Мастацкае ўвасабленне гісторыі рэк у кнігах Гаўрылы Гарэцкага



Дата канвертавання19.02.2017
Памер91.82 Kb.
#3575
Таццяна Якубоўская

(Мінск)

Мастацкае ўвасабленне гісторыі рэк

у кнігах Гаўрылы Гарэцкага.

Кнігі твораў Максіма Гарэцкага і кнігі аб ім добра вядомы не толькі ў шырокім коле літаратараў і мовазнаўцаў, але і сярод чытачоў, сярод моладзі. Мы зараз назіраем выдатнае сведчанне гэтаму ў перапоўненай зале тэатра імя Янкі Купалы на спектаклі па аповесці Максіма Гарэцкага "Дзве душы". Творчасць пісьменніка глыбока даследавана і даследуецца ў значнай меры і дзякуючы штогадовым чытанням, даклады якіх друкуюцца, а мы прысутнічаем ужо аж на 24-х чытаннях. Вялікая падзяка і нізкі паклон арганізатарам чытанняў – супрацоўнікам Дзяржаўнага музею гісторыі беларускай літаратуры і яго філіялаў Лідзіі Вітальеўне Макарэвіч, Кацярыне Сцяпанаўне Унучак, Наталлі Аляксандраўне Мізон, а таксама натхніцелю мерапрыемства Радзіму Гаўрылавічу Гарэцкаму.


Я павяду гаворку пра 5 кніг, напісаных Гаўрылам Іванавічам Гарэцкім пра рэкі Ўсходняй Еўропы і Беларусі, якімі яны былі ў геалагічным мінулым. Вось гэтыя кнігі:

Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. – М., 1964.– 416 с.

Формирование р. Волги в раннем и среднем антропогене. – М. 1966. – 412 с.

Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра. – М. 1970. – 492 с.

Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). – Мн., 1980. – 288 с.

Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона. – Мн., 1982. – 248 с.


За дзве першыя ў 1967 г. Г.І. Гарэцкі атрымаў прэмію "Московского общества испытателей природы", а за тры ў 1971 г. быў уганараваны званнем Лаўрэата Дзяржаўнай прэміяй СССР. Гэтая ўзнагарода асобай значнасці, бо яе атрымаў адзін аўтар, а не калектыў, як звычайна бывала. Але гэтыя навуковыя кнігі вядомыя толькі колу геолагаў. Мне здаецца, што яны варты пільнай увагі даследчыкаў мовы і навуковай тэрміналогіі нягледзячы на тое, што яны на рускай мове, бо прызначаліся для геолагаў усяго СССР. Аднак Гаўрыла Іванавіч шмат навуковых прац пісаў па-беларуску да 1930-га трагічнага года і з канца 1960-х гадоў, пасля аднаўлення яго ў званні акадэміка і вяртання на працу ў Акадэмію навук БССР. Разгляд тэкстаў на дзвюх мовах можа даць шмат цікавага. Вялікія скарбы беларускай мовы тояцца таксама ў шчымлівых лістах да родных, апублікаваных Радзімам Гарэцкім ("Лісты жыцця і кахання". – Мн., 2013. – 181 с.) і іншых творах.

Але вернемся да назваў кніг пра старажытныя рэкі. У іх тры вызначальныя для зместу тэрміны – алювій, антрапаген і палеапатамалогія.

Алювій – гэта адклады, што ўтвараюцца ў рэках – розныя пяскі, жвір, гліны, глей, торф і інш. Такія адклады ў тоўшчы зямлі паказваюць шляхі і характар былых рэк.

Антрапаген – назва апошняга перыяду ў гісторыі Зямлі, у якім мы жывём. Яго працяглаць розныя даследчыкі вызначаюць па-рознаму, Гаўрыла Іванавіч і яго сучаснікі адмяралі яму ад 780 тыс. г. да 1 млн. Але ў замежнай літаратуры больш пашырана старая невыразная назва гэтага перыяду – Квартэр, «чацвярцічны перыяд» (першапачаткова ў навуцы гісторыя Зямлі дзялілася на 4 перыяды). Г.І. Гарэцкі быў гарачым прыхільнікам назвы «антрапаген», якую ўвёў у навуку рускі геолаг Аляксей Пятрович Паўлаў у 1922 г. З дзвюх важнейшых геалагічных падзей, якімі вылучаецца гэты час у гісторыі Зямлі – абледзяненне Зямлі і з'яўленне Чалавека (па-грэцку Антропос), Гаўрыла Іванавіч на першае месца ставіў унікальнасць Чалавека як вяршыні эвалюцыі (ці тварэння), бо яно вызначае пачатак новай, духоўнай эры, стварэнне наасферы, паводле Ул. І. Вернадскага, азначае развіццё Зямлі ў залежнасці ад Чалавека, яго розуму і духу.

Палеапатамалогія – навука аб старажытных рэках (ад грэцкага палеа –старажытны, патамас – рака). Г.І. Гарэцкі – прызнаны стваральнік гэтай навукі.

Аб узнікненні і развіцці палеапатамалогіі і ўнёску Г.І. Гарэцкага ў сусветную навуку можна прачытаць у выдатнай кнізе з серыі «Научно-биографическая литература» Расійскай акадэміі навук «Гавриил Иванович Горецкий» – 2012, Киев. – 546 с., напісанай акадэмікам Р.Г. Гарэцкім і прафесарам В. І. Онопріенко (Кіеў).


Працуючы ў «Гідрапраекце» як інжэнер-геолаг на праектаванні і ўзвядзенні многіх гідратэхнічных збудаванняў – вадасховішчаў, плацін, гідраэлектрастанцый на Волзе, Каме, Дняпры, Доне і іншых меншых рэках, Гаўрыла Іванавіч сабраў вялізны матэрыял аб будове адкладаў антрапагену ў далінах сучасных рэк, які стаўся асновай вучэння аб былых рэках, сляды дзейнасці якіх пахаваныя ў нетрах. Гэта былі апісанні тысяч свідравін, керн (пароды, паднятых з глыбінь гэтымі свідравінамі) якіх ён сам імкнуўся праглядаць і вывучаць у полі, разнастайныя аналізы гэтых парод, вызначэнні іх узросту па рэштках арганізмаў і іншымі метадамі, і шмат-шмат другіх звестак. Такія матэрыялы і скарыстаў Гаўрыла Іванавіч для напісання кніг.

Старажытнымі рэкамі цікавіліся вучоныя і да прац Г.І. Гарэцкага.Так Б.Л. Лічкоў у 1930-я гады аднаўляў карціну старажытнай рачной сеткі вярхоўяў Волгі і яе прытокаў. Але да пахаваных рачных далін ён адносіў усе паглыбленні лінейнага кшталту, што рабілі многія даследчыкі і пазней. Г.І Гарэцкі распрацаваў вучэнне аб лагчынах ледавіковага выворвання і размыву, паказаў іх адрозненне ад сапраўдных рачных урэзаў-паглыбленняў і тым самым стварыў навуковыя падставы для палеапатамалогіі ледавіковых абласцей. Вучэнне аб ледавіковых лагчынах настолькі глыбока абгрунтавана, так пераканаўча і па-мастацку даводзілася Гаўрылам Іванавічам ў публікацыях і на навуковых нарадах, што зала "няверуючых" поўнасцю ператваралася ў прыхільнікаў новай канцэпцыі. Асноўныя доказы палягалі ў тым, што лагчыны запоўнены адкладамі ледавікоў, а даліны – адкладамі рэк. Што днішчы далін раўнінных рэк маюць пэўны вытрыманы ўзровень, напрыклад, 40–80 м, а лагчыны – не, яны апускаюцца і на 300 м, пранікаючы у тоўшчу парод ніжэй узроўню мора, што для рэк не ўласціва.

Маючы дасканалыя прыкметы для адрознення пахаваных рэк ад ледавіковых лагчын, трэба было мець карціну размяшчэння ўсіх паглыбленняў у пасцелі адкладаў антрапагену. І стваралася мастацкая выява – карта гэтай самай пасцелі (ложа) паводле ўсіх наяўных на тэрыторыі свідравін. Такая карта ставалася падмуркам для ўкладання ўсіх фактаў. А факты адлюстроўваліся ў сотнях геалагічных профіляў, што маляваліся паводле апісання разрэзаў свідравін. Вось тут, на мой погляд, выяўлялася яшчэ адна мастацкая рыса твораў Г.І. Гарэцкага – стварэнне карціны геалагічнага мінулага. Пачынаючы з вярхоўяў на ўсіх паслядоўных участках рачных далін аж да вусця з карт і профіляў ствараўся вобраз аб'ёмнай мадэлі тоўшчы, у якой знаходзіліся пахаваныя адклады рэк розных часоў. Вялікае мастацтва выяўлялася ў тым, каб цаглінкі-факты ў гэтакіх пабудовах ляжалі ў гарманічным парадку, не супярэчылі адзін аднаму, толькі тады з фактаў вынікала ідэя, якая іх аб'ядноўвала і служыла ніткай Арыядны ў далейшых навуковых пошуках. Абагульненнем гэтых вышукаў былі прадольныя профілі пахаваных рэк. Гаўрыла Іваначіч быў сапраўдным віртуозам у гэтай справе.

Рэкі Волга, Дняпро, Дон цякуць з поўначы на поўдзень, ад мясцін, якія перакрываў ледавік, да Чорнага мора, што дало магчымасць даследчыку праз адклады прасачыць сувязь і ўзаемазалежнасць падзей у ледавіковай вобласці і ваганнямі ўзроўню мора. Наш Нёман працякае цалкам у ледавіковай зоне, цячэ на захад і поўнач у Балтыйскае мора, яго развіццё ў антрапагене вельмі залежала ад зледзяненняў і таму мае зусім іншую геалагічную гісторыю і іншыя законы фармавання даліны. На прыкладзе Беларускага Панёмання Гаўрыла Іванавіч і даследаваў заканамернасці палеапатамалогіі такіх рэк. Гэта і Зах Дзвіна, і Вісла, і Одэр і іншыя рэкі раўніннай Еўропы. Адной з адметных рыс, створаных ледавіком на рэках Беларусі – Нёмана, Віліі, Зах. Дзвіны з'яўляюцца «правісанні» іх сучасных далін на поўдзень, што першым заўважыў і вытлумачыў Г.І. Гарэцкі. Адхіленне ўчасткаў далін да поўдня ўтвараліся перад перашкодамі ў выглядзе высокіх град ледавіковага рэльефу. Такія «правісанні» былі і ў палеарэк, што ўзнікалі каля краю ледавікоў, абмінаючы магутныя лопасці ў час іх раставання.

На працягу 10 год Гаўрыла Іванавіч вывучаў Пра-Нёман. Мы тады працавалі ў лабараторыі геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену, якую ён узначальваў, удзельнічалі ў палявых работах, рабілі даследаванні адкладаў, выкапнёвых рэштак арганізмаў, вынікі якіх скарыстоўваў наш Настаўнік для абгрунтавання палеапатамалагічных ідэй. Назіраючы, як ствараліся кнігі аб Пра-Нёмане і Пра-Доне, мы пачуваліся датычнымі да вялікай таямніцы творчасці вучонага. Гаўрыла Іванавіч падтрымліваў такія нашы пачуцці і ўмела ствараў радасную прастору творчасці для ўсіх супрацоўнікаў.

Беларускамоўны свет, які стварыў Гаўрыла Іванавіч у навуковым асяродку на працы ў 1970-х гадах, яго багатая, дакладная і мілагучная мова цешыла і здіўляла суразмоўцаў. Ён быў дасведчаным мовазнаўцам, ён быў лінгвістам. Акрамя вядомых слоўнікаў, што былі выдадзены ў Смаленску і Вільні разам з Максім Гарэцкім, ёсць шэраг іншых прац у гэтай галіне. Напрыклад, выступ Г.І. Гарэцкага на канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі ў Менску ў 1927 г., артыкул "Адказ на пытанне аб задачах далейшага развіцця беларускага мовазнаўства" у часопісе "Беларуская лінгвістыка", 1979. Вып. 18, с .5–6. Прыгажосць і багацце беларускай мовы Гаўрылы Іванавіча выяўляліся ў любой публікацыі, асабліва ўражліва – у артыкулах-успамінах аб Максіме Гарэцкім, Купале, Дубоўку, Гартным і іншых.

Але і ў кнігах, пісаных на рускай мове аб вялікіх прарэках, пры стварэнні тэрмінаў і назваў геалагічных аб'ектаў праяўляліся талент і веданне мовы, жаданне ўвасобіць у назвах дарагія аўтару прыкметы Бацькаўшчыны і яе гісторыі. Вось назвы пахаваных алювіяльных світ: венедская, крывічская, дрыговічская, або ад мілагучных назваў населеных пунктаў у Панёманні – асокская, лозская, уселюбская, гродзенская, смаргонская, беліцкая, або Морынскі выступ, Мастоўскія вароты, Шчараўскія перапаглыбленні і шмат такіх самых, мілых нашаму сэрцу. А на Украіне, якую ён вельмі любіў і дзе шмат працаваў яшчэ да вяртання ў Беларусь – Шаўчэнкаўская лагчына, Канеўскія дыслакацыі. Пры апісанні складаных геалагічных працэсаў Гаўрыла Іванавіч карыстаўся трапнымі параўнаннямі, кшталту метафар. Напрыклад, каб патлумачыць, чаму ў месцах блізкага да паверхні залягання гранітаў і іншых цвёрдых парод фундамента перакрываючыя іх мяккія і пластычныя пароды моцна перамяты, зрушаны, ён тлумачыў, што тыя пароды аказаліся як бы між молатам і кавадлай – знізу цвёрды грунт, зверху цяжкі-цяжкі рухомы лёд. Вот і расціснуліся мел ды тыя гліны і суглінкі і ўтварыліся гляцыядыслакацыі. Або любыя яму танюсенькія пяскі алювію і гляцыяалювію ён вызначаў як «пяшчотныя навобмацак». Хіба гэта не прыкметы мастацкай мовы ў навуковай працы?

Менавіта ад Гаўрылы Іванавіча мы засвоілі многія трапныя тэрміны па-беларуску. Некалькі прыкладаў. Замест нямецкага тэрміну «дзюна», што прыжыўся і ў рускамоўнай і ў беларускай літаратуры, ён ужываў «выдма», і ў гэтых пяці гуках заключацца і звесткі аб ветравым паходжанні гэтай формы рэльефу, і яе пясчаны састаў, бо што, як не тонкі пясочак можна выдзьмухаць? Або выспа, замест «востраў», і вельмі трапна – «выстань», а не астанец. Выстань выстаяў, а астанец застаўся. Любіў тэрмін «аборкі» – па-руску такая форма рэльефу вызначаецца як «блюдце», «просадочная западина» – якіх шмат на паверхні рэльефа на Магілёўшчыне і іншых месцах. Аборкі абворываюць, не ўключаюць у пашу, таму што балоцістыя, або зараслі кустаўём, ды і глеба часта засоленая.

Аднаўленне беларускай геалагічнай тэрміналогіі – вялікая і ганаровая справа для навукоўцаў-мовазнаўцаў. І значным задзелам у ёй можа стаць складанне тэрміналагічных слоўнікаў паводле твораў выдатных геолагаў, перш-наперш Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага.

Нельга не адзначыць яшчэ адну адметную рысу навуковага апісання ў творах Гаўрыла Іванавіч. Ён аўтар многіх навуковых тэрмінаў, новых паняццяў. Аднак рэдка ў яго творах можна знайсці вычарпальную і канчатковую дыфініцыю, тлумачэнне іх. Тэрміны гляцыяалювій, палаводна-ледавіковыя адклады, геалагічныя арэны, вузлы сінтэзу ў геалогіі і іншыя адносяцца да такіх загадкавых. Яны, як «Чорны квадрат» Малевіча, маюць вялікую таямніцу. Мне здаецца, што Гаўрыла Іванавіч спецыяльна недагаворваў, пакідаючы сваім паслядоўнікам магчымасць удакладняць, дапаўняць, расшыраць такія паняцці. І гэта таксама мастацкі прыём.

На заканчэнне прывяду цытаты – абразкі навуковай мовы Гаўрылы Іванавіча: «Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра, как было показано в предыдущих главах, отличается большой неполнотой. Многие страницы её уничтожены ледниками березинского, окского и днепровского оледенений или полностью, или частично. Многие страницы разорваны и перепутаны в процессе мощных гляциодислокаций.

Большое количество страниц летописи записано нечёткими и неразборчивыми аллювиальными письменами, главным образом на отрезках древних порогов и на суженых каньонообразных участках Нижнего Пра-Днепра, сложенных известняками.

Значительная часть страниц аллювиальной летописи великого Пра-Днепра, и притом наиболее интересных, утоплена в море, в погребённых дельтах прарек». (Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра, 1970, с. 409).

І вось цытаты з апошняга даклада Гаўрылы Іванавіча, які ён рабіў у перапоўненай зале 10 красавіка 1985 года, у дзень свайго 85-годдзя, даклада аб «Вузлах сінтэзу антрапагену Беларусі» (Літасфера, 1995, № 2, с. 42–45). «Цяпер пярэйдзем да вузлоў рэльефу. Як гэта ні здасца парадаксальным, але рэльеф падземны, рэльеф ложа антрапагенавых адкладаў не менш цікавы, чым паверхневы рэльеф. І гэта як бы два антыподы – рэльеф паверхневы (дзе такія магутныя ўтварэнні, як канцова-ледавіковыя ...) і рэльеф ложа антрапагену. У гэтым рэльефе такія ўтварэнні, як лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Хацелася бы, каб сімпатыя Ваша да гэтых ледавіковых лагчын узрасла. Гэта магутны сродак пазнання ..., гэта невычарпальныя крыніцы натхнення. Лагчыны ледавіковага выворвання і размыву – гэта шкілет, гэта першае, што пакідае пасля сябе ледавік». (С. 44). І яшчэ: «Дык на заканчэнне я і хачу сказаць Вам. Дарагія сябры, дарагія другі! Шукайце, калі ласка, вузлы сінтэзу антрапагену. Яны Вас не падвядуць. Гэта вяршыня абагульнення, вяршыня пазнання законападпарадкаванасцей у прыродзе і такіх складаных, якім з'яўляецца антрапаген. Вы не ашукаецеся. Шукайце вузлы сінтэзу антрапагену, бо яны Вам прынясуць найвялікшае задавальненне, творчае задавальненне, гэтае задавальненне – элемент самы галоўны шчасця. Шукайце вузлы, каб быць шчаслівымі! Я Вам жадаю гэтага". (с. 45).







Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал