Матыў бежанства ў беларускай І ўкраінскай мастацкай прозе пра чарнобыльскую катастрофу 1986 года




Дата канвертавання25.02.2017
Памер65.01 Kb.
М. П. Прохар

Мінск
МАТЫЎ БЕЖАНСТВА Ў БЕЛАРУСКАЙ І ЎКРАІНСКАЙ МАСТАЦКАЙ ПРОЗЕ ПРА ЧАРНОБЫЛЬСКУЮ КАТАСТРОФУ 1986 ГОДА
The poetics of the prose about Charnobyl by L. Hubin, J. Hucala, U. Javaryuski, I. Shamiakin and V. Karamazau are characterized. The refugee in their works has different sounding: as salvation and as absurd action, incorrigible tragedy.
Важнейшую ролю ў арганізацыі мастацкага тэксту адыгрываюць вядучыя матывы: вельмі часта менавіта вытрыманая матывацыя арганізуе ўсе сродкі паэтыкі пэўнага твора ў сістэмную, лагічную, канцэптуальную цэласнасць. «Матывы літаратурнага твора ёсць адзінкі мастацкай семантыкі, што глыбока ўкаранёныя ў нацыянальнай і агульначалавечай культуры і побыце. У тэксце яны ўзнікаюць дзякуючы семантычным паўторам, паралелям, антытэзам, а таксама актуалізуюцца паўторамі інтэртэкстуальнага характару (рэмінісцэнцыі, алюзіі)» [6, 59].

Матыў бежанства праходзіў праз усю беларускую літаратуру пра першую і другую сусветныя войны, надзвычай выразна быў адлюстраваны ў канцэптуальным рамане Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні» (1943). Параўнанне масавага «зыходу», уцёкаў мірнага насельніцтва ад ваеннай навалы актуалізавала зварот пісьменнікаў да падкрэслена-шырокага ахопу гістарычных падзей. Прыкладам такога твора з ускладненым хранатопам з’яўляецца раман В. Карамазава «Бежанцы» (1993). Тут матыў уцёкаў з роднай зямлі набыў трыадзінае вызначэнне: першая сусветная вайна - Вялікая Айчынная вайна - Чарнобыль. «Катэгорыя «бежанства» заўсёды была найважнейшай у гісторыі чалавецтва. ...Чарнобыль надае гэтаму эсхаталагічнае гучанне» [3, 9]. Узяўшы за аснову расповеду лёс некалькіх пакаленняў адной сям’і, В. Карамазаў робіць, такім чынам, горкае сімвалічнае абагульненне.

Аналізуючы творчасць I. Шамякіна, даследчыца В. Локун вызначае: пошукі новых магчымасцей прозы пісьменніка «ідуць галоўным чынам не па шляху эпічнага ўзбуйнення, а хутчэй у накірунку набліжэння да рэальнай плыні жыцця, у імкненні да больш глыбокага спасціжэння ўсіх нюансаў маральнага развіцця асобы» [5, 609]. Таму важным для пісьменніка з’яўляецца псіхалагічная, эмацыянальная і фактаграфічная дакладнасць у мастацкім малюнку. Для творчасці I. Шамякіна характэрны паказ станаўлення новага, паслячарнобыльскага героя, і найперш праз адчуванне ім блізкасці смерці і ўцёкаў ад яе. Так праз эмацыянальную ўзбуджанасць, напружанасць начуццяў у рамане «Злая зорка» (1991) прасочваецца пачатак паслячарнобыльскай эвакуацыі: «Вы ўяўляеце, што адбылося! Назад! Назад! Уцякайма, хлопцы! Калі жыццё не абрыдла» [8, 74]. Апісанні I. Шамякіна лаканічныя, але па-мастацку трапныя: «Сотні аўтобусаў з людзьмі. Эвакуіруецца горад Прыпяць, увесь, падчыстую» [8, 106]. I - новая, яшчэ большая трывога: «А што, калі заўтра вось так прыйдзецца падняць Кіеў?» [8, 106]; «Пустаход не мог паверыць, што горада не стала… учора не мог паверыць. Вялікага горада, бадай такога ж, як Мазыр» [8, 117]. I - горкая іронія: «Гумарыст Дунец, начальнік міліцыі, нават пажартаваў: «Раней мы спявалі «Повій, вітрэ, на Украіну». А цяпер трэба: Не вей, вецер, з Украіны» [8, 118]. Матыў бежанства як страты малой радзімы выражаецца ў рэфрэнах-паўторах, што гучаць з вуснаў герояў: «Эвакуацыя навечна» [8, 179]. Мастак малюе новую рэальнасць у адпаведных рэчыўных вобразах: рэгуліроўшчыкі ў спецыяльных чорных камбінезонах, палівальная машына, што мыла шашу зялёным растворам; па-новаму ўбачаныя палын, дрот і пыл як асноўныя дамінуючыя пазнакі новага, паслячарнобыльскага жыцця: «I ўсе яны ведалі, наколькі ён небяспечны, пыл гэты» [8, 164].

Паэтыка пачуццёвай і рэчыўнай канкрэтнасці, якою вызначаецца раман І. Шамякіна «Злая зорка», характэрная таксама і для твораў шэрагу ўкраінскіх аўтараў, якія звярнуліся да чарнобыльскай тэмы. Выразна прасочваецца матыў бежанства ў рамане Ул. Яварыўскага «Марыя з палыном у канцы стагоддзя» (1991): бежанства са станцыі Адаркі з малою Лідаю, эвакуацыя дзяцей і дарослых і - сімвалічна - пакідае-такі сваю вёску з яе апошнімі жыхарамі, каровай і сабачкам Пушком Марыя Міровіч. Пакідае апошняй, і ў гэтым яскрава чытаецца матыў найвышэйшай безвыходнасці. Людзі пакідаюць родныя мясціны, дзеці разлучаюцца з бацькамі, плача дзяўчынка, якая страціла ў натоўпе бацькоў: так і стаіць з хлебам і пачкам солі, за якім, не прадчуваючы катастрофы, паслалі яе бацькі ў магазін: «Зноў твары, твары. Здаецца, не будзе ім канца, і не хопіць у дзяўчынкі моцы, каб дабегчы да бацькі і маці. Выпадае хлеб у яе з рук, але яна бяжыць, хлеб коціцца ў супрацьлеглы бок, сыплецца соль з падранага пачка, паказвае яе след на дарозе» [9, 164]. Мастацкая пераканаўчасць падобнай паэтыкі бясспрэчная. Гэтае новае трагедыйнае жыццё «трэба неаднойчы ўбачыць і адчуць самому, больш таго, яно пастаянна павінна жыць у душы мастака» [1, 212].

I для герояў рамана Л. Губіна «Вішнёвае вока д’ябла» (1991) услед за першымі звесткамі пра Чарнобыль прыходзіць эвакуацыя, па сутнасці, - бежанства, паколькі найперш «чарнобыльская катастрофа паставіла перад украінскім народам пытанне выжывання» [4, 43]. Тут бежанства - гэта спроба выратавання ад канца свету: «Каля ўвахода кожнага вагона ўціскваюцца целы. Не людзі - целы. З чамаданамі, сумкамі, дзецьмі, пухлымі кулямі, з заплечнымі, у пяць разоў вышэй галавы, мяшкамі. Адтуль глухі працяглы стогн - а-а-а... Вось-вось у вечаровым небе пакажуцца жудасныя кропкі «юнкерсаў» [2, 23]. Так аўтар выводзіць сталае параўнанне - параўнанне Чарнобыля з вайной, якая ў мастацкай літаратуры таксама вызначалася як эсхаталагічны вобраз, канец мірнаму звыкламу жыццю і жыццю ўвогуле.

«Чарнобыльскі светапогляд», эвакуацыя дыктуюць і новае ўспрыняцце прыродных з’яў. Напрыклад, ветру ў тым жа рамане ўкраінскага пісьменніка Л. Губіна «Вішнёвае вока д’ябла». Пасля Чарнобыля вецер перастаў успрымацца і апісвацца людзьмі як цёплы, вясновы, халодны і г. д. Ён стаў ветрам «адтуль» і «туды». I ўсе баяліся, калі вецер - адтуль, бо ён нёс радыяцыю. Нават вясновае свята Першамаю не абыходзіцца без ветру-папярэджання: «адтуль, з галавы калоны - з поўначы! - прама на вуліцу дзьмуў звярэючы халодны вятрышча» [2, 33]. Прывыкаць да бяды цяжка, таму ў аўтара часам узнікае жаданне збегчы: «Лепш пакуль у лес. У лес, у лес! Там хоць шуміць лістота, пяюць птушкі, свісціць вецер. - Вецер?» - ізноў вяртаецца ён да новай, страшнай рэальнасці [2, 35].

Новае значэнне надаецца вобразу пылу. Пыл звязаны з Чарнобылем, ён найбольш утрымліваў радыяцыю і разносіў яе, таму пыл залівалі вадой, і Кіеў стаяў мокры: «Спёка. Пыл. Несусветная гарачыня. Па ўсіх дарогах, што вядуць з Кіева на захад, поўдзень і ўсход (толькі не на поўнач) пацягнуліся легкавыя аўтамабілі. На шасэ бясконцая нітка рознакаляровых пацерак. І ўсе туды, туды, туды. Толькі зрэдку - адтуль» [2, 36].

Выразнае сімвалічнае значэнне набываюць таксама колеры. Напрыклад, у творы Л. Губіна людзей трывожыць, палохае чаргаванне белага і чорнага - белыя запіскі на чорных слупах з просьбамі знайсці родных, якіх спешна вывезлі з зоны: «Сум у белым абліччы, - сказаў Кананенка» [2, 50].

Галоўная думка апавядання Я. Гуцалы «Радыяцыя» (1991) - Чарнобыль знішчае чалавечнасць. «Чарнобыльская катастрофа перастварыла псіхалогію людзей» [9, 70]. Да галоўнага героя твора - Хведара - прыехала маці з чарнобыльскай зоны. Зіна, жонка Хведара, спужалася, што тая заражана радыяцыяй, і збегла з хаты з дзецьмі, каб яны не падхапілі хваробы. Хведар, які напачатку асуджаў такія паводзіны жонкі, пасля забаяўся: сапраўды, а што, калі маці заразіць дзяцей? І ён вырашыў адвезці яе да сяброўкі - Фрасіны. Так Чарнобыль не толькі фізічна, але і маральна ўплывае на людзей, робіць іх ворагамі між сабой, змушае чалавека занядбаць нават такія пачуцці, як сыноўняя любоў, абавязак перад бацькамі.

Такім чынам, у шэрагу твораў пра экалагічную катастрофу 1986 г. беларускіх і ўкраінскіх празаікаў поруч з эпічным узбуйненнем чарнобыльскай праблематыкі (В. Карамазаў) надзвычай запатрабаваная паэтыка пачуццёвай і рэчыўнай апісальнасці, фіксацыі непасрэдных эмоцый, шокавых уражанняў, пераасэнсаванага звычайнага (І. Шамякін, Ул. Яварыўскі, Л. Губін). У кожнага з пісьменнікаў матыў бежанства інтэрпрэтаваны па-рознаму: у творы Л. Губіна бежанства - апраўданае, гэта пытанне выжывання, шанс магчымага выратавання ад канца свету. У В. Карамазава, І. Шамякіна, Ул. Яварыўскага, Я. Гуцалы бежанства мае адзнакі абсурднасці, безвыходнасці, непапраўнай трагедыі.
Літаратура:

1. Бугаёў, Д. Талент і праца: Літ. крытыка / Д. Бугаёў. - Мінск: Маст. літ., 1979. – 352 с.

2. Губин, Л. Вишневое око дьявола. // Л. Губин / Радуга. - 1991. - № 10. - С. 15-89.

3. Дудзінская, Д. Шлях народа і дарогі цывілізацыі. Раман «Бежанцы» Віктара Карамазава / Д. Дудзінская // Роднае слова. - 2004. - № 4. - С. 9-13.

4. Квіт, С. Трагічний оптимізм Дмитра Донцова / С. Квіт // Слово і час. - 1993. - № 3. - С. 41-43.

5. Локун, В. Іван Шамякін / В. Локун // Гісторыя беларускай літаратуры XX стагоддзя: у 4 т. / НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы: рэдкал.: У. В. Гніламёдаў [і інш.]. - Мінск: Беларус. навука, 1999-2003. - Т. 3: 1941-1965 / Г. П. Тварановіч [і інш. ]. - 2001. - 952 с.

6. Тюпа В. И. Анализ художественного текста: учеб. пособие для студ. филол. фак. высш. учеб. заведений / В. И. Тюпа. - 3-е изд., стер. - М.: Издательский центр «Академия», 2009. - 336 с.

7. Фіалкова, Л. Чорнобильска катастрофа і фольклор. // Л. Фіалкова / Вісн. АН Украіни. - 1993. - № 1. - С. 70-74.

8. Шамякін, І. Злая зорка / І. Шамякін // Зб. тб: у. Т. 6. - Мінск: Маст. літ, 2005. - 446 с.

9. Яварыўскі, У. Марыя з палыном у канцы стагоддзя / У. Яварыўскі. - Мінск: Маст. літ., 1991. - 315 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка