Манаграфічнай тэмы “максім гарэцкі” з выкарыстаннем электронных адукацыйных рэсурсаў у Х класе




Дата канвертавання17.10.2017
Памер86.27 Kb.
ВЫВУЧЭННЕ МАНАГРАФІЧНАЙ ТЭМЫ “МАКСІМ ГАРЭЦКІ” З ВЫКАРЫСТАННЕМ ЭЛЕКТРОННЫХ АДУКАЦЫЙНЫХ РЭСУРСАЎ У Х КЛАСЕ
Я.В.Есіс,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА “Сярэдняя школа № 16 г.Мазыра”
Выкарыстанне электронных адукацыйных рэсурсаў (ЭАР) у навучанні беларускай літаратуры – гэта арганізацыя вучэбна-пазнавальнай дзейнасці вучняў шляхам пастаноўкі і вырашэння практычных задач, якія патрабуюць самастойнай творчай высновы з дапамогай выкарыстання інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій (ІКТ). Сутнасць дадзенага навучання абумоўлена яго функцыямі, якія скіраваны на даследча-творчы пошук і прымяненне атрыманых ведаў, якія забяспечваюць засваенне метадаў пазнання ў працэсе фарміравання інтарэсу, патрэбнасцей у самарэалізацыі і самаадукацыі.

Асаблівасцю выкарыстання ЭАР у навучанні беларускай літаратуры з’яўляецца працэс выканання пастаўленых задач праз узнікненне новых праблем, якія патрабуюць адначасовага вырашэння. Такі падыход падразумевае дзейнасць вучняў пад кіраўніцтвам настаўніка, які скіроўвае першага да вырашэння праблемы з раней невядомай гіпотэзай, якая прадугледжвае у вучняў навыкаў аналізу і ўстанаўлення крытычна-аналітычных сувязей, назірання, параўнання, абагульнення і канкрэтызацыі; прыменення набытах ведаў у інфармацыйна-камунікатыўнай сітуацыі.

Эмацыянальна-матывацыйнай асновай ЭАР па беларускай літаратуры ў вучняў выступае інтарэс, які стумулюе пазнавальную актыўнасць, працэсы ўспрыняцця і ўвагі. Інтарэс – пазітыўзная эмоцыя, якая іграе вядучую ролю ў фарміраванні і развіцці навыкаў, уменняў, інтэлекту. Актывізацыя зацікаўленасці можа быць здзейснена пры наяўнасці перамен у сітуацыі і кантэксце, навізной, пры дапамозе ўяўлення і мыслення. Ствараючы праблемную сітуацыю пры вывучэнні біяграфіі мастака слова, настаўнік дае магчымасць самастойнага развіцця вучнямі даследча-пошукавых навыкаў, да якіх адносяць такія уменні як бачанне і аналіз праблемы, вылучэнне гіпотэзы, тлумачэнне азначэння паняццяў, працу з кнігай, карыстанне камп’ютарам. І чым раней пачынаецца праца ўвядзення настаўнікам ЭАР на ўроках беларускай літаратуры, тым хутчэй вучні навучацца бачыць праблему і знаходзіць нетрадыцыйныя, арыгінальныя шляхі яе вырашэння, фарміраваць сваю думку ў ацэнцы канвы біяграфіі пэўнага творцы, выносіць аргументаваныя высновы.

У методыцы выкладання беларускай літаратуры ёсць некалькі падыходаў да вывучэння біяграфіі пісьменніка. Па-першае, часта напачатку разглядаецца біяграфія, а потым праводзіцца тэкстуальны аналіз твораў. Такі падыход носіць неэфектыўны характар: знаёмства з асобай пісьменніка практычна заканчваецца ўжо на першым уроку, што прыводзіць да страты інтарэсу і творча-пошукавых здольнасцей вучняў. Па-другое, разгляд жыццёвага і творчага шляху пісьменніка перарываецца аналізам мастацкіх твораў, парушаючы пры гэтым цэласнасць вывучэння жыццёвага шляху мастака слова, біяграфічны матэрыял падаецца часткамі. Такі падыход трымаецца на прынцыпе гістарызму. Па-трэцяе, пры вывучэнні творчасці пісьменніка, біяграфія даецца для самастойнага азнаямлення, а на заключным уроку настаўнік абагульняе ўвесь жыццёва-творчы набытак творцы.

Аднак такія падыходы да вывучэння біяграфіі не вырашаюць галоўнай задачы, якая скіравана на эфектыўнасць дасягнення арганічнага яднання: асоба пісьменніка павінна спалучыць у сабе адзінства чалавечых фактараў (светапогляд, жыццёвы вопыт, талент, характар), якія вызначаюць успрыманне творцам аб’ектыўнай рэчаіснасці, яе адлюстраванне ў мастацка-аўтабіяграфічных творах пры дапамозе вобразна-выяўленчых сродкаў выразнасці.

Пры гэтым на ўроку беларускай літаратуры настаўніку варта навучыць школьнікаў думаць не толькі пра змест твора, але і пра яго аўтара, накіроўваць думкі вучняў ад аўтара да разумення твора і, наадварот, ад твора да разумення аўтарскай пазіцыі. І яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца вывучэнне ў Х класе тэмы “Максім Гарэцкі”, якая прадугледжвае “атрыманне вучнямі крытыка-бібліяграфічных ведаў пра жыццё і творчасць пісьменніка” [1, с.12].

Вучэбнай праграмай “Беларуская літаратура” на ІІІ ступені агульнай сярэдняй адукацыі на манагарафічную тэму “Максім Гарэцкі” адводзіцца тры гадзіны на азнаямленне з кароткімі звесткамі пра жыццё і творчасць пісьменніка, аналіз апавяданняў “Роднае карэнне”, “Літоўскі хутарок”, урыўкаў з аповесці “На імперыялістычнай вайне”, прапанаванага ў спісе для самастойнага чытання [1, с.86-87]. Вывучэнне жыццёвага і творчага шляху Максіма Гарэцкага павінна паглыбіць веды пра “структуру мастацкага твора, літаратурныя роды і жанры ў гістарычным аспекце, асаблівасці творчай манеры, стылю пісьменніка” [1, с.12]. Знаёмства з біяграфіяй пісьменніка пасадзейнічае самавызначэнню маладога пакалення, дапаможа сарыентавацца ў жыццёвых арыенцірах, пошуку ўласнага прызначэння, выхаванні настойлівасці у працэсе дасягнення пастаўленых мэт.

Зместам вывучэння жыццёвага і творчагу шляху Максіма Гарэцкага павінен быць адабраны такі крытычна-аўтабіяграфічны і мемуарны матэрыял, які дае вобразнае ўяўленне пра пісьменніка і дазваліць вучням убачыць творцу ў дзеянні праз выкарыстанне ЭАР, якія носяць не толькі пазнавальны, але і выхаваўчы змест. На прыкладзе жыцця Максіма Гарэцкага, яго высокіх маральных якасцей, грамадскіх ідэалаў, пачуццяў патрыятызму і гуманізму настаўнік фарміруе характар 10-класнікаў, спрыяе самавызначэнню асобы. Для рэалізацыі гэтага ў сваёй практыцы варта скіроўваць працу на:

– аналітычна-групавую дзейнасць, якая дае магчымасць глыбей зразумець асобу Максіма Гарэцкага, асэнсаваць яго творчую сістэму. На ўроку беларускай літаратуры павінны прысутнічаць каменціравана-аналітычная дэманстрацыя ЭАР і тлумачальнае чытанне, праблемна-пошукавая праца з тэкстам, парная і групавая работа на аснове ІКТ;

– апісальна-ацэначную дзейнасць, якая скіравана на перапрацоўку раней вядомага матэрыялу, аргунментаваную ацэнку, фарміраванне асабістай думкі. Настаўнікам на ўроку уводзяцца элементы прэзентацыі літаратурнага паведамлення, складанне аналітычных схем, табліц, модуляў [2, с.9] на аснове ІКТ.

У вучэбным дапаможніку “Беларуская літаратура” Х клас (пад рэдакцыяй З.П.Мельнікавай і Г.М.Ішчанкі) жыццёвы і творчы шлях Максіма Гарэцкага змяшчаецца на чатырох стронках, але цэласнага ўяўлення пра пісьменніка як пра чалавека, асобу і значнасці яго творчасці не фарміруецца. Нельга пакідаць па-за ўвагай этапы фарміравання асобы творцы, яго шматгранную грамадскую, літаратурна-крытычную дзейнасць.

Вывучэнне жыццёвага і творчага шляху Максіма Гарэцкага з выкарыстаннем мультымедыйнай прэзентацыі, як сродка ЭАР, складаецца з экспазіцыі, галоўнай часткі і заключэння, цесна ўзаемазвязаных паміж сабой. У экспазіцыі настаўнік пачне гаворку пра эпоху, у якую жыў і тварыў пісьменнік, будуць змяшчацца звесткі пра яго месца нараджэння, паходжанне, адукацыю. У галоўнай частцы – вучні самастойна знаёмяцца з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка, з’явамі і падзеямі ў грамадстве, якія сталі крыніцаю яго творчых задум, роздумаў і абагульненняў, ствараючы пры гэтым уласныя слайды, якія цалкам адпавядаюць агульнай канве вывучаемага матэрыялу. Вядучая роля настаўніка пры самастойнай працы вучняў – абгрунтавана канкрэтызаваць раскрыццё асноўных этапаў творчага сталення Максіма Гарэцкага, тлумачэнне падзей у грамадска-палітычным і асабістым жыцці пісьменніка.

Варыятыўнасць структуры мультымедыйнай прэзентацыі залежыць ад наяўнасці матэрыялу па тэме, ад падрыхтаванасці класа і, урэшце, ад захопленасці і зацікаўленасці самога настаўніка.

Адным з прыярытэтных відаў электронных адукацыйных рэсурсаў пры вывучэнні творчасці Максіма Гарэцкага стане выкарыстанне на ўроках беларускай літаратуры дакументальных стужак: “Максім Гарэцкі. Прысады жыцця” і “Максім Гарэцкі”, якія настаўнік можа выкарыстаць на сваё меркаванне.

Пры звароце да ЭАР дакументальная стужка “Максім Гарэцкі. Прысады жыцця”, знятай ў 1985 годзе творчым аб’яднаннем “Тэлефільм” беларускага тэлебачання рэжысёрам Ігарам Казлоўскім, настаўніку варта прытрымлівацца кантрэтнай дакументальнасці: засяродзіць увагу вучняў на кнізе “Гісторыя беларускай літаратуры” М.Гарэцкага; партрэтаў родных, бацькоў, сям’і, а таксама паплечнікаў творцы; згадаць асноўныя стронкі жыцця Максіма Гарэцкага (жыццё ў Вільні, вайна 1914 года, арэшт і зняволенне ў Лукішскай турме, ссылкі, расстрэл у Вязьме); спыніцца на “мінскім перыядзе” жыцця пісьменніка і яго дзейнасці (Рабфак, БДУ, Інбелкульт); вобразе-апавядальніку (ўвасабленне аўтара), які перажывае аб падзеях мінулага, пакінутай літаратурна-крытычнай спадчыны.

Пры выкарыстанні ЭАР дакументальная стужка “Максім Гарэцкі”, знятай ў 1993 годзе “Белвідэацэнтрам” рэжысёрам Вадзімам Купрыянавым, настаўніку варта засяродзіць увагу на аўтабіяграфічным пачатку: здымкі праходзілі на базе музея Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўшчына на Мсціслаўшчыне. Шматлікія фатаздымкі бацькоў, родзічаў і землякоў, выявы дома-музея і яго экспазіцыі даюць магчымасць больш эмацыянальна асэнсаваць жыццёвыя перыяды пісьменніка. Галоўнае растлумачыць вучням, што ўмоўная дакументальная прастора – размова душы, якая адкрываецца праз перапіску Максіма і Леанілы Гарэцкіх. У аснову фільма пакладзены ўспаміны пляменніка Радзіма Гарэцкага.

Важным момантам стане дэманстрацыя фрагментаў з дакументальных стужак, у якіх ацэнку дзейнасці Максіму Гарэцкаму даюць беларускія пісьменнікі Алесь Адамовіч і Янка Брыль. Пры гэтым 10-класнікам прапануецца такое заданне: “У чым яднаюцца і раз’ядноўваюцца ацэнкі вартасці Максіма Гарэцкага ва ўспрыманні творцаў другой паловы ХХ стагоддзя і вашы?”.

Падчас дэманстрацыі ЭАР вучням прапануюцца розныя заданні з выкарыстанем ІКТ: складанне храналогіі жыццёвага і творчага шляху пісьменніка; стварэнне блок-схемы па вызначэнні ролі, месца і значэння творчасці Максіма Гарэцкага ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя; вылучэнне і агучванне тэзісаў уласнай ацэнкі творчай спадчыны пісьменніка [2, с.9].

Карыстнай формай работы на ўроку беларускай літаратуры стане правядзенне завочнай экскурсіі з выкарыстаннем ЭАР, пад час якой клас падзяляецца на гледачоў (вучні) і экскурсаводаў (настаўнік, група вучняў), спалучаюцца зрокавы ланцуг, маўленне і наяўнасць музычнага афармлення. Урок пры гэтым будуецца на звароце “экскурсавода” да “гледачоў”, у аповедзе апісання мясцоваці, гістарычных падзей і асоб акцэнтуецца ўвага на цытаванні як мастацкіх, так дакументальна-аўтабіяграфічных і крытычных твораў Максіма Гарэцкага. Так можна правесці урок-экскурсію “У Малую Багацькаўку, да Максіма Гарэцкага”, якая паспрыяе замацаванню вывучанага матэрыялу, развіццю даследча-пошукавых і творчых здольнасцей вучняў. Цікавым будзе зварот да Internet-рэсурсу Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры (http://litmuseums.iatp.by/litm/ru/garecki.html і http://bellitmuseum.by/home.html), на якім можна прадэманстарваць фотавыявы Літаратурнага музея Максіма Гарэцкага ў вёсцы Малая Багацькаўка Мсціслаўскага раёна [3].

Метад праектаў з выкарыстаннем ЭАР пры вывучэнні жыццёвага і творчага шляху Максіма Гарэцкага павінен быць скіраваны на самастойную, даследчую дзейнасць вучняў у межах акрэсленай праблемы праз нетрадыцыйныя шляхі вырашэння, фарміраванне сваёй думкі ў ацэнцы асобы пісьменніка ці пэўнага мастацкага твора. Віды праектаў па тэме “Максім Гарэцкі” могуць быць наступныя:

– міні-праекты (рэалізуюцца за адзін урока) – “Вільня ў станаўленні творчай асобы Максіма Гарэцкага”, “Мінск у раскрыцці Максіма Гарэцкага” “Вайна 1914 года і Максім Гарэцкі”, “У фотагалерэі Максіма Гарэцкага” і іншыя;

– творчыя (рэалізуюцца на працягу 2-3-х урокаў) – “Аўтабіяграфічны пачатак творчасці Максіма Гарэцкага”, “Дакументальная праўда Максіма Гарэцкага” і іншыя;

– даследчыя (рэалізуюцца на працягу навучальнага года) – “Беларус у мастацкім святле Максіма Гарэцкага: актуальнасць узнятай праблемы ў беларускай літаратуры канца ХХ – пачатку ХХІ стагоддзя”.

Прыведзеныя заданні ўмоўна адлюстроўваюць шматгранне вучнёўскай дзейнасці, якая можа раскрываецца ў працэсе стварэння мультымедыйных презентацый, электронных пісьменніцкіх візітовак і буклетаў, Internet-сайта на аснове выканання творчых заданняў [2, с.9-10].

Такім чынам, вывучэнне тэмы “Максім Гарэцкі” з выкарыстаннем электронных адукацыйных рэсурсаў будуецца на асэнсаванні вучнямі асобы пісьменніка, яго ролі ў гісторыі беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, заснаванага на тлумачэнні, свабодным выбары форм, метадаў навучання і варыянтаў падачы новага матэрыялу адкрывае глыбіню вырашэння пастаўленых навучальна-выхаваўчых задач, якія раскрываюць праблему развіцця павышэння матывацыі вучняў да беларускай літаратуры праз магчымасці інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій.
Літаратура.

1. Беларуская літаратура. V–XI класы: вучэбная праграма для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання. – Мінск: НІА, 2012.



2. Грынько, М.У. Беларуская літаратура: зборнік творчых заданняў для тэматычнага кантролю: 10–11 класы: дапам. для настаўнікаў устаноў агул. сярэд. адукацыі з беларус. і рус. мовамі навучання / М.У. Грынько, А.В. Руцкая, І.М. Гоўзіч. – Мінск: Аверсэв, 2012.

3. Дзяржаўны музей беларускай літаратуры: Літаратурны музей Максіма Гарэцкага / [Электронны расурс]. – Рэжым доступу: http://litmuseums.iatp.by/litm/ru/garecki.html – Дата доступу:15.01.2013.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка