Мастацкая літаратура




старонка2/4
Дата канвертавання25.11.2017
Памер0.65 Mb.
1   2   3   4

Той ліпень быў падобны на яе –


то сумны, то насмешліва-вірлівы –

расою на няскошанай траве,

красой, што наталіцца не дае,

прыціхлым салаўіным пералівам.


Той ліпень быў падобны на мяне:

гарачы ў меру і халаднаваты.

Ён зайчыкам вясёлым на сцяне

скакаў, сплываў дажджамі па акне,

у туманах хаваўся вінавата.
Яна і я – мы стаць маглі б адным

з'яднаным сэрцам пад разлітым сонцам,

нібыта ў мёдзе ліпавым густым.

І любавацца жніўнем залатым,

і забывацца ў блізкасці бясконцай…
Каб нас не размінуў

(не развяла)

крыжацкі меч

(татарская страла).

* * *
Я ведаю, што ты даўно была.

І я ўжо быў, але вярнуўся зноўку

у гэты свет, каб пэндзлем ці алоўкам

намаляваць, якою ты была.


Каб прашаптаць ахвяраваны верш,

які, на жаль, пачуць ты не паспела.

Мая душа тваё ўваскрэсіць цела –

і свет адчуе зноў, што ты жывеш.

* * *
Калядны снег злятае на далонь,

у зморшчынках тваіх − яго святло.

Нібы анёла белае крыло

нарэшце спаталенне нам дало.
Пяшчота неба льецца цераз край,

і ты мяне за лёс не дакарай.

Як музыка, што мроіў Длугарай,

нас паглынае беласнежны рай.


І мы нібы вяртаемся назад

ад сумных недарэчнасцей і страт,

бы Ева і Адам – у райскі сад,

у свята цудадзейнае Каляд,


дзе позніх дзён не змелена мука,

дзе мары серабрацца, як луска,

ледзь чутна шчасця плешчацца рака,

дзе – у маёй руцэ твая рука.


* * *
Віна! Віна! Так хочацца віна,

нібы віно праблемы вырашае.

Што я п'янею – не мая віна…

Але мяне, на жаль, не запрашалі.

Яна! Яна! Там будзе зноў яна –

скрыжуе на яе агністым стане

свет позіркі свае, а мне стагнаць,

бо як забыць яе ў цвярозым стане.
Сцяна! Сцяна! Кітайская сцяна

нібы разгарадзіла нашы лёсы.

П'ю не віно – свае п'яныя слёзы…

“Каня! Паўкаралеўства за каня!..”


Зімовыя мроі


Хутка дзень сканаў самотны,

хмарнай выпіўшы атруты.

Ноч у дом глядзіць праз вокны

злосным позіркам Пракруста.


Сэрцам каб прад ёй не схібіць,

каб прагнаць тугу начную,

я цябе на цёмнай шыбе

белай крэйдай намалюю.


Моўчкі з крыўдай паглядаеш

ты, нібы па злой нагодзе,

і, здаецца, не жадаеш

да мяне з акна сыходзіць.


Ад марознага пагляду

ці ад голасу завеі

у пакой з начнога саду

даўнім холадам павее.

Зноў падкіну ў печку дроў я.

Каб сагрэць твае калені,

намалюю крэйдай коўдру –

і на сэрцы пацяплее.

Сустрэча
Дзень вёў насустрач мне з маста

чароўных жаніха з нявестай.

Здалося: нешта ў ёй не так,

нібыта штосьці не да месца.


Вяночак белы ў валасах,

віхор карункавай сукенкі,

нібы гарлачык – на вачах

плылі паміж аблокаў пенных,


нібы анёлы ў гонар дня

узнеслі маладых над светам.

І тут я згледзеў, што яна

мілуе ў вуснах… цыгарэту.


Яны звярнулі да царквы,

і я амаль адчуў спіною,

як цыгарэтны дым сівы

за ёй развейваўся фатою.

* * *
У недасяжнасці крыку

на берагах адзіноты

песціш сваю ты

крыўду,


грэю сваю я пяшчоту.
Хвалі ракі

плачуць,


вецер над ёю

стогне –


вечнасць чакаць,

няйначай,

покуль рака перасохне.
Толькі глядзець

удалеч,


толькі маліць

сонца…


Толькі ў мяхах

жалю


стане віно,

як воцат.


Варта ў жыцця

аблудзе


верыць мажлівасці цуду.

Крыкнеш: “Чакаць

будзеш?!.”

Рэха адказвае: “Буду...”

Вершы для душы
У вершах занатоўваць дні,

набыткі, страты і пачуцці,

спадзеючыся, што яны

праіснуюць даўжэй, чым людзі,


і не паспеюць састарэць

пад музыку зямной катрынкі,

што зможа нейкі з іх сустрэць

душы другую палавінку.


Ёй блісне, як пагляд нямы,

праз межы розных вымярэнняў

слабым праменьчыкам: хай мы

у розных з ёй увасабленнях,


ды з кожным здзейсненым жыццём –

“качэўным лёсам” чалавечым,

вяртаннем зноўку ў небыццё

бліжэй да нашае сустрэчы.


Блакітны колер


Насуперак уласнай волі,

нібы спаліў назад масты,

я палюбіў блакітны колер,

нібыта воблік малады.


Хоць не ў нябёсах ён пануе,

і не ў азёрах сніць вясну,

ім немагчыма падмануцца,

у ім магчыма патануць.

Насычаны блакітны колер,

якому не ўласцівы грэх,

не апаганіць век сталёвы,

не можа зганьбіць пошлы смех.


Той колер, што не блякне з часам,

народзіць не адзін уздых.

У ім – надзея і параза…

Ён у вачах дзівосных тых.

* * *
Я хацеў бы закахацца ў Вас,

нібы волю даць пачуццям лепшым,

хоць цвярозы розум у адказ,

як рамізнік, стрымлівае лейцы.


Я хацеў бы закахацца ў Вас –

рынуцца ў вір радасці і болю,

нібы ўскрыкнуць у апошні раз,

толькі лёс, здаецца, не дазволіць.


Я хацеў бы закахацца ў Вас –

зноў адкрыць Амерыку жаданняў,

нібы край, дзе ўладу страціў час…

Толькі Бог не даў мне больш кахання.


Калі

Калі варажыць – то на кветцы шыпшыны,

калі пакахаць – то забыўшы разлік,

калі ваяваць – то за вольнасць Айчыны,

калі паміраць – то на роднай зямлі.

* * *
Нашы сцежкі ляглі

праз лагчыны і ўзгоркі…

Хто раней мы былі –

птушкі?

воблакі?



зоркі?
І з якой вышыні

мы зямлю азіралі?

На якія агні

летучы, пазгаралі?


За якія грахі

лёс абралі мы гэты

у часіну тугі

на радзіме паэтаў?


Між яе берагоў

у снягах успамінаў

беларуская кроў

чырванее рабінай.

Белая мара
Покуль сонца не зробіцца прыскам,

каб шчымліва ўначы дагараць,

нам сюды прыплываць у калысках −

можа, папараць-кветку шукаць.


Можа, здзейсніцца ў лёсе Айчыны

шчырай песняй, жняяцкім сярпом,


для сяброў – сціплай кветкай шыпшыны,

для нягоднікаў – вострым шыпом.


Можа, волю гартуючы ў крыўдах,

несці без нараканняў свой крыж,

даганяючы велічны прывід

у адвечным блуканні паміж...


Дзе заўжды над вясновым абшарам

будзе бусел самотна кружыць,

быццам белая, светлая мара,

без якой немагчыма нам жыць.


Спявае Кася Камоцкая


Б'юцца песні акорды аб сэрца, як хвалі,

прыбярэжныя лёгкія хвалі марскія,

нараджаючы водгук высокага жалю –

верасовага жалю, што мар не пакіне.


Птушка з крыламі музыкі, з тулавам слова –

прамяністага слова – лунае над морам,

растапляе, як сонца, што ў небе вясновым,

на вясновых палетках адвагу і сорам.


Заглушае шаптанне рачнога аеру,

векавога аеру, што ветру баіцца.

Насычае паветра азонавай верай –

ратавальнаю верай у моц навальніцы.


* * *
Ты клічаш мяне за сабой

у краіну Кахання,

дзе Леў – каралём,

дзе ў вялікай пашане пачуцці,

дзе ім думкі слугуюць,

дзе сонца начамі начуе,

дзе ваяр забывае

пра кроў,

пра баі і паўстанні.


Дзе на досвітку

будзяць


агонь пацалункаў

пяшчотныя словы…

Толькі, як ні шкада,

не змагу

там надоўга

застацца я:

сваё сэрца

табе падарыць

назаўжды я гатовы,

аднаго не здалею –

жыццё называць…

эміграцыяй.


Максім і Вераніка
…дзённік патрабуе шчырасці,

шчырасць патрабуе смеласці…


У імені яе – імёны тых жанчын

зашыфраваны кодам таямнічым,

якіх я напаткаў пазней, але пры тым

я застаюся верным Вераніцы.


У імені яе я выразаў, як бог,

свой лёс, адлюстраваны да драбніцаў.

Каб нават пакахаць усіх жанчын я змог,

я застаюся верным Вераніцы.


У дрэва на кары – не літар карагод –

яе імя, бы сонца, прамяніцца.

Хай на зямлі, як сон, мінаюць сотні год,

я застаюся верным Вераніцы.

* * *
Нагадаюць пра слёзы

мне кроплі дажджу

нечакана упаўшы

з нябеснай самоты.

Кіну позірк замглёны

за тую мяжу,

дзе напоўнены мёдам

празрыстыя соты.


І мелодыя суму

мілосці былой

дасягне сэрца рэхам

дрыготкага грому

і памкнецца назад

дажджавою вадой

да парога, магчыма,

прыснёнага дому.

* * *
Калі развітваліся мы,

была здубелаю зямля.

На белым аркушы зімы

я напісаў тваё імя.


Яго скавалі маразы

і замяталі спрэс снягі,

пакуль гракі на прыняслі

вясну на нашы берагі.


Вясной не згінула яно,

вадой у мора не сплыло –

з прагрэтай сонечным агнём

зямлі пралескамі ўзышло.


За ім мільёнамі імён

лугі паўсюдна расцвілі.

І пчолы з іх збіраюць мёд,

іх абдымаюць матылі.

* * *
Валерыю Мянжынскаму
Беларусы мараць пра вяршыні

недаспелых і высокіх гор –

продкі іх задоўга да Скарыны

прагнулі наблізіцца да зор.


Беларусы мараць пра адзінства,

пра сусвет уласных берагоў,

пра сваю магутную радзіму,

мо й не ўсведамляючы таго.


Беларусы мараць пра святыні,

веліч храмаў, здольных тут паўстаць,

пра свае санаты і медыны

і, магчыма, пра свайго Хрыста.

* * *
Бубны лета астылі,

адзвінелі маністы,

сталі прысакам сілы,

што гарэлі агніста.


Абвіло павуціннем

летуценняў дарогі.

Абняможаным ценем

дзень кладзецца пад ногі.


Чоўнам месяца вечар

адплывае дахаты,

дзе на золата вецер,

як ніколі, багаты.

За густымі барамі,

за бясконцасцю сіняй

восень пахне грыбамі,

восень пахне радзімай.


* * *
У храме восені пустым,

нібы ў Міцкевічавым сне

тугой народжаны матыў,

на Беларусі выпаў снег.


Ён з блаславення вышыні

у новы просіцца санет.

Яго цнатлівай чысціні

дзівіцца хочацца і мне –


у тым Міцкевічавым сне,

п'ючы світальную зару…

На Беларусі выпаў снег,

і стала белай Беларусь.

* * *
Праз майскае квітненне дня зямнога,

праз хараство жытнёвых краявідаў,

праз восеньскія ліўні леанідаў

спяшаецца жыццёвая дарога,


хаваючыся ў ранішнім тумане,

звужаючыся часам у сцяжынку

і ў рэдкія хвіліны адпачынку

кранаючы душу замілаваннем;


мінаючы выбоіны, каменне,

карэту прапануючы ці човен,

душэўны адзначаючы узровень

прамежкам ад адчаю да натхнення.
А ад натхнення блізкі шлях да веры.

Надзеяй сэрцы шчырыя спавіты:

пакуль дарога будзе – будуць вершы…

І кожны верш імкнецца да малітвы.


Святло арыяў

Вучуся смеласці і праўдзе

ў люстэрка, якое не баіцца,

што хтосьці яго разаб'е.

Аркаім¹
Называлася першая літара “ар”

у далонях нябёсаў асвенчанай мовы.

Уздымалася полымя ўночы да хмар,

праяўляліся кожнае дрэва і твар,

і гучалі магічна звычайныя словы…


…Віравалі жыццём дваццаць два гарады

(сцены з гліны і хмызу, бы гнёзды

ў падстрэшшы).

І паветра ставала, і чыстай вады,

бо зямлю шанавалі людскія сляды

у краіне дабра Арыяна-Ваэджа².

І арол з вышыні аглядаў Аркаім,

што меў гонар з'яднаць рысы храма-сталіцы

з гараскопам дзівосным у месцы святым…
Дакаціўся ён колам арбы з тых часін,

каб эпохі Агню разгарнуць таямніцы.

Каб данесці ў наш век залатое святло

ваяроў, бараніўшых арыйскую веру

Ахунвара³ гучаннем і трапнай стралой,

што панеслі ў свет веды, спаліўшы жытло,

распачаўшы індаеўрапейскую эру.
___________

¹ Старажытны горад, адкрыты ў Заураллі ў 1987 г.

на мяжы Казахстана, Арэнбургскай і Чэлябінскай аблас-

цей, у выглядзе двух канцэнтрычных колаў. Па выніках радыевугляроднага аналізу – перыяд 3-га тысячагоддзя

да н.э.

² Арыйскі прастор (авест.) – прарадзіма арыяў.

³ Галоўная малітва старадаўніх арыйцаў.
Нашчадкі арыяў

Мы злеплены з белага цеста


і маем арыйскую кроў,

на згубленых сцежках Авесты

сабе мы шукаем сяброў.
Вяртаем мы памяць былую,

бы кросны забытага тчом,

і вучымся цемру начную

агнём рассякаць, як мячом.


У думках начуе трывога,

і з сэрцаў не вырваны страх.

Нас Месяц бароніць ад злога,

і Сонца паказвае шлях.


Той шлях, што свядома абраны

для бітваў, а не для пацех.

Мы смех прыкладаем да ранаў –

і раны загойвае смех.


Травой прарастаць нам праз пліты

салодкай ці злоснай маны,

нас вецер паўночны паклікаў

змагацца за водар зямны.


Нам вецер не выстудзіць грудзі –

мы веру яго прынялі.

Былі мы, ёсць сёння і будзем

на гэтай ці іншай зямлі.


Крывія
…і мы на гэтай зямлі, у гэтым краю,

праходзілі ўжо раз росквіт высокай

самаістай культуры, якая загінула…



В. Ластоўскі. Лабірынты
Ты не верыш ні ў сны,

ні ў паданні,

ні ў прывіды,

ды аднойчы прысніш

невядомую Крывію:

жыхароў яе вочы

з блакіту прамытага,

валасы – хвалі спелага

колеру жытняга.
Воі – спрытныя целам

і сэрцамі шчырыя,

іх абранніцы – нібы

з нябеснага выраю.

Між бароў і дуброў

над рачнымі абрывамі

існуе

медунічна-крынічная



Крывія.
Думкі там не спакушаны

рунаў скрыжалямі,

асвятляюць там душы

агні незгасальныя.

Запаветамі

кола жыццёвае дзейнасці

паміж працай,

вяселлем


і модламі дзеліцца.

Ім бліжэй

на дзесяткі стагоддзяў

да ісціны.

Зоркі моўчкі варожаць

над лёсамі іхнімі.

З-за вякоў, што ўжо потым

пакрышацца крыгамі,

даганяе нас рэхам

арыйская Крывія.

Новалецце
Пачатак года святкавалі продкі –

не ў прыклад нам – п'янкім вясновым днём,

калі з вандроўкі сонечная лодка

у свой узнёслы прыплывае дом.


Дзень раўнадзенства. З узыходам сонца

далёкія “паненкі і паны”

маліліся, змыкаючы далоні,

пілі хаому¹, ладзілі бліны.


Ля вогнішча скакалі ў карагодзе

і звонкім смехам доўжылі разгон…

Ўзыходзіць сонца – нібы праз стагоддзі

забытых продкаў свеціцца агонь.

_____________

¹ Хаома – старадаўні арыйскі хмельны напой.


* * *
Калі назад наш вокліч паляціць,

з глухіх снягоў нам рэха адгукнецца –

дакоціцца стагоддзямі да месца,

дзе час ля ног струменіцца з крыніц.
Народзячы імкненне крок зрабіць

да ісціны, якая ў свеце б'ецца,

нібыта злом параненае сэрца,

каб здзейсніцца наканаванню: быць.


“Успомні ўсё!” – мо ў гэтым ратаванне

сябе самога й свету ад жадання

стаць роўнымі Таму, хто свет стварыў?
“Адчуй свае магчымасці і межы,

каб не каціцца каменем з гары!” –

цвярэзіць досвед Вавілонскай вежы.

Страх
На асабістым, альбо культурным узроўні

страх мае права на існаванне і з'яўляецца

адным са стымулаў жыццядзейнасці чалавека.



З газетнага артыкула
У гуках, колерах і пахах

дзень нараджаўся на вачах.

Бог гэты свет стварыў без страху,

пазней з'явіўся ў свеце страх.


Калі на вынік справы Боскай

абрынуў д'ябал гнеў і глум,

калі каменныя нябёсы

гарамі ўпалі на зямлю,


з гор пачалося, пэўна, й гора,

і стала цёмна па начах.

Тады змяёю слізкай, чорнай

запоўз у чалавека страх…


…Прыдумаў вісельню і плаху,

законы помсты, “гнеў багоў” –

што ні замешана на страху,

усё працуе на яго.


Страх смерці прывідам жахлівым

за снамі гоніцца ўначы,

падрэзаць імкнучыся крылы

амаль зняверанай душы,


лятаць народжанай – не поўзаць.

І дагарае дзень надзей.

Страх пазірае вокам поўні

і адбіваецца ў вадзе…


Але запалены паходні

выратавальнага святла.

Рассыпаў пэндзаль сонца промні,

кахання пушчана страла…


Імкнецца светлае мастацтва –

за смеласць Бог даруе грэх –

у вочы страху засмяяцца,

бо для яго смяротны смех.


Cізіф


Сізіфа трэба ўяўляць шчаслівым.

А. Камю
Свет, падалося, скончыўся, калі

я канчатковы атрымаў прысуд.

Душа мая мінулым не баліць,

даўно прывыкла цела да пакут.


І я жыву, хоць той няўмольны цыкл

язык ці здольны называць жыццём.

Жыццё сышло, нібы вандроўны цырк,

апала долу, быццам з дрэў лісцё.

Я перадумаў шмат чаго, пакуль

спускаюся па схіле з вышыні,

і зразумеў, што камень на муку

перамалоўся б за стагоддзі-дні,

што коціцца ён з грукатам з гары…
– О, ненавісны камень, гавары,

чаму ты мне нібыта дарагі?!

Няўжо ў табе… жывуць мае грахі?..
Яны мяне штораз імкнуць уніз –

стрымаць не можа цела іх маё,

не здольна іх душа мая спыніць,

што зранена аб сколаў вастрыё.


Маліцца Зеўсу стаў я дзень за днём –

і шлях наверх не поўніць так адчай.

Нібы доўгачаканаю вясной

раскаяння майго пацёк ручай.


Я пачынаю верыць, што змагу

знутры аднойчы камень свой скарыць –

калі не застанецца ў ім граху –

і разам з ім застацца на гары.

Рэха слоў Заратуштры

А теперь обращусь я к тем, кто хочет слушать…

“Гаты” Авесты.
Спадарыні і спадары, здыміце

цёмныя акуляры з носа!

Душу хай абпаліць сонца ў зеніце,

хай ільецца ў вены блакіт з нябёсаў.


Вокны дамоў, як вочы, пратрыце,

каб з пылам змыўся сум амярцвелы.

Адчуйце сэрцам, што вы – патрыцыі!

Дажджу струменямі абмыйце целы!


Холад і страх, гнеў і прыступы болю

тут уладараць толькі часова.

Даверцеся памяці генаў, як Богу:

жыццё – не выпадковасць!


Запаліце ўсмешкі на тварах, як свечкі –

смяюцца не толькі зладзеі й вар'яты.

Кожнай душы дараваная вечнасць,

за якую шчырасць – адзіная плата.


Выбар
Свет прапаноўвае ролі,

толькі на дол мы ступілі.

Нехта прымервае рогі,

іншы – анёльскія крылы.
Ніткаю лёс немаўляці

тчэцца ў канву жывую.

Росціць зямелька-маці,

бацька-выбар гартуе.


Хто апранаецца ў мроі,

хто абапрэцца на вырак.

Як баязлівы ў героі,

грэшны імкнецца ў вырай.


Прыткі кідаецца бегчы,

ловячы птушку шчасця.

Дзесьці асілак на печы

звыкла чакае часу,


калі пакоціцца колам

гора ў варагі з грэкаў…

Сонца ўстае над долам,

певень пракукарэкаў.


Вадасвяцце


Мацавалася наша знаёмства вадой.

На світанні вада, як густы сырадой.

Давяраем ёй голыя целы свае –

і яна нам сваю цеплыню аддае.


Вадзяны карагод

кліча сонца ўзыход

у світальнай вадзе –

хай бяду адвядзе.


Светлым коціцца колам паміж берагоў

соннай Свіслачы, лепшым

з купальскіх вянкоў

на вадзе, што, як маці, імкнецца люляць

і не хоча з абдымкаў сваіх адпускаць.
Вадзяны карагод

кліча сонца ўзыход

у світальнай вадзе –

хай бяду адвядзе.

Мая малітва
Дух светлы, вечны, Бог адзіны,

дазволь мне услаўляць Цябе –

усведамляючы правіны,

у захапленні і ў жальбе.


Ты бачыш лепш, каму – што трэба,

пільнуеш кожную душу.

Ні лаўра пышнага, ні срэбра,

ні лёгкіх вёрст я не прашу.


Дай толькі бачыць мне

святыні –

Твае адвечныя агні.

Ад стромы страху, гор гардыні,

маны туману барані.
Дазволь у сумную хвіліну,

калі апошні час праб’е,

нібыта за сваю Айчыну,

мне памаліцца за Цябе.

* * *
У вершах можна варажыць,

пакуль яны, нібыта здані,

не трапіўшы ў палон душы,

нябачна танчаць побач з намі.


Патрэбна толькі мець давер,

каб растварыцца ў зорнай хвілі.

Куды пакоціцца той верш,

куды памкне, над чым ускрыліць?


Каб з вышыні нябесных слёз

вярнуць у словах першародства

магчыма-немагчымы лёс,

незразумелае прароцтва.


* * *
1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка