М. В. Савіцкі (Магілёў)



Дата канвертавання11.01.2017
Памер123.6 Kb.
#1320
М. В. Савіцкі (Магілёў)
ЖАНРАВА-СТЫЛЁВЫЯ ПОШУКІ БЕЛАРУСКАЙ ДРАМАТУРГІІ НА МЯЖЫ ХХ—ХХI СТАГОДДЗЯЎ
Беларуская драматургія ў савецкі час атрымала значную вядомасць дзякуючы імёнам К.Крапівы, А.Макаёнка, А.Петрашкевіча, М.Матукоўскага, А.Дзялендзіка, А.Дударава і інш. Менавіта іх творы мелі значны рэзананс і шырокую вядомасць далёка за межамі Беларусі. Драматургія постсавецкага часу перажыла разам з грамадствам крызіс, які адбіўся на ўсіх сферах чалавечай дзейнасці, у тым ліку і на мастацтве. Па статыстычных дадзеных, у параўнанні з 1960 г. у першай палове 90-х гг. на тэрыторыі былога СССР драматычных твораў было выдадзена менш амаль у два разы. Таму слушнай падаецца думка Т. Шамякінай, што “1990-я гг. не былі спрыяльныя для беларускай літаратуры” [8, с. 6]. У той жа час, перажыўшы перыяд, “пазначаны адбіткам надзей” [5, с. 88], беларуская драматургія працягвае сваё развіццё і мае пэўныя поспехі ў мастацкім асэнсаванні спрадвечных маральных і духоўных каштоўнасцей, у імкненні да творчага пошуку, ”які яднае мастацкую традыцыю з наватарствам, раскрыццём, пераасэнсаваннем, а часам і мастакоўскім пераадоленнем новых рэалій” [2, с. 14].

На сучасным этапе развіцця літаратуры працягвае назірацца цікавасць мастакоў слова да тэмы гісторыі нашай Бацькаўшчыны. Традыцыі беларускай гістарычнай драмы, закладзеныя ў савецкі перыяд У. Караткевічам, знайшлі працяг у творчасці А.Петрашкевіча (“Прарок для Айчыны”, “Крыж святой Ефрасінні”, “Рыцар свабоды”), І. Чыгрынава (“Звон – не малітва”, “Ігракі”, “Следчая справа Вашчылы”, “Осцей – Альгердаў унук”), А. Дударава (“Купала”, “Палачанка”, “Чорная панна Нясвіжа”), І.Масляніцынай (“Крыж Ефрасінні Полацкай”), А. Курэйчыка (“Скарына”) і інш. Новае адраджэнне гістарычнага жанру ў 90-я гг. было абумоўлена надзённымі патрэбамі часу. Імкненне нацыі да рэалізацыі права на самавызначэнне, дзяржаўную незалежнасць, развіццё мовы і культуры, абуджэнне нацыянальнай самасвядомасці, вяртанне некалі занядбаных духоўных і культурных каштоўнасцей — усё гэта спрыяла большай зацікаўленасці беларускіх драматургаў у раскрыцці гістарычнай тэмы. Заўсёды ў лёсавызначальныя для краіны часы мастакі слова звярталіся ў сваёй творчасці да асвятлення дзейнасці асоб, якія былі здольныя апярэдзіць сваю эпоху. Менавіта таму героямі іх п’ес з’яўляліся Е. Полацкая, Ф. Скарына, С. Будны, М. Гусоўскі і інш. Драматургі з сучасных пазіцый спрабуюць асэнсаваць падзеі далёкага мінулага як асновы фарміравання нацыянальнай адметнасці, таго пачуцця, што робіць чалавека грамадзянінам, які клапоціцца не толькі пра асабісты лёс, але і пра лёс краіны. Талент вядомага празаіка І. Чыгрынава ярка выявіўся і ў драматургіі: кожная з яго п’ес (а іх напісана амаль два дзесяткі) мае своеасаблівы і арыгінальны погляд на многія вядомыя падзеі і вылучаецца спробай аўтара даць ім сваю інтэрпрэтацыю. У п’есе “Звон – не малітва” (1988 г.) аўтар пранікае ў дахрысціянскае мінулае Беларусі і ўзнаўляе эпізод, калі полацкая княгіня Рагнеда была пакарана высылкай у правінцыю за сваю ўпартасць у пытаннях веры. Яна выступала супраць гвалтоўнага ўвядзення хрысціянства, якое прывяло да жорсткасці, кровапраліцця і стала дзейсным інструментам далейшага закабалення полацкіх зямель. У дыскусіі з сынам Ізяславам Рагнеда выказвае сваю нязгоду з рашэннем апошняга адмовіцца ад паганства і прыняць праваслаўе. Спрэчка маці з сынам узнаўляе падзеі дзвюх эпох, паганства і хрысціянства, якія аказалі значны ўплыў на далейшае развіццё краіны.

Падзеі Крычаўскага паўстання 1743-1744 гг. пад кіраўніцтвам Васіля Вашчылы знаходзяць адлюстраванне ў п’есе І. Чыгрынава “Судовая справа Васіля Вашчылы” (1988 г.). Выкарыстаўшы архіўныя матэрыялы, аўтар здолеў намаляваць прывабны воблік кіраўніка Крычаўскага паўстання, спыніўшы сваю ўвагу на ўсебаковым раскрыцці характару галоўнага героя. Героем гістарычнай згадкі І.Чыгрынава “Осцей – Альгердаў унук” (1996 г.) з’яўляецца князь Осцей. Ён паўстае перад намі мужным і энергічным чалавекам, які абараняе Маскву ад нашэсця татарскага войска ў 1382 г.

Сваю адданасць падзеям беларускай даўніны засведчыў А.Дудараў, з-пад пяра якога ў 90-я гг. выйшла некалькі гістарычных драм. У трагедыйнай п’есе “Купала” (1994 г.) аўтар пераносіць нас у часы існавання Вялікага княства Літоўскага. П’еса закранае важныя для Беларусі гістарычныя падзеі, у прыватнасці, шлях князя Вітаўта да княжацкага трона. Галоўнымі героямі з’яўляюцца Вітаўт і яго стрыечны брат Ягайла. Паміж імі ідзе пастаянная барацьба за княжацкі трон. А.Дудараў, характарызуючы галоўных персанажаў п’есы, дае ўласную ацэнку героям. Апісваючы Ягайлу, аўтар не абмінае патаемных яго задум, паказвае хітрасць і жорсткасць гэтага чалавека. Але драматург не спяшаецца выставіць яго злачынцам і ліхадзеем і паказвае, што ў нейкі момант Ягайла завагаўся наконт таго, ці варта яму ажыццяўляць свае злачынныя планы. Іх здзяйсненню часта спрыяе акружэнне князя Ягайлы. Адмоўным атрымаўся вобраз стражніка Люценя, на сумленні якога ляжыць асноўны цяжар віны здрадніцкім забойстве Кейстута. Сэнс жыцця Люценя заключаецца ў халопскім служэнні ўладару, ва ўменні яму дагаджаць. Процілеглы тып адданасці гаспадару —пакаёўка ў палацы Вітаўта Алена. Безнадзейна закаханая у князя, яна дапамагае яму ўцячы з затачэння ў Крэўскім замку, памяняўшыся з ім адзеннем. Гэтая самаахвярнасць каштавала ёй жыцця – Алену спальваюць на вогнішчы, лічачы яе служкай цёмных сіл. Князь Вітаўт паказаны як сумленны чалавек, патрыёт, для якога маральныя прынцыпы і ўласны гонар – вельмі важныя паняцці. Ён даруе Ягайлу ягоныя грахі і ідзе на пагадненне з ім, думаючы пра лёс роднай зямлі і свайго народа.



У цэнтры ўвагі драматургаў не толькі гістарычныя асобы, але і пісьменнікі. Стабільнай увагай карыстаецца Францыск Скарына. Асоба беларускага першадрукара, пісьменніка, перакладчыка, мастака-графіка, навукоўца з бліскучай еўрапейскай адукацыяй паўстае перад намі ў драматычнай паэме М.Арочкі “Судны дзень Скарыны” (1990 г.), гістарычнай драме А.Петрашкевіча “Прарок для Айчыны” (1990 г.), фарсе М.Клімковіча і М.Адамчыка “Vita brevis, або Нагавіцы святога Георгія” (1995). У творах М.Арочкі і А.Петрашкевіча шмат увагі адведзена драматычным перыпетыям жыццёвага лёсу славутага першадрукара: гісторыі судовых спраў, побытавых калізій, якія адабралі ў яго шмат здароўя, часу і вымусілі эмігрыраваць у Прагу. Судовая справа, звязаная са спадчынай, скончылася для Ф.Скарыны турмой, апынуўшыся ў якой, ён думае не столькі пра свой асабісты лёс і вызваленне, колькі пра лёс культуры роднага краю. У творы М.Клімковіча і М.Адамчыка вобраз Скарыны істотна адрозніваецца ад раней створаных беларускімі пісьменнікамі. Перад намі аматар любоўных прыгод, фарсавы персанаж. Твор быў неадназначна ўспрыняты чытачамі, таму што, на думку С. Лаўшука, гаворка ідзе “пра карэктнасць, пачуццё меры, якіх яўна не хапіла маладым літаратарам” [3 , с. 105]. Сюжэт гісторыка-біяграфічнай драмы А. Курэйчыка “Скарына” (2006) заснаваны на ўзнаўленні і асэнсаванні жыццёвага і творчага шляху выдатнай постаці XVI ст. Мы маем магчымасць пазнаёміцца з сучасным варыянтам гісторыка-біяграфічнай драмы, у якой мастак слова “фарміруе новы міф пра Ф. Скарыну, пераводзячы яго ў палемічна-дыскурсіўнае поле квазібіяграфіі” [3, с. 40]. Гаворачы пра жанрава-стылёвыя адметнасці твора, А.Курэйчык адзначае: “гэта не біяграфія і нават не гістарычная стылізацыя. Гэта погляд сучасніка на сучасніка, хоць і праз прызму нейкіх гістарычных рэалій” [4, с. 362]. Тры перыяды жыцця Скарыны—маладосць, сталы ўзрост, старасць —падаюцца на старонках п’есы. Такія тыпалагічныя рысы рэнесанснага дзеяча, як энцыклапедызм ведаў, валоданне некалькімі мовамі, схільнасць да вандровак, гуманізм, вальнадумства, патрыятызм, знаходзяць пераканаўчае ўвасабленне на працягу ўсяго твора. Убачым мы галоўнага героя і ў Вільні, і ў Падуі, некалькі разоў дзеянне перанясе нас у Прагу, калі Скарына, поўны сіл, аптымізму, выношвае планы на будучыню. У гэтым жа горадзе перад намі паўстае Скарына зусім стары і смяротна хворы. Высокія патрыятычныя пачуцці пранізваюць мастацкую структуру п’есы і выражаюцца ў рэтраспекцыйных прыёмах, калі галоўны герой успамінае пра сям’ю, дзяцінства, родныя мясціны. Шмат выпрабаванняў выпадае на долю Скарыны. Паказальны эпізод прыезду Падзвіцкага, які шляхам падману хоча прымусіць Скарыну пераехаць у Вільню, але, атрымаўшы адмову, заяўляе “…Загінайцеся тут. І ведайце, што для краіны вы застанецеся… жулікам, здраднікам… А ўсе вашы кнігі мы знойдзем і знішчым”[4, с. 50]. Гісторыя даказала адваротнае. У цэлым маладому драматургу “ўдалося стварыць пераканаўчы мастацкі вобраз Скарыны, не злоўжываючы аўтарскай свабодай мастацкага вымыслу, захоўваючы жанравы код біяграфічнай драмы”[3, с. 41].

У аснову драматычнай паэмы Р. Баравіковай ”Барбара Радзівіл” (1991) пакладзены летапісныя падзеі ў Вялікім княстве Літоўскім, а таксама паданні пра каханне Жыгімонта ІІ Аўгуста і адной з самых прыгожых жанчын сваёй эпохі Барбары Радзівіл. Зачараваны прыгажосцю княгіні, Жыгімонт тайна абвянчаўся з ёй, нягледзячы на нядаўнюю смерць жонкі, насуперак волі бацькоў і ўладалюбным інтарэсам беларускай і польскай шляхты. Стаўшы польскім каралём пасля смерці бацькі, ён дабіўся афіцыйнага прызнання Барбары польскай каралевай, але яна на жаль, у хуткім часе была атручана. У аўтарскай абмалёўцы гісторыя кахання Жыгімонта і Барбары падаецца ў святле рамантызацыі і меладраматызму. На першы план выходзяць пачуцці закаханых, якія кідаюць выклік свайму асяроддзю і часу, такому неспрыяльнаму для ўзвышанага кахання.



У беларускай драматургіі знаходзіць адлюстраванне чарнобыльская трагедыя. Творы А. Петрашкевіча (“Дагарэла свечачка...”, 1988), І. Чыгрынава (“Хто вінаваты”, 1993), М. Матукоўскага (“Бездань” , 1992), А. Ждана (“Салгалі богу, салгалі…”, 1993), А. Дударава (“Адцуранне”, 1994), В. Ткачова (“Блакада ў Кругліцы”, 1994) Г. Каржанеўскай (“Чарнабог”, 1997) і інш. вызначаюцца трагедыйнасцю пафасу і зместу. Філасофская сімволіка-рамантычная паэма-драма [1, c. 108] А. Дударава “Адцуранне” ўзнаўляе трагедыю жудаснага пекла, у якім апынуліся людзі. Разам з героямі п’есы Ліквідатарам, Дэсантнікам, Вешчуном, Старым мы трапляем у зону адцурання, дзе гіне ўсё жывое, вар’яцеюць людзі, знішчаюцца пабудовы. Дапаўняецца ўсё гэта містычна-неверагоднымі дзеяннямі: ажываюць мерцвякі і ідуць у зону. Рэальныя падзеі пераплятаюцца з умоўна-фантастычным паказам дзеяння, выводзячы нас на абсягі іншабыцця, вечнага часу. Ідэйная выснова твора заключаецца ў наступным: Чарнобыль – сімвал зла і вар’яцтва, перамагчы які можна толькі тады, калі мы будзем змагацца за “новае неба і новую зямлю”, звяртаючыся да гуманных ісцін, многія з якіх чалавецтва пакінула нашчадкам у біблейскіх запаветах. У п’есе М.Матукоўскага “Бездань” асэнсоўваюцца наступствы Чарнобыля, падрыхтаваныя камандна-адміністрацыйнай сістэмай, якую ўвасабляюць у творы першы сакратар ЦК рэспублікі Антон Пятровіч Чумак і яго памагатыя. У рэдактара рэспубліканскай газеты Аляксея Траяна памірае пры родах жонка і дзіця. Яны, як мы даведаемся крыху пазней, сталі ахвярамі жудаснага экалагічнага эксперыменту. Асуджаючы кіраўнікоў тыпу Чумака, для якіх клопат пра ўласную пасаду з’яўляецца жыццёва важным, аўтар выказвае крытычнае стаўленне і да галоўнага героя п’есы Аляксея Траяна, які таксама стаяў на варце інтарэсаў камандна-адміністрацыйнай сістэмы. Перажыўшы асабістую трагедыю, ён убачыў увачавідкі тую бездань сацыяльнага і маральнага падзення ў грамадстве, сведкам якой стаў сам. Беларуская драматургія мае ў сваім арсенале і алегарычную драму. Яе прыклад — алегарычная п’еса-казка для дарослых Г. Каржанеўскай “Чарнабог”. У дадзеным вобразе аўтар персаніфікуе тое, што раней называлася мірным атамам і што паслужыла прычынай вялікай катастрофы. Выразна прасочваецца сугучнасць слоў Чарнобыль — Чарнабог. За вобразамі Чарнабога, Мастака, Мары, Безаблічных прасочваюцца пэўныя алюзіі дня сённяшняга.

Абвастрэнне грамадскіх і сацыяльных праблем у другой палове 80 – 90-х гг., калі ўскладніліся ўзаемаадносіны паміж людзьмі, калі дабрыня і спагада саступілі месца жорсткасці і цынізму, надало новы творчы імпульс беларускім драматургам. Праблемы духоўнасці, пошуку чалавекам свайго месца ў жыцці знаходзяцца ў цэнтры ўвагі драматычных твораў А. Дударава (“Злом”), I.Каржанеўскай (“Мора, аддай пярсцёнак”), А. Паповай (“Улюбёнцы лёсу”), А. Федарэнкі (“Багаты кватарант”), З. Дудзюк (“Заложнікі шчасця), М. Клебановіча (“Збродныя душы”)і інш. Па-рознаму адлюстроўваюць мастакі слова сучасную рэчаіснасць, але ж ёсць у іх ацэнках нешта агульнае. Гэтае агульнае можна вызначыць як абвостраную рэакцыю на рэаліі жыцця людзей у новых сацыяльна-эканамічных умовах. П’еса А.Дударава “Злом” (1989) паказвае нам жыццё і побыт людзей “дна”. Кожны па-рознаму трапіў сюды. Сметнік стаў агульным домам для Піфагора, Афганца, Русалкі, Дацэнта, Хітрага, Пастушка і інш. Нехта з іх стаў ахвярай палітыкі і часу, а нехта — ўласных памылак. Кожны з герояў у душы звяртаецца да свайго мінулага, якое ім уяўляецца самым светлым промнем жыцця. Мінулае не дае ім спакою, прымушаючы пакутаваць душэўна і шукаць сэнс жыцця ў сваім існаванні. У нечым меладрама А. Паповай “Улюбёнцы лёсу”(1994) перагукаецца з драмай А. Дударава “Злом”. І хоць яе героі не адносяцца да людзей “дна”, але ж яны таксама жывуць настальгіяй па мінулым, таму што некалі былі “гаспадарамі жыцця”, а сёння апынуліся на ўзбочыне жыццёвай дарогі. Гераіня твора Ірына са шкадаваннем ўспамінае прыгожае жыццё, якое ёй забяспечваў бацька-генерал і ў якім было “столькі шыку”. Рэаліі новага дня зусім іншыя: кароткі любоўны раман Ірыны заканчваецца нічым, былы муж не змог далучыцца да новых гаспадароў жыцця, а бацька-генерал больш падобны да старога маразматыка, які хоча, каб яго адвезлі ў Маскву для прыняцця парада. Лейтматывам праз увесь твор праходзіць думка пра тое, што нельга бяздумна і бесклапотна карыстацца жыццёвымі дабротамі: тое, што лёгка даецца, лёгка і адбіраецца. П’еса А. Федарэнкі “Багаты кватарант” (1995) крытыкуе прыкрыя з’явы нашага грамадства і заклікае быць духоўна прыгожымі і маральна чыстымі. Героі п’есы – звычайная гарадская сям’я: дацэнт ВНУ Васіль Васільевіч, яго другая жонка Алена Яўгенаўна і іх дачка Наташа – студэнтка-першакурсніца. Пастаянная матэрыяльная нястача прыводзіць да частых сварак. Каб паправіць сваё фінансавае становішча, сям’я вырашае ўзяць кватаранта. Ім аказаўся студэнт-пяцікурснік Алесь, які плаціць за пакой у кватэры значна больш, чым трэба. Адкуль у студэнта столькі грошай? Праўда адкрываецца пасля шчырай размовы гаспадароў кватэры з Алесем і пасля таго, як іх дачка закахалася ў хлопца. Алесь — малады пісьменнік, які надрукаваў свой твор у амерыканскім часопісе і атрымаў за яго ганарар. На зман ён пайшоў дзеля таго, каб убачыць знутры лёс звычайнай сям’і і напісаць пра яе цікавы твор, які будзе сцвярджаць, што гэтыя людзі вартыя лепшай долі і лепшага жыцця. Грошы не раз’ядналі Алеся і Наташу, ды і для бацькоў Наташы яны – не галоўнае: сапраўднае каханне і шчасце не купляецца і не прадаецца за грошы, прыстойнасць і сумленне ва ўсе часы займалі і будуць займаць значнае месца ў нашым жыцці. Актуальныя этычныя і сацыяльныя пытанні, такія, як пошукі чалавекам свайго прызначэння, захаванне тых сіл, што ўтрымліваюць людзей ад дэградацыі, узняты ў меладраме А. Дударава “Кім” (2001). Хоць аўтар і не вызначае жанру свайго твора, абмежаваўшыся ў падзагалоўку азначэннем п’еса, ёсць усе падставы для гаворкі пра зварот мастака слова да меладрамы. Распрацоўка характараў, інтрыгі, раптоўныя сюжэтныя павароты, эмацыйная афарбоўка дзеяння, амаль казачны фінал даюць нам падставы для такога сцвярджэння. Галоўны герой шукае сродкі, каб выратаваць ад цяжкай хваробы сваю названую сястру. Малады чалавек трапляе ў розныя авантурныя сітуацыі, і мы становімся сведкамі самых неверагодных супадзенняў і метамарфозаў. У фінале нас чакае шчаслівая развязка, своеасаблівы “хэпі-энд”, які з’яўляецца ўзнагародай героям твора за дастойна вытрыманыя жыццёвыя выпрабаванні. Галоўны герой камедыі У. Сауліча “Сабака з залатым зубам” (1993) — начальнік медвыцвярэзніка маёр Козлікаў. Ён трымае ў кватэры самагонны апарат, які спраўна працуе і выдае якасную, на думку галоўнага героя, прадукцыю. Маці Козлікава Кацярына Карпаўна ўвесь час моліцца перад партрэтам сына, просіць даць шчасця і здароўя сваёй крывіначцы, яго жонцы, іх дзецям і яе ўнукам. Нягледзячы на ўзрост, бабуля лепш за іншых бачыць страту духоўнасці і маралі ў грамадстве, якая прыводзіць да сапраўдных трагедый, разбураючы чалавечую асобу. Вось і пытаецца бабуля: ”Божачка, скажы мне, дурной, што гэта з людзьмі парабілася? Цкуюць адзін аднаго, душаць, б’юць, зусім звар’яцелі… Што гэта, Божачка?”(7, c. 106). З’явілася новая мода — заводзіць сабак, абавязкова з добрай радаслоўнай і пашпартам. Так з’яўляецца ў кватэры сабака, па мянушцы пан Фокс (як потым акажацца, звычайны вясковы цюцік), для якога патрэбныя асобныя апартаменты. Дзеля гэтага галоўны герой прыспешвае маці, каб тая падрыхтавалася да пераезду ў дом састарэлых. Кацярына Карпаўна, каб вызваліць плошчу для сабакі, абяцае памерці да канца дня. Спалучэнне рэальнага з парадаксальным і неверагодным, гратэскавая фактура п’есы дапамагаюць аўтару прасачыць за распадам чалавечай асобы. Катаклізмы жыцця балюча закранулі маладое пакаленне. Філасофскія пытанні жыцця і смерці знаходзяць сваё адлюстраванне ў п’есе К. Сцешыка “М. М. Сцэны жыцця ” (2005). Дыялог – спрэчка двух сяброў – Дзмітрыя і Сяргея – пакладзены ў аснову мастацкай структуры сацыяльна-філасофскай драмы. Дваццацівасьмігадовы Сяргей прыходзіць да высновы, што помніць пра смерць трэба пастаянна, таму што такая памяць вучыць цаніць жыццё, быць удзячным Богу за кожны пражыты дзень, за атрыманую асалоду ад зносін з іншымі людзьмі, ад гармоніі з прыродай. Праводзячы “рэвізію” жыццёвых каштоўнасцей, малады чалавек задумваецца над тым, што застанецца ад яго пасля смерці і нават запісвае свой “маналог для нашчадкаў” на дыктафон. Успамінае Сяргей свайго бацьку, які, хоць і не пакінуў асабліва добрай памяці пра сябе, але ў сына страта роднага чалавека выклікае шкадаванне. Дзмітрый смерці не баіцца і не жадае пра гэта гаварыць, але менавіта ён раптоўна памірае. Ідэйная выснова зводзіцца “да філасофскай квінтэсенцыі”: неабходна цаніць кожнае імгненне жыцця, каб пакінуць дастойны след пасля сябе на зямлі. Заслугоўвае ўвагі драматычная паэма У. Някляева “Армагедон” (2010), надрукаваная ў літаратурна-мастацкім часопісе “Дзеяслоў”. Па прызнанні самога аўтара, ён “напісаў пра ўсё, што можа стацца з чалавекам. І не толькі тады, пакуль чалавек жывы, але і тады, калі ён мёртвы. З п’есы вынікае, што смерці не бывае. Хоць завяршаецца п’еса канцом свету. Гэтая супярэчнасць і ёсць аснова быцця. На ёй і стаіць, хістаючыся, свет”[6, с. 77]. У нечым твор падобны да казкі з горкім прысмакам праўды: мы ўсё роўна застаемся заложнікамі нашых маленькіх трагедый. Ствараецца ўражанне, што аўтар шкадуе аб тым, што цывілізацыя пайшла па шляху тэхнічнага прагрэсу. Выберы мы іншы вектар развіцця, інакшым было б перамяшчэнне чалавека ў прасторы. У п’есе, па прызнанні аўтара, “прысутнічае тэма вар’яцтва, ненармальнасці…, таму і выклікае здзіўленне, што нехта некага яшчэ здольны разумець. Бадай, гэта найлепшае, што можа стацца паміж намі” [ 6, c. 80].

Сацыяльна-палітычныя пераўтварэнні на мяжы стагоддзяў і актыўнае абмеркаванне ”забароненых” тэм прывялі да змен у грамадскай псіхалогіі. Драматургія не магла праявіць абыякавасць да гэтых змен і зрухаў. Пісьменнікі розных пакаленняў, літаратурных генерацый, творчага тэмпераменту адчулі неабходнасць у мастацкім асэнсаванні і пераасэнсаванні складаных і драматычных перыпетый народнага быцця. Скарыстаўшы багаты вопыт і аўтарытэт мінулых часоў, паяднаўшы мастацкую традыцыю і наватарства, сённяшняя беларуская драматургія пашырыла тэматычную і жанравую разнастайнасць, набліжаючыся да вырашэння і асэнсавання надзённых праблем сучаснасці.

_____________________

1. Аўдоніна, Т. В. Вяшчун трагедыі і надзеі : вывучэнне драмы А. Дударава ”Адцуранне” на ўроках літаратуры // Матэрыялы рэспубліканскіх мэмарыяльных навуковых чытанняў “Навукова-педагагічная і літаратуразнаўчая спадчына М. А. Лазарука” (Мінск, 4 кастрычніка 2001) . – Мінск, 2003.

2. Васючэнка, П. Сучасная беларуская драматургія: Дапам.для настауніка. — Мінск, 2000.

3. Гончарова-Грабовская, С. Я. Художественная парадигма современной русскоязычной драматургии Беларуси // Русский язык и литература. — 2008. — №7.

4. Курейчик, А. Скорина: сб. пьес / А. Курейчик. – Минск, 2006.

5. Лаўшук, С. С. Драматургія. Гісторыя Беларускай літаратуры ХХ ст. У 4 т. Т. 4. кн. 2: 1986—2000. — Мінск, 2003.

6. Някляеў, У. Армагедон // Дзеяслоў. — 2010. — №1 (44). – С. 76—108

7. Сауліч, У. Халімон камандуе парадам. / У. Сауліч. — Мінск, 1993.



8. Шамякіна, Т. І. Значэнне беларускай класікі ў сучасным свеце. Літаратурна-сацыялагічныя разважанні // Роднае слова. — 2008. — №10. — С.6- 8.
Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> Салавей Г. С. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, г. Брэст
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал