Мастацкае адлюстраванне першай сусветнай вайны ў лірыцы янкі купалы




Дата канвертавання05.01.2017
Памер92.8 Kb.


Мятліцкая Г.М. (Беларусь, Мінск)

МАСТАЦКАЕ АДЛЮСТРАВАННЕ ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЫ Ў ЛІРЫЦЫ ЯНКІ КУПАЛЫ

Калі пачалася Першая сусветная вайна, Я. Купала жыў у Вільні і працаваў рэдактарам газеты “Наша ніва”, якая выдавалася ў друкарні Марціна Кухты. Адным з першых водгукаў творцы на ваенныя падзеі стаў артыкул “Хай рунь красуе…”, надрукаваны 4 верасня 1914 года ў “Нашай ніве”, у якім будучы класік звярнуўся да чытачоў газеты з заклікам не апускаць рукі: “…кліча яшчэ нас святая павіннасць працаваць і за тых, што аддаюць сваё жыццё дзесь там далёка ці блізка”, каб ваяры, якія вернуцца з вайны дадому, знайшлі “ўсё ў парадку – неапушчаную хату, хлеб на стале” [4, VIII, 46]. Гэтай жа восенню выйшлі з друку артыкулы Я. Купалы “Вайна і самапомач”, “Чвэрць года вайны” і іншыя. Пачынаючы з 2 кастрычніка паэт пачаў друкаваць вершы антываеннай тэматыкі, якія пазней аб’яднаў у цыкл “Песні вайны”. Гэты цыкл складаецца з шасці вершаў: “Варожбы”, “Перад бурай”, “Склік”, “Разлука”, “Засталіся нівы, сёлы”, “Пабоішча”. Паслядоўнасць размяшчэння твораў адпавядае лагічнаму развіццю іх ідэйнага зместу: цыкл цэласны, кожная частка з’яўляецца сэнсавым працягам папярэдніх з узрастаннем эмацыянальнага напружання.

“Песні вайны” пачынаюцца эпіграфам, узятым з народнай песні, – гэта горкія словы пра тое, наколькі цяжка вярнуцца жывым з вайны:

Вазьмі, маці, пяску жменю,

Пасей, маці, на каменю.

Як прыжджэшся з пяску ўсходу,

Тады верне сын з паходу [4, III, 210].

“Сімвал разлукі назаўсёды – чаканне ўсходаў пяску, травы, жыта, ячменю, што пасеяны на каменні ці на памосце”, – слушна зазначыў А.І. Гурскі [2, 320].

Жанр песні блізкі народнай душы, і вершы цыкла напісаны ў фальклорным рэчышчы. У першым творы “Варожбы” апісваецца трывожны свет, паэт перадае размову вербаў і асакі, якія ўсхвалявана думаюць пра будучыню. Чытач бачыць рэаліі вайны: пажары, шматлікія смерці, гаворыцца, што па небе “ходзіць ходырам камета… // На дабро нам не варожа”, апавядаецца пра зацьменне сонца. У жыцці сеюцца трывогі, страхі, вобразы гругана, начніц, зацьмення сонца спрыяюць нагнятанню напружанасці. Вобраз варожбаў у творы адухоўлены – яны “як нячысцікавы божбы… // Ходзяць, стукаюць ля плоту” [4, III, 211]. А.А. Лойка ў кнізе “Як агонь, як вада…” заўважыў, што “зацьменне сонца Купала-паэт сустракаў, як колішняя дружына князя Ігара са “Слова аб палку Ігаравым”. Усходнеславянскі паэт – нашчадак аўтара “Слова”, Купала не мог сустракаць зацьмення іначай як толькі трывожна” [цыт. па: 4, III, 217]. Гэта адпавядае славянскім і агульначалавечым міфалагічным уяўленням, паводле якіх семантыка зацьмення негатыўная [1, 316; 5, 119; 7, 104 – 105]. Увогуле, у творчасці Я. Купалы нашаніўскага перыяду вобраз сонца станоўчы, часта сімвалізуе ідэю свабоды, а вобраз ночы (цемры) адмоўны, што таксама адпавядае міфалагічным уяўленням.

У другім творы “Перад бурай” вайна алегарычна суадносіцца з навальніцай: “Грамадзяцца цёмны хмары, // Грозяць свету страшнай карай”]; непазбежнасць вайны навісае над краем: “Не супыняць ужо бітваў // Ні ўздыханні, ні малітвы” [4, III, 211]. Паэта хвалюе, што людзі “пад крывавы пойдуць сцягі”. Ён спрабуе зразумець прычыны вайны, чаму яна “наспела”, чаму яе не спыніць, як няўмольную стыхію: “Бо шукаць ўжо праўды нечым, // Толькі порахам ды мечам” [4, III, 212].

У наступным вершы “Склік” паэт стварае маштабную карціну ваенных дзеянняў, гаворыць пра братазабойчы характар вайны, пра змаганне “па загаду”. Згадваецца і Бог, які перад усімі гэтымі жахамі таксама бяссільны: “Не пастрымалі сэрц людскіх // Ні права іхняе, ні Бог” [4, III, 213]. З вялікай эмацыянальнай сілай і болем Я. Купала гаворыць пра “аружны склік” – агульную мабілізацыю:

Скрозь свету йдзе аружны склік

Паставіць сілу проці сіл;

Жадае свет, як свет вялік,

Даўно варожаных магіл [4, III, 213].

Паэт узмацняе трагічнасць мабілізацыі згадкай пра тое, што людзям, якія здольны “нясці аружжа, ў бітвы йсці”, усё даводзіцца кідаць – маці, жонку, “хату кінуць у забыцці” [4, III, 213]. Звяртаецца да чалавека-ваяра, каб працягваў велічныя справы продкаў; заклікае на чужыне не забывацца пра Матку-Бацькаўшчыну. Ён скрушна падмячае, што давядзецца ваяваць супраць сваіх жа братоў-хрысціян, забіваць іх:

А чалавечае на цэль

Жыццё узяўшы на прасцяг,

У грудзі свенчаныя стрэль,

Адно не цэль ў крыж на грудзях! [4, III, 214]

(У варыянтах пададзена: “Адно не сцэль ў крыж на грудзях” [4, III, 262]).

Чацвёрты верш “Разлука” пра тое, як збіраецца на “аружны склік” Янка: пакідае маці, бацьку, жонку з дзіцём, бо “склік дакаціўся да вёскі, – // Кліча на збор “запаснога”, // Бо на ўсім свеце трывога” [4, III, 214]. Янка апрануў усё новае, кланяецца родным у святліцы. Паэт уключыў у тэкст вобраз смерці, які надаў яшчэ большы трагізм карціне праводзін: “Як бы над імі ў спакою… // Смерць калыхала касою…” [4, III, 215]. Маці дае сыну як абярэг вузельчык са жменькай роднай зямлі. І выйшаў Янка з хаты “на тыя бітвы, на згубы”. Верш мае адкрыты фінал – невядомы лёсы сялянскіх дзяцей на вайне.

Пяты верш “Засталіся нівы, сёлы…” набліжаны да фальклорнай песні; выкарыстанне паўтораў надало музычнасць, песеннасць гэтаму твору. Сяляне пайшлі на вайну, і пустымі засталіся нівы і сёлы. Гаспадары пайшлі “паміраць на белым свеце, // Рассяваць па свеце косці // Праз кагосьці, за кагосьці” [4, III, 215], – сумна канстатуе паэт. Ні сахі, ні кос у полі. Маці-ўдоўка пытаецца ў Бога: “На каго ж Ты нас пакінуў? // Чаму ж лепей дамавіну… // Ты не даў нам дзеля хову?” Людзі парушаюць Божы закон, паводле якога чалавек чалавеку брат. Фінал верша містычны – за вёскай могілкі, і там сава пытаецца ў сірот (“пытаннем страшным страша”): “Га! дзе ж Бацькаўшчына ваша?” [4, III, 216].

У апошняй шостай частцы “Пабоішча” змешчана апісанне вайны як бяздумнай, крывавай бойні, калі “смерць яму або смерць мне!” Паэт шчодра выкарыстоўвае фальклорныя мастацкія сродкі, а асобныя радкі нагадваюць “Слова аб палку Ігаравым”: “ад крыві зямля чырвона”; “і вось жніва, што за жніва! // Бокам, сторчам, проста, крыва – // Труп ля трупа, як калоды…”; “неба чорная заслона // Засланіла, як магіла” [4, III, 217]. На вайне ўсе роўныя – і ворагі, і свае. У апошнюю страфу ўключаны вобраз гругана, які закракаў: “Па пабедзе – зноў у бой!” [4, III, 218] Нават перамога ў канкрэтным баі – часовая з’ява, наперадзе новыя бітвы і новыя ахвяры.

Як вядома, Я. Купала ў час напісання цыкла песень не быў на вайне, толькі ў 1915 годзе фронт наблізіўся да Беларусі. Мастацкае адлюстраванне ваенных рэалій ён стварыў сваім уяўленнем. Каб паказаць аблічча вайны, паэт нагрувашчваў шматлікія мастацкія дэталі ваеннай рэчаіснасці і вобразы-сімвалы – за кошт чаго творы станавіліся больш страшнымі для чытацкага ўспрымання і выклікалі пакутны роздум.

Разам з вершам “Пабоішча” з цыкла “Песні вайны” 25 снежня 1914 года ў “Нашай ніве” быў надрукаваны верш Я. Купалы “1914-ты”. Гэта філасофскі роздум пра адыходзячы год. Такія гады “час рэдка родзіць”, – адзначыў паэт. Гэты год “жыццём мільёнаў… прыйшоў затрэсці, // Шлях вымасціць свой трупамі, касцьмі” [4, III, 218]. Навокал ліецца кроў, дымяць пажары, “пад крыжам плача сірата”… У творы згадваецца крывавы бог, які павінен сабраць са свету крывавыя ахвяры. У фінальнай страфе выказана вера ў сканчэнне вайны і пачатак бескрывавага часу:

Аж прыйдзе іншы год з рукою лёгкай

Агледзіны рабіці новых дзён,

Дзе меч нявідзімага Бога-рока

Напіша бескрывавы свой закон [4, III, 218].

Алегарычны твор класіка “Груганы” ўмоўна датаваны 1914 годам, у ім паэт перадаў размову двух груганоў, якія прыляцелі адзін з захаду, а другі з усходу і радуюцца з прычыны вайны: “Што за рай! // Ёсць чым пажывіцца! // Дасюль елі мерцвякоў, // А цяпер затое // Будзем піць мы кроў жывых, // Мяса есць жывое!” [4, III, 220]

У 1915 годзе Я. Купала напісаў толькі два вершы на ваенную тэму: “Чаму?” і “Вясна 1915-ая”. У цэлым творы паэта 1915 года больш змрочныя, песімістычныя, чым творы папярэдніх гадоў (нават у вершы “Ідзе вясна” прыход вясны не ўспрымаецца лірычным героем радасна), хоць менавіта ў тым годзе паэт стварыў і некалькі вершаў на тэму кахання. Наступныя вершы на тэму вайны паэт напісаў толькі ў 1918 годзе. У 1916 і 1917 гадах (да 29 кастрычніка 1918 года) творца не пісаў вершаў. Апошні, 31-ы, нумар газеты “Наша ніва” выйшаў 7 жніўня 1915 года. У канцы студзеня 1916 года Я. Купала быў прызваны ў армію, служыў старшым рабочым дарожна-будаўнічага атрада Варшаўскай акругі шляхоў зносін [4, IX, кн. 2, 119 – 136].

Верш “Чаму?” быў надрукаваны ў “Нашай ніве” 24 красавіка 1915 года. У гэтым творы знаходзім метафарычнае апісанне вайны, “дзе, дружна звонячы ў кайданы ўсімі тоны, // Крывёй, пажарамі частуе раба раб” [4, IV, 19]. Чаму чалавечае “я”, вольны чалавечы дух на вайне нічога не значаць? – задумваецца паэт.

У газеце “Наша ніва” 12 чэрвеня 1915 года быў надрукаваны і верш “Вясна 1915-ая”, у якім карціны вясны незвычайна жудасныя, калі замест абуджэння жыцця, буяння і росквіту ўсяго жывога людзі бачылі навокал слёзы, кроў, смерці. У вершы спалучаны вобразы крыві і ўсходаў, што сімвалізуюць адпаведна смерць і зараджэнне жыцця: палеткі ірдзяцца “гарачаю чырвонаю крывёй”, вясна “крывёй палошча ўсходы, што ўзышлі і… не ўзышлі!”. У жыцці ўсё змянілася: сейбіт па-іншаму выйшаў на загон – абы сеяць, “не знае, хто пажне, хто з’есць яго ўмалот” [4, IV, 20]; селянін не ўпрыгожыў хату майскім дрэвам, бо “жалобу носіць наскі край”; дзяўчына ў бары “песню жудкую пяе” – гэта ні то “хаўтурны хор”, ні то спраўляе свае заручыны. Нават бусел, які прыляцеў летаваць у свой край, “здзівіўся, пасмутнеў… сваёй мясціны не спазнаў // І не знайшоў гнязда свайго, што летась яшчэ меў”, – заўважае паэт. З гэтым кантрастуе “баляванне балю” звяр’ём і груганамі, “што костачкі збіраюць па палях” [4, IV, 21].

29 кастрычніка 1918 года Я. Купала ў Смаленску напісаў верш “Свайму народу”, які ўпершыню быў надрукаваны 7 лютага 1919 года ў газеце “Грамадзянін”. Даследчык У.В. Гніламёдаў выказаў сваю думку наконт прычын з’яўлення гэтага твора [4, IV, 363]. У вершы знаходзім смелыя строфы з алюзіямі не толькі на ваенныя падзеі:

Чужак-дзікун, крывёю ўпіўшысь свежай,

Запрог цябе (народ – Г.М.) ў няволю, ў батракі

І тваю маці-Бацькаўшчыну рэжа,

Жывую рве на часці, на кускі.
Сыноў тваіх рассеяў па ўсім свеце,

Як птушак ястраб з гнёздаў разагнаў;

Бацькі дзяцей, а бацькоў сваіх дзеці

Сярод магіл шукаюць і канаў.


І мерцвякоў знаходзяць… [4, IV, 30]

Паэт заклікае свой народ паўстаць, асэнсаваць, што адбываецца ў жыцці, і будаваць шчаслівую будучыню.

У вершы “Наша гаспадарка”, які быў надрукаваны ў газеце “Звон” 18 кастрычніка 1919 года з паметай 7/ХІ – 18 г., Я. Купала спрабуе раскрыць прычыны войнаў. Такая ўжо склалася завядзёнка ваяваць за цара: беларусы спрадвеку ходзяць “пад панамі і пад царам // На недруга й на бліжняга вайной, // Хоць нам за нашу кроў падзякаю адной – // Крыжы і хаты нашы скошаны пажарам!” [4, IV, 35], – сумна зазначае паэт.

Восенню 1918 года быў напісаны і верш “Званы” (8/ХІ – 18 г.), у якім створаны вобраз хаўтурнага звона. Званар у гэтым творы як “грабар, што косці згортвае па свеце” [4, IV, 37]. Да гэтага часу ў творчасці Я. Купалы вобраз звона (званара) меў іншую семантыку – звон абуджаў народ да змагарных дзеянняў.

27 снежня 1918 года паэт напісаў верш “Паязджане”, які ўпершыню быў надрукаваны ў зборніку “Спадчына” (1922). Паязджанін – наватвор Я. Купалы, ‘удзельнік вясельнага поезда’ [6, 400]. Як слушна заўважыў А.А. Лойка, “вобраз паязджан набыў у вершы надзвычайную маштабнасць абагульнення і драматычнага лёсу шматмільённых бежанцаў з Беларусі пасля Першай сусветнай вайны, якія ніяк не маглі вярнуцца ў пакінутыя гняздоўі. У вершы паязджане – ахвяры не чараўнічага вока, а «папаўзухі-завірухі»” [8, 470]. Бежанцы (паязджане) едуць па снежным полі без пуціны, “без днявання, без начлегу // Ў бездарожжа, ў беспрыстанне…”. Ім супрацьстаіць “папаўзуха-завіруха”, смяецца з іх. Вобраз завірухі адухоўлены, міфалагізаваны, ёй нададзены дэманічныя рысы.

Узгадаем, што вобраз завірухі-рагатухі і яе размова з чалавекам сустракаліся ўжо ў вершы А. Гаруна “Завіруха” (1914). У. Казбярук даказаў незалежнасць падабенства вобразаў і матываў вершаў А. Гаруна і Я. Купалы на прыкладзе твораў “Малітва” А. Гаруна і “Цару неба й зямлі” Я. Купалы, якія з’явіліся незалежна адзін ад аднаго прыкладна ў адзін час [3, 11].



Такім чынам, Я. Купала як непасрэдны сведка і ўдзельнік тагачасных падзей чуйным паэтычным словам усебакова асэнсоўваў і адлюстроўваў не толькі крывавыя дзеі Першай сусветнай вайны, але і раскрываў прычыны сусветнай бойні, спрыяў фарміраванню ўсведамлення сваім народам яго незалежнасці ад загадаў панскіх і царскіх груганоў, сцвярджаў сваю мару аб шчаслівай бескрывавай будучыні беларусаў.

  1. Беларуская міфалогія: энцыкл. слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-е выд., дап. – Мінск: Беларусь, 2006. – 599 с.

  2. Беларускі фальклор: энцыкл.: у 2 т. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск: БелЭн, 2006. – Т. 2: Лабараторыя традыцыйнага мастацтва – “Яшчур”. – 832 с.

  3. Казбярук, У. Пакутлівы шлях і творчыя здабыткі Алеся Гаруна / У. Казбярук // Выбраныя творы / А. Гарун; уклад. У. Казберука. – Мінск: “Беларус. кнігазбор”, 2003. – 448 с.

  4. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. – Мінск: Маст. літ., 1995 – 2003. – Т. 3 – 9.

  5. О’Коннелл, М. Знаки и символы: иллюстрированная энцикл. / М. О’Коннелл, Р. Эйри; пер. И. Крупичевой. – М.: Эксмо, 2007. – 256 с.

  6. Слоўнік мовы Янкі Купалы: у 8 т. – Мінск: Беларус. навука, 2001. – Т. 3: Л – П. – 413 с.

  7. Тресиддер, Д. Словарь символов / Д. Тресиддер; пер. с англ. С. Палько. – М.: ФАИР-ПРЕСС, 2001. – 448 с.

  8. Янка Купала: энцыкл. даведнік / рэдкал.: І.П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БелСЭ, 1986. – 727 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка