Мастацкая літаратура




старонка4/4
Дата канвертавання25.11.2017
Памер0.65 Mb.
1   2   3   4

З Леаніда Мартынава

Вада
Вада

Бы мела ласку

Ліцца!


Так

Ззяла – чыста

Дыямант,

Што – ні напіцца,

Ні памыцца,

І гэта, пэўна, нездарма.


Ёй

Не хапала

Вербаў шалу

У квецені гаркавых лоз.

Ёй

Водарасцяў не хапала



І рыбы, тлустай ад стракоз.
Яна

Не гойдалася ў хвалях,

Не адлюстроўвала касцёр.

Той чыстай, ды

Дысталяванай

Вады


Цуралася жыццё!

З Ганны Ахматавай




Пятая ружа


Дзм. Бобышаву

1
Soleil ты звалася ці Чайнай,

І чым магла ты быць яшчэ.

Наколькі ж стала незвычайнай,

Што не забыць цябе лягчэй.

2
Ты ззяннем прывіднага лета

Напамінала райскі сад.

Быць і петраркаўскім санетам

Магла, і лепшай ад санат.
3
Мы будзем піць тваё дыханне,

Табой мой дом багаславім,

Была ты, як само каханне…

Хоць справа тут зусім не ў ім.

Апошняя ружа
Вы напишете о нас наискосок.

И. Б.


Мне з Марозаваю біць паклоны,

З падчаркаю Ірада скакаць,

З дымам адлятаць з кастра Дзідоны,

Зноўку з Жаннай на кастры стаяць.

Госпад! Я стамілася да болю

Ўваскрасаць, і паміраць, і жыць.

Забяры ўсё, гэтай ружы толькі

Дай зноў прахалоду прыгубіць.


* * *

Што мне гульня элегій акварэльных,

Адычных рацяў вогненны спадзеў.

Па мне, быць мае ў вершах недарэчнасць,

Не так, як у людзей.

Каб ведаць вы маглі, з якога смецця

Верш з беcсаромнай шчырасцю расце,

Як лебяда пад бокам у павеці,

Пад плотам жоўты дзьмухавец.

Сярдзіты вокрык, ранішні пах дзёгцю,

Загадкавая плесня на сцяне…

І верш гучыць, задорны і пяшчотны,

На радасць вам і мне.

* * *
Збудавала высокі шацёр небывалая восень.

Быў аблокам загад –

лёгкі купал яго не цямніць.

І дзівіліся людзі: час верасня ўжо на зыходзе,

А куды пазнікалі студзёныя, мокрыя дні?


І cмарагдавай стала вада

ў замутнелых каналах,

Крапіва, нібы ружы, так болей

не пахла нідзе.

Стала душна ад кожнай зары,

што нясцерпна пылала, –

Іх да скону запомнілі мы ў чарадзе.
І мяцежнікам сонца было,

паланіўшым сталіцу.

А вясновая восень тулілася так да яго,

Што, здавалася,

зараз пралеска празрыста праблісне…

Вось калі падышоў ты, спакойны,

да ганка майго.

* * *
Грозным лёсам мяне не страшы

І паўночнай нуды панаваннем.

Нам да свята ўдалося дажыць,

І завуць гэта свята расстаннем.
Не бяда, што не стрэнем зару,

І што месяц не віў нам карункі.


Я сягоння табе падару

Небывалыя ў свеце дарункі.
Свой адбітак на плыткай вадзе

Вечаровае рэчкі пад крозы,

Той пагляд, што не здзейсніў надзей

На вяртанне ім знічкі ў нябёсы,


Рэха голасу, што ўжо знямог,

А тады быў і летні, і звонкі, –

Каб пачуць без трымцення ты мог

Гругання падмаскоўнага плёткі,


Каб і сырасць кастрычніцкім днём

Стала млявей за майскую ўцеху…

Памятай жа мяне, мой анёл,

Памятай хоць да першага снегу.




З Барыса Пастарнака

* * *
Кахаць адных – цяжар крыжа,

А ты прывабная з драбніцаў.

І твой неразгаданы шарм

Жыцця падобны таямніцы.
Вясной не моўкне шолах сноў

І шалясценне новых ісцін,

Ты і сама – з такіх асноў,

Твой сэнс, бы водар, бескарысны.


Прачнуцца – й быццам прасвятлець,

З душы павытрусіўшы смецце,

І жыць без бруду надалей –

Ёсць не вялікі цуд на свеце.

* * *
Ні душы не будзе ў доме,

Акрым прыцемкаў. Адзін

Дзень зімы ў скразным праёме

Захінутых ледзь гардзін.
Камячкоў бялюткіх мокрых

Толькі промільгавы ўзмах,

Толькі дахі, снег да зморы

І нікога больш няма.


І зачэрціць шэрань потым,

І заверцяць мной затым

Тагагодняя маркота,

Справы іншае зімы.


І кальнуць сухой галінай

Непрабачанай віны,

І вакно па крыжавіне

Здушыць голад дрывяны.


Ды раптоўна па парцьеры

Прабяжыць трымцення ўціск,

Ты, як будучыня ў дзверы,

Зойдзеш, гойдаючы ціш.


З'явішся ў паўзмроку шэрым,

Кінуць вокам – зойме дух,

Ў чымсьці белым з тых матэрый

Мо з якіх і шыюць пух.

* * *
Быць знакамітым непрыгожа,

Не гэта ўзносіць найвышэй.

Не варта лік архіваў множыць,

Над рукапісамі дрыжэць.
Сэнс творчасці – самаадданасць,

Не поспех і не шум гурбы.

Ганебна, будучы ледзь здатным,

Шматлікіх вуснаў прытчай быць.


Без самазванскага напору

Жыць варта – так, каб на зямлі

Прывабіў ты любоў прасторы,

Пачуў бы будучыні кліч.


І трэба пакідаць прабелы

У лёсе – не сярод папер,

Жыцця абзацы і раздзелы

Адкрэсліць на палях паспець.


І акунацца ў невядомасць,

І крокі ў ёй хаваць на дно,

Нібыта ў тумане – мясцовасць,

Калі і носа не відно.


Другія пройдуць пядзь за пядзяй

Твой шлях, знаходзячы сляды,


Ды перамогі і паразы

Сам розніць не павінен ты.
Адно павінен – ні на дольку

Твар не хаваць свой, як дзіця,

А быць жывым, жывым, і толькі,

Жывым – да цемры небыцця.



З Ігара Севяраніна
* * *
Усеваладу Святланаву
Плач дзяўчо ў цішы паркавай:

“Татка, глянь, ледзь трымаецца

У прыгожанькай ластаўкі лапка пераламаная.
Я ў насоўку захутаю пацярпелую птушачку”.

Бацька быццам задумаўся,

слёзным словам узрушаны.
І прабачыў наступныя ўсе свавольствы

і слабасці

Невялічкай дачушачцы,

што ад жалю заплакала.


Мясціны…
Яны табой прасякнуты з часоў,

Калі адсюль ты з'ехала далёка:

Напрыклад, мы за гэтым вось хмызом

Маглі хавацца ад людскога вока.


Напрыклад, а вось гэтым шляхам ты,

Сама чароўнасць у сукенцы простай,

Да замка йшла а пятай, як заўжды,

Ну, так, ад пятай да паловы шостай.


Напрыклад, вось на лузе абміну

Паблёклую блакітную цыкору.

На ёй ты варажыла. “Не зманю”, –

Яна шаптала ў прывідным дакоры.


Усё працалавана тут наскрозь,

І слоў такіх рассыпаны каралі.

Каб мог сабраць у келіх іхні рой,

Яны віном бы ў келіху зайгралі!


Апошняе каханне


Ты ўлілася ў мой лёс, як струменьчык такая

У глумлёны гарэлкай крышталь.

І ўздыхнулася словамі: “Вось ты якая:

Як і мае быць!” Згаслы амаль,


Пацалую у вусны цябе, альбо ў скроні,

Нібы поўдзень вяртаю ў душу.

І таму, што сустрэчай з табой я напоўніў

Кожны міг, вершаў я не пішу.


Пішуць здольныя мроіць, марнець у чаканні,

Памыляцца, маліць, пагражаць.

Пасля слоў жа, падобных да “Вось ты якая:

Як і мае быць!” – нельга пісаць.




З Арсенія Таркоўскага
Фотаздымак
В. М. Грудцовай
Вее ў сэрца вецер з сонца,

І ляціш, нібы страла,

А любоў на фотаплёнцы

За рукаў душу ўзяла,


Па зярнятку, быццам птушка,

У мінулага крадзе.

Не дае згубіцца ў пушчы –

Парахнёй не прападзеш –


Хоць памёр, жывеш па кроплі

Пад сурдзінку і ўва сне,

Нібы дзесь брыдзеш па полі

У далёкай старане.


І ўсё любае, на дзіва,

Паўтарае свой палёт,

Раз анёлак аб'ектыва

Свет твой горне пад крыло.


Памяці Г. А. Ахматавай


Мякчэй я снежны ложак слаў,

Лугі й гаі абезгаловіў,

Да ног тваіх схіліў замовай

Гарчэйшы хмель, мядовы лаўр,

Ды красавік не завітаў

На змену варце дзён вясновых,

На самым слёзным тле са словаў

Табе я помнік збудаваў.


Пад небам свету на краі

Стаю прад белай, бездакорнай

Тваёю вышынёю горнай,
Сваёй не помнячы радні,

Адзін стаю ў кашулі чорнай

У тваім заўтра, бы ў раі.


З Іосіфа Бродскага
* * *
Ноч, апантаная белізной

скуры. Ад ветранай рэзеды,

драпае што аканіцу, да той

зоркі, што ўздрыгвае з нематы,

ноч, трапечучы фібрамі хмар,

чорнаю мятлушкай туліцца ўсмак

да лямпы, чыя пукатасць, бы жар,

хоць і выключаная аднак.

Спі. Ва ўсе свечкі, што меў запаліць,

здабыча соннай лухты ў галаве,

тая, што промні змагла не згубіць,

праламлёныя праз рысы твае,

ты свецішся цьмяна знутры,

покуль дорачы вусны плячу,

я, нібы кнігу чытаючы пры

табе, сезам па складах шапчу.

* * *
Дні расплятаюць анучынку, вытканую Табою,

і яна проста скорчваецца на вачах,

услед за блакітнай

становіцца шэраю, бураю, брудна-рабою,

губляе свой колер вясёлы зялёная нітка.

Ужо і краёчак нібыта бачны таго батысту,

маляваць канец алеі – задума не з лепшых,

ад мыцця сукенка нявесты хутчэй садзіцца,

ды і цела не робіцца, пэўна, бялейшым.

Ці то сыр перасох, ці то дух заняло ад гора,

альбо птушка ў профіль варона,

а сэрцам кенар.

Ды звычайна ліса, перагрызаючы горла,

не разбірае, дзе кроў, дзе тэнар.


Ад вясны да вясны


Прыручаныя

словы трапляюць у верш,

каб застацца ў ім.

* * *
Сонечны прамень

слізгануў праз край люстра

вясёлкай на столь.

* * *
Зіма бяссіла

шчэрыцца ледзяшамі

з гарадскіх дахаў.

* * *
Веснавы настрой.

Зямля вызваляецца

з пялюшак снегу.


* * *
Вышэй за сонца

плыве над снежным полем

спеў жаваранка.


* * *
Дробны дождж. Белы

арган алычы гудзе

апошняй пчалой.


* * *
Бясконцасць рэек

размечана шпаламі.

Лесвіца ў неба?

* * *
Цёплы летні дождж.

Не моўкне птушыны спеў

у лістоце дрэў.

* * *
Поўня ў блакітны

фартушок аблачынкі

зоркі збірае.

* * *
Ветразі соснаў

поўныя буры. Морам

хвалюецца лес.

Зламаныя галінкі

падаюць долу вакол.

* * *
Чорнай хмары шнар.

Шпарка гоніцца за мной

конніца дажджу.


* * *
Пасля цёплага

дажджу зноў на дарозе

мінамі смаўжы.

* * *
Засохшы, дрэва

становіцца помнікам

самому сабе.

* * *
Ці то воблакі

нізка плывуць, ці то дым –

спаленых мрояў?

* * *
Птушка ў паветры

чорным адсекла крылом

восень ад лета.

* * *
У Крэве восень.

Час раскідаў камяні

старога замка.

Кволым дрэўцам на сцяне

трапеча памяць продкаў.


* * *
Радуе сэрца

прыгожы восеньскі дзень.

Дыхаю сонцам.

* * *
Між зялёных хвой –

голыя ствалы бяроз.

Мінуў лістабой.

* * *
Апошні лісток

на дрэве хвалюецца

перад палётам.

* * *
Зіма ўжо блізка.

Маладыя дубкі ўсе

ў жоўтых кажушках.

* * *
На голым кусце –

чырвоныя ягады.

Калінавы сон.


* * *
Між голых галін

дрэў – нотнымі знакамі

пустыя гнёзды.

* * *
Дрэвы ў шэрані.

Над комінам хаты дым

шаманам скача.

* * *
Вісіць над вёскай

зімовая вясёлка.

Пахаваў маму.

* * *
Бацькава хата.

Запацелыя вокны.

Пахне дзяцінствам.

* * *
Матчыны рукі –

цёплыя, ласкавыя.

Усміхнуся ў сне.


* * *
Марозны вецер

гоніць прэч па шарпаку

лісток кляновы.

* * *
За крок да вясны

страпянулася сэрца

ад прадчування.

Вянок





Аддаўшы свету сэрцаў цеплыню,

так соладка глядзець у вочы неба.

Памяці Андруся Белавокага


Лёсамі перасякацца

у хаатычным руху.

Сон пачынае збывацца,

свет пачынае слухаць.


З сэрца ірвуцца словы,

нібы з турмы на волю, –

радасцю выпадковай,

крыўдай астылага болю.


Вобразам,

поглядам,

думкай

хочацца тут застацца…



У неабсяжнасці тлумнай

стрэнемся, каб развітацца.

На смерць Васіля Быкава
Смерць прыходзіць заўжды нечакана,

каб агеньчык жывы пагасіць.

І, здараецца, ёю абраны

толькі ногі паспеў абрасіць,


толькі слодыч кахання адведаў.

Іншы ж – здолеў узвысіць свой лёс,

на жыццёвай касьбе роўным следам

не адзін дакасіўшы пракос…


Смерць збірае свой плён звар'яцела –

і за ёй вырастаюць крыжы.

І сама мо памерці хацела б,

ды не мае, напэўна, душы.


Бо душа мае лёгкія крылы,

каб


пакінуць

сутонлівы свет,

непрыхільнікаў,

блізкіх


і мілых –

тых, каго за сабой пазаве.

* * *
Памяці мамы
Аблокі мне раскажуць пра цябе –

пра новы лёс у беспакутным свеце.

Яны супыняць свой бясконцы бег,

я папрашу, каб ім дазволіў вецер.


Я запалю ад сонца ў сэрцы свечку

і памалюся Богу за цябе.

Душа твая, як мятлік, ля яе

мо страпянецца – сведчаннем пра вечнасць.

Развітанне Анатоля Сыса
Запаліце свечку нада мной,

хай асветліць пройдзены ўжо шлях –

з ісцінай стасункі і з маной,

і палёты на сямі вятрах.

Запаліце свечку нада мной –

жоўты ветразь кволага агню

хай асветліць шлях душы маёй

з існасці, што болей не прысню.

* * *
Памяці бацькі
Твой голас нечакана сціх –

памёр, як жыў, у непакоі,

яшчэ паспеўшы пры жыцці

вясёлцы памахаць рукою.


У плыні дум знайшоўшы брод,

пайшоў шукаць прытулак вечны…

На твой вясновы адыход

каштаны запалілі свечкі.

Праводзячы Янку Брыля
Як да Калядаў – год,

да Храма – шлях,

мы прыйдзем некалі

да Янкі да Брыля.


А пакуль што невядома: па зямлі

хто – куды, за кім мы пабрылі,

звыклых адцураўшыся багоў,

і чыю прызнаўшы роднай кроў.


Ды калісь мо на зямных вятрах

з беларусаў выветрыцца страх,

з беларусаў выпарыцца пот.

І здзіўленне іх прынізіць рост,


бо – няхай і ў самы лістапад –

беларусы паглядзяць назад,

прашуміць, як бура, іх уздых.

І успомнім мы сваіх святых,


што брылі за сонцам і ў мароз,

што абралі свой у Бога лёс.

Схілім перад імі мы сцягі,

як хмызняк схіляюць берагі…


Як у неба – дождж,

у квет – зямля,

мы вернемся аднойчы

да Брыля.


* * *
Памяці маёй настаўніцы Н. М. Савініч


У гэтым свеце часу нам

так мала дадзена, каб збыцца –

цячэ пясок, вада бруіцца,

пакуль душа шукае Храм.


Адзін палёт стралы – ты сам.

І сонца рыжаю лісіцай

бяжыць праз навакольны гам.

І свечка ветру так баіцца.

І вось жыцця паспела жыта,

і позна плакаць ці бажыцца,

хавацца ў палыновы сум.
Успыхне – і згасае свечка.

Спазнае сэрца чорны вечар,

душа п’е вечнасці расу.

Кола жыцця


1
Усё, як сон, няўхільна праміне,

адно святло акажацца на дне,

як зорны пыл, у келіху пустым

і полымем успыхне залатым,

і адаб’ецца свечкай у акне…

Усё, як сон, няўхільна праміне.


2
Усё, як дзень, паўторыцца ізноў.

І пацячэ, бы сок, па жылах кроў,

і сонца скокне зайчыкам з акна,

каб патануць у келіху віна,

што Бог наліў з любоўю да краёў…

Усё , як дзень, паўторыцца ізноў.

3
Усё, як боль, аднойчы праміне,

усё, як смех, паўторыцца ізноў…

Старэе час, не здолеўшы змарнець,

рака не пакідае берагоў,

хаваюць ночы месяц за каўнер,

вясёлкі нараджаюцца з дажджоў...


4
Сум, як і ўсё, калісьці праміне –

віно жыцця ракою пацячэ

і заблішчыць мільёнам прамянёў…

Вяртацца, чым сысці адсюль, лягчэй –

няхай нас час па-свойму нарачэ,

і ўсё, як цуд, паўторыцца ізноў.

* * *
Адчыняюць нябесныя дзверы

вершалюбам, а не вершаробам.

Першым вершы даюцца па веры іх,

адпаведныя спектру асобы.
Рвецца Ісціна свету праз межы,

з-за вякоў Запавету Старога.

Не паэтамі пішуцца вершы –

вершы ўсе ўжо напісаны Богам.


ЗМЕСТ
Зоркі і вершы

Мой колер зялёны
*** І захочаш замаўчаць – не зможаш…

*** Душа – самотная між рэбраў…

*** Недасканалы й разам з тым чароўны...

Успаміны пра будучае

На першы зборнік вершаў

Мой колер

Ратаванне вершам

*** Чароды сноў віюцца над зямлёй

Натхненне

*** Гэты лёс мяне не абміне

*** Быць маладым надзіва проста

Нарцыс


Глядзець у агонь і маўчаць…

Хмарка


*** Восень каляровым сном прысніцца

*** Вясна і восень, лета і зіма…



Расстанні і сустрэчы
Сем вершаў

*** Заспетыя выклікам

*** Мы незнаёмыя былі…

*** Я сёння закахаўся ў Вас у сне…

*** Мёд не канчаецца ў сотах…

*** Я вартаваў твой сон, як таямніцу…

Крыўда

*** Вясна. І сум тваіх вачэй…



Мары аб мінулым

*** Я ведаю, што ты даўно была…

*** Калядны снег злятае на далонь…

*** Віна! Віна! Так хочацца віна…

Зімовыя мроі

Сустрэча


*** У недасяжнасці крыку…

Вершы для душы

Блакітны колер

*** Я хацеў бы закахацца ў Вас…



Калі
*** Нашы сцежкі ляглі…

Белая мара

Спявае Кася Камоцкая

*** Ты клічаш мяне за сабой…

Максім і Вераніка

Нагадаюць пра слёзы…

*** Калі развітваліся мы…

*** Беларусы мараць пра вяршыні…

*** Бубны лета астылі…

*** У храме восені пустым…

*** Праз майскае квітненне дня зямнога…

Святло арыяў
Аркаім

Нашчадкі арыяў

Крывія

Новалецце



*** Калі назад наш вокліч паляціць…

Страх


Сізіф

Рэха слоў Заратуштры

Выбар

Вадасвяцце



Мая малітва

*** У вершах можна варажыць…

*** Па даждлівых вулках Менска

Два люстэркі

Год Сабакі

Пясочны гадзіннік




Дзень і ноч
*** Сонца за небакрай…

Кубак дня

*** Да агністай падобна дзяўчынкі…

Дзень і ноч

Воля

Шлях сэрца



Натхненне

Верасень


Трыялет восені

*** Зноў цішыня, зноў рэха не чуваць…

Віртуальныя гульні

*** Бомж, нібы смоўж, прытулак цягне свой…

*** Якія вершы чытаць на сон…

*** Паменела ў свеце даверу…

Міцкевіч і Айчына

*** Сумны бераг зямнога бязмежжа…

*** Паўночны край крывіцкай веры…

*** Каля Заходняе Дзвіны…

Ноч перад хростам

Вандроўнік і Анёл

Мора

*** Дарэмна сваю маладосць я гукаў…



*** Да старасці бліжэй…

*** Пачаць новы год з перакладу…



Адчуць чужы радок сваім
Дзяўчына спявала ў царкоўным хоры…

(З А. Блока)

Вада (З Л. Мартынава)

Пятая ружа (З Г. Ахматавай)

Апошняя ружа (З Г. Ахматавай)

*** Што мне гульня элегій акварэльных…



(З Г. Ахматавай)

*** Збудавала высокі шацёр небывалая восень…



(З Г. Ахматавай)

*** Грозным лёсам мяне не страшы…



(З Г. Ахматавай)

*** Кахаць адных – цяжар крыжа…



(З Б. Пастарнака)

*** Ні душы не будзе ў доме…



(З Б. Пастарнака)

*** Быць знакамітым непрыгожа…



(З Б. Пастарнака)

*** Плач дзяўчо ў цішы паркавай…



(З І. Севяраніна)

Мясціны… (З І. Севяраніна)

Апошняе каханне (З І. Севяраніна)

Фотаздымак (З А. Таркоўскага)

Памяці Г.А. Ахматавай (З А. Таркоўскага)

*** Ноч, апантаная белізной… (З І. Бродскага)

*** Дні расплятаюць анучынку, вытканую Табою…

(З І. Бродскага)

Ад вясны да вясны
*** Сонечны прамень…

*** Зіма бяссіла…

*** Веснавы настрой…

*** Вышэй за сонца…

*** Дробны дождж. Белы…

*** Бясконцасць рэек…

*** Цёплы летні дождж…

*** Поўня ў блакітны…

*** Ветразі соснаў…

*** Чорнай хмары шнар…

*** Пасля цёплага…

*** Засохшы, дрэва…

*** Ці то воблакі…

*** Птушка ў паветры…

*** У Крэве восень…

*** Радуе сэрца…

*** Між зялёных хвой…

*** Апошні лісток…

*** Зіма ўжо блізка…

*** На голым кусце…

*** Між голых галін…

*** Дрэвы ў шэрані…

*** Вісіць над вёскай….

*** Бацькава хата

*** Матчыны рукі…

*** Марозны вецер…

*** За крок да вясны

Вянок
Памяці Андруся Белавокага

На смерць Васіля Быкава

*** Аблокі мне раскажуць пра цябе…

Развітанне Анатоля Сыса

*** Твой голас нечакана сціх…

Праводзячы Янку Брыля

*** У гэтым свеце часу нам

Кола жыцця



*** Адчыняюць нябесныя дзверы…


1   2   3   4


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка