М. М. Забаўскі Урадавыя палітычныя рэформы ў Беларусі ў трэцячэрвеньскі перыяд




Дата канвертавання08.01.2017
Памер101.5 Kb.

powerpluswatermarkobject179790


М.М. Забаўскі
Урадавыя палітычныя рэформы ў Беларусі

ў трэцячэрвеньскі перыяд (1907-1912 гг.)

Забаўскі М.М. Весці БДПУ. Сер. 2, Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. 2011. – № 4 (70). – С. 3 - 6.

Ключавыя словы: Расійская імперыя, царызм, “трэцячэрвенскі рэжым”, соцыум.
Пачатак XX ст. у гісторыі Расійскай імперыі, часткай якой былі і беларускія землі, заўсёды выклікаў павышаную цікавасць з боку даследчыкаў. Гэта эпоха карэнных змен у лёсах шматмільённага насельніцтва краіны. Ход падзей прывёў да крушэння традыцыйнага палітычнага ладу і ўсталявання новых формаў грамадскіх адносін, уплыў якіх адчуваецца і сёння.

Шматлікія палітычныя партыі і групоўкі прадэманстравалі сваё бачанне сродкаў дасягнення абвешчаных імі ідэалаў і апрабавалі ўласныя канцэпцыі шляхоў развіцця краіны ўжо ў 1905 – 1906 гг. Але царызму ўдалося стрымаць першы ўдар і адчуваючы, што ён можа быць не апошнім распачаць палітычныя рэформы. Апошнія непасрэдна тычыліся аграрнага сектара, органаў мясцовага самакіравання, адміністрацыйнага кіравання на месцах, школьнай, судовай і іншых сфер. Іх ініцыятар Старшыня Савета міністраў П.А. Сталыпін вылучыў галоўную мэту – спыніць нарастанне сацыяльных супярэчнасцей.

Улічваючы ўрокі рэвалюцыі 1905–1907 гг. і з мэтаю барацьбы з нацыянальна – вызваленчымі рухамі, царскі ўрад усё шырэй выкарыстоўваў ідэалогію вялікарускага нацыяналізму, асабліва ў нацыянальных рэгіёных, сутнасць якой заключалася ў лозунгу “Расія для рускіх і рускія павінны кіраваць ёю”. У ранг афіцыйнай дзержаўнай палітыкі гэта ідэалогія была ўзведзена П.А. Сталыпіным з чэрвеня 1907 г., калі быў надрукаваны Маніфест аб роспуску ІІ Дзяржаўнай думы і змяненні “Палажэння аб выбарах”. Змест гэтых “змяненняў” і шэраг урадавых захадаў у законадаўстве, грамадска-палітычным, эканамічным жыцці ў далейшым далі падставы даследчыкам сцвярджаць, што ў перыяд ад 1907 да 1914 гг. існаваў “трэцячэрвеньскі рэжым” сутнасць і ўсталяванне якога на беларуска-літоўскіх землях таксама зяўляецца мэтай нашага даследавання.

Характарызуючы ў цэлым ступень даследавання вылучанай тэмы неабходна адзначыць, што міжрэвалюцыйны перыяд вывучаўся яшчэ ў дакастрычніцкі перыяд. Але спецыфіка палітычнай сістэмы па закону ад 3 чэрвеня 1907 г. у адносінах да заходніх губерняў не закраналася. З гісторыкаў савецкага перыяду адзначым шматлікія працы А.Я. Аўрэха [1], В.С. Дзякіна [2], В.В. Шалахаева [3] і інш. У апошнія гады азначаная праблематыка запатрабавана і выклікае ўстойлівую цікавасць не толькі навукоўцаў але і грамадскасці. Значная ўвага надаецца рэвалюцыі 1905–1907 гг. і яе вынікам. Даследчыкі адзначаюць, што рэвалюцыя дакладна вызначыла магчымыя альтэрнатыўныя шляхі далейшага хода гісторыі як ў Расіі, так і ў асобных яе рэгіёнах: ліберальна-буржуазны, рэвалюцыйна-дэмакратычны, манархічны. Менавіта ў гэтыя гады палітычная сістема набывала новыя рысы ў выглядзе партый, больш высокай арганізацыяй сваіх структур. Сацыяльна-палітычныя канфлікты хутка трансфармавалі насельніцтва. Ускладнілася палітычная сістэма ў цэлым, ускладнялася існаванне соцыума [4].

Паколькі “любая сістэма імкнецца да ”да самазахавання, на змену ранейшых некахісных устояў прыйшоў новы палітычны нарадах. Па ўказу ад 3 чэрвеня 1907 г. права адмяняць выбарчыя законы і выдаваць новыя захоўваліся за царом, што ішло ўразрэз з Маніфестам ад 17 кастрычніка 1905 г., асноўнымі законамі Расійскай імперыі (1905 г.). Натхняльнікам акта ад 3 чэрвеня 1907 г. быў “Савет аб’яднанага дваранства” – агульнарасійская дваранская арганізацыя, якая аказвала вялікі ўплыў на палітыку самадзяржаўя. Некаторыя члены “Савета” выступалі за ліквідацыю расійскага парламента наогул. Але царызм на гэты не адважыўся, так як клапаціўся аб “рэпутацыі” у замежных крэдытораў.

Урадам былі прадпрыняты і прывінтыўныя меры для падтрымання парадку ў выпадку незадавальнення ў народзе ў сувязі з разгонам ІІ Думы. 70% губерняў краіны заставаліся, ці былі абвешчаны на становішчы “ўзмоцненай аховы”, якое ўводзілася на 1 год міністрам унутраных спраў ці генерал-губернатарам у тых мясцовасцях, дзе “грамадскі спакой” парушаўся “замахамі на існуючы дзержаўны лад”. Адміністрацыя атрымлівала права праводзіць вобыскі, высылаць падазроных асоб. У тых раёнах дзе насельніцтва было “прыведзена ў трывожны стан”, на 6 месяцаў уводзілася становішча” надзвычайнай аховы”. Яно давала права генерал-губернатарам зачыняць навучальныя установы, здымаць з пасад чыноўнікаў усіх ведамстваў і выбарчых асоб, створаць спецыяльныя ваенна-паліцэйскія каманды для падаўлення хваляванняў. Указам міністра ўнутраных спраў становішча “ўзмоцненай аховы” было працягнута да 20 красавіка 1908 г. у Вільні і Смаргоні (Віленская губ.), а таксама ў Гродно, Пружанскім і Кобрынскім паветах Гродзенскай губерні [5]. Пільная ўвага ў заходнім краі надавалася Мінскай губерні і г. Мінску, дзе таксама захоўвалася становішча “ўзмоцненай аховы” [6]. Газета “Речь” паведамляла: “З раніцы 3 чэрвеня ў горад былі сцягнуты ахоўнікі, якія патрулявалі на вуліцах. Акрамя таго, у Мінск былі выкліканы два батальёны пяхоты [7]. У кастрычніку 1907 г. толькі ў Мінскай губерні у баявой гатоўнасці знаходзіліся 4 палкі пяхоты, 6 спецыяльных рот салдат і 2 артылерыйскія брыгады.”

Пасля 3 чэрвеня 1907 г. былі разгромлены шматлікія арганізацыі , якія ўзніклі ў гады рэвалюцыі: з 1906 па 1912 гг. у Расіі было закрыта звыш 600 саюзаў і каля 500 не атрымалі дазволу на рэгістрацыю . У гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі было закрыта каля 40 буйных прафсаюзаў, у тым ліку ў Мінску – 11, Віцебску – 16, Магілёве – 4. Мінскі і Віцебскі губернатары ў другой палове 1907 г. выдалі шэраг цыркуляраў, патрабуючы ад паліцыі распачаць крымінальнае праследаванне прафсаюзаў.

Дзяржаўная дума першых двух скліканняў (І Дума – 20.04.(10.05) – 8 (21).07.1906; ІІ – 20.02(5.3) – 2(15).06.1907) нечакана для ўлады прадэманстравала сваю шматнацыянальнасць. Дэпутаты з думскай трыбуны прэзентавалі свае этнаканфесійныя і рэгіянальныя патрабаванні. Для грамадства стала відавочнай вастрыня нацыянальнага пытання, а для ўлады ўгроза сістэмаўтваральным устоям Расійскай імперыі: пагэтаму ў выбарчым законе ад 3 чэрвеня 1907 г. скарацілася прадстаўніцтва ад нацыяльнаных рэгіёнаў і ўскраін.

Ад Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай губерняў у ІІІ Дзяржаўную думу было абрана 36 дэпутатаў. З іх 80,5% былі прадстаўнікамі ўрадавых партый, у той час як па Расіі ў цэлым – 61,5 %. У заходніх губернях уплыў правых партый на выбаршчыкаў асабліва сялян, быў больш значным, чым па краіне ў цэлым. З 36 дэпутатаў ад Беларусі ў Думу прайшло 11 сялян. 9 з іх абвясцілі сябе вялікарускімі нацыяналістамі і у 1910 г. уліліся ў рады “Партыі рускіх нацыяналістаў” створанай П.А. Сталыпіным. Галоўная пункты праграмы прадугледжвалі панаванне праваслаўнай царквы і рускай народнасці, барацьбу з яўрэйствам, рэлігійную скіраванасць народнай адукацыі.

Вынікі выбараў яшчэ раз прадэманстравалі, што ў Заходнім краі праваслаўнае насельніцтва пайшло за правымі партыямі, а левыя, у асноўным перамагалі галасамі “нярускіх” выбаршчыкаў. Суровая рэчаіснаць прымушала П.А. Сталыпіна браць курс у бок рускага нацыяналізму. Такія палітычныя і ідэалагічныя “хістані” прэм’ера не маглі ўнесці трываласць у яго дзейнасць, сэнсам якай з’яўляўся сінтэз разнастайных этна-культурных ідэалаў і прынцыпаў па ўсёй тэрыторыі краіны.

Адпаведна перакананням П.А. Сталыпіна новую моц і прэстыж вярхоўнай уладзе мог надаць прадстаўнічы лад. Склад ІІІ Дзяржаўнай думы даваў спадзяванні, што ад дэмагогіі і апазіцыйнасці (як гэты было ў першых двух думах) дэпутаты пачнуць канструктыўную працу, заснаваную на супрацоўніцтве думскай большасці (фракцыя акцябрыстаў, рускіх нацыяналістаў і цэнтра) з урадам. Сацыяльную апору царскай уладзе павінен быў скласці заможны вольны селянін – прыватны ўласнік, вызвалены з абшчыны і стаўшы стрыжнем дробнай самакіруемай земскай адзінкі. Такім чынам, селяніну-ўласніку надавалася большая палітычная вага ў вёсцы.

Узровень даследавання аграрнай рэформы распачатай указам ад 9 лістапада 1906 г. пазбаўляе нас ад неабходнасці асвятляць яе сутнасць і ход. Падкрэслім толькі яе палітычны аспект і нагадаем, што стаўка на разбурэнне абшчыны і насаджэнне “моцнага селяніна” мела дзве мэты: адвесці селян ад барацьбы за памешчыцкія землі і перацягнуть сялянскія вярхі на бок контррэвалюцыі.

У выніку ад рускіх самабытных пачаткаў “Самаўладзе” і “Самакіраванне” ў П.А. Сталыпіна заставалася ўлада цара ў спалучэнні з дзейнасцю парламента і прыватнаўласніцкай вёскай.

“Прарокам у сваёй Айчыне” быў буйны эканаміст таго часу, член-карэспандэнт Расійскай Акадэміі навук А.І. Чупроў. У распачатай у 1906 г. П.А. Сталыпіным эканамічнай рэвалюцыі ён убачыў пачатак рэвалюцыі сацыяльнай. Калі прэм’ер прасіў для рэалізацыі аграрнай рэформы 15-20 гадоў спакою, А.І. Чупроў заяўляў што гэта рэформа праз 10 год прывядзе да сацыяльнага выбуху [8]. З ім былі згодны многія эканамісты і палітыкі. Так, кн. Е. Трубяцкі пісаў, што П.А. Сталыпін, распачаў разбурэнне абшчыны для стварэння пласта замоцных сялян-уласнікаў, здольных быць апораю ўраду, практычна садзейнічаў не ўмацаванно асноў рускай дзяржавы, а росту будучай буржуазнай дэмакратыі. Далей князь заяўляў, што галоўным арганізатарам парэформеннай вёскі стаў небяспечны для існуючай угоды элемент – інтэлігенцыя. Яна хлынула ў вёску ў ходзе аграрных перамен і заняла дамінуючае месца ў кааператыўным руху, які ўзнік як рэакцыя сялян на разбурэнне абшчыны.

У Заходніх губернях існавала свая спецыфіка умоў для рэалізацыі рэформы. У Мінскай і Гродненскай губернях абшчыннае землеўладанне знікла даўно, а ў Віленскай яно не перавышала 0,5%. Толькі ў Магілёўскай губерні абшчынныя землі складалі 79,2% і ў Віцебскай 44,6% ад усіх сялянскіх зямель [9]. Менавіта пагэтаму сталыпінская рэформа сялянскай землеўласнасці пачала праводзіцца найбольш выразна і цвёрда тут, дзе хутары ўжо існавалі, і дзе значная колькасць сялянскіх заможных і кулацкіх гаспадарак расчысцілі ёй шлях.

Стаўка на беларускае вясковые кулацтва і заможнае сялянства як нідзе ў Расійскай імперыі не была такой выразнай і значнай, таму што дасягала сваёй мэты па трох накірунках: сацыяльным – у барацьбе з рэвалюцыяй, нацыянальнай – у змаганні з Польшчай, рэлігійнай – у знішчэнні каталіцтва. На чале новай апоры ўлады у краі выступалі “западно-руссы”.

У 1907 г. у Вільні, акрамя заснаванага яшчэ ў 1905 г. “Общества Крестьян” узнікла групоўка “Окраинный союз”, якая ставіла сваёй мэтай узмацненне расійскай культуры і дзяржаўнасці на заходняй “Окраине России”. Змагаючыся з рэвалюцыяй члены “Русского окраинного союза” (РОС) імкнуліся ліквідаваць эканамічнае панаванные і палітычны ўплыў у краі польскіх землеўладальнікаў і яўрэйскай буржуазіі. Своеасабліва яны імкнуліся вырашыць у Беларусі аграрнае пытанне. Была вылучана прапанова скарыстаць прускі вопыт – прымусова выкупіць землі польскіх памешчыкаў. “Няхай дзяржава не скупіцца на сродкі, каб выкупіць польскія землі, а калі сама не ў стане гэта зрабіць, то вызначыць кошт, на якім памешчыкі будуць абавязаны прадаць рускім свае землі” – заяўляў Д.В. Скрынчанка [10].

П.А. Сталыпін разумеў, што ў барацьбе за “новую Расію” супраць польскіх устояў “западно-руссы” – адзін з галоўных саюзнікаў расійскай улады.

Менавіта як палітычная разглядалася рэформа мясцовага самакіравання у падпісаным П.А. Сталыпіным прадстаўленні Міністэрства ўнутранных справ у Савет міністраў ад 7 студзеня 1907 г.

У аснову праекта земскай рэформы быў унесены прынцып бессаслоўнасці і шматступенчасці земскіх органаў: валаснога, павятовага, губернсакага.

Ніжэйшай ступенню сістэмы мясцовага самакіравання прадугледжвалася зрабіць сельскае таварыства (акругу) з абшчынамі і прыватнаўласніцкімі землямі, акрамя памешчыцкіх. Далей ышла воласць, якая ахоплівала тэрыторыю, уключаўшую ў сябе сельскія таварыствы і прыватныя ўладанні, маючыя статуссельскіх акругоў. На чале воласці знаходзіўся выбарчы распарадчы орган. У склад воласці ўжо ўключаліся і памешчыцкія землі, на якія адпавдна перакладвалася частка валасных грашовых павіннасцей.

Прадугледжвалася размеркаванне выбаршчыкаў на чатыры курыі і паніжаўся выбарчы цэнз. У першую і другую курыі ўключаліся ўсе землеўладальнікі ў залежнасці ад памеру ўладанняў; у трэцюю – уладальнікі гарадскіх маёмасцей і гандлёва-прамысловых прадпрыемстваў. Ад власных земстваў (чацьвёртая курыя) маглі быць абраны і сяляне. У праэкце, такім чынам, ураўноўваліся правы землевладальнікаў дваранскага і недваранскага паходжання.

Праект рэформы мясцовага самакіравання, падрыхтаваны ўрадам для ІІІ Дзяржаўнай Думы, абмяркоўваўся на І Усерасійскім з’ездзе земскіх дзеячоў у Маскве (чэрвень 1907 г.). Правыя земскія дзеячы, якія дамінавалі на з’ездзе, часткова падтрымаўшы сталыпінскую аграрную рэформу, сталі ў апазіцыю да ўрадавага праекта земскай рэформы і накіравалі яго на абмеркаванне ў земскія сходы.

Важным момантам у рэформе адміністацыйнага кіравання на месцах – гэта замена павятовага прадвадзіцеля дваранства на ўрадавага чыноўніка ў якасці главы павета. У такім жа кірунку ішла і замена земскага начальніка-двараніна павятовым начальнікам без саслоўнага цэнзу. А па новым праекце судовай рэформы, зацверджаным Саветам міністраў 19 і 23 студзеня 1927 г., дазвалялася абіраць у суддзі асоб без вышэйшай адукацыі.

Праект увядзення ўсеагульнай пачатковай адукацыі таксама быў састаўной часткай палітычных мерапрыемстваў урада, паколькі вясковай буржуазіі, якая атрымлівала большае прадстаўніцтва ў мясцовым самакіраванні, неабходна было забяспечыць адукацыйны цэнз.

Дваранства, правыя выступілі з крытыкай аграрнай палітыкі ўрада. На самай справе іх хвалявалі наступныя палажэнні рэформы: устраненне прадвадзіцеля дваранства ад кіруючай ролі ў павеце, стварэнне ўсесаслоўнай воласці і пашырэнне земскага выбарчага права. Ужо вясной 1907 г. менавіта па “палітычных матывах” правыя з прыдворных колаў, чарнасоценных нізоў выступілі за замену П.А. Сталыпіна і яго каманды (І.Я. Гурлянда, С.Я. Крыжаноўскага і інш.) на кабінет на чале з П.Н. Дурнаво.

Такім чынам, імкненне П.А. Сталыпіна захаваць за памешчыкамі іх прывілеяванае становішча на месцах, але ў інтарэсах дзяржавы, а таксама неабходнасць, у той палітычнай сытуацыі, прадаставіць “моцнаму мужыку” большую ролю ў мясцовым самакіраванні і перадаць уладу на месцах чыноўніку, якога б прызначаў урад, не было зразумелым. Не падтрымалі указ ад 9 лістапада 1906 г. і земскія сходы ў 1907 г. Яны прапаноўвалі вырашаць аграрнае пытанне праз прадстаўнічую ўстанову.

Настойлівасць П.А. Сталыпіна ў зацвярджэнні законапраекта аб заходніх земствах (афіцыйная назва праекта “Аб выкарастанні Палажэння аб земскіх установах ад 12 чэрвеня 1890 г. да губерняў Віцебскай, Валынскай, Кіеўскай, Мінскай, Магілёўскай, Падольскай”) прывяла да канфлікту з Дзяржаўным саветам і ўрадаваму крызісу ў 1911 г. [11].

Некаторыя палітычныя задумы П.А. Сталыпіна былі ажыццёўленны толькі пасля яго смерці. Так, у 1912 г. былі прыняты законы аб пачатковых вучылішчах, (уводзілі абавязковую пачатковую адукацыю) і аб страхаванні рабочых.

Сталыпінскія рэформы, якія праводзіліся ў 1906-1911 гг. бясспрэчна мелі поспех, але яны не змаглі спыніць нарастанне сацыяльных супярэчнасцей.


Літаратура
1. Аврех, А.Я. Третьеиюньская монархия и образование третьедумского помещичье буржуазного блока / А.Я. Аврех // Вестн. Моск. Ун-та. Ист.-филолог. сер. – 1956. - № 1. – С. 3-70.

2. Дякин, В.С. Самодержавие, буржуазия и дворянство в 1907–1911 гг. / В.С. Дякин. – Ленинград: Наука, 1978. – 245 с.

3. Шелохаев, В.В. Идеология и политическая организация российской либеральной буржуазии 1907–1914 гг. / В.В. Шелохаев. – М.: Наука, 1991. – 231 с.

4. Сидорцов, В.Н. Беларусь в ХХ веке: нетрадиционные представления истории / В.Н. Сидорцов, А.Н. Кандыба, М.М. Равченко; под ред. В.Н. Сидорцова. – М.: МАКС Пресс, 2010. – С. 25, 26.

5. Расійскі Дзяржаўны гістарычны архіў (Санкт-Пецярбург (далей Р.Дз.ГА). Фонд 1276. Савет міністраў. – Воп. 3. – Спр. 176. – Арк. 137-138.

6. Там сама. Арк. 34.

7. [Мінск. Да роспуску Думы] // Речь. – 1907. – 8 чэрвеня. С. 3.

8. Егоров, Ю. Чупров против Столыпина // Былое: Ежемес. прил. к журн. «Родина». – 1996. - № 5. – С. 3.

9. Ліпінскі, Л.П. Сталыпінская аграрная рэформа / Л.П. Ліпінскі. – Гісторыя Беларускай ССР. Т. 2. – Мінск: Навука і тэхніка, 1972. – С. 438.

10. Скрынченко, Д.В. Трагедия белорусского народа / Д.В. Скрынченко. – Мн.: Тип. С.А. Некрасов. – 1909. - 18 с.



11. Забаўскі, М.М. Расійская Дзяржаўная дума ў лёсах Беларусі (1906-1917 гг.): манаграфія / М.М. Забаўскі. – Мінск: БДПУ, 2008. – С. 163-172.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка