Лужанін Максім Добры хлопец Дзік што ж за ён быў, той хлопец?




старонка5/6
Дата канвертавання02.04.2017
Памер1.02 Mb.
1   2   3   4   5   6

ДЗІК I КОТ ХАМА

Звычайна кот умошчваўся ў адчыненай фортцы дубэльтаў, так хораша гавораць сталяры на падвойныя рамы, сачыў, як чубяцца і сварацца на вішняку вераб'і, і ляскаў зубамі. Ад прагнасці, хутчэй ад звычкі сваіх продкаў — паляваць, лавіць жывое, у яго падрыгвала ніжняя сківіца.

Пераканаўшыся, што з форткі свежае дзічыны не здабудзеш, кот вылез на дах. Неасцярожны верабейка падскакаў заблізка да мызы драпежніка, Хама скочыў і не адзержаўся на слізкіх гонтах. Зляцеў далоў, а на лапы добра не стаў, не паспелі спружыніць, што звычайна ратуе катоў пры паданні, і таму пабіў нос, а таксама губы каля вусаў.

Дзік уважліва аблізаў яго, як і тады, калі ратаваў абсмаленага ў печы, і прынёс, узяўшы за каршэнь, пад самыя дзверы.

Наогул жа, жылі яны ў згодзе. Неахвотна, праўда, Дзік даваў кату месца каля свае міскі, дазваляў пакаштаваць стравы. Хама шырока карыстаўся такім высакародствам і не мінаў выпадку паласавацца, хоць і не быў галодны, дый на-огул атрымліваў куды больш смачных кавалачкаў.

Данускаўся кот нават у сабачую кватэру, праўдзівей, на Дзікаву падсцілку. Скручваўся ў сабакі пры самым жываце. Зімою хата наша асабліва выстывала, тады абодвум спалася цяплей.

Дзік толькі аднаго разу пакараў ката, дый то якая гэта была кара, можна сказаць, папярэджанне, растлумачэнне, што не да твару рабіць прыстойнай хатняй жывёліне. Хама ў нас быў яшчэ навасёл, а да гэтага карміўся каля агульнага памяшкання рамесніцкага вучылішча. Па тых харчах меў і апетыт — непамерны, як на худое і няўдаленькае кацяня.

У доме чакаліся госці. Стол быў рассунуты, блішчэў посуд, нажы і відэльцы раскладзены з таго боку, як і належыць. Пачэснае месца займаў доўгі фаянсавы паўмісак. На ім красаваўся шчупак — фірменная страва Гаспадыні, яе сапраўдны гонар.

Жанчыны канчалі завіхацца ў кухні, я гартаў часопісы ў сваім пакоі, у сталовай заставаліся, ці то сачылі адзін за адным, ці то моўчкі аглядалі сервіроўку, Хама і Дзік.

Раптам пачуўся лёгкі скок, услед за ім мітусня і злоснае кацінае: «Вва-ў!» Мы вызірнулі: Дзік, падняўшыся на крэсла, цягнуў са стала Хаму, а ў таго на кіпцюры быў узнізаны шчупачыны хвост. Кот упіраўся і вольнаю лапаю даставаў сабаку па мордзе.

Засмуцілася, а пасля засмяялася і Гаспадыня, не зважаючы на пашкоджанае кулінарнае збудаванне.

— Маладзец,— пахваліла яна сабаку, паклаўшы на месца яшчэ непачэпаны кавалак рыбы,— без хваста ніякага выгляду.— А ты — благі, нявыхаваны кот, хам, хамуйла.

— I я тое скажу,— далучылася Наташа,— я ж яго сырою рыбаю накарміла. Яшчэ і гадзіны не прайшло. Еў, пакуль не адваліўся.

Ад таго часу, уласна кажучы, за катом замацавалася пэўнае імя. Дасюль яго клікалі: кіцка, каток, мурняўчык, пасля выпадку са шчупаком прыляпілася мянушка Хам, а з часам, калі правінка забылася,— сталі зваць Хама. Гэта вельмі пасавала да ягонай вусатай морды, дый сам ён разбыўся, ператварыўся з шэранькага камячка поўсці ў спаважнага і саліднага мурлыку.

Тады ж Гаспадыня, спярша пахваліўшы сабаку, падакарала яго:

— Ну, хто так робіць? Навошта было хапаць катка? Мог проста пастрашыць, турнуць яго ад стала. А з тваімі зубамі нядоўга і перакусіць тую лапу.

Тут было паказана, як добра выхаваны сабака павінен турнуць неслуха-ката. Хаму ўзялі за каўнер і лёгенька перасадзілі з канапы на падлогу.


  • Бачыш, як трэба?

Дзік сачыў, насцярожваў вушы і, як ні дзіўна, прыняў навуку да ведама.

У далейшым паводзіны катка і блізка не дасягалі добрапрыстойнасці Дзіка. Хама мог разлегчыся без папытання на падушцы, нарабіць лапамі брудных слядоў на капе. Часта блытаўся пад сталом у час абеду і ўздрапваўся на калені, не хаваючы чутных і праз адзежу пазуркоў.

Калі гэта было вельмі не да месца і не да часу, прасілі:

— Дзік, турні Хаму!

Сабака пераносіў ката ў парог і аглядаўся: калі хочаце, маўляў, магу і за дзверы выкінуць.

Часцей Дзік паводзіўся менш далікатна: спіхаў ката з крэсла ці з ложка мордаю і чакаў, ці не будзе загаду на большае.

— Дадай, дадай яму! — казалі, калі трэба было адчувальна пакараць кацінае самавольства.

Такая цырымонія была прароблена і ў той вечар, калі Лявон з Алікам прыйшлі да нас высвятляць, што кіруе паводзінамі сабакі. У прыватнасці, падчас ранішняй асады туалета.

Хама і зараз дапусціў нетактоўнасць: палез лапай на талерку пад рукі ў Аліка. Пакаранне не замарудзіла. Сабака згроб ката і панёс пад дзверы, хоць і зарабляў ад таго поўху кіпцюрамі. Здачы не даваў, але паклаў Хаму на падлогу і прыціснуў лапамі: шыпі ні шыпі, круціся ні круціся — не дапаможа! Хама быў вызвалены толькі пасля адпаведнай просьбы Гаспадыні:

— Годзе, сабачка! Дзякуй.

Дзік, здаволены падзякаю, абыходзіў па чарзе прысутных, яго хвалілі, гладзілі, і ён кожнаму рабіў лёгкі віль хвастом. Найболынаму ж свайму прыяцелю, Аліку, не забыўся лізнуць у нос.

Паклычаны і абслінены, кот касавурыўся на занадта стараннага ахоўніка парадку, калі той, палашчыўшыся да людзей, падбег павітаць і яго, кот стаў на заднія лапы і плюнуў. Сеўшы ў зацішнае месца, Хама старанна ўмываўся то адной, то другою лапкаю, парадкаваў і прыгладжваў поўсць. Зрэшты, Наташа пачала ў кухні старац-ца для абоіх вячэры, а ў гэты час між катом і сабакам усталёўваліся добрасуседства і згода. Так было і зараз: Дзік і Хама падаліся падчышчаць свой посуд.



ШТО Ж АДБЫЛОСЯ?

Выпадак з абложаным у будачцы Мільчанкам цалкам не даваўся да ўразумення.

Лявон, Алік, Іна ўспаміналі папярэднія ўчынкі Дзіка, падзея ўзважвалася з усіх бакоў.

Момант дрэсіроўкі адпадаў начыста, загаду трымаць чалавека на марозе ніхто не даваў,— Лявон быў таму сведкам.

Што ж заставалася? Няўжо складаны план помсты за крыўду, як з тым рудзенькім сабачкам на ганку ў парку? Аднак там магло быць імгненнае памкненне адбіць ваяўнічы выпад. Мы ж нічога кепскага не зрабілі, а сабачка лаяўся, за якія правіны?

А што ж тут? Так, Мільчанка некалі штурхнуў Дзіка ў бок, але ж гэта было даўно. Няўжо аж дагэтуль карцела тая пакрыўджанасць ці, можа, дадалося нешта іншае, чаго нельга дараваць і забыць. Бо чаму ж ён гаўкаў, пазіраючы ў акно, як толькі вымаўлялася прозвішча крыўдзіцеля?

Дарэчы, формы просьбаў агледзець двор вельмі часта змяняліся. Гаварылі: «Паглядзі ў акно» і «Зірні ў акно», звярталіся нават больш складана: «Можа б, хто глянуў у акно?» I далей: «А што там робіцца за акном?», «Ці няма там за акном каго чужога?».

На ўсе варыянты звароту сабака адказваў заўсёды аднолькава: падскок, лапы — на падаконне, вочы ўтароплены ў шыбу.

Па ўсім выходзіла: нешта запамінаў і, больш таго, разумеў. Калі сказаць гэтак дазваляе навука.

Алік стаяў на сваім, маўляў, Дзік бараніў нашы дамы ад чужых і меў права ўжываць любыя сродкі.

Не адступаўся ад свае думкі Лявон: сабака помніў той штурханец ад Мільчанкі, таіў крыўду, а як вырас і адужаў, узяў і разлічыўся.

I тое і другое магло лічыцца верагодным, як сцвярджае старая мудрасць, праз дзіцячыя вусны прамаўляе ісціна. А на чыім баку праўда: на Алікавым ці яго браціка?

Таму думалася: ну, няхай пакрыўдзіўся, хай запомніў, няхай, нарэшце, бараніў сваю тэрыторыю. I ўсё ж, што штурхнула яго прыпільнаваць чалавека ў будачцы і трымаць яго там, на марозе?

Сам, сваім розумам дайшоў? Тады, выходзіць, да рангу надзеленых здольнасцю мысліць трэба далічыць і сабак.



ПАДКОПЫ. ДЗІК ВінАВАТЫ

Мы асцерагаліся выпускаць гуляць яго аднаго. Баяліся. Больш крыўды для яго, чым ад яго. Без дай прычыны напасці на чалавека ён не мог, нават калі хто-небудзь чапляўся ці падражніваўся, у такіх выпадках ён саступаў дарогу, адыходзіў убок, папярэдзіўшы, аднак, сваім выглядам: лепей не заводзься.

Вельмі стрымана паводзіўся Дзік і ў адносінах да сваіх незнаёмых сваякоў, бойкі з імі не распачынаў, рост і дужасць дазвалялі яму глядзець на іх паблажліва, зверху ўніз. Праўда, тут часамі адбываліся абнюхванні, узаемныя вітанні рухам хваста і, калі знаёмства прымалася, акрэпліванне якога-небудзь слупка або плоціка.

Іншая справа — з птушкамі. На вуліцы іх было поўна — з кожнага двара высыпалі чародкамі, перавальваючыся, скублі траву каля тратуараў качкі, а на праезджай частцы грэбліся ў пяску куры, узляталі са страшэнным крыкам з-пад колаў выпадковых машын і зноў праз колькі хвілін вярталіся назад здабываць якое зернетка ці чарвяка.

Тут вытрымка здраджвала Дзіку. Як не пужнуць сакатух на дарозе, не брахнуць на рызыканта-пеўня, які, ззяючы залатым пер'ем, грозна ўгінаў галаву, рыхтуючыся грудзьмі сустрэць небяспеку для сваіх сябровак. Аднак і тут усё канчалася без ніякіх страт.

Гуляў Дзік пераважна ў сваім двары: хапала прасторы, агароджа надзейная і даволі высокая — не пераскочыш надта. I тым не менш сабака пачаў знікаць.

Амаль на кожнай сядзібе нашай ускраіны абзываўся свой сабачы голас. Вартаўнікі з іх былі неблагія і брахалі на кожны крок з-за сваіх платоў і брамак. Асабліва стараліся яны ноччу, здаралася, што некалькі кварталаў цябе сустракаў і праводзіў няўпынны галас.

Тут і хавалася неадольная спакуса для нашага сабакі: хацелася ці працягнуць якое-колечы знаёмства з таварышам па службе, ці пачаць новае.

I Дзік знікаў з двара. Выпусціш з сенечак і амаль адразу ж ідзеш паглядзець,— ужо і следу няма. Вароты і брамкі пазачыняны на завалы і засаўкі, а сабака быццам выпарыўся.

Як жа і калі ён дастаецца дамоў? Я вырашыў падсачыць. Апрануўся цяплей і чакаў на дварэ. Стаяць і хадзіць давялося болын за гадзіну. Свяціла поўня, двор праглядаўся навылёт. Нарэшце, у адным кутку агароджы, ад суседняга саду, пачала варушыцца зямля. У выграбенай адтуліне з'явіліся лапы, потым — галава, і вось ён увесь!

Сабака даволі ахайна абтросся і быў гатовы ўжо бегчы пад дзверы прасіць, каб пусцілі, як заўважыў ці знюхаў мяне. I не пабег, а пасунуўся насустрач, вінаваты, рахманенькі.

— Дзе ты быў, валацуга! Хто дазволіў? Сабака лёг, падпоўз пад самыя ногі, глядзеў, не падымаючы галавы: рабі, маўляў, што хочаш, але даруй! Усё перацёрплю, не сварыся толькі.

— Глядзі, дастукаешся ты ў мяне! Абяцанне гэта спадабалася не вельмі, сабаку

яно было знаёма, хоць ніякай знявагай ці абразай ніколі не канчалася. Зараз ён не адчуваў сур'ёзнай пагрозы ў голасе і тут жа палез абдымацца.

Падкоп засыпалі: увалілі ў яму некалькі цяжкіх камянёў і прытрамбавалі. Памаглося гэта, праўду сказаць, ненадоўга: сабака пачаў зноў знікаць, здаравенным лапішчам нічога не каштавала выграбці новую нару. 3 кожным наступным пралазам рабілі тое самае, што і з першым, завальвалі. А сабаку, добра прабраўшы, пачалі выводзіць на павадку.

Дзік пагадзіўся з горкім сваім лёсам: наняўся на работу, дык служы верна, выконвай, калі загадваюць. I з двара самавольна як быццам не адыходзіўся.

Аднойчы ж зноў знік. I ледзь не дастукаўся, нарабіў бяды. Прачакаўшы сабаку за поўнач, я хацеў ужо класціся спаць. Пагасіў святло і ўсё ж такі яшчэ раз зірнуў праз акно. На бурачнай градцы ляжаў Дзік і ці то з нечым гуляў, ці шкуматаў зубамі гэтае нешта.

Загледзеўшы мяне на ганку, сабака не толькі не спыніў свае забавы, а нават, здалося мне, узяўся гуляць яшчэ заложней.

— Кінь! Пайшоў у хату.

Я прыгледзеўся: сабака рваў ладны кавалак каровінай скуры! Дзе было падхапіць? Знайшоў на сметнішчы падлу і адлупіў кавалак? Не мог жа ён парваць жывую карову, бо пры сустрэчах са статкам выказваў рагулям самую непадробную пашану.

Тады што? Успомнілася. Пераказвалі знаёмыя, нібы на Гарбарным заводзе пачаліся дзівосы. Вялікі, падобны да ваўка сабака, пераплываў рэчку, выцягваў адну з распяленых перад вырабам скур і бухаўся з ёю ў ваду. Вартаўнікі колькі разоў стралялі і не ўцэлілі.

Няўжо Дзік? Я дакрануўся да спіны: мокры! Відаць, ён?

— Бяры гэта паскудства. I вынось адсюль. Сабака пакорна падняў уваляныя ў зямлю шкуматы і нёс за мною аж да чыгуначнага пераезда, кіламетры за два, каб загрэбці ў яміне пад шлакам. Пасля панура пацягнуўся ззаду, нават не паспрабаваў звярнуць на сябе ўвагу, пабегчы поруч ці падскочыць.

Вінаваты, значыць, вінаваты, цярпі.

Спусціліся да рэчкі, супраць гарбарнага завода. Я стаў прыкладна ў тым месцы, адкуль Дзік мог плаваць на раздабыткі скуры.

Ён занепакоена глядзеў на мяне.

— Ну, можа, скочыш і мне з адну скурку ўкрадзеш? Баішся? Ну, усё роўна, лезь у ваду.

Я трохі спаласкаў яму морду і лапы. Заставацца тут далей было небяспечна: сабаку маглі згледзець вартаўнікі і пазнаць у ім злодзея.

У доме трывожыліся, гарэла святло. Гаспадыня з Наташай сустрэлі нас на парозе кухні. Выслухаўшы, што адбылося, яны ўзяліся грэць ваду. Налілі ў ацынкаваныя ночвы і паказалі лезці туды сабаку. Ён быў відавочна не супраць, бо заўсёды любіў мыцца, як і ўсе ў доме, перад нядзеляй.

Аднак надзей, што ўсё абышлося, у яго, відаць, не ўзнікала. Мылі і апалосквалі яму поўсць моўчкі, без звычайных ласкавых зваротаў: «Падымі ножку!», «Давай намылю вуха!».

3 тае начы сабаку быў абвешчаны байкот маўчання. На яго не звярталі ніякай увагі, быццам ён перастаў існаваць. 3 ім не размаўлялі. Моўчкі, на павадку, выводзілі на хвілінку і зараз жа — назад. Моўчкі налівалі ў міску есці, не пачуўшы абвыклага запрашэння: «Еш!», сабака адварочваўся і клаўся на падсцілку галодны.

Была ўзнікла нават думка: аддаць яго куды ў вёску ці ў другія рукі. А каму? Ды як разлучацца, блізка пяці год пражыўшы поруч з істотай, вельмі слухмянаю і адданай.

Лёс Дзіка вырашыў Алік. Ён таксама падтрымліваў наша байкатаванне, аднак забягаў хоць зірнуць на свайго прыяцеля. Ен пачуў аднойчы, як мы меркавалі, маўляў, трэба пазбаўляцца ад сабакі. Хлопчык спахмурнеў і зрабіўся такі, самы няшчасны, як і той, што нерухома ўздыхаў у сваім закутку.

— Тады я забяру яго! — раптам выгукнуў Алік.— А вы будзеце да нас прыходзіць, пабачыцца.

Мы вельмі дружна засмяяліся. Алікава адданасць сяброўству і рашучасць прытуліць бесхацінца,— перавышалі магчымасці: бацькі чакалі кватэры, і сям'я пакуль жыла ў сціску.

Сабака, мусіць, адчуў у нашым смеху палёгку да сябе. Падышоў да мяне, стаў не ўсутыч, а за крок, чакаў.

— Ідзі, ідзі сюды, валацуга! — Сабакава морда ўмомант апынулася ў мяне на калене.— Толькі грошы за ўкрадзенае дабро на завод сам панясеш. Хай табе там брыдка зробяць.

Узрадаваны Алік пачаў тлумачыць, што і сярод сабак сустракаюцца злодзеі і ашуканцы:

— Але Дзік прыстойны хлопец. Ён зрабіў гэта не наўмысна.

Пасля ён павярнуўся да мяне і напрасткі, з усёй адкрытасцю малалетняга, дадаў:

— Сабаку трэба карміць. Дзік, відаць, хацеў есці, калі палез не па сваё. Нашто яму тая скура?

Абвінавачванне было сур'ёзнае, аднак мы ўсе ведалі, што перад вандроўкай за раку Дзік павячэраў, вячэру далі з дзвюх страў: поліўку і чарпак кашы.

Сапраўды, што ж яго пацягнула пераплываць раку? Напэўна, смачна патыхала адтуль, скуры чакалі апрацоўкі, дрэнна выскрабеныя, з прысохлымі кавалачкамі тлушчу. Вось і не адолеў поклічу бадзяжнай крыві.

Я не мог сказаць Аліку нічога пэўнага, не чакаў адказу і ад Дзіка.

Так і застаўся гэты сабачы грэх невысветленым. Трохі пазней Лявон і Алік знайшлі апошні пралаз, праз які сабака ўцякаў з дому. Каля вераі ў варотах нашага двара была нямоцна прыбітая дошчачка, яна лёгка адсоўвалася. Сабака агледзеў і знікаў, пакуль, як кажуць, не быў злоўлены на гарачым.

ДРУЖБА 3 ДЗЕЦЬМІ.

ДЗІК ДАПАМАГАЕ ПА ДОМУ.

ПАВАГА ДА СТАРЭЙШЫХ.

КАНФУЗ 3 ЧОРЦІКАМ

Дзік быў улюбёнец дзіцячай вуліцы, шырэй сказаўшы, усяго дзіцячага насельніцтва нашай незабрукаванай тады, размытай дажджамі ўскраіны.

Варта было яму паказацца на вуліцы, як набягала поўным-поўна дзяцей. Яны прыбывалі па адным і кучкамі, узяўшыся за рукі. 3 усіх бакоў чулася:

— Дзік! Дзік!

А шапялявы Міцька, каго ён асабліва вылучаў сярод дзяцей, крычаў:

— Дзіт! Дзіток! — гук «к» у яго не паддаваўся да вымаўлення.

Паабапал Дзікавай сцежкі да водаразборнай калонкі стварыўся гаманкі строй дзяцей, нібыта на парадзе. I адусюль цягнуліся рукі: якое шчасце пагладзіць такога вялікага сабаку ці хоць дакрануцца да яго поўсці.

Дзік не заставаўся безудзельным: каму тыцкаў носам у працягнутую руку, каму віляў, а каму дзякаваў языком у нос ці шчаку.

Шапяляваму Міцьку, ён быў ніжэйшы, пападала найболын пацалункаў у лоб, і ён з гонарам затуляў далонькай ушанаванае сабакам месца:

— Мяне сюды лізнуў!

— А мне ўсю шчаку абмыў! — задаваўся рабенькі Петрык, не зважаючы на Дзікаву нетактоўнасць да ягонага бацькі.

Тым часам Дзік кіраваўся цераз вуліцу да калонкі. Гэта была яго служба і пачэсны абавязак: суправаджаць і ахоўваць каго-небудзь з нас, хто ішоў набраць вады. Гэтай праходкі ён чакаў з нецярплівасцю. Калі бразгалі вёдрамі з кухні, сабака падбіраўся — увесь увага і зрыхтаванасць. Стаяў каля ўваходных дзвярэй, нецярплівіўся, паскробваў філёнку лапай, але без запрашэння «Пайшлі па ваду!» з месца не саступаў. I вельмі засмучаўся, калі такога запрашэння, паводле якой-небудзь прычыны, не атрымліваў.

У двары, дзе стаяла калонка, жыў танканогі чорненькі сабачка Чорцік. Дзік не любіў сустракацца з ім, гурчаў і натапырваўся. Тут адбываўся канфуз, праз які сабаку было сорамна і перад гаспадарамі, і перад дзецьмі.

Павялося гэта ад тых дзён, калі ён толькі з'явіўся ў нас малалеткам, шчанюком. Чорцік быў старэйшы, праз сваю драбнату меў кепскі характар, занадта задзірысты.

Аднойчы ў прысутнасці Гаспадыні ён зрабіў напад на шчанюка. Патузаў за вушы і, галоўнае, прымусіў перацёрпець страшэннае паніжэнне, абваліў на зямлю і перавярнуў са скрыжаванымі лапамі. Гэта пастава выяўляла поўную пакору, і звычайна, прыняўшы яе, можна было ўжо не апасацца зубоў — ляжачых сабакі не рвуць.

Гаспадыня вызваліла шчанюка, узліла на Чорціка паўвядра вады. Малы, атросшыся, угнуў хвост і цішком падаўся за ёю.

Ад таго прыкрага здарэння мінулася больш за паўгода. Дзік ператварыўся ў дужага і сме-лага сабаку, вясёлы і бесклапотны, «хадзіў па ваду», прымаючы дзіцячыя захапленні і пры-вітанні. А пры з'яўленні Чорціка ўмомант вя-нуў і клаўся лапамі ўгору на спіну.

Гэта было смешна: дробненькі Чорцік падыходзіў, гыркаў і наступаў на ўдвая болыпага і дужэйшага за яго пса. Пасля адыходзіўся да сваёй будачкі і адтуль назіраў, каб пераможаны не паварушыўся.

Дзеці абураліся на Чорціка, сарамацілі Дзіка, аднак пры іхніх сустрэчах нязменна адбывалася ганебная для Дзіка працэдура.

Алік абурыўся на Дзіка. Аднойчы мы ўтраіх пайшлі па ваду, Алік не то каб дапамагчы, а пазадавацца перад суседзямі-аднагодкамі сваім панібрацкім абыходжаннем з сабакам: Дзік дазваляў яму цягаць сябе за вушы і нават за хвост.

Мы прыйшлі на панадворак з калонкаю. Не замарудзіўшы з'явіўся Чорцік і вызверыўся на нашага сабаку. Дзік прысеў і пачаў падгінаць лапы, нібыта станавіўся на калені, як даўнейшы князь, прывёзшы ясак магутнаму хану.

— I ты церпіш? — з дакорам прамовіў Алік.— Не можаш яго турнуць? Турні Чорціка!

Запаветнае слова, пасля якога Дзік распраўляўся з катом Хамою, спрацавала. Дзік скочыў, ударыў крыўдзіцеля грудзінаю. Чорцік перакуліўся дагары чэраўцам і завішчаў, а Дзік прыціснуў яго лапамі.

Натоўп прысутных пры сутычцы хлапчанят крычаў, заходзіўся з рогату. Аўтарытэт Аліка падняўся на недасягальную вышыню, усе малыя радаваліся. Не так Дзікаву вызваленню ад ганьбы і знявагі, як уціхаміранню Чорціка. Ён быў зласлівы, дзіцячай ласкі не прымаў, мог спадцішка хапіць за портачкі ці цапнуць за лытку.



ДЗІК — АХОУНІК ХАТНІХ. АДНОСІНЫ ДА ЛЮДЗЕЙ. ВЫПАДАК 3 ЦЕЦЯЙ УЛАДЗЯЙ

Пра Дзікаву кемлівасць пачалі складацца легенды. Раслі яны на сапраўдным грунце, тое ці іншае здарэнне пераказвалася так, як было на справе, потым жа паступова расквечвалася больш-менш удала прыдуманымі падрабязнасцямі.

Асабліва шырока перадавалася адна гісторыя. Дзея адбывалася каля той самай калонкі. Дзік праводзіў туды Гаспадыню, яна была ў прасторным і даўгім, як насілі ў тыя гады, халаце са штапелю з кветкамі на блакітным полі.

Петрык кінуў гуляць у «фанцікі» і войкнуў: — Якое ў вас аграмаднае плацце! — I, паслюніўшы палец, хацеў дакрануцца да крыса.

Дзік быў напагатове: ён лёгенька ўзяў Петрыка за рукаў і адвёў далей.

Петрыкавы сябры на момант знямелі ад здзіўлення.

— Во розум! — першы азваўся сам Петрык.

— А нашто чапаеш? — зашапялявіў Міцька.— Ён і ўкусіць меў права.

Дзік стаяў паміж малымі і Гаспадыняй і строіў добразычлівую ўсмешку.

Нам гэты спосаб бараніць сваіх быў не ў навіну. Жылося ў першыя гады па вайне не вельмі заможна, аднак дзверы нашай хаціны не зачыняліся за людзьмі. Мы мала калі садзіліся за стол толькі сваёй сям'ёю, заўсёды нехта гасцяваў.

Дзік беспамылкова вылучаў у гасціннай талацэ асоб яму прыемных. Магчыма, здагадваўся па вітаннях і тоне гаспадароў, што за чалавек з'явіўся ў дом.

Паводле якіх адзнак адрозніваў ён непрыемных, сказаць цяжка, зачэпкі да гэтага ў голасе ці ў абыходжанні з прышлым чалавекам ніхто з нас яму не даваў. Хутчэй — ён падказваў нам, як трымацца з людзьмі: калі глядзіць на незнаёмага скосу,— прыкмячай і ты, ад гэтага спагадай не патыхае.

Адным словам, для кожнага госця была свая доля ўвагі і ветлівасці. Больш сталых і таму лепш знаёмых яму сустракаў даволі працяглым павільваннем хваста, вёў да вешалкі, адно што не выдаваў нумаркі, як робіцца ў гардэробе.

Для другой катэгорыі гасцей ці таварышаў па рабоце, якія забягалі перакінуцца словам пра якую-небудзь справу,— хвост матляўся толькі раз: управа ці ўлева. Былі і такія наведвальнікі, каго сабака як быццам не заўважаў: моўчкі ўпускаў, маўляў, ідзі, калі прывалокся, толькі глядзі, каб трымаўся па-людску.

Непрыхільнасць выяўлялася ў адзіночным «гаў!» на прыйшоўшага. Такім чынам гаспадары папярэджваліся, што прыйшоў нехта невядомы ці знаёмы, але такі, што не надта па душы.

Пра яшчэ больш непажаданых асоб спавяшчаў працяглы брэх, сабака сціхаў толькі пасля загаду: «Даволі!» Тады даваў дарогу ў пакоі.

А вось аднаго тоўсценькага газетчыка, даволі-такі бяскрыўднага чалавека, чамусьці незалюбіў: стаяў у дзвярах, растапырыўшы лапы, і шчэрыўся. Той з'явіўся, каб адзначыць разам нейкую дату, з туга напакаваным партфелем, сабака не мог не ўнюхаць, што адтуль патыхае прысмакамі, што не так часта вадзіліся ў доме. Аднак ён не сыходзіў з парога і злосна гаўкаў. Загаду сціхнуць не выконваў, давялося ўзяць за нашыйнік і прымкнуць на верандзе.

На мяне глядзелі з нямой просьбай слаўныя карыя вочы: «Што ты робіш? Дазволь быць каля цябе. Калі што якое, я пакажу яму пачым фунт ліха».

Наведвальнік, праўду сказаць, прынёс не вельмі ўцехі гаспадарам. Калі яго вынесла за дзверы, Дзік з настаўленым хібам абнюхаў крэсла, на якім той сядзеў, і агледзеў усе закуткі ў пакоях,— ці не прыхаваўся дзе.

Як бы адчуўшы, што яго разумеюць не толькі людзі, госць больш не з'яўляўся.

Другі падобны чалавечына прыходзіў да нас амаль кожны дзень, а сабака ніяк не хацеў пагадзіцца: не брахаў, а пільнаваў выпадку схапіць за порткі. Рваў на ўваходзе і на выхадзе кожны раз. Мы не маглі надзівіцца: што за ліха? Што сабака меў падставы для варожасці, высветлілася многа пазней — чалавек той многа зрабіў кепскага. I нам і людзям.

Незабыўная цёця Уладзя, Уладзіслава Францаўна Луцэвіч, часта бывала ў доме. Пагаварыць, параіцца. А ў свята прыходзіла сумысля раней, каб чым-небудзь дапамагчы. Скорая на словы і дзеянні, гэта жанчына і хвіліны не магла пасядзець з пустымі рукамі.

— Давайце я вам пельменяў нараблю! — падручылася яна аднойчы перад вячэрай.

I завінулася. Нікога не падпусціла ні круціць мяса, ні мясіць цеста, ні абіраць цыбулю. Усё так і гарэла ў яе руках. За нейкія паўгадзіны кухонныя сталы ўкрыліся далікатна нарэзанымі шклянкай кружочкамі цеста. У іх імгненна ўверталіся камячкі мяса, наўкол фастрыгавалася шво, акуратна, як з-пад машынкі. Чыстая кветка! Іначай не скажаш на такі пельмень.

За час кухаварання цёця Уладзя паспела расказаць, як справа са збіраннем экспанатаў у Купалаў музей, што чуваць у Вільнюсе, якія навіны ў Акадэміі навук. Ды яшчэ ўспамянуць безліч смешных выпадкаў з даўняга і нядаўняга і перасыпаць размову прымаўкамі, а то і праспяваць прыпеўку. Спяваць яна любіла, падабала «Марш ваенных карэспандэнтаў» і беларускую «Ой, чуць, маці, чуць».

Першы раз Дзік прыняў госцю з асцярогаю. Яе з'яўленне парушала некалькі абвыклую цішыню, прынамсі тэмп жыцця многа паскараўся. Сабака не мог уразумець, добра гэта ці дрэнна, якую лінію паводзін трэба трымаць яму.

Але бачыў: усе хатнія весялелі пры госці, выказвалі да яе павагу і пашану, значыць, трэба было падстройвацца пад гаспадароў.

Аднак хуткая мова, гучны смех, асабліва актыўная жэстыкуляцыя госці непакоілі. Дзік не адыходзіўся ад яе і, калі па-ягонаму, цётчыны рухі рабіліся занадта рэзкія, уставаў і прытрымліваў, цягнуў уніз якую-небудзь руку.

— Адкасніся ты! — кожны раз палохалася цёця Уладзя. Доўга, аднак, стрымлівацца не магла, зноў жвавелі рухі, галаснела мова, а сабака сядзеў пры ёй, каб не было якога парушэння парадку.

— Прымкніце дзе гэтага д'ябла! — ахамяналася цёця Уладзя.— Глядзіць, нібыта ўсе мае думкі чытае... А потым разбрэша па ўсім свеце.

Мы запэўнялі, што наш сабака нічога не разбрэша, колькі ні чуе размоў, а ён пры ўсіх прысутнічае — нясе службу.

Часамі ў нас збіралася святочная кампанія. Дзік нерваваўся. Ад стала не адступаўся, дакладней, пільнаваўся мае нагі, ежы не браў і не прасіў — не дазваляла прыроднае далікацтва.

Варта было бяседзе павесялець, заспрачацца, даводзячы, чыя праўда, замахаць рукамі, Дзік браўся за выкананне службовых абавязкаў. Падыходзіў да найбольш гарачага прамоўцы і некалькі хвілін уважліва глядзеў на яго. Калі гэта не дапамагала, стукаў лапаю па калене, папярэджваў: ахаладай! А як і такога па-пярэджання было мала, сабака браў госця за паднятую руку і адгінаў уніз: зразумеў! Супакойся!

Гэты сабачы захад прыносіў разрадку ў дыялог. Людзі смяяліся, гаварылі цішэй, пакуль хто-небудзь не дадаваў гарачага ў размову.

У дзень нараджэння Гаспадыні віншавальнікі, паводле старога звычаю, дзякавалі ёй, цалавалі ў руку. Сабака стаяў і непакоіўся: каб не ўчынілі чаго кепскага. І ўсё ж цярпеў. Пакуль не падышоў дзякаваць стары паважаны музыка. Тут сабака страціў вытрымку: ну, гэты ў барадзе і вусах абавязкова ўкусіць. Падскочыў, схапіў спалоханага госця за рукаў і адвёў убок.

1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка