Марыя Кірушкіна Нараджэнне асабістай гісторыі



Дата канвертавання25.11.2017
Памер98.58 Kb.
#14579
Марыя Кірушкіна

Нараджэнне асабістай гісторыі

Філасофскі змест сучаснай жаночай паэзіі

У літаратуразнаўстве спалучэнне слоў “жаночая паэзія” прэтэндуе на статус ідыёмы. Эстэтычныя арыентацыі жанчын-творцаў паказваюць іх схільнасць да вызначальнай дэманстрацыі ўласнатворчасці. У літаратуры гэта актуалізуецца наступным чынам:



  • паэтызацыя мадэлі жаночай карціны свету;

  • маркіраванасць тэксту пэўнымі сімваламі, ідэаламі жаночай суб’ектыўнасці;

  • наяўнасць элементаў гендарнай тэорыі.

Беларуская жаночая паэзія на сучасным этапе арыентуецца на асэнсаванне маральна-этычных, філасофскіх праблем, разгляд якіх разам з аб’ектыўным адлюстраваннем рэчаіснасці немагчымы без даследавання прыватнага жыцця асобы, засяроджанасці на яе ўнутраным свеце. Матывы самоты, суму і адзіноты складаюць аснову мастацка-эстэтычнай сістэмы творцаў. Паэткі (А. Спрынчан, М. Вайцяшонак, М. Барадзіна, Л. Раманава і іншыя), акрамя прэзентацыі ідэалаў жаночай суб’ектыўнасці, мадэлююць адметныя вершатэксты, складнікам якіх з’яўляюцца элементы філасофскага пачатку. Спецыфіка сучаснай жаночай паэзіі – гэта стварэнне паэткамі ўласнай паэтычнай сістэмы, дзе праз сінтэз духа і цела ілюструецца метафізічная прастора душы лірычных гераінь, увасабляецца мікракосм аўтара.

Ідэнтыфікацыя жанчыны і фарміраванне парадыгмы яе адчуванняў адбываецца ў межах сучасных культурных прыярытэтаў, дзе канцэптуальная пазіцыя вызначаецца праз асабістую гендарную ролю.

З мэтай вызначэння дыферынцыяльных адметнасцей сучаснай жаночай паэзіі мэтазгодна выкарыстоўваць наступныя аспекты літаратуразнаўчага аналізу, што звязаны з інтэрпрэтацыяй паняцця катэгорыі:


    • значэнне паэтычнага твора заснавана на праўдзівасці каштоўнасцей;

    • эмоцыі не маюць канцэптуальнага зместу;

    • наяўнасць у тэксце філасофскіх паняццяў, што сведчаць аб існуючых гендарных стэрэатыпах.1

Метапаэтычны маніфест сучаснай жаночай паэзіі – гэта абсалютызацыя філасофскіх катэгорый, стварэнне ўласнай гармоніі паміж светам лірычным і светам рэчаіснасці.

Рэфлексійны статус маюць такія паэтычныя тэксты, у якіх канцэпцыя аўтара разглядаецца пасродкам экспрэсіўнага выражэння думкі, спалучанага з пэўным ідэйна-эстэтычным досведам. Логіка разваг і жыццёвых перакананняў паэтак скандэнсавана ў мадэлі быцця. Паводле О. Вайнінгера, “трансцэндэнтальны суб’ект, або “Я” асобы існуе ў змесце свайго мыслення: усялякае быццё ёсць свядомасць”2. Таму прыярытэтнасць філасофскіх акцэнтаў у жаночай паэзіі найбольш звязана з адзначанай катэгорыяй. Быццё жанчыны адметнае: гэта спосаб існавання існага (любові, веры, прыгажосці) і форма яе жыццёвага досведу.

Інтэлектуальнае асэнсаванне катэгорыі быцця ў сучаснай жаночай паэзіі інтэгруецца ў літаратурны філасофскі кантэкст пасродкам актыўнага сцвярджэння паэткамі ідэй высокай духоўнасці і свайго жаночага “Я”.

Шукаю сутву быцця

І сутву нябыту шукаю…

Каюся


і грашу…3

У вышэй прыведзеных паэтычных радках сутнасць існавання для А. Спрынчан знаходзіцца на мяжы граху і пакаяння, што сведчыць пра звышасабісты лад жыцця адносна аб’ектыўнай рэальнасці. У вершатворчасці паэткі разглядаецца суб’ектыўны свет асобы, адметнасць якога у традыцыйна нязвыклым разуменні свайго мікракосмасу. Лірычная гераіня не пазбаўлена і ўзнаўляльнай матывацыі, бо дэманструе жыццёвую дзейнасць: “Шукаю тое / што яшчэ згублю / Сама сабе дапамагаю… / …губляць…” 4

У вершах А. Спрынчан рэалізуецца канцэпцыя “жыццятворчасці”, якая апелюе да назвы паэтычнага зборніка “ЖываЯ”.

Трывіяльныя адчуванні лірычнай гераіні арыентаваны на такія жыццёвыя праявы, якія пакідаюць надзею на гарманічнае існаванне асобы ў свеце:

Мне не бывае сумна,

ды сум бывае ад таго,

што не бывае

неба


ў небыцці.5

У выніку ўмоўна-метафарычнае адчуванне быцця дазваляе А. Спрынчан стварыць свой сусвет у небыцці.

Светаадчуванне М. Вайцяшонак грунтуецца на дысгарманічным успрыманні “рэалій быцця”. Такая рэпрэзентацыя асабістай духоўнай сферы залежыць ад неўпарадкаванага хаатычнага свету. На своеасаблівай метафізічнай тэрыторыі яе вершаў існуюць неаднародныя віды душэўнага стану індывідуума, сярод якіх – сузіранне, духоўны разлад і неспакой, жыццёвая мудрасць і выпрабаванні “без аніякай прагі / да бесклапотнага / жыцця”.6 Рэалізаваная ў вершах катэгорыя быцця паэткі не толькі адлюстроўвае вечнае імкненне асобы да лагічнай завершанасці, але і дэманструе яе праблемна-зместавае існаванне ў свеце. Адсутнасць цэласнасці быцця тлумачыцца ідэяй наканаванасці: “ужо ведаеш, што не нап’ешся”.7 У дадзеным выпадку жыццёвы досвед грунтуецца на эфекце вызначаных лёсам прыярытэтаў.

Для М. Вайцяшонак значэнне набывае катэгорыя маралі. Дамінаванне ідэі высокага духоўнага жыцця, паводле аўтара, нараджае асабісты закон маральных каштоўнасцей:

Нашу ў кішэні

З сабой


увесь час <…>

вось гэтыя словы:

зло ніколі

не можа быць

справядловым.8

Акрэсленыя светаадчуванні паэткі ўказваюць на дыдактычныя інтанацыі яе творчасці.

Універсальныя якасці катэгорыі маралі рэалізуюцца сучаснымі паэткамі праз веру ў Бога. У цэнтры ўвагі аўтараў – сутнасць Бога, сістэма пэўных уласцівасцей і вартасцей, якая інтэрпрэтуецца імі праз хрысціянскае прызнанне і элементы яго рэалізацыі ў паэтычным тэксце.

І. Багдановіч разважае пра моманты цяжкага раскаяння за памылкі зямнога жыцця. Сітуацыя экзістэнцыйнага стану асобы ў момант малітвы ілюструецца паэткай наступным чынам:

Наплакацца ўдосталь

за ўсё і за ўсіх,

прасіць прабачэння

правінаў у Бога…9

Усведамленне боскага пачатку ва ўсіх дзеяннях вызначае асаблівую акцэнтуацыю эмацыянальна-пачуццёвай формы рэлігійнай свядомасці. У мастацкім мысленні І. Багдановіч пытанне пра боскую дапамогу – дамінантнае ў даследаванні заканамернасцей быцця.

У мастацка-эстэтычнай сістэме М. Барадзіной катэгорыя быцця – гэта і ёсць Бог. Паэтка шукае дасканаласці, гармоніі з неўтаймаваным макракосмасам, бо ён надзелены пакутамі і трызненнем. Абазначаны пошук накіраваны на тое, каб зліцца з вышэйшым абсалютам (з Богам), узнясціся над душэўнымі перажываннямі і смуткам, жыццём і смерцю. Вобраз Усявышняга спалучае ў сабе цэнтр быцця і абазначае новы фазісны пачатак у пазнанні свету лірычнай гераіняй, якая прамаўляе: “Я – размова з табой / Я – размова з табой / Ня болей”.10

Аддаючы абсалютны прыярытэт Богу, для ажыццяўлення класічнага рэфлексійнага аналізу, то бок споведзі, лірычная гераіня павінна адчуваць адзіноту, бо ў іншым выпадку – эмацыйна-свабодная свядомасць асобы не будзе падрыхтавана да дыялогу з творцам свету, які можа мець наступны вынік-просьбу: “акуніся ў мяне…”.11

Рэлігійныя матывы, дзе цэнтрам быцця ёсць Бог, увасоблены ў вершах Л. Раманавай: “Госпадзе / з-пад зямлі / над зямлёй <…> / Госпадзе / будзь са мной”12. Тэндэнцыя звароту да Усявышняга і да формы паэтычнай малітвы ператвараецца ў вершатэксце ў дзейсны сродак мастацкай выразнасці. Змястоўнасць, эмацыянальнасць вершаваных радкоў апелюе да адзінства ўласнай самаарганізацыі і ўмоўнага лірычнага сюжэта.

Свае адчуванні, хваляванні жанчыны-творцы выяўляюць у выглядзе рэфлексійнай мастацкай формы. Такая трансфармацыя асабіста-таемнага свету дазваляе вылучыць у іх паэзіі матыў шляху – да сябе, да царквы, да Бога.

Паводле А. Спрынчан, чалавек павінен з кожным крокам свайго жыцця рухацца наперад. Шлях дадзены нам ад нараджэння, але кожны здольны змяніць сябе і свой лёс. Гэта і падкрэслівае паэтка ў наступных вершаваных радках: “Лёсу майму стала цяжка / быць лініяй тонкай. / Захацелася раптам лёсу / адчуць сябе / шляхам шырокім”13. Сутнасць мастацкіх пошукаў А. Спрынчан уяўляе адлюстраванне яе духоўных патрабаванняў.

Мастацкі вобраз царквы ў вершы М. Вайцяшонак – гэта шлях да размовы з Богам, сімвал усяго боскага царства. Паэтка лічыць, што чалавек створаны Богам і напрыканцы жыцця ён прыходзіць да Бога. Адзіны шлях, што вызначаецца праз дыялектычнае адзінства цела і духу, на думку М. Вайцяшонак, наступны: “Накладаеш / крыжык / на грудзі / ідзеш / у царкву / невідушча / мінаючы / жабрака”.14 Але прайсці па крузе быцця – гэта значыць сярод разнастайных жыццёвых дарог выбраць правільную мадэль руху – да ўніверсальнай боскай іерархіі.

У выніку, сучасная жаночая паэзія акцэнтуе ўвагу на духоўна-псіхалагічных, філасофскіх і рэлігійных феноменах, адносна якіх у вершах рэалізуецца сістэма падзей і рэчаў, што ўтрымлівае складанасць жаночага быцця і магчымасць яго тлумачэння.

Унутраны суб’ектыўны свет чалавека з усімі вектарамі яго існавання – ад неўсвядомленага да самасвядомасці – павінен складацца з катэгорый, арыентаваных на душэўную гармонію. У сучаснай жаночай паэзіі на ўзроўні вобразаў-настрояў (фларальных сімвалаў, атрыбутаў пачуццёвасці) рэалізавана катэгорыя кахання. Дадзеная катэгорыя ўзнікае ў прасторы ўзаемадзеяння супрацьлеглых пачаткаў – цялеснага і духоўнага.

Псіхічнае, цялеснае і індывідуальнае разглядаецца паэткамі ў межах унутранай гармоніі. Метафізічны змест дадзенай катэгорыі адлюстроўваецца ў вершах адносна спосаба выражэння лірычнага “Я” аўтара.

Вызначаецца новай эстэтычнай скіраванасцю, метафізічнасцю і адметнай паэтыкай паэзія Л. Сом. Катэгорыя кахання набывае наступны сэнс: “цялеснае” гарманіруе з альтэрнатыўным “духоўным”, у выніку чаго нараджаецца “абсалютнае” (ідэальнае) каханне. Але ў свядомасці жанчыны пераўтвараецца ў каханне-расстанне. Л. Сом бачыць несуцяшальныя футурыстычныя вынікі кахання:

Ёсць ты і я, два светы, дзве душы,

Два розныя і родныя стварэнні.

І разам нам не быць, як ні пішы

Ты кнігу лёсу; не скрануць каменні.15

У вершах паэткі новая форма выражэння пачуцця абумоўліваецца стварэннем асабіста-інтымнага свету, у якім ёсць як сузіранне і любоў, так і душэўны спакой, растанне.



У вершатворчасці А. Спрынчан паэтызуецца суб’ектыўны свет асобы, адметнасць якога у традыцыйна-нязвыклым разуменні свайго мікракосмасу. Але асноўным парадоксам самасвядомасці індывіда з’яўляецца духоўнае сцвярджэнне сваёй сутнасці. Гэта тлумачыцца паэткай праз катэгорыю кахання, спалучаную з такімі характарыстыкамі быцця асобы, як смутак і душэўны неспакой. Таму ў вершах А. Спрынчан нараджаецца каханне-сум:

У лабірынце празрыстага суму



блукае маё каханне

і не шукае выйсця –

так шмат у жыцці суму,

так мала празрыстасці…16

Арыентацыя на высокія духоўныя каштоўнасці разглядаецца паэткай як аргумент, пасродкам якога жанчына ў кантэксце разладу і іншых быццёвых пакут дазваляе сабе абсалютызаваць пачуццёвасць.

Каханне-адзінота прадстаўлена ў паэтычнай творчасці Д. Ліс. Светабачанне лірычнай гераіні грунтуецца на сінтэтычным успрыманні рэалій акаляючага свету. Шлях да “касмічнага” быцця – гэта прадбачанне свайго жыцця, дзе асабістыя мары і неабходныя каштоўнасці для жанчыны не прагназуюцца ў будучыні: “Адзінота – мая незалежнасць? / Не пазбегнуць самоты / Ні табе, ні сабе / Не належыць / Неістотнасць / Нявечнасць / Вочы ў вочы / Ніколі з табой – / Не сустрэцца”.17 Духоўна-сутнаснае разуменне рэчаіснасці і свядомасць жанчыны аналізуюцца паэткай паводле інтэграцыі “жаночага” (цялеснага) у іншыя эстэтычна абумоўленыя сферы жыцця – уласную незалежнасць і свабоду духу.

Сёння філасофскі змест жаночай паэзіі складаецца з пэўных катэгорый, уаемазамяняльных паміж сабой: у пэўнай лірычнай сітуацыі каханне становіцца неабходным, калі ёсць адчуванне адзіноты, экзістэнцыяльны сум замяшчаецца верай у Бога. Пачуццёвая прастора вершаў ілюструюецца сучаснымі паэткамі праз вызначэнне зместу катэгорыі быцця як выяўлення асабістай жаночай гісторыі.



1Лакофф, Дж. Женщины, огонь и опасные вещи: Что категории языка говорят нам о мышлении/ Дж. Лакофф; пер. с англ. И. Б. Шатуновского. – М.: Языки славянской культуры, 2004.– 792 с.

2Вейнингер,О. Пол и характер / О. Вейнингер. – М.: Латард, 1997. – 358 с.

3Спрынчан, А. ЖываЯ / А. Спрынчан. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2008. – С. 12.

4Спрынчан, А. ЖываЯ / А. Спрынчан. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2008. – С. 24.

5Спрынчан, А. Вершы ад А. / А. Спрынчан. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2004. – С. 26.

6Вайцяшонак, М. Асадніца / М. Вайцяшонак. – Мн.: Выд. В. Хурсік, 2010. – С. 49.

7Вайцяшонак, М. Асадніца / М. Вайцяшонак. – Мн.: Выд. В. Хурсік, 2010. – С. 25.

8Вайцяшонак, М. Асадніца / М. Вайцяшонак. – Мн.: Выд. В. Хурсік, 2010. – С. 91.

9 Багдановіч, І. Душа лістападу / І. Багдановіч. – Мн.: “Кнігазбор”, 2012. – С. 26.

10Барадзіна, М. Вышэй за паўночны вецер : паэзія / М. Барадзіна. – Мн.: Логвінаў, 2006. – С. 82.

11Барадзіна, М. Вышэй за паўночны вецер : паэзія / М. Барадзіна. – Мн.: Логвінаў, 2006. – С. 96.

12Раманава, Л. Птушкі і рыбы: Паэзія / Л. Раманава. – Мн.: Беларускі кнігазбор, 2004. – С. 56.

13Спрынчан, А. Вершы ад А. / А. Спрынчан. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2004. – С. 26.

14Вайцяшонак, М. Асадніца / М. Вайцяшонак. – Мн.: Выд. В. Хурсік, 2010. – С. 12.


15Сом, Л. Каралева прыйдзе ноччу : вершы пра каханне / Л. Сом. – Мн.: І. П. Логвінаў, 2007. – С. 14.

16Спрынчан, А. ЖываЯ / А. Спрынчан. – Мн.: Мастацкая літаратура, 2008. – С. 59.

17Ліс, Д. Вясновы джаз / Д. Ліс. – Гародня: “Гарадзенская бібліятэка”, 2008. – С. 21.

Каталог: wp-content -> uploads -> 2014
2014 -> Закон Рэспублікі Беларусь Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі Змест
2014 -> Жабін клунак
2014 -> Як можна выклікаць лекара (доктара, урача)?
2014 -> Жарты жарты, жартаваць, паджартоўваць, жартачкі, жарцікі, жартаўлівы, дажартавацца
2014 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь беларуская мова. Літаратурнае чытанне
2014 -> Гатэль мова нанова маладзечна якія ёсць віды гатэляў?
2014 -> #movadzetkam, Alena Tserashkova
2014 -> Rada падтрымка моладзі ў еўропе: прынцыпы, палітыка, практыка


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал