Лужанін Максім Добры хлопец Дзік што ж за ён быў, той хлопец?




старонка6/6
Дата канвертавання02.04.2017
Памер1.02 Mb.
1   2   3   4   5   6

ДЗІК АДБІРАЕ АЛАДКУ.

ЯК ЁН НЕ ПУСКАЕ МЯНЕ Ў ДАРОГУ.

ДЗІК ГАВОРЫЦЬ ПА ТЭЛЕФОНЕ

Мы часта гаварылі пра тое, што заўважыла цёця Уладзя: ён мае думкі чытае. Як мог Дзік угадваць з паўслова, што яму трэба зрабіць, дазнаваўся адкуль, што будзе рабіцца ў доме, можа, хто мае прыйсці, калі каго з хатніх спатрэбіцца правесці ў магазін ці на пошту. А разуменне ім зваротаў да сябе часам смяшыла, часам палохала.

Вярнуўшыся са школы, Іна ведала: яе чакаюць некалькі гарачых аладачак, першае падмацаванне, пакуль усе збяруцца на абед. Пачаставала была кавалачкам таго прысмака Дзіка, і ен упадабаў. Дзяўчынка бралася за полуднік, а ён сядзеў поруч і прасіў падзяліцца.

Прасіў літаральна, чаго не дазваляў сабе, калі сядалі есці дарослыя і госці. А тут неадрыўна глядзеў малой у вочы, нават пачэпваў спаднічку лапаю.

Аднойчы яна села за стол і ўткнулася ў цікавую кніжку, адсунула талерачку з аладкамі і толькі часам адшчыквала пакрысе.

Дзік заняў просьбіцкую паставу каля яе крэсла. Глядзеў, глядзеў і без карысці. Іна нічога не бачыла, акрамя свае кніжкі.

Сабака ўстаў, перайшоў пакой і стаў каля канапы, дзе я праглядаў газеты. Хвост у яго пакрыўджана варушыўся, вочы глядзелі з дакорам то на мяне, то на нядбалую дзяўчынку. Паніжаны выгляд яго нібыта падказваў мне: ну, хоць ты абзавіся, што я на свеце ёсць. I чакаю.

— Што, не частуе?

Каб ён мог гаварыць, дык, напэўна б, сказаў: «Так».

— А ты добра прасіў?

Умольная морда і шпарчэйшае вілянне хвастом як бы пацвердзілі: «Аж занадта добра».

— А ты пайдзі яшчэ папрасі.

Дзік імгненна падаўся і зноў ператварыўся ў просьбіта. Пасядзеўшы, штурхнуў Іну носам у калена.

Я паўзверх старонкі наглядаў, што будзе далей. Сабака вярнуўся да мяне з яшчэ болып настойлівай просьбай памагчы. Паглядаў на мяне, потым паварочваў морду на аладкі, нібы паказваў, чаго яму жадаецца і ў чым яму так несправядліва адмаўляюць.

Іна тым часам зразумела ўсё і ўключылася ў гульню. Павольна са смакам мачала блінцы ў смятану і ела, падражніваючыся. Адразала кавалак і падымала ўгару, нібыта збіралася падзяліцца з Дзікам. I раптам адсоўвала руку, ела сама.

Дзік устаў і, не вільнуўшы ёй хвастом, прыйшоў да мяне з крыўдай.

— Ну, што? Не дае? Дык ты вазьмі сам. Усё астатняе адбылося ў адзін момант: падскок, лапы на стол, талерачка з аладкамі была не толькі падчышчана, але і вылізана.

Здаволеная морда пасміхнулася, а Іна заплакала. Не так шкада было свае страты, як спалохалася.

Давялося супакойваць, асушваць слёзы цукеркай. Дзік падаўся на сваю падсцілку і ляжаў ціхенька, ці не пачуваў сябе вінаватым.

Мы сталі асцерагацца. Стараліся не ўжываць сказаў, што маглі быць успрыняты сабакам як просьба ці загад і выкананы ў шкоду каму-небудзь. I чым далей жыў ён у нас, тым больш і хутчэй мы разумелі адзін аднаго.

Дзік страшэнна не любіў, калі я выязджаў з дому. А гэта здаралася даволі часта: то паклічуць на радзіму землякі, то захочацца зірнуць на асушанае Палессе, то з'явіцца патрэба з'ездзіць у Маскву.

За некалькі дзён да выезду сабака пачынаў відавочна засмучацца. Хадзіў за мною лапа ў лапу, праводзіў на работу да брамкі і тут жа сустракаў. Ад дому далёка не адбягаўся, хіба што суправаджаў Наташу ў двор па ваду ці па хлеб.

Калі я ішоў працаваць у свой пакой, ён клаўся на парозе, і ўжо туды ніхто і кроку не ступі. Выключэнне рабілася толькі для Гаспадыні. Дый то пасля належнага ўшчунку: «Адсунься, дурань! Не з'ем я твайго гаспадара, толькі кнігу вазьму!»

Сабака неахвотна даваў дарогу і зараз жа прымаў старое становішча: морда і пярэднія лапы ўпіраліся ў адзін вушак, а заднія і хвост — у другі: ходу няма. Ноччу для большай пэўнасці, што ўпільнуе, ціхенька перабіраўся да мяне на тахту, асцярожна скручваўся ў нагах: падрабляўся пад ката, таму часамі пазвалялася спаць на ложку.

Самыя галоўныя хваляванні і турботы ў яго пачыналіся, калі перад самым ад'ездам я развітваўся з усімі.

Адвітанне: «Бывай, Дзік!» — літаральна кроіла яму сэрца. Ён млява падаваў лапу, журботна ўздыхаў, глядзеў убок. А пры ўваходных дзвярах нібыта ўрастаў у падлогу, не пускаў. Калі ж удавалася выслізнуць услед самому, не даваў сесці ў машыну, хапаў зубамі за рукавы і крыссе.

Каб пашанаваць сабачыя нервы, Дзіка пачалі выводзіць куды-небудзь далекавата, пакуль не паеду. Праўда, вярнуўшыся, ён адразу ж хапаўся выяўляць прапажу. Добра і ўважліва аглядаў мой пакой, абнюхваў тэраску, дзе я трымаў старыя кнігі, тады пагаджаўся з лёсам. Чакаў.

Што ж, гэта ўласціва ўсім хатнім сабакам. А вось як ён выяўляў, што збіраюся ехаць? Прадчуваў? Ці надзелены жывёлы такімі якасцямі?

Мы меркавалі па-рознаму. Хутчэй за ўсё ён прыкмячаў, што ў доме пачынаюцца зборы. Дасталі з шафы і абцерлі пыл з чамадана. Напрасавалі і наскладалі туды хустачак і кашуль. Вось адразу дзве прыкметы, а гэтага зусім даволі для пільнага вока.

Чуласць да разумення слоў сабака даводзіў неаднойчы. Магло і тут так быць: слухаў, як па тэлефоне гаварылі: «Што, не паедзеш?» — «Паеду».— «А калі ад'езд?» I матаў на вус, запамінаў...

Я быў забавіўся ў Маскве даволі надоўга, і калі справы браліся пад канец, пазваніў дамоў.

Гаспадыня размаўляла са мной, седзячы пры адчыненым акне.

— Вось і Дзік цябе кліча,— сказала яна,— ён каля мяне. Мусіць, трохі твой голас чуе...

— А дай яму трубку! — Калі трубка была прыціснута да сабачага вуха, я перш за ўсе павітаўся.

--Здароў, Дзічок! Трубка ласкава скавытнула.

— Слухай, Дзік! Бяжы сюды, хутчэй! Сабака гаўкнуў і тае ж хвіліны выскачыў

праз акно. Прабегся па гародзе і вярнуўся да Гаспадыні зніякавелы і збянтэжаны. Куды ж бегчы, дзе яго знайсці? Ён аглядаўся наўкол і павіскваў.

— Не знайшоў? — спытала Гаспадыня.— Нічога, зараз з'явіцца.

Яна расказвала пасля: сабака доўга не мог супакоіцца, відаць, адчуў немагчымасць пераадолець прастору.

ЛЯВОН ДРЭСІРОУШЧЫК. ДЗІК УМЕЕ КУРЫЦЬ. ДЗІК ЛЕКАР

Сярод службовых і сяброўскіх даручэнняў, якія былі на абавязку Дзіка ў нашай сям'і, далёка не ўсе былі прыемныя яму. Але ён выконваў. Трэба было толькі ласкава звярнуцца, сказаць: «Прашу!», а калі гэта не дапаможа, дык дадаць яшчэ ласкавей: «Вельмі прашу!» I сабака ўважаў просьбу: абавязак ёсць абавязак, які б ні цяжкі ён быў для выканання.

Прыемна, скажам кінуцца з разгону ў рэчку і плысці, каб хвост калыхаўся над вадою, як ветразь.

Але асалода акунуцца ў рачную прахалоду адкрылася яму не адразу, а першае купанне здалося нават страшнаватым.

Неяк улетку мы паехалі на возера, ледзь не цэлым дваром, колькі ўлезла ў рэдакцыйную палутарку. На беразе, не марудзячы, параспраналіся і боўталіся ў ваду адно перад другім, каб як мага хутчэй выбрацца на глыбокае.

Дзік, шчанюк да года, быў ашаламонены: як можна, што вы робіце?! Ён бегаў па беразе, стараўся стаць кожнаму насупраць, не пускаў і гаўкаў, папярэджваючы: гэта ж небяспечна!

Нарэшце, пабачыўшы, што гаўканнем бяды не адхіліш, наважыў ратаваць неразумных дзівакоў. Ускочыў у ваду і спалохаўся: лапы не дасталі дна! Але тут жа, паводле няпісаных законаў, выпрацаваных ягонымі продкамі, паплыў і сам.

Што ж, калі так, трэба выганяць іх адсюль. Падплыў да Гаспадыні, хапаў за рукі, за купальнік, цягнуў на бераг. Яна сказала «дурань!» і адмахнулася. Не даўся ратавацца і Гаспадар. Алік быў зрабіў рух вылезці і перадумаў.

Канец марным намаганням ратавальніка па-клаў Лявон.

— Без карысці стараешся, Дзік, хутка не вылезуць,— сказаў ён, палашчыўшы сабаку.— Зараз будзе і табе занятак.

Знайшоў выгладжаны хвалямі сухісук і, даўшы Дзіку панюхаць, шпурлянуў яго метраў за пяць над купальшчыкамі.

— Плыві! I прынясі сюды!

Дзік паглядзеў на сур'ёзны твар выпадковага дрэсіроўшчыка і зразумеў. Сук быў дастаўлены Лявону, а той, няўдзячны, зашпурнуў яго яшчэ далей. I гэта заданне было адолена.

Выпрабаваць Дзіка ў новым умельстве захацелася ўсім. I ён без перадыху плаваў і прыносіў, што ні закідвалася ў ваду.

Гэта была першая ў ягоным жыцці падноска. 3 таго часу, калі здаралася апынуцца пры вадзе, Дзік заглядаў у вочы, прасіў, здавалася, пашлі мяне па што, добра сплаваю.

З'яўленне ў хаце доктара заўсёды трывожыла Дзіка. Ён запомніў, што аднойчы пасля такіх адведзін Гаспадар знік ледзь не два тыдні за бальнічнымі дзвярыма. Часамі дактары змушалі яго не ўставаць з ложка, а гэта пазбаўляла прыемнасці пабегчы з ім за горад, пагойсаць па хмызняках і пагрэбціся на пожнях, дзе ў све-жых норках унюхваліся краты і мышы.

Ягачэ болыл не любіў лячыцца сам. Калі яго прыводзілі на чарговы агляд у ветэрынарную лячэбніцу, сабака ўпіраўся ўсімі чатырма, не хацеў заходзіць у памяшканне. Яму рабілі вы-ключэнне — аглядалі на дварэ. А прыняць адно лякарства не мог угаварыць ні фельчар у злінялай гімнасцёрцы, вельмі ўмелы ў абыходжанні з жывёламі чалавек, не ўпрасіў і Гаспадар.

— Бярыце дамоў, можа, як ашукаеце, падмяшаеце ў страву,— сказаў, даючы бутэлечку з лекамі, фельчар.

Дома таксама не дайшлі да добрай згоды. Ад поліўкі з падмешанымі лекамі сабака пагардліва адвярнуўся.

Не дапамагла і просьба.

— Еш, кажу табе!

Сабака стаяў над міскай, не нахіляючы галавы, непахісны ў прынятым рашэнні. Пад вечар Гаспадыня надумалася:

— Буду прасіць. Быць не можа, паслухае. Выліла рэшту лекаў у кубак, паклікала сабаку, прылашчыла:

— Выпі, Дзічок, прашу!

Сабака не зварухнуўся, схаваў морду ў мяне пад пінжаком.

— Вельмі прашу, сабачка, глыні, і ўсё. Давялося расшчапіць моцна стуленую пашчу,тым часам просьбы рабіліся ўсё болын ласкавыя:

— Вельмі прашу, зрабі гэта. Чуеш?

Я паклаў у пашчу руку, каб выпадкам не стулілася, Гаспадыня нахіліла шклянку з лекамі, стала ліць, сабака заплюшчыў вочы і глынуў. Поўную шклянку касторкі.

Далі хутчэй на заедку кавалачак каўбасы, сабака прыняў, але пазіраў на нас з дакорам.

«А вы самі каштавалі калі-небудзь такую брыду? — гаварыў яго позірк.— Каб паспыталі хоць раз, дык не змушалі б на гэта вашага сябра».

Так, добра папрасіўшы, ад яго можна было чакаць якой захочаш паслугі.

Часамі госці, заседзеўшыся, многа і густа курылі. Гаспадыня сплясквала рукамі, адчыняла форткі:

— Божухна, колькі курцоў у нас сёння! Зачуўшы гэтыя словы, Дзік падаваўся куды-небудзь у зацішнейшы куток, каб не трапляць на вочы.

— Чаму вы толькі нас за курцоў лічыце? — звычайна пытаўся хто-небудзь з гасцей.— У вас жа і сваіх стае.

— Вось ужо і хапае! — крыўдзілася Наташа — яна набыла гэту дрэнную звычку, цяжка жывучы і чорную работу робячы пры немцах у час акупацыі горада.— Мяне можна было б і не лічыць.

— Вы ж забылі, цёця Наташа, что і Дзік курыць,— абзываўся наш заўсёдны госць Алік. Яму нецярплівілася пахваліцца перад прысутнымі майстэрствам нашага сабакі. Даводзілася даканчваць гульню:

— А дзе гэта падзеўся наш мілы сабачка? Алік, ты не бачыў?

— Тут, тут,— Алік не хаваў задавальнення ад асалоды пачуць пахвалы свайму ўлюбёнцу.

— Дзік, дзе ты? Ідзі сюды!

Сабака з'яўляецца на святло, але трымаецца ў мяне за плячыма.

— Ідзі, ідзі, пакажыся!

Дзік набліжаецца вельмі неахвотна.

— Дык колькі ў нас курцоў, Дзік?

— Трое, трое! — Алік сплясквае далонькамі.— Вы, цёця Наташа і Дзік.

— Дзік, гэта праўда?

Сабачая галава апускаецца да падлогі.



  • Калі праўда, дык вазьмі.

Сабака і глядзець не хоча на запрапанаваную папяросіну.

— Дзічок, пакуры, зрабі мне ласку. Сабака не змяняе паставы. Трэба прасіць

яшчэ.

— Пакуры, я вельмі прашу. Хоць трошкі. Сабака, здрыгануўшыся, так яму агідна, ледзь-ледзь размыкае пашчэнкі і бярэ папяросу. Зараз жа задзірае галаву, каб усе бачылі, што ён сапраўды курэц.



— Можа, табе запалку даць?

Дзік круціць галавою і плюе так, што гільза з тытунём і муштук разлятаюцца ў розныя бакі.

Хвіліннае засмучэнне мінаецца. Мы робім тур вальса, і на міравую ён атрымлівае самае смачнае — некалькі арэхаў. Акуратна раскусвае кожны і вычышчае языком лупінкі.

Тытунёвага дыму сабака гідзіўся здаўна. Нейк мы ўзялі яго ў дом адпачынку. Там яму можна было ўдосыць налётацца і нагаўкацца. Ідучы з намі на рэчку, ён уткнуўся ў куст, дзе кувала зязюля. Напалоханая няшчасніца выскачыла з-пад галіны і замест свайго абвыклага спеву забалбатала нешта несусветнае і не-прыстойнае. Сабака аж прысеў ад здзіўлення.

Так, лазячы па хмызняках, ён набраўся кляшчоў, яны паўпіваліся ў вушы і чарнелі ў поўсці, як вялікія павукі.

Лячыў яго ўсё той жа ветэрынар: прыпякаў паразітаў гарачым попелам з цыгарэты. Я трымаў яго за галаву, але Дзік, відаць, не стрываў апёкаў і смуроду, вырваў зубамі з рук лекара цыгарэту і выплюнуў у куток.

Тады Алік і парасказваў сваім сябрукам, нібыта Дзік умее і нават любіць курыць.

Аднаго разу нашаму сабаку давялося пабыць лекарам самому. Я вярнуўся дамоў даволі позна і быў здзіўлены: Дзік не падбег насустрач, нават не ўстаў з падсцілкі. Мусіць, штосьці здарылася, зноў ублытаўся ў нейкую гісторыю.

Гаспадыня расказала, што нядаўна пайшла суседка, жалілася: у яе хварэе сынок, дактары не могуць рады даць.

— Дык яна просіць даць вады з рота...

У гэты забабон верыла і наша вёска. Калі каму нядужылася ад спалоху, дык бабулі раілі даць вады з рота таго, хто напалохаў.

— А што, хіба я гэта нарабіў?

— Ёсць каму.

Гаспадыня не дагаварыла... Дзік неспакойна паводзіў вачыма па пакоі, сустрэў мой позірк і заўздыхаў.

Высветлілася, што на тым тыдні хлопчык з суседняга дома выйшаў ноччу на ганак і ў адной кашульцы стаяў, загледзеўся на буйныя пад восень зоры. I раптам да яго падбегла задыханае страхапудзіла з высунутым языком і пацягнула ў сябе паветра. Дзіця з крыкам кінулася ў дом. 3 таго часу кепска спіць, худнее. Вось і ўспомнілі пра народныя сродкі.

— Думаюць на нашага Дзіка...

— Напэўна, ён. Варочаўся з сваіх вандровак. Не будзем больш выпускаць ноччу аднаго.

Алік і Лявон былі ў нас, як і заўсёды ў складаных выпадках. Уважліва слухалі, што мы ўспаміналі наконт народных прыкмет, павер'яў. Гарадскія хлапчукі, яны і чутам не чулі пра варажбу, замовы, як лячылі ад сурокаў, падзіву, зубнога болю. Ад пярэпалаху вызваляліся па-рознаму. Выкачвалі, гэта значыць, моцна разміналі кулакамі цела хвораму, асабліва жывот. Качалі яго з боку на бок, паклаўшы на тап-чане. I вылівалі — чалавека змушалі многа вады піць дый некалькі разоў на дзень аблівалі, голага. Яшчэ: білі, нечакана для хворага, гаршчок ці збанок, каб напужаць хваробу і яна ўцякла. Давалі і вады з рота напалохаўшага.

Лявон паставіўся да пачутага разважліва і як практычны чалавек пачаў дазнавацца.

— А як вы возьмеце вады з рота ў сабакі?

— Я не ўпэўнены, што гэта трэба рабіць...

— А па-мойму, трэба: людзі вераць, можа, і станецца па-іхняму.

— Так, але ж Дзік — сабака, у яго могуць быць рабакі ці іншае што.

— Ну, ваш лекар — чысты,— усміхнуўся Лявон.

— Можа, у лячэбніцы праверыць? — запытаўся Алік, у яго, відаць, выспеў план.— Дзіка трэба любіць, а не баяцца. Я прывяду да вас таго Грышку. Яны падружацца, і ўсё мінецца.

Так і зрабілі. Звадзілі Дзіка да ветэрынараў, зрабілі яму пазачарговую лазню і прамылі пашчу марганцоўкаю.

У чысты паўмісачак паклалі некалькі ледзянцоў і залілі свежай вадою. Дзік ахвотна павыцягваў улюбёны прысмак і такім чынам падрыхтаваў «лекі» для хворага.

Той прыбег разам з Алікам, перш адхіснуўся ад сабакі, але, убачыўшы яго прыязную «ўсмешку» — гэтак Дзік заўсёды дзякаваў за салодкае,— заўсміхаўся і сам.

Хлопчык і праўда выглядаў кепскавата: бледненькі тварык, сінцы ад бяссоння. Аднак ён на вачах весялеў, таксама як і Алік, смела гладзіў сабаку, паціскаў яму лапу.

Алік збегаў на кухню і прынёс паўмісак з «лекамі».

— Твая мама прасіла,— звярнуўся ён да Грышкі,— даць табе Дзікавай вады. Будзеш піць?

Той у знак згоды кіўнуў галавою.

— Тады я пачну! — Алік адважна нахіліў да вуснаў паўмісак і зрабіў ніштаваты глыток.— На!

Грышка сербануў болей, вярнуў пасудак Аліку:

— I ты!

Так і распілі яны, чаргуючыся, усю тую цудадзейную мікстуру. Гулялі ў нас, пакуль не з'явіліся маці клікаць на абед. Пра Грышкаву нядужасць хутка і думаць забыліся, ён стаў нашым частым наведвальнікам. А пілі хлапчукі зусім не тую ваду. Алік прынёс другі такі паўмісачак, яго падрыхтавалі на ўсякі выпадак і паставілі поруч з Дзікавым.



Паблытаў хлопчык ці зрабіў знарок? Нашто высвятляць!

Грышка правіўся, вера ў мацунак народнага сродку дапамагла.

Як дапамагала нашым дзядам і прадзедам з курных хацін, калі не мелі яны другога спосабу лячыць душу і цела, апрача веры: у лекара, у зямлю, у свае дужыя рукі.

Як дапамагае і нам хадзіць, думаць, старацца ямчэй рабіць. I сабе і людзям.



РАЗВІТАЛЬНАЕ СЛОВА. ПАЧАТАК НОВАЙ ДРУЖБЫ

Відаць, нехта пацікавіцца, а які ж лёс сустрэў Дзіка ў далейшым.

Можа, ён вызначыўся нейкім асаблівым учынкам, за які ўзнагароджваюць каштоўнымі падарункамі, пра каго пішуць у газетах?

Можа, дасягнуўшы пенсіённага ўзросту, ён дажываў веку ў зацішку за горадам, дзе добрыя людзі даглядалі ветэрана вартавой і хатняй службы?

Можа, над ім насыпаны пачэсны курганок са стэлаю, як зроблена ў падзяку свайму псу за ўратаванне дзяцей на пажары ў адным з гарадкоў за акіянам?

Так пыталіся ўжо і пытаюцца зараз. Не буду даваць адказаў, не хачу ні засмучаць вас, ні ўсцешваць.

Адно скажу, дзесяткі два гадоў назад дом наш збяднеў на аднаго сямейніка. Дзікава адсутнасць спачатку адчувалася вельмі востра, але мінаў час і адчуванне адсутнасці змянілася адчуваннем заўсёднай прысутнасці яго поруч. Магу абазвацца, паклікаць, спытаць. Адказу няма, але я адчуваю позірк разумных карых вачэй, зайздросную пільнасць, тонкую чуласць, ахвярную адданасць.

На вуліцы, пры вадзе ці на выстаўцы вам можа трапіцца даўгаватая цёмна-шэрая морда з крыху абвіслым вухам. Зірніце ў вочы: яны самі, здаецца, гавораць пра вялікае сабачае сэрца, выказваюць зрыхтаванасць не даць у крыўду блізкага чалавека. I ў той жа час распытваюць, чым магу пасабіць? Збегаць па газету або па хлеб? Сплаваць у возера па кіёк? Легчы на парозе і не падпускаць нікога?

Загадвайце, будзе ўсё зроблена. Дужыя лапы могуць бегаць шпарка.

Дык вось, калі вам пашчаслівіцца ўбачыць дзе такую слаўную морду і вы адчуеце пад сэрцам цеплыню, лічыце, што сустрэліся з Дзікам. Ды, зрэшты, які сабака ні трапіць вам на вочы, будзьце ўважлівыя, кожны прадстаўнік гэтага роду мае часцінку Дзікавай істоты: за дабро плаціць дабром. Так робяць усе чыста сабакі на ўсім белым свеце.

Сустрэча з адным верным сабачым сэрцам была ў мяне на поўдні, у Кіславодску. Да санаторнай сталовай дакладна ў час снедання, вячэры звалакалася цэлая чарада сабак — бесхацінцаў і пры гаспадарах, што апынуліся на мяжы беднасці.

Яны ведалі, куды бегчы. У санаторыі лячыліся пажылыя і старыя людзі, што не з'ядалі і не маглі з'есці ўсяго пакладзенага на талеркі. I па дабраце ці па ўзроставай чуллівасці выносілі астачу сабакам. Вот чаму яны строга пільнаваліся распарадку дня.

Я аднойчы прыпазніўся на абед: ужо людзі пад'елі, разышліся і сабакі, падсілкаваўся, выйшаў, а каля ганка — божа мой! — тая самая морда, моцная грудзіна і тое самае разуменне ў вачах.

— Дзік!


Я гукнуў, ён нясмела наблізіўся, апускны, нявылінялы бадзяга:

— Спазніўся? А есці хочацца?

Я вынес яму на лустачцы хлеба ўсё, што заставалася на талерцы. Сабака з'еў і падняў морду ўгару.

— Ты дзякуеш? Мала? Тады пойдзем пашукаем чаго.

Ен пабег за мною. Каля ларочка, блізка Храма Паветра, спыніўся, нібыта падказваў: тут можна замарыць чарвяка.

Гэта зноў нагадала пра Дзіка і ўпадабалася.

Ларочніца абуралася на нейкі буфет, адкуль прывозяць сухія пазалеташнія бутэрброды з кількаю.

— А хто іх есці будзе? Паляжаць у мяне ў будцы ноч, у гарачыні, а назаўтра — у глум, спісваюць. Дык гэтага валацугу,— яна паказала на сабаку,— падкармліваю.

Пасля кароткіх перамоў з прадаўшчыцай я атрымаў пакунак асуджанага на спісанне дабра.

Не адыходзячы далёка, каля бліжэйшага куста я выгарнуў з газеціны ўвесь не вельмі апетытны пачастунак.

Сабака стаяў і не дакранаўся. Толькі што не пытаў: мне? і столькі? праўда, можна?

— Пачынай!

Сабака дакрануўся да скрынкі з кількаю і ўмомант заглынуў. Тады, як быццам ахамянуўшыся, зноў глянуў на мяне:

— Смялей, працягвай! — я сеў на бліжэйшую лаўку.

Сабака еў не адыходзячыся, доўга і грунтоўна, як пасля цяжкое дарогі. Потым падабраў крошкі, аблізаўся і лёг у мяне ў нагах. Стала зразумела: я набыў ахоўніка і спадарожніка.

Мы больш не разлучаліся, куды я, туды і ён. А жыць ён перабраўся ў бяседку каля дамочка, дзе я жыў, ціха і аддалена ад мітусні працэдурнага і галоўнага корпуса. Новы жыхар паводзіўся даволі агрэсіўна: не пускаў у мой дом людзей, якія ішлі на масаж і ў свае палаты.

Пасыпаліся скаргі галоўнаму ўрачу. Сабака знік, недзе навязалі ці завялі куды. Аднак каля знаёмага ларка, назаўтра па абедзе, мяне зноў сустрэла страчаная істота.

Сабака, відавочна, чакаў мяне, бо пры ларку не спыніўся, а павёў — махаў хвастом і запрашаў ісці — на бакавую сцежку. У зарасніку акацыі на схіле гары спыніўся і зноў падняў морду, паказаў, куды трэба глядзець.

На адным з дрэў ветралі трусовыя тушкі. Тры ці чатыры, на ніштаватай вышыні, метры за два ад зямлі, каб не дасталі вось такія бадзякі, як гэты. Ён нецярпліва перабіраў лапамі: маўляў, чаго ты марудзіш? Даставай хутчэй, хопіць табе і мне. К чорту ліхому тыя салёныя кількі.

З'яўленне на дрэве такой правізіі тлумачылася даволі проста: нехта рабіў запас, каб завезці дадому, і павесіў вяліцца далікатнае мяса'. Тады лупленых трусоў на Кіславодскім рынку прадавалася вялікае мноства. I за бесцань.

Пакуль я разважаў пра гэта, сабака змарыўся чакаць ці страціў надзею на нездагадлівага і сеў.

Давялося паклікаць. I мы пайшлі да ларка з сухімі бутэрбродамі.

На самым маім ад'ездзе сабака зноў знік. Я не здзівіўся: ударыў нязвыклы для гэтых мясцін мароз, градусаў пад дваццаць. Нашто мерзнуць жывёліне, чакаючы няпэўнага спадарожніка, які нават не здагадаўся зняць з дрэва нядрэнны ласунак.

Аднак на вакзале, дзе патупвала чалавек пяць, не на тое надвор'е абутых сяброў, пад самыя мае ногі падсунулася пакрыўджаная шэрая морда: і не брыдка, пакідаеш мяне не развітаўшыся.

Я забраў бы яго, але цягнік меўся крануцца, заставаліся лічаныя хвіліны. Пусціць у тамбур праваднік не згадзіўся.

Стала сумна. Успомнілася, як адзін забыты, пакінуты гаспадаром сабака поўз, ішоў, бег тысячы тры кіламетраў з поўначы на поўдзень. I абняў наймілейшага ў свеце чалавека на люднай вуліцы, знайшоў на новым месцы жыхарства.



Тады чалавек заплакаў. А перш-то ліў слёзы па ім сабака. Дзік ці яго бліжэйшы сваяк.
1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка