Любоў вялікая зямля родная



Дата канвертавання24.11.2017
Памер93.67 Kb.
#14496
Любоў вялікая – зямля родная”.

Свята кнігі, прысвечанае Яну Чачоту

Месца правядзення: парк вёскі Новая Мыш



Кніжная выстава

Імя яго будзе ў краіне навечна”





Цытата: Сваю маладосць ён аддаў для навукі і Цноты,

За век свой ён зведаў і холад, і змрок сутарэння.

Спагада да бліжніх – вось існасць ягонай істоты,

Цяжкое жыццё яго ўсё – гэта шлях да збавення.
Раздзел І. Паэт-філамат

Раздзел ІІ. Паэт-рамантыст

Раздзел ІІІ. Паэт-фалькларыст
Я ў думках лячу зноў да роднага краю…”

Віктарына

1. Якім чынам звязаныя з жыццём і творчасцю паэта наступныя даты – 1796 год, 1816 год, 1818 год, 1847 год і 1996 год?

Адказ: 1 – год нараджэння; 2 – паступленне ў Віленскі ўніверсітэт 3 – прынялі ў філаматы; 4 – год смерці;

5 – да 200 годдзя у в. Новая Мыш устаноўлены бюст.

2. У якім вершаваным цыкле Ян Чачот узнаўляе нашу далёкую мінуўшчыну, чысы Вялікага княства Літоўскага?

Адказ: “Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года” (недзе ў 1842-1844гг.). Заснаваў іх паэт на гістарычных фактах, узятых з “Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і усяе Русі” Мацея Стрыйкоўскага і дзесяцітомнай “Гісторыі літоўскага народа” Тэадора Нарбута. Аўтар пазначае нават старонкі гэтых выданняў, адкуль ён браў факты для сваіх “спеваў” // Ян Чачот. Выбранае. – Мн: Маст.літ.,2007. – С.14-15.)

3. Народная легенда аб узнікненні возера Свіцязь натхніла трох паэтаў стварыць сваю мастацкую версію гэтай падзеі. Хто гэтыя паэты?

Адказ: Ян Чачот”Свіцязь”, Адам Міцкевіч “Свіцязь”, Томаш Зан “Свіцязь-возера”. “Свіцязь” А.Міцкевіча мае героіка-патрыятычнае гучанне: жыхары города ў час варожай аблогі выбіраюць смерць, але не палон. Т.Зан, як і Я.Чачот, дае маральна-хрысціянскае вытлумачэнне трагедыі горада Свіцязь: горад правльваецца і затапляецца за грахі яго жыхароў, за пралітую бязвінна чалавечую кроў.(Беларуская літаратрура 11-20 ст.:дапаможнік . –Мн., 1999 – С.49-50)

4. Ян Чачот напісаў нямала трэнаў. Якую агульную назву мае гэты цыкл журботных аўтабіяграфічных элегій?

Адказ: цыкл журботных аўтабіяграфічных элегій (трэнаў) мае агульную назву “Заблудны”

5. З якога твора Яна Чачота ўзяты гэтыя радкі?

“Я знаю, хто з розумам сэрца яднае,

Хто к чуласці лучыць развагу,

Той хутка ў палёце нябёсаў сягае,

Той мець будзе ўсюды павагу”

Адказ: “Радзівіл, альбо заснаванне Вільні” (Я.Чачот Навагрудскі замак. – С.120.)

6. Хто з вядомых паэтаў прысвяціў наступныя радкі Я.Чачоту:

“Са мной ты заўсёды – дома я ці ў прыволлі:

Каго ж больш люблю я, хто ж мілейшы мне болей?

Яшчэ на парозе жыццёвым, у галасе вуліц,

Адны ў нас навукі былі, перапалкі і гулі.

Хто ж, апрача нас з табой, Яне, сваволіў,

Што аж трэсліся сцены, бывала, у школе?

Адказ: Адам Міцкевіч

7. Хто на пачатку 80-х гадоў ХХ стагоддзя аб’ехаў спецыяльна многія чачотаўскія мясціны Беларусі, у выніку чаго выйшаў надзвычай змястоўны і карысны нарыс “Там возера Свіцязь, як шыбіна лёду…”

Адказ: Кастусь Цвірка.

8. У якіх творах паэт творча выкарыстаў фальклорную спадчыну Баранавіцкага краю?

Адказ: Балады “Узногі”, “Калдычэўскі шчупак”, “Мышанка”

9. У якім годзе ў Беларусі выйшла асобнае выданне твораў Яна Чачота? Назавіце гэты зборнік.

Адказ: 1989 год. “Навагрудскі замак”. ( …У самых розных выданнях друкаваліся толькі некаторыя творы паэта. Але асобным выданнем за амаль што два стагоддзі яны не выходзілі ў нас ні разу.)

10. Адзін з вядомых кампазітараў напісаў 22 песні на словы Я.Чачота. Назавіце прозвішча гэтага кампазітара.

Адказ: Станіслаў Манюшка ( Роднае слова.- 1996. - №12. – С.139- 147.)
Любоў вялікая – зямля родная”.

Сцэнарый
Гучыць песня на словы Яна Чачота
Заспяваем – досыць спаці!

Станьце ўсе хутчэй у кола!

Стукнем келіхамі, брацці:

Гэта мудрасць – быць вясёлым!


Хай квітнеюць нашы жонкі,

Хай даруюць – чым паболей! –

Нам хлапцоў, дзяўчынак звонкіх:

Нашу славу, нашу долю!


Хай квітнеюць нашы дочкі,

Стануць гожымі – як мамы,

А гады ўцякуць у прочкі –

Будуць мамамі таксама.


Хай жывуць сынкі малыя

І не ведаюць трывогі

Ды змятаюць, як бацькі іх,

Подлых ворагаў з дарогі.


Хай сябры жывуць вясёла,

Ёсць яны – ты нібы ў раі.

А без іх жыццё наўкола

Стала б проста пеклам, знаю.


Хай жывуць між нас паэты.

Як яны нас акрыляюць!

Над згрызотамі, над светам

Дух наш горды узнімаюць.


Доўга келіхі мы студзім!

Прывітаем жа чын чынам

Вас усіх навокал, людзі,

Бо ўсе людзі – ёсць браты нам.



(Заспяваем// Я.Чачот Выбраныя творы .- Мн.: МФ “Беларускі

кнігазбор”, 1996.- С.45.)

1 вядучы. Добры дзень, паважаныя сябры! Мы рады вітаць вас на Навамышскай зямлі. Зямлі, што назаўсёды непарыўна звязана з імем паэта, фалькларыста, мовазнаўцы, грамадскага дзеяча – Яна Чачота.
2 вядучы. Тут упершыню ён пазнаў жыццё беларускага селяніна, яго мову, назаўсёды палюбіў яго песні, паданні, казкі, што і сталі для паэта сапраўднай крыніцай творчасці.
1 вядучы. Мы рады вітаць вас на свяце кнігі, прысвечаным Яну Чачоту, гэтаму слыннаму сыну зямлі беларускай.

2 вядучы. Слова госцю нашага свята……..
Выступленне госця
1 вядучы. “Будзіцель нацыі, пачынальнік новай беларускай літаратуры,”- так назваў Яна Чачота Максім Багдановіч.
2 вядучы. І сапраўды, значэнне творчасці Яна Чачота цяжка пераацаніць. Для многіх пакаленняў беларусаў ён стаў пуцяводнай зоркай, яркім прыкладам самаадданага служэння свайму народу.
1 вядучы. Запрашаем на сцэну краязнаўца, даследчыка гістарычнага мінулага Баранавіцкага краю – ……….
Выступленне краязнаўца
2 вядучы. З твораў розных жанраў, са шматлікіх пісьмаў да сяброў, да знаёмых і блізкіх паўстае перад намі вобраз першага сапраўднага беларускага паэта.
1 вядучы. Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка ў сваёй дзейнасці шмат увагі надае краязнаўчай рабоце – асабліва збору інфармацыі аб жыцці і творчасці Яна Чачота.
2 вядучы. Мы рады прадставіць вам бібліятэкара аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі.
Выступленне бібліятэкара
1 вядучы. Сваё прызванне Ян Чачот бачыў у збіранні і вывучэнні беларускага фальклору. Публікаванне зборнікаў народных песень паказалі свету, якія неацэнныя культурныя скарбы мае беларускі народ.
2 вядучы. “Сяляне нашы, люд добры, лагодны, працавіты, справядлівы, павінны абуджаць у нас самыя прыхільныя да сябе пачуцці, - казаў паэт. – Калі ўважліва будзем слухаць вясельныя, дажынкавыя, купальныя і іншыя песні… набудзем большае замілаванне да нашых добрых хлебаробаў”.
Гучыць песня на словы Яна Чачота

Ах, не кветка гэта – казка,

Бо яна трымала,

Ах, валошка – з красак краска,

Бо яна сарвала.

Ах, салодкія брусніцы,

Бо яна збірала,

Ах, як мёд вада з крыніцы,

Бо яна дастала.
Ах, бясцэнны той шнурочак,

Бо яна рабіла,

Ах, наймілы той лісточак,

Бо яна згубіла.


Ах, як тут сядзець прыемна,

Бо яна сядзела,

Ах, як скрозь усё таемна,

Бо яна тут пела.



(Песенька на два галасы// Я.Чачот Выбраныя творы .-

Мн.: МФ “Беларускі кнігазбор”, 1996.- С.45.)

1 вядучы. З мясцовых легенд, пачутых ад людзей быляў чэрпаў тэмы і вобразы для сваіх твораў Ян Чачот. Тры балады – “Мышанка”, “Узногі”, “Калдычэўскі шчупак” – напісаны паводле паданняў Баранавіцкай зямлі.
2 вядучы. Да дня нараджэння паэта народны тэатр “На Мышанцы” Навамышскага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці падрыхтаваў пастаноўку балады “Мышанка”. Сёння мы з вамі ўбачым яе прэм’еру.
Выступленне тэатра “На Мышанцы”
1 вядучы. Творчасць Яна Чачота, які першым стаў пісаць свае творы на беларускай мове, павінен ведаць кожны беларус.
2 вядучы. Сёння мы падводзім вынікі літаратурнай віктарыны, надрукаванай напярэдадні свята ў газеце “Наш край”.
Узнагароджванне пераможцаў віктарыны
1 вядучы. Ян Чачот сапраўды клапаціўся пра нашчадкаў. Гэта нам наказвае паэт:

Сейце без прынукі

Вы святло навукі.

…Кожны з нас айчыне

Паслужыць павінен.

Свету, добрым людзям –

Славу так здабудзем.

(Гэй, малойцы!// Я.Чачот Выбраныя творы.-

Мн.: МФ “Беларускі кнігазбор”, 1996.- С.40.)
2 вядучы. І ўдзячныя патомкі прысвячаюць свае творы слаўнаму сыну Беларусі. Сёння ў нас у гасцях Трафімук Міхаіл Васільевіч і Яўген Карлюк.
1 вядучы. Міхаіл Васільевіч – тэхнік-вынаходнік, мастак, аматар-этнограф, загадчык уласна створанага этнаграфічнага музея ў Навамышскім ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці, трапна перадае прыгажосць роднага краю ў сваіх карцінах і вершах. Калі ласка, Міхаіл Васільевіч.
Выступленне М.В.Трафімука

2 вядучы. Яўген Карлюк - выпускнік Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта, настаўнік, таленавіты, творчы і самабытны юнак, натхнёна складае вершы. Бясконца любіць радзіму, родную мову і прысвячае гэтаму свае лепшыя творы.

Выступленне Я.Карлюка
1 вядучы. Ян Чачот быў тым высакародным рыцарам, абаронцам паняволеннай Айчыны, што праз усё жыццё пранёс веру ў яе ўваскрашэнне.

2 вядучы. Любоў да Радзімы была для яго самым гарачым, самым трапяткім, самым святым пачуццём.

1 вядучы. Родная зямля зрабіла яго паэтам, яна дала сэнс яго самаахвярнаму жыццю, яна пакінула яго ў памяці нашчадкаў
2 вядучы. Не знаю, дзе буду, памру дзе, не знаю,

Ды ўдзячны зямлі я, дзе вырас,

Я ў думках лячу зноў да роднага краю,

Здалёк мне відаць яго вырыс.


Мышанка мая! За ўсе краскі, за тое,

Што жыў тут, табою прыгрэты,

За светлае ранне сваё залатое, -

Прымі ж ты вянок мой во гэты.



(Мышанка// Я.Чачот Выбраныя творы .-

Мн.: МФ “Беларускі кнігазбор”, 1996.- С.131.)
Гучыць песня на словы Яна Чачота

Поле, поле шырокае,

Неба, неба глыбокае!

Божа, ты наш вечны пане!

Прымі ад нас павітанне!
Уся зямля сонцам ззяе,

З ясным небам размаўляе,

Што ўсё гэта тваім дарам,

Што ты света гаспадарам.

З ясным небам і зямлёю,

Чолам мы перад табою!

З чыстым сэрцам і душою,

Чолам мы перад табою!

Благаславі твае дзеткі,

Працу нашу і палеткі,

Благаславі усе людзі,

Няхай усім добра будзе!



(“Поле, поле шырокае…//Я. Чачот Выбраныя

творы.- Мн.: МФ “Беларускі кнігазбор”, 1996.- С.194.)


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал