Малюнкі і вершы Пятра Касцюкевіча



Дата канвертавання24.02.2017
Памер36.98 Kb.
#4281
Малюнкі і вершы Пятра Касцюкевіча

Перад намі 28 вершаў і 25 малюнкаў былога партызанскага разведчыка Пятора Касцюкевіча, аб’яднаныя агульнаю назваю “Балада пра Казянскі лес”. Сам па сабе гэты лес нічым асаблівым не вызначаецца. Такіх лясоў у Беларусі шмат. Ды і не Казянскім ён зваўся раней. Калісьці – Плятэраўскім, потым – дзяржаўным. У гэтым куточку Браслаўшчыны ў гады Вялікай Айчыннай вайны фашысты спалілі вёску Казяны. У Казянах загінула 211 мірных жыхароў. У брацкай магіле пахаваны 70 партызанаў. У наваколлі дзейнічала партызанская брыгада “Спартак”. Штаб яе размяшчаўся недалёка ад вёскі. Таму і замацавалася за лесам назва “Казянскі”. Лес стаў партызанскай крэпасцю, вогненай, непрыступнай зямлёю для ворагаў. Пра баявы шлях партызанаў-спартакаўцаў і расказаў у сваіх творах 17-гадовы партызанскі паэт і мастак.

Пятро Пятровіч Касцюкевіч нарадзіўся 27 ліпеня 1926 года ў невялікай вёсцы Шыці. Там прайшлі яго дзіцячыя гады. У 1941 г. паспяхова скончыў Шаркоўшчынскую школу і рыхтаваўся да паступлення ў мастацкае вучылішча. Вайна перашкодзіла Пятру рэалізаваць сваю задумку. Калі на тэрыторыі Шаркаўшчынскага раёна пачалі дзейнічаць партызаны, хлопец актыўна супрацоўнічаў з імі. У 1942 годзе ён – сувязны партызанскага атрада “Спартак”, у 193 – конны разведчык пры штабе партызанскай брыгады “Спартак”, у 1944- удзельнік баявых аперацый і аўтар “Партызанскага дзённіка”, у якім запісвае палымяныя вершы, частушкі, робіць замалёўкі, адзначае розныя факты, падзеі і г.д. Казянскі лес стаў для яго родным домам. Тут ён уступіў у камсамол, прайшоў жыццёвую загартоўку. Партызанскі калектыў быў вялікі і моцны. Брыгада перажыла блакаду, вытрымала націск карнай экспедыцыі , знішчала варожыя гарнізоны, вызваляла ад акупантаў мястэчкі і вёскі.

У 1944 годзе П.Касцюкевіч напісаў “Марш партызанскай брыгады “Спартак”, у якім заклікаў баявых сяброў да рашучай барацьбы за вызваленне роднага краю. Але падзеі апярэдзілі песню. Праз некалькі дзён прыйшла Чырвоная Армія – вызваліцельніца. Баявы шлях “спартакаўцаў” скончыўся. Большая частка партызан улілася ў рады арміі, а астатнія засталіся аднаўляць разбураную вайною народную гаспадарку.

П.Касцюкевіч служыў у радах Савецкай Арміі да 1958 года, затым працаваў у мастацкай майстэрні ў Петразаводску і адначасова вучыўся ў мясцовай мастацкай студыі і на адзяленні выяўленчага мастацтва ў Доме народнай творчасці імя Н.К.Крупскай у Маскве.

Першыя яго вершы друкаваліся ў 1944 годзе ў партызанскай раённай газеце “Краснае знамя”, потым былі публікацыі ў карэльскіх рэспубліканскіх газетах “Ленінская правда” і “Камсамолец”, у беларускіх газетах “Кліч Радзімы” (Шаркоўшчынскі раён), “Браслаўская звязда” (Браслаўскі раён) і ў двух калектыўных зборніках. Некалькі вершаў з “Партызанскага дзённіка” надрукаваны ў часопісе “Север” (№5). Малюнкі былога партызанскага разведчыка змяшчаліся ў тыднёвіку “Литературная Россия”, у часопісах “Пуналиппу” і “Рабоче-крестьянский кореспондент”. Пятро Касцюкевіч застаўся, такім чынам, партызанскім паэтам і мастаком на ўсё жыццё. У прадмове да сваіх вершаў і малюнкаў ён адзначае, што ў час вайны, знаходзячыся ў Казянскім лесе, заўсёды меў пад рукой два самаробныя блакноты: адзін для вершаў, другі для малюнкаў. Такім чынам сабралася каля 40 вершаў і прыкладна столькі ж малюнкаў.

Ідучы ў армію, Пятро Касцюкевіч пакінуў блакноты дома, у бацькі. Думалася, што так будзе лепш. Аднак, атрымалася горш. Вясковыя курыльшчыкі знайшлі “Дзённік” і “спажылі” большую частку яго. Уцалела 12 вершаў і некалькі малюнкаў. Пасля вайны аўтару ўдалося некаторыя з іх аднавіць, дапоўніць і ўдакладніць. Малюнкі, зробленыя алоўкам у 1943-1944 гадах, П.Кацюкевіч у 1980-1981 гадах перанёс тушшу на планшэты і на адваротным баку кожнага змясціў той або іншы верш з партызанскага дзённіка, а на партрэтах – біяграфічныя звесткі.

Пасля таго, як страчаныя і пашкоджаныя малюнкі ваенных гадоў былі адноўлены, П.Касцюкевіч паказаў іх на выстаўцы ў Доме палітасветы ў Петразаводску. Было гэта ў 1984 годзе.

Малюнкі П.Касцюкевіча неаддзельныя ад вершаў, складаюць з імі адно цэлае. Невыпадкова ж, калі глядзіш яго малюнкі, адчуваеш у іх музыку і паэзію, а калі чытаеш вершы – разумееш, што ствараў іх мастак, настолькі відавочныя ў іх вобразы. Сама прырода, паказаная ў творах П.Касцюкевіча, дзейная, як бы выступае ў ролі мастака: зімовы вечар сцеле сувоі палатна, мароз грунтуе іх, мацуе; а калі пацяплее, з-пад лёду і снегу прабіваюцца зялёныя і іншыя фарбы жыцця. Прафесія партызанскага разведчыка падказала мастаку і паэту, што той час вайны лясная прасека адыгравала ролю прыцэльнай рамкі і кожнае дрэва, нават птушка на ім браліся смерцю на мушку. П.Касцюкевіч сваімі творчымі сцежкамі вядзе нас на Віцебшчыну. У песнях і вершах упамінаюцца вёскі Снегі, Рабекі, Плятарава, Дубавое і інш. А ў вершы, прысвечаным партызанскаму кіраўніку І.Ф.Клімаву, паэт згадвае Міншчыну, Вілейшчыну, Нарачанскі край.

Вельмі мала цяпер засталося такіх партызанскіх паэтаў і мастакоў, як П.Касцюкевіч. Выстаўка яго твораў усхвалявала гледачоў у Петразаводскім педінстытуце і ў адным з кінатэатраў горада. Асобныя малюнкі паказваліся па Карэльскім тэлебачанні. Неўзабаве пасля выстаўкі я атрымаў ліст ад П.Касцюкевіча, у якім ён паведамляў : “Выйду на пенсію, будзе больш вольнага часу, паеду ў Мінск, у Віцебск, у Шыцці. Хочацца наведаць знаёмыя мясціны, пагаварыць з землякамі па-беларуску і ўладкаваць свае партызанскія малюнкі, каб не пыліліся, не залёжваліся – няхай людзі глядзяць, успамінаюць і памятаюць. Хто-небудзь ды скажа добрае слова, а яно ж – лепшыя лекі на нашы партызанскія раны”.

Ветэран здзейсніў свій намер – яго вершы і малюнкі ваенных гадоў сталі набыткам Беларускага Дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Копіі малюнкаў можна пабачыць у экспазіцыі гісторыка-краязнаўчага музея г.Браслава.



[“Памяць”, стар. 350-352]
Каталог: files
files -> Побач са смерцю з ycпaмiнaў У. П. Шчуцкага, былога члена Расонскага падполля
files -> Сідаровіч Анжэліка Алегаўна, настаўнік пачатковых класаў дуа «Карцэвіцкая сярэдняя школа»
files -> Робім здоровы выбар мэта: фарміраванне навыкаў здаровага ладу жыцця праз пазбаўленне ад шкодных звычак. Задачы
files -> Класіфікацыя звычак: Шкодная звычка – якая наносіць урон здароўю, культуры. Небяспечная
files -> Ці патрэбныя прапісныя ісціны? Мыць рукі перад ежай
files -> Адкуль з'явілася жыта
files -> Название специализированного модуля по выбору студента
files -> Гульнёвая дзейнасць выкарыстоўваецца ў наступных выпадках


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал