаў, па просьбе прыносіў бліжэй адстаўленыя знарок чаравікі.

За гэтым з цікавасцю наглядаў асмуглы чалавек з чорнаю кучараваю галавою. Ён пасвіў на лугавіне буланую кабылу, поруч выбрыкваў, задзіраючы ножкі, стрыгунок. Жарабятка было спаснае, чырвонай масці, хвост і грыўка — чорныя, а на лабэціне свяціла белая плямка, зорачка. Надакучыўшы бягою, ён спыніўся і выставіў да нас мызачку, варушачы замыленымі губамі, як робяць жарабяты, просячы дазволу на знаёмства ў старэйшых коней.

Я папрасіў у гаспадара дазволу пагладзіць малое.

— Гладзь колькі ўлезе. А хочаш, можна і назусім аддаць.

— Як гэта? — я не мог схаваць здзіўлення.

— А так: я табе гэтага каня, а ты мне — сабаку.

— Жарабя-то добрае, дзякуй. Але ў нас з ім,— я паказаў на сабаку,— старая дружба.

— Я прыдачы дам,— падахвоціўся цыган.— Кажы, колькі?

Паўтарыць адмову давялося болын катэгарычна. Мы памкнуліся пайсці, але кучаравы не адступаўся:

— Бяры наверх сто! Мала? Дзвесце... Дзік нібыта адчуваў, што гаворка тычыцца

яго, туліўся да нагі і неадрыўна глядзеў на настырнага мяняльшчыка. А той уваходзіў у азарт, набаўляў цану.

Я адыходзіў, падражніваючыся з сабакам:

— Вось бачыш! Цяпер пільнуйся: як што якое, аддам цябе цыгану і без жарабяці... Чуеш?

Услед за намі даляцела пагроза:

— Так што, лічы, сабакі ў цябе ўжо няма. Мой будзе, і не агледзішся.

Гэтая грозьба не сказаць каб палохала, спрабуй залыгай гэткага здараўца. Аднак нельга было і пакідаць сказанае зусім без увагі.

Каля ракі, на нашым беразе зачапілася на стойбіска некалькі фурманак, а неўзаметку атаўбаваўся цэлы цыганскі табар. Неймаверна хутка пякліся хацінкі. Хутчэй буданчыкі. Злепленыя амаль з нічога: кардон, бакавіны скрынак, кавалкі ржавай бляхі,— вось і сцены. А заместа дзвярэй — посцілкі, за вокнамі таксама затрымкі не было — аскабалкі патрушчанага шкла знойдзеш не шукаючы.

Пасярод паселішча хрумсталі кошанку даволі гладкія коні, сноўдаліся сабакі з паўсыхаўшымі жыватамі, даспеўвалі сваё кароткае жыццё певуны.

Цыганскія жанкі з раніцы высыпалі ў горад, ва ўскраінныя дамочкі — варажыць. Няпэўнае гэта ўмельства давала-такі зарабіць у той час. Толькі-толькі скончылася нечуваная дасюль вайна. А пазабірала яна безліч мужоў і бацькоў, развеяліся па свеце дружбы, каханні, цэлыя сем'і паразбіваліся. Людзі прагнулі хоць што дазнацца пра адсутных і лёгка давалі веры варажбіткам. Аднак хутка пачалі асцерагацца: пасля чарговага сеансу варажбы ў доме чаго-небудзь абавязкова недалічваліся: знікаў жакецік з вешалкі ці хоць гаршчок з плота.

Цыганова пагражанне наконт сабакі мела нейкія падставы. Вякамі ўсталяваная нядобрая слава — цыганы, маўляў, ахвотнікі да чужога, асабліва да коней — і цяпер ішла за імі не астаючыся. Праўда, нам не давялося доўга асцерагацца: цыганскі табар неўзабаве ссялілі. Пагрузілі на вялікія грузавікі амерыканскай вытворчасці «студэбекеры» і вывезлі, куды — невядома.

Мы нахапіліся на тыя прымусовыя пярэбары з адным вядомым паэтам. Стаялі даволі доўга. Глядзелі, як спачатку грузілі маёмасць, амаль адно рыззё і лахманы, адразу з двух-трох буданчыкаў, потым саджалі на платформу гаспадароў. Машына разварочвалася і трушчыла коламі рэшткі ўбогага чалавечага прыпірышча.

Пыл і курава стаялі слупам. Тым пасялкоўцам, хто меў коней, было дазволена вывозіцца самім, збоку ў рад стаялі іхнія фурманкі, чакалі, калі будзе сказана ехаць услед за машынамі.

Наўкола пасмейваліся кучкі разявак, жыхароў з ускраінных хацін, мала лепшых за цыганскія.

— Пойдзем! — крута павярнуўся паэт.— Што б там ні казалі пра іх, гэта — людзі. А выходзіць — новае гета...

Праз нейкі час, калі засмучэнне крыху забылася і аціхла, мой сябар прыгадаў Пушкіна: «Цыганы шумною толпою по Бессарабии кочуют». I якраз жа пераклаў-перайначыў: «Па Беларусі цыганы на «студэбекерах» вандруюць».

I расказаў, што ён дачуўся. Нейкія вандроўныя людзі аселі на зямлю ў Бабруйшчыне: хочам жыць калгасам. Атрымалі пазыку на будаўніцтва, далі ім і грэчкі, каб было чым пасеяцца. Грэчку яны як быццам абдзёрлі на крупы, а ша-лупінне высеялі. «Не ўзышло, дрэннага насення далі», потым абвясцілі мясцовым уладам.

Праўда ці не гэта, ён сцвярджаць не падручыўся, аднак пра цыганскія калгасы ў нашым баку пагалоскі не было.

Магчымасць набыць каня не магла быць утоена ад сяброў.

— А што ты думаеш,— казалі мне,— падгадаваў бы, дык і на работу б ездзіў. Прыпнуў каля Дома друку і працуй. I клопату няма.

Натуральна, не ведаючы імені ўласніка таго жарабяці, гаварылі — цыган. I хоць я, расказваючы пра здарэнне, хацеў сам пахваліцца сабакам і яго падхваліць, на Дзіка гэта слова дзейнічала кепска, ён хмурнеў.



СЯБРЫ Ў АБАРОНУ ДЗІКА

У часе праборкі за некарэктнасць да суседа Мільчанкі Алік быў настроены ваяўніча. Яны з Лявонам з'явіліся да нас таго ж дня надвечар. Хлопчык пачаў з парога, не паспеўшы скінуць шапку.

— Чаму вы дазваляеце крыўдзіць Дзіка?

— Як гэта так, хлопчанька?

— Дзік мае права не пускаць нікога да нашых дамоў?

— Будзем лічыць — мае.

— А чаго гэта Мільчанка кожны дзень ходзіць?

— Чакай, чакай! А хто гэта расказваў мне пра Петрачкоў сыр? Пра нейкія загрэбіны?

Алік стаяў на сваім:


  • Але ж тады сабака нікога не зачапіў, яго самога ўдарылі!

— Вы ж не дрэсіравалі Дзіка гаўкаць на прозвішча Мільчанкі? — разважліва запытаўЛявон.

— Ну, хлопчыкі, усё гэта вы ведаеце не горш за мяне. Мы ніколі не звучалі яго рабіць па камандзе.

Сапраўды Дзік даходзіў усяго сваім сабачым розумам, нейкім верхнім нюхам. I даставаць розныя рэчы з вады, і скакаць на пастаменты. Ведаў імя кожнага сямейніка, прыбягаў клікаць любога з нас на абед ці вячэру,— з суседняга пакою ці з агарода.

Толькі славутыя ўскокі на пастаменты пасля слова «Сэм!» былі болын-менш падобны да каманды. А як і калі сабака стаў выконваць даручэнне «Паглядзі ў акно!» — мы началі ўспамінаць разам у вечар здарэння з асадаю інжынера. Гэта навука здабылася не адразу. 3 крайняга ад дзвярэй акна быў відзён ганак і хто стаіць на ім. Пакідаючы нашу дзяўчынку адну дома, заўсёды наказвалі: «Адразу дзвярэй нікому не адчыняй, перш паглядзі ў акно». Так яна і рабіла: глядзела сама, глядзеў,таварышуючы ёй, Дзік.

Напамянём, час тады быў неспакойны, не спрыяў таму, каб пускаць у дом незнаёмых. Таму і дарослыя, будучы ў поўным складзе дома, папярэджвалі адзін аднаго, пачуўшы стук у дзверы: «Зірні спачатку ў акно!»

I яшчэ. Мы любілі свой малады садок і агародчык. Як толькі заліліся першым цветам вішанькі, бясконца любаваліся імі. Клікалі і ўсіх гасцей да акна, каб не мінула каго выпадкам доля вясновага хараства: «Зірні, зірні». Паміж людзьмі, што пазіралі праз шыбы, уссоўвалася на падаконне і цікаўная сабачая морда.

— I ты любіш цвет? — пытаўся хто-небудзь.— Глядзі, глядзі, вясны на ўсіх хопіць.

Такім чынам сабака запамінаў, што за акном робіцца многа цікавага. Узімку злёталіся чародамі гракі і вароны, шукалі спажывы пад снегам, вясною бегалі па разорах шпакі. Добрыя памочнікі чалавеку, яны дзяўблі вусняў і розных жучкоў, не так лёгка было накарміць ненаеднае патомства пад дахамі шпаковень у кожным садку.

Таму збіралася іх мноства, а Дзік любіў парадак і выганяў лішніх з сядзібы, каб вачам не заміналі. Ён не падзяляў крыважэрных мэтаў ката Хамы.

1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка