Маленькі астравок маёй зямлі




Дата канвертавання03.01.2017
Памер134.46 Kb.

  1. 11 кастрычніка 2008 года гарадскі пасёлак Астравец святкаваў сваё 540-годдзе першага ўпамінання ў пісьмовых крыніцах (1468 год). Да юбілею пасёлка былі капітальна адрамантаваны аб'екты сацыяльнай сферы, добраўпарадкаваны тэрыторыі прамысловых прадпрыемстваў, заасфальтаваны вуліцы, прыведзены ў парадак пешаходныя дарожкі, двары, зона адпачынку ў маляўнічым месцы на беразе ракі Лоша. Абноўлены камунікацыі і цеплаправодныя сеткі, пабудавана станцыя абезжалезвання вады. Пабудаваны аўтастанцыя, універмаг, мост праз раку Лоша, капітальна адрамантавана гасцініца, адкрыты новы гандлёвы рынак.

  2. Маленькі астравок маёй зямлі,

Зялёны Астравец над срэбнай Лошай,

Такі прытульны і такі харошы,

Як сонца, бор і родныя палі.

Так пранікнёна пісаў пра Астравеччыну вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Караткевіч у сваім вершы “ Дом сябра” (1974 г.).

Наш зямляк А.Мальдзіс, едучы ў госці да сваіх блізкіх на Астравеччыну, часта браў з сабой свайго сябра, вядомага пісьменніка і паэта У.Караткевіча. Дзякуючы гэтаму і з’явіўся на свет гэты верш і быў прысвечаны юбілею Астраўца.


  1. Так з захапленнем і ўлюблённасцю Адам Мальдзіс расказвае пра родную Астравеччыну, цікавы і маляўнічы куток Беларусі, пра яе мінулае , культурныя і этнаграфічныя традыцыі, пра людзей і прыроду ў сваім нарысе “Астравеччына край дарагі” (Мінск “Мастацкая літаратура”, 1977 год).

  2. Герб і сцяг гарадскога пасёлка Астравец і Астравецкага раёна зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007г. № 279.

Пры стварэнні герба ўлічаны гістарычныя падзеі і геаграфічнае размяшчэнне Астраўца. Герб уяўляе варажскі шчыт, перасечаны хвалістым поясам зялёнага колеру, у верхнім срэбным полі якога намаляваны дуб натуральнага колеру з зялёным лісцем, у ніжнім блакітным - срэбная стронга ў правы бок.

Дуб выражае моц, вынослівасць, даўгалецце, веру і славу. Рыба (стронга) з'яўляецца раннехрысціянскім сімвалам, звязаным з урадлівасцю, выкананнем жаданняў і справядлівасцю.

Сцяг - прамавугольнае палотнішча з суадносінамі 1:2, якое складаецца з трох вертыкальных роўнавялікіх палос: блакітнага, белага і зялёнага колеру. У цэнтры палотнішча - малюнак герба.




5.

5.1. Царква Святых апосталаў Пятра і Паўла. Узведзена ў 1998 годе на беразе водасховішча ў Астраўцы.


5.2. Касцёл Космы і Даміяна, помнік архітэктуры класіцызму ў г. Астравец. Пабудаваны ў 1785-87 на сродкі Гіляр Тышэўскага на месцы старажытнага драўлянага касцёла і кляштара дамініканцаў. У інтэр'еры храма захоўваюцца каштоўныя абразы 18 - 19 стст.
5.3. Касцёл Узнясення святога Крыжа ў г. Астравец. Пабудаваны на ахвяраванні парафіян у 1910-1911 гадах.
5.4. Георгіеўскі касцёл у Варнянах . У 1760 годзе прадстаўнік слаўнага роду Юрый Абрамовіч пачаў будаўніцтва каменнага касцёла ў гонар свайго нябеснага заступніка Георгія (Юрыя). Георгіеўскі касцёл у Варнянах пабудаваны ў стылі барока ў 1760-69 гг. і асвенчаны біскупам віленскім Т.Зянькевічам. Асноўны мастацкі акцэнт зроблены на галоўным двухвежавым фасадзе касцёла, які выступае за межы асноўнага аб'ёму і адрозніваецца вытанчанасцю і ажурнасцю сілуэту.
5.5. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа у вёсцы Быстрыца. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа - помнік архітэктуры позняга барока. Узведзены па загаду польскага караля Жыгімонта I у сярэдзіне XVI ст. Перабудаваны ў 1760 годзе. Уяўляе сабой каменны аднанефны двухвежавы храм з пяціграннай апсідай. У інтэр'еры - арнаментальнаы жывапіс XIX стагоддзя, двух'ярусны алтар з штучнага мармуру.

5.6. Касцёл Святога Міхаіла Архангела ў Міхалішках. Ахвяраванні на будаўніцтва храма Святога Міхаіла Архангела былі зроблены Янам Бжастоўскім ў 1662 г. Аўтар гэтага вядомага помніка культавай архітэктуры лічыцца архітэктар бельгійскага паходжання Крыштаф Пенс. Храм быў асвенчаны ў гонар Святога Міхаіла Архангела у 1700 г. віленскім біскупам Бжастоўскім. У тыя часы Святога Архангела Міхаіла лічылі галоўным абаронцам і нябесным заступнікам ўсяго ВКЛ. Мастацкае аздабленне храма касцёла зроблена ў 1684-1700 гг. групай замежных мастакоў-дэкаратараў (Дж.М.Галі, А.Капоне, Я.Пенс (сын архітэктара) пад правадырствам прыдворнага мастака Яна Казіміра Сапегі - Пятра Пертэ, з удзелам мясцовага мастака Мікалая Жылевіча.


5.7. Касцёл Нараджэння Багародзіцы ў в. Кемелішкі. У 1781 годзе фундаваны Станіславам Прушчынскім, асвенчаны біскупам Д.Пілхоўскім у 1799 годзе. Перабудаваны ў 1900 годзе.
5.8. Троіцкі касцёл у вёсцы Гервяты. Гервяцкі касцёл уваходзіць у тройку самых высокіх храмаў Беларусі (61 м) і, несумненна, адзін з самых лепшых узораў неагатычнага стылю. Храм быў пабудаваны ў 1903 годзе на месцы драўлянага касцёла 1526 г. Перад храмам стаяць некалькі драўляных крыжоў з багатай разьбой, што характэрна для літоўскіх храмаў.

Інтэр'ер храма не ўражвае багаццем, але адрозніваецца вельмі добра вытрыманы стылем. Эстэтычную завершанасць надае дзівосны ландшафт вакол з рэдкімі дэкаратыўнымі раслінамі і фігурамі апосталаў.


5.9. Сядзіба Мар’яна Богуша-Шышкі ў Трокеніках

Сядзібна-паркавы комплекс у Трокеніках быў створаны Богушамі-Шышкамі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, недалёка ад краю геалагічнага разлому, які ўтварыўся ў часы ледавіковага перыяду. Сядзібны дом пабудаваны ў стылі неабарока, уяўляе сабой аднапавярховы мураваны прамавугольны ў плане будынак з мансардай, накрыты пластычным высокім дахам з «заломам». Галоўны ўваход і тарцы будынка ўпрыгожваюць фігурныя ўвагнута-выпуклыя франтоны з бакавымі валютамі і круглымі слухавымі вокнамі ў іх верхняй частцы.. Фасады дома практычна пазбаўлены дэкору, апрача прафіляванага карнізу, які акаляе будынак. Аконныя праёмы прамавуголыныя. Планіроўка дома анфіладная, у цэнтры вестыбюля – вітая чугунная лесвіца, якая вядзе на мансардавы паддашак. Дзвярны праём у франтоне галоўнага фасаду мае выхад на невялікі гаўбец.

Побач з домам знаходзіцца флігель для прыслугі, стайня і невялікі парк эканамічнага тыпу. Парк займае маляўнічы ўзгорак, разрэзаны невялікай рэчкай. Пярэдняя парадная частка парку мае сіметрычную планіроўку, а тая, што размешчана за домам некалі мела пейзажнае афармленне і з’яўлялася своеасаблівай глядзельнай пляцоўкай з відамі на рачулку са стромкімі берагамі. Непасрэдна да яе прымыкала рэгулярная частка парку, якая займала адносна роўную тэрыторыю. Купіны пладовых садоў абмяжоўваліся пасадкамі дрэваў мясцовых пародаў – клёну, ліпы, конскага каштану. Побач з домам пачыналася ліповая-каштанавая палісада, якая вяла да старога дуба на стромкім беразе абрыва. Сёння толькі гэты помнік прыроды – маўклівы стогадовы сведка, нагадвае аб былой прыгажосці парка.

6.

У 1883 годзе ў беднай сялянскай сям'і ў вёсцы Лакцяны Клюшчанскай парафіі (зараз Спондаўскі сельсавет Астравецкага раёна) нарадзіўся святар, паэт, пісьменнік, драматург і перакладчык Янка Семашкевіч, які вядомы ў літаратуры пад псеўданімам Янкі Баліны. У Клюшчанскім касцёле яго хрысцілі. З Клюшчанскай парафіяй ў яго і яшчэ адна повязь – ў 1907 годзе тут ён, выпускнік Віленскай духоўнай семінарыі, цэлебраваў сваю першую імшу, на якой прысутнічалі родзічы, вернікі роднай вёскі Лакцяны і суседніх вёсак. Служыў ксяндзом на Вілейшчыне, Ашмяншчыне, Беласточчыне. За выкарыстанне беларускай мовы ў казаннях Янка Быліна праследваўся польскімі ўладамі. Яго творчасць засталася амаль не даследаванай літаратуразнаўцамі. Публікавацца пачаў ён з 1917 года ў газеце "Гоман", перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, у тым ліку часопісе "Маланка". Ён аўтар паэтычных зборнікаў "На прызбе" і "У чырвоным куце", камедыі "Выбар старшыні". Пісаў Янка Быліна і вершаваныя апавяданні-гутаркі, а таксама перакладаў на беларускую мову рэлігійную літаратуру. Памёр пісьменнік у 1956 годзе.



  1. Леў Дабжынскі нарадзіўся ў 1907 г. у Пецярбургу ў заможнай сям'і. Яго дзед, сенатар і царскі саветнік Антон Дабжынскі, пахаваны на Астравеччыне, у падзямеллях капліцы ў Лошы. Маці, таленавітая спявачка, была ў блізкім сваяцтве з Львом Талстым (у яго гонар далі імя будучаму мастаку). Бацька - юрыст і таксама мастак. Набыўшы маёнтак Лоша Астравецкага раёна, Дабжынскія пераехалі сюды жыць, зблізіліся з мясцовымі сялянамі. Лашанскія краявіды сталі асноўнымі ў жывапіснай творчасці Л. Дабжынскага. Ён закончыў Віленскі універсітэт, дзе вучыўся ў Фердынанда Рушчыца. У Вільні, з поспехам прайшла персанальная выстаўка Л. Дабжынскага, пасля чаго ён атрымаў стыпендыю на стажыроўку ў Францыі. Але ў 1938 г. яго жыццё трагічна абарвалася. Пахаваны мастак у Лошы, дзе на яго магіле, каля капліцы, пастаўлены помнік. Большасць алейных палотнаў жывапісца знікла пасля вайны. Некаторыя знаходзяцца ў Вільнюсе і Гданьску. Сястра мастака доктар медыцыны і польская пісіьменніца Надзея Бітэль-Дабжынская, аўтар кніг "Вучаніца ведзьмы Агрыпіхі", заснавана на беларускім фальклорным матэрыяле, перадала копіі некалькіх яго твораў Лашанскаму Дому культуры.



Сваяк Казімір (сапр. Стаповіч Канстанцін), нарадзіўся 19.02.1890 г. у вёсцы Барані Астравецкага раёна ў сям'і лесніка.

У 1905 г. скончыў гарадскую школу ў Свянцянах. У 1906 г. прыехаў у Вільню, з 1908 г. вучыўся там у каталіцкай духоўнай семінарыі, у 1913 г. з-за хваробы на сухоты вярнуўся на радзіму. Быў вікарыем у парафіі Камаі каля Свянцян, затым перавёўся ў Клюшчаны. Набажэнства вёў па-беларуску. Арганізаваў кароткія настаўніцкія курсы (1915), а таксама шэраг беларускіх школ. У канцы 1916 г. пераведзены ў Карыціна на Беласточчыне. У 1919 г. жыў у вёсцы Лапеніцы пад Ваўкавыскам. З 1920 г. - зноў у Клюшчанах, затым у Засвіры.

Памёр 06.05.1926 г. у Вільні.

Першы верш апублікаваў у 1913 г. (газета «Беларус»). Аўтар зборніка вершаў «Мая ліра» (Вільня, 1924), апавяданняў і вершаў «Чарку дай, браце» (Вільня, 1926). Дваццаць пяць вершаў надрукаваны ў калектыўным зборніку «Ростані волі» (1990).

Выступаў і як публіцыст, асветнік з эсэ, артыкуламі рэлігійнага і літаратурна-крытычнага зместу (нарыс аб творчасці Ф.Багушэвіча, нататка аб аповесці «Дзве душы» М.Гарэцкага і інш.). У 1913 г. у Вільні выдадзена брашура «Алкаголь», у 1932 г. - яго філасофскі дзённік «Дзеля маёй мыслі, сэрца і волі».

Пісаў драматургічныя творы (ставіліся самадзейнымі калектывамі). Асобнымі выданнямі выйшлі «Янка Канцавы» (Вільня, 1920, 1924), «Купалле» (Вільня, 1930). У кастрычніку 2010 года адкрыта экспазіцыя “Дом Казіміра Сваяка” – Астравецкага гісторыка-этнаграфічнага музея ў вёсцы Барані.




Гашкевіч Іосіф Антонавiч - дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, натураліст, арыенталіст. Нарадзіўся ў Мінскім пав. ў сям'і святара. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839).

У 1839-49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Даследаваў культуру Кітая, вывучаў кітайскую, карэйскую і японскую мовы. Адначасова займаўся пытаннямі астраноміі і метэаралогіі, сабраў калекцыю насякомых. У якасці драгамана (перакладчыка) суправаджаў на фрэгаце "Палада" дыпламатычную місію Я.В.Пуцяціна ў Японію (1852-55). 3 яго ўдзелам заключаны руска-японскі дагавор 1855. Па дарозе з Японіі захоплены ў палон англічанамі (з прычыны Крымскай вайны 1853-56), знаходзіўся ў Ганконгу, потым у Англіі. У 1856 вярнуўся ў Расію.

У 1858-65 першы расійскі консул у Японіі (на Хакадатэ), адначасова выкладаў у Хакадацкай рускамоўнай школе. Адзін з першых іншаземцаў, якому дазволілі наведаць унутраную Японію, у т.л. двор сёгуна (правіцеля Японіі) у Эда (цяпер Токіо). У 1865 з сям'ёй вярнуўся на радзіму. У 1867 выйшаў у адстаўку і жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н), дзе працягваў займацца ўсходняй філалогіяй.

Шматлікія калекцыі флоры і фаўны Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў Заалагічнаму музею АН у Пецярбургу. Выдадзены ім першы ў Расіі "Японска-рускі слоўнік" (1857, разам з Тацібана Каосай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Яго імём названы апісаныя ім невядомыя раней віды насякомых, заліў у Паўночнай Карэі (па-карэйску Чосанман).

  1. На гербе і сцязе Астраўца і Астравецкага раёна адлюстравана магутнае культавае дрэва дуб. У Астравецкім раёне шмат дубоў-волатаў, сведкаў даўніны. У 100 метрах ад хутара Кавалёўшчына Спондаўскага сельсавета, на тэрыторыі заказніка “Сарачанскія азёры”, расце пяцісотгадовы волат, які красуецца на зацверджаным гербе райцэнтра. Вышыня дрэва 27 метраў, дыяметр кроны 33 метры, дыяметр ствала 2,13 метра, абхват 6,7 метра (на вышыні 1,5 метра).




  1. Першае ўпамінанне назвы Астравец упамінаецца ў дакуменце, у якім уладальнік Геранёнаў Юрый Гоштальд запісаў парафіяльнаму касцёлу Дзевы Марыі і Усіх Святых у Астраўцы дзве меры мёду са свайго маёнтка.




  1. У чэрвені 2007 года была арганізавана і праведзена міжнародная Беларуска-Літоўская экспедыцыя “Шляхамі графа Канстанціна Тышкевіча праз 150 гадоў”,  прысвечаная 150-годдзю экспедыцыі графа Канстанціна Тышкевіча па рацэ Віліі. У 50-ыя гады 19 века граф Канстанцін Піевіч Тышкевіч, вучоны-краявед, задумаў грандыёзнае навукова-даследчае падарожжа па Віліі ад вытокаў да вусця для вывучэння прыроды, этнаграфіі прылеглай тэрыторыі. Ім на ўласныя сродкі была збудавана спецыяльная флатылія, і ў 1857 годзе Канстанцін Тышкевіч з памочнікамі-аднадумцамі здзейсніў гэта падарожжа. Ён пабываў у 395 населеных пунктах, імкнучыся сабраць максімальную колькасць звестак. Пабываў ён і на Ігнацоўскай Замкоўцы, што знаходзіцца ў 3 км ад нашай вёскі Трокенікі. У 1871 годзе ў Дрэздэне на польскай мове выйшла кніга “Вілія і яе берагі”. У кнізе сабраны за чатыры месяцы падарожжа этнаграфічны, фальклорны і археалагічны матэрыял. Адносна фальклору даследчык адзначыў, што “народная песня была літаратурай народа, паданні і легенды былі першай яго гісторыяй”. Апісанню наведвання гары Замкоўка ля Трокенік ў кнізе “Вілія і яе берагі” адведзена паўтары старонкі. Па версіі Канстанціна Тышкевіча тут знаходзілася старажытнае капішча язычнікаў – культавае збудаванне ў усходніх і прыбалтыйскіх славян дахрысціянскага перыяду.

Аддаючы даніну памяці людзям, якія праславілі нашу Айчыну, узнікла ідэя паўтарыць маршрут экспедыцыі графа Тышкевіча ў год яго 150 летняга юбілея.

Мэты экспедыцыі:



  • пераемнасць гістарычных каранёў у жыцці людзей праз духоўнасць;

  •   прапаганда экалагічнай культуры; 

  • «Рака Вілія-Нерыс - агульны пачатак культур народаў Беларусі і Літвы"; 

  • папулярызацыя здаровага ладу жыцця праз выкарыстанне ракі Вілія-Нерыс у турысцкіх мэтах.


13. 15 студзеня 2010 года адзначалася 70-годдзе ўтварэння Астравецкага рёна.
14. 4 красавіка 2012 года адбылася сесія Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Адным з разгляданых пытанняў было "Аб аднясенні г.п. Астравец да катэгорыі гарадоў раённага падпарадкавання ".
15. Заказнік "Сарачанскія азёры» быў створаны ў маі 2006 года, а яго плошча складае 13.480 га. 12 тысяч гадоў таму па яго тэрыторыі прайшоўся Валдайска-Маскоўскі ледавік. Праз некаторы час запоўненыя вадой калдобіны сталі выдатнымі азёрамі. Глухое, Баранскае, Клеўе (Клявей), Белае, Туравейскае, Залоўское, Каймінскае, Сарочча, Тумскае, Галубіна, Галяданка, Ёдзі, Губеза і Вераб'і - такія зараз іх назвы. Кожнае з іх непаўторна і адрозніваецца ад папярэдняга глыбінёй, празрыстасцю, хімічным складам. Акрамя таго, азёры характэрныя тым, што кожнае з іх тыпова для якой-небудзь мясцовасці. Так, азёры, падобныя Баранскаму, часта сустракаюцца ў Скандынавіі, Глухому - у Паўночнай Сібіры, а вось Тумскае лічыцца тыпова беларускім. Размешчаныя адно за адным, Сарачанскія азёры ўтвараюць шыкоўную водную нітку даўжынёй у 18 кіламетраў.

З назвай звязаная адна легенда. Паводле падання, да сарокі пасватаўся верабей, і прызначыў ёй спатканне пад старым дубам. Увесь дзень сарока наводзіла марафет, а ўвечары паляцела на месца сустрэчы. Па дарозе пайшоў моцны лівень, які выбіў з сарокі кучу пёраў, але закаханую птушку такая дробязь не прымусіла спыніцца. І дарма. Як аказалася, на месцы сустрэчы вераб'я даўно ўжо не было, засталася толькі запіска: «Сапраўдныя вераб'і на сароках не жэняцца!». Сарока горка заплакала, і так доўга плакала, што наплакала цэлае возера, якое потым назвалі «возера Вераб'і». А з пёраў, страчаных па дарозе, нацяклі цэлыя лужыны касметыкі, у выніку на месцы іх падзенняў ўтварыўся цэлы ланцужок азёр.



16. Дзесяць каменных статуй ўпрыгожылі Астравец перад святкаваннем 540-годдзя. Гэта вынік пленэра скульптараў, які пайшоў у ліпені ў вёсцы Варняны Астравецкага раёна. Скульптары самі выбралі месца для размяшчэння сваіх тварэнняў і, зыходзячы з гэтага, прыдумалі прадмет малюнка.

16.1. “Час магнатаў”, усталяваны на беразе Лошы. На скульптуры адлюстраваны супрацьстаялыя адзін аднаму Гаштольд і Радзівіл. Аўтар - ураджэнец Расіі Аляксей Сарокін.

16.2. Некалькі тон важыць каменны “Бык”, дакладней, адна яго галава, зробленая Валянцінам Борздым. Выглядае скульптура злавесна. На што аўтар, усміхаючыся, адказваў: «А хіба не зло стварыла возера Бык, праглынуўшы юнага аратага?». Каменны “Бык” усталяваны ля аўтастанцыі горада.

16.3. Матыў легенды, якая існуе ў Бліканах каля Індрубкі і апавядае пра царкву, якая сышла пад зямлю, выкарыстаў Анатоль Баразеннікаў. Яго тварэнне так і завецца: “Звон Марыі, або Легенда”. Усталявана ў гарадскім парку.

16.4. Скульптура “Папараць-кветка” магіляўчаніна Карнея Аляксеева нагадвае Купалле, якое на Астравеччыне яшчэ называюць Святаянскім святам. Усталявана ў гарадскім парку.

16.5. Самым вялікім упрыгожваннем стала скульптура "Той, Хто ідзе" - яе вышыня (разам з металічным пастаментам) 4 м. Аўтар працы Павел Вайніцкі. Алегарычнасць работы можна расшыфраваць дваяка: толькі ўзброены сучаснымі тэхнічнымі дасягненнямі чалавек здольны крочыць у будучыню ці інакш: якімі б дасканалымі ні былі тэхнічныя знаходкі, усё ж вяршыня вяршынь – дзіця прыроды: чалавек. "Той, Хто ідзе" заняў пляцоўку перад адрэканструяваным будынкам кінатэатра.

16.6. Два аўтара звярнуліся да герба Астраўца. У Эдуарда Астаф'ева, які стварыў помнік Скарыну для Прагі, гэта сімвалічны юны “Дубочак” або “Чалавек, які адпачывае”. Скульптура ўсталявана ў гарадскім парку.

16.7. А ў Кацярыны Злоцінай – “Фарэль”,здаецца, выскачыць на бераг з крынічнай Лошы. Скульптура ўсталявана ў гарадскім парку.

16.8. Жывёльны свет прадстаўлены скульптурай “Матыль” гамяльчаніна Валерыя Казлоўскага. Скульптура ўсталявана ў гарадскім парку.

16.9. Скульптура “Арфа” аўтара Ігар Засімовіч поўная паветра і чароўных гукаў. Арфа – інструмент-небажыхар, да чуллівых струн якога дакранаюцца толькі пяшчотныя жаночыя рукі. На каменнай “Арфе” зайграць па сілах толькі вольнаму ветру. Размешчана на беразе водасховішча.



16.10. Скульптура “Хмарка”. Аўтарам работы з’яўляецца скульптар з Масквы Юрый Кандрашоў. Работа дэкаратыўнага накірунку. Знаходзіцца ля аўтастанцыі горада.

Літаратура


  1. Астравецкая праўда, жнівень 2008г.

  2. Клімчэня, А.Я., Пашкоў, Г.П., Самуэль, С.П., Ульянка, Б.В., Языковіч, Л.У. Памяць. Астравецкі раён / Мн.: Беларуская энцыклапедыя. 2004.

  3. Мальдзіс, А. Астравеччына, край дарагі / Мн.: Мастацкая літаратура. 1977.

  4. Турысцкая энцыклапедыя Беларусі / Мн.: Беларуская Энцыклапедыя. 2004.

  5. http://www.interfax.by

  6. http://astraviec.org





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка